Нясвіж
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Нясві́ж[3] (трансліт.: Niasviž) — горад на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Нясвіжскага раёна, каля вытокаў ракі Ушы, на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. За 112 км на паўднёвы захад ад Мінска, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам і аўтадарогай Мінск — Слуцк. Насельніцтва 15 557 чал. (2017)[4].
Горад
Нясвіж
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Назва Нясвіж гідранімічнага паходжання, ад назвы не лакалізаванай на сёння ракі *Нясвіжа.
Тапонім утварыўся так жа сама, як ад назвы дзвінскага прытока ракі Вяліжы (> Вяліжка) утварылася назва горада Веліж.
Корань *Nes-ṷ- (варыянт старой ṷ-асновы ад кораня *Nes-) у назвах *Нясвяча (> Нясвячка[5], ад *Nes-v-int-a, злучае Сяргееўскае возера з ракой Пціч) і *Несва (> Несвіца[6], прыток Брагінкі, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці перад самымі іх сутокамі).
Корань *Nes- таксама ў назвах Неса[7] (у басейне дзесенскай ракі Нярусы), *Несла (< *Nes-l-, тры прыпяцкія ракі, адна верхнедняпроўская), *Нясета (< *Nes-et-, прытокі дняпроўскай Бярэзіны і прыпяцкай Пцічы)[8].
Меркаваная нясвіжская рака мусіла знаходзіцца зусім паблізу пціцка-прыпяцкага агмяня рэк з назвамі ад кораня *Nes- (тры пціцкія, тры прыпяцкія), працягваючы яго на нёманскія вярхі.
Пашыральнік тыпу -iž- як у літоўскіх гідронімах тыпу Gabìžis, Gumýža[9], у назве дзвінскай ракі Буліжа (цячэ побач з Вяліжай)[10]. Пашыральнік -ž- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні для вытворных формаў (varlė «жаба» — varlėža «жабка, жабуля»)[11].
Імаверны фанетычны варыянт таго ж кораня *Nas- у назвах літоўскай ракі Nas-upis[12], ракі Насва (у басейне Ловаці, на поўначы старабалцкай тэрыторыі)[13].
Нягледзячы на папулярнасць гідронімаў ад кораня *Nes- на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі (больш за дзясятак), семантыка яго застаецца непрасветленай.
Гісторыя
Ёсць думка, што першая ўскосная згадка Нясвіжа звязана з удзелам нясвіжскага князя Юрыя ў бітве на Калцы (1223) і менавіта яго нашчадкамі былі нясвіжскія князі Грыгорый і Іван, згаданыя пад 1388 годам. Аднак, датычнасць князёў Юрыя, Грыгорыя і Івана менавіта Нясвіжа, як і іх радавод, пакуль пэўна не вызначаны. Імаверна з канца XIII ст. Нясвіж у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1430-я гады згадваецца князь Федзька Нясвіжскі, але і яго датычнасць менавіта Нясвіжа пэўна не вызначана.
Першы пэўна вядомы ўладальнік Нясвіжа — Клаўка, ён атрымаў паселішча ад вялікага князя ў 1430-я гады. Першая пісьмовая згадка Нясвіжа датавана 1445 годам і тычыцца яго перадачы пасля Клаўкі пану Мікалаю Няміравічу[14]. Потым належаў Мантыгердавічам, у 1492 годзе перайшоў да роду Кішак, у 1513 годзе Ганна Кішчанка ўзяла шлюб з Янам Радзівілам Барадатым, Нясвіж як пасаг перайшоў да роду Радзівілаў. Пад 1499 годам згадваецца Нясвіжскі фальварак[15]. У 1533 годзе на месцы гарадзішча быў пабудаваны драўляны Нясвіжскі замак. З 1547 года — цэнтр Нясвіжскага княства.
У XVI ст. Нясвіж становіцца адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячаў гэтага часу, што жылі ў Нясвіжы, набылі шырокую вядомасць: Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі і інш. пісьменнікі, паэты, філосафы. Каля 1560 года ў Нясвіжы Мікалаем Радзівілам Чорным была заснаваная друкарня, дзе выдаваліся творы Сымона Буднага і іншых філосафаў, друкарамі былі Д. Лянчыцкі, В. Цяпінскі (М. Радзівіл Чорны таксама валодаў Брэсцкай друкарняй). Сын і пераемнік М. Радзівіла Чорнага — М. К. Радзівіл Сіротка адмовіўся ад кальвінізму і перайшоў у каталіцтва, паводле яго загаду «вучоных-ерэтыкоў» выгналі з горада, на плошчы былі спаленыя кнігі С. Буднага і інш. асветнікаў. Пасля падарожжа ў Сірыю, Палесціну і Егіпет М. Радзівіл Сіротка ў 1586 годзе стварыў ардынацыі Радзівілаў з цэнтрам у Нясвіжы, тады ж гораду было нададзена магдэбургскае права і герб. З імем М. Радзівіла Сіроткі, які запрасіў у Нясвіж італьянскіх архітэктараў і з іх удзелам нанова збудаваў каменны замак і іншыя каменныя збудаванні ў горадзе, што зберагліся да нашіх дзён — Нясвіж пераўтвораны ў горад-крэпасць і ў канцы XVI ст. стаў даволі буйным горадам, у XVI—XVIII ст. дзейнічаў езуіцкі калегіум. Тады за Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Ушы, быў пабудаваны Новы горад (Новае места). У 1625 годзе ўзнікла яшчэ адно прадмесце — «Казімеж», у паўночна-заходнім баку ад Старога горада.
