From Wikipedia, the free encyclopedia
Барыс Усяславіч (да 1054 — пачатак 1129) — князь полацкі (1101 — пачатак 1129).
Барыс Усяславіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Усяслаў Брачыславіч | ||||||
Пераемнік | Давыд Усяславіч | ||||||
Нараджэнне | да 1054 | ||||||
Смерць |
1129 Полацк |
||||||
Род | Рагвалодавічы | ||||||
Бацька | Усяслаў Брачыславіч | ||||||
Дзеці | Рагвалод-Васіль, Іван, Звеніслава | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, старэйшы[1]. Магчыма, адзін з сыноў, якія ў 1067 годзе трапілі ў кіеўскі палон на Ршы разам з бацькам і, напэўна, сядзелі ў порубе. Калі так, Барыс нарадзіўся не пазней за 1054 год. Пасля смерці бацькі ў 1101 годзе сеў на полацкім стальцы, але вядома пра гэта ўскосна.
Ёсць і іншая думка наконт удзела, атрыманага князем Барысам ад бацькі. Леанід Аляксееў лічыў ім Друцк[2], але з крыніц вядома, што да 1116 года гэты горад належаў менскаму князю Глебу[3].
Пад 1102 годам Васіль Тацішчаў (XVIII ст.) паведамляе, што полацкі князь Барыс хадзіў супраць яцвягаў, перамог іх і на зваротным шляху заснаваў Барысаў[2][4]. Пра заснаванне горада князем Барысам паведамляюць і беларуска-літоўскія летапісы (XVI ст.), але без часу і акалічнасцей. Ёсць думка, што летапісец XVI ст. карыстаўся полацкім летапісам. Тацішчаў таксама мог карыстацца такім летапісам, але ён пэўна карыстаўся і беларуска-літоўскім летапісаннем. Унікальныя звесткі Тацішчава агулам, у гэтым выпадку год і акалічнасці заснаванне горада, вымагаюць пільнага стаўлення, не выключана, што яны толькі «рэканструкцыя» аўтара. У кожным разе, час заснавання горада пацвярджаецца першай яго згадкай (1128) і археалагічна, а назва звязана з імем князя амаль бясспрэчна.
Пабудова крэпасці князем Барысам на паўднёвай мяжы свайго ўдзела[5][6], напэўна, звязана з актыўнай дзейнасцю менскага князя Глеба, які да 1103 года выгнаў двух іншых братоў — Рамана і Давыда, захапіўшы іх суседнія са сваім удзелы. Відаць, і адносіны Барыса з Глебам не былі добрымі, прынамсі, ён не дапамог брату ні ў 1104, ні ў 1116 і 1118 гадах[7][8].
Імаверна, у 1106 годзе князь Барыс з братамі здзейсніў няўдалы паход супраць земгалаў, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, тыя перамаглі «Всеславичь всю братью и дружины убиша 9 тысящь». Выказаны сумненні ці праўда ўсе браты былі ў паходзе, бо прынамсі двое — Раман і Давыд — не мелі ўдзелаў і жылі тым часам у Чарнігаўскай зямлі. Колькасць загінулых пэўна перабольшана або вынік пазнейшага перапісвання. У свой час Тацішчаў падаў 900[9], але, імаверна, ён разумеў неадпаведнасць і проста скараціў лічбу на парадак. Даследчыкі прапаналі некалькі варыянтаў зыходнай лічбы ў крыніцы. У кожным разе, страты былі цяжкія, таму летапісец і адзначыў падзею. Розна ацэньваюць і наступствы паразы, ад яе эпізадычнасці да страты полацкага кантролю над земгаламі. «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў 1110—1118 гады, згадвае земгалаў сярод даннікаў Русі, таму, калі кантроль і страчваўся, то неўзабаве адноўлены.
Напэўна, пабудаваў княжацкую сядзібу з Барыса-Глебскім манастыром у Бельчыцах і заказаў надпісы на так званых Барысавых камянях[2]. Прынамсі, з дзейнасцю полацкага князя Барыса гэтыя аб'екты звязваюць беларуска-літоўскія летапісы XVI ст.
На думку Аляксеева, пры князю Барысе былі значна абмежаваны правы князя ў Полацку і ўзмацнілася гарадское самакіраванне[2], аднак, даследчык робіць такую выснову толькі з падзей 1128 года.
У 1121 годзе, паводле Тацішчава, вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах ездзіў у Смаленск «для разгляду нязгод і ўсмірэння» полацкіх князёў, акалічнасцей не паведамляе і крыніцы не называе. На думку Эдуарда Загарульскага, нязгоды паміж Усяславічамі маглі пачацца пасля паланення і смерці менскага князя Глеба і, магчыма, пераходу Менскай воласці да вялікага князя кіеўскага[10]. Ці так гэта і якая роля Барыса ў падзеях не вядома.
