Магілёў
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Магілё́ў[3] (трансліт.: Mahilioŭ) — горад абласнога падпарадкавання ва ўсходняй частцы Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Магілёўскага раёна і Магілёўскай вобласці. Порт на рацэ Дняпро. Знаходзіцца за 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў, аўтамабільных дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Трэці паводле колькасці насельніцтва горад краіны. Насельніцтва 381 353 чал. (2018)[4].
Горад
Магілёў
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Тапонім «Магілёў», відавочна, мае патранамічнае паходжанне — ад асабістага імя Магіла, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад адпаведнай славянскай асновы[5]. Выказваліся таксама меркаванні пра сувязь тапоніма з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў у 1267 годзе замак у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага)[6].
Народнае паданне звязвае назву горада з імем асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле «Запісак ігумена Арэста», у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка[7]
Паводле археалагічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасада яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла мелася даўняе ўмацаванне[8]. У пач. XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам феадальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. У пачатку XIV ст. горад далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці.
Упершыню Магілёў згадваецца ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх», што датуецца канцом XIV ст. Таксама ёсць паданне пра заснаванне горада галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам у XIII ст., ад якога імя горад нібыта атрымаў сваю назву, але гэтыя звесткі неверагодныя. Імаверна, горад заснаваны ў 2-й палове XIV ст., больш ранняга матэрыялу археалагічныя даследаванні не выявілі, і на месцы будаўніцтва першага замка будаўнікамі быў выяўлены вялікі старажытны грунтавы могільнік — відаць, адсюль пайшла назва горада. У гэты час Магілёў знаходзіўся ва ўладанні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 годзе ён перайшоў да вялікага князя Свідрыгайлы, а ў 1503 — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.
У XV ст. Магілёў быў адным з важных пунктаў на гандлёвых шляхах, што вялі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, тут мелася ўласная мытня. Пад 1447 годзе згадваецца праваслаўная Спаская царква. У пачатку XVI ст. горад увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У сувязі з падзеннем Смаленска (1514) і пераходам яго на стагоддзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта яго ваколіцы неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гг.) цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, якія, аднак, самім горадам авалодаць не здолелі. У 1526 годзе скончылася будова новага замка. У 1561 годзе горад атрымаў права на войтаўства.
Магiлёў атрымаў магдэбургскае права ў 1561 г., а 28 студзеня 1577 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Магілёву поўнае Магдэбургскае права і першы герб. У велікакняжацкай грамаце зазначалася[9]:
А иж бы тое место неякою помноженья оздоб своих не мело, с тое ласки нашего господарское надаем тому месту печать мескую. Вежу мурованую, высоко выведеную, которую врат того места. У судов и инших справах и потребах печатовоти и того герба уживати мает вечными часы. |
На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588—1500 жылых дамоў[10]). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 г. маскоўскія захопнікі цалкам знішчылі Задубровенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога горада і замка быў безвыніковым[10]. Пад 1588 упершыню згадваецца тутэйшы рымска-каталіцкі касцёл. Недзе ў 1590—1592 гг. у Магілёве адкрылася агульнаадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гг. ішло ўзвядзенне першага мураванага будынка — Фарнага касцёла. 13 снежня 1595 г. казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40 % забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[10], і знішчылі значную колькасць гараджан. Захавалася паведамленне пра тыя падзеі:
У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, з якіх прычын гэта сталася, ні з гyльтайства, ні з маскоўскага нацкоўвання, бо ў гэты час міру з Масквою нe было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта з людской памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог гараджан-мучанікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў. Магілёўская хроніка |
У 1601—1633 гг. завяршылася будаўніцтва развітой абарончай сістэмы гарадскіх умацаванняў з трох ліній абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокі горад», другая лінія ўмацаванняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Стары горад і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасць брам. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 соцень. У межах Старога горада (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астрожская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку размяшчалася Ледкаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзянеўская, Перахрысценская, Слабодская, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трыснёнская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.
