Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Балты́йскае мо́ра (ст.-слав: море Варяжское, польск.: Morze Bałtyckie, ням.: Ostsee, н.-ням.: Oostsee, шведск.: Östersjön, дацк.: Østersøen, фінск.: Itämeri, эст.: Läänemeri, лат.: Baltijas jūra, літ.: Baltijos jūra) — унутрымацерыковае мора Атлантычнага акіяна. Амывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучаецца з Паўночным морам праз Дацкія пралівы і Кільскі канал.
Балтыйскае мора | |
---|---|
Размяшчэнне | Паўночная Еўропа |
Плошча | 419 тыс. км² |
Аб'ём | 21,5 тыс. км³ |
Даўжыня берагавой лініі | каля 8 тыс. км |
Найбольшая глыбіня | 470 м |
Сярэдняя глыбіня | 51 м |
Катэгорыя на Вікісховішчы |
Плошча 419 тыс. км². Найбольшая глыбіня 470 м, пераважаюць глыбіні 40-100 м. Тэмпература вады летам 18-20 °C, зімой — ад 1 да 3 °C, каля берагоў ніжэй за 0 °C. Салёнасць вады нізкая: на захадзе 11 ‰, у цэнтральнай частцы 6-8 ‰. Прылівы да 0,1 м, характэрны згонна-нагонныя ваганні ўзроўню вады ля берагоў да 1,5-3 м. Буйныя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Берагі на поўдні нізкія, паўночныя моцна парэзаны. Шмат астравоў, найбольшыя — Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Борнхальм, Аландскія.
Асноўныя порты: Санкт-Пецярбург, Талін, Рыга, Клайпеда, Калінінград, Гданьск, Ростак, Кіль, Капенгаген, Мальмё, Стакгольм, Турку, Хельсінкі і інш.
На ўзбярэжжы вядомы буйныя запасы бурштыну. Курорты Сопат, Юрмала, Паланга і інш.
Пляцоўка кантынентальнай кары, на якой ляжыць сучаснае Балтыйскае мора, з’яўляецца часткай устойлівай Рускай тэктанічнай пліты (Фенасарматыя). Як адзіны масіў ён склаўся каля 1,8 мільярда гадоў назад і з тых часоў знаходзіўся ў адноснай стабільнасці. Вялікая частка тэрыторыі, што адпавядае дну сучаснай Балтыкі, вялікую частку часу знаходзілася вышэй узроўню мора, хоць паўднёвая і ўсходняя часткі гэтай прасторы працяглы час былі пакрыты плыткімі шэльфавымі морамі, пра што сведчыць магутны пласт донных адкладаў у гэтых абласцях. Балтыйскі кратон утварыўся ў паўднёвым паўшар’і, дрэйфаваў на захад, знаходзячыся ў эдыякарыі ў раёне Паўднёвага Палярнага кола, а далей на поўнач, перасек экватар каля 375 млн гадоў таму і каля 30 мільёнаў гадоў назад ужо наблізіўся да сучаснага становішча. У розны час ён быў складнікам розных мацерыкоў (Нуна, Нена, Радынія, Проталаўразія, Панотыя, Лаўрусія, Пангея, Лаўразія, Еўразія), а некаторы час таксама асобным мацерыком Балтыкай.
Прыкладна 40 мільёнаў гадоў назад, калі контуры паўночнай, цэнтральнай і ўсходняй Еўропы ўжо склаліся на блізкіх да сучасных шыротах, на месцы будучага Балтыйскага мора паўстала даліна ракі Эрыдан , якая праходзіла ў паўднёва-заходнім кірунку паралельна Скандынаўскім горам — то бок прыблізна гэтак жа, як будзе размешчана Балтыйскае мора: выток брала ў Лапландыі, а моцна галінастая дэльта у раёне сучасных Нідэрландаў пускалася ў старажытнае Паўночнае мора, і ў вобласці цяперашняга Фінскага заліва месціўся буйны прыток. З наступам чацвярцічнага зледзянення, прыкладна 700 тыс. гадоў таму, Эрыдан спыніў існаванне, бо яго даліна, як і ўся паўночная Еўропа, схавалася пад ледавіковым шчытом. Па берагах Эрыдана расла тайга. Пасля ўтварэння ледавіка смала хваёвых дрэў ператварылася ў бурштын.