Згадваецца «Жыціем» сваёй пляменніцы Прадславы ў перыяд 1120—1128 гадоў, як полацкі князь і сведка заснавання ёю Спаскага манастыра[11].
На думку Загарульскага, магчыма, да жніўня 1128 года праз узрост або хваробу князь Барыс страціў дзеяздольнасць і паўстала пытанне пра ажыццяўленне ўлады[12]. На гэта прэтэндаваў князь Давыд Усяславіч, наступны з братоў паводле старшынства. Магчыма, гэта і было «няпраўдай» князя Давыда за якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч жніўнем 1128 года пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Пэўна не вядома, чаго хацеў вялікі князь і самі палачане, але яны выгналі Давыда і, «узяўшы» Рагвалода Барысавіча, пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя Мсціслава, які просьбу задаволіў. На думку Загарульскага, палачане і хацелі каб пры нямоглым Барысе уладарыў яго сын, добра ім вядомы Рагвалод[13].
Неўзабаве, у 1129 годзе (вераснёўскім, да разводдзя), князь Барыс памёр і князь Давыд мусіць сеў на полацкім стальцы. Падзеі суправаджаліся ўсобіцай і прычыніліся высылцы полацкіх князёў у Візантыю вялікім князем Мсціславам у 1130 годзе.
Жніўнем 1128 года, выгнаўшы з Полацка князя Давыда Усяславіча, палачане ўзялі («поемше») не названага па бацьку Рагвалода і пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя кіеўскага Мсціслава, які іх просьбу задаволіў. Шэраг даследчыкаў, у тым ліку Міхаіл Пагодзін, Мікалай Баўмгартэн[14], Мікалай Карамзін[15], Сяргей Салаўёў[16], Васіль Данілевіч[17], Дзмітрый Ліхачоў[18], Уладзімір Пічэта, Фёдар Успенскі[19], з разуменнем просьбы палачан у зацвярджэнні князя на стальцы і немагчымасці гэтага для племянніка перад дзядзькамі, лічаць Рагвалода Усяславічам — братам князёў Барыса і Давыда. То бок Рагвалод Усяславіч — выснова гістарыёграфаў[16]. Ні пра смерць, ні пра высылку, ні пра што іншае датычна Рагвалода Усяславіча крыніцы не паведамляюць[20][12].
Пры гэтым, як адзначыў Эдуард Загарульскі, пра смерць полацкага князя Барыса Усяславіча («престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ»[21][22]) летапіс паведамляе толькі пачаткам 1129 года[23]. Таму не ясна, што ў Полацку рабіў Давыд і навошта палачане прасілі сабе князем Рагвалода да таго часу[24]. Вядома толькі, што нейкая «няпраўда» Давыда была прычынай паходу Мсціслава, нягледзячы на сватаўство паміж імі. Выказвалася думка, што паведамленне пра смерць князя Барыса ў 1129 годзе было памылкай летапісца, а на праўдзе ён памёр у пачатку 1128 года, першым так падаў падзеі Тацішчаў, але для гэтага няма падстаў, апроч імкнення даслечыкаў развязаць супярэчнасці версій.
Многія гістарыёграфы, у тым ліку Леанід Аляксееў[25], Эдуард Загарульскі[26][11], Алег Рапаў[27], Аляксандр Рукавішнікаў[28], Барыс Флора[29], Валянцін Янін[30], развязваюць праблему інакш і лічаць не названага па бацьку Рагвалода тоесным Барысу Усяславічу; то бок думаюць, што Барыс — хроснае імя Рагвалода. Напэўна, першым такім чынам развязаў супярэчнасць складальнік Густынскага летапісу яшчэ ў XVII ст., які запісаў «преставися князь Полоцкий Рогволдъ или Борисъ», што на думку Фёдара Успенскага яўная «рэканструкцыя»[31]. Некаторыя даследчыкі, напрыклад Барыс Флора, падмацоўваюць гэту версію спасылкай на імёны па бацьку Васіля і Івана Рагвалодавічаў, дададзеных да спісу высланых полацкіх князёў у пазнейшых Растоўскім (не захаваўся) і Васкрасенскім летапісах, а таксама Маскоўскім зводзе[32], але верагоднасць пазнейшых спіскаў сумнеўная[33].
