Remove ads
паркавы комплекс From Wikipedia, the free encyclopedia
Альба — паркавы комплекс на паўднёвай ускраіне горада Нясвіжа. Асваенне Альбы як загараднай рэзідэнцыі Радзівілы пачалі ў канцы XVI ст. Згодна з «Альбомам Бернардоні», у XVI ст. ў Альбе быў пабудаваны дом Радзівіла, ваяводы троцкага. Гэта быў сціплы драўляны, прамавугольны ў плане будынак, відаць, двухпавярховы або з мансардным дахам.
Маленькі летні палац будаваўся па праекце архітэктара Казіміра Ждановіча[крыніца?].
«Эрмітаж» Сіроткі быў пабудаваны ў дзве лініі і ўключаў гардэробную, сталовую, кухню, капліцу з фаянсавымі алтарамі, статуямі святых з слановай косці. На адным франтоне была драўляная статуя Св. Мікалая, на другім — Св. Крыштофа. Інтэр’еры былі цёмных колераў, упрыгожаны мармуровымі камінамі, над якімі былі эмблемы: крыж, чаша, чэрап і г.д. Да сярэдзіны XIX ст. «Эрмітаж» быў практычна страчаны.
Паводле інвентара 1636 г., фальварак уключаў таксама жылы дом з пакоямі, якія абаграваліся кафлянымі зялёнымі печкамі і камінамі, флігель-кухню, бровар, пякарню, сырнік. Шматлікія гаспадарчыя будынкі ўтваралі вялікі гаспадарчы двор. Альба мела рысы рэнесансных сядзіб. Несумненна, стваралася пад уплывам ідэй італьянскага Рэнесансу[крыніца?].
Значныя страты сядзібе нанеслі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст. З 1758 г. у Альбе фарміруецца вялікі паркавы ансамбль. У парку ўжо былі галандская ферма, новы аднапавярховы палац, фазанарый, псарня, тры звярынцы, абнесеныя высокай драўлянай агароджай, вадаёмы. У сярэдзіне XVIII ст. былі пабудаваны «Эрмітаж» (цагляны будынак на месцы старога драўлянага) і двухпавярховы мураваны палац. Ансамбль уключаў некалькі «італьянскіх» паркаў у стылі французскага класіцызму.
Галандская ферма знаходзілася пры ўездзе ў Альбу, злева ад цэнтральнай ліпавай алеі. На ферме стаяў двухпавярховы дом. На верхнім паверсе, зробленым з «прускага муру», размяшчаліся апартаменты князя з пяці пакояў і вялікай залы, сцены якіх упрыгожвалі палатняныя шпалеры[крыніца?].
Недалёка ад фермы сярод ляснога масіву быў уладкаваны своеасаблівы звярынец, кампазіцыйным цэнтрам якога была альтанка — купальная ратонда, ад якой радыяльна разыходзіліся восем алей. Замыкаліся яны філярамі (слупамі) са скульптурнымі выявамі звяроў. Кіраваў работамі архітэктар Ян Хіль[крыніца?].
Асноўным матывам кампазіцыі парку была сістэма прамянёвых алей з відамі на люстры вялікіх вадаёмаў. Алеі разыходзіліся як промні сонца.
У 1778 г. прыдворны архітэктар Караля Станіслава Радзівіла Лявон Лутніцкі з удзелам італьянскіх дойлідаў Карлы Спампані і Маўрыцыа Педэці, а таксама Лявона Аутніцкага, пачаў грандыёзныя работы па рэканструкцыі Альбы[крыніца?], а ў 1784 г. новая Альба ўжо прымала караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Была створана водная сістэма з васьмі каналаў і круглага вострава на месцы былога звярынца, ідылічная вёска з 180 хатак, накрытых саломай (правобразам служылі «вёскі» французскай каралевы Марыі Антуанеты ў Рамбуе і Версалі), сфарміраваны паркі.
Вёска была абкружа пейзажна-рэгулярным паркам з геаметрычнай сеткай алей, стрыжаных шпалер, раскрытых ландшафтаў. Парк налічваў шэраг альтанак-мілавідаў, аранжарэю, цяпліцу і нават персіярню — фабрыку па вытворчасці персідскіх паясоў. На аснове ракі Ушы была сфарміравана складаная сістэма сажалак і і каналаў з белакаменнымі набярэжнымі, шлюзамі, плацінамі, млынамі. Уздоўж каналаў было пабудавана 180 аднатыпных драўляных, крытых саломай «хатак» — імітацыя сялянскіх сядзіб з усім наборам надворных пабудоў. Кожная «хатка» з’яўлялася гасцініцай, два з чатырох пакояў прызначаліся для гасцей. На падвор’і знаходзіліся вазоўня-карэтная, стайня, хлеў, цялятнік, лазня, альтанка. Усе «гаспадаркі» былі абнесены драўляным плотам з брамай, дэкарыраванай выявай звера ці птушкі. Насупраць кожнай сядзібы ставілася галубятня на слупе і вальер для экзатычных птушак, з тылу сядзібы размяшчаліся агароды. Вялізны дом у цэнтры ансамбля займаў сам Пане Каханку. 3 гармат, якія размяшчаліся на яго двары, салютавалі ў дні святкаванняў. Сярод забудовы вёскі насупраць дома войта ўзносіўся драўляны Троіцкі касцёл-пахавальня з медным дахам і трыма пазалочанымі купаламі. Цэнтрам кампазіцыі стала драўляная трох’ярусная альтанка (архітэктар Л. Лутніцкі) на круглым востраве, якая нагадвала храм Святой Сафіі ў Стамбуле, хоць была пабудавана ў эклектычных формах. Да гэтага збудавання сыходзіліся ў выглядзе промняў і вуліцы вёскі[крыніца?].
Па вадаёмах і каналах парку манеўрыравала своеасаблівая партатыўная флатылія, якую абслугоўвалі курсанты мясцовай мараходнай школы. 3 іх удзелам праводзіліся імправізаваныя ваенныя баталіі і марскія баі, якія суправаджаліся эфектнымі выбухамі.
У Альбе размяшчаліся таксама аранжарэі, пчальнік, чатыры двухпавярховыя млыны з бруса на галоўным канале, шпіталь з аптэкай. Быў значна пашыраны звярынец. У ставах разводзілася розная рыба, плавалі лебедзі.
У вайну 1812 г. асноўныя пабудовы былі разбураны. У 1846 г. Альба была здадзена іншаземным уладальнікам у шасцігадовую арэнду. Англійскі парк здзічэў. У 1860-я гг. насаджэнні былі ў значнай ступені павысяканы. Новы пад’ём пачаўся пасля 1875 г., калі Антоні Вільгельм Радзівіл, муж Марыі Дароты дэ Кастэлян, стаў на чале Нясвіжскай ардынацыі. Марыя Дарота выступіла ініцыятарам адраджэння Нясвіжскага замка, стварыла побач з ім паркавы комплекс, сабрала ў замку значную бібліятэку. Работы працягваліся пасля Першай сусветнай вайны. Былі добраўпарадкаваны парк на тэрыторыі 80 га, звярынец, ставы, фазанарый, гаспадарчыя пабудовы.
У наш час на тэрыторыі Альбы захавалася адна з найбольш арыгінальных у Беларусі водных сістэм. Добра выяўлена цэнтральная алея, фрагменты іншых алей, дарог. Часткова захаваліся новы і стары пейзажныя паркі.
Аб’ект Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, шыфр 611Г000467 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.