У пачатку XVII ст. Магілёў быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 налічваў 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў[11]), меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой на працягу XVII—XVIII стст. надрукавалі каля 40 кніжак. У 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную епархію[10]. У сяр. XVII ст. умацаванні Старога горада налічвалі 4 брамы: Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які абкружаў Новае горада, стаяла 8 драўляных брам: Курдзянеўская (Гваздоўка), Ледзвяеўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трыснёнская, Быхаўская, Папінская.
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 годзе магілёўцы здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 г. у выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйную залогу[12]. За выяўленую ў час паўстання мужнасць 9 чэрвеня 1661 г. кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй. Апроч таго, горад атрымаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[13]. У 1681 годзе на гандлёвай плошчы ўзвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у горадзе дзейнічаў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 8 верасня 1708 года расійскія войскі па загаду цара маскоўскага Пятра I спалілі Магілёў. На 1745 год у горадзе быў 1301 будынак[10], працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіннікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасад знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Св. Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювеліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзейнічала 9 праваслаўных цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Уваскрэсення Хрыстова і Пакрова Прасв. Багародзіцы), 6 рымска-каталіцкіх касцёлаў і 3 кляштары (кармелітаў, езуітаў і бернардзінцаў). На 1765 год у горадзе налічвалася 1879 будынкаў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Магілёў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губерні. 22 лістапада 1773 года тут размясціўся цэнтр Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся семінарыя і акадэмія. У 1780 годзе ў горадзе адбылася сустрэча паміж расійскай імператрыцай Кацярынай II і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II, у гонар чаго быў закладзены Сабор Св. Іосіфа. У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У канцы ХVIII ст. у горадзе было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавала 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крам, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.
У 1809 годзе на базе народнага вучылішча (дзейнічала з 1789 года) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 года горад на пэўны час занялі французскія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадах праз горад прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбургска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музей, у 1888 годзе завяршылася будоўля гарадскога тэатра. У 1879 годзе з’явіўся водаправод. У час Усерасійскага перапісу (1897) 12 847 магілёўцаў (або 29,79 % ад усіх гараджан) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказчыкам сярод усіх гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў.
У Першую сусветную вайну са жніўня 1915 года ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у горадзе спыняўся расійскі цар Мікалай II. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях, мітынгах і сходах, у дзейнасці палітычных партый, суполак, таварыстваў і арганізацый. Выходзілі газеты «Могилевский вестник», «Труд», «Жизнь», «Эхо» і інш. У сакавіку 1917 года быў створаны Магілёўскі Беларускі камітэт, адным з арганізатараў, а пазней старшынёй МБК быў Міхаіл Кахановіч. Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага пасля абвяшчэння савецкай улады ў лістападзе 1917 года занялі савецкія войскі.
У студзені 1918 года польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне на Магілёў. 5 сакавіка горад занялі германскія войскі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёўская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па ініцыятыве МБК 31 сакавіка быў праведзены агульнагарадскі сход (каля 400 дэлегатаў) на якім было прынята рашэнне аб падтрымцы стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Германскія войскі адышлі пад канец 1918 года.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад БССР, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць яго са складу рэспублікі ў склад РСФСР. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Магілёўскую губерню часткай РСФСР. У 1924 годзе Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёна (з 1938 года цэнтр Магілёўскай вобласці).
У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да чэрвеня 1944 года Магілёў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасылачны лагер для ваеннапалонных. Загінула 70 тыс. чал. У Магілёве дзейнічала падполле. Горад вызвалены ў чэрвені 1944 года войскамі 2-га Беларускага фронту падчас Магілёўскай аперацыі. У пасляваенныя гады Магілёў быў адбудаваны.
У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса. У 2005 годзе гістарычны герб горада атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў.
Тэрыторыя горада падзяляецца ракой Дняпро на дзве няроўныя і неаднолькавыя па рэльефе часткі. Правабярэжная частка ўяўляе сабой паката-ўзгорыстае плато, якое абрываецца крутым уступам у даліне Дняпра. Левабярэжная частка горада размешчана ў даліне ракі Дняпро, на яго пойменай тэрасе. У тэктанічных адносінах тэрыторыя горада размешчана ў межах Маскоўскай упадзіны.
