Быхаў
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Бы́хаў[3] (трансліт.: Bychaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Быхаўскага раёна, цэнтр Дня беларускага пісьменства (2013); прыстань на Дняпры. За 50 км ад Магілёва; чыгуначная станцыя на лініі Магілёў — Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў — Гомель, Магілёў — Бабруйск. Насельніцтва 17 082 чал. (2017)[4].
Горад
Быхаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Назва Быхаў антрапанімічнага, адыменнага паходжання. У аснове антрапонім (даўнейшае імя) Бых, пашыраны суфіксам -аў[5].
Гэты антрапонім і вытворныя ад яго фіксуюцца на тэрыторыі Польшчы ад XV ст.: Bych, Bychawsky, Bychta, Bychno[6]. У польскай антрапаніміі імя Bych ужываецца як скарот ад імя «Збігнеў»: Zbigniew > Zbych > Bych. У двухасноўным імені «Збігнеў» першая аснова ад zbyć, zbyć się, pozbyć się «пазбыцца».
Згодна з народна-этымалагічным тлумачэннем, назва горада пайшла ад слоў «быў хоў» — нібыта ва ўмацаваннях на месцы сучаснага Быхава жыхары Падняпроўя хаваліся ад ворагаў[7].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV ст.), у 1430 г. сярод гарадоў, якія падтрымалі абранне Свідрыгайлы вялікім князем. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча.
У другой чвэрці XV ст. належаў князю Дз. С. Друцкаму-Зубравіцкаму па пазванні Сякіра. Яго дачка Марына выйшла замуж за князя С. С. Гальшанскі-Трабскім і валодала Быхавам сумесна з мужам, а потым як удава. Памерла каля 1495 г., завяшчала Быхаў свайму ўнуку А. Гаштольду. Найбуйнейшыя магнаты свайго часу А. Гаштольд і яго адзіны сын Станіслаў валодалі Быхавам да смерці Станіслава ў 1542 г., потым усе маёнткі Гаштольдаў адышлі да вялікага князя Жыгімонта Старога. Быхаў быў ператвораны ў цэнтр дзяржаўнага староства, здадзенага ў заклад князю І. Саламярэцкаму, які ў 1556 г. Быхаў пераклаў Гераніму Хадкевічу. Апошні ў 1560 г. атрымаў прывілей на валоданне Быхавам у якасці лена, пазней — у якасці вотчыны.

У 1561 г. Быхаў перайшоў да Я. Е. Хадкевіча, «графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы». У канцы XVI ст. тут пачата будаўніцтва быхаўскіх гарадскіх ўмацаванняў і Быхаўскага замка. Я. К. Хадкевіч (апошні ўладальнік Быхава з роду Хадкевічаў) заснаваны касцёл св. Казіміра. У XVI—XVIII стст. працавала вядомая ў Еўропе Быхаўская людвісарня (гарматная ліцейня майстэрня), дзе мясцовыя высокакваліфікаваныя майстра выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш.
Пасля шлюбу дачкі Я. К. Хадкевіча Ганны з сынам канцлера Л. Сапегі Янам Станіславам у 1621 г. Быхаў перайшоў да Сапегаў. Горадам валодалі Сапегі: Казімір Леў (з 1635 г.), Павел Ян (1656—1665 гг.), Казімір Ян (да 1720 г.), Юры Станіслаў (да 1732 г.), Антоній Казімір (да 1739 г).

