ваенны канфлікт 1558—1583 гадоў Маскоўскай дзяржавы з суседзямі ў балтыйскім рэгіёне From Wikipedia, the free encyclopedia
Лівонская вайна, Інфлянцкая вайна[1] (1558—1583) — вайна, якая вялася паміж Маскоўскай дзяржавай з аднаго боку, і Лівонскім ордэнам, Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай), Швецыяй з другога боку за кантроль над Лівоніяй.
Лівонская вайна | |||
---|---|---|---|
Дата | 1558—1583 | ||
Месца | Паўночная Еўропа, Эстонія, Лівонія, Вялікае Княства Літоўскае, Маскоўскае Царства | ||
Вынік | Перамога Рэчы Паспалітай, Швецыі, Даніі-Нарвегіі | ||
Змены |
Адыход:
|
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Да сярэдзіны XVI ст. Лівонскі ордэн ператварыўся ў Лівонскую канфедэрацыю. Тэрыторыі Лівонскай канфедэрацыі складаліся з зямель уласна Лівонскага ордэна, Дэрпцкага біскупства, Эзэль-Вікскага біскупства, Рыжскага арцыбіскупства разам з Рыгай, а таксама Курляндыі. Рыга, Дэрпт, Рэвель дзейнічалі амаль незалежна. Гэта была дэцэнтралізаваная дзяржава, таксама падзеленая рэлігійна. Адзінай інстытуцыяй, якая аб’ядноўвала ўсіх, быў рэгулярна скліканы Ландтаг. Таксама арцыбіскуп Рыжскі і магістр Лівонскага ордэна трывала сапернічалі за першынство ў канфедэрацыі. З 1520-х гадоў на тэрыторыях канфедэрацыі паступова распаўсюджваецца Рэфармацыя, яна сутыкалася з супрацівам прадстаўнікоў ордэна, якія ў рознай ступені трымаліся каталіцызму. Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Маскоўскае царства захапіла Ноўгарад (1478) і Пскоў (1510) і выйшла да мяжы з Лівонскай канфедэрацыяй. Масква набыла яшчэ больш моцы пасля захопу Казанскага (1552) і Астраханскага (1556) ханстваў. Масква, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць выхад да Балтыйскага мора і, т.ч., на гандлёвыя шляхі ў Еўропу. Пабудаваны ў 1550 г. па загадзе цара Івана новы порт у Івангорадзе, на ўсходнім беразе ракі Нарвы, не задавальняў патрэбы царства праз мелкаводдзе. Іван падкрэсліваў, што існаванне Лівонскай канфедэрацыі немагчыма без пасіўнай падтрымкі Масквы і ў выпадку неабходнасці пагражаў вайной.
У 1557 годзе быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы.
Адсутнасць дастатковай колькасці круглагодна незамярзаючых партоў моцна абмяжоўвалі доступ Швецыі да балтыйскага гандлю. Але Швецыя хутка багацела дзякуючы гандлю лесам, жалезам, меддзю, росту флоту і блізкасці да партоў Лівоніі праз вузкі Фінскі заліў. Швецыя імкнулася да экспансіі ў Лівонію, але ўмяшанне рускага цара часова прыпыніла гэтыя намаганні праз руска-шведскую вайну 1554—1557 гг., якая скончылася Наўгародскім перамір’ем.
У студзені 1558 г. маскоўскія войскі пачалі вайну супраць Лівонскага ордэна і хутка занялі шэраг гарадоў і замкаў (Нарва, Дэрпт, Нейгаўз, Тарту і інш.) ва ўсходняй частцы Лівоніі, наблізіліся да Рэвеля і Рыгі, дзе ў 1559 г. адбылося спаленне расійскімі войскамі рыжскага флоту. Кіраўніцтва ордэна заключыла перамір’е (1559 г.) з Масквой і звярнулася па дапамогу да еўрапейскіх манархаў, але згоду на ваенную дапамогу даў толькі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі. Летам 1559 г. у Вільні быў скліканы вальны сойм, які разглядаў гэту просьбу вялікага магістра Готарда Кетлера. Узамен за пераход усяго Ордэну пад пратэктарат ВКЛ Жыгімонт абавязаўся (31 жніўня 1559 г.) скіраваць пасольства да Івана IV з патрабаваннем спыніць вайну, а ў выпадку адмовы пачаць вайну з Масквой.
У лістападзе 1559 г., пасля адмоўнага адказу Івана IV, войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым (некалькі тысяч наймітаў) пачало баявыя дзеянні на тэрыторыі Інфлянтаў. Тры разы ў Інфлянты хадзіла паспалітае рушэнне. У 1560 г. рускія войскі занялі Марыенбург, Эрмес, Фелін. У ліпені 1561 г. войска ВКЛ на чале з Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта пад Пярну.
