Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Брэст[заўв 1][6] (трансліт.: Brest) — горад у Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Брэсцкай вобласці і Брэсцкага раёна, на рацэ Буг пры ўпадзенні ў яго Мухаўца. За 349 км ад Мінска. Тэрыторыя горада — 146,12 км²[7][8]. Насельніцтва 343 985 чал. (2017)[9]. З’яўляецца адным з найважнейшых транспартных вузлоў Беларусі. Эканамічны і культурны цэнтр, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог, аэрапорт, рачны порт, звязаны Дняпроўска-Бугскім каналам з басейнамі Дняпра і Прыпяці.
Горад
Брэст
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад назваю Бе́рестий[10], у гістарычных крыніцах таксама сустракаюцца напісанні Берестей, Бересть, Бересте[11], у нямецкіх летапісах Брэйзіка[12].
Наконт назвы Берасця няма поўнай згоды. Існуюць балцкая і славянская версіі паходжання гэтай назвы.
Згоднай з балцкай версіяй, назва звязаная з літоўскім brasta, прускім *brastan «брод»[13]. Такое слова магло быць і ў мове яцвягаў, на старадаўняй тэрыторыі якіх цяперашняе Берасце. У Літве вядома паўтара дзясятка гідронімаў тыпу Brasta[14]. Гэтая версія пацвярджаецца народным паданнем пра ўзнікненне Берасця, у якім фігуруе матыў гаці (броду) праз балота.
Гэтае паданне ў сярэдзіне XIX стагоддзя запісаў П. М. Шпілеўскі і ўключыў у кнігу «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі». Згодна з паданнем, у няпамятныя часы купец са сваім таварам прабіраўся праз балоты, а каб прабрысці праз яго, загаціў гаць са ствалоў бярозы, заваліў балота бяростай (верхні белы слой бярозавай кары) і так займеў магчымасць прайсці. Месца ён назваў Берасцем[15]. З увагі на балцкую brast-лексіку, у гэтым паданні матыў гаці можа быць ранейшым і больш аўтэнтычным, а матыў бяросты пазнейшым, народна-этымалагічным.
Тыпалагічная паралель берасцейскай назве — назва Браслаў, якая магла пайсці ад латышскага brasla «брод».
Згодна з іншай версіяй, тапонім «Берасце» ўтварыўся ад слова «бе́раст»[16] (дрэвавая ці куставая расліна сямейства вязавых[15]). Значэнне мае хутчэй за ўсё зборнае — бераставы гай[11]. На думку географа В. Жучкевіча, назва горада таксама магла паходзіць ад слова «бяроста» — бярозавая кара[17]. Існуюць таксама меркаванні, што назва горада паходзіць ад імя асабовага — Бераст[15].
У 1696 годзе сейм Рэчы Паспалітай скасаваў статус старабеларускай мовы як дзяржаўнай і такім чынам адкрыў шлях да татальнай паланізацыі. Назвы беларускіх паселішчаў запісваліся толькі графічнымі сродкамі польскай мовы ў характэрнай для яе фанетычнай і граматычнай формах. У такім выглядзе большасць з іх увайшла ў дзяржаўныя дакументы, на карты, выцесніўшы з пісьмовай і картаграфічнай практыкі спрадвечныя формы[18]. Польскі варыянт назвы горада запісваўся як Brześć (вымаўляецца як Бжэсць), пазней, каб пазбегнуць блытаніны з польскім горадам Бжэсць Куяўскі (польск.: Brześć Kujawski), пачала выкарыстоўвацца назва Brześć Litewski (літар. Берасце Літоўскае). У лацінамоўных дакументах назвы абодвух гарадоў перадаваліся як Brest, вытворны прыметнік — як Brestensis, радзей Brescensis, часам Brzestensis[11]. Старажытная лацінская форма, відаць, з’яўляецца вытворнай ад назвы польскага Бжэсця. У сучаснай лацінскай мове, якая выкарыстоўваецца як богаслужбовая і навуковая мова Каталіцкай царквы, аднавілі поўнагалосную форму тапоніма: дакументы Берасцейскай уніі выйшлі ў 1970 годзе пад назвай «Documenta Unionis Berestensis eiusque Auctorum (1590—1600)»[11]. На еўрапейскіх картах XVII—XVIII стагоддзяў Берасце пазначалася як Brizestije (Антверпен, 1612), Breßia al Brie∫tz (Амстэрдам, 1632), Bres∫ia (Амстэрдам, 1661), Brzesc (Лондан, 1799)[11].
У складзе Расійскай імперыі ні дакументалісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не клапаціліся пра дакладнасць перадачы беларускіх айконімаў на рускую мову. Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку неаднаразовай перадачы з адной мовы на іншую без уліку арыгінала шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, з неўласцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі, што нанесла вялікую шкоду ўсёй айканімічнай сістэме Беларусі. У пісьмовай практыцы замацаваліся паланізаваныя формы[18], так польскі варыянт назвы горада Brześć перанеслі ў рускую мову спачатку як Бржесть, што пазней трансфармавалася ў Брест[19][20]. Гэтую трансфармацую назвы ў рускай мове зафіксавалі лічбы аб баявых дзеяннях у ваколіцах горада рускага палкаводца А. Суворава і іншых расійскіх чыноўнікаў: спачатку пісалі Бржесць, Бржесть, пазней Бржест і Брест.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з’явілася назва Брестъ-Литовскъ (бел.: Брэст-Літоўск), пры гэтым даволі працяглы час паралельна ўжывалася форма Бржестъ. Адной з магчымых крыніц рускай формы Брест (бел.: Брэст) разглядаюцца дакументы часоў вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у якіх датычна Берасця паслядоўна ўжываецца назва Бресть жаночага роду[11].
Перад пачаткам Першай сусветнай вайны жыхары горада хадайнічалі перад Дзяржаўнай Думай Расійскай імперыі аб вяртанні гістарычнай назвы Берестье (бел.: Берасце). У выдадзеным у горадзе Я. Хмялеўскім даведніку «Календарь-Справочникъ гор. Брестъ-Литовска на 1912 годъ» адзначаецца, што першапачатковая старажытная назва горада «Бэресть» захавалася і па-ранейшаму жыве ў гаворцы мясцовых сялянаў:
«Тамъ почти нельзя услышать Брестъ, а о составном названіи Брестъ-Литовскъ множество Полѣсскихъ крестьянъ даже не подозрѣваетъ».[21] |
Пасля далучэння да Польскай Рэспублікі ў 1921 годзе горад атрымаў назву Бжэсць над Бугам (Brześć nad Bugiem), якая праіснавала да 1939 года. Тым часам у БССР да сярэдзіны 1930-х гадоў і ў беларускай дыяспары на Захадзе дагэтуль ужываюць спрадвечную назву — Берасце[19]. У час нямецкай акупацыі назва горада ў нямецкамоўных дакументах і шыльдах часцей за ўсё пісалася Brest-Litowsk (Брэст-Літоўск).
Ужо пасля 1939 года з рускай мовы ў беларускую была запазычана сучасная афіцыйная беларуская назва Брэст[19][20], якая не мае ў сабе кораню, ад якога пайшло першапачатковае імя горада, і застаецца ў беларускай мове ізаляванай і чужароднай[19]. У вусных жа зносінах і зараз стабільна ўжываюцца формы (толькі з некаторымі гукавымі відазменамі), пад якімі горад згадваецца ў ранніх летапісах і іншых старажытнапісьмовых дакументах у сваім усходнеславянскім абліччы — Бе́расце, Бэ́рэсць, Бэ́рысць[18]. У некаторых выданнях можна сустрэць варыянт Бярэсце[22], які, аднак, не адпавядае традыцыйнаму вымаўленню мясцовых жыхароў[11].
Археалагічныя даследаванні горада паказалі, што як пагранічная крэпасць і апорны пункт славянскай каланізацыі горад быў заснаваны ў канцы Χ стагоддзя[23]. Агульнае аблічча матэрыяльнай культуры старажытнага Берасця пацвярджае яго заснаванне адным з усходне-славянскіх плямён — дрыгавічамі[15][24].
