Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Го́мель[4] (трансліт.: Homieĺ) — горад абласнога падпарадкавання на паўднёвым усходзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гомельскай вобласці і Гомельскага раёна. За 301 км ад Мінска, 609 км ад Гродна, 222 км ад Кіева. Размешчаны недалёка ад мяжы з Украінай. Другі паводле колькасці насельніцтва горад краіны. Насельніцтва 501 802 чал. (2023).
Горад
Гомель
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Найбольш старажытнай версіяй назвы лічыцца «Гомій», хаця ў абедзвюх першых вядомых летапісных згадках Гомеля яго назва не падавалася ў пачатковай форме: «около Гомия» (1142 г.), «в Гомью», «до Гомьа» (1158 г.). Іншых пісьмовых згадак Гомеля невядома аж да канца XIV ст., калі ён патрапіў у так званы «Спіс гарадоў рускіх» акурат як «Гомій» («Гомий»). Канцом XV ст. датуюцца дакументы, што фіксуюць форму «Гомей» (або «Гомеи»)[5], якая ў XVI ст. робіцца асноўнай[6].
Пачатак выкарыстання формы «Гомель» прасачыць праблематычна з прычыны спецыфікі публікацыі некаторых гістарычных крыніц. Апублікаваная ў так званым «Зборніку Муханава» (1858 г.) грамата вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка 1499 г. утрымлівае менавіта форму «Гомель», што фоне іншых дакументальных сведчанняў той эпохі выглядае анахранізмам і можа тлумачыцца «мадэрнізацыяй» з боку публікатара[6][7]. «Рэестр рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. (публікацыі 1853 і 1886 гг.), не ўтрымліваючы пачатковай формы назвы, паслядоўны ва ўжыванні вытворных формаў кшталту «Гомельскій», якія нібыта выводзяцца ад назвы «Гомель»[8][9]. Аднак гісторыя гэтага дакумента настолькі спецыфічная, што немагчыма адназначна сцвярджаць, ці ўжываліся такія ж формы ў страчаным арыгінале — нам вядомы актуалізаваны ў 1752 г. «экстракт» (вынятак), які быў зроблены ў 1640 г. з транслітэрацыяй арыгінальнага кірылічнага старабеларускага тэксту ў лацінку, тады як публікатары XIX ст. зрабілі зваротную транслітарацыю ў кірыліцу[10]. Нельга выключаць, што на нейкім этапе згаданых відазмяненняў маглі адбыцца скажэнні пачатковага дакумента. Паказальна, што ў прывілеі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб наданні Гомелю герба (той жа 1560 г.) выкарыстоўвалася вытворная форма «Гомеиского» («мещане места Гомеиского»)[11].
У гістарычных крыніцах зафіксаваныя іншыя версіі назвы: Гомь, Гом’е, Гом’і[12]. На многіх еўрапейскіх картах XVII — пачатку XX стст. назва горада перадавалася лацініцай як Homel. Краязнавец Л. А. Вінаградаў (1900 г.) меркаваў, што менавіта пад уплывам лацінкавага напісання паступова і пашырылася форма «Гомель» кірыліцай[12]. Пры адсутнасці грунтоўных даследаванняў на гэты конт падобнае меркаванне ўспрымаецца і сёння як праўдападобнае[6].
Найбольш імаверна, што назва Гомеля пайшла ад гідроніма «Гамейка», «Гамяюк» або звязаная з ім. Рачная назва балцкага паходжання.
Больш аўтэнтычны варыянт той, што засведчаны найраней, — «Гаме́йка», Homéjka («od Homejki», «w Homejku»[13][14]). Канчатак -ейка часта ўзнікаў на месцы ранейшага балцкага -ēja, як у падняпроўскіх гідронімах Вядзейка — Vedēja, Мярэйка — Merēja, Рыпейка — Rupēja, але мог дадавацца і да бессуфіксальнай асновы[15].
Корань такі ж, што і ў літоўскіх гідронімах Gamė, Gamenta, Gamena, Gomerta. Ён звязаны з літоўскім gamalas «камяк», gomulti «камячыць» з семантыкай сціскання[16][17], далей да індаеўрапейскага *gem- «хапаць, сціскаць»[18]. Адпачатная балцкая форма мела быць *Gamēja або блізкая да літ. Gamė.
