Remove ads
мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Юзаф Аляшкевіч (польск.: Józef Oleszkiewicz, руск.: Иосиф Иванович Олешкевич, літ.: Juozapas Oleškevičius; 25 кастрычніка 1777, Шылува на Жамойці, цяпер Расяйнейскі раён — 5 кастрычніка 1830, Санкт-Пецярбург) — беларускі[5] партрэтны жывапісец; аўтар карцін на гістарычныя, рэлігійныя, міфалагічныя сюжэты і партрэтаў. Яго творчасць паказвае выразныя сувязі з мастацтвам французскага класіцызма. У яго творах, з характэрнай статычнай кампазіцыяй, перавагай малюнка над колерам, стараннай завершанасцю, часам адчуваюцца і ноткі рамантызму.
Юзаф Аляшкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 кастрычніка 1777[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 кастрычніка 1830[3][4] (52 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Ян Аляшкевіч[d] |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | класіцызм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Род Аляшкевічаў паходзіў з Радашковічаў. Напярэдадні нараджэння Юзафа, сям’я Аляшкевічаў з Радашковічаў пераехала ў мястэчка Шылува, у Жамойці, куды яго бацку Яна Аляшкевіча, кіраўніка музычнай капэлы пры касцёле ў Радашковічах, адправілі ў службовую камандыроўку. У некаторых публікацыях можна сустрэць версію, што Юзаф Аляшкевіч нарадзіўся ў Радашковічах, але пра нараджэнне менавіта ў Шылуве сведчыць метрычны запіс[6].
Школу наведваў у Вільні, і там пры дапамозе Ганны Мастоўскай (з Радзівілаў) у 1797 годзе пачаў вучобу ў Віленскім універсітэце. Пачаткова навучаўся анатоміі і фізіялогіі, пазней, у 1798—1802 гадах, вучыўся рысунку і жывапісу ў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. Зарабляў на жыццё навучаннем мастацтву, капіраваў карціны ў мастацкай галерэі ў Сігневічах зычлівай да яго магнацкай сям’і Прозараў, таксама спрабаваў сілы ў вялікіх, самастойных кампазіцыях.
У 1801 годзе на здольнага юнака звярнуў увагу Аляксандр Хадкевіч, які шукаў настаўніка мастацтва ў Вільні, завітаў у майстэрню Аляшкевіча і ўпадабаў там вялізную карціну «Алімп», якую і набыў для ўласнай галерэі. Аляшкевіч на той момант ужо цешыўся пэўнай славай, меў замовы на партрэты ў Вільні, ездзіў па запрашэнні ў Гродна[7]. Малады мастак па пратэкцыі Хадкевіча ўзяўся навучаць мастацтву Антонія Анджэёўскага, які ўзгадваў у сваіх успамінах і адмысловую інтэлектуальную атмасферу, якая атачала Аляшкевіча ў Вільні:
Аляшкевіч, без правадыра ў маладым узросце, нахапаўся розных французскіх настрояў і вольных поглядаў часоў панавання Станіслава Аўгуста… У Аляшкевіча звычайна збіраліся les esprits forts Быхавец, Тамашэўскі, Цэйзік, малады Нямчэўскі, Лібошыц, Коруэл, Петрусевіч, Дамель і шмат іншых, чыіх прозвішчаў ужо не памятаю. Размовы іх былі такімі ж вольнымі, як і іх звычаі, а філасофію сёння і ўзгадваць страшна, найбольш любілі чытаць тых аўтараў, якія выступалі супраць рэлігійнай маралі і прынцыпаў рэлігіі. А пра нацыянальную гісторыю Літвы і мовы не вялі![8]
Хадкевіч спачатку запрасіў мастака да свайго маёнтка ў Пекалаве на Валыні, куды Аляшкевіч выправіўся ўвосень 1802 года, па дарозе наведаўшы Мажэйкава і Дзярэчын, дзе некалькі дзён прысвяціў вывучэнню мастацкай галерэі Францішка Сапегі[9].
