Канстанцін-Бенедыкт-Станіслаў Піевіч Тышкевіч (5 (17) лютага 1806, Лагойск — 1 (13) ліпеня 1868, Мінск) — беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Хуткія факты Канстанцін Піевіч Тышкевіч, Нараджэнне ...
Канстанцін Піевіч Тышкевіч
Thumb
Thumb
Герб «Ляліва»
Нараджэнне 5 (17) лютага 1806
Смерць 1 (13) ліпеня 1868 (62 гады)
Месца пахавання
Род Тышкевічы
Бацька граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч (1756—1858), Барысаўскі павятовы маршалак (1814—1820)
Маці графіня Аўгуста Аўгустаўна-Гіяцынтаўна Плятэр (1782—1834)
Жонка Паўліна Станіславаўна Цеханавецкая
Дзеці Оскар (Оскар-Станіслаў-Пій), Марыя
Веравызнанне каталік
Член у
Адукацыя
Дзейнасць археалогія[2], этнаграфія[2], эканоміка[2], гісторыя[2] і калекцыянаванне[2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Закрыць

Паходжанне і сям'я

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», прадстаўнікі якога ў XVI—XVIII стст. адносіліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай.

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Лагойск у сям'і буйнога землеўласніка Барысаўскага павета Мінскай губерні графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча (1756—1858), барысаўскага павятовага маршалка (1814—1820), і графіні Аўгусты-Марыі Аўгустаўны-Гіяцынтаўны Плятэр (1782—1834). Хрышчаны імёнамі Канстанцін Бенядыкт Станіслаў 6 лютага 1808 г. у Лагойскім касцёле[3].

Бацька Пій быў сынам генерал-маёра войск ВКЛ графа Феліцыяна Міхалавіча-Янавіча Тышкевіча (1719—1792) ад яго першай жонкі шляхцянкі Масецкай, валодаў буйным маёнткам Лагойск (Лагойск, Антанопаль, Косін, Камень і інш.) у Барысаўскім павеце, дзе ў 1805 налічвалася 1 390 рэвізскіх душ, у 1814 — 1 455, у 1836 — 1 320. Пасля выдзялення значнай часткі маёнтка сваім дарослым сынам — Канстанціну і Яўстаху, — Пій Феліцыянавіч Тышкевіч у 1841 меў за сабой паводле рэвізіі 120 душ у маёнтку Слабодка ў Барысаўскім павеце, а ў 1853 — 392 душы.

Маці Канстанціна графіня Аўгуста-Марыя Аўгустаўна-Гіяцынтаўна Плятэр (1782—1834) нарадзілася ў сям'і прадстаўніка рэгіянальнай эліты Інфлянцкага ваяводства графа Аўгуста-Гіяцынта Канстанцінавіча-Людвікавіча Плятэра (1745—1803), дынабургскага павятовага маршалка (1779—1780), браслаўскага маршалка Таргавіцкай канфедэрацыі, і Ганны Станіславаўны Ржавускай (1761—1800), якая была дачкой Станіслава-Фердынанда Вацлававіча Ржавускага (1737—1786) і яго жонкі князёўны Кацярыны-Караліны Радзівіл (1740—1789), сястры вядомага нясвіжскага ардыната князя Караля-Станіслава Радзівіла «Пане Каханку». Гэта парадніла ўжо адносна бяднеючую магнацкую галіну лагойскіх Тышкевічаў з самымі ўплывовымі сем'ямі ВКЛ другой паловы XVIII ст. — князямі Радзівіламі, князямі Агінскімі, графамі Плятэрамі.

Родным братам Канстанціна быў Яўстах Піевіч Тышкевіча (1814—1873), барысаўскі павятовы маршалак (1844—1847), які падзяляў з ім яго густы і быў таксама вядомым замілаваным этнографам, археолагам, асветнікам, культурным дзеячам і гаспадарлівым маянткоўцам.

Жонкай Канстанціна Тышкевіча стала Паўліна Станіславаўна Цеханавецкая, дачка Станіслава Юзафавіча Цеханавецкага (каля 1788—1848), чавускага павятовага маршалка (1811—1813, 1815—1821), і яго жонкі Вікторыі Цыпрыянаўны Здзяхоўскай (каля 1810—1859). Ад іх шлюбу нарадзіліся сын Оскар (Оскар-Станіслаў-Пій), які нарадзіўся 12 сакавіка 1837 і ажаніўся з Ганаратай Навамейскай; і дачка Марыя, якая пабралася шлюбам з графам Анастазіем Тышкевічам. Оскар Канстанцінавіч Тышкевіч выхоўваўся ў Віленскім дваранскім інстытуце (створаным у 1832 на базе зачыненага Віленскага ўніверсітэта), а 24 жніўня 1859 быў прыняты (і заступіў пасля выканання прысягі 9 лістапада 1859) на вакансію пісца ў канцылярыю барысаўскага павятовага маршалка Франца Касперавіча Макрыцкага.

