Remove ads

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў або Патоп, у расійскай і савецкай гістарыяграфіі руска-польская вайна 1654—1667 гадоў — вайна Расіі і Рэчы Паспалітай, пачалася 20 мая 1654 года і скончылася Андрусаўскім перамір’ем у 1667 годзе.

Хуткія факты Дата, Месца ...
Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667
Ян Хрызастом Пасек пад Ляхавічамі, малюнак Юліуша Косака
Ян Хрызастом Пасек пад Ляхавічамі, малюнак Юліуша Косака
Дата чэрвень 1654–студзень 1667
Месца Рэч Паспалітая
Прычына Падтрымка Расіяй паўстанні Хмяльніцкага
Вынік Перамога Расіі, Андрусаўскае перамір’е
Змены Далучэнне да Расіі Левабярэжжа, Кіева і Смаленска
Праціўнікі
 Рэч Паспалітая

Аўтаномная Рэспубліка Крым Крымскае ханства (1654—1666)
Гетманшчына Войска Запарожскае (1660—1663)
Гетманшчына Правабярэжнае Войска Запарожскае (1663—1666)

 Маскоўская дзяржава

Гетманшчына Войска Запарожскае (1654—1657; 1659—1660)
Гетманшчына Левабярэжнае Войска Запарожскае (з 1663)

Камандуючыя
Рэч Паспалітая Ян II Казімір

Рэч Паспалітая Стэфан Чарнецкі
Рэч Паспалітая Станіслаў Патоцкі
Рэч Паспалітая Януш Радзівіл (да 1655)
Рэч Паспалітая Вінцэнт Гасеўскі
Рэч Паспалітая Павел Ян Сапега
Рэч Паспалітая Міхал Казімір Пац
Аўтаномная Рэспубліка Крым Мехмед IV Герай
Гетманшчына Іван Выгоўскі(1658—1659)
Гетманшчына Юрый Хмяльніцкі (1660—1663)
Гетманшчына Павел Цяцера
Гетманшчына Пётр Дарашэнка (1665—1666)
Гетманшчына Іван Багун

Маскоўская дзяржава Аляксей Міхайлавіч

Маскоўская дзяржава Аляксей Трубяцкой
Маскоўская дзяржава Васіль Шэрамецеў
Маскоўская дзяржава Васіль Бутурлін
Маскоўская дзяржава Рыгор Рамаданаўскі
Маскоўская дзяржава Іван Хаванскі
Маскоўская дзяржава Юрый Барацінскі
Гетманшчына Багдан Хмяльніцкі
Гетманшчына Іван Залатарэнка
Гетманшчына Іван Выгоўскі (1657—1658)
Гетманшчына Іван Бяспалы
Гетманшчына Юрый Хмяльніцкі (1657; 1659—1660)
Гетманшчына Якім Самко
Гетманшчына Іван Брухавецкі

    Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
    Закрыць

    Перадумовы

    Палітыка «збірання земляў Русі» Маскоўскай дзяржавы прычынілася серыі войн спачатку з Вялікім Княствам Літоўскім, а потым з Рэччу Паспалітай. Яны скончыліся спусташэннем Маскоўскай дзяржавы і канчатковым прызнаннем Смаленска, які пераходзіў з рук у рукі, за Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава, нягледзячы на заключэнне Палянаўскага міру 1634 года, не збіралася адмаўляцца ад старачаных тэрыторый. Нагода надарылася падчас казацкага паўстання ў 1648 годзе пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы, пераважна казакі, а таксама ўкраінскія і беларускія сяляне, узялі шэраг перамог над польскім войскам і заключылі з Рэччу Паспалітай Збораўскі мірны дагавор, які надаў казакам аўтаномію. Неўзабаве, вайна аднавілася, гэтым разам няўдала для паўстанцаў, якія пацярпелі цяжкае паражэнне ў чэрвені 1651 годзе пад Берасцечкам. У 1653 годзе Багдан Хмяльніцкі, бачачы немагчымасць перамогі паўстання, звярнуўся да вялікага князя маскоўскага Аляксея Міхайлавіча з просьбай прыняць украінскія тэрыторыі ў яе склад. У кастрычніку 1653 годзе Земскі сабор прыняў рашэнне задаволіць просьбу Хмяльніцкага і абвясціў вайну Рэчы Паспалітай. У студзені 1654 годзе ў Пераяславе адбылася Рада, якая выказалася за ўваходжанне ў склад Маскоўскай дзяржавы. Хмяльніцкі перад маскоўскім пасольствам прынёс прысягу на вернасць вялікаму князю Аляксею Міхайлавічу.