На Валыні мастак правёў сем месяцаў, працуючы для свайго апекуна і наведваючы навакольныя сядзібы, у тым ліку Валеўскіх у Тучыне. Там Аляшкевіч стварыў некалькі партрэтаў і міфалагічна-гістарычныя кампазіцыі невялікіх памераў: «Смерць Катона», дзве сцэны з жыцця тыранаборцаў Гармодзія і Арыстагітона, якія забілі афінскага тырана Гіпарха, «Абарону Церабоўлі», дзе паказаў гераізм абаронцаў гэтага горада ад турэцкіх войскаў у 1675 годзе. На выбары тэмаў відавочна памкненне мастака звярнуцца да сучаснікаў праз мастацтва і сюжэтамі з антычнай гісторыі абудзіць у іх свабодалюбівыя памкненні[10]. Калі Хадкевіч у маі 1803 г. прыехаў з Вільні ў свой валынскі маёнтак, то пераканаўся ў мэтазгоднасці апекі над мастаком і за ўласны кошт выправіў за далейшай адукацыяй у Парыж.
Аляшкевіч праз Дрэздэн, дзе наведваў мясцовую мастацкую галерэю, прыехаў у Парыж. 4 кастрычніка 1803 г. запісаны ў Парыжскай школе мастацтваў як вучань гістарычнага жывапісца Жана-Сімона Бартэлеме. Пару гадоў, якія Аляшкевіч правёў у Парыжы, аказалі вырашальны ўплыў на яго будучую творчасць. Адсюль ён вынес прынцыпы кампазіцыі і вытанчанасць рысунка, а таксама засвоіў класічную манеру партрэтавання асоб, якія замерлі ў дастойных позах, надаючы мадэлям шляхетныя і паважныя рысы. Тут ён адкінуў рэшткі барочнага падыходу да кампазіцыі, які ён пераняў ад Смуглевіча. Тут нарэшце ён сфармуляваў свой артыстычны ідэал: схільнасць да сцэнаў на міфалагічныя тэмы з алюзіямі на сучаснасць. Гэта ўсё ён узяў ад Жака-Луі Давіда, ідэй і практык школы французскага класіка[7]. Як пазней сведчыў Станіслаў Мараўскі: «Аляшкевіч да смерці быў поўны пашаны да свайго майстра Давіда. Лічыў яго… чыстым рэспубліканцам часоў Брута»[11].
У Парыжу Аляшкевіч шмат працаваў, пра што сведчаць алейныя копіі карцін, якія мастак дасылаў Хадкевічу для дэманстрацыі прагрэсу ў навучанні. Гэта найперш «Выкраданне Дэяніры» (копія карціны Гвіда Рэні з Луўра) і «Перамяненне Пана» (копія карціны Рафаэля, якія тады была прывезена ў Парыж пасля вайсковых трыумфаў Напалеона ў Італіі). Таксама ў Парыжы Аляшкевіч стварыў твор з арыгінальнай кампазіцыяй, але ў духу Давіда — «Тэціда прыносіць зброю Ахілесу, які аплаквае Перыкла».
На радзіму вярнуўся ў 1806 годзе, пэўны час перабываў у свайго апекуна ў Пекалаве, працаваў таксама ў іншых валынскіх шляхецкіх рэзідэнцыях. Ажаніўся тут на Караліне Анджаеўскай, сястры свайго вучня.
У 1809 г. выклікаў вялікі ажыятаж у Вільні праз паказ вялікага гістарычнага палатна «Развітанне Яна Караля Хадкевіча з жонкай Ганнай Астрожскай перад Хоцінскай бітвай 1621 г.», якое было створана для Аляксандра Хадкевіча ў знак удзякі за яго апеку над мастаком. Твор быў выстаўлены ва ўніверсітэцкім будынку, «натоўпы збіраліся да яго ў цэлыя працэсіі»[11]. Усцешаны такім прыёмам, Аляшкевіч затрымаўся з вяртаннем карціны на Валынь.
Публічным паказам гэтай карціны мастак выказваў прэтэнзіі, каб заняць кіраўніцтва кафедрай жывапісу ва ўніверсітэце, якое засталося вакантным пасля смерці Смуглевіча, але кафедра адыйшла да Рустэма. Пасля гэтай няўдалай спробы Аляшкевіч пасяліўся ў Санкт-Пецярбургу. У 1810 годзе быў прыняты ў члены Імператарскай Акадэміі мастацтваў за карціну «Смерць Клітамнестры». У 1812 годзе атрымаў званне акадэміка за палатно «Дабрадзейнае апекаванне і дбанне імператрыцы Марыі Фёдараўны пра бедных». Тэму дабрадзейнасці Аляшкевіч паўтарае і ў карціне «Дабрачыннасць», дзе намалявана жонка імператара Аляксандра I імператрыца Лізавета Аляксееўна.
