Remove ads
польскі жывапісец From Wikipedia, the free encyclopedia
Юзаф Пешка (польск.: Józef Peszka; 19 лютага 1767, Кракаў[5] — 4 верасня 1831, Кракаў) — жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Расіі.
Юзаф Пешка | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Józef Peszka |
Дата нараджэння | 19 лютага 1767[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 верасня 1831[1][2][…] (64 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, выкладчык універсітэта, акварэліст, рысавальнік |
Месца працы | |
Жанр | партрэт |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходзіў з заможнай сям'і кракаўскіх мяшчан. Вучыўся ў Калегіюме Навадворскага ў Кракаве, дзе першыя ўрокі малявання атрымаў у Дамініка Эстрайхера. Жывапісу навучаўся з 1786 года ў прыватнай школе Францішка Смуглевіча ў Варшаве, з якім працаваў разам над упрыгожаннем Віленскага кафедральнага сабору. Смуглевіч атачыў маладога мастака апекай і ўвёў у патрыятычнае асяроддзе прыхільнікаў рэформ Чатырохгадовага сейму. Па замове магістрата Старой Варшавы ў 1790—1792 гадах выканаў партрэты Гуга Калантая і іншых выдатных грамадскіх і палітычных дзеячаў Польшчы (Станіслава Малахоўскага, Адама Казіміра Чартарыйскага, Станіслава Кубліцкага, Ігнацыя Закрэўскага). Гэтыя афіцыяльныя партрэты прадугледжваліся для дэкарацыі заляў варшаўскай Ратушы. Таксама капіраваў карціны з галерэі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1793 годзе пераехаў у Гродна, дзе атрымліваў замовы на партрэты. У 1798 годзе атрымаў намінацыю на званне ад'юнкта пры кіраванай Смуглевічам кафедрай жывапісу Віленскага ўніверсітэта, але не прыняў прапанаванай пасады.
Пасля візіту рускага імператара Паўла з сынамі ў Мінск і Вільню для агляду набытых земляў (1797) Пешка разам са Смуглевічам па запрашэнні імператара ад’язджае на два гады ў сталіцы Расійскай імперыі — Маскву (1799) і Пецярбург. Там працаваў для князя Галіцына, таксама ўпрыгожваў шпіталь у Дзевічым манастыры. У Маскве ён упершыню пачынае ствараць свае знакамітыя краявіды: захаваліся 10 ягоных надзвычай дакладных, амаль пратакольных акварэляў Масквы і яе ваколіцаў («Чырвоная брама», «Крэмль і мост праз Маскву-раку» і г.д.)[6]. У 1800—1801 гадах разам са Смуглевічам удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу.
Краявіды Магілёва і Шклова, якія захоўваюцца ў Львове (БАН), сведчаць, што Пешка вяртаўся ў Вільню праз Магілёўскую губерню ў 1802 годзе. Некалькі акварэляў прысвечана Віцебску, які ў 1802 г. стаў губернскім. На пачатку ХІХ ст. мастак зноў жыве і працуе ў Вільні: піша партрэт-алегорыю «Тры музы» (жанчыны з сям’і мастака), партрэт сямейства Борхаў (1806—1807), партрэт віленскага хірурга Мацея Баранкевіча (1807), робіць мноства рэпартажных малюнкаў («Адкрыццё Дабрачыннага Таварыства ў Вільні», 1807). Па-ранейшаму ён шмат падарожнічае (захаваліся ягоныя акварэлі з выглядам замкаў у Наваградку, у Лідзе і Любчы, якія мастак імкнуўся «ажывіць» побытавымі сцэнкамі)[6].
Затрымаўся ў Нясвіжы, дзе каля 1807—1810 гадоў быў прыдворным мастаком Міхаіла Радзівіла, апекуна ўладальніка Нясвіжа Дамініка Радзівіла. У Нясвіжы ён стварае гістарычныя палотны пра Баляслава Крывавустага. У 1809 годзе атрымаў ступень магістра выяўленчых мастацтваў у Віленскім універсітэце і безпаспяхова прэтэндаваў на вызваленую пасля смерці Смуглевіча пазіцыю кіраўніка кафедры жывапісу.
