Remove ads
фундаментальная навука, якая займаецца даследваннем нябесных целаў, іх фізічнага і хімічнага склада, эвалюцыі іх развіцця, а таксама працэ From Wikipedia, the free encyclopedia
Астраномія (грэч. ástron зорка + nómos закон) — фундаментальная навука, якая займаецца даследваннем нябесных целаў (такіх напрыклад, як астэроіды, каметы, планеты і іх спадарожнікі, зоркі, туманнасці, галактыкі), іх фізічнага і хімічнага склада, эвалюцыі іх развіцця, а таксама працэсаў, якія з імі адбываюцца (напрыклад, выбухі звышновых, гама-воплескі і рэліктавае выпраменьванне). Звязаная з ёй, але асобная навука – фізічная касмалогія, займаецца вывучэннем Сусвету ў цэлым.
Аб'екты астраноміі вельмі разнастайныя, і спіс іх няспынна расце. Традыцыйнымі аб'ектамі з'яўляюцца Сонца, зоркі, планеты і іх спадарожнікі, метэорныя целы, туманнасці, зорныя скопішчы, зорныя сістэмы і Сусвет наогул. З рухам навукі наперад з'явіліся новыя аб'екты — пульсары, квазары, касмічныя прамяні, мікрахвалевае фонавае (рэліктавае) выпрамяненне, тэарэтычна прадказаныя чорныя дзіркі і гравітацыйныя хвалі.
З пазіцый тэорыі будовы Сусвету ў цэлым астраномія вывучае таксама структуру прасторы-часу Сусвету. З астраноміяй звязаныя праблемы пошуку пазазямных цывілізацый і наладжвання кантакту з імі.
Астраномія — адна з самых старажытных навук. Дагістарычныя культуры і найстаражытнейшыя цывілізацыі пакінулі пасля сябе шматлікія астранамічныя артэфакты, якія сведчаць аб веданні імі заканамернасцей руху нябесных цел. У якасці прыкладаў можна прывесці дадынастычныя старажытнаегіпецкія манументы і Стоўнхендж. Першыя цывілізацыі вавіланян , грэкаў, кітайцаў , індыйцаў і мая ўжо праводзілі метадычныя назірання начнога небасхілу. Але толькі вынаходніцтва тэлескопа дазволіла астраноміі развіцца ў сучасную навуку. Гістарычна астраномія ўключала ў сябе астраметрыю, навігацыю па зорках, назіральную астраномію , стварэнне календароў і нават астралогію. У нашы дні прафесійная астраномія часта разглядаецца як сінонім астрафізікі.
У XX ст. астраномія падзялілася на дзве галоўныя галіны: назіральную і тэарэтычную. Назіральная астраномія - гэта атрыманне назіральных дадзеных аб нябесных целах і наступны іх аналіз. Тэарэтычная астраномія арыентавана на распрацоўку камп'ютэрных, матэматычных або аналітычных мадэлей для апісання астранамічных аб'ектаў і з'яў. Гэтыя дзве галіны дапаўняюць адна адну: тэарэтычная астраномія шукае тлумачэнні вынікам назіранняў, а назіральная астраномія дае матэрыял для тэарэтычных вывадаў і гіпотэз і магчымасць іх праверкі.
2009 год быў абвешчаны ААН Міжнародным годам астраноміі (IYA2009). Асноўны ўпор робіцца на павышэнне грамадскай зацікаўленасці астраноміяй і яе разумення. Гэта адна з нешматлікіх навук, дзе непрафесіяналы ўсё яшчэ могуць гуляць актыўную ролю. Аматарская астраномія прыўнесла свой уклад у рад важных астранамічных адкрыццяў.
Асноўныя раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.
Касмічнымі даследваннямі займаецца не толькі астраномія, але і касманаўтыка, касмічная біялогія, касмічная медыцына, спадарожнікавая геадэзія і інш.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пор года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астранамічных ведаў адлюстраваўся ў народных назвах касмічных аб'ектаў (напрыклад, Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астранамічных «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля возера Янова ў Полацкім раёне.
Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Старажытнай Грэцыі, Індыі і Кітаі. Старажытнагрэчаскі вучоны Пталамей распрацаваў у 2 стагоддзі геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў.
У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 стагоддзі Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астранамічную абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі.
Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М. Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г. Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І. Кеплер, пач. 17 ст.) і закону сусветнага прыцягнення (І. Ньютан, канец 17 ст.).
У 18—пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фізічную прыроду зорак і іншых касмічных аб'ектаў, што спрыяла стварэнню навуковай карціны свету. Выкарыстанне ў астранамічных даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорк. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У. Гершэля (Вялікабрытанія), Ж. Лагранжа, П. Лапласа, У. Левер'е (Францыя), М. В. Ламаносава, В. Я. Струвэ, Ф. А. Брадзіхіна (Расія), К. Доплера (Аўстрыя) і інш.
Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафізічныя метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С. М. Блажко, Дз. І. Дубяга, Г. А. Ціхаў, В. К. Цэраскі.
Сярэдзіна 20 стагоддзя характарызавалася з'яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касмічнай тэхнікі, што значна расшрыла магчымасці астранамічных даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўздел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—1980 гады выявіць і даследаваць новыя касмічныя аб'екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў.
Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касмічную прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.