Гідронім з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Жлобін, якія ўрэшце ўзыходзяць да каранёў *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gleb(h)- «сціскаць». Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[19].
Існуюць і іншыя версіі. Корань «гом» інтэрпрэтуюць як праславянскі са значэннем «узвышша над ярам, нізінай» (звязаны з тым жа індаеўрапейскім *gem-), а суфікс «-юк» як сцёрты да непазнавальнасці або вельмі старажытны інтэрнацыянальны геаграфічны тэрмін са значэннем «вада», «рака»[20][21]. Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, назва Гомеля ўзнікла, калі плытагоны выкрыквалі «Го! Мель!», бо на Сажы было намыта шмат пяску[22].
21 сакавіка 1560 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў гораду «печать местьскую з гербом Крыжа».
Сучасны герб зацверджаны рашэннем Гомельскага гарвыканкама ад 16 ліпеня 1997 г., уяўляе сабой французскі шчыт, з выявай на блакітным полі залатой рысі.
Дакладная дата заснавання Гомеля невядома. Горад узнік у канцы І тыс. н.э. на землях радзімічаў, у сутоках ракі Сож і ручая Гомій (Гамяюк). Дзядзінец старажытнага Гомеля размяшчаўся на мысе паміж правым берагам ракі і левым берагам ручая. Археалагічнымі раскопкамі і даследаваннямі, праведзенымі ў 1926 І. Юшчанкам, у 1975 М. Ткачовым, у 1986—1992 А. Макушнікавым, выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, рэчы X—XIII ст. Самыя старажытныя гарадскія ўмацаванні датуюцца IX—XI ст. Першапачаткова частку мысавай тэрасы плошчай каля 1 га ахоўваў глыбокі роў. У XI—XII ст. дзядзінец з боку Сажа ўмацаваны абарончым земляным валам і драўляным частаколам. Надвальныя драўляныя канструкцыі ў XIII ст. згарэлі. У XII ст. плошча дзядзінца каля 1,4 га, на ім вялося каменнае будаўніцтва. З поўначы і захаду да дзядзінца прымыкаў умацаваны ровам вакольны горад, які размяшчаўся паміж ярамі Гаміюк і Кіеўскі спуск; у X ст. яго плошча 3—8 га, у XI—XIII ст. больш за 12 га. За вакольным горадам развіваліся пасады. У XII—XIII ст. агульная плошча горада не менш за 40 га. Насельніцтва жыло ў наземных і заглыбленых у зямлю пабудовах зрубнай і слупавой канструкцыі, займалася рамёствамі, гандлем, промысламі, земляробствам, жывёлагадоўляй. Верагодна, з XII ст. развіваліся апрацоўка бурштыну, паліванай керамікі.
Першая пісьмовая згадка пра Гомель датуюцца 1142 г., калі ён уваходзіў у Чарнігаўскае княства. У 1157 быў далучаны да Смаленскага княства, з 1161 зноў уладанне чарнігаўскіх Ольгавічаў.
Напэўна ў 1239—1240 гадах Гомель быў разбураны і спалены мангола-татарскімі заваёўнікамі. Пры археалагічных раскопках устаноўлена, што ўсе драўляныя пабудовы ў вакольным горадзе і на дзядзінцы загінулі ў вялікім пажары, у тым ліку майстэрня па вырабе зброі. У памяшканнях знойдзены схаваныя каштоўныя рэчы, за якімі іх уласнікі ўжо ніколі не вярнуліся. Наяўнасць у слаях абарончага вала крэпасці тыповых манголата-тарскіх стрэл-зрэзняў пераконвае, што горад быў узяты мангола-татарамі штурмам пасля адчайнага супраціўлення яго абаронцаў і зруйнаваны дашчэнту[23].
