Другая вайна за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам From Wikipedia, the free encyclopedia
Грамадзя́нская вайна́ ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім 1389—1392 гадо́ў — другая вайна за ўладу паміж стрыечнымі братамі: каралём Польшчы і вялікім князем літоўскім Ягайлам і князем Вітаўтам. Першае іх супрацьстаянне завяршылася прымірэннем, аднак асноўныя супярэчнасці не былі зняты. Пасля вяселля з Ядвігай Ягайла ў 1386 годзе ўступіў на польскі пасад пад імем Уладзіслава II, пакінуўшы намеснікам у Вялікім Княстве свайго брата Скіргайлу. Апошні не карыстаўся папулярнасцю ў насельніцтва, у сувязі з чым Вітаўт вырашыў працягнуць барацьбу за літоўскі пасад. Пасля няўдалай спробы ўзяць сталіцу Вялікага Княства Вільню Вітаўт пайшоў на саюз з рыцарамі Тэўтонскага Ордэна. Ордэн быў гістарычным сапернікам Літвы, але ва ўласных інтарэсах многія князі літоўскія, у прыватнасці Вітаўт і Ягайла, імкнуліся да ўсталявання саюзных адносін з ім.
Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1389—1392 гадоў | |||
---|---|---|---|
Дата | 1389—1392 гады | ||
Месца | Вялікае Княства Літоўскае, Прусія | ||
Вынік | Бакі склалі Востраўскае пагадненне, паводле якога Вітаўт станавіўся вялікім князем літоўскім, але прызнаваў Ягайлу, новага караля Польшчы, сваім сюзерэнам. | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Супрацьстаянне не выявіла відавочнага пераможцу, што прымусіла бакі ісці на кампраміс. Паводле ўмоў складзенага ў 1392 годзе Востраўскага пагаднення Вітаўт прызнаў Ягайлу вярхоўным сюзерэнам (гаспадаром) Літвы, а сам стаў вялікім князем літоўскім.
Вытокі супрацьстаяння Вітаўта і Ягайлы ўзыходзяць да 1377 года. Пасля смерці вялікага князя Альгерда, які кіраваў Літвой больш за трыццаць гадоў сумесна са сваім малодшым братам Кейстутам, Ягайла не збіраўся дзяліць уладу з кім-небудзь, нягледзячы на тое, што Кейстут і яго сын Вітаўт прызналі Ягайлу вялікім князем літоўскім[1]. У 1380 годзе ён пачаў таемныя перамовы з Тэўтонскім Ордэнам. 31 мая 1380 года Ягайла і Вялікі магістр Тэўтонскага Ордэна Вінрых фон Кніпродэ склалі сакрэтны Давыдзішкаўскі дагавор, накіраваны супраць Кейстута[1]. Прычыны складання дагавора да канца не ясныя: некаторыя гісторыкі лічаць, што ініцыятыва складання дагавора зыходзіла ад маці Ягайлы Ульяны Цвярской або ад яго дарадцы Вайдзілы[2]. Іншыя паказваюць на тое, што Кейстуту было каля 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысціянства, тады як Ягайлу было каля трыццаці, і ён шукаў шляхі мадэрнізацыі краіны[3].
Перш поспех спадарожнічаў Кейстуту і Вітаўту. Даведаўшыся пра змову Ягайлы з Ордэнам, Кейстут пачаў наступленне на Вільню і ўзяў горад[3], паланіўшы самога Ягайлу[4]. З палонным абыйшліся мякка: Кейстут запатрабаваў ад пляменніка пісьмовага прызнання яго вялікім князем, а затым адпусціў, вярнуўшы вотчынныя землі (Крэва і Віцебск)[1]. Астатнія Гедзімінавічы таксама прынеслі прысягу Кейстуту. Стары князь пачаў паспяховую барацьбу з крыжакамі, спустошыўшы наваколлі Велау, Тапіяу і іншых гарадоў[5]. Контрнаступленне Ордэна было адбіта Вітаўтам[5].
У наступнай фазе поспех апынуўся на баку Ягайлы. Многія Гедзімінавічы былі незадаволеныя сваім становішчам. Першым паўстанне ўзняў ноўгарад-северскі князь Карыбут (у хрышчэнні — Дзмітрый)[1]. Кейстут выступіў супраць яго з невялікім атрадам, але пацярпеў паражэнне. У гэты час у самой Вільні ў адсутнасць вялікага князя і яго сына (Вітаўт у гэты час княжыў у Троках) паднялося паўстанне прыхільнікаў Ягайлы. Паўстанцы, узначаленыя купцом Ганулам, знішчылі віленскі гарнізон[1]. 12 чэрвеня 1382 года ў сталіцу ўступіў Ягайла. 6 ліпеня ён склаў з Ордэнам Бражуольскі дагавор[6], а потым аблажыў Трокі, прымусіўшы горад да здачы[7]. Намеснікам у Троках быў прызначаны Скіргайла Альгердавіч, родны брат Ягайлы. Кейстут, аднак, не здаўся. Неўзабаве ён здолеў схіліць на свой бок жамойтаў, якія пагадзіліся аказаць яму ваенную дапамогу[5].
3 жніўня ля Трокаў сталі войскі Кейстута, яго сына Вітаўта і брата Любарта супраць саюзных войскаў Ягайлы і магістра Лівонскага Ордэна Вільгельма фон Фрымерсхайма. Шанцы на перамогу ў Кейстута былі невялікія: войскі Ягайлы былі значна большымі па колькасці, акрамя таго, жамойты не імкнуліся ўдзельнічаць у бітве[1]. Бітве не наканавана было пачацца: Скіргайла, які прыехаў у лагер Кейстута і Вітаўта, пераканаў іх распачаць мірныя перамовы. Пасля прыбыцця ў Крэўскі замак Кейстут і Вітаўт былі адразу ж схопленыя[2], а 15 жніўня Кейстута знайшлі мёртвым. Ягайла абвясціў, што Кейстут павесіўся[8], аднак шматлікія крыніцы сведчаць, што ён быў задушаны паводле загаду самога Ягайлы[9]. Вітаўт здолеў збегчы з палону з дапамогай сваёй жонкі Ганны, якая аддала (або загадала адной з прыслужніц аддаць) мужу жаночую сукенку — Вітаўт застаўся незаўважаным і здолеў пакінуць замак[10].
Барацьба на гэтым не скончылася. Вітаўт заключыў дагавор з вялікім магістрам Ордэна Конрадам Цёльнерам. Крыжакі разлічвалі стравіць Ягайлу і Вітаўта паміж сабой[11]. 11 верасня 1383 года рыцары Ордэна ўварваліся ў межы Вялікага Княства Літоўскага, а неўзабаве да іх далучыўся і Вітаўт з войскам з 3-ох тысяч жамойтаў[11]. 30 студзеня 1384 года Вітаўт прынёс васальную прысягу Ордэну як законны троцкі князь і перадаў у яго валоданне Жамойцію да ракі Нявежа і Коўна з вобласцю[12]. У гэты час Ягайла планаваў прыняць хрышчэнне і пабраўся шлюбам з дачкою Дзмітрