найбуйнейшая хрысціянская канфесія, якая складаецца з Рымска-Каталіцкай Царквы і Усходніх Каталіцкіх Цэркваў From Wikipedia, the free encyclopedia
Каталіцтва, каталіцызм — кірунак хрысціянства, які ахоплівае так званае заходняе хрысціянства (Рымска-Каталіцкую Царкву), што прызнае першынство біскупа Рыма (Папы Рымскага), які з’яўляецца кіраўніком Каталіцкага Касцёла. Каталіцтва з’яўляецца найбуйнейшай галіной хрысціянскай рэлігіі, да яго вызнаўцаў належыць прыблізна 1 мільярд 254 мільёнаў чалавек, што складае каля 17,7 % жыхароў Зямлі[1].
Каталіцтва | |
---|---|
Кароткая назва | kath. |
Каталіцкі абрад | Catholic liturgical rite[d] |
Колькасць членаў | 1,345 мільярд |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя каталіцтва з’яўляецца часткай гісторыі хрысціянства, якое да IV ст. стварала пэўнае адзінства. У пачатку V ст. тэрмін «каталіцтва» або «заходняе хрысціянства» пачалі выкарыстоўваць у дачыненні да хрысціян у заходняй частцы Рымскай імперыі. Павольна павялічвалася розніца паміж хрысціянствам на Усходзе і на Захадзе. У 1054 годзе адбыўся канчатковы падзел паміж усходнім (праваслаўным) хрысціянствам і заходнім (каталіцкім).
Вучэнне Каталіцкай Царквы сфармавалася ў выніку сусветных і памесных сабораў, якія праходзілі да схізмы 1054 года і пазней, якія склікаў Папа Рымскі. Кароткі змест асноўных праўдаў веры ўтрымліваецца ў Сімвале веры.
Асноўныя догмы каталіцкага вучэння:
Вышэйшым аўтарытэтам у справах веры з’яўляецца Свяшчэннае Пісанне (Біблія) і Святая Традыцыя. Выражэннем веры ў каталіцтве з’яўляюцца выразы, што перадаюць яе змест і падаюцца Каталіцкім Касцёлам як абавязковыя да веры (догмы, дагматы, дагматычныя дэфініцыі). Такія вызначэнні зместу веры абвяшчаюцца на сусветных саборах або Папам Рымскім. Папа Рымскі, калі навучае ўрачыста як пераемнік апостала Пятра (ex cathedra), не памыляецца ў пытаннях веры і маралі (беспамылковасць Папы, непамыльнасць Папы).
Каталіцкі Касцёл вучыць, што чалавек можа пазнаць Бога ўласным розумам, але гэта пазнанне датычыць больш самога факту існавання Бога. Розум жа, «асвечаны верай», з дапамогай асаблівага божага дару можа пазнаць натуру Бога. У пазнанні Бога і дагматаў веры дапамагае божае аб’яўленне. Чалавечы розум мае абмежаваныя магчымасці, таму поўнасцю пазнаць Бога немагчыма.
Як і іншыя хрысціяне, католікі вераць у аднаго Бога ў трох асобах (Найсвяцейшая Тройца): Бог Айцец, Сын Божы (Ісус Хрыстос) і Дух Святы. Бог з’яўляецца ўсемагутным стваральнікам Сусвету з нічога, усяго матэрыяльнага і нематэрыяльнага. Бог стварыў і чалавека — вяршыню ўсяго стварэння. Чалавек складаецца з цела і душы. Душа чалавека несмяротная і паклікана Богам існаваць на яго падабенства (на вобраз Бога). Разам з тым, Бог стварыў свет духаў — анёлаў. Некаторыя анёлы паўсталі супраць волі Бога і сталі дзейнічаць яму насуперак (д'ябал, сатана). Першыя людзі — Адам і Ева — пад уплывам д’ябла не паслухаліся Божых загадаў і ўчынілі першародны грэх. Вынікі гэтага ўчынку перайшлі на ўсіх людзей: пазбаўленне першаснай справядлівасці і святасці, аслабленасць чалавечай натуры («выгнанне з раю»). Пасля Адама і Евы кожны чалавек носіць на сабе знак перашароднага граху, які можа быць змыты на хросце. Сын Божы (Ісус Хрыстос) стаў чалавекам (уцелавіўся) і памёр на крыжы, каб людзям вярнуць страчаны стан неба (раю). Хрыстос быў пачаты Духам Святым і нарадзіўся ў часе з Дзевы (Панны) Марыі. Разам з тым, ён існаваў адвечна. Праз свае дабравольныя пакуты і крыжовую смерць, а таксама праз уваскрасенне з мёртвых, Хрыстос зрабіў справу адкуплення. У выніку гэтай справы людзі вызваліліся ад грахоў і іх наступстваў.