    Remove ads

    Падрыхтоўка да вайны

    Падрыхтоўка да вайны вялася яшчэ з пачатку царавання Аляксея Міхайлавіча, з 1646 года, калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. З лютага 1653 года падрыхтоўкай заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі: паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой, Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасць расійскіх войскаў складала ля 80-100 тыс. чалавек.

    Вялікае Княства Літоўскае у адказ магло выставіць толькі 10-12 тысяч войска на чале з Янушам Радзівілам. Вальны сойм у Берасці, скліканы Янам Казімірам 24 сакавіка 1653 года, ухваліў каштарыс на 15 тысяч салдат. Даведаўшыся ад злоўленых маскоўскіх шпегаў, што цар найперш хоча ўдарыць па Смаленску, сойм паслаў рэвізораў для агляду смаленскіх умацаванняў з тым, каб забяспечыць гэтую фартэцыю зброяй, боезапасамі, правіянтам, падправіць муры і валы. Умацоўвалі таксама замкі ў Віцебску і Полацку, павялічвалі іх залогі. Усходнія паветы Княства былі вызваленыя ад абавязку высылаць паспалітае рушэнне да галоўнага абозу, каб маглі самі абараняць сваю тэрыторыю. Шляхецкі соймік Полацкага ваяводства ў жніўні 1653 года вызначыў нормы мабілізацыі рушэння: з трох службаў па старых разліках трэба было выстаўляць аднаго чалавека з мушкетам ці ручніцай і сякерай, а таксама з запасам пораху, волава і харчу на 4 дні. Але гэтых захадаў было недастаткова для стрымлівання велізарных па колькасці маскоўскіх армій.

    Remove ads

    Пачатак вайны

    Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісанні царскага тытулу. Усе тры царскія арміі павінны былі ўдарыць адначасова. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 мая 1654 года. Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. Добра ведаючы канфесійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў. Царскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у лаяльнасці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў.

    29 ліпеня царскія войскі захапілі Полацк. 25 чэрвеня царскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск і пасля моцнага супраціўлення занялі горад 29 верасня. 24 жніўня праз здраду Канстанціна Паклонскага здаўся Магілёў, 29 жніўня капітулявала Друя, а Дзісна ўзята штурмам і спалена. 12 кастрычніка здалася Дуброўна, пасля чаго з горада выгналі ўсіх людзей, шляхту выправілі да цара пад Смаленск, а сам горад спалілі. 22 лістапада В. П. Шарамецеў з баямі ўзяў Віцебск, пасля чаго зноў разаслаў усіх, хто аказаў супраціў, у розныя гарады Маскоўшчыны. Працягваў аказваць супраціўленне толькі Стары Быхаў, моцная крэпасць.

    Толькі тады, 18 чэрвеня, атрымаўшы ад караля на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана, Януш Радзівіл кінуўся дзейнічаць. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеянняў і стаў збіраць пад Оршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека. Але на справе шмат з іх было хворымі і параненымі. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з арміяй Якава Чаркаскага. Пры вялізнай дыспрапорцыі сіл (у Чаркаскага было не менш за 20 тысяч) ён здолеў нанесці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты — ад 3 да 7 тысяч — і нават захапіць 610 палонных, а ў яго загінула ўсяго каля 700 чалавек. Але ўжо 24 жніўня пад мястэчкам Шапялевічы Радзівіл пацярпеў паражэнне ад войска А. М. Трубяцкога. Загінула пад тысячу чалавек — вялікія страты для 6—8-тысячнага корпуса. Сам гетман быў паранены. Разбітае войска рассеялася па лесе. Арміі Вялікага Княства Літоўскага больш не існавала.

    Ужо ў верасні 1654 года Януш Радзівіл абвясціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеянняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысяч жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласці толькі 6 тысяч, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацавання гарадоў. Баявыя дзеянні 1654 года скончыліся толькі глыбокай восенню.

    Remove ads

    Кампанія 1655 года

    Кампанія 1655 года пачалася ў студзені наступам войскаў Радзівіла на расійскія войскі пад Старым Быхавам. 5 лютага Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і дазволіў увайсці ў Магілёў войскам Януша Радзівіла і Вінцэнта Гасеўскага. Але княжацкія войскі змаглі заняць толькі Ніжні замак. Радзівіл не змог вызваліць Верхні замак і ў маі зняў аблогу.

