Ла́ска, ласіца (Mustela nivalis) — драпежнае млекакормячае роду Тхары (Mustela) сямейства Куніцавыя (Mustelidae).
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Ласка — самы маленькі прадстаўнік атрада драпежных. Даўжыня звярка вагаецца, у залежнасці ад прыналежнасці да таго ці іншага падвіда, ад 11,4 да 21,6 см. Вага 40—100 г. Памеры самцоў большыя чым у самак. Цела з кароткімі лапкамі, узброенымі вельмі вострымі кіпцюрамі. Галава невялікая, вушы кароткія, шырокія, нос на канцы тупы і злёгку расшчэплены. Поўсць густая, мяккая, пушыстая, зімой снежна-белая, летам на спіне карычневая, знізу жаўтавата-белая. У пачатку хваста маюцца залозы, якія вылучаюць вадкасць з непрыемным пахам.
Будовай цела і афарбоўкай поўсці вельмі нагадвае гарнастая, але адрозніваецца дробнымі памерамі і больш кароткім, а галоўнае аднакаляровым хвастом.
Пашырана ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Паўночнай Афрыцы. На тэрыторыі Беларусі нешматлікая, падвід M.n. nivalis найчасцей трапляецца на Палессі. Жыве на лугах, балотах, узлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля чалавека (у свірнах, гумнах, сціртах саломы, канюшнях і інш.).
Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, ралзей паўзунамі і земнаводнымі, птушкамі і іх яйцамі. Актыўная ноччу і на змярканні Перамяшчаецца скачкамі. Добра лазіць па галінах дрэў, ламаччы (адсюль першапачатковая назва — лазка). За суткі з’ядае да 35 г корму, робіць запасы ў сховішчах.
Гнёзды ў норах. Гон звычайна ў пачатку вясны. Цяжарнасць 26—35 сутак, з латэнтным перыядам — значна больш. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.