Крычаў
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кры́чаў[3] (афіц. транс.: Kryčaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Крычаўскага раёна, на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Чыгуначны вузел на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Рослаўль (Расія). Насельніцтва 26 178 чал. (2017)[4].
Горад
Крычаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Існуе некалькі версій паходжання тапоніму «Крычаў». Паводле адной з іх, ён утварыўся ад слова «крычнае» (што азначае прафесію) або «крыца», «крычнае жалеза» — назваў балотнай жалезнай руды, якой было багата ў наваколлі[5]. Іншая версія звязвае назву горада з крывічамі. Апроч таго, існуе шэраг легенд і паданняў пра назву і абставіны заснавання Крычава[6].
Варыянты напісання назвы горада ў гістарычных крыніцах: Крэчут.
Першы пісьмовы ўпамін пра Крычаў змяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расціслава Мсціславіча і датуецца 1136 годам[7]. У XII — сяр. ХІV стст. горада знаходзілася ў складзе Смаленскага княства[8].
У 1358 Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Мсціслаўскага княства. У ХІV—XVIII стст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. З кан. ХV ст. горад увайшоў у склад Віленскага ваяводства, дзе стала цэнтрам воласці, уладання вялікіх князёў. У 1507 і 1508 маскоўскія захопнікі безвынікова намагаліся авалодаць Крычавам. У часы Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 яны зноў двойчы спрабавалі захапіць горад.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Крычаў увайшоў у склад Мсціслаўскага ваяводства. З ХVII ст. ён стаў цэнтрам староства, якое знаходзілася ў валоданні Радзівілаў. У ХVII—XVIII стст. аснову планавальнай кампазіцыі Крычава складаў замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касцёл, сінагога. Сфарміраваўся другі цэнтр горада — Рынак.
У 1614 маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў[7]: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) гвалтоўна вывезлі ў Маскоўскую дзяржаву, а сам горад спалілі[9]. 23 жніўня 1633 за гераізм і адданасць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач з якім срэбны меч»[10].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленні (1661) сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для горада выплату падаткаў[7].
Паводле інвентару, на 1671 у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 — 456 дымоў[7]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 непадалёк ад горада размяшчаўся лагер расійскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. На 1720 у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 — 429 дымоў, на 1779 — 470 дымоў[7].
У 1743—1744 гадах у Крычаве і ваколіцах разгарэлася сялянскае антыфеадальнае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, якое было жорстка задушанае войскам Гераніма Фларыяна Радзівіла.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Крычаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Р. Пацёмкіну. На 1779 у Крычаве было 470 двароў. У кан. XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасці (у тым ліку парусінавыя мануфактуры Пацёмкіна і Галынскага і канатная мануфактура, тут працавалі суднаверф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.
На 1847 у Крычаве было 630 двароў, дзейнічалі 6 цэркваў і касцёл, працавала малітоўная школа, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 972 двары, дзейнічалі 7 цэркваў, касцёл і 5 сінагог, працавалі 2 народныя вучылішча, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крычаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з'езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1923 тут утварыўся чыгуначны вузел на лініі Орша — Унеча.
У 1924 Крычаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай, з 1927 Магілёўскай акругі, з 1938 — у Магілёўскай вобласці. На 1926 тут было 2395 двароў. У 1931 годзе Крычаў атрымаў статус горада. У 1930-я гг. тут збудавалі ЦЭЦ, цэментны, фасфарытавы, крэйдавы заводы, льнозавод.
У Другую сусветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 30 верасня 1943 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1962—1965 гадах Крычаў уваходзіў у склад Мсціслаўскага раёна.
З 18 ст. вядомы як цэнтр ткацтва. Прадпрыемствы будматэрыялаў, хімічнай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Крычаў»[17].
У Крычаве маецца чыгуначная станцыя і аўтобусны парк, які абслугоўвае 6 гарадскіх, 9 мясцовых і 2 міжгародныя маршруты.
Дзейнічае 4 дамы культуры, 4 бібліятэкі, Крычаўскі краязнаўчы музей.
У Крычаве працуюць 9 школаў і 11 дашкольных устаноў, Тэхнікум эканомікі, права і кіравання, Крычаўскі прафесійны агратэхнічны каледж, Магілёўскі абласны ліцэй № 4.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 3 бальніцы і 6 паліклінік.
У Крычаве існавалі гістарычныя мясціны Забялышчын і Загарадзішча[18].
У наш час шаша Бабруйск — Масква падзяляе Крычаў на дзве часткі. Найбольш развітая з іх — паўднёвая, якая прылягае да Сожа, у ёй размяшчаюцца адміністрацыйныя, культурна-побытавыя і гандлёвыя прадпрыемствы. У паўночнай частцы забудоўваецца мікрараён Сож. Горад мае 5 паркаў і 2 скверы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.