    На пачатак года галоўныя царскія сілы былі накіраваны на Беларусь. Мэтай кампаніі стаў захоп астатняй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: Вільні, Старога Быхава, Слуцка, Брэста. Паход пачаўся ў сакавіку. У гэтым месяцы казацкае войска гетмана Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара, здолела ўзяць Бабруйск, Казімір (Каралеўскую Слабаду) і Глуск. У маі з Бранска на Магілёў рушыла армія Трубяцкога. Казакі ж разам з Шарамецевым спрабавалі здабыць старабыхаўскую крэпасць. У той жа час войска княства было фізічна стомленае і дэмаралізаванае. Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 года замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысяч, з-за чаго было немагчыма наняць добрае наёмнае войска. Паспалітае рушэнне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. На Менск рухаўся перадавы, вялікі і старажавыя палкі цэнтральнай арміі і 3 ліпеня, царскія войскі захапілі Менск. Шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а на дапамогу Польшчы надзей не было, бо ўжо ў сакавіку на Рэч Паспалітую пачала агрэсію Швецыя. У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардныя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэнне І. Залатарэнкі. 8 жніўня войскі Чаркаскага і Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні і захапілі яе, зрабіўшы ў горадзе бойню, у якой загінула каля 8 тыс. жыхароў — гэта каля паловы горада.

    Пасля захопу горада, Януш Радзівіл, падпісаў з Швецыяй Кейданскую унію, па якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швецыі. Але праект уніі не падтрымала большая частка шляхты.

    У верасні з Кіева на лодках выйшаў у паход атрад маскоўскіх войск на чале з князем Дзмітрыем Валконскім[ru]. 15 верасня быў захоплены Тураў, 20 верасня спалены Столін, затым Пінск.

    Remove ads

    Кампанія 1655—1657 гадоў

    Два гады вайны прывялі дзяржаву да краі бездані. У Кароне Польскай пасля цяжкіх паражэнняў ад шведаў — 29 верасня пад Гарадком[ru], 30 верасня пад Новым Дваром[ru] і 3 кастрычніка каля Войніча[ru] — пасля капітуляцыі Варшавы і Кракава і ўцёкаў караля Яна Казіміра ў Сілезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя.

    Віцебскі ваявода Павел Сапега з восені 1655 года стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфедэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго пачалі сыходзіцца дробныя ваенныя аддзелы, якія агулам склалі каля 6 тысяч. Уся гэтая сіла фактычна бяздзейнічала, бо Павел Сапега вёў перамовы адначасова і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і са шведамі, якія дамагаліся яго пераходу на бок Швецыі. Пры канцы 1655 года Сапега паспеў-такі напісаць каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на шведскую пратэкцыю, аднак фактычна пасля гэтага захоўваў адданасць каралю.

    Тым часам Януш Радзівіл запёрся ў Тыкоціне, на Падляшшы. Тыкоцінскі замак аблажылі войскі Сапегі, які лічыў Радзівіла сваім асабістым сапернікам. Тут, у аблозе, 31 снежня 1655 года, абвешчаны ворагам Айчыны, памёр Януш Радзівіл. Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасцейшчыне, Ян Казімір пасылаў яму загады з патрабаваннем ісці да Сандаміра і ваяваць супраць шведаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Сапега накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Палубінскім. Дзесьці ў сярэдзіне лютага 1656 года Сапега быў афіцыйна прызначаны вялікім гетманам і атрымаў Віленскае ваяводства, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Пасля гэтага войска Вялікага Княства Літоўскага вяло баявыя дзеянні ў асноўным супраць шведаў. Умяшанне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэнне супярэчнасцей паміж Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй, і расійскі цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў вайну Швецыі.

    Яшчэ на пачатку 1656 года кіруючыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратавання дзяржавы. Планавалася паслабіць пазіцыі шведаў, схіліць на свой бок брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма I[ru], пасварыць з Расіяй казакаў, дамагчыся дапамогі ад крымскага хана Мехмеда IV Гірэя, нейтралізаваць трансільванскага князя Дзьёрдзя II Ракацы і, што было асабліва важна, падпісаць мір з Аляксеем Міхайлавічам. У справе апошняга кароль Ян Казімір заручыўся пасярэдніцтвам імператара Фердынанда III. Аўстрыйскія паслы браліся дапамагчы памірыць дзве адвеку варагуючыя краіны. Тады была падпісаны т. зв. Віленскі дагавор[1], які спыняў баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй.