Даледавіковыя асадкавыя пароды выходзяць на дзённую паверхню ў агаленні рэк у выглядзе чацвярцічных адкладанняў. Яны з’яўляюцца ападкамі мораў палеазойскай і мезазойскай эр, што неаднаразова пакрывалі сучасную тэрыторыю Магілёўшчыны. Карэнныя пароды ў межах горада залягаюць пад моцнай тоўшчай чацвярцічных адкладанняў.
З чацвярцічнымі адкладаннямі звязана наяўнасць у наваколлях Магілёва карысных выкапняў — лесавідных і альвіальных суглінкаў, што ідуць на выраб цэглы. Пад суглінкамі ляжаць пяскі, што змяшчаюць жвір, які здабываецца для патрэб будаўніцтва. Валуны, што знаходзяцца ў пясках, служаць для пакрыцця дарог. Кварцавыя пяскі з’яўляюцца сыравінай для вытворчасці шкла, сілікатнай цэглы, бетону. У мелавых адкладаннях сустракаюцца фасфарыты. У пойме Дняпра, паблізу Палыкавіч, маюцца значныя залежы балотных жалезных руд[14].
На тэрыторыі горада цякуць з поўначы на поўдзень і ўпадаюць у Дняпро справа невялікая рака Дубравенка (з прытокам Струшня) і ручай Дзебра. У межах Магілёва Дубравенка працякае па старой добра распрацаванай даліне, шырынёй да 150 м. Крутыя схілы карэннага берага падымаюцца на 18—20 м, прарэзаны шматлікімі ярамі. Рэчышча ракі моцна меандыруе і падмывае карэнныя берагі. Паблізу вусця схілы Дубравенкі маюць шматлікія сляды аплывін і апоўзняў. У цяперашні час гэтыя працэсы тармозяцца ненатуральнымі насаджэннямі дрэў і кустоў ці тэхнічным спосабам (забіўка свай, цэментаванне водаатводаў і г. д.). Зімою рака амаль не памяншае свой дэбет, замярзае толькі ў самыя моцныя маразы, ды і то не цалкам, заўсёды застаюцца праталіны. Пры паслабленні марозу ўтвораны лёд зноў растае, паводкі на Дубравенцы звычайна праходзяць хутка, за некалькі дзён. Пасля таго, як выйдзе з берагоў Днепр, Дубравенка ў нізоўях амаль спыняе цячэнне, яе падпіраюць воды Дняпра.
Струшня — прыток Дубравенкі, які пачынаецца 2 вытокамі ў раёне станцыі Магілёў II з невялікіх лагчын. У межах горада даліна ракі мае крутыя схілы і шырыню днішча 5—7 м. Ніжэй элеватара ў Струшню справа ўпадае ручай, пасля чаго пачынаецца яго пастаянны вадаток, які хутка расце за кошт крыніц. Набліжаючыся да вусця, даліна Струшні прыкметна пашыраецца і ўступае ў крутыя, моцна расчлянёныя схілы, зложаныя рыхлымі пародамі, схільнымі да працэсаў апоўзняў і асыпкаў.
Дзебра — правы прыток Дняпра. Цалкам працякае ў межах горада. Пачынаецца ў раёне станцыі Магілёў III з плоскай лагчыны, дзе калісьці было балота. На ўсім працягу даліна Дзебры добра выражаная. Схілы крутыя, сфарміраваныя рыхлымі пародамі, моцна расчлянёныя і зрэзаныя ярамі.
Азёр у наваколлях Магілёва няма. Ёсць сажалкі — Пашкаўская і Любужская[15].
У 6 км на паўночны ўсход ад Магілёва са шчыліны здабываюць сульфатна-хларыдныя, кальцыева-натрыевыя воды сярэдняй мінералізацыі, рэкамендаваныя для лячэння страўнікава-кішачных захворванняў. У 15 км на паўднёвы захад ад Магілёва здабываюць сульфатныя магніева-кальцыевыя маламінералізаваныя воды. Выкарыстоўваюцца ў якасці лекавых сталовых водаў пры страўнікава-кішачных захворваннях. У 5 км на поўнач ад Магілёва здабываюцца маламінералізаваныя сульфатныя магніева-кальцыевыя воды[16].