У выніку новых ваенных няўдач Лівонскі ордэн фактычна распаўся. Апошні магістр Готард Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Часткі ордэнскай тэрыторыі перайшлі да Даніі (востраў Эзель у 1560) і Швецыі (паўночная Эстонія і востраў Дага ў 1561 г.). Нарэшце, у лістападзе 1561 г. у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім вялікі магістр ордэна Готард Кетлер аб’яўляўся свецкім князем у Курляндыі і губернатарам у астатняй частцы Лівоніі, якая станавілася правінцыяй пад уладай Вялікага Княства Літоўскага (з 1569 г. — Рэчы Паспалітай). Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн.
Тым часам Маскоўская дзяржава заключыла перамір’е з Швецыяй (1561) і пачала вайну супраць ВКЛ.
У 1562 г. маскоўскія войскі, карыстаючыся тым, што войска ВКЛ было ў Інфлянтах, здзейснілі шэраг нападаў на ўсходнія землі ВКЛ (Дуброўна, Копысь, Шклоў, Орша, Віцебск). Быў узяты Невель, каля якога ў жніўні 1562 г. 4-тысячнае войска ВКЛ білася з 15-тысячным войскам Масквы на чале з Андрэем Курбскім.
Увесь гэты час афіцыйнага стану вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай не было. Аднак у 1562 г. Іван IV распаўсюдзіў свае планы на землі ВКЛ, называючы сваёй вотчынай ужо «ўсю Літоўскую зямлю».
У 1563 г. вялікае маскоўскае войска на чале з самім Іванам IV выйшла з Вялікіх Лукаў і абклала Полацк, які здаўся пасля двутыднёвай аблогі (31 студзеня — 15 лютага), адкрываючы шлях углыб ВКЛ, да Вільні (200 км). Войска ВКЛ, высланае на дапамогу Полацку, было разбіта пад Глыбокім. Военачальнікі ВКЛ у перамовах (люты 1563 г.) здолелі дамагчыся перамір’я да лістападу 1563 г. Паводле ўмоў перамір’я войскі ВКЛ не маглі падступаць да Полацкай зямлі, яшчэ не цалкам занятай маскоўскім войскам, што дало Івану IV свабоду дзеянняў у гэтых землях (разбурэнне Лукомля 8 жніўня 1563 г., спаленні і разбурэнні іншых паселішчаў Полаччыны).
Вялікае пасольства Жыгімонта ў Маскве (Ю. Хадкевіч, Р. Валовіч) спрабавала дасягнуць міру з Іванам IV, але перамовы (канец 1563 — 9 студзеня 1564) сарваліся, бо абодва бакі не жадалі саступаць, нават часова, правы на Полацкі павет і Інфлянты.
Ваенныя дзеянні ўзнавіліся ў 1564 наступам на ВКЛ вялікіх войскаў (корпусаў) Шуйскага і братоў Сярэбраных. Аднак перамогі войска ВКЛ над Улай і над Дуброўнай сарвалі маскоўскі паход. Драбнейшыя ваенныя дзеянні (набегі) працягваліся ўвесь 1564 год. Моцна пацярпелі ўсходнія землі Беларусі, войскі ВКЛ хадзілі на маскоўскую частку Інфлянтаў і Вялікія Лукі.
Паражэнні 1564 абвастрылі барацьбу рускага баярства супраць Івана IV. У красавіку 1564 у ВКЛ збег Андрэй Курбскі.
У 1565 тактычныя дзеянні працягваліся, войскі ВКЛ пустошылі Пскоўшчыну, перамаглі пад Красным Гарадком, хадзілі на Севершчыну, панеслі паразу пад Чарнігавам (пад кам. гетмана П. Сапегі). Саюзнік Жыгімонта хан Даўлет-Гірэй хадзіў на Разаншчыну.
Зацягнутая вайна схіліла Івана IV да ўзнаўлення мірных перамоў. У жніўні 1565 года ваенныя дзеянні былі спыненыя, аднак вялікае пасольства Жыгімонта Аўгуста (Ю. Хадкевіч, Ю. Тышкевіч, М. Галабурда і інш.) прыехала ў Маскву толькі ў маі 1566 года. Па-ранейшаму несумяшчальныя патрабаванні абодвух бакоў прывялі да адкладу далейшых перамоў у ліпені 1566 года.
Земскі сабор (1566) ухваліў вайну Івана IV за Лівонію, таму падрыхтоўка да ваенных дзеянняў працягвалася. Маскоўская дзяржава ў 1566—1569 ставіла на Полацкай зямлі свае замкі (Усвяты ў ліпені 1566, Сокал на Дрысе, Ула на Дзвірне ўвосень 1566, таксама Суша, Сітна, Красны, Казьян, Усвят, Туроўля). Падчас узвядзення чарговага замка Кап’е на возеры Суша летам 1567 войска ВКЛ напала і разбіла маскоўскі 8-тысячны ахоўны корпус, не зважаючы на перамір’е. У тыя самыя дні лета 1567 маскоўскае пасольства прыбыло ў Гродна, проста на сойм, але выставіла такія непрымальныя патрабаванні, што перамовы практычна не адбыліся.