Цяжар лёду выклікаў значны прагін зямной кары, частка якой апынулася ніжэй узроўню акіяна. Са сканчэннем апошняга ледавіковага перыяду гэтыя тэрыторыі вызваляюцца ад лёду, і ўтвораная прагінам кары западзіна запаўняецца вадой:
Балтыйскае мора глыбока ўдаецца ў сушу Еўропы, абмывае берагі Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі[2].
Буйныя залівы Балтыйскага мора: Фінскі, Батнічны, Рыжскі, Куршскі (прэснаводны заліў, аддзелены ад мора пясчанай Куршскай касой).
Некаторыя даследчыкі вылучаюць таксама Архіпелагавае мора.
Буйныя астравы: Готланд, Эланд, Борнхальм, Волін, Руген, Аландыя і Саарэмаа (гл. асноўны артыкул Спіс астравоў Балтыйскага мора).
Буйныя рэкі, што ўпадаюць у Балтыйскае мора, — Нява, Нарва, Заходняя Дзвіна (Даўгава), Нёман, Прэголя, Вісла, Одэр і Вэнта.
Балтыйскае мора знаходзіцца ў межах мацерыковага шэльфа. Сярэдняя глыбіня мора 51 метр. У раёнах водмеляў, банак, каля астравоў назіраюцца невялікія глыбіні (да 12 метраў). Ёсць некалькі катлавін, у якіх глыбіні дасягаюць 200 метраў. Самая глыбокая катлавіна — Ландсорцкая (58°38′ пн. ш. 18°04′ у. д.HGЯO) з максімальнай глыбінёй мора — 470 метраў. У Батнічным заліве максімальная глыбіня — 293 метры, у Готландскай катлавіне — 249 метраў.
Дно ў паўднёвай частцы мора раўніннае, на поўначы — няроўнае, скалістае. Ва ўзбярэжных раёнах сярод донных адкладаў пашыраны пяскі, але большая частка дна мора пакрыта адкладамі з гліністага глею зялёнага, чорнага ці карычневага колеру ледавіковага паходжання.
Асаблівасцю гідралагічнага рэжыму Балтыйскага мора з’яўляецца вялікі лішак прэснай вады, што ўтварыўся за кошт ападкаў і рачнога сцёку. Саленаватыя павярхоўныя воды Балтыйскага мора праз Дацкія пралівы сыходзяць у Паўночнае мора, а ў Балтыйскае мора паступаюць з глыбіннай плынню салёныя воды Паўночнага мора. У час штормаў, калі вада ў пралівах змешваецца да самага дна, водаабмен паміж морамі змяняецца — па ўсім перасеку праліваў вада можа ісці як у Паўночнае, так і ў Балтыйскае мора.
Цыркуляцыя павярхоўных вод мора скіравана супраць гадзіннікавай стрэлкі, хоць моцныя вятры могуць парушаць характар цыркуляцыі.
Прылівы ў Балтыйскам моры — паўсутачныя і суткавыя, але іх велічыня не перавышае 20 сантыметраў.
Большае значэнне маюць згонна-нагонныя з'явы — ваганні ўзроўню мора, якія могуць дасягаць ля берагоў 50 сантыметраў, а ў вяршынях бухт і заліваў — 2 метраў. У вяршыні Фінскага заліва пры некаторых метэаралагічных сітуацыях магчымыя ўздымы ўзроўню да 5 метраў. Гадавая амплітуда ваганняў узроўню мора можа дасягаць ля Кранштата 3,6 метра, у Вентспілса — 1,5 метраў. Амплітуда сейшавых ваганняў звычайна не перавышае 50 сантыметраў.
