Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Глеб Усясла́віч (ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь, канец 1040-х — 13 верасня 1119, Кіеў) — князь менскі (да 1118)[6].
Глеб Усяславіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Нараджэнне | каля 1070 | ||||||
Смерць |
13 верасня 1119[1][2] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ізяславічы Полацкія | ||||||
Бацька | Усяслаў Брачыславіч[5] | ||||||
Маці | Усяславава Брачыславіча[d][5] | ||||||
Жонка | Анастасія Яраполкаўна | ||||||
Дзеці | Расціслаў Глебавіч, Валадар Глебавіч і Усевалад Глебавіч[5] | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сын Усяслава Брачыславіча[6], унук Брачыслава Ізяславіча і праўнук Ізяслава Уладзіміравіча — полацкіх князёў. Прапраўнук вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды. Праз Рагнеду нашчадак першага вядомага полацкага князя Рагвалода. Такім чынам, Глеб належаў да роду Рурыкавічаў, чацвёртага пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія валодалі Полацкай зямлёй не толькі па праве спадчыны ад Уладзіміра Святаславіча, але і як спадчынай ад Рагвалода[7].
Імя старажытнаскандынаўскага паходжання[8]. Старэйшыя сыны Усяслава Брачыславіча — Барыс, Глеб, Раман і Давыд — напэўна, названы ў памяць Барыса Уладзіміравіча (у хрышчэнні Рамана, князя растоўскага ў 1010—1015) і Глеба Уладзіміравіча (у хрышчэнні Давыда; князя мурамскага ў 1013—1015), якія ў 1071 годзе прылічаны да святых. Усяслаў Брачыславіч, напэўна, першым з Рурыкавічаў назваў сваіх сыноў у памяць святых-сваякоў, магчыма, яшчэ да афіцыйнай іх кананізацыі. Імя Глеб было адначасова свецкім і хрысцільным, такая традыцыя для імёнаў Барыс, Глеб, Раман і Давыд прасочваецца ў родзе Рурыкавічаў амаль да сярэдзіны XIII ст. У выпадку Глеба Усяславіча гэта пацвярджаецца і выявай св. Глеба на яго пячатках.
Напэўна, другі паводле старшынства (пасля Барыса) сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Такім чынам, Глеб мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў. Таксама ёсць меркаванне, што Глеб нарадзіўся каля 1070 года[6], бо ў 1073 годзе, магчыма, ён быў заручаны з Анастасіяй — дачкой князя Яраполка Ізяславіча. За ёй, магчыма, і атрымаў Менск[9], які пасля смерці бацькі ў 1101 годзе стаў яго ўдзелам.
На думку В. Р. Тарасенкі, пры Глебе ў Менску вялося будаўніцтва першай каменнай царквы[10].
Імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104 годзе абараняў Менск ад аб’яднанага войска паўднёварускіх князёў — вялікі князь Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Манамах — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч прыйшоў сам і прывёў глебава брата Давыда. Мэтай, імаверна, было вяртанне Давыду ўдзела[11]. Аднак паход на Менск не меў поспеху[6], імаверна, бо вялікі князь Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.
На пачатак XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў[12]. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі валасцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны рэк Басі і Мярэі[13]. Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напрыклад гарадзішчы каля вёсак Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага раёна[12]), умацаванні ва ўсіх гэтых паселішчах з’явіліся на пачатку XII ст.[12][14]. У канцы XI ст. Смаленскае княства ўрэшце замацавалася за дзецьмі Уладзіміра Манамаха, яны, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што было прычынай іх варожасці да Глеба[12].
У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Апроч зямель абапал Дняпра з Оршай і Копыссю, Глеб далучыў да свайго княства і Друцк[15], акалічнасці гэтага невядомы.
У 1108 годзе ахвяраваў Кіева-Пячэрскаму манастыру на пабудову трапезнай 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата[6] (100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата таксама ахвяравала жонка пасля смерці князя паводле яго завяшчання).
Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір Манамах — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у т. л. па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк[6], які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства быў скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднанае войска князя чарнігаўскага Давыда Святаславіча (стрыечнага брата Уладзіміра) і князя пераяслаўскага Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, але Уладзімір вырашыў працягваць аблогу і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.
Глеб убачыў падрыхтоўку да працяглай аблогі і адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на перамовы[6]. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі[16][17], забраў значную частку ўладанняў, у т. л. Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваўшы горад Жэлні .
Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці[6]. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 годзе свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў[6].
Памёр Глеб Усяславіч 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры разам з жонкай, якая перажыла яго на 40 гадоў, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах прападобнага ігумена і аднаго з заснавальнікаў лаўры Феадосія Пячэрскага[18].
Вядомы 3 тыпы віслых пячатак, якія даследчыкі звязваюць з Глебам Усяславічам. На аверсе ўсіх тыпаў — выява св. Глеба ў княжацкай шапцы, з мучаніцкім крыжам на грудзях і двухкалонкавым надпісам «Глѣбъ». На рэверсе: тып 1 — шасціканцовы расквітнеўшы крыж і надпіс «ІС ХС» (Ісус Хрыстос), тып 2 — надпіс «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Глебу», тып 3 — выява Маці Божай. Зарэгістраваны 3 пячаткі 1-га тыпу (дыяметр 20—21 мм, дзве з Кіева і адна з Гродна) і 3 пячаткі 2-га тыпу (дыяметр 22—23 мм, дзве з Ровенскай і адна з Жытомірскай абласцей Украіны). Да 3-га тыпу належыць 1 пячатка з Валынскай вобласці (Украіна) дыяметрам 22 мм. Нумарацыя тыпаў — паводле парадку выяўлення.
На пячаткі тыпу 1 падобныя дзве пломбы (малыя пячаткі), знойдзеныя ў Полацку, іх таксама можна аднесці да Глеба Усяславіча. На іх выява св. Глеба і надпіс «ГЛ» (Глеб), на зваротным баку — 6-канцовы расквітнеўшы крыж; дыяметр — 13 мм[19].
Аднак, пячаткі тыпу 1, на думку некаторых даследчыкаў, маглі належаць гарадзенскаму князю Глебу Усеваладавічу.
Жонка: з 1090 Анастасія Яраполкаўна (пам. 1159), дачка князя уладзіміра-валынскага і тураўскага Яраполка Ізяславіча.
З крыніц вядомы тры Глебавічы:
В. М. Тацішчаў пад 14 мая 1134 года паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім князем[20], але гэта быў сын князя курскага Глеба Ольгавіча.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.