Адносна дакладнасці дат першага ўспаміну думкі гісторыкаў разыходзяцца. Дакладна вядома, што звязана першае ўпамінанне з падзеямі 1015—1019, калі кіеўскі князь Святаполк Уладзіміравіч вёў барацьбу за кіеўскі сталец са сваім братам наўгародскім князем Яраславам Уладзіміравічам. Упершыню ўпамінаецца пад 1019 годам[25]. Такога пункту гледжання прытрымліваецца Пётр Лысенка, абапіраючыся на «Аповесць мінулых гадоў» і складзеныя на яе аснове пазнейшыя зборы, дзе пра паход 1017 года ў Пабужжа нічога не сказана[26]. Другая група даследчыкаў — М. Карамзін, С. Салаўёў, Г. Лаўмянскі, Г. Штыхаў і інш. давяраюць сказанаму ў першым спісе Наўгародскага летапісу:
в лето 6525 (1017) Ярослав иде к Берестью |
[27].
Старажытнае Берасце, размешчанае на сутоку рэк, кантралявала водныя шляхі па Мухаўцу з усходу, ад дняпроўскага вялікага воднага шляху «з варагаў у грэкі» да Буга і па Бугу — шлях з поўдня, з Валыні — да Балтыйскага мора. З самага пачатку існавання Берасце адыгрывала ролю палітычнага, эканамічнага, адміністрацыйнага і культурнага цэнтра Пабужжа[15]. Горад быў гандлёвым цэнтрам Старажытнарускай дзяржавы на мяжы з польскімі і літоўскім ўладаннямі[28]. З прычыны прыгранічнага размяшчэння часта быў у цэнтры ваенных падзей[24]. У 1020 годзе Берасцем авалодаў польскі князь Баляслаў Храбры[28]. У 1022, 1031 і 1044 гадах кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч здзейсніў паходы да Берасця, які, як можна меркаваць, быў заняты палякамі[24].
Наступны ўспамін Бярэсця ў летапісе звязана з барацьбой Ізяслава Яраславіча з яго братамі Святаполкам і Усеваладам за кіеўскі сталец[29]. У «Павучанні» Уладзіміра Манамаха гаворыцца, што ў 1070-я гады яго[24], па даручэнні праціўнікаў Ізяслава[29], пасылалі пільнаваць Берасце, спалены палякамі[24]. Пётр Лысенка лічыць, што гэта адбылося ў 1073 годзе, пасля таго як кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч быў выгнаны з Кіева і ўцёк да польскага караля Баляслава II Смелага[29].
У 1097 годзе вялікі князь кіеўскі Святаполк Ізяславіч выгнаў з Берасця валынскага князя Давыда Ігаравіча. У гэтых паведамленнях Берасце названы горадам, што азначае існаванне там абарончых збудаванняў[24].
Дзяцінец (трохвугольнай у плане формы, умацаваны з боку поля ровам, замляным валам і частаколам[15]), найбольш умацаваная старажытная частка Берасця, размяшчалася на мысе, утвораным правым берагам ракі Буг і левым берагам левага рукава р. Мухавец. Вакольны горад месціўся супраць дзядзінца, на востраве, утвораным 2 рукавамі р. Мухавец у месцы ўпадзення яе ў Заходні Буг. Тут выяўлена неўмацаванае паселішча, якое датуецца матэрыяламі X стагоддзя[24]. На дзяцінцы раскапаны вуліцы з драўляным насцілам, рэшткі больш як 200 жылых і гаспадарчых пабудоў. Знойдзены сведчанні развіцця тут рамёстваў, гандлевых і культурных сувязей з гарадамі старажытнай Русі і суседнімі краінамі[28].
У 1146 годзе горад у складзе Тураўскага княства[28]. З другой паловы XII стагоддзя Берасце уваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства[24]. З 1199 года ў складзе Галіцка-Валынскага княства[25]. У XII стагоддзі на месцы дзядзінца пабудаваны драўляны замак (адноўлены ў другой палове XIII стагоддзя)[15]. На працягу XII—XIII стагоддзяў летапісы неаднаразова адзначалі спробы Берасця стаць цэнтрам самастойнага княства[24].
Падчас мангола-татарскага нашэсця паблізу Берасця адбылася жорсткая бітва, але горад, відаць, не быў захоплены. З 1272 года Берасцем валодаў валынскі князь Уладзімір Васількавіч, а з 1289 года — Мсціслаў Данілавіч[24]. У 1276—1288 гадах на тэрыторыі замка валынскім князем Уладзімірам Васількавічам была ўзведзена мураваная вежа-данжон (лёс яе невядомы, малаверагодна што знесена пры пабудове Брэсцкай крэпасці). У XIII стагоддзі сінхронна з вежай у горадзе была змуравана царква Св. Пятра[15][25].
У канцы XIII — пачатку XIV стагоддзяў за валоданне Берасцем змагаліся польскія каралі і літоўскія князі[28]. У 1319 годзе вялікі князь літоўскі Гедзімін далучыў Берасце да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве Берасце зноў трапіла пад уладу валынскіх князёў[24]. Пасля ўладанне князя Кейстута, у складзе Троцкага княства[25]. У 1349 годзе Берасцем авалодаў польскі кароль Казімір III Вялікі, але паводле дамовы 1366 года горад вернуты ў склад Вялікага Княства Літоўскага[15][24]. У 1379 годзе разрабаваны і спалены[28] рыцарамі Тэўтонскага ордэна[15][25]. З XIV стагоддзя існавалі гарадскія ўмацаванні. У 1382—1384 гадах уладанне князя Скіргайлы, потым князя Вітаўта. У час барацьбы паміж Ягайлам і Вітаўтам у 1388—1392 гадах Ягайла ў 1390 годзе авалодаў Берасцем і 15 жніўня 1390 года дараваў яму магдэбургскае права[25] (першаму з беларускіх гарадоў). Паводле прывілею вялікага князя Ягайлы Брэсту надавалася 60 ланаў (1500 га) ворнай зямлі, уключаючы вёску Казловічы. Пры вымярэнні горада была ўжыта тая ж сістэма, што ў гарадах Памор’я[30].
У XIV—XVIII стагоддзях цэнтрам абароны Берасця з’яўляўся замак з каменю і дрэва. Яго ўмацоўвалі роў і вал, на якім стаялі абарончыя сцены — гародні і 5 вежаў; замак уваходзіў у комплекс гарадскіх умацаванняў. Берасцейская вежа-данжон XIII стагоддзя месцілася асобна па-за межамі замка[15].
25 студзеня 1408 года права на самакіраванне горада паццвердзіў Вітаўт[25]. Магдэбургскага права пацвярджалася таксама ў 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661 гадах[15][28]. У XIV стагоддзі існавалі гасціны двор, мураваная кафедральная Мікалаеўская царква[25], праводзіліся кірмашы[15], у XV стагоддзі пабудаваны драўляныя Міхайлаўская (ва ўрочышчы Пяскі) і Крыжаўзвіжанская (за Мухаўцом) цэрквы[25]. З пачатку XV стагоддзя існавала сінагога (да 1812 года перабудавана на патрэбы Брэсцкай крэпасці)[15] У 1409 годзе ў Берасці адбылася сустрэча, на якой Вітаўт і Ягайла вырашылі распачаць Вялікую вайну 1409—1411 гадоў супраць Тэўтонскага ордэна. У Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе прымала ўдзел Берасцейская харугва[25]. У 1411 годзе паводле фундацыі вялікага князя літоўскага Вітаўта па-за межамі горада, паміж рэкамі Угрынка і Мухавец, былі пабудаваны драўляны Троіцкі касцёл (на месцы ранейшага закладзенага Ягайлам; паводле некаторых даведачных выданняў, касцёл пабудавалі пасля 1380 года) і кляштар каталіцкага манаскага ордэна аўгусцінаў[15]. У 1446, 1454, 1460, 1471, 1478, 1505, 1511, 1515 і 1518 гадах адбываліся соймы Вялікага Княства Літоўскага[15]. У 1450—1480 гадах існавала каля 40 відаў рамёстваў[15].
У 1500 годзе горад, акрамя замка[25], разрабаваны[28] і захоплены[25] крымскім ханам Менглі Гірэем[15][28]. З 1520[28] года цэнтр павета Падляшскага ваяводства. У 1525 годзе пажар знішчыў цэнтр горада і замак. У 1553 годзе берасцейскі староста Мікалай Радзівіл Чорны[28] заснаваў тут кальвінскі збор, які існаваў у XVI—XVII стагоддзях[25], і першую на Беларусі друкарню[28], дзе ў 1563 годзе была выдадзена Радзівілаўская біблія[15]. У 1550—1570-я гады ў Берасці дзейнічалі некалькі друкарняў[25], мецэнатам большасці з якіх таксама быў Мікалай Радзівіл Чорны[31].