Каля 1335 года Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У канцы 14 ст. згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх». У 14—18 ст. існаваў Гомельскі замак. У 1446 годзе быў нададзены вялікім князем Казімірам Ягелончыкам уцекачам з Масквы Васілю Яраславічу Бароўскаму, потым князю Івану Мажайскаму. У 1500 годзе сын апошняга — Сімяон зноў вярнуўся ў Маскву, што стала падставай для актыўных ваенных дзеянняў паміж дзяржавамі. Заняты маскоўскімі войскамі, вызвалены войскамі ВКЛ 17 ліпеня 1535, цэнтр Гомельскага староства. Пасля заключэння міру (1537) Гомель застаўся ў ВКЛ, у горадзе пабудаваны новы моцны дубовы замак, абнесены драўлянай сцяной і ровам з пад’ёмнымі мастамі. 21 сакавіка 1562 года атрымаў магдэбургскае права і пячатку з выявай крыжа. Рэканструкцыя тагачаснага герба Гомеля ўяўляе сабой у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж. Колер поля і крыжа на самай справе невядомыя, магчыма, поле было блакітным, а крыж — залатым. На італьянскай карце Азіі, надрукаванай (1565) Дж. Гастыльды горад называецца Homia, на карце Еўропы галандца П. Планцыя (Амстэрдам, 1594) — Homei. З 1565 у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства. Гомель — старажытны цэнтр праваслаўя, найстаражытнейшая вядомая па пісьмовых крыніцах праваслаўная царква (15 ст.) асвечана ў імя Міколы Цудатворца.
Падчас паўстання С. Налівайкі (1595) Гомель быў захоплены паўстанцамі і спалены. Падчас войнаў 1648—1667 гадоў моцна пацярпеў, некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. У Паўночную вайну 1700—1721 у Гомелі размяшчаліся расійскія войскі пад камандаваннем А. Д. Меншыкава (1706), пасля перамогі ў бітве пры Лясной (1708) яны праходзілі праз горад і разбурылі яго. У першай чвэрці 18 ст. у горадзе быў пабудаваны першы касцёл.
У склад Расійскай імперыі Гомель увайшоў пры першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, і быў канфіскаваны ў імператарскую казну. У 1775 годзе імператрыца Кацярына II падарыла Гомель і Гомельскае староства ў вечнае спадчыннае валоданне вядомаму рускаму палкаводцу П. А. Румянцаву-Задунайскаму «для забавы». У 1779 годзе староства ўключала 82 вёскі з 12 665 дварамі. Румянцаў, не жадаючы прысутнасці ў сваім горадзе павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэння Гомеля ў прыватнаўласніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага горада, дзе б размясціўся павятовы цэнтр. У 1796 годзе была створана Беларуская губерня. Горад стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі. Затым (1802) губерню падзялілі на дзве — Віцебскую і Магілёўскую. Значная частка Гомельскай вобласці і Гомель былі ўключаныя ў Магілёўскую губерню. Пры ўтварэнні ў складзе Магілёўскай губерні паветаў, Гомель увайшоў у Беліцкі павет; яго адміністрацыя часова размясцілася ў мястэчку Беліца, што ў 20 км на паўночны захад ад Гомеля (цяпер вёска Старая Беліца Гомельскага раёна). Будаўніцтва Румянцавым новага павятовага цэнтра — Новай Беліцы — ажыццяўлялася ў 1777—1786 гадах на левым беразе ракі Сож у 3 вярстах ад Гомеля. У 1805—1826 гадах у вёсцы Студзёная Вада (цяпер у межах горада) дзейнічаў шклозавод[24]. У 1852 годзе новы ўладальнік Гомеля князь І. Ф. Паскевіч перавёў павятовы цэнтр у Гомель з перайменаваннем павета ў Гомельскі, абвясціўшы Новую Беліцу заштатным горадам, а затым (1854) яна была далучаная да Гомеля ў якасці прадмесця (цяпер — Навабеліцкі раён Гомеля). На аснове герба Новай Беліцы (1781) быў распрацаваны герб Гомеля (1856).
Перыяд знаходжання Гомеля ў складзе Расійскай імперыі адзначыўся бурным ростам насельніцтва, гарадской інфраструктуры, прамысловага патэнцыялу. П. А. Румянцаў замест драўлянага замка Чартарыйскіх у 1785—1793 гадах пабудаваў каменны палац, які затым неаднаразова дабудоўваўся наступнымі ўладальнікамі Гомеля. У 1809—1819 гадах па праекце архітэктара Джона Кларка (жыў і працаваў у Гомелі ў 1800—1826 гадах) быў узведзены Петрапаўлаўскі сабор. 8 лістапада 1819 года ў Гомелі адкрылася першая ў Расіі ланкастэрская школа. Яна была пабудаваная на цэнтральнай вуліцы Гомеля па праекце таго ж Джона Кларка. Гэта быў цэлы комплекс будынкаў (галоўны корпус і чатыры флігелі, лазні, гумно, стайні) з зямельнымі ўгоддзямі, узорнай фермай і майстэрнямі. Гэта была першая навучальная ўстанова такога тыпу ў Расійскай імперыі.