У параўнанні з іншымі морамі хваляванне на Балтыйскім моры нязначнае. У цэнтры мора сустракаюцца хвалі вышынёй да 3,5 метраў, часам вышэй 4 метраў. У плыткіх залівах вышыня хваль не перавышае 3 метраў, але яны круцей. Аднак нярэдкія выпадкі ўтварэння вялікіх хваль, вышынёй больш 10 метраў, ва ўмовах, калі штармавыя вятры фармуюць хвалі, што ідуць з глыбакаводных раёнаў да плыткаводдзя. Прыкладам, у раёне банкі Эландс-Сідру-Грунт інструментальна зафіксавана вышыня хвалі 11 метраў. Невялікая салёнасць павярхоўнага пласта спрыяе хуткай змене стану мора. У зімовых умовах плавання суднам пагражае аблядненне. Дадзеныя асаблівасці Балтыкі, нароўні з высокім узроўнем суднаходства, вялікай колькасцю навігацыйных небяспек, робяць навігацыю ў гэтым моры даволі складанай.
Празрыстасць вады змяншаецца ад цэнтра мора да яго берагоў. Найболей празрыстая вада ў цэнтры мора і Батнічным заліве, дзе вада мае блакітнавата-зялёны колер. Ва ўзбярэжных раёнах колер вады — жоўта-зялёны, часам карычняватага адцення. Самая нізкая празрыстасць назіраецца летам з-за развіцця планктона.
Марскі лёд з’яўляецца спачатку ў залівах у кастрычніку — лістападзе. Узбярэжжа Батнічнага і значная частка ўзбярэжжа (апроч паўднёвага берага) Фінскага заліва пакрываюцца прыпаем таўшчынёй да 65 сантыметраў. Цэнтральная і паўднёвая часткі мора звычайна лёдам не пакрываюцца. Лёд растае ў красавіку, хоць на поўначы Батнічнага заліва дрэйфуючы лёд можа сустракацца і ў чэрвені. Часта сустракаецца ўсплылы донны лёд.
Тэмпература павярхоўных пластоў вады летам у Фінскім заліве складае 15-17 °C, у Батнічным заліве — 9-13 °C, у цэнтры мора — 14-17 °C. З павелічэннем глыбіні тэмпература павольна зніжаецца да глыбіні тэрма-кліна (20-40 метраў), дзе адбываецца рэзкі скок да 0,2-0,5 °C, потым тэмпература расце, дасягаючы дна 4-5 °C.
Гарызонт м | Студзень | Люты | Сакавік | Красавік | Май | Чэрвень | Ліпень | Жнівень | Верасень | Кастрычнік | Лістапад | Снежань |
0 | 0,8 | -0,4 | 0,2 | 0,6 | 4,4 | 10,0 | 15,4 | 16,0 | 13,5 | 8,6 | 5,7 | 3,0 |
10 | 0,5 | 0,0 | 0,1 | 0,3 | 3,3 | 7,5 | 13,2 | 14,6 | 12,5 | 8,4 | 6,1 | 4,1 |
20 | 0,8 | 0,2 | 0,1 | 0,4 | 1,8 | 4,7 | 7,2 | 7,9 | 10,4 | 8,2 | 6,1 | 4,3 |
30 | 1,0 | 0,4 | 0,3 | 0,4 | 1,4 | 2,5 | 3,5 | 3,9 | 7,8 | 6,0 | 5,3 | 4,4 |
50 | 3,0 | 2,5 | 2,2 | 2,5 | 2,3 | 2,5 | 2,6 | 3,3 | 3,1 | 3,2 | 4,1 | 3,9 |
Гарызонт м | Студзень | Люты | Сакавік | Красавік | Май | Чэрвень | Ліпень | Жнівень | Верасень | Кастрычнік | Лістапад | Снежань |
0 | 3,7 | 2,5 | 1,8 | 2,2 | 5,5 | 11,3 | 15,5 | 17,1 | 13,8 | 10,7 | 8,0 | 5,8 |
10 | 3,6 | 2,5 | 1,8 | 2,1 | 4,5 | 9,9 | 14,6 | 16,9 | 13,6 | 10,4 | 8,0 | 5,8 |
20 | 3,6 | 2,5 | 1,8 | 2,0 | 3,4 | 6,6 | 10,3 | 13,5 | 13,3 | 10,4 | 8,0 | 5,8 |
30 | 3,6 | 2,6 | 1,8 | 1,8 | 3,0 | 4,2 | 5,2 | 5,4 | 6,8 | 10,3 | 8,0 | 5,8 |
50 | 3,8 | 2,8 | 1,9 | 1,7 | 2,4 | 3,0 | 3,4 | 3,4 | 2,8 | 3,2 | 5,9 | 5,7 |
100 | 5,0 | 5,1 | 5,1 | 4,4 | 4,7 | 5,0 | 4,9 | 4,7 | 4,7 | 4,8 | 4,9 | 5,1 |
Салёнасць марской вады змяншаецца ад Дацкіх праліваў, што злучаюць Балтыйскае мора з салёным Паўночным, да ўсходу. У Дацкіх пралівах салёнасць складае 20 праміле ля паверхні моры і 30 праміле ля дна. Да цэнтра мора салёнасць змяншаецца да 6-8 праміле ля паверхні мора, на поўначы Батнічнага заліва апускаючыся да 2-3 праміле, у Фінскім заліве да 2 праміле. З глыбінёй салёнасць павялічваецца, дасягаючы ў цэнтры мора ля дна 13 праміле.