З XVI стагоддзя Берасце карысталася гербам: у блакітным полі сярэбраны лук са стралой. З 1554 года, згодна з прывілеем караля Жыгімонта II Аўгуста, гораду дазвалялася карыстацца гербавай пячаткаю з выявай шатровай вежы пры зліцці дзвюх рэк[15].
З 1566 года цэнтр створанага Берасцейскага ваяводства[15]. У той час у Берасці існавалі Спаса-Праабражэнская царква, Сімяонаўскі манастыр і манастыр Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі[25], горад складаўся з частак: замка, «места у паркане» (на востраве, які ўтвараўся Заходнім Бугам і рукавамі Мухаўца) і трох прадмесці: Заўгрынецкага, Пясецкага і прадмесця Замухавецкага (на правым беразе Мухаўца). «Места» авальнай у плане канфігурацыі складалася з цэнтральнай часткі, умацаванай абарончай сцяной, і перыферыйнай, умацаванай валам. Асновай планіроўкі цэнтральнай часткі горада была паўавальная рынкавая плошча, якая злучалася мостам цераз Мухавец з замкам. Усяго ў 1566 годзе ў Берасці налічвалася каля 1 тысяч сядзіб (паводле іншых даных — 26 вуліц, 1091 домаўладальнік, 1166 сядзіб). Горад меў каля 6—7 тысяч жыхароў, сярод якіх рамеснікі 56 рамесных спецыяльнасцей складалі прыкладна 24—25 %.[15]
У адпаведнасці з Люблінскай уніяй 1569 года Берасце ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло ў Рэч Паспалітую[28]. У 1588 годзе з’явіліся першыя брукаваныя вуліцы, у 1583 годзе адкрыта аптэка. Гарадскія купцы развівалі гандаль з гарадамі Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы, Рускай дзяржавы. Берасцейская мытня ў першай палове XVII стагоддзя займала 2-е месца ў даходах дзяржаўнай казны[15].
Берасце таксама з’яўлялася значным рэлігійным цэнтрам. У 1591 годзе пры Мікалаеўскай царкве ўзнікла праваслаўнае брацтва і адчынілася школа пры ім, у якой у 1592—1595 гадах выкладаў беларускі гуманіст-асветнік Лаўрэнцій Зізаній[15][25]. 9 кастрычніка 1596 года на царкоўным саборы ў берасцейскай Мікалаеўскай царкве была падпісана Берасцейская царкоўная унія[15][25] — спецыяльны акт пра арганізацыйнае аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, стварэнне уніяцкай царквы[15][28]. У XIV—XVIII стагоддзях[25] у горадзе дзейнічалі і будавалі свае касцёлы і кляштары каталіцкія манаскія ордэны аўгусцінцаў, бернардзінцаў, бернардзінак, брыгітак, езуітаў, трынітарыяў, дамініканцаў[15][25]. Пры кляштарах адчыняліся школы[28].
У 1589 годзе створана Берасцейская эканомія[25].
У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Берасці існавалі 14 цэхаў, якія аб’ядноўвалі майстроў 48 прафесій[15][25]. Горад быў месцам збору ваенных канфедэрацый у 1605 і 1612 гадоў[15][28]. З 1615 года ў горадзе з’явілася езуіцкая місія, з 1623 года пры езуіцкай рэзідэнцыі працавала школа, з 1633 года дзейнічаў езуіцкі калегіум[28], дзе вучыўся беларускі мысліцель, грамадска-палітычны дзеяч і педагог Казімір Лышчынскі[28]. У 1620 годзе пабудаваны касцёл і кляштар базыльян[28]. У 1696—1760 гадах пры калегіуме дзейнічаў тэатр[28].
У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў у 1648 годзе лагерам каля горада размясцілася апалчэнне[15], якое сабрала шляхта Берасцейскага павета супраць казакоў[15]. 5 (15) верасня таго ж года былі пакараны смерцю 17 гараджан, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы паўстання. Сярод пакараных быў грамадскі і царкоўны дзеяч, ігумен Сімяонаўскага манастыра Афанасій Філіповіч. Калі да Берасця падышлі атрады казакоў, пасланых Багданам Хмяльніцкім на Беларусь, у горадзе пачалося паўстанне. Паўстанцы і казацка-сялянскія атрады разбілі вялікі атрад апалчэнцаў на чале з берасцейскім кашталянам К. Тышкевічам. У лістападзе — снежні 1648 года каля горада адбываліся баі паміж паўстанцамі і войскам (наёмнікамі і шляхтай) пад камандаваннем Я. Радзівіла. У пачатку 1649 года яго войска здолела захапіць Берасце; загінула каля 2 тысяч чалавек, горад быў моцна разбураны[15].
У 1653 годзе замак берасцейскі стаў месцам правядзення сойму Рэчы Паспалітай[15][28]. Берасце значна пацярпела таксама ў час Паўночнай вайны 1655—1660 гадоў[15]. У 1657 годзе заняты і спалены шведскімі войскамі, вызвалены 20 жніўня 1658 года атрадам пад камандаваннем М. К. Радзівіла. У 1659 годзе адкрыты манетны двор[25], дзе ў 1664—1666 гадах чаканілі дробныя медныя манеты (барацінкі)[15]. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у студзені—чэрвені 1660 года заняты войскамі маскоўскага ваяводы І. А. Хаванскага[25], якія выразалі ў захопленым замку каля 1,7 тыс. чал.[32], а сам горад цалкам знішчылі[33]; у 1661 годзе — польска-літоўскімі войскамі[28]. У выніку ваенных дзеянняў колькасць «дымоў» скарацілася на 42 % — з 1500 да 869[15].
У час Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў праз Берасце праходзілі расійскія і шведскія войскі, былі створаны правіянцкія склады забеспячэння расійскай арміі[25]. У 1706 годзе горад Берасце захапілі і разрабавалі чужые войскі[15]. Разбураны горад Дэкрэтам караля вызвалены на 4 гады амаль ад усіх дзяржаўных павіннасцей[15][25]. Другая палова XVII стагоддзя і першая палова XVIII стагоддзя адзначаны эканамічным заняпадам горада, выкліканым войнамі[28]. Толькі ў другой палове XVIII стагоддзя пачалося ажыўленне гандлю і эканомікі горада, які паступова стаў галоўным рачным портам на Бугу, вывозілі збожжа, пяньку, лес і іншае[15]. Каля 1770 года падскарбій вялікі літоўскі Антоні Тызенгаўз заснаваў у Берасці суконную мануфактуру, у якой на момент закрыцця ў 1780 годзе працавалі 20 рабочых. У канцы XVIII стагоддзя горад налічваў 3,5 тысяч жыхароў. У 1792 годзе тут знаходзілася Генеральнасць (рэзідэнцыя кіраўнікоў) Таргавіцкай канфедэрацыі.
З XVIII стагоддзя існавала Берасцейская грэка-каталіцкая епархія. У 1726 годзе створана Берасцейская рымска-каталіцкая епархія. У 1792 годзе у Берасці знаходзілася Таргавіцкай канфедэрацыі[25].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе горад далучаны да складу Расійскай імперыі, перайменаваны ў Брэст-Літоўск, абвешчаны павятовым горадам Слонімскай, потым з 1797[15] года ў Літоўскай, з 1801 года Гродзенскай губерні[28]. У 1797 годзе 623 дамы, з іх 21 мураваны, суконная фабрыка, вінакурня. У 1811 годзе 3596 жыхароў[15].
З пачаткам вайны 1812 года горад стаў арэнай ваенных дзеянняў. Неаднаразова ён быў захоплены часцямі напалеонаўскай арміі. Вызвалены рускай арміяй 25 снежня 1812 года[28]. Вялікія страты гораду і яго жыхарам нанеслі пажары 1802, 1822, 1828, 1835 гадоў. У час пажару 1828 года згарэлі 220 пабудоў, у тым ліку уніяцкая царква, кляштар брыгітак, 150 крам[15]. У 1834 годзе ў Брэсце заснавана метэаралагічная станцыя[34].