У горадзе сталі праводзіцца два штогадовыя кірмашы — студзеньскі (Васільеўскі) і вераснёвы (Узвіжанскі), у 1840-х гадах да іх дадаўся гадавы (Траецкі). У снежні 1796 года пасля смерці П. А. Румянцава-Задунайскага ўладальнікам Гомеля стаў яго сын М. П. Румянцаў. Пры ім у Гомелі адкрыліся першая гімназія (1797), Гасціны двор, шкляны, кафляны, спіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, пабудаваны пастаянны драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе было скончана будаўніцтва касцёла. Пры М. П. Румянцаве таксама адбылося ўмацаванне стараверскай абшчыны, пабудавана сінагога, аптэка і багадзельня. У 1793 годзе на беразе Сожа была пабудаваная Ільінская царква, якая ўяўляе сабой 3 пастаўленыя адзін на другі зрубы. У цяперашні час прызнаная помнікам драўлянага дойлідства.
Пасля смерці М. П. Румянцава (1827) уладальнікам горада стаў яго брат С. П. Румянцаў. Пры ім былі пабудаваныя Траецкая царква і будынак духоўнага вучылішча. З прычыны безграшоўя С. П. Румянцаў заклаў Гомель у дзяржаўную казну Расійскай імперыі (1827) за 401,1 тыс. рублеў, а ў 1834 годзе, не маючы магчымасці пагасіць доўг, прадаў маёнтак казне. Палацавую частку горада набыў у яго князь І. Ф. Паскевіч-Эрыванскі, якому Мікалай I падарыў (1838) астатнюю частку горада.
Пры І. Ф. Паскевічу былі адкрытыя шкляная мануфактура, цукравы завод (1832), свечачны завод (1840), крупадзёрка (1853), некалькі лінна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходскае аднакласнае вучылішча (у Новай Беліцы, 1835) народнае вучылішча (1841). У сярэдзіне XIX стагоддзя на тры гомельскія кірмашы штогод прывозілася тавару больш чым на 1 млн рублёў (39 % прывозу і 38 % рэалізацыі ўсіх тавараў Магілёўскай губерні). Гомельскі маёнтак І. Ф. Паскевіча складаўся з 8 эканомій з 209 662 дзесяцінамі зямлі. Выгаднае транспартна-геаграфічнае становішча спрыяла развіццю транспартнай сістэмы і далейшаму росту Гомеля як прамысловага цэнтра. У 1850 годзе праз Гомель прайшла шасейная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расіі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 — Палеская чыгунка. На 1854 год у горадзе пражывала 10,1 тыс. насельніцтва і налічвалася 1219 будынкаў. Горад моцна пацярпеў ад пажару 1856 года, калі згарэла 540 дамоў. У сярэдзіне XIX стагоддзя склалася планіровачная схема горада, якая захавалася да нашага часу, з кампазіцыйным цэнтрам — палацам, паркам і цэнтральнай Саборнай плошчай з двух’ярусным гасціным дваром, гандлёвымі радамі, каталіцкім касцёлам, ратушай. Дзве просталінейныя вуліцы Румянцаўская (у цяперашні час Савецкая) і Замкавая (цяпер праспект Леніна) стваралі двухпрамянёвую планіровачную сістэму. Праз Сож дзейнічаў 175-сажнёвы мост на плытах. На левым беразе знаходзілася насыпная плаціна з 9 драўлянымі мастамі (разбурана вясновай паводкай 1845 года). 25 верасня 1852 года Гомель атрымаў статус горада, ён стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. У 1854 годзе да яго быў далучаны горад Новая Беліца з 1646 жыхарамі (3 цагляныя, 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя царквы, 2 габрэйскія малітоўныя школы, царкоўна-прыходская школа, крупяны завод, запалкавы завод, 4 ветраныя млыны). У 1857 годзе праз раку быў пабудаваны арачны мост.
І. Ф. Паскевіч заснаваў вакол палаца парк, які стаў унікальным прыродным аб’ектам (цяпер Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), тэатр.
