Тарфя́на-балотныя гле́бы — група глеб, якія фарміруюцца ва ўмовах балотнага глебаўтваральнага працэсу пры залішнім увільгатненні паверхневымі і грунтовымі водамі. У такіх умовах назапашванне арганічнага рэчыва пераважае над яго распадам, што вядзе да ўтварэння торфу, адбываецца агляенне мінеральнай часткі глебы.
Паводле магутнасці торфу вылучаюць тарфяніста-глеевыя (20—30 см), тарфяна-глеевыя (30—50 см), тарфяна-балотныя маламагутныя (50—100 см), сярэднемагутныя (1—2 м) і магутныя (больш за 2 м торфу).
У залежнасці ад складу, расліннасці і ўмоў воднага жыўлення падзяляюцца на
- нізінныя,
- вярховыя,
- поймавыя,
- глебы пераходных балот.
Тарфяна-балотныя глебы пашыраны на тэрыторыях з умерана вільготным кліматам паўночнага паўшар'я. Найбольш распаўсюджаны ў Заходняй Сібіры, на поўначы і паўночным захадзе Расіі, Далёкім Усходзе, Украіне і ў Беларусі.
Тарфяна-балотныя глебы займаюць каля 14% тэрыторыі Беларусі, найбольш іх у Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях.
Гэта самыя багатыя на Беларусі паводле запасаў арганічнага рэчыва глебы, што вызначае іх патэнцыяльную ўрадлівасць. На нізінных і поймавых тарфяна-балотных глебах часткова праведзена меліярацыя, асушаныя глебы выкарыстоўваюцца пад ворыва, сенажаці і пашу. У выніку меліярацыі карэнным чынам змяніліся глебаўтваральныя працэсы, адбываецца мінералізацыя арганічнага рэчыва торфу, праяўляецца ветравая эрозія, што вядзе да пагаршэння ўрадлівасці глебаў, выклікае шэраг экалагічных праблем.
Літаратура
- Тарфя́на-бало́тныя гле́бы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 444. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Меяроўскі А. С. Тарфя́на-бало́тныя гле́бы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 84. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Торфяны́е по́чвы // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 122. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.