Слуцк
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Слуцк[3] (трансліт.: Sluck), часам Слу́часк, або Слу́цак — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слуцкага раёна, на рацэ Случ пры ўпадзенні ў яе ручая Бычок. За 105 км на поўдзень ад Мінска. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтадарогі на Мінск, Бабруйск, Салігорск. Насельніцтва 62 147 чал. (2017)[4].
Горад
Слуцк
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Тапонім «Слуцк» утварыўся ад ракі Случ па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[5]. У сваю чаргу, назва ракі з’яўляецца вытворным ад слова «лука» — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына)[6]. У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў форме Случескъ[5].
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назвах двух старажытнейшых гарадоў Полацк і Смаленск, засведчаных летапісамі пад 862 і 863 гг. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[5].
Варыянт Слуцак не вытлумачваецца фанетычнымі законамі беларускай мовы і на працягу многіх стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст., але ўсё ж перавага аддавалася варыянту Слуцк. Напрыклад, у беларускамоўнай газеце «Наша Ніва» (1906—1915) форма Слуцак ужыта толькі 5 разоў, у той час як Слуцк — 54 разы. Форма Слуцак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[5].
У наш час па-ранейшаму дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Слуцак[5].
На тэрыторыі сучаснай Случчыны вядомы стаянкі першабытнага чалавека, якія адносяцца да перыяду канца V — канца III тысячагоддзяў да н.э. Пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага Слуцка існавалі з VII стагоддзя да н.э па VIII стагоддзе н.э.
Упершыню горад Слуцк згадваецца пад 1116 годам у «Аповесці мінулых часоў» як горад дрыгавічоў, які быў спалены Глебам Менскім («Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ»). Уваходзіў у склад Тураўскай воласці і належаў разам з ёй кіеўскаму князю Уладзіміру Усеваладавічу.
У 1149 годзе Юрый Далгарукі перадаў Слуцк («и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче») чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.
З 1160 года горад з’яўляўся цэнтрам княжацкага ўладання — Слуцкага княства, дзе першым вядомым князем быў унук Уладзіміра Усеваладавіча — Уладзімір Мсціславіч[7]. У 1162 годзе ён быў выгнаны са Слуцка кааліцыяй князёў: «Рюрик и Святополк Гюргевичь Туровьским и Святослав Всеволодович с братомъ Ярославом и съ Олгомъ Святославичем и с Володимиричемъ и съ Кривьскими князьми идоша къ Случьску».
У 90-я гады XII стагоддзя адбылося канчатковае вылучэнне Слуцка з Тураўскай зямлі. Пасля каля двухсот гадоў княствам кіравалі нашчадкі тураўскага князя Юрыя Яраславіча[8][9].
Напачатку XIII стагоддзя слуцкія землі трапілі ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства[10]. У 1205 годзе адбыўся напад на Слуцк польскіх войскаў. Прыкладна ў гэты час з’яўляюцца першыя звесткі пра слуцкі Троіцкі (Трайчанскі) праваслаўны манастыр.
У 1320—1330-я гады горад увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага і на працягу двух стагоддзяў Слуцк з’яўляўся адным з палітычных і культурных цэнтраў гэтай дзяржавы. У грамаце 1387 года згадваецца слуцкі князь Юрый, апошні з дынастыі нашчадкаў Юрыя Яраславіча Тураўскага[11].
У 1395 годзе горад перайшоў з уладання князёў Ізяславічаў Тураўскіх да князёў Гедзімінавічаў. У 1398—1454 гадах у Слуцку княжыў Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч.
У пачатку XV стагоддзя каля ўпадзення ручая Бычок у раку Случ былі пабудаваны Верхні і Ніжні замкі.
15 ліпеня 1410 года слуцкае апалчэнне прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве.
У 1419 годзе ў горадзе быў узведзены каталіцкі фарны касцёл, які праіснаваў да 1852 года.
У 1433 годзе горад быў цэнтрам выступлення супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.
У 1441 годзе атрымаў абмежаванае самакіраванне на аснове магдэбургскага права і герб. У 1443—1454 гадах горадам правіў князь Сямён Алелькавіч.
У 1446—1447 гадах слуцкая дружына дапамагала маскоўскаму князю Васілю II у яго барацьбе супраць Дзмітрыя Шамякі, які захапіў маскоўскі трон.
У 1454—1481 гадах у Слуцку княжыў Міхаіл Аляксандравіч. Пасля пакарання Міхаіла Алелькавіча смерцю за змову супраць Казіміра IV горад перайшоў да яго ўдавы Ганны і малалетняга сына Сямёна . Ён княжыў да 1505 года.
