Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўночная вайна 1655—1660 — вайна Швецыі і яе саюзнікаў супраць Рэчы Паспалітай і яе саюзнікаў.
Паўночная вайна 1655—1660 | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Шведскі патоп, Паўстанне Хмяльніцкага, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654—1667 | |||
| |||
Дата | 1655–1660 | ||
Месца | Польшча, Вялікае Княства Літоўскае, Данія | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Да 1655 года Рэч Паспалітая была вельмі саслаблена паўстаннем Хмяльніцкага і распачатай вайной з Расіяй. Швецыя імкнулася, авалодаўшы прыбалтыйскай тэрыторыяй Рэчы Паспалітай, замацаваць сваё панаванне на Балтыцы.
Поспехі рускіх войскаў у кампаніі 1654 года выклікалі вялікую занепакоенасць у Стакгольме. З заняццем рускімі войскамі земляў Вялікага Княства Літоўскага на Заходняй Дзвіне Расія ставіла пад свой кантроль тэрыторыі, з якіх адбывалася забеспячэнне Рыгі і набывала выгодныя стратэгічныя пазіцыі для наступу на шведскую Лівонію[1]. У снежні 1654 года адбылося пасяджэнне шведскага рыксрада, дзе было прынята рашэнне, што падзеі набываюць такі абарот, што Швецыя павінна ўмяшацца. Адначасова з мэтай не дапусціць далейшага ўмацавання Расіі, члены рыксрада вырашылі заключыць саюз з саслабленай Рэччу Паспалітай[2]. Паводле меркавання шведскіх кіруючых колаў для заключэння саюза кароль Ян Казімір павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Лівонію, пагадзіцца на шведскі пратэктарат над Курляндыяй і на саступкі ва Усходняй Прусіі — гэта забяспечвала б ператварэнне Балтыйскага мора ў «шведскае возера», у выніку чаго Швецыя атрымлівала поўны кантроль над гандлем у рэгіёне[3]. Аднак польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ян Казімір апынуўся рэзкім праціўнікам заключэння саюза са Швецыяй. У студзені 1655 года пад ціскам сенатараў каралю прыйшлося адправіць у Швецыю свайго прадстаўніка, але паўнамоцтваў для заключэння саюза кароль яму не падаў. Наадварот, пасланец караля выступіў з патрабаваннем кампенсацый Яну Казіміру за адмову ад яго правоў на шведскі трон[4].
У выніку разгляду пытання шведскім рыксрадам было прынята рашэнне пачаць вайну, якая была прызначана на вясну 1655 года. Такая дата была выбрана пасля весткі пра тое, што частка магнатаў Рэчы Паспалітай шукаюць «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У Вялікім Княстве Літоўскам частка магнатаў ужо да канца 1654 года ўступіла ў перамовы са Швецыяй аб «пратэкцыі». У выступленнях некаторых членаў рыксрада праявілася гатовасць такую «пратэкцыю» аказаць[3].
Падзеі, якія разгортваліся ва Усходняй Еўропе, не маглі пакінуць убаку Брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма I. У пачатку 1655 года ўзмацнілася актыўнасць розных колаў польска-літоўскай знаці па пошуку «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У 1655 годзе магнаты і шляхта Вялікай Польшчы звярнуліся па абарону да брандэнбургскага курфюрста, а брандэнбургскі агент у Варшаве паведамляў, што прымас і шэраг сенатараў гатовыя бачыць курфюрста на польскім троне[5].
Курфюрста вельмі хваляваў лёс герцагства Прускага, якое ў выніку шведскай экспансіі апынулася акружанай шведскімі ўладаннямі. Фрыдрых Вільгельм дазволіў шведскай арміі праход праз яго ўладанні ў Вялікую Польшчу, але адначасова пачаў пошук саюзнікаў, гатовых выступіць супраць Швецыі. У ліпені 1655 года ён заключыў саюз з Галандыяй, якая абавязвалася выслаць свой флот у выпадку нападу на землі курфюрста. Адначасова, курфюрст разлічваў знайсці саюзніка ў асобе маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча[6].
Шведскія войскі, якія ўварваліся ў ліпені 1655 года, хутка авалодалі амаль усёй тэрыторыяй польскіх земляў з Варшавай і Кракавам, а таксама часткай Літвы. Прычынай поспеху шведаў перш за ўсё была капітулянцкая пазіцыя польскіх магнатаў і часткі шляхты, якія прызналі ўладу шведскага караля Карла X Густава. Польскі кароль Ян II Казімір бег у Сілезію. Пагроза страты незалежнасці і бясчынствы акупантаў выклікалі патрыятычны ўздым польскага народа. Супраціўленне акупантам у Кракаўскім Падгор’і ў снежні 1655 паклаў пачатак выгнанню захопнікаў.
У пачатку 1656 шведы былі выгнаны з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, чаму спрыяла заключэнне ўвесну 1656 перамір’я паміж Расіяй з Рэччу Паспалітай і пачатак руска-шведскай вайны 1656—58. Аднак улетку 1656 года шведы з дапамогай Брандэнбурга зноў авалодалі Варшавай. Карл X высунуў праект падзелу Рэчы Паспалітай і заручыўся падтрымкай трансільванскага князя Дзьёрдзя II Ракацы, войскі якога ўварваліся ў Польшчу ў 1657 годзе, але былі разбіты. Таксама Карл заручыўся падтрымкай украінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага, які паслаў дзесяцітысячны корпус на чале з наказным гетманам Антонам Ждановічам на дапамогу шведска-трансільванскім войскам. Рэч Паспалітая атрымала падтрымку Аўстрыі і коштам адмовы ад правоў сюзерэнітэту над Усходняй Прусіяй дамаглася пераходу на свой бок Брандэнбурга (Вяляўска-Быдгашчцкі трактат 1657). Пасля ўступлення ў вайну (чэрвень 1657) Даніі супраць Швецыі шведскія войскі амаль цалкам пакінулі тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У 1658 Данія, пацярпеўшы паражэнне, выйшла з вайны, страціўшы паводле Роскільскага міру 1658 Сконэ і іншыя тэрыторыі. Але ў тым жа годзе яна аднавіла вайну, атрымаўшы падтрымку не толькі Рэчы Паспалітай, Аўстрыі і Брандэнбурга, але і Нідэрландаў.
Супярэчнасці паміж праціўнікамі выратавалі Швецыю ад разгрому. Рэч Паспалітая, імкнучыся зноў авалодаць Левабярэжнай Украінай, якая далучылася да Расіі ў 1654 годзе, і Беларуссю, большая частка якой была занята рускімі войскамі ў 1654—55, заключыла са Швецыяй у 1660 годзе Аліўскі мір. Ваенныя дзеянні Даніі супраць Швецыі спыніў Капенгагенскі мір 1660 года.
Паўночная вайна 1655—1660 гадоў значна саслабіла Рэч Паспалітую, але ў 1658 годзе яна аднавіла вайну супраць Расіі, што вымусіла Расію пайсці ў 1661 годзе на заключэнне невыгоднага для яе Кардыскага мірнага дагавора са Швецыяй.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.