У XVIII ст. Нясвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі: кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флоцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатр Радзівілаў. Спусташэнні прынеслі Нясвіжу шматлікія войны. У Паўночнай вайне (1700—1721) Радзівілы выступалі саюзнікамі Расіі, у сакавіку 1706 года шведскія войскі пасля аблогі занялі замак і горад, ўзарвалі ўмацаванні і бастыёны, знішчылі большую частку ваеннай амуніцыі, утапілі гарматы, раскапалі валы, разрабавалі гарадскія кляштары і касцёлы, перакапалі склеп Радзівілаў. У 1720-я Нясвіж адбудаваны М. К. Радзівілам Рыбанькай. У 1724 годзе ў Нясвіжскім замку была створана капэла, але толькі пасля 1726 года Нясвіжскі замак быў адноўлены і перабудаваны — вакол сцен узвялі новыя валы. У 1726—1736 гадах дзейнічаў чыгуналіцейны завод (спачатку як плавільня альбо ліцейня), які выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. За ўвесь час на заводзе працавала каля 50 чал. У 1740—1791 гадах дзейнічаў прыгонны тэатр. У 1750—1791 у горадзе працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» пабудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».
У 1793 годзе горад быў акупаваны Расійскай імперыяй і стаў цэнтрам Нясвіжскага павета (1793—1796). У 1793—1796 Нясвіж быў цэнтрам Мінскага, Ізяслаўскага (Валынскага) і Брацлаўскага генерал-губернатарства, бо генерал-губернатар Цімафей Туталмін выбраў горад сваёй рэзідэнцыяй, з якой было зручна кіраваць трыма губернямі. З 1796 года стаў пазаштатным горадам Слуцкага павета.
Падзеі 1812 года прынеслі гораду разбурэнні і заняпад, вынікі якіх адчуваліся доўгія дзесяцігоддзі.
Толькі ў 1875 годзе Радзівілы вярнуліся ў Нясвіж, быў адрамантаваны замак, закладзены, які зараз з’яўляецца помнікам ландшафтнай архітэктуры.
Таксама ў 1875 годзе была створаная Нясвіжская настаўніцкая семінарыя[16], якая праіснавала да 1919 года.
21 снежня 1906 года было зарэгістравана Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы, якое займалася падтрымкай польскамоўнай адукацыі; расійскія ўлады ліквідавалі яго ў 1909 або ў 1910 годзе[17]. Падчас выбараў да самакіравання 1909 года ў гарадскую раду была абраны 11 палякаў, 3 рускіх і 1 яўрэй[18].
У час Першай сусветнай вайны Нясвіж з 1915 года з’яўляецца прыфрантавым горадам. Тут размясціўся штаб расійскай 2-й арміі Заходняга фронту, знаходзіліся рэзервовыя часці. У 1917 годзе ў горадзе размяшчаліся паштова-тэлеграфная кантора, паліцэйскі прыстаў, гарадское грамадскае кіраванне, натарыус, сіроцкі суд, мужчынская і жаночая гімназіі, настаўніцкая семінарыя, мужчынскае пачатковае вучылішча, аддзяленне Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа, пажарнае таварыства, хрысціянскія таварыствы дапамогі бедным і ўзаемнай дапамогі рамеснікаў «Попечение», таварыства дапамогі бедным яўрэям.
У сакавіку 1917 года ў Нясвіжы створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пад канец красавіка адбыўся з’езд салдацкіх камітэтаў 2-й арміі. З 27 па 29 верасня (з 10 па 12 кастрычніка) у горадзе праходзіла 1-я канферэнцыя РСДРП(б) 2-й арміі. 29 кастрычніка (11 лістапада) адбыліся перавыбары Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, створаны Ваенна-Рэвалюцыйны камітэт (ВРК). Дзейнасць ВРК пачалася пасля таго, як з Нясвіжа была выведзена Уральская казацкая дывізія. У горад увайшлі салдаты 32-га Сібірскага стралковага палка, пры іх удзеле блізу горада былі разгромлены некаторыя маёнткі. ВРК прызначыў сваіх камісараў у паштова-тэлеграфную кантору і ваенны тэлеграф. 1-3 (14-16) лістапада ў замку Радзівілаў адбыўся 2-гі надзвычайны з’езд 2-й арміі, на якім быў створаны ВРК арміі. 10 лістапада ў горадзе ўстаноўлена ўлада Савета салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў, старшыня ВРК абраны кіраўніком выканкама Савета, а нясвіжская гарадская Дума прызнала савецкую ўладу.