Біяграфія

Падчас вайны 1812 года Тышкевіч прызначаны шэфам 17-га ўланскага палка арміі Генеральнай канфедэрацыі. Вучыўся ў Забельскім дамініканскім калегіуме, Полацкай езуіцкай акадэміі. Скончыў Віленскі ўніверсітэт і 27 чэрвеня 1826 года атрымаў ступень студэнта.

У 1828 граф Канстанцін Тышкевіч па знаёмстве быў прызначаны канцылярскім службоўцам у канцылярыю міністра фінансаў (1821—1830) Царства Польскага князя Франца-Ксаверыя Францавіча Друцкага-Любецкага (1779—1846), дзе і працаваў па пачатак лістападаўскага паўстання: блізкі сваяк Канстанціна Тышкевіча граф Людовік Казіміравіч Плятэр (1775—1846), генеральны дырэктар скарбавых лясоў і сенатар Царства Польскага, быў сябрам і «правай рукой» міністра князя Фраца-Ксаверыя Друцкага-Любецкага. З 1831 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя заводы, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.

10 кастрычніка 1832 у Мінску на дваранскіх выбарах Канстанцін Тышкевіч быў выбраны дваранамі губерні на пасаду межавога суддзі ў мінскі губернскі межавы суд на кадэнцыю 1832—1835. 24 мая 1835 указам Сената Расійскай імперыі яго навуковая ступень студэнта была перайменавана на грамадзянскі чын губернскага сакратара са старшынствам для ўступлення ў службу. 27 кастрычніка 1835 быў скончаны яго тэрмін кадэнцыі ў мінскім губернскім межавым судзе.

3 чэрвеня 1836 быў прызначаны ў лік канцылярскіх службітаў (канцылярыстаў) Мінскага даваранскага дэпутацкага сходу. У чэрвені 1839 Канстанцін Тышкевіч прасіў у мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851) аб звальненні ад службы ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе і 20 чэрвеня 1839 афіцыйна быў звольнены.

7 кастрычніка 1841 у Мінску на дваранскіх выбарах быў выбраны барысаўскім павятовым дваранствам на пасаду дэпутата Барысаўскага павета па раскладцы земскіх павіннасцей (1841—1844).

Thumb
Канстанцін Тышкевіч з жонкай і сынам Оскарам у Дрэздэне, 1860-я гг. Малюнак, зроблены па фатаграфіі

У Мінску 11 снежня 1850 мінскі павятовы маршалак Ігнат Стэфанавіч Багдашэўскі, які ў той дзень выконваў абавязкі мінскага губернскага маршалка замест адсутнага Атона Ігнатавіча Горвата, у сваім звароце да мінскага губернатара (1850—1857) Фядота Мікалаевіча Шкларэвіча паведаміў: «Дваранства Мінскай губерні пры сённяшнім звычайным для выбараў сходзе 11 снежня 1850 года вызначыла наступнае: Дваранства Мінскай губерні, знаходзячыся ў пакорнай адднасці прастолу і выконваючы з усёй святасцю па ўсім часткам волю ўрада, адчуваючы, што заслужыла большы ў параўнанні з цяперашнім давер урада, найадданей просіць Найміласцівейшага гаспадара: 1) аддаць вечнаму забыццю існуючы над некаторымі асобамі надзор і, драваўшы ім іх віну, дазволіць ім удзельнічаць у балаціроўцы і быць выбранымі на пасады на дваранскіх выбарах; 2) дазволіць дваранству выбіраць сярод сябе чыноўнікаў як па міністэрству юстыцыі, так і міністэрству ўнутраных спраў, скараціўшчы дзесяцігадовы тэрмін службы, устаноўлены для губерні; 3) дваране, маючы патрэбнасць у прыватных зносінах з суседнімі губернямі па розным камерцыйным і эканамічным, а роўна і па сваяцкім сувязям, паводле распараджэння ўрада, не могуць адлучацца ў іншыя губерні без пашпарту начальніка губерні, для атрымання якога з-за значных адлегласцей некаторых мясцін ад губернскага горада патрабуецца шмат часу. Няхай дазволена будзе дваранам за білетамі павятовых маршалкаў дваранства ці земскіх судоў адлучацца ў суседнія губерні, тыя, прынамсі, якія знаходзяцца пад кіраўніцтвам спадара віленскага ваеннага генерал-губернатара. Новыя міласці гэтыя Вялікадушнага манарха дадуць дваранству мажлівасць і сродкі даказаць шчырыя свае да гаспадара-імператара пачуцці адданасці і заслужыць спаўна Яго імператарскай вялікасці давер. Паведамляючы аб гэтым на вырашэнне Вашага правасхадзіцельства з суправаджэннем копіі, маю гонар найпакорней прасіць аб прыняцці з боку Вашага начальства хадайніцтва, спадзяючыся, што цяперашні ўрад не пакіне звярнуць увагу на выказаную просьбу дваран». Пастанова гэтая прынята на губернскім сходзе дваранамі аднагалосна і падпісана губернскім і павятовымі маршалкамі. Просьба дваран Мінскай губерні была задаволена толькі часткова.