Клімат Магілёва | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 9,8 | 12,9 | 19,8 | 29,1 | 32,0 | 33,0 | 36,3 | 36,8 | 30,6 | 25,5 | 14,5 | 10,9 | 36,8 |
Сярэдні максімум, °C | −3 | −2,5 | 3,0 | 12,0 | 18,6 | 21,5 | 23,6 | 22,7 | 16,7 | 9,9 | 2,3 | −2 | 10,2 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,3 | −5,5 | −0,8 | 6,7 | 12,9 | 16,1 | 18,1 | 17,0 | 11,6 | 6,0 | −0,1 | −4,2 | 6,0 |
Сярэдні мінімум, °C | −7,8 | −8,5 | −4,2 | 2,0 | 7,3 | 10,8 | 12,7 | 11,6 | 7,1 | 2,6 | −2,3 | −6,6 | 2,1 |
Абсалютны мінімум, °C | −37,3 | −34,7 | −35 | −17,7 | −4,4 | −0,7 | 3,0 | 0,9 | −4,8 | −14,8 | −23,5 | −33,4 | −37,3 |
Норма ападкаў, мм | 39 | 34 | 39 | 41 | 53 | 75 | 81 | 65 | 55 | 54 | 45 | 41 | 622 |
Крыніца: Надвор'е і Клімат |
Клімат Магілёва ўмеранна-кантынентальны. Больш за 100 дзён у год няма сонца. У сярэднім у зімовым месяцы няма сонца 17—20 дзён. Найбольш халодны месяц — студзень. Вясна пачынаецца ў канцы сакавіка, калі сярэднесутачная тэмпература паветра становіцца плюсавой. Лета цёплае, сонечнае. Дажджы ў асноўным ліўневыя, кароткатэрміновыя. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца — ліпеня — +18 градусаў, у чэрвені і жніўні на 1,5 градуса ніжэй, чым у ліпені. Усяго ў летнія месяцы ў сярэднім бывае 22 гарачыя дні з сярэднесутачнай тэмпературай вышэй +20 градусаў. Восень пачынаецца пры пераходзе сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +10 градусаў (22 верасня) да меншага значэння і завяршаецца пры пераходзе праз 0 градусаў (14 лістапада). У першай палове восені шмат сонечных дзён, для другой паловы найбольш характэрна пахмурнае надвор’е з зацяжнымі імжачымі дажджамі.
Для Магілёва, як і для ўсёй Беларусі, характэрна высокая адносная вільготнасць, якая з кастрычніка па сакавік перавышае 80 % і такой застаецца ў начныя часы астатніх месяцаў, толькі днём паніжаецца да 50—60 %. Усяго за год у горадзе бывае 134 вільготныя дні (з вільготнасцю больш як 80 %) і толькі 12 сухіх (вільготнасць хаця бы на кароткі час роўная ці ніжэйшая за 30 %). 62 % часу года над горадам захоўваецца пахмурнае неба, 22 % — яснае. У астатні час пануе пераменная воблачнасць. У сярэднім за год выпадае 679 мм ападкаў, адзначаецца 182 дні з ападкамі. 2/3 ападкаў прыпадае на красавік — кастрычнік. З агульнай колькасці ападкаў 72 % выпадае ў вадкім відзе, 15 % — у цвёрдым і 13 % — у змешаным.
Сярэдняя шматгадовая велічыня атмасфернага ціску ў раёне метэаралагічнай станцыі Магілёў —745 мм рт. сл. (993 гПа). Змяненні ціску на працягу года невялікія. Са змяненнем ціску звязана ўзмацненне ветру. Вятры ўсіх напрамкаў амаль раўнападобныя, у халодны перыяд года трохі пераважаюць паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія, летам — паўночна-заходнія, восенню — заходнія. Максімальная хуткасць ветру — 25—30 м/с. Туманы бываюць 65 дзён за год[17].
У Магілёве і наваколлі жывуць 200 відаў пазваночных, з якіх 25 млекакормячых, каля 100 птушак, больш 20 відаў рыб, 8 земнаводных, 3 віды паўзуноў, а таксама больш як 300 відаў беспазванковых[18].