У жніўні 1567 года ізноў пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні. Вялікае войска Масквы сабралася каля Вялікіх Лукаў і пайшло на Інфлянты, але вярнулася да Вялікіх Лукаў і Тарапца, даведаўшыся пра збор паспалітага рушэння ВКЛ. Ваенныя дзеянні ізноў перайші ў дробныя пагранічныя сутычкі (напрыклад, войска ВКЛ узяло Сітна зімой 1567, хадзіла ў паходы на Веліж і Усвяты, потым на Белае на Смаленшчыне ў студзені 1568, перамагло пад Веліжам у студзені 1568).
Сабранае глыбокай восенню 1567 года паміж Маладзечнам і Лебедзевым войска земскай службы ВКЛ (да 50 тыс. чал.) паспрабавала перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, але дзейнічала нерашуча, і ў выніку пад вясну 1568 года рушэнне разыйшлося, нічога не дасягнуўшы. Пасля няўдалага паходу на Маскву ў 1568 годзе працягваліся малазначныя тактычныя дзеянні (перамога ВКЛ у баі пад Лепелем, узяцце Улы ў верасні; спаленне пасадаў Віцебска маскоўскім войскам). Новае перамір’е было парушана маскоўскімі нападамі на замкі ў Інфлянтах.
Польскія феадалы нічым не дапамагалі свайму саюзніку, а толькі чакалі зручнага моманту для атрымання карысці з цяжкага становішча ВКЛ, і такі момант наступіў, калі пачаліся перамовы ў Любліне.[2] Аднак пасля падпісання Люблінскай уніі Маскоўскай дзяржаве давялося мець справу ўжо з сіламі дзвюх дзяржаў. Таксама ў 1569 татарска-турэцкае войска зрабіла паход на Астрахань. На гэты час абодва бакі ўжо моцна стаміліся ад вайны, і ў канцы 1569 года ў Маскву выехала новае вялікае пасольства, гэтым разам ад Рэчы Паспалітай. Ізноў абодва бакі не адступалі ад свайго жадання мець Полацк і Рыгу. У выніку, згодна з умовамі 3-гадовага трактату аб прымірэнні (1570), Полацкая зямля была падзеленая. Да Масквы часова адыйшлі Полацк, Сітна, Азярышча, Усвяты і замкі Туроўля, Сокал, Крэчэт, Красны, Суша. У 1572 перагаворы ўзнавіліся, Жыгімонт Аўгуст жадаў вярнуць Полацк, але Іван IV не згаджаўся. Неўзабаве ў 1572 г. Жыгімонт памёр, і Полацк застаўся пад маскоўскай уладай.
У 1571 годзе крымскі хан Даўлет-Гірэй спаліў Маскву. Карыстаючыся безуладдзем у Рэчы Паспалітай (1572—1575), Іван IV узнавіў вайну супраць Швецыі (1572), заняў у Лівоніі Вейсенштэйн (1572) і Пернаў (1575), да 1577 года — амаль усё ўзбярэжжа, узяў у аблогу Рэвель.
Новаабраны кароль Стэфан Баторый ажыццявіў у 1577—1579 гадах энергічную падрыхтоўку да ўзнаўлення вайны за Полаччыну. Сканцэнтраванае каля Свіры 41-тысячнае войска выйшла сушай праз Глыбокае да Дзісны і вадой праз пратокі Нарач-Паставы ў Дзісну да Дзвіны. У Дзісне войска пераправілася і з поўначы падышло да Полацка ў ліпені 1579 года і аблажыла горад 11 жніўня 1579. Дажджлівы год не дазваляў ужываць запальныя ядры, маскоўскія ўмацаванні падпалілі ўручную і 30 жніўня горад здаўся. Пры ўступленні ў горад войскаў Рэчы Паспалітай была разрабавана і часткова спалена бібліятэка Сафійскага сабора.
На працягу ліпеня—жніўня быў заняты шэраг меншых маскоўскіх замкаў, 4 верасня ўзятая Туроўля, 11 верасня штурмам узятая і спалена крэпасць Сокал разам з гарнізонам і часткай штурмаваўшых, 16 кастрычніка без бою занятая крэпасць Суша. У снежні 1579 года была ўзятая Няшчарда.
На працягу 1580 у час паходу войска Рэчы Паспалітай на Маскву былі вернуты і тыя землі Полаччыны, якія пасля 1579 заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Завалачча, замкі Азярышча, Усвяты). Былі занятыя Вялікія Лукі, атакаваныя Холм і Старая Руса. Шведскае войска заняло Карэлу (1580), Нарву, Івангорад, Ям, Капор'е (усё — 1581), абклалі Арэшак (1581).
У 1581 годзе Баторый з раёна Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21 жніўня 1581) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5 жніўня 1581 выйшаў з Віцебска на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй. 26 жніўня 1581 войска РП пачало 5-месячную няўдалую аблогу Пскова.
Незадаволенасць вайной у Рэчы Паспалітай і няўдача аблогі Пскова вымусілі Баторыя пачаць перамовы, і 15 студзеня 1582 года быў заключаны Ям-Запольскі 10-гадовы мір. Лівонія, Веліж і Полацк вярнуліся ў ВКЛ. Паводле Плюскага міру (1583) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.