Хрыстос мае дзве натуры — боскую і чалавечую. Ён адзінасутны Богу-Айцу ў бостве і людзям у чалавецтве. Аднак, у адрозненне ад любога чалавека, Хрыстос не мае ніводнага граху. Маці Хрыста — Марыя пры сваім зачацці не мела першароднага граху. Дагмат аб беззаганным зачацці Марыі адсутнічае ў праваслаўі. Марыя захавала дзявоцтва да канца жыцця. Пасля яго заканчэння яна з целам і душой была ўзята на Неба (да Раю). Як маці Бога, Марыя займае выключнае месца сярод святых, таму яе называюць найсвяцейшая.
Каталіцкі Касцёл вучыць, што на працягу гісторыі чалавецтва адбываецца змаганне з сіламі зла. Каб заставацца добрым, кожнаму чалавеку патрэбна дапамога — божая ласка. Гэтую ласку для людзей выслужыў Хрыстос. Існуе два тыпы ласкі — дзейсная ласка і асвячальная (пастаянная) ласка. Пастаянная ласка — гэта пастаянная накіраванасць жыць і дзейнічаць так, як гэтага жадае Бог. Дзейсная ласка дапамагае пры навяртанні або асвячэнні. Грэх — гэта свядомае і дабравольнае парушэнне божых загадаў. Чалавек, які робіць цяжкі грэх, страчвае асвячальную ласку. Калі ён памрэ ў такім стане, то трапіць у Пекла, таму такія грахі яшчэ называюць смяротнымі. Вярнуць асвячальную ласку пасля цяжкага граху можна праз сакрамент споведзі. Ад няцяжкіх грахоў можна ачысціцца як на споведзі, так і праз святую камунію (прычашчэнне, гл. еўхарыстыя). Прабачэнне грахоў і вызваленне ад іх называецца апраўданнем чалавека. Каталіцкае вучэнне аб апраўданні моцна адрозніваецца ад пратэстанцкіх.
Божую ласку можна атрымаць праз сакраменты (таінствы). У каталіцтве, як і ў праваслаўі, прыняты сем сакраментаў: хрышчэнне, канфірмацыя (мірапамазанне, бежмаванне), Еўхарыстыя, пакаянне (споведзь), алеепамазанне (намашчэнне хворых), святарства, сужэнства. Пры гэтым хрышчэнне з’яўляецца першым сакраментам, прыняцце якога дазваляе прымаць іншыя і робіць чалавека хрысціянінам. Асаблівае месца ў каталіцтве займае культ Еўхарыстыі (Святая Імша, Святая Камунія, Прычасце, Найсвяцейшыя Цела і Кроў Хрыста, Божае Цела, адарацыя Найсвяцейшага Сакраменту). Еўхарыстыя з’яўляецца вяршыняй і крыніцай духоўнага жыцця.
Усе людзі пакліканы да святасці — поўні хрысціянскага жыцця і дасканалай любові, дзякуючы нормам паводзін, якія змешчаны ў божых запаведзях (дэкалог, дзесяць запаведзяў). Святасць — гэта прысвячэнне сябе целам і душой справе Божай славы і служэнню бліжняму, праз выконванне божай волі.