Важнае ваенна-стратэгічнае размяшчэнне Брэст-Літоўска на захадзе Расіі абумовіла выбар яго месцам для будаўніцтва Брэсцкай крэпасці[28] як часткі сістэмы ўмацаванняў на задзе Расійскай імперыі[15]. Праект крэпасці распрацаваны рускім ваенным інжынерамі К. І. Оперманам, Н. М. Малецкім і А. І. Фельдманам (зацверджаны ў 1830 годзе)[28]; нагляд за будаўніцтвам ажыццяўлялі генерал І. І. Дэн, пазней генерал-фельдмаршал І. Ф. Паскевіч[15]. Першы камень будучай крэпасці закладзены 1 чэрвеня 1836 года, адкрыта 26 красавіка 1842 года[28]. Напачатку былі ўзведзены 4 часовыя ўмацаванні: Цэнтральнае ўмацаванне (Цытадэль) (на месцы былога вакольнага горада) і Валынскае (на месцы былога замка, пабудаванага ў XV стагоддзі з дрэва і каменю) Кобрынскае і Цярэспальскае перадмаставыя ўмацаванні[28]. Крэпасць знаходзілася на 4 астравах, утвораных рукавамі рэк Мухавец, Буг і сістэмай каналаў[15]. Пры будаўніцтве крэпасці былі пакінуты некаторыя пабудовы старога горада. У перабудаваных будынках кляштараў езуітаў, базыльян, бернардзінцаў размяшчаліся канцылярыя каменданта, афіцэрскае казіно, кадэцкі корпус (у 1841—1860)[15]. У 1833—1842 гадах вялася перабудова гэтых умацаванняў[28]. Жылая забудова горада перамясцілася за 2 км ад крэпасці, на 3 фарштаты: Кобрынскі, Валынскі, Забугскі[15]. У 1864 годзе па прапанове генерала Э. І. Татлебена пачалася першая рэканструкцыя крэпасці, у 1911—1914 гадах праведзена другая яе рэканструкцыя, у якой прымаў удзел Дз. М. Карбышаў[28].
Развіццё Брэста адбывалася пераважна на ўсход ад крэпасці, на месцы Кобрынскага фарштата. Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы[15]. У 1842 годзе з горадзе адкрыты кадэцкі корпус[28]. У 1845 годзе Брэст налічваў каля 18 тыс. жыхароў, быў зацверджаны яго новы герб: на мысе пры зліцці дзвюх рэк круг з сярэбраных шчытоў, над ім узвышаецца штандар крэпасці, у верхняй частцы гербавы знак Гродзенскай губерні — зубр. У 1846 годзе на Гандлёвай плошчы былі пабудаваны гандлёвыя рады, у 1856 годзе кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл, у 1865 годзе Сімяонаўская царква. У 1860 годзе ў горадзе 6 плошчаў, 225 вуліц і завулкаў, у 1861 годзе — 20,9 тыс. жыхароў, 178 лавак, 27 заезных дамоў, карчма. У 1860-я гады працавалі 8 заводаў[28], 5 тытунёвых фабрык[15][28], 6 прадпрыемстваў па вырабе свечак, розныя майстэрні[15], 178 крам, 60 карчэм, 5 пастаялых і 2 заезныя дамы[28], з 1865 года мужчынская 4-класная прагімназія[15]. У канцы 1870-х гадоў дзейнічалі гарадское 4-класнае і царкоўна-прыходскае вучылішчы, прыватны пансіён для шляхетных дзяўчат, з 1874 года — прыватная бібліятэка, з 1885 года — музычна-драматычнае таварыства[28].
Пасля завяршэння будаўніцтва чыгунак, што звязвалі Брэст з Варшавай (1869), Масквой (1871), Кіевам (1873), Гомелем (1886), горад стаў буйным чыгуначным вузлом[28] (уключаў 5 станцый, 4 вакзалы, 5 лакаматыўных і 2 вагонныя дэпо, іншыя прадпрыемствы)[15]. У 1883—1886 гадах узведзены будынак Цэнтральнага чыгуначнага вакзала (архітэктары Я. Гарбуноў, В. Лорберг, Л. Нікалаі); з 1888 года ў будынку і на перонах мелася электрычнае асвятленне[15].
У 1895 годзе існавалі 12 бальнічных устаноў (на 713 ложкаў), 5 аптэк[15]. У 1897 годзе ў Брэсце 46 568 жыхароў[28] (з іх 45,5 % пісьменных)[15]. Першае рэвалюцыйнае выступленне рабочых адзначана ў 1873 годзе на цагельным заводзе[28].
У 1903—1904 гадах дзейнічалі 2 гімназіі. У 1904 годзе працавалі 75 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (858 рабочых), 784 рамесныя майстэрні (2834 чал.). Працоўныя горада і яго жыхары актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—1907 гадоў[15]. У 1902—1906 гадах існавала Брэсцкая арганізацыя Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС у Літве), у канцы 1905 года ў горадзе аформілася Брэсцкая арганізацыя РСДРП. Гэтыя арганізацыі кіравалі падрыхтоўкай і правядзеннем забастовак, маніфестацый і інш. выступленняў працоўных горада і салдат крэпасці[15]. У 1905 годзе працоўныя горада правялі студзеньскую палітычную стачку, у тым жа годзе падтрымалі выступленні салідарнасці рабочых Беларусі з пралетарыятам Адэсы і Лодзі. Палітычную работу сярод салдат гарнізона вяла Брэсцкая ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя РСДРП, якая ўзначаліла выступленні салдат 1905 і 1906 гадоў. У 1912 годзе ў горадзе створана праўдзісцкая група[28].
У Першую сусветную вайну Брэст-Літоўск 28 жніўня (8 верасня) 1915 года акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі[28]. Усё насельніцтва Брэста — хто пад уздзеяннем расійскай антынямецкай прапаганды, хто пад прымусам казакаў — вымушана было пакінуць горад і падацца ў глыб Расійскай імперыі. Чыгуначных вагонаў для эвакуацыі хапіла толькі на невялікую колькасць гараджанаў. Большасці ж брэсцкіх сем’яў, якія вымушаныя былі пакінуць свае дамы і нажытую гадамі маёмасць, давялося дабірацца ў цэнтральныя раёны імперыі на ўласных падводах і пешшу, многія на гэтым шляху загінулі ад голаду і хвароб[35].
Адступаючае расійскае войска мела загад падарваць фарты Брэсцкай крэпасці і масты, а сам горад — спаліць. Вельмі многія будынкі ў горадзе сапраўды былі зруйнаваны і спаленыя спецыяльнымі камандамі расійскай арміі[35]. За перыяд акупацыі (да канца 1918) у горадзе было спалена і разбурана 2500 будынкаў з 3670, узарвана частка ўмацаванняў крэпасці[15].
З 9 (22) снежня 1917 года менавіта ў будынках на тэрыторыі крэпасці праходзіла мірная канферэнцыя Савецкай Расіі і краін Чацвяртнога саюза[36], пасля перагавораў 3 сакавіка 1918 года ў будынку Белага палаца крэпасці быў падпісаны мірны дагавор[15].
4 сакавіка 1918 года ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясціў горада сваёй часткай. Разам з тым, пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, якое стала рэакцыяй беларусаў на Брэсцкі мір, што не ўлічваў інтарэсаў Беларусі, урад БНР абвясціў Брэст і ваколіцы тэрыторыяй беларускай дзяржавы. Тэрыторыя Палесся ад Брэста да Гомеля стала прадметам спрэчкі і перамоў паміж БНР і УНР[37]. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Брэст быў уключаны ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, дзе стаў цэнтрам раёна[38]. Аднак на справе ўвесь гэты час, да лютага 1919 года, Брэст і ваколіцы знаходзіліся пад акупацыяй і поўным кантролем германскай арміі.
У пачатку студзеня 1919 года немцы пачалі эвакуіравацца з Брэст-Літоўска, эвакуацыя ішла на працягу месяца[39]. 9 лютага 1919 года польскія атрады з аператыўнай групы генерала А. Лістоўскага і ўланы ўвайшлі ў Брэст-Літоўск[39].
