Даўжыня да 50 см, маса да 1,5 кг. Луска дробная. Галава вялікая, шчацінкападобныя зубы размешчаны палосамі ў шмат радоў. Шчэлепныя перапонкі не зрошчаны паміж сабой. Цела сціснутае з бакоў, высокае (у буйных гарбатае), зеленавата-жоўтага колеру, па баках 5—9 папярэчных цёмных палос, мае 2 спінныя плаўнікі. Першы спінны плаўнік шэры (на ім характэрная чорная пляма), другі — зеленавата-жоўты, грудныя — жоўтыя. Афарбоўка рыб значна мяняецца ў залежнасці ад колеру грунта, у перыяд размнажэння полаваспелыя асобіны адрозніваюцца большай яркасцю колераў.
Remove ads
Насяляе вадаёмы Еўразіі — рэкі, азёры, прыбярэжныя ўчасткі мора. Пашыраны ў Еўропе (няма акунёў у Італіі, на Пірэнейскім паўвостраве, на поўначы Англіі, у Ірландыі і на атлантычным узбярэжжы Скандынавіі), у Сібіры. У Расіі паўночная мяжа распаўсюджвання акуня праходзіць амаль па ўзбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяна ад р. Пасвік да Калымы, на поўдні — да Чорнага мора, Паўночнага Каўказа і да вярхоўяў сібірскіх рэк. Яго не было ў Крыме, але ў 1955 г. ён быў перасаджаны з Дняпра і добра прыжыўся[1]. У Беларусі ёсць ва ўсіх вадаёмах, адна з найбольш шматлікіх рыб, асноўная прамысловая ў краіне.
Азёрна-рачны від, прыстасаваны да жыцця ў прыбярэжнай зараснай зоне вадаёма. Летам і вясной чародкамі жыве ў затоках, восенню і зімой пераходзіць на больш адкрытыя прыглыбінныя месцы, буйныя экземпляры жывуць на глыбіні. У буйных азёрах і вадасховішчах з багатай і разнастайнай кармавой базай і багаццем падыходзячых для яго біятопаў акунь утварае 2 ці 3 экалагічныя формы (расы), якія адрозніваюцца месцам пасялення, складам ежы і тэмпам росту.
Акунь корміцца зоапланктонам, бентаснымі арганізмамі і моладдзю розных відаў рыб, рацыён змяняецца па меры яго росту. У розных вадаёмах рацыён акуня значна адрозніваецца, у сувязі са складам кармавой базы. У некаторых вадаёмах акунь на працягу ўсяго жыцця спажывае зоапланктон, ці застаецца бентафагам, не пераходзячы на драпежніцтва.
Акунь становіцца палаваспелым на другім-трэцім годзе жыцця. Нераст пачынаецца пасля раставання лёду на вадаёмах. За некалькі дзён да яго афарбоўка акунёў становіцца асабліва яркай. Яны збіраюцца чародамі ў затоках, старыцах, слаба праточных участках вадаёма. Самкі адкладваюць на водныя расліны да 200 тыс. ікрынак, склееных у выглядзе стужак, а самец палівае іх малокамі (апладненне вонкавае).
Аплодненая ікрынка рачнога акуня пачынае развівацца, яе клеткі дзеляцца, іх колькасць пад абалонкай ікрынкі павялічваецца. Праз 9—14 сутак пасля апладнення фарміруецца лічынка. Яна пакідае абалонку ікрынкі і выходзіць у ваду. У першыя дні самастойнага жыцця лічынка корміцца за кошт запасаў пажыўных рэчываў жаўтковага мяшка, размешчанага на яе брушным боку. Зрасходаваўшы іх, лічынка пераходзіць на кармленне дробнымі планктоннымі рачкамі і іншымі беспазваночнымі жывёламі, якія знаходзяцца ў тоўшчы вады. Паступова ў лічынкі, якая падрасла, з’яўляюцца луска і плаўнікі, і яна становіцца мальком. Малёк акуня хутка расце і за адзін год дасягае даўжыні не менш за 10 см.
Максімальны ўзрост рыбіны 17 год. Звычайна ў прамысловых уловах пераважаюць асобіны даўжынёй 15-20 см і масай 200—300 г ва ўзросце 4-6 год[2].
Remove ads
Папулярны аб’ект рыбалкі ў большасці еўрапейскіх народаў.
Мяса белае, далікатнае, сочнае, багатае на экстрактыўныя рэчывы, але мае шмат дробных вострых костак; утрымлівае 18,5 % бялку, 0,9 % тлушчу. Малых акунёў (20—25 см) пасля трыбушэння смажаць цэлымі на тлушчы або вараць юшку. З булёну можна рабіць студзень, заліўныя. Буйных смажаць або прыпускаюць з садавіной, грыбамі, агурочным расолам, белым віном і г.д. Сярэдняга памеру акунёў можна вяліць.