У пачатку снежня 1917 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў, які на той момант быў заняты рознымі часовымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, адбываецца З’езд беларусаў-вайскоўцаў 2-й арміі, які прымае рэзалюцыю ў падтрымку Вялікай беларускай рады і Усебеларускага з’езду.[19]
7 (20) лютага 1918 года горад заняла германская пяхота, якая рушыла далей на Слуцк і Бабруйск. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У пачатку красавіка 1918 года дэлегацыя Нясвіжа разам з дэлегацыямі іншых гарадоў наведвае Народны сакратарыят БНР. Нясвіжская міліцыя была пад кіраўніцтвам прабеларускі настроенага камандзіра - намесніка старшыні Беларускай Рады 2-й арміі А. Шляхто, які ў чэрвені 1918 года нават прасіў Народны Сакратарыят залічыць яго ў Раду БНР.[19]
У снежні Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. 14 сакавіка 1919 года пачалося Нясвіжскае паўстанне, у часе якога польскія жыхары вызвалілі горад ад бальшавікоў; 5 дзён пазней яно было задушана, а арганізатары расстраляныя[20].
З 6 жніўня 1919 года да ліпеня 1920 года ў ходзе вайны Нясвіж заняты польскімі войскамі. Пасля аднаўлення савецкай улады Нясвіжскі павет з 31 ліпеня 1920 года ў складзе БССР. У кастрычніку ў горад ізноў увайшлі польскія войскі.
Падчас Слуцкага збройнага чыну, у лістападзе-снежні 1920 г., Нясвіж выкарыстоўваўся ў якасці тылавой базы паўстання: тут праходзілі перамовы з польскімі ўладамі, сюды накіроўвалі ў шпіталь параненых. Пасля сканчэння баявых дзеянняў, на Нясвіжчыну адступіла частка паўстанцаў — 2-і Грозаўскі полк. Былымі паўстанцамі апякуецца Булак-Балаховіч. У 1921 годзе у Нясвіжы ўзнікае мясцовы аддзел партызанскай арганізацыі "Зялёны дуб", чый штаб размясціўся на Новым Месце, у мяшчанскай хаце на Браварнай вуліцы (цяпер Камсамольская).[21]
У 1921—1939 гадах горад у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. У 1921—1923 гадах дзейнічала Нясвіжская беларуская гімназія пад кіраўніцтвам Язэпа Шнаркевіча, затым пераведзеная ў Клецк. 25 кастрычніка 1926 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў адбыўся з’езд прадстаўнікоў «віленскіх кансерватараў» і сустрэча з маршалам Юзафам Пілсудскім (1867—1935).
У пачатку Другой сусветнай вайны 17 верасня 1939 года Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 2 лістапада 1939 года ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці.
З 28 чэрвеня 1941 года па 4 ліпеня 1944 года акупіраваны войскамі гітлераўскай Германіі. Акупанты загубілі ў Нясвіжы больш за 6000 чалавек.
27 сакавіка 1978 года ў склад горада ўключана вёска Альба Нясвіжскага сельсавета[22].
26 кастрычніка 1991 года на Нясвіжскім біяхімічным заводзе (сёння Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў) адбыўся радыяцыйны інцыдэнт, у выніку якога аператар прамысловай стэрылізацыйнай устаноўкі атрымаў смяротную дозу апраменьвання.[23]
Насельніцтва

- 1673 год — 2,4 тыс. чал.[24]
- 1880 год — 8177 чал., з іх каля 5 тыс. іўдзеяў і 1 тыс. каталікоў[25];
- 1.1.1896 года — 10 237 чал. (5448 мужчынаў і 4789 жанчын), з іх паводле веры: праваслаўных 2890, каталікоў 1545, пратэстантаў 32, іўдзеяў 5692, іншых 78; паводле саслоўя: шляхты 165, духоўнага саслоўя 59, ганаровых грамадзян і купцоў 63, мяшчан 7885, ваеннага саслоўя 791, сялян 1180, іншых 94[26];
- 1897 год — 8446 чал.[27]
- 1921 год — 6840 чал.;
- 1959 год — 6,7 тыс. чал.[27];
- 1973 год — 9,6 тыс. чал.[28];
- 1989 год — 14,0 тыс. чал.;
- 1991 год — 15 тыс. чал.[29];
- 1995 год — 15 тыс. чал.[30] (15,2 тыс. чал[27]);
- 2006 год — 14,3 тыс. чал.;
- 2007 год — 12 684 чал.;
- 2008 год — 14,3 тыс. чал.;
- 2009 год — 14 033 (перапіс)[31];
- 2016 год — 15 434 чал.[32];
- 2017 год — 15 557 чал.[4];
- 2023 год — 15 907 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы медыцынскай (завод медыцынскіх прэпаратаў), харчовай, швейнай прамысловасці, рыбхоз «Альба». Гасцініца «Нясвіж». Сядзіба «Нясвіжская» (турыстычныя паслугі). Нясвіж — перспектыўны цэнтр турызму міжнароднага значэння.