9 лютага 1919 года ў Брэст-Літоўск увайшлі польскія атрады Віленскай самаабароны пад камандаваннем ротмістра Ежы Дамброўскага . Палякі панеслі невялікія страты, здабыўшы значную колькасць нямецкай тэхнікі[40]. 10 лютага 1919 года Віленскі атрад польскіх войск аб’яднаўся з атрадам 9-й пяхотнай дывізіі генерала Антонія Лістоўскага[40][41]. У сакавіку 1919 — жніўні 1920 гадоў пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)ЛіБ у горадзе і наваколлі дзейнічалі Брэсцкі падпольны камітэт КП(б)ЛіБ (старшыня Я. Б. Быкін) і Брэсцкае камуністычнае падполле[15][28].
26 лютага 1920 года было прынятае рашэнне перадыслакаваць у Брэст з Эстоніі Асобны атрад БНР пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча. З 5 сакавіка цягнікамі з Дзвінску ў Брэст ген. С. Булак-Балаховіч змог перавесці толькі частку салдат свайго атрада, якія адмовіліся раззбройвацца[42]. Атрад генерала С. Булак-Балаховіча з некалькіх сотняў салдат быў размешчаны ў Брэсцкай крэпасці для падмацавання і перафарміравання і быў падпарадкаваны непасрэдна начальніку Польскай дзяржавы Юзафу Пілсудскаму.
1 жніўня 1920 года ў горад увайшлі часці Чырвонай Арміі, 19 жніўня 1920 года зноў заняты войскамі Польскай Рэспублікі[15][28].
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Брэст-Літоўск у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы, перайменаваны ў Брэст-над-Бугам і стаў цэнтрам Палескага ваяводства[28]. У 1921 годзе горад, цэнтр Брэсцкага павета, налічваў 1941 будынак, 29 460 жыхароў[15]. Тут працавалі чыгуначныя, швейныя, зброевая і механічныя майстэрні, тытуневая фабрыка, гарэлачны завод акцыянернага таварыства «Познань», піваварны завод «Карона», лесапільны завод, млын. Без расійскага рынку страцілі былое значэнне Дняпроўска-Бугскі канал і чыгуначны вузел. У 1920—1930 гадах дзейнічаў акруговы камітэт «Чырвонай дапамогі» — міжнароднай арганізацыі помачы барацьбітам рэвалюцыі (МАПР) Заходняй Беларусі. На працягу 1923—1938 гадоў дзейнічалі Брэсцкая акруговыя і гарадскія арганізацыі КПЗБ, КСМЗБ[28]; рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганізацыі: Беларуская сялянска-работніцкая грамада, клуб «Змаганне»; культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы[15]. У 1922—1925 гадах баставалі рабочыя друкарні, тытунёвай фабрыкі, лесапільнага завода, чыгуначнікі, швейнікі і інш[28]. 21 лютага 1926 года адбылася дэманстрацыя беспрацоўных[15].
У студзені 1927 года ў Брэсце адбыўся суд, арганізаваны польскімі ўладамі, над групай дзеячаў КПЗБ, у т.л. В. З. Харужай, З. Ф. Паплаўскім[28]. У 1928—1930 гадах адбыліся выступленні рабочых лесапільных прадпрыемстваў, чыгуначнікаў[15].
У 1925 годзе пабудавана электрастанцыя. У 1929 годзе пражывалі 37 684 жыхары, дзейнічалі 2 бібліятэкі (гарадская і настаўніцкая), 2 кінатэатры, 19 школ (з іх 7 пачатковых, 7 прыватных, сярэдняя тэхнічная, гандлёвая, гарадская кваліфікацыйная, 2 рамесныя), 7 гімназій (у т.л. 1 дзяржаўная, 3 прыватныя польскія, 2 прыватныя яўрэйская, 1 прыватная руская), 3 бальніцы (гарадская на 60 ложкаў, чыгуначная на 150 ложкаў, яўрэйская на 90 ложкаў), некалькі прыватных лячэбніц.
21 чэрвеня 1929 года і 29 лістапада 1933 года да гарадской гміны Брэста былі далучаны часткі гмін Косічы і Камяніцы Жыравецкай[43][44]. Сярод іншых у 1929 годзе ў межы горада былі ўключаны Граеўская Слабодка (іншая назва Граеўка), Кіеўская Слабодка (іншая назва Кіеўка), в. Шпановічы[15]. 1 снежня 1933 года далучана таксама частка гміны Кабыляны[45].
У 1936 годзе ў горадзе 18 школ, 5 гімназій, 3 кінатэатры, бібліятэка. У 1937 годзе 51,2 тыс. жыхароў[28].
1 верасня 1939 года нацысцкая Германія напала на Польшчу, 14 верасня захапіла Брэст (акрамя крэпасці)[28]. У час абароны Брэсцкай крэпасці палякі за тры дні адбілі 7 атак нямецкіх атак, пры гэтым людзкія страты з боку абаронцаў склалі каля 40 %. Познім вечарам 17 верасня і ноччу з Цытадэлі выйшла большасць абаронцаў у напрамку Кодня, для прыкрыцця асноўных сіл у крэпасці засталіся добраахвотнікі. Толькі 18 верасня немцы з боку Цярэспаля ўвайшлі ў Цытадэль[46].
17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу[28]. 20 верасня перадавыя часткі 29-й лёгкатанкавай брыгады 4-й арміі пад камандаваннем Сямёна Крывашэіна падышлі да Брэста. У горад была накіравана разведка, а ў штаб 29-й брыгады прыбыла нямецкая дэлегацыя[46]. Паводле савецка-нямецкага пратакола аб усталяванні дэмаркацыйнай лініі на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, падпісанага 21 верасня 1939 года прадстаўнікамі савецкага і нямецкага камандаванняў, горад адыходзіў да СССР. 22 верасня адбылася афіцыйная працэдура перадачы Брэст-Літоўска і Брэсцкай крэпасці савецкаму боку, у час якой па цэнтральнай вуліцы ўрачыстым маршам прайшлі нямецкія і савецкія падраздзяленні[47][48][49][50], пасля чаго ў цэнтр горада ўвайшлі падраздзяленні Чырвонай арміі[28][46].
З 4 снежня 1939 года — цэнтр Брэсцкай вобласці, з 15 студзеня 1940 года — аднайменнага раёна[15]. На 1 верасня 1940 года[28] ў горадзе 24 прамысловыя прадпрыемствы[15], 17 школ, 2 тэхнікумы, 3 вучылішчы, Рускі драматычны тэатр, 68,8 тыс. жыхароў[28].
У Вялікую Айчынную вайну Брэст у ліку першых прыняў на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 22 чэрвеня 1941 года быў захоплены. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці савецкімі воінамі доўжылася да канца ліпеня 1941 года[15]. Гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупацыйны рэжым[28]. Яны стварылі ў горадзе 4 канцлагеры з 8 аддзяленнямі і філіяламі[15], знішчылі звыш 40 тысяч чалавек (у вобласці больш за 83,9 тыс. чал.), зруйнавалі ўсе прадпрыемствы і культурна-асветныя ўстановы, 48,7 % жыллёвага фонду[28].
З пачаткам нямецкай акупацыі Брэст некалькі разоў мяняла сваю адміністрацыйную прыналежнасць. На пачатку акупацыі 1 жніўня 1941 года Брэст і ўся тагачасная Брэсцкая вобласць БССР, як і Беластоцкая вобласць, былі далучаны да Усходняй Прусіі і ўваходзілі ў склад Беластоцкай акругі[51]. Але ўжо 1 верасня 1941 года тэрыторыю Беларускага Палесся (Брэсцкая, Пінская і Палеская вобласці) разам Брэстам далучылі да Рэйхскамісарыята «Украіна». Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ лічыў памылкай уключэнне поўдня Беларусі ў склад Рэйхскамісарыята «Украіна» і на нарадзе гебітскамісараў у Мінску ў красавіку 1943 года выказваў сваю нязгоду з перадачай апошняму «значнай часткі тэрыторыі Паўднёвай Беларусі», а таму прапаноўваў рэйхскамісару Украіны Эрыху Коху перанесці лінію падзелу да «пінскіх балот». Аднак гэта пытанне вырашала кіраўніцтва іншых устаноў Трэцяга Рэйху, у першую чаргу Галоўнае камандаванне сухапутных войскаў і кіраўніцтва міністэрства па занятых усходніх тэрыторыях. Менавіта рэйхсміністр Альфрэд Розенберг вызначыў мяжу паміж Украінай і Беларуссю на поўнач ад Прыпяці, бо такі падзел, хоць і не адпавядаў інтарэсам ваеннага кіраўніцтва, але забяспечваў Рэйхскамісарыят «Украіна» лесам і дрэваматэрыяламі, а таксама ствараліся ўмовы для выкарыстання сістэмы каналаў Прыпяці і чыгункі Брэст — Гомель[52].