Душа чалавека пасля смерці трапляе ў Неба (Рай) або Пекла, залежнасці ад таго, як пражыў сваё жыццё кожны пэўны чалавек. Душы, якія памерлі ў стане асвячальнай ласкі, але не гатовы трапіць у рай, перш, чым там апынуцца, праходзяць ачышчэнне ў Чыстцы. Дактрыны пра Чысцец няма ў праваслаўных хрысціян. Калі Хрыстос прыйдзе другі раз на зямлю (парузія), адбудзецца апошні суд і людскія целы ўваскроснуць. Паводле гэтага суда Ісус аддасць кожнаму чалавеку паводле яго спраў і па яго прыняццю або адкіданню ласкі[3]. Душы, што памерлі ў стане смяротнага граху, будуць вечна пакутаваць у пекле. Душы ў небе (раі) будуць вечна шчаслівыя.
Католікі вызнаюць, што ўсе памесныя цэрквы (лац.: sui iuris — «свайго закона») звязаны адзінствам паміж сабою праз супрычасце з біскупам Рыма (Папам Рымскім), а кожны член Каталіцкага Касцёла праз хрышчэнне належыць да ўсяго Каталіцкага Касцёла і да канкрэтнай памеснай Царквы.
Каталіцкі Касцёл вучыць, што яго кіраўніком (галавой) з’яўляецца Хрыстос, якога бачным намеснікам і пераемнікам апостала Пятра з’яўляецца біскуп Рыма (Папа Рымскі).
Папа Рымскі выбіраецца калегіяй кардыналаў на канклаве. Папа мае найвышэйшую ўладу, з’яўляецца кіраўніком горада-дзяржавы Ватыкан.
Іншыя біскупы, якія знаходзяцца ў лучнасці з біскупам Рыма, утвараюць калегію біскупаў — другі ўзровень кіравання ў Каталіцкім Касцёле. Калегія біскупаў лічыцца спадкаемніцай групы дванаццаці апосталаў Ісуса Хрыста. Сваю ўладу калегія біскупаў выконвае толькі ў лучнасці пад кіраўніцтвам Папы Рымскага. Выкананне гэтай улады адбываецца: на сусветных саборах, што склікаюцца папам; праз калегіяльныя дарадчыя органы біскупа Рыма; Рымскую курыю. Найвышэйшую ўладу каталіцтва называюць яшчэ Апостальскай Сталіцай.
Каталіцкі Касцёл складаецца з мясцовых (памесных) касцёлаў (цэркваў). Прадстаўнікамі Папы Рымскага ў мясцовых касцёлах у розных краінах, тэрыторыях і арганізацыях з’яўляюцца легаты (апостальскія нунцыі, пранунцыі, інтэрнунцыі, апостальскія дэлегаты).
Мясцовыя Касцёлы (цэрквы) складаюцца з дыяцэзій або архідыяцэзій (дыяцэзій вышэйшага ўзроўню); ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах прынята назва епархія і архіепархія адпаведна. Гэта сталыя і звычайныя адміністрацыйныя адзінкі Каталіцкага Касцёла. З дыяцэзіямі (архідыяцэзіямі) маюць роўныя правы: тэрытэрыяльная пралатура, тэрытэрыяльнае абацтва, апостальскі вікарыят і апостальская прэфектура, апостальская адміністратура, ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах — экзархаты. Функцыю дыяцэзіі выконвае таксама ваенны ардынарыят.
Кіраўніком мясцовага Касцёла (мясцовай Царквы) з’яўляецца дыяцэзіяльны (епархіяльны) біскуп або зраўнаны з ім іерарх (пралат, тэрытэрыяльны абат, апостальскі адміністратар, ваенны ардынарый; ва ўсходніх цэрквах — экзарх). Дыяцэзіяльны біскуп можа мець так званага біскупа-каад’ютара (г. зн. біскупа, які мае права спадкаемнасці) і дапаможнага біскупа (аднаго або некалькіх).