Сярод млекакормячых лесапарку сустракаюцца вавёрка, крот, вожык, на ўскраінах горада сустракаецца заяц, вядомы выпадкі заходу ў горад лася, янотападобнага сабакі. З драпежнікаў сустракаюцца гарнастай, чорная тхара, ласка. Часам у межах горада на вадаёмах паяўляюцца бабры. Шматлікія пацукі (чорны і шэры), мышы (хатняя, палявая, лясная), палёўка (рыжая, звычайная).
Багатая арнітафаўна. Па колькасці асобін першае месца належыць вераб’ям (палявы, дамавы), часцей сустракаюцца галкі, гракі, вароны, сарокі, сініцы, шпакі, сустракаецца голуб шызы, на пойменных азёрах-старыцах — вадаплаўныя. Зімою ў горад прылятаюць сойкі, снягіры, амялушкі. У парках і садах жывуць: дрозд-рабіннік, зяблік, мухалоўка-стракатка, салавей, канаплянка, зелянушка, садовая валасянка, шчыгол, гарыхвостка. У наваколлі горада гняздуюцца белы бусел, палявы жаваранак, зязюля, круцігалоўка, у пойме Дняпра — чайка звычайная, берагавая ластаўка, пліска белая, кнігаўка і іншыя пароды[19].
Рыбы прадстаўлены некалькімі сем’ямі. Пераважаюць карпавыя: плотка, верхаводка, лешч, карась, ялец. Сустракаюцца акунь, шчупак, галец.
З паўзуноў і земнаводных водзяцца вужы, яшчаркі, жабы, рапухі.
У горадзе і наваколлі сустракаюцца прадстаўнікі жывёльнага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу і патрабуюць аховы. З адзначаных для Магілёўшчыны ахоўных жывёл у прыгараднай зоне могуць сустракацца: з млекакормячых — барсук; з птушак — чорнаваллёвая гагара, звычайны зімародак, звычайная пустальга, шэры саракуш; з земнаводных і паўзуноў — балотная чарапаха, мядзянка; з рыб у Дняпры і яго прытоках — рыбец, вусач; з насякомых — матылі.
Родная мова | ||||
---|---|---|---|---|
Мова | 2009[27] | % | 2019[28] | % |
беларуская | 157 157 | 43,86 | 142 475 | ▼39,93 |
руская | 181 611 | 50,69 | 180 929 | ▲50,71 |
Мова, на якой звычайна размаўляюць дома | ||||
---|---|---|---|---|
Мова | 2009[27] | % | 2019[28] | % |
беларуская | 22 002 | 6,14 | 85 104 | ▲23,85 |
руская | 316 712 | 88,40 | 237 876 | ▼66,67 |
У XVII—XVIII стст. Магілёў вядомы як рамесна-гандлёвы цэнтр, які меў гандлёвыя сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—1784 гадах дзейнічалі 33 прамысловыя прадпрыемствы, у т.л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя заводы, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала ў 1805 годзе — буйны рачны порт. Развіццё прамысловасці паскорылася ў другой палове XIX ст. У 1854 годзе ў Магілёве дзёйнічалі 27 цагельных заводаў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прамысловасці; у 1859 — 189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885 — 124 прадпрыемствы, у т.л. пенькатрапальная мануфактура, тытунёвыя прадпрыемствы, піваварны завод; у 1897 — 220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гарадскі водаправод, у 1878 — тэлефон. На пачатку 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 годзе пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны завод, у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах Магілёва працавала 712 рабочых. У 1919 годзе дзейнічалі чыгуналіцейна-механічны, маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя заводы, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая фабрыкі, электрастанцыя, гардрукарня[29].
У 1920—1930-я гадах Магілёў ператварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтр БССР. У 1926—1921 гадах пачала дзейнічаць кандытарская фабрыка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны завод, завод металічных вырабаў. У 1929—1930 гадах пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хімічнай прамысловасці — фабрыка штучнага шоўку. У 1926—1932 гадах пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гарадскія аўтобусныя маршруты. У 1933—1937 пабудаваны заводы: аўтарамонтны, клеявы, цагельны, мэблевая фабрыка. У 1940 годзе ў Магілёве 210 прамысловых прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны значная частка прамысловага абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысловыя прадпрыемствы[29].