Тоеснасць Барыса і Рагвалода, аднак, малаімаверная[19]. Па-першае, парушаецца традыцыя надання імёнаў у родзе Рурыкавічаў — не называць сына ў жывога бацьку, а ў Барыса быў сын Рагвалод[19]. Па-другое, хоць паводле назіранняў Ф. Успенскага, у адрозненне ад імёнаў Глеб, Раман і Давыд, імя Барыс магло быць хросным у пары з родавым, але калі само давалася як родавае, то адначасова было і хросным, то-бок адзіным. У выпадку з князем Барысам Усяславічам ва ўсіх наратыўных, эпіграфічных, сфрагістычных крыніцах яго імя ўжываецца звычайным для родавых, а не хросных імёнаў чынам.[19]
Так, у паведамленні пад 1129 годам пра смерць «престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ» ён называны адным імем, традыцыяй у такіх выпадках было падаваць родавае імя, зрэдку дадавалі да яго і хроснае, згадка толькі хроснага імя часам сустракаецца пры смерці малалетніх[34]. У паведамленні летапісу пад 1144 годам «Изяславъ отда дщерь свою Полотску за Борисовича за Роговолода»[35] і згадцы «Жыція Еўфрасінні Полацкай» 1170-х гадоў «княжна Борисовна именем Звенислава» ў традыцыі побач родавых імёнаў сына і дачкі мусіла бы быць родавае, а не хроснае імя па бацьку[36]. Тое ж тычыцца г.зв. Барысавых і Рагвалодава канямёў, на першых надпіс «Господи помози рабу своему Борисоу» дае адзінае імя бацькі, на другім — надпіс 1171 года «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову» дае хроснае і родавае імя сына, варта было б чакаць, каб наследуючы бацьку было пададзена адно імя, хроснае ці родавае, або наадварот — абодва імя бацькі, калі іх праўда было два[37]. Урэшце, на пячатках і пломбах атрыбутаваных князю Барысу змешчана паясная выява святога Барыса і пазначана імя Барыс, на пячатцы ж яго сына на аверсе выява князя на стальцы і імя Рагвалод, на рэверсе выява святога Васіля Кесарыйскага. У гэтым плане пячаткі атрыбутаваныя князю Барысу тыпалагічна тоесныя пячаткам атрыбутаваным яго брату князю Глебу Усяславічу, дзе таксама змешчана толькі пагрудная выява святога Глеба і пазначана імя Глеб.
Таму частка даследчыкаў лічыць не названага ў 1128 годзе па бацьку Рагвалода сынам Барыса Усяславіча. Напэўна, першым такую выснову зрабіў Тацішчаў, які ў сваім апісанні падзей 1128 года паказвае ўдзельнікам Рагвалода Барысавіча. На думку Загарульскага, палачане не мелі бы патрэбы весці да Мсціслава хоць для чаго Рагвалода Усяславіча, немаладога і добра вядомага, а Рагвалод Барысавіч быў юнаком, што вымагала прадстаўлення. Тое ж тычыцца «узяцця» палачанамі Рагвалода, аб’ектам дзеянняў мог быць толькі вельмі малады чалавек, дарослы выступаў бы самастойна. Калі б меркаваны Рагвалод Усяславіч быў старэйшы за Давыда, яму не трэба было б зацвярджэння, калі наадварот — маладзейшы, не зразумела чаму вялікі князь Мсціслаў аддаў перавагу яму перад сваім сватам супраць права старшынства.[38][12]
Станам на 2016 год, меркавана, князю Барысу Усяславічу атрыбутуюць пячаткі і пломбы 7 тыпаў.[39]
Першы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса і Глеба; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Адбітак адной пары матрыц, дыяметрам 30 мм, знойдзены ў 2009 годзе ў Брусілаўскім раёне Жытомірскай вобласці Украіны. Асобнік другой пары матрыц знойдзены ў 2004 годзе ў Смаленску.
Другі (паводле Яніна, Гайдукова, № 333а) адрозніваецца ад першага роставай выявай св. Барыса і Глеба на аверсе. Дыяметр 28-30 мм. Знойдзена два асобнікі ў Ноўгарадзе.
На думку І. Жукава, пячаткі 1-га і 2-га тыпу, калі належаць кн. Барысу Усяславічу, то паходзяць з часу яшчэ пры жыцці кн. Усяслава (канец XI ст.).
Трэці (паводле Яніна, № 330) мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева калонкавы надпіс «ⓐ — Б — О», справа — «Р — Н — С», вакол абадок; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа, па баках надпіс «IC — ХС», вакол абадок. Дыяметр 13 мм. У 1962 годзе адзін асобнік знойдзены ў Ноўгарадзе.[40]
Чацвёрты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева захавалася літара «Б», справа — «Н»; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 30 асобнікаў у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.
Пяты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — літары «Б». Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ў 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.
Шосты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — раўнаканцовага крыжа ў паўкругу. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ад розных пар матрыц у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.
Сёмы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — добразычлівы надпіс у чатыры радкі «ГНПО-МОЗН-БОРН-СОВ[Н]» (Господи помози Борисови). Дыяметр 12 мм. Знойдзены 3 асобнікі ад двух пар матрыц у 2013 годзе ў Полацку падчас раскопак. На думку І. Жукава, гэта найпазнейшы тып пячаткі кн. Барыса Усяславіча.[40]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.