Пасля смерці І. Ф. Паскевіча ў 1856 годзе маёнтак перайшоў да яго сына Ф. І. Паскевіча. Пры ім былі заснаваныя 3 чугуналіцейныя прадпрыемствы, 2 цагляныя заводы, запалкавая фабрыка «Везувій», вуліцы пачалі асвятляцца газам (1873) і брукавацца (з 1879). Жонкай Фёдара Іванавіча Паскевіча Ірынай Іванаўнай у Гомелі быў заснаваны прытулак для малалетніх дзяўчынак, грамадства дапамогі навучэнцам (1878), пабудаваны будынак Гомельскага прытулку, мужчынская класічная гімназія, вочная лякарня. Княгіня спрыяла пабудове водаправода, утрымлівала іншыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя. У 1912 годзе выдавалася газета «Отклики».
У 1913 годзе Гомель быў буйным прамысловым цэнтрам і налічваў 104,5 тысячы чалавек насельніцтва. Найбуйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляліся механічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувій». Падчас Першай сусветнай вайны ў Гомелі створана 8 шпіталяў і тылавая гаспадарка Варшаўскай ваеннай акругі, Гомельскі перасыльны пункт, франтавыя майстэрні. Працавалі эвакуіраваныя з іншых гарадоў прадпрыемствы.
Падчас Грамадзянскай вайны асноўнымі падзеямі сталі акупацыя Гомеля германскімі войскамі (1 сакавіка 1918 г.), установа Гомельскай дырэкторыі (17 снежня 1918 г.) і ўвод у Гомель войскаў Украінскай Народнай Рэспублікі, уваходжанне горада ў склад Украінскай дзяржавы і адкрыцце ўкраінскага тэатра, адступленне немцаў і захоп горада войскамі Чырвонай арміі (14 студзеня 1919 г.). Найбуйнейшым у Гомелі выступам супраць бальшавікоў стала Стракапытаўскае паўстанне: паўстанцы захапілі стратэгічныя аб’екты і расстралялі членаў савецкага кіраўніцтва горада, але самі былі разбіты Чырвонай арміяй[25].
У 1919 годзе Гомель стаў цэнтрам створанай Гомельскай губерні РСФСР. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў пачалося аднаўленне прамысловасці і транспарту. У ліпені 1920 года пачалі працу суднарамонтныя майстэрні (з 1935 г. суднарамонтны завод). У 1921 годзе ўступіла ў строй фабрыка «Палесдрук» (створана на базе некалькіх дробных паліграфічных майстэрняў). У 1922-1924 створана фабрыка «Труд», хлебакамбінат. 29 красавіка 1923 года пачала работу 1-я чарга гарадской электрастанцыі. 4 лістапада 1928 года адкрыт рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 годзе пачалося будаўніцтва завода «Гомсельмаш», у 1929 годзе — мясакамбіната, у 1930 годзе — тлушчавага камбінату, у 1929-1932 гадах пабудаваны дрэваапрацоўчы камбінат. У 1933 годзе заснаваны рачны порт.
У 1926 годзе на Гомельшчыне працавала камісія Палітбюро ЦК ВКП(б), якая прызнала беларускі характар насельніцтва губерні, хаця і адзначала нізкі ўзровень яго самасазнання і адмоўныя адносіны да беларусісацыі. Згодна з прынятым раней рашэннем аб далучэнні да БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам 18.11.1926 Палітбюро ЦК ВКП(б) пастанавіла далучыць Гомельскі і рэчыцкі паветы Гомельскай губерні ў склад БССР[26][27]. 1 — 2.12.1926 гэту прапанову адобрыў аб’яднананы пленум Гомельскага губкама і гаркама ВКП(б)[27].
У перыяд індустрыялізацыі створана фабрыка «Камінтэрн», паравоз-вагонарамонтны завод, завод «Гомсельмаш», іншыя прадпрыемствы. Да 1940 года ў горадзе налічвалася 264 прамысловых прадпрыемствы, па аб’еме прадукцыі Гомель займаў 3-е месца ў БССР пасля Мінска і Віцебска, яго ўдзельная вага складала 16,6 % прамысловасці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад быў акупаваны Нямеччынай 19 жніўня 1941 года . Разгарнулася партызанскі і падпольны рух. Горад быў вызвалены 26 лістапада 1943 года войскамі Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Горад быў разбураны больш чым на 80 %, знішчаны амаль усе прамысловыя вытворчасці.