У кіраванні мясцовымі Касцёламі біскупам дапамагаюць: святарская рада, калегія дарадцаў (кансултараў), рада эканамічных спраў, душпастырская рада, дыяцэзіяльны сінод (ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах — епархіяльны канвент), капітулы канонікаў, дыяцэзіяльная курыя.
Мясцовыя Касцёлы складаюцца з парафій (прыходаў, парохій) — пастаянных супольнасцей вернікаў акрэсленай тэрыторыі. Кіраўніком парафіі з’яўляецца пробашч (настаяцель), якому можа дапамагаць вікарый або некалькі вікарыяў. Пробашчаў і вікарыяў прызначае дыяцэзіяльны біскуп. Яны належаць да другой (пасля біскупаў) ступені святарства — прэзбітэраў (ксяндзоў). У выкананні сваіх функцый ім дапамагаюць дыяканы — прадстаўнікі трэцяй (ніжэйшай) ступені святарства.
Некалькі суседніх парафій могуць быць аб’яднаныя ў дапаможныя структуры — дэканаты (раённыя вікарыяты). Кіраўніком такой структуры з’яўляецца дэкан (раённы вікарый, протапрэзбітэр), звычайна ім з’яўляецца заслужаны святар, пробашч адной з парафій, што ўваходзяць у дадзены дэканат.
Апрача парафій, існуць асобныя цэнтры душпастырства (арганізацыі кіравання вернікаў) і рэктараты. Таксама асобна ад парафій служаць капеланы (апека над вязнямі, хворымі, эмігрантамі, ваеннымі, спартсменамі і інш.).
Некалькі мясцовых Касцёлаў утвараюць наддыяцэзіяльныя структуры: мітраполіі (Касцельныя правінцыі), Касцельныя рэгіёны і Канферэнцыі біскупаў. На тэрыторыі Касцельных правінцый могуць склікацца правінцыяльныя сіноды. У вялікіх краінах некалькі мітраполій могуць утвараць Касцельныя рэгіёны з уласнымі рэгіянальнымі канферэнцыямі біскупаў. Біскупы адной краіны звычайна складаюць Канферэнцыю біскупаў гэтай краіны.
Кананічныя законы для ўсходніх каталіцкіх цэркваў прадугледжваюць магчымасць існавання схода біскупаў розных абрадаў.
У Каталіцкім Касцёле можна выдзеліць шэсць галоўных лацінскіх абрадавых традыцый і пяць усходніх. Абрадам называюць асаблівы спосаб выражэння каталіцкай веры супольнасцю вернікаў, якіх яднае аднолькавая літургічная спадчына, а таксама тэалагічнае, духоўнае і дысцыплінарнае фарамаванне ў канкрэтных гістарычных і культурных умовах. У рамках абрадавых традыцый у каталіцтве існуюць супольнасці хрысціян, называныя суі юрыс (лац.: sui iuris — «свайго закона»), якія прызнаюць найвышэйшую ўладу Каталіцкага Касцёла. Такіх супольнасцей на дадзены момант існуе 22. Вось спіс Касцёлаў (Цэркваў) суі юрыс:
Александрыйская традыцыя:
Антыёхская традыцыя:
Халдэйская традыцыя:
Візантыйская (канстанцінопальская) традыцыя:
Армянская традыцыя:
Лацінская традыцыя:
Станам на жнівень 2023 года, у Беларусі каталіцтва — другая па колькасці вернікаў канфесія краіны. У Беларусі Каталіцкая Царква прадстаўлена двума абрадамі — лацінскім (дакладней, рымскім) і візантыйскім. Рымска-Каталіцкі Касцёл прадстаўлены структурна 4 дыяцэзіямі, якія ўтвараюць Мінска-Магілёўскую мітраполію. Агульная колькасць каталікоў рымскага абраду — каля 1,4 млн асоб, у прыватнасці, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія мае 610 490 вернікаў, Пінская дыяцэзія — 50 115, Гродзенская дыяцэзія — 591 000, Віцебская дыяцэзія — 151 000 вернікаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.