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Магілёве пачалі аднаўляцца даваенныя і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапрацоўчы камбінат (з 1958 завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата будаўніцтва завода натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны завод). У 1950-я гг. Магілёў стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. 3 1960 працуе фабрыка мастацкіх вырабаў. 3 1963 тут працуе стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — камбінат сінтэтычнага валакна, камбінат сілікатных вырабаў. 3 1970 у Магілёве пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабудаванне (завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хімічная (вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны завод і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», фабрыкі швейная, «Світанак» і інш.), харчовая (камбінаты мясны, малочны, завод напіткаў, хлебазавод і інш.) прамысловасць. Працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапрацоўчая прамысловасці[29].
Магілёў — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Магілёў», «Турыст», «Космас-Корт», «Кім», «Ліра», «Севяранка», «Сігнал», гасцініца ААТ «Магілёўхімвалакно», «Славянская», «Губернская», «Metropol», «Славянская традиция».
Таксама створана СЭЗ Магілёў.
У Магілёве працуюць аўтавакзал, чыгуначныя станцыі Магілёў 1, Магілёў 2, Магілёў 3, Лупалава.
Паблізу горада размешчаны аэрапорт Магілёў.
Тэатры: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек. З 1990-х у Магілёве праводзяцца міжнародныя фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» і інш. З 2006 года праводзіцца маладзёжны тэатральны форум «М@rt.кантакт».
Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязнаўчага музея), Магілёўскі мастацкі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі), музей гісторыі Магілёва[29].
У Магілёве 19 масавых бібліятэк, у т.л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем[29].
Першыя школы ў Магілёве ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—1592 гадах пры Спаскім манастыры заснавана брацкая школа, у якой вывучалі грэчаскую, лацінскую, беларускую, польскую мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я гады адкрыта піярская школа (навучальная ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лацінская і польская мовы, матэматыка, фізіка і інш[29].
Пасля далучэння Беларусі да Расіі ў 1772 годзе ў Магілёве пачалі адкрывацца рускія школы і вучылішчы. У 1789 годзе створана 4-класнае галоўнае народнае вучылішча, на базе якога ў 1809 годзе адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 годзе створаны жаночая гімназія, цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтральная фельчарская школа (на яе базе ў 1917 годзе створана медыцынскае вучылішча, зараз — Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж), у 1885 — рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пачатку 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, музычная школа, курсы бухгалтараў. У 1912 годзе ў Магілёве 4 гімназіі, прыватная яўрэйская жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т.л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т.л. жаночая 2-класная, 5 царкоўна-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя[29].
У 1913 годзе заснаваны Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны педагагічны інстытут). У 1923 годзе заснаваны педагагічны тэхнікум, у 1928 — культурна-асветнае вучылішча (з 1990 года — вучылішча культуры), у 1937 — музычнае вучылішча. У 1932—1936 гадах дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—1953 гадах пры педагагічным інстытуце існаваў настаўніцкі інстытут[29].
У Вялікую Айчынную вайну большасць навучальных і культурна-асветніцкіх устаноў разбурана. Да канца 1945 года адноўлены 12 агульнаадукацыйных школ, адкрыты будаўнічны тэхнікум, у 1946 годзе заснаваны бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум. У першыя пасляваенныя гады працавалі педагагічны і настаўніцкі інстытуты, 3 будаўнічыя школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 годзе адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхналагічнага факультэта ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). 3 1967 года працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум[29].
У 1998/99 навучальным годзе ў Магілёве: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т.л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, музычная і тэатральна-мастацкая творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалагічнага профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т.л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэматычным, філалагічным, грамадска-эканамічным, хіміка-біялагічным, эканамічна-прававым і інш. профілямі; 6 музычных і 23 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы; 16 прафесесійна-тэхнічных вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т.л. школа міліцыі, вучылішчы медыцынскага і алімпійскага рэзерву; 4 ВНУ, у т.л. недзяржаўны фінансава-эканамамічны інстытут[29].
Магілёў падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. Цэнтральны раён скасаваны ў 2003 годзе.