Культура і адукацыя
Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 годзе заснаваны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». З 1995 у горадзе праводзіцца нацыянальны фестываль старажытнай і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа.
СМІ
- Газета «Нясвіжскі час». Недзяржаўнае выданне. Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Нясвіжскія навіны». Орган мясцовых улад.
- Бясплатная газета «Капейка».
Славутасці
- Нясвіжскі фарны касцёл Найсвяцейшага Божага Цела (былы касцёл езуітаў; XVI ст.) і езуіцкі калегіум
- Нясвіжскі касцёл і кляштар бенедыкцінак
- Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады (XVI ст.)
- Нясвіжская замкавая вежа (XVI ст.)
- Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (XVI—XVIII ст.ст.)
- Слуцкая брама (2-я пал. XVII ст. — XVIII ст.)
- Дом рамесніка («Дом на рынку», 1721)
- Нясвіжскі манастыр бернардзінцаў (1598, дабудаваны ў XVII ст.)
- Плябанія (кан. XVI ст. — пач. XVII ст.)
- Паркавы комплекс «Альба».
- Свята-Ушэсцеўская царква (2016)
- Свята-Георгіеўская царква (1954)
- Помнікі
- расстраляным бальшавікамі арганізатарам нясвіжскага паўстання, Мечыславу Валністаму, Палікарпу Календзе, Юзафу Янушкевічу, Канстанціну Шыдлоўскаму, Станіславу Іваноўскаму на гарадскіх могілках (1926);
- на брацкай магіле салдат Чырвонай Арміі і партызан у гарадскім парку;
- вызваліцелям Нясвіжа 2 ліпеня 1944 г. (вул. Савецкая);
- ахвярам Халакосту ў Нясвіжы, знішчаным 30 кастрычніка 1941 года (у гарадскім парку, на вул. Сноўскай і на гарадскіх могілках);
- паўстанню ў Нясвіжскім гета (вул. 1 Мая);
- Сымону Буднаму (вул. Ленінская);
- Іншае
- мемарыяльныя дошкі П. М. Косачу (вул. Савецкая) і К. Я. Шышыгінай-Патоцкай (вул. К. Лібкнехта);
- бюсты ў гарадскім парку, прысвечаныя князю Юрыю Нясвіжскаму, князю Мікалаю Радзівілу Сіротку, Уладзіславу Сыракомлі, Джавані Марыя Бернардоні, Тамашу Макоўскаму, Якубу Коласу (1990-я)
- скульптуры «Дама ў чорным», «Ундзіна» і іншыя;
- вазы з надпісамі «1794», «За нашу і вашу свабоду», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».
Страчаная спадчына
- Касцёл Міхаіла Арханёла 1598 года.
- Помнік нясвіжскага паўстання 1919 года ў цэнтры горада (знішчаны ў час Другой сусветнай вайны).
- Касцёл Яна Хрысціцеля і кляштар дамініканцаў.
- Касцёл Святога Крыжа ордэна бенедыкцінцаў 1766 года.
- Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс
- Слуцкая брама
- Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады
- Нясвіжскі фарны касцёл
Вядомыя асобы
- Радзівілы
- Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565) — вялікалітоўскі дзяржаўны, ваенны, культурны і рэлігійны дзеяч.
- Сымон Будны (~1530-1593) — гуманіст, асветнік, вучоны, царкоўны рэфарматар, філосаф.
- Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549—1616) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч.
- Адольф Янушкевіч (1803—1857) — падарожнік, пісьменнік.
- Міхал Апанасавіч Вітушка (1907—2006) — беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік беларускага антысавецкага супраціву, калабарацыяніст.
- Дзмітрый Касмовіч (1909—1991) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, выдавец.
- Шомер (Нохум-Меер Шайкевіч) (?-1905) — яўрэйскі пісьменнік.
- Сяргей Сцяпанавіч Забродскі (1911—1980) — вучоны ў галіне гідрадынамікі, цепла- і масаабмену
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.