У 1-й палове XVII ст. ў адрозненне ад мястэчка Новы Быхаў Быхаў пачынаюць называць Старым Быхавам. Быў цэнтрам вялізнага Быхаўскага графства ў Аршанскім павеце. У 1648 г. горад асаджала, але не здолела ўзяць казацкае войска Ф. Гаркушы. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Быхаў спярша вытрымаў працяглую аблогу расійскіх войскаў у 1654—1656 гадах, аднак у 1657 годзе захопнікі штурмам авалодалі ім. У 1660—1661 гадах пасля непрацяглай аблогі войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла горада.
У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў важны стратэгічны пункт. 5 кастрычніка 1702 года прычыны пераходу Сапегаў на бок Швецыі цар маскоўскі Пётр I зруйнаваў горада і замак. У 1720 годзе згадваюцца цэрквы Святога Спаса і Святога Юр'я[8]. У 1737 годзе пры кляштары адкрылася школа. На 1747 год у Быхаве было 247 двароў, працавалі бібліятэка, паташня, саладоўня, лазня, астрог[9]. Насельніцтва групавалася ў мяшчанскай і яўрэйскай абшчынах. За карыстанне зямлёй яны плацілі ўладальніку горада грашовы чынш і выконвалі павіннасці ў замку. На 1755 год — 534 двары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў; штогод праводзіліся 3 кірмашы[9].
Расійская імперыя
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Быхаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (у 1796—1802 гадах заштатны горад Беларускай губерні). 16 жніўня 1781 года ён атрымаў герб: «у чырвоным полі дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы»[10]. На 1783 год у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовае вучылішча. У 1781 годзе з’явіўся генеральны план, згодна з якім горад набыў рэгулярную структуру. У гэты час існавалі 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы горада) і Рагачоўская (навабыхаўская, у паўднёвай частцы). На 1825 год у Быхаве было 569 будынкаў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крамаў, 13 корчмаў, 3 лазні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калонамі, мелася карцінная галерэя.

Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. На 1841 год у горадзе 652 будынкі, 19 вуліц і завулкаў, флянелевая фабрыка. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) у ваколіцах Быхава дзейнічаў аддзел на чале з І. Анцыпам. На пачатак 1880-х — 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы з вырабу запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, двухкласая павятовая і прыходскае вучылішча, 1 цагляная і 3 драўляныя цэрквы, 2 касцёлы, сінагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880), тэлеграфная станцыя (з 1882), працавалі 84 гандлёвыя пункты. Згодна з вынікамі перапісу 1897 года ў Быхаве было 816 будынкаў, на галоўных вуліцах з’явіліся дашчатыя тратуары (1876), газавыя ліхтары (1878), усталяваны гарадскі гадзіннік (1879), запрацавалі бальніца (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У 1902 годзе праз горад прайшла чыгунка, якая надала моцны імпульс яго эканамічнаму развіццю. На 1911 год працавалі 6 навучальных устаноў, у тым ліку чатырохкласная гарадская, ніжэйшая і рамесная вучылішча, прыходскія мужчынская і жаночая вучылішча, 2 царкоўна-прыходскія школы. У жніўні 1913 года адкрыўся першы кінатэатр, запрацавалі мукамольнай і лесапільнай прадпрыемствы. У 1916 годзе ў Быхаве збудавалі мост праз Дняпро. У Першую сусветную вайну 5 сакавіка 1918 года горад занялі нямецкія войскі, пазней — корпус Ю. Доўнар-Мусніцкага. 11 лістапада 1918 сюды ўвайшлі савецкія войскі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быхаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР. У 1924 годзе Быхаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. На 1926 год у горадзе было 1120 будынкаў, адбыўся ўвод у эксплуатацыю электрастанцыі. У 1930-я гады савецкія ўлады ўзарвалі званіцу касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст.[11]. У Другую сусветную вайну з 5 ліпеня 1941 года да 28 чэрвеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Пасля вайны савецкія ўлады зруйнавалі будынак касцёла.
1 верасня 2013 года ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры горада адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». Да юбілейнага свята адкрыліся абноўленыя цэнтр культуры, кінатэатр, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, чыгуначная і аўтобусная станцыі; пачалася рэстаўрацыя замка Хадкевічаў і Сапегаў.
Насельніцтва