Кастрычніцкі раён г. Магілёва заснаваны 25 снежня 1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1980-я гады пачалося жыллёвае будаўніцтва для хімікаў. У раёне сканцэнтравана больш за палову прамысловага і тэрытарыяльнага патэнцыялу Магілёва. Два прадпрыемствы Кастрычніцкага раёна — вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» і сумеснае прадпрыемства «Белпак» — вырабляюць 77 % прадукцыі раёна, а разам з аўтазаводам імя С. Кірава і мясакамбінатам — 90 %. Гэтыя прадпрыемствы вызначаюць палажэнне не толькі ў раёне, але і ў горадзе ў цэлым. Акрамя гэтага, у раёне знаходзіцца яшчэ 27 прадпрыемстваў: аўтобусны парк, АП «Вольт» і інш. Працуе больш за 30 магазінаў, бібліятэкі, дзіцячы парк, кінатэатры «Ветразь» і «Космас», Палац культуры «Хімвалакно», «Лядовы палац», Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Сучасны гуманітарны інстытут[30].
Ленінскі раён Магілёва заснаваны 25 снежня 1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, згодна з якім у горадзе было створана два раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. У 1979 годзе Ленінскі раён даў нараджэнне яшчэ адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы — Цэнтральнаму раёну. Плошча Ленінскага раёна — 24,9 км², у тым ліку каля 500 га зялёных насаджэнняў, у прыватнасці — Пячэрскі лесапарк. Колькасць жыхароў раёна паводле перапісу 1999 г. — 95958 чалавек. У раёне размешчана 22 прамысловыя прадпрыемствы. Яго эканоміка прадстаўлена наступнымі галінамі: машынабудаванне, прыборабудаванне, дрэваапрацоўчая вытворчасць, лёгкая і харчовая прамысловасць і інш. Да паслуг жыхароў раёна — Дом спорту, спорткомплекс «Лакаматыў», фізкультурна-аздараўляльны камбінат, 23 спартыўныя залы, 3 басейны і г. д. Вельмі папулярныя масавыя святы, якія праходзяць на стадыёне «Лакаматыў». У Ленінскім раёне дзейнічаюць абласны тэатр лялек, Цэнтр культуры і вольнага часу, два Домы культуры, 6 клубаў, 11 творчых калектываў, працуе дзіцячая школа мастацтваў, музыкальная школа, 5 масавых бібліятэк, ведамасныя бібліятэкі і інш.[31].
Цэнтральны раён быў створаны 7 снежня 1979 г. ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР шляхам разбуйнення ўжо існуючых Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў. На тэрыторыі раёна знаходзіліся: Магілёўскі ўніверсітэт імя А. Куляшова, Магілёўскі недзяржаўны фінансава-эканамічны інстытут, педагагічны факультэт Беларускай акадэміі музыкі, 6 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 7 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, 17 школ; абласны драматычны тэатр і 3 кінатэатры; 5 музеяў; касцёл Св. Станіслава (18 ст.), жаночы манастыр (17—18 стст.), архіярэйскі і архіепіскапскі палацы (18 ст.). На тэрыторыі раёна знаходзілася больш за 35 прадпрыемстваў: завод «Зеніт» па вытворчасці апаратуры высокачастотнай сувязі, завод «Электрарухавік», Магілёўская фабрыка марожанага, ПКФ «Валеры», адкрытае акцыянернае таварыства «Лента» і інш.[32]. Раён скасаваны ў 2003 годзе.
У выніку археалагічных раскопак на ўсходняй ускраіне Магілёва выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), старажытныя гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.)[29].
Ядром старажытнага горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. Магілёў складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандлёвага пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з усходу Дняпром, з захаду Дубравенкай, з поўначы замкавым ровам) і гандлёвай плошчы паміж імі. Каля 1526 года на месцы старога пабудаваны новы замак. У 16 ст. тэрыторыя пасада значна пашырылася, на поўнач ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад)[29].
У 1609—1633 гадах узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура Магілёва. Яго цэнтрам стала Гандлёвая плошча (цяпер Славы; у 1604 годзе яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 галоўныя вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (паўночны захад), Быхаў (захад) і Мсціслаў (поўдзень[удакладніць]) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада[29].
У 17—18 стст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: комплекс Мікалаеўскай царквы, Богаяўленскі манастыр, касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл[29].