1 верасня 1941 года а 12-й гадзіне дня была афіцыйна створана Генеральная акруга «Брэст-Літоўск» (ням.: Generalbezirk Brest-Litowsk)[53]. Месцазнаходжаннем генеральнага камісарыяту быў Брэст-Літоўск. На працягу восені 1941 года тут утварыліся кіруемыя органы новай грамадзянскай адміністрацыі — гебітскамісарыяту (акругі) ў Брэст-Літоўску. 1 студзеня 1942 года адбылося перайменаванне Генеральнай акругі «Брэст-Літоўск» у Генеральную акругу «Валынь-Падолле». Аднак да 19 чэрвеня 1942 года адміністрацыйны цэнтр акругі яшчэ знаходзіўся ў Брэст-Літоўску, пасля чаго яго перанеслі ў Луцк. 8 верасня 1942 года Брэсцкі гарадскі (ням.: Kreisgebiet Brest-Litowsk-Stadt) і Брэсцкі сельскі гебіт (ням.: Kreisgebiet Brest-Litowsk-Land) аб’ядналі ў адзін новы Брэсцкі гебіт (ням.: Kreisgebiet Brest Litowsk). У лютым 1944 года тэрыторыю Брэсцкага гебіта (а таксама Кобрынскага і Пінскага гебітаў) з Генеральнай акругі «Валынь-Падолле» перадалі ў склад Генеральнай акругі «Беларусь», якая ўваходзіла ў склад Рэйхскамісарыята «Остланд»[54].
У Брэсце дзейнічалі абласная і гарадская антыфашысцкія арганізацыі, патрыятычнае падполле, камсамольска-маладзёжнае падполле, падпольны абком КП(б)Б, партызанскае злучэнне, падпольны гаркам КП(б)Б, ЛКСМБ, у кантакце з якімі працавалі падпольныя камсамольскія органы. З мая 1942 года дзейнічала падпольная друкарня, выдаваліся падпісныя газеты «За Родину» і «Заря». Горад вызвалены 28 ліпеня 1944 года ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі[28] войскамі 1-га Беларускага фронту.
Пасля вызвалення горад паступова адрадзіўся і вырас у буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі[15].
8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці было нададзена ганаровае званне крэпасць-герой, з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». У 1969—1971 гадах на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ўтварыўся мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».
У пасляваенны перыяд у межы горада ўвайшлі навакольныя вёскі: Адамкова, Бярозаўка 1-я, Бярозаўка-2-я (усе 1958), Бярозаўка (1968), Валынка (у 1921—1939 гадах называлася Траўгутава), Вулька-Падгародска, Гузні (абедзве 1968), Дуброўка (1979), Кавалёва (1958), Кацельня-Падгародская (1968), Кацінбор (1979), Крушына (1968), Лысая Гара (1958), Пугачова (1979), Рэчыца, Трышын (абедзве 1968); Паўднёвы пасёлак (1958)[15].
З 1990 года Брэст — адзін з шасці абласных цэнтраў незалежнай Беларусі. Тут размясціліся Генеральныя консульствы Рэспублікі Польшча, Расійскай Федэрацыі і Украіны (закрыта з сакавіка 2022 года). З 1991 года працуе мытня «Заходні Буг». У 1996 годзе ўтварылася свабодная эканамічная зона «Брэст».
Са студзеня 2018 года ў горадзе праходзілі пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
Брэст стаў адным з цэнтраў пратэстаў 2020—2021 гадоў[55]. 10 жніўня 2020 года тут праходзілі сутыкненні супрацоўнікаў АМАП з пратэстоўцамі, у час якіх карнікі ўжывалі светлашумавыя шашкі. 11 жніўня ў Брэсце быў паранены ўдзельнік пратэстаў Генадзь Шутаў. Яго ў крытычным стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны, дзе 19 жніўня ён памёр[56]. 16 жніўня 2020 года ў Брэсце прайшоў Марш за свабоду .
Ужо ў 1945 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў БССР пачаліся работы па генеральным плане аднаўлення і рэканструкцыі Брэста. Распрацоўка яго вялася супрацоўнікамі інстытута «Белдзяржпраект» і была завершана ў 1948 годзе (план удакладняўся і карэкціраваўся архітэктарам Г. А. Парсаданавым да 1953 года). Генеральны план вызначаў напрамак развіцця горада на 2 пасляваенныя дзесяцігоддзі і прадугледжваў удасканаленне планіровачнай структуры горада, разбіваў усю тэрыторыю Брэста на планіровачныя раёны, якія, у сваю чаргу, дзяліліся на прамысловыя і жылыя раёны, мікрараёны. Горад развіваўся ва ўсходнім (раёны Кіеўка і Усходні), паўночным (Адамкава — Рэчыца — Граеўка) і часткова паўднёвых напрамках. Прадугледжвалася аднаўленне, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне цэнтра горада і галоўных магістралей — вул. Леніна (звязвала Прывакзальную плошчу з набярэжнай р. Мухавец) і вул. Маскоўскай (пачыналася каля Брэсцкай крэпасці і пераходзіла ў шашу Брэст—Масква). Забудоўвалася плошча Леніна як адміністрацыйна-грамадскі цэнтр Брэста. У цэнтры ўзводзіліся 4—5-і павярховыя дамы (архітэктары А. Сувораў, З. Леўчанка); рэканструяваны чыгуначны вакзал (1956), пабудаваны універмаг (1955), гасцініца «Буг» (1958)[15].
Згодна з новым генеральным планам развіцця Брэста, які быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР у 1965 годзе (распрацаваны ў інстытуце «Белдзяржпраект», архітэктары Ю. Глінка, Я. Ліневіч, А. Гарбачоў), далейшае развіццё горада адбывалася ва ўсходнім напрамку: ствараўся ўсходні прамысловы вузел, вялося будаўніцтва буйнейшага раёна Усход, які ўключае 7 мікрараёнаў і грамадскі цэнтр. Спрыяльным для прамысловага і жыллёвага будаўніцтва па генеральным плане з’яўляўся і паўднёвы напрамак. У 1976 годзе план быў скарэкціраваны да 2000 года ў Мінскім філіяле Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва (архітэктары Г. Булдаў, Р. Арцёмчык). У 1970-я гады пачалося асваенне зямель пад жылую забудову ў паўднёвым напрамку (левабярэжная частка р. Мухавец). Паўднёвы жылы раён разлічаны на 70—80 тыс. жыхароў і складаецца з 6 мікрараёнаў. У пачатку 1970-х гадоў у Брэсце сфарміравалася 6 раёнаў, дзе вялося будаўніцтва жылля: паўднёвы, цэнтральны, усходні, Граеўскі, Адамкова—Рэчыца і раён Камянецкай шашы. Паводле праекта планіроўкі цэнтра Брэста 1968 года (архітэктары В. Анікір, Г. Трушнікава) фарміруецца ансамбль грамадскіх будынкаў у раёне плошчы Леніна, рэканструюцца вуліцы Леніна і Савецкая, забудоўваецца Маскоўская вуліца[15].
У 1985 годзе ў Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва распрацаваны праект рэгенерацыі гістарычнай часткі Брэста, які прадугледжваў захаванне планіроўкі, што склалася гістарычна, як помніка горадабудаўніцтва. Гэты праект стаў першым вопытам у серыі праектаў рэгенерацыі гістарычных гарадоў Беларусі. У сувязі з будаўніцтвам прадпрыемстваў паўднёвага прамысловага вузла ў 1980-я гады асвойваецца новы раён горада — паўднёва-ўсходні (з 1983 года забудоўваецца мікрараён Паўднёвы Усход-3; архітэктары Карват, М. Козік). У паўднёвым прамысловым вузле размешчана машына-будаўнічае аб’яднанне[15].