    Remove ads

    Кампанія 1658—1660 гадоў

    16 верасня 1658 года падпісаны Гадзяцкі дагавор, якое вызначаў ўзаемаадносіны Украіны і Польскай Кароны. 14 лютага 1659 года расійскія войскі штурмам узялі Стары Быхаў[ru], дзе знаходзіліся казацкія войскі, што перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, і жорстка расправіліся з імі. 1659 год — аблога расійскімі войскамі горада Чачэрска.

    Thumb
    Кампанія аб’яднанага вялікалітоўскага і польскага войска ў 1660—1661 гадах

    Пачынаючы з 1658 года амаль уся Беларусь была ахоплена паўстаннямі казакоў і шляхты. Гэтыя выступленні выкарысталі кіруючыя колы Рэчы Паспалітай для вяртання сваёй улады. Такім чынам 18 чэрвеня 1660 года пад Ляхавічамі быў разбіты шматлікі корпус на чале з ваяводам І. А. Хаванскім. 28 чэрвеня таго ж года аб’яднанае вялікалітоўскае і польскае войска П. Я. Сапегі і С. Чарнецкага разбіла каля мястэчка Палонка расійскую армію І. А. Хаванскага. Пазней, 3 ліпеня, гэтае ж аб’яднанне вызваліла Менск і тэрыторыю Беларусі да Берэзіны. 8 кастрычніка 1660 года вялікалітоўскія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленне расійскай арміі і вымусілі адступіць да Смаленска.

    Remove ads

    Кампанія 1661—1667 гадоў

    Thumb
    Ваенныя дзеянні ў Вялікім Княстве Літоўскім ўвосень 1661 года

    1 лютага 1661 года адбылося паўстанне ў Магілёве. У выніку гараджане знішчылі расійскі гарнізон, узялі ў палон двух ваявод і іншых афіцэраў. Пазней, у красавіку таго ж года, антырасійскія паўстанні ўспыхнулі ў Дзісне, Себежы і Гомелі. 3 лістапада 1661 года пацярпела паражэнне група расійскіх войск на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным каля вёскі Кушлікі. На тры дні пазней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разбілі каля Глыбокага расійскае войска (каля 12 тыс. чалавек) на чале з І. А. Хаванскім. 2 снежня войскі ВКЛ вызвалілі Вільню. Пасля гэтага варожыя бакі не мелі ні сіл, ні сродкаў для актыўнага працягу вайны. Але ўжо ў 1664 годзе казацкія і расійскія войскі аблажылі гарады Пінск і Магілёў, у Магілёве быў спалены замак.

    Thumb
    Кампанія 1663—1664 гадоў
    Remove ads

    Андрусаўскае перамір’е

    Пасля даўгіх перамоў 30 студзеня 1667 года было заключана Андрусаўскае перамір’е. Згодна з ім Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Расійскай дзяржавы, а беларускае Падзвінне вярталася Вялікаму княству Літоўскаму. Украіна была падзелена па Дняпры: левабярэжжа адыходзіла да Расіі, правабярэжжа замацоўвалася за Рэччу Паспалітай. Вывезены падчас вайны шматтысячны палон вяртанню не падлягаў.

    Акупацыйная палітыка маскоўскіх улад

    Уладу ў вызваленых правінцыях бралі ў свае рукі царскія ваяводы. Імкнучыся знайсці падтрымку мясцовых жыхароў, Аляксей Міхайлавіч пакідаў Магдэбургскае права гарадам, прывілеі і г. д.

    Асабліва падтрымлівалася праваслаўная царква, ёй раздавалі землі ўніятаў і каталікоў. Узвышэнне праваслая прывяло да закрыцця ўсіх каталіцкіх касцёлаў і навучальных устаноў. Цяжка было яўрэйскаму насельніцтву. Умацоўваючы праваслаўную царкву ў Беларусі, царскі ўрад імкнуўся цалкам узалежніць яе ад Масквы. У 1655 годзе Магілеўскае епіскапства было падпарадкавана непасрэдна патрыярху Нікану. Цяпер епіскапа зацвярджала Масква, даходы ішлі ў Маскву, яна ж трымала пад пільным наглядам мясцовае духавенства. На ўзроўні мясцовай царскай адміністрацыі стаўленне новых уладаў да аднавернага насельніцтва Беларусі выглядала ўжо не так прывабна, як урадавая палітыка. Войска ж наогул не зважала на праваслаўнасць мясцовых жыхароў.