Каля 1809 года ён прыязджае ў Мінск і некаторы час жыве ў судовага чыноўніка Ежы Кабылінскага. Захаваўся акварэльны пейзаж Мінска з гарадской драўлянай сядзібай роду Ваньковічаў, карчмой з заезжым дваром побач на скрыжаванні вуліц. Вядома, што ў асабістай калекцыі Кабылінскага захоўваўся аўтапартрэт мастака, партрэт Ганны Мастоўскай у алегарычным вобразе, копія абраза Сымона Чаховіча "Святы Іосіф з малым Ісусам на руках" з мінскага кафедральнага касцёла, копія "Нараджэнне Ісуса Хрыста" Карэджа.[7] З Мінска мастак выязджае ў Лошыцу, дзе замалёўвае сядзібу мінскага падкаморыя Станіслава Прушынскага. У Смілавічах ён жыве ў маёнтку Станіслава Манюшкі, дзеда славутага кампазітара, дзе стварае групавы партрэт ягонай сям’і, а таксама серыю гістарычных палотнаў па гісторыі Польшчы часоў Мешкі і Баляслава Храбрага. Часта выязджае ў Дукору, маёнтак графа Ашторпа, дзе піша партрэты гаспадароў, а таксама гетмана Касакоўскага[8]. У палацавай капліцы Дукорскага палаца знаходзіўся абраз "Зняцце Хрыста з крыжа", створаны мастаком[7].
Мастака затрымлівае ў Вільні пачатак напалеонаўскай кампаніі. Ён адлюстроўвае ў малюнку тушшу ўваход арміі Напалеона ў Вільню ў чэрвені 1812 года. Пад штандары французскага імператара стаў былы патрон мастака малады Дамінік Радзівіл, які на ўласныя сродкі ўзброіў цэлы кавалерыйскі полк. Напэўна, у Вільні ў гэты час з’яўляецца партрэт другой жонкі князя, ягонай кузіны Тэафіліі Мараўскай у вобразе Гебы. Разгром армій Напалеона, арышты і высылкі прыхільнікаў імператара вымушаюць Пешку ў 1813 годзе (як і ягонага апекуна князя Дамініка Радзівіла) пакінуць Вільню і вярнуцца ў родны Кракаў[6].
З 1815 года — прафесар жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Пісаў пераважна партрэты чыноўнікаў і гараджан. Выкладаў тэорыю мастацтва ў Ягелонскім універсітэце (1816—1818), з 1817 года атрымаў званне прафесара, з 1818 года кіраваў кафедрай жывапісу і малюнка ў кракаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1831 годзе стаў першым дырэктарам рэарганізаванай Школы выяўленчых мастацтваў.
Юзаф Пешка — мастак пераходнага часу, класіцыст з рысамі рамантыка. Паводле светаўспрымання ягоная творчасць усё ж бліжэй да мастацтва ХVІІІ стагоддзя, чым да ХІХ — эпохі рамантызму, уплыў якога адчуваецца ў прыёмах, знешне засвоеных мастаком.
Юзаф Пешка быў перадусім партрэтыстам. У варшаўскі перыяд спрабаваў злучыць правілы афіцыйнага, прыдворнага партрэту з дэкаратыўным фонам з яшчэ моцнай айчыннай традыцыяй сармацкага партрэту. У пазнейшчых працах - як у стылі, так і ў сферы матываў і алегарычных зместаў - панавалі класіцысцкія тэндэнцыі. З часам яго партрэты атрымалі больш камерны характар: знізілася іх дэкаратыўнасць, і ўзмацніліся рэалістычныя тэндэнцыі.
Іншым, асабліва важным накірункам творчасці Пешкі быў гістарычны жывапіс. Пад уплывам Францішка Смуглевіча напісаў некалькі карцін на гістарычныя тэмы, ад пястаўскіх часоў да выпадкаў, якіх сам быў сведкам. У некаторых сваіх творах абапіраўся на гравюры Смуглевіча, але самастойна апрацоўваў кампазіцыю. Не спрабаваў інтэрпрэтаваць ці актуалізаваць гісторыю, характар яго прац быў заўжды ілюстрацыйны і алегарычны[9]. Шмат малюнкаў тушшу і сепіяй са сцэнамі з гісторыі Польшчы. Натхненне і тэмы знаходзіў у вывучэнні старых хронік, часта звяртаўся да "Польскай гісторыі" Ж.П. дэ Саліньяка (выдадзеный у Вільні ў 1763-1767 гадах), а таксама да "Гісторыі польскага народу" Адама Нарушэвіча. Вядома таксама, што збіраў старыя гравюры і стварыў калекцыю зброі і строяў, якія служылі яму пры маляванні.
Падчас вандровак маляваў і пісаў, галоўным чынам акварэллю і сепіяй, пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Малюнкі выкананыя акварэллю, акрамя гродзенскіх, зробленых тушшу, на аркушах паперы 45×70 см. Яго пейзажы, а таксама серыя гарадскіх краявідаў — ведута — з’яўляюцца асабліва каштоўнымі для вывучэння архітэктуры Мінска[10].
Фрэскі аўтарства Юзафа Пешкі ў палацы Мярачэўскіх, на якіх паказаны 7 вёсак у ваколіцах Кракава, натхнілі польскага музыканта Гжэгажа Турнау на стварэнне музычнага альбому 7 краявідаў у дарозе да Кракава .
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.