У 1992 годзе БелНДІПгорадабудаўніцтва распрацаваў чарговы ген. план развіцця Брэста (галоўны архітэктар А. Зайцава), які прапануе канцэпцыю комплекснага развіцця горада. Адметнай асаблівасцю праекта з’яўляецца сацыяльная накіраванасць горадабудаўнічых рашэнняў. У ім больш поўна ўлічана інтэграцыя паміж горадам і сумежнымі з ім тэрыторямі. Умовы планіровачнага развіцця дазваляюць пашырэнне горада ў паўночным і паўднёвым напрамках. Асноўнае жыллёвае будаўніцтва весці на тэрыторыях, якія прымыкаюць да вул. Паркавай і працягу бульвара Шаўчэнкі ў паўднёвай частцы горада, да вул. Лейтэнанта Рабцава ў паўночнай частцы, а таксама да вуліцы Піянерскай у раёне Бярозаўкі. Актыўнаму асваенню належыць тэрыторыя, абмежаваная вул. Маскоўскай і р. Мухавец[15].
Метэаназіранні ў Брэсце вядуцца з 1834 года[57]. Клімат у раёне горада — умерана кантынентальны[57]. З-за ўплыву марскіх паветраных мас характэрна мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклоны, якія з’яўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлантычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпература студзеня −2,6 °C, ліпеня +19,3 °C. Гадавая колькасць ападкаў 609 мм. Сярэднегадавая тэмпература паветра ў Брэсце складае +8,2 °C, сярэднегадавая хуткасць ветру — 2,6 м/с, сярэднегадавая вільготнасць паветра — 76 %. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 214 сутак[58].
У годзе ў сярэднім 160 дзён ідзе дождж, 68 дзён — снег. Туманы назіраюцца на працягу 33 дзён, навальніцы — 27 дзён[59].
Клімат Брэста (норма 1981-2010) | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 15,9 | 17,2 | 22,6 | 30,7 | 32,1 | 34,3 | 36,6 | 36,7 | 34,4 | 26,4 | 19,0 | 14,5 | 36,6 |
Сярэдні максімум, °C | −0,1 | 1,2 | 6,3 | 14,0 | 20,1 | 22,6 | 24,9 | 24,2 | 18,4 | 12,5 | 5,4 | 0,9 | 12,5 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −2,6 | −1,9 | 2,2 | 8,7 | 14,5 | 17,1 | 19,3 | 18,5 | 13,3 | 8,3 | 2,7 | −1,3 | 8,2 |
Сярэдні мінімум, °C | −4,9 | −4,5 | −1,2 | 3,8 | 9,0 | 12,0 | 14,2 | 13,3 | 9,1 | 4,8 | 0,4 | −3,5 | 4,4 |
Абсалютны мінімум, °C | −35,5 | −28,1 | −22,6 | −6,2 | −4,2 | 2,1 | 5,8 | 1,3 | −2,8 | −9,9 | −19,2 | −25,1 | −35,5 |
Норма ападкаў, мм | 34 | 33 | 33 | 37 | 63 | 68 | 74 | 72 | 56 | 37 | 42 | 41 | 590 |
Крыніца: Надвор'е і клімат |
Клімат Брэста за перыяд 2012—2022 гадоў | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 15,9 | 14,4 | 19,8 | 30,3 | 31,3 | 34,3 | 35,5 | 36,7 | 34,4 | 24,4 | 18,3 | 13,2 | 36,7 |
Сярэдні максімум, °C | 0,6 | 2,2 | 7,1 | 14,2 | 20,0 | 24,7 | 26,0 | 25,5 | 19,5 | 13,0 | 6,8 | 2,3 | 13,5 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −1,9 | −0,3 | 3,5 | 9,1 | 14,7 | 19,2 | 20,6 | 20,0 | 14,3 | 9,3 | 4,6 | 0,5 | 9,5 |
Сярэдні мінімум, °C | −4,6 | −2,7 | −0,5 | 4,1 | 9,4 | 13,9 | 15,2 | 14,4 | 9,3 | 5,6 | 2,4 | −1,2 | 5,5 |
Абсалютны мінімум, °C | −21,6 | −25,8 | −19 | −3,3 | −1 | 6,5 | 8,6 | 7,4 | 0,9 | −6,3 | −10 | −14,4 | −26,1 |
Норма ападкаў, мм | 36 | 34 | 33 | 39 | 67 | 68 | 83 | 62 | 50 | 42 | 39 | 40 | 557 |
Крыніца: www.weatheronline.co.uk экстрэмумы і ападкі з Кліматычнага манітора |
Паводле фізіка-геаграфічнага раянавання, горад размешчаны на Высокаўскай раўніне ў межах заходняй часткі Беларускага Палесся — Брэсцкім Палессі[60].
Ад стацыянарных крыніц, размешчаных у горадзе, у атмасферу паступае 3,2 тыс. тон забруджвальных рэчываў, высокая доля выкідаў ад транспарту (для Брэсцкай вобласці дасягае 87 % ад усіх выкідаў)[60].
Гідраграфічная сітуацыя вызначаецца ракой Буг, якая праходзіць на паўднёва-заходняй ускраіне горада і Мухавец, які ўпадае ў яе і перасякае горад з усходу на захад. У межах горада рака Мухавец утварае шматлікія затокі, старыцы і выспы. У забудаванай частцы горада размешчана некалькі невялікіх сажалак. У поймах рэк развіта сістэма меліярацыйных каналаў, прымеркаваных пераважна да паўднёвай ускраіны[60].
Рэльеф мясцовасці, на якой размясціўся горад, вызначаецца размяшчэннем у межах Высокаўскай раўніны, а таксама далінамі рэк. Даліны рэк у межах горада шырокія, у раёне Брэсцкай крэпасці яны злучаюцца[60].
Паводле глебава-геаграфічнага раянавання, тэрыторыя Брэста адносіцца да Брэсцка-Драгічынска-Іванаўскага раёна. Натуральнае глебавае покрыва ў забудаванай частцы горада моцна змененае, на прысядзібных участках акультураны. Захаваныя на адкрытых прасторах (у лясах, лесапарках, водна-зялёнай сістэме) натуральныя глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, слабаглеяватыя на супесках, сустракаюцца дзярнова-глеяватыя і глеевыя на суглінках, супесках і пясках, а таксама тарфяна-балотныя (у поймах рэк)[60].
Паводле клімату Брэст размешчаны ў Паўднёвай агракліматычнай вобласці. Сума тэмператур паветра вышэй за +10 °C перавышае 2400 °C. Сярэдняя тэмпература ліпеня +18,0—18,5 °C, студзеня −4,5 °C. Абсалютны мінімум тэмпературы набліжаецца да —36 °C. За год выпадае менш за 600 мм ападкаў. Перыяд вегетацыі раслін складае 198—204 дні. Горад адносіцца да Паўднёвага раёна інтрадукцыі[60].
У складзе гарадскіх зямель Брэста лясныя масівы і дрэвава-хмызняковая расліннасць займаюць 20,2 %, ворныя землі — 12,2, землі пад воднымі аб’ектамі, лугамі і балотамі — 5, 5,2 і 1,7 % адпаведна, пад забудовай, дарогамі і камунікацыямі — 28,5 %[60]
Фізіка-геаграфічныя і глебава-кліматычныя ўмовы вызначылі асаблівасці натуральнай расліннасці, што расце на тэрыторыі горада, якая прадстаўлена лясамі, размешчанымі на паўночным усходзе, паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе горада, а таксама поймавымі лугамі і дрэвава-хмызняковай расліннасцю[60].
Лясы Брэста прымеркаваны да падзоны шырокалісцева-іглічных лясоў, размешчаны ў межах Бугска-Палескай геабатанічнай акругі, Бугска-Прыпяцкага лесарасліннага раёна[60].
Лугі прадстаўлены мурожнымі на незабудаваных участках у міжрэччах і надабалонных тэрасах і поймавымі — у далінах рэк Мухавец і Буг. На гарадской тэрыторыі яны досыць моцна антрапагенна ператвораны ў час добраўпарадкавання[60].
У горадзе маецца (2010) 5 паркаў (140,2 га), 13 сквераў (23,3 га), 6 бульвары (15,1 га), 1 сад (0,4 га), 7 азелянёных тэрыторый грамадскіх цэнтраў (12,0 га), водна-зялёная сістэма (499,5 га), 4 гарадскія пляжы (9,8 га), 7 асабліва ахоўных тэрыторый (70,1 га), а таксама гарадскія лясы, лесапаркі і іншыя азелянённыя тэрыторыі (1282,0 га)[61].