Не паспелі эвакуіравацца яўрэі Гомеля, якія складалі да вайны 29,38 % ад агульнай колькасці жыхароў[25], практычна цалкам былі знішчаны ў Гомельскім гета.
Пасля вайны пачалося імклівае аднаўленне горада. Да 1950 года аднавілі сваю працу амаль усе прадпрыемствы даваеннага часу[25].
7 кастрычніка 1957 года ў склад горада ўключаны вёскі Прудок Пакалюбіцкага сельсавета, вёска Якубаўка і пасёлак імя Чапаева Улукаўскага сельсавета[28], 25 чэрвеня 1960 года — вёска Ляшчынец Давыдаўскага сельсавета[29], 25 чэрвеня 1963 года — вёска Паўлава Давыдаўскага сельсавета, пасёлкі Масцішча і Хутар Сеўрукоўскага сельсавета[30], 19 мая 1965 года — вёска Ніжні Брылёў Красненскага сельсавета[31], 29 красавіка 1968 года — пасёлак Сонечны і вёска Падгорная Давыдаўскага сельсавета[32], 6 красавіка 1972 года — пасёлак Чырвоны Кастрычнік Пакалюбіцкага сельсавета[33], 1 жніўня 1974 года — вёска Валатава Пакалюбіцкага сельсавета[34], 23 лютага 1983 года — пасёлак Спадарожнік Міру, вёска Старая Мільча і большая частка вёскі Новая Мільча Красненскага сельсавета[35], 12 мая 1983 года — пасёлак Будзёнаўскі Пакалюбіцкага сельсавета[36]
У 1970 годзе Гомель узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Вялікую шкоду гораду нанесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Гомель апынуўся ў зоне радыеактыўнага заражэння. Экалагічную сітуацыю пагоршыў глыбокі эканамічны крызіс, які пачаўся ў канцы 1980-х гадоў. Гэта паслужыла прычынай рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця і дэпапуляцыі на працягу 1990-х гадоў. У 1991 годзе Гомель стаў часткай якая абвесціла незалежнасць Беларусі[25].
У першую палову 1990-х гадоў Гомель, як і ўся Беларусь, быў ахоплены вострым эканамічным крызісам, смяротнасць стала перавышаць нараджальнасць, аб’емы эканамічнага вытворчасці рэзка знізіліся. З 1996 года пачалося паступовае адраджэнне. Пабудаваны новыя аб’екты (Прыгарадны чыгуначны вакзал, Лядовы палац, тры вяслярных базы, рэканструяваны Цэнтральны стадыен, палац гульнявых відаў спорту, Палац водных відаў спорту і інш.), рэканструяваны асноўныя славутасці, адкрываюцца новыя тралейбусныя лініі, устаноўлены помнікі М. П. Румянцаву, Кірыле Тураўскаму, Янку Купалу, пабудаваныя новыя жылыя мікрараёны.
У цяперашні час Гомель па колькасці насельніцтва (530,7 тысячы чалавек), плошчы тэрыторыі (135,4 км²) і прамысловай вытворчасці з’яўляецца другім горадам Беларусі пасля сталіцы. У горадзе налічваецца 795 вуліц, працягласцю 478,4 км, 26 транспартных пуцеправодаў і мастоў. Неад’емнай часткай аблічча сучаснага горада стаў пешаходны мост праз раку Сож даўжыней 243 м, які злучыў адміністрацыйны цэнтр горада і выдатную левабярэжную зону адпачынку гамяльчан. Горад па праву лічыцца адным з самых зяленых у рэспубліцы. Дрэвы, хмызнякі і кветкі займаюць больш за 660 га.
Пасля далучэння Гомеля да Расійскай імперыі і стварэння рысы аселасці, Гомель паступова становіцца адным з цэнтраў рассялення яўрэйскага насельніцтва Расіі. Паводле перапісу 1897 гады ў Гомелі пражывала каля 25 %. У 1903 годзе ў Гомелі адбыўся яўрэйскі пагром. У 1926 годзе яўрэі складалі каля 35 % насельніцтвы Гомелю. Масавая эміграцыя яўрэяў з Гомеля прыйшлася на канец 1980 — пачатак 1990 гадоў, у выніку чаго яўрэйскае насельніцтва горада ў 1999 годзе ў параўнанні з 1979 годам скарацілася ў 6,5 разоў, дасягнуўшы адзнакі 4029 чалавек.