У 1708 годзе ў час Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў Магілёў спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план Магілёва, які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пачатку 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 годзе пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай плошчы (былая Гандлёвая) з адміністрацыйнымі будынкамі і Саборнай плошчы з Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манументальнай брамай і будынкам манежа. Архітэктурна-мастацкае аблічча цэнтральнай часткі горада ў 18—19 стст. вызначалі Спаскі манастыр, будынкі духоўнай семінарыі, архіепіскапскі палац, архірэйскі палац, касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы[29].
На планіровачную структуру Магілёва канца 19 — пачатку 20 ст. значна паўплывала будаўніцтва чыгункі ў 1902 годзе. У паўночнай частцы горада ўтворана Прывакзальная плошча з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абласнога драматычнага тэатра сфарміравалася Тэатральная плошча. Тэрыторыя горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана сядзіба «Піпенберг». Мураваньм жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены будынкі банка, губернскага праўлення, дваранскага сходу, жаночага епархіяльнага вучылішча, крэдытнага таварыства, настаўніцкага інстытута, Барысаглебскія цэрквы, будынкі пазямельна-сялянскага банка, рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі[29].
У першай палове 20 ст. ў Магілёве рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае будаўніцтва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі Магілёва 1936—1939 гадоў, распрацаваны інстутутам «Белдзяржпраект» (арх. Н. Трахтэнберг, М. Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярньм дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адміністрацыйна-грамадскі цэнтр — плошча Леніна. У 1938—1940 гады тут пабудаваны Дом Саветаў, адміністрацыйны будынак (цяпер корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта; арх. П. Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А. Брэгман і А. Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У. Вараксін) і інш[29].
Пасля Вялікай Айчыннай вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. М. Андросаў, Г. Парсаданаў). Асноўная ўвага аддавалася забудове цэнтральнай вуліцы Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. 3 1960-х гадоў Магілёў забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў заходняй частцы горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, −2 (з 1964), пазней ва ўсходнім напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І. Фралоў). Паводле генплана 1969 года («Белдзяржпраект», арх. Ю. Глінка, М. Трыгубовіч, М. Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсходнім і паўднёвым напрамках. У паўднёвай частцы сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрава. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння транспартнай сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтральнай частцы горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. І. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання (арх. І. Фралоў, Р. Борахаў, Я. Бранцаў, Ю. Іўжанка), будынкі былога абкама КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А. Кучарэнка, Ю. Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. Канстанцін і Г. Аляксеевы), у іншых частках горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В. Астаповіч, Г. Бенядзіктаў, А. Лукомская) і «Турыст» (арх. Р. Борахаў, А. Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. М. Семяненка, А. Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я. Смальгоўскі, В. Ладыгіна, В. Астаповіч), карпусы інстытутаў педагагічнага (арх. І. Фралоў, А. Кучарэнка, Г. Аляксеева), машынабудаўнічага (В. Шаўчэнка, А. Кучарэнка, А. Юрын) і тэхналагічнага (Ю. Павалій, У. Начараў, С. Сень), навукова-тэхнічнага аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх. В. Кільчыцкі), абласнога статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І. Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. А. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г. Бранцаў, С. Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. А. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І. Магазінер), цэнтральнага райвыканкама і філіяла Белаграпрамбанка (арх. А. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А. Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У. Свінарэнка), друку (арх. А. Шарапава) і інш[29].
Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А. Горб, М. Мызнікаў) горад развіваўся ў паўночна-ўсходнім напрамку, ствараўся агульнагарадскі цэнтр уздоўж праспекга Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах Магілёва пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывідуальных праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам[29].
3 1993 года інстытутам «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле інстытута «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана[29].
У Магілёве брацкія магілы: савецкіх воінаў; апалчэнцаў; савецкіх воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемарыяльныя комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л. Гумілеўскі, арх. К. Аляксееў, А. Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А. С. Пушкіну, М. Горкамуу, Герою Савецкага Саюза І. С. Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А. В. Пысіну, бюсты двойчы Героя Савецкага Саюза І. І. Гусакоўскага, мастакоў В. Бялыніцкага-Бірулі, П. Масленікава і інш[29].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.