У Пецярбургу Аляшкевіч праславіўся як папулярны партрэтыст, там ён стварыў каля ста партрэтаў. Для мастака было характэрным уменне спалучаць заказны парадны партрэт (з абавязковымі для яго аксесуарамі: калонамі, пышнай драпіроўкай, атрыбутамі багацця і сімваламі высокага становішча ў грамадстве) і стварэнне вобраза чалавека. Партрэтны жывапіс дазваляў Аляшкевічу зарабляць грошы, але абмяжоўваў творчыя пошукі і жанравую разнастайнасць мастака. У жаданні ўзбагаціць жанравую палітру звяртаецца да рэлігійнай тэмы. Для пецярбургскага касцёла святога Станіслава ён стварыў абразы «Маці Божая з маленькім Ісусам» і «Хрыстос на крыжы»[10]. Паводле сведчання Мараўскага, Аляшкевіч таксама напісаў вялікае палатно «Хрыстос сярод апосталаў».
У апошнія гады жыцця з-за хранічнай падагры працаваў мала.
Сярод высланых палякаў, якія жылі ў Санкт-Пецярбургу, славіўся незвычайным і поўным дабрадзейнасці чалавекам.
Пахаваны на Смаленскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.
З 1820 года Аляшкевіч быў вялікім магістрам (maitre en chaire) масонскай ложы «Белага Арла», гэта званне ён успадкаваў пасля сенатара графа Адама Ржавускага. Таксама быў ганаровым членам масонскіх ложаў «Добры пастар» і «Сябра чалавецтва» у Вільні і Гародні[12]. Паводле ўспамінаў Пшацлаўскага Аляшкевіч меў вялікі аўтарытэт сярод расійскіх масонаў[13].
Ён меў найвышэйшую ступень ў ордэне, і ўсе пецярбургскія ложы прызнавалі за яго ложай першынство ў іх групе… Калі Іосіф Іванавіч наведваў іншыя ложы, то яго там прымалі з асаблівымі ўрачыстасцямі і гонарам (сямі зорак і жалезнага даху). Калі ў іншых ложах здараліся непаразуменні наконт ужывання законаў ордэна або пытанні па падрабязнасцях рытуала (абрадаў), то накіроўвалася дэлегацыя да Аляшкевіча, і яго рашэнне бралася за канечнае.
Арыгінальны тэкст (руск.)Он имел самую высшую степень в ордене, и все петербургские ложи признавали его ложу первенствующею в их группе… Когда Иосиф Иванович посещал другие ложи, то его там принимали с особенною торжественностью и почестями (семи звезд и железного крова). Если в других ложах встречались недоумения насчёт применения законов ордена или вопросы по подробностям ритуала (обрядов), то отправлялась депутация к Олешкевичу, и его решения принимались за окончательные[13]
Па меры магчымасці Аляшкевіч імкнуўся жыць адпаведна сямі абавязкам вольнага муляра і асабліва адрозніваўся міласэрнасцю ў дачыненні да бедных. Пра неверагодную дабрыню мастака сведчаць амаль усе мемуарысты, вядома, што ён імкнуўся дапамагаць бедным і жабракам, дараваў злодзеям у надзеі на іх маральнае перавыхаванне. Асаблівае месца ў светапоглядзе Аляшкевіча займала стаўленне да жывёлаў, ён быў ідэйным вегетарыянцам, лічыў, што ўжыванне мяса з’яўляецца прычынай з’яўлення агрэсіўных памкненняў у чалавека. Таксама ён апекаваўся жывёламі, найперш катамі, якія апанавалі кватэру мастака. За ім замацавалася рэпутацыя прадказальніка, так, ён быццам прадказаў павадку ў Санкт-Пецярбургу і выступленне дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы. «Так, Аляшкевіч быў містычным паэтам! Быў, гэтак асмелюся сказаць, ледзь не як Божы прарок», — сцвярджаў Мараўскі[11].
Досыць цяжка рэканструяваць містычна-філасофскія погляды Аляшкевіча, паколькі рукапісы яго не захаваліся, засталіся толькі скупыя згадкі сучаснікаў. Сярод аўтараў, якія паўплывалі на Аляшкевіча — містыкі Якаб Бёмэ, Эмануіл Сведэнборг і Сен-Мартэн.