- XVIII стагоддзе: 1755 — 2 522 чал[9]; 1783 — 2 622 чал.[12]
- XIX стагоддзе: 1815 — 5 тыс. чал.[13]; 1815 — 3 219 чал.; 1841 — 5 475 чал.; 1860 — 6 372 чал., з іх 3 294 іўдзеі[14]; 1897 — 6,4 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1904 — 7 270 чал.; 1913 — 8,1 тыс. чал.[15]; 1926 — 7 657 чал.; 1930 — 8,4 тыс. чал.[16]; 1939 — 11 тыс. чал.; 1959 — 13 тыс. чал.; 1970 — 17,4 тыс. чал.[17]; 1982 — 18,1 тыс. чал.; 1989 — 20 тыс. чал.; 1991 — 22,0 тыс. чал.; 1995 — 20,7 тыс. чал.[18]
- XXI стагоддзе: 2004 — 17,5 тыс. чал.; 2006 — 16,4 тыс. чал.; 2007 — 16,4 тыс. чал.[19]; 2009 — 16,1 тыс. чал.; 2016 — 17 012 чал.[20]; 2017 — 17 082 чал.[4]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Днепр».
Інфраструктура
Адукацыя
У Быхаве працуюць 4 сярэднія, музычная школы.
Культура
Дзейнічаюць 6 бібліятэк. У 1979 годзе адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музей.
Мас-медыя
У горадзе выдаецца раённая газета «Маяк Прыдняпроўя».
Славутасці

- Замак (1610—1619), на правым беразе р. Днепр —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000153
- Кляштар канонікаў рэгулярных латэранскіх (XVII ст.)
- Могілкі: хрысціянскія; іўдзейскія
- Сінагога (пачатак XVII стагоддзя), зав. Савецкі —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000156
- Троіцкая царква (сярэдзіна ХІХ стагоддзя), вул. Куйбышава, 2 —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000155
- Брацкая магіла (1920—1925), Кастрычніцкая плошча —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000154
- Стаянка перыяду мезаліту (5 — 2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўднёвай ўскраіне горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000157
- Селішча (II—V стагоддзі н.э.), за 2 км на ўсход ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000158
- Стаянка перыяду неаліту і бронзавага веку, на ўсход ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000159
- Стаянка перыяду бронзавага веку (першая палова 2-га тысячагоддзя да н.э.), за 4 км на паўднёвы ўсход ад цэнтра горада, урочышча Ксяндзова Гара —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000160
- Комплекс археалагічных помнікаў: стаянка каменнага веку (4 — 2-е тысячагоддзі да н.э.), селішча перыяду ранняга сярэднявечча (X—XIII стагоддзі), на ўсходняй ўскраіне горада, за 0,4 км на поўнач ад моста цераз р. Днепр —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000161
- Селішча (1-е тысячагоддзе н.э. і X—XIII стагоддзі), на левым беразе р. Рдзіца, урочышча Узлужжа —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000162
- Селішча-1, селішча-2 і селішча-3 перыяду ранняга сярэднявечча (X—XIII стагоддзі), на паўночнай ўскраіне горада, правы бераг р. Макранка; за 0,8 км на паўднёвы захад ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000163
- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.), за 0,4 км на поўдзень ад замка —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000164
- Культурны слой г. Быхава (VII стагоддзе да н.э. — II стагоддзе н.э. і X—XIII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000165
Страчаная спадчына
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XVIII ст.)
- Царква (2-я пал. XIX ст.)
- Краявіды Быхава
- Замак унутры
- Бастыён гарадскіх умацаванняў
- Царква
- Мужчынская гімназія
- Дзяржаўная скарбніца
Вядомыя асобы
- Сяргей Валянцінавіч Антонаў (нар. 1968) — журналіст, пісьменнік.
- Віктар Міхайлавіч Кільчыцкі (нар. 1942) — беларускі і расійскі архітэктар.
- Аркадзь Аляксеевіч Мацвееў (нар. 1932) — вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб[21].
- Браніслаў Плотнікаў (1940—2005) — беларускі філолаг.
- Ян Пётр Сапега (1569—1611) — ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Ігар Іванавіч Фралоў (нар. 1933) — беларускі архітэктар.
- Генадзь Іванавіч Хуцкі (1928—2002) — вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання, доктар тэхнічных навук[22].
- Віктар Іванавіч Марахін (нар. 1958) — беларускі палітык.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.