18 студзеня 1851 мінскі губернатар Фядот Шклярэвіч сваім пісьмовым зваротам да мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894) паведаміў: «Гаспадар-імператар Найвысачэй зволіў падараваць міласці асобам у дазваленні ўдзельнічаць у дваранскіх выбарах. Атрымаўшы аб гэтым прапанову спадара Віленскага ваеннага і генерал-губернатара Гродзенскага, Мінскага і Ковенскага, я доўгам сваім лічу перадаць Вашаму правасхадзіцельству спіс памянутых маянткоўцаў, якім дазволена ўдзельнічаць у дваранскіх выбарах. Грамадзянскі губернатар Ф. Шларэвіч». У тым спісе значыліся наступныя маянткоўцы, на якіх распаўсюджвалася імператарскае дараванне:

Такім чынам з Канстанціна было знята абмежаванне, калі ён не мог быць выбраным на выбарную дваранскую пасаду па міністэрству юстыцыі (павятовага суддзі, старшыні судовай палаты) ці па міністэрству ўнутраных спраў (павятовага маршалка, губернскага маршалка).

У верасні 1853 у Мінску на дваранскіх выбарах Канстанцін Тышкевіч быў выбраны павятовым дваранствам на пасаду барысаўскага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства), але мінскі губернатар яго не зацвердзіў з-за невыслугі Тышкевічам належных 10 год абавязковай кароннай службы, а толькі 7 гадоў і 9 месяцаў. У выніку была прызначана новая балаціроўка, калі быў выбраны барысаўскім павятовым маршалкам (1853—1856) Аляксей Міхалавіч Чудоўскі, адстаўны маёр.

Увайшоў членам (роўна як і Віктар Фларыянавіч Свіда, Ігнат Бялінскі і Дамінік Лапа) ад Барысаўскага павета ў склад створанага 30 жніўня 1858 Мінскага губернскага камітэта па сялянскай справе (1858—1861) — камітэта па падрыхтоўцы дваранамі праекту сялянскай рэформы.

Культурная і навуковая дзейнасць

Thumb
Палац Тышкевічаў у Лагойску. Малюнак Напалеона Орды, 1870-я гг.
Thumb
Замалёўка тыпаў сялян падчас экспедыцыі па Віліі

На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. Шмат вандраваў па Расійскай імперыі і замежжы, член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. Займаўся археалагічнымі раскопкамі — даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губерні, стварыў першыя тапаграфічныя планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. Першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і звёў іх у табліцы. У 1856 арганізаваў экспедыцыю па рацэ Віліі, у выніку якой сабраў багаты этнаграфічны матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі» («Wilja i jej brzegi», Дрэздэн, 1871; на польскай мове). Адзін з раздзелаў кнігі «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» («O kurhanach na Litwie i Rusi Zachodniej», 1868; на польскай мове) прысвяціў знаходкам старажытнай пісьменнасці ятвягаў. Паклаў пачатак вывучэнню старажытных гарадоў Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і інш. Супрацоўнічаў разам з братам Яўстахам Тышкевічам з газетай «Kurier Wileński» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў Адам-Ганорый Кіркор.

Багатыя зборы Канстанціна Тышкевіча ў значнай ступені разышліся за межы сучаснай Беларусі (Вільнюс, Варшава, Масква, Паланга і інш.).

Маёнткі

У 1850 годзе за графам Канстанцінам Тышкевічам лічылася ў Барысаўскім павеце 442 рэвізскія душы, а ў 1862 — 462 рэвізскія душы былых прыгонных.

Ушанаванне памяці

Thumb
Надмагілле Канстанціна Тышкевіча ў Лагойску

Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам.[4] Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі.[5]

Зноскі

  1. http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/tyszkiewicz-konstanty/ Праверана 30 жніўня 2022.
  2. Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
    <a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q13550863'></a>
  3. 1. НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 47. Арк. 17 адв. - 18.

Літаратура

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.