Колькасць працаўнікоў, занятых у народнай гаспадарцы, складае каля 192 тыс. чалавек, у тым ліку ў прамысловасці — каля 69 тыс. чалавек. Нацыянальны склад: беларусы — 76,7 % ад агульнай колькасці, рускія — 16,9 %, украінцы — 5,1 %. У агульнай колькасці насельніцтва 55 % складаюць жанчыны і 45 % — мужчыны.
У зборніку Demographia World Urban Areas за 2023 год, сярод 1000 найбуйнейшых агламерацый свету Гомельская агламерацыя 758-я па колькасці насельніцтва.[40]
Буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (радыёзавод, завод станочных вузлоў, станкабудаўнічы імя Кірава («СтанкаГомель»), Гомсельмаш, пускавых рухавікоў, Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт»), хімічнай (хімічны завод), лясной, электратэхнічнай (ААТ «Ратон»), цэлюлозна-папяровай, лёгкай («Камінтэрн»), харчовай прамысловасці (кандытарская фабрыка «Спартак», «Малочныя прадукты», Гомельскі мясакамбінат), будаўнічых матэрыялаў («Гомельбудматэрыялы»), Гомельскі лікёра-гарэлачны завод. Гомель — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырка, «Навучальна-метадычны цэнтр прафсаюзаў» («Надзея»).
Вузел чыгунак і аўтадарог. Чыгуначны вузел з напрамкамі на Жлобін, Калінкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на рацэ Сож. Недалёка ад горада размешчаны Аэрапорт Гомель (пагранічны пункт пропуску).
Грамадскі транспарт у Гомелі прадстаўлены тралейбусамі, аўтобусамі, маршрутнымі таксі.
Тралейбусны рух у Гомелі адкрыты 20 мая 1962 года і налічвае 29 маршрутаў. Працягласць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласць тралейбусных шляхоў — 475 км. Рухомы састаў прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213. Лік аўтобусных маршрутаў больш за 70 агульнай працягласцю каля 670 кіламетраў, для шэрага маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы састаў — у асноўным аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103, меней прадстаўлены МАЗ-203,МАЗ-206, з 2014 года актыўна закупляюцца аўтобусы асабліва вялікай умяшчальнасці, нізкападлогавыя МАЗ-215. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Радзіміч-А092. Дзейнічае 24 лініі маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes-Benz, Peugeot.
Некалькі разоў планавалася пабудаваць трамвайную сістэму ў Гомелі.
Дзейнічаюць 4 творчыя саюзы, 3 тэатры (Абласны драмтэатр, тэатр лялек, маладзёжны тэатр), 3 кінатэатры, філармонія, цырк, 3 выставачныя залы, шэраг іншых музеяў, помнік архітэктуры 18-19 стст. палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў, каледж мастацтваў, мастацкая галерэя, мастацкае вучылішча, гарадскія сімфанічны і духавы аркестры, 7 дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, адна харэаграфічная і адна мастацкая школы, шэраг цэнтраў і палацаў культуры, бібліятэк (у тым ліку самая вялікая ў Гомельскай вобласці Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна). Штогод праводзіцца каля 20 фестываляў, у тым ліку міжнародныя: фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», тэатральны фестываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы», маладзёжныя музычныя — «Арт-сесія», «Рэнесанс гітары», фестываль рок-музыкі «Go-Fest», адкрытыя міжнародныя турніры па спартыўных танцах. Арганізуюцца дзясяткі выставак.
У горадзе існуюць клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэдневякоўя, Позняга Сярэдневякоўя і Другой сусветнай вайны. Дзейнасць клубаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі»[41].
Гомельскія клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэдневякоўя (у парадку ўзнікнення)[42]
Рэканструкцыя эпохі Другой сусветнай вайны ў Гомелі прадстаўлена падраздзяленнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар» і прыватнымі асобамі.