Вацлаў Пшацлаўскі пазнаёміў Аляшкевіча з Міцкевічам у 1824 годзе, на якога той зрабіў вельмі моцны ўплыў, найперш сваімі рэлігійна-містычнымі поглядамі.
Аляшкевіч быў глыбокі містык і адпаведна гэтаму даваў кірунак сваёй ложы… Пецярбургскі містычны гурток, як і групы «Вольных муляроў», з пакорай прызнавалі перавагу Аляшкевіча, які ў сваіх пошуках далёка перасягнуў і туземных, і іншаземных адэптаў. Яго дактрына мела штосьці агульнае з вучэннем Сэн-Мартэна, але яна была яго ўласная. Ён пайшоў значна далей за французскага ілюміната, асабліва ў некаторых галінах, напрыклад у тэорыях пра прызванне чалавека-духа (l’homme esprit), пра значэнне пакут (des patiments) і іншых.
Арыгінальны тэкст (руск.)Олешкевич был глубокий мистик и согласно с этим давал направление своей ложе… Петербургский мистический кружок, как и группы "Свободных каменщиков", с покорностью признавал превосходство Олешкевича, который в своих изысканиях далеко превзошел и туземных, и иностранных адептов. Его доктрина имела нечто общее с учением Сен-Мартена, но она была его собственная. Он пошел гораздо далее французского иллюмината, особенно в некоторых отраслях, например в теориях о призвании человека-духа (l’homme esprit), о значении страданий (des patiments) и других.[13]
Мікалай Маліноўскі так згадвае пра ўплыў гэтых ідэй на Адама Міцкевіча:
Мастак Юзаф Аляшкевіч, тэасоф, амаль прарок, да якога Міцкевіч прывязаўся пачуццём найвышэйшага захаплення і сцвярджаў, што толькі тады адчуў бы сябе паэтам, калі б валодаў хоць сотай часткай натхнення Аляшкевіча… Аляшкевіч, паглыблены ў містыцызм, сярод белага дня ўпадаў у нейкія незвычайныя відзежы, а мільгаценне вобразаў ўважаў за рэчаіснасць. Не баяўся сцвярджаць, што Кніга Кніг распавяла пра ўсё, што было, ёсць і будзе. Ён так моцна ў гэта верыў, што доўгія гады наперад з прарочых тэкстаў прадказваў будучую долю нацый і менавіта ўласную. Гэта ён быў стваральнікам ідэі, якую пазней развівалі Міцкевіч, Красінскі і Адынец, што польскі народ прыняў ад Бога асобнае святое прызначэнне весці чалавецтва шляхамі Божым[14].
Антон Адынец у сваіх «Лістах з падарожжоў» цытуе наступныя словы Аляшкевіча, якія ён адрасаваў вялікаму паэту: «Ён змагаецца са сваім духам, як Якаў, але гэта нічому не дапаможа. Ён — Абраннік і раней ці пазней Любоў яго напоўніць і праз яго разальецца на іншых»[15]. Гэта вельмі моцна паўплывала на ўяўленне Міцкевіча пра сябе, што ён абраным Богам паэтам, які надзелены здольнасці да прароцтва і імправізацыйным дарам. Расію ён пакіне ўжо як харызматычны вяшчун і прарок, з вызначанай Стваральнікам свету місіяй. За гэта тлумачэнне імправізацыйнага таленту як прыкметы абранніцтва паэта-вяшчуна Міцкевіч назаўжды застанецца ўдзячным Аляшкевічу і прысвеціць яму адступленне ў ІІІ частцы «Дзядоў»:
Я ведаю, паляк там з ліхтаром, |
Паводле паэмы Аляшкевіч вітаў Міцкевіча знакамі Арла і Бооза, што прачытваецца даследчыкамі як адсылкі да масонскай сімволікі. Першы сімвал — гэта адсылка да назвы масонскай ложы, якую ўзначальваў Аляшкевіч, «Белы арол», Бооз — назва паўднёвай калоны Саламонава храма, так абазначаюць чаляднікаў, якія працуюць на будаўніцтве храма. Такім чынам, Аляшкевіч вітае Міцкевіча як чалядніка, брата другой ступені[17].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.