    Частку насельніцтва новыя улады перасялілі на тэрыторыю Рускай дзяржавы. Масавых перасяленняў нявольнікаў з захопленых тэрыторый рускі ўрад пазбягаў, бо ў такім выпадку войска пазбаўлялася кармавой базы. У першую чаргу насельніцтва перасялялі з тэрыторый, якія менш лаяльна ставіліся да новых уладаў. Так, у ліпені 1654 года цар аддаў загад «чтоб Бельского, Дорогбужского и Смоленского уездов Белорусцов односильно не имали, и к Москве и деревни не посылали… И которые Боярские и всяких чинов люди повезут к Москве полоняников мужеского полу и женска, и тех всех полоняников велено на заставах роспрашивать, кто котораго города и уезду, и какой человек, и какия веры, и которые скажуться Мстиславского и иных зарубежных городов литовские Люди, Католичкия Смяцкия веры, и Жиды, и Мурзы и вские некрещенные люди и тех пропущать к Москве…»[2].

    Перасяляючы насельніцтва з ВКЛ, царскія ўлады вырашалі некалькі задач: 1) нівеліравалі страты ад эпідэміі чумы ў Маскве, тым самым засяляючы «беларусцаў» у вольныя дамы; 2) пазбаўляліся ад дысідэнтаў на захопленых тэрыторыях; 3) эканамічна слабелі Літву ў выпадку пераходу нелаяльных тэрыторый назад пад уладу караля.

    Апроч сялян у Маскву вывозілі рамеснікаў, бо большасць майстроў каменнай, залатой і зброевай спраў памерла падчас чумы. Цар Аляксей Міхайлавіч загадваў перасяліць з прысягнуўшых абласцей умелых майстроў, надзяліўшы іх дварамі і дараваннем. Рамеснікі траплялі ў Маскву рознымі спосабамі: некаторыя перасяленцы з захаду прыходзілі добраахвотна і добраахвотна асядалі на пастаяннае жыхарства, частка перасяленцаў вывозілася па распараджэнні Маскоўскай дзяржавы, а частка была вывезена ў час вайны прыватнымі асобамі рускімі баярамі-ваеначальнікамі з уладанняў магнатаў і шляхты ў свае вотчыны.

    Масавы вываз майстроў «вычэрпваў» рамеснікаў з беларускіх земляў ВКЛ. Пра гэта, напрыклад, сведчыць пасланне 1660 г. віцебскага ваяводы Н.М. Бабарыкіна расійскаму самадзержцу: «А иконописца, государь, Фетьки… мы тобе, великому государю…не послали, потому что в Витебске в городе иконник Фетька адин человек… и в городе и в слободах церкви божии, а к тем церквам иконы вновь пишет и старые починивает он, Федька». Падобныя чалабітныя пасылалі ваяводы са Шклова, Магілёва, Копысі і інш.

    Вынікі вайны

    Мірныя перагаворы пачаліся ў вёсцы Андросава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў. Яны цягнуліся амаль 4 гады. Дэлегацыю Расіі прадстаўляў пасол А. Ардзін-Нашчокін  (руск.), Рэчы Паспалітай — жамойцкі староста Ю. Глябовіч. Адбылося 39 сустрэч-пасяджэнняў паміж бакамі.

    У выніку 30 студзеня 1667 года было падпісана Андросаўскае перамір’е тэрмінам на 13.5 года. Расія атрымала Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Левабярэжную Украіну і Кіеў. Землі Беларускага Падзвіння, а гэта Віцебшчына, Полаччына, вярталіся назад у склад Вялікага Княства Літоўскага. Тэрыторыя Княства паменшылася з 370 да 312 тыс.кв.км.

    Войны мелі драматычныя вынікі для Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія землі знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі, аслабла каралеўская ўлада, значна пашырыліся правы магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніліся ганенні супраць пратэстантаў, арыян, праваслаўных, што прывяло да скасавання рэлігійнай талерантнасці. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу.

    Гл. таксама

    Зноскі

    1. Віленскі дагавор быў падпісаны паміж Лівонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім 31 жніўня 1559 года падчас Лівонскай вайны
    2. Полное собрание законов Российской Империи. Собрание Первое. Том I. 1649 - 1675 гг. / Под редакцией М.М. Сперанского. — СПб: Тип. II Отделения Собственной Его Императорского Величества Канцелярии, 1830. — С. 349-350.

    Літаратура

    Wikiwand in your browser!

    Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

    Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

    Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.

    Remove ads