Клімат Гомеля | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 9,6 | 15,8 | 21,5 | 29,3 | 32,5 | 36,2 | 37,9 | 38,9 | 34,9 | 27,5 | 18,0 | 11,6 | 38,9 |
Сярэдні максімум, °C | −2 | −1,2 | 4,6 | 13,2 | 20,2 | 23,2 | 25,2 | 24,3 | 18,1 | 11,3 | 3,6 | −1 | 11,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −4,2 | −3,5 | 1,3 | 9,0 | 15,0 | 18,6 | 20,4 | 19,3 | 13,7 | 7,4 | 1,6 | −2,7 | 8,0 |
Сярэдні мінімум, °C | −6,9 | −7,1 | −2,8 | 4,1 | 9,6 | 12,9 | 14,8 | 13,6 | 8,7 | 3,7 | −1,4 | −5,6 | 3,6 |
Абсалютны мінімум, °C | −35 | −35,1 | −33,7 | −13,6 | −2,5 | −0,2 | 6,0 | 1,2 | −3,6 | −12 | −21,7 | −30,8 | −35,1 |
Норма ападкаў, мм | 36 | 35 | 36 | 35 | 64 | 73 | 100 | 56 | 52 | 58 | 45 | 42 | 632 |
Крыніца: Надвор'е і клімат |
Найвялікшая месячная колькасць ападкаў — 236 мм (ліпень 2000 г), найменшая месячная колькасць ападкаў — 0,8 мм (кастрычнік 2021 г).
Горад падзяляецца на 4 раёны:
Па меры разрастання горада Гомеля, у яго склад былі ўключаны некаторыя населеныя пункты:
За больш чым восем стагоддзяў гісторыі славутасцей у Гомелі захавалася досыць шмат. Асноўная іх частка адносіцца да канца XVIII—XIX стагоддзяў. Усе яны сканцэнтраваны ў цэнтральнай частцы горада. Асноўныя славутасці:
Для агляду горада папулярны кола агляду і вежа агляду, размешчаныя ў парку ў некалькіх сотнях метраў ад палацавага комплексу і якія зараз знаходзіцца на рамонце (дадзеныя на 10/05/10). Паколькі рэльеф Гомеля адносна раўнінны, вышыні будынкаў цалкам хапае для агляду горада.
З новых — будынак стацыянарнага цырка, пабудаванага ў 1972 годзе, мае форму лятаючай талеркі, адзін з самых скандальных у той час будынкаў краіны, які не ўпісваецца ў стандартныя праекты сацрэалізму; брацкая магіла савецкіх воінаў з Вечным агнём і статуяй салдата на плошчы Працы і іншыя помнікі.
…
Сярод знакамітых людзей, чый жыццёвы шлях пачынаўся ў Гомелі, можна назваць такіх выдатных дзеячаў, як Андрэй Андрэевіч Грамыка (Міністр замежных спраў СССР) і Павел Восіпавіч Сухі (савецкі авіяканструктар), якім у Гомелі ўсталяваныя бронзавыя бюсты (як двойчы героям сацыялістычнай працы), І. Д. Чарняхоўскі. Адна з вуліц горада названа ў гонар братоў Герояў Савецкага Саюза Пятра і Аляксандра і камандзіра партызанскага атрада Яўгена Лізюковых, якія нарадзіліся ў Гомелі.
У Гомелі нарадзіўся вядомы савецкі матэматык Леў Генрыкавіч Шнірэльман і географ А. Г. Ісачэнка. У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся выдатны савецкі геолаг, геахімік і мінералог, акадэмік АН УЗССР Аляксандр Сяргеевіч Уклонскі. У 1920-я гады ў Гомелі таксама жыў і працаваў выдатны псіхолаг Леў Сямёнавіч Выгоцкі.
З сучасных знакамітасцей, якія нарадзіліся ў Гомелі, — папулярны рэп-спявактСерёга. У 1981 годзе ў Гомелі нарадзіліся сучасныя беларускія пісьменніцы Аксана Бязлепкіна і Югася Каляда. Да Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе ў Гомелі пражывалі бацькі тэнісісткі Марыі Шарапавай.
У 1986 годзе ў Гомельскім цырку падчас выступлення трагічна загінула цыркавая артыстка Ірына Асмус, вядомая ўсёй краіне па ролі Ірыскі ў «Абвгдэйцы» (16 сакавіка 1986 гады). Іншы вядомы чалавек, які памёр у Гомелі, — акцёр Уладзіслаў Вацлававіч Дваржэцкі, вядомы па ролях Ільіна з фільма «Зямля Саннікава» і прынца Дакара ў «Капітане Нэма».
Гл. таксама
Спіс гарадоў-пабрацімаў Гомеля[48][49]:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.