1494 годам датуюцца першыя звесткі пра бібліятэку рукапісных кніг слуцкага Трайчанскага манастыра. З канца XV стагоддзя пры ім існавала школа перапісчыкаў царкоўных кніг. Да XVI стагоддзя Слуцк заставаўся адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання XVI стагоддзя, існавала бібліятэка.
З 1505 па 1542 год спачатку пад рэгенцтвам маці , а потым самастойна, у Слуцку княжыў Юрый Алелькавіч. У 1508 Слуцк спалены мяцежнымі войскамі Міхаіла Глінскага. 8 верасня 1514 случчане прымаюць удзел у бітве пад Оршай супраць войскаў маскоўскага князя Васіля III.
У 1517 годзе пачаліся запісы ў «Слуцкім памянніку», які запаўняўся да XVIII стагоддзя.
У 1527 годзе дружына слуцкага князя Юрыя Слуцкага разбіла татараў пад Кіевам падчас Альшаніцкай бітвы[12].
З 1542 па 1560 год Слуцкам правіў Сямён Юр’евіч .
У 1582 годзе быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 16 стагоддзі слуцкія землі неаднаразова спусташалі, а сам горад абложвалі крымскія татары, аднак замак узяты не быў.
У 1592 годзе княжна Соф’я Юр’еўна, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, аб’яднала землі княства, у 1612 годзе пасля яе смерці горад перайшоў да яе мужа Януша Радзівіла.
У 1617 годзе князем Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія. У 1630—1640-я гг. Багуслаў Радзівіл умацаваў Слуцк, які лічыўся адной з асноўных крэпасцяў ВКЛ. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672—1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689—1773 гг. — езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Слуцк быў адзіным з буйных гарадоў Беларусі, які не здолелі захапіць рускія войскі. У 1655 г. вытрымаў аблогу рускіх і казацкіх войск. 7 мая 1656 года Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1700 годзе гораду дадзена поўнае магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну (1700—1721) у горадзе неаднаразова квартэравалі шведскія войскі.
У 1751—1760 гадах у горадзе дзейнічала прыдворная тэатральная трупа ўласніка горада і слуцкай ардынацыі — князя Гераніма Фларыяна Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756 годзе). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі.
У 1740 годзе князь Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» заснаваў мануфактуру «слуцкіх паясоў» з шоўку (Слуцкая персіярня), якая дзейнічала да 1844 г.
У 1767 годзе ў горадзе была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя — саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваная для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай.
У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай горад Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924 года).
У 1823 годзе быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 годзе скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 годзе распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы — Слуцк (скончана ў 1915 годзе).
У часе выбараў да самакіравання ў 1909 годзе ў гарадскую раду было абрана 10 рускіх, 4 палякі і 1 яўрэй[13].
З 1919 года — у БССР, але яшчэ ў тым годзе заняты польскімі войскамі. У 1919—1920 гадах — пад часовай польскай адміністрацыяй, у складзе Менскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. 15 ліпеня 1920 года войскі Мазырскай групы авалодалі горадам. З 1920 года зноў у складзе БССР.
У 1921 г. працавала этнаграфічная экспедыцыя па Беларусі, арганізаваная Беларускім Дзяржаўным музеем, у складзе якой былі мінскія мастакі Д. Полазаў (кіраўнік), П. Гуткоўскі, Я. Кругер, К. Елісееў, фалькларыст і кампазітар Уладзімір Тэраўскі і інш. За шэсць тыдняў у Слуцку і навакольных вёсках было сабрана і часткова сфатаграфавана мноства помнікаў старажытнасці, знойдзена значная колькасць цудоўных узораў слуцкіх паясоў і тканін. Пра вынікі працы Д. Полазаў зрабіў даклад на пасяджэнні мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці[14].
З 27 верасня 1938 года — горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 года акупіраваны нямецкімі войскамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. У горадзе існавала савецкае падполле. 30 чэрвеня 1944 года ў ходзе Мінскай аперацыі Слуцк быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў[15].
12 кастрычніка 1967 года ў Слуцку адбыліся масавыя беспарадкі, быў падпалены будынак суда, загінулі суддзя і афіцэр МУС.
Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, металаапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Слуцк». У 2004 у горадзе 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістравана 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена 8 прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве «Ландыш», тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Шырока прадстаўлена дрэва- і металаапрацоўчая галіны («Слуцкмэбля», «Слуцк-Модуль», «Ямполь»).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.