Ландшафтна-рэкрэацыйны комплекс Брэста складаецца як з добраўпарадкаваных тэрыторый: паркаў (з улікам Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць» — 117,3 га), сквераў (74,7 га), бульвараў (39,1 га), азелянёных тэрыторый водна-зялёнай сістэмы (107 га з улікам тэрыторый, якія прылягаюць да вяслярнага канала), так і рэкрэацыйных лясоў, якія займаюць амаль 80 % у структуры комплексу[60].
Станам на 2019 год у горадзе маецца 9 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, сярод якіх біялагічныя заказнікі мясцовага значэння Барбастэла (6,61 га) і Брэсцкі (66,71 га), батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння елкі звычайныя змеепадобнай формы «Брэсцкія», помнікі прыроды мясовага значэння бук лясны, вішня птушыная, дуб чарэшчаты, плюшч звычайны, тарфянік Дуброўка, Брэсцкая крынічная струга[62].
Узровень азелянення горада складае 21,4 %, што значна ніжэй за норму (40 %), забяспечанасць насаджэннямі агульнага карыстання — 76,6 м²/чал. пры норме для буйных гарадоў 10—11 м²/чал.[63].
Размяшчэнне аб’ектаў агульнага карыстання ландшафтна-рэкрэацыйнага комплексу Брэста арганізавана неадпаведна месцам лакалізацыі рэкрэацыйнага попыту. У цэнтры горада забяспечанасць насельніцтва аптымальная, на некаторых участках вышэй за існую норму. На перыферыі горада, у тым ліку і ў раёнах высакашчыльнай шматкватэрнай забудовы, дзе пражывае значная частка гараджан, адзначаецца іх дэфіцыт. Найбольшы дэфіцыт — на ўчастках, ізаляваных ад аб’ектаў рэкрэацыі прамысловымі зонамі, спецтэрыторыямі, чыгункай, г. з. у граніцах вуліц Фартэчнай, Кіжаватава, Чыгуначнай, на паўночным захадзе Брэста. Пры ўліку лясоў і рэзервовых азелянёных тэрыторый сітуацыя некалькі змяняецца ў паўночна-ўсходняй частцы горада. Аднак у яго паўночна-заходняй частцы на ўчастках жылой забудовы, якія акружаны прамзонамі, спецтэрыторыямі, чыгункай і характарызуюцца адсутнасцю добраўпарадкаваных рэкрэацыйных аб’ектаў, а таксама рэзерву для іх стварэння, дэфіцыт захаваецца[60].
Паводле папярэдніх дадзеных у межах горада насяляюць і растуць больш за 40 ахоўных відаў (у тым ліку 24 віды раслін і каля 20 відаў пазваночных жывёл). Такія лічбы ідуць побач з колькасцю ахоўных відаў на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях[64]
Падзяляецца на 2 раёны — Ленінскі і Маскоўскі.
Мікрараёны: Адамкова, Бярозаўка, Валынка, Вулька, Вычулкі, Гершоны, Граеўка, Дуброўка, Новыя Задворцы, Старыя Задворцы, Кіеўка, Кавалёва, Кацін Бор, Лысая Гара, Паўднёвы, Плоска, Пугачова, Рэчыца, Трышын, Усход.
Насельніцтва Брэста на 1 студзеня 2020 года склала 339 700 чалавек. Брэст — найбуйнейшы горад Брэсцкай вобласці і шосты па колькасці насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь пасля Мінска, Гомеля, Віцебска, Магілёва і Гродна. За 1959—2019 гады колькасць насельніцтва горада вырасла амаль у 5 разоў[65].
|
Брэст — буйны прамысловы цэнтр Беларусі, пры гэтым 70 % усёй прамысловасці горада — перапрацоўчыя прадпрыемствы (2021 г.)[86].
У 1996 годзе створана свабодная эканамічная зона «Брэст»[87].
Найбуйнейшыя прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Брэсцкі электратэхнічны завод, «Брэстгазаапарат», Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Брэсцкі машынабудаўнічы завод, Брэсцкі электралямпавы завод і інш.
Вядучыя прадпрыемствы харчовай галіны прамысловасці: Брэсцкі лікёра-гарэлкавы завод «Белалка», «Савушкін прадукт», мясакамбінат, СП «Санта Брэмар» і іншыя.
З галін лёгкай прамысловасці развіты трыкатажная (Брэсцкі панчошны камбінат), вытворчасць дываноў і дывановых вырабаў (Брэсцкі філіял ААТ «Віцебскія дываны») і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы і іншых галін прамысловасці.
Брэст — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння.
Гасцініцы «Беларусь», «Брэст-Інтурыст», «Буг» і іншыя[87].
У межах горада находзяцца 4 ведамасных санаторыя-прафілакторыя, у т.л. РУП «Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі».
Вузел аўтамабільных дарог і чыгунак у напрамку на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. На тэрыторыі горада 3 памежных пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь.
За 3,5 км на ўсход ад Брэста знаходзіцца Аэрапорт Брэст (міжнародны код — BQT), які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1976 годзе. У 1986 годзе Брэсцкаму аэрапорту нададзены статус міжнароднага, магчымая колькасць пасажыраў складае 400 чалавек за гадзіну.
У лютым 1947 года з’явіўся гарадскі аўтобус і таксі, у 1969 годзе — маршрутнае таксі, у 1981 годзе — тралейбусы[88].
У 1940 годзе заснаваны Брэсцкі рачны порт.
Мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой з музеем Брэсцкай крэпасці-героя (Пабудова мемарыялу ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам народнага архітэктара СССР У. А. Караля, урачыстае адкрыццё адбылося 25 верасня 1971 года), Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам — археалагічным музеем «Бярэсце», Брэсцкі чыгуначны музей, Музей гісторыі горада Брэста, Брэсцкі музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», музей прыроды, музей авіацыі і касманаўтыкі (у мікрараёне Усход)
У Брэсце дзейнічае Брэсцкі тэатр драмы, Брэсцкі абласны тэатр лялек, Брэсцкая абласная філармонія, 2 кінатэатры і інш. У рэпертуары Брэсцкага лялечнага тэатра сёння каля 30 дзіцячых і сямейных спектакляў. Праводзяцца фестывалі: міжнародны класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», «Беларуская музычная восень», гарадскія «Залатая восень», «Брэсцкі баль», міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» і фестываль беларускага нацыянальнага кіно.
Працуе Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага.
Штогод у Брэсце праводзіцца амаль 2 тыс. мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя і рэспубліканскія. У горадзе працуюць два прафесійныя тэатры, філармонія, 12 дамоў культуры, 85 бібліятэк. У 2014 годзе Брэст атрымаў статус «Горад, дружалюбны дзецям». У 2015 годзе Брэст з’яўляўся культурнай сталіцай Беларусі.
32 агульнаадукацыйныя школы, 6 гімназій, 2 ліцэі.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы:
Сярэднія спецыяльныя ўстановы:
У адукацыйных установах горада працуе 18 музеяў розных профіляў: гісторыка-краязнаўчыя, этнаграфічныя, ваеннай славы, мемарыяльныя, у тым ліку музей Баявой Славы гімназіі № 1, музей «Хлапчукі несмяротнага Брэста» паста Памяці ля Вечнага агню мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», краяназнаўчы музей «Амістад» гімназіі № 5.
Буйныя спартыўныя збудаванні — спартыўны комплекс «Брэсцкі», Брэсцкі лёгкаатлетычны манеж, Брэсцкі лядовы палац спорту, картынг-стадыён і інш.
У горадзе дзейнічаюць 18 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. У мікрараёне Кіеўка размешчаны стадыён «Лакаматыў». У абласным спартыўным комплексе «Брэсцкі» адбываюцца трэніроўкі і гульні футбольнага клуба Дынама Брэст.
Газеты
Радыё
Тэлебачанне
Брэсцкая крэпасць
Сакральная архітэктура
Помнікі савецкага часу
Помнікі часоў II Рэчы Паспалітай (1918—1939)
Архітэктура часоў Расійскай імперыі
Археалагічныя славутасці
Страчаная спадчына
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.