Наяўнасць звалак хімічнай зброі (пахаванне кантэйнераў з атрутнымі рэчывамі праводзілася пасля Другой сусветнай вайны) моцна адбіваецца на экалогіі Балтыйскага мора. Навукоўцы-акіянографы на навукова-даследчыцкім судне «Прафесар Штокман» мапавалі выяўленыя судны з хімічнай зброяй, аглядалі іх з дапамогай спушчальных апаратаў, бралі пробы вады і грунту, вывучалі плыні ў раёне затопленых суднаў. У выніку гэтай працы ўсталявана, што з некаторых суднаў ужо пачаўся збег атрутных рэчываў[5].
У 2003 годзе ў Балтыйскім моры быў зарэгістраваны 21 выпадак траплення хімічнай зброі ў рыбацкія сеткі — усе ўяўляюць сабою згусткі іпрыта агульнай вагой прыкладна 1005 кг[6].
У 2011 годзе ў моры адбыўся зліў парафіну, які пашырыўся па ўсёй тэрыторыі мора. Турысты знаходзілі на пляжы буйныя кавалкі парафіну.
Балтыйскае мора багатае морапрадуктамі, апроч таго, ёсць запасы нафты, у прыватнасці, вядзецца распрацоўка радовішчы Д-6 у выключнай эканамічнай зоне Расіі ў межах Калінінградскай вобласці (55°19,66′ пн. ш. 20°34,50′ у. д.HGЯO), выяўлены жалезна-марганцавыя канкрэцыі і паклады бурштыну.
Распрацоўцы радовішчаў могуць перашкаджаць цвёрдыя экалагічныя вымогі, злучаныя з нязначным водным абменам мора з акіянам, антрапагенавым забруджаннем вод сцёкамі з тэрыторыі ўзбярэжных дзяржаў, спрыяльнымі для ўзмацнення эўтрафікацыі.
Па дне Балтыйскага мора пракладзены газавод «Паўночны паток»[7].
З-за невялікіх глыбінь у Фінскім заліве і ў Архіпелагавым моры многія месцы недаступныя суднам са значнай асадкай. Тым не менш, усе самыя буйныя з пабудаваных круізных лайнераў праходзяць праз дацкія пралівы ў Атлантычны акіян. Галоўны абмежавальны фактар — мост Вялікі Бельт.
Буйныя порты: Балтыйск, Вентспілс, Выбарг, Гданьск, Калінінград, Кіль, Клайпеда, Капенгаген, Ліепая, Любек, Рыга, Ростак, Санкт-Пецярбург, Стакгольм, Талін, Шчэцін. Праз дацкія пралівы злучаецца з морамі Атлантычнага акіяна (Паўночнае мора).
Пераправы праз пралівы: Вялікі Бельт (6790 м, 1998, Данія), Малы Бельт (1700 м, 1970, Данія), Эрэсун (16 км, 2000, Данія — Швецыя)[8], плануецца: Фемерскі (19 км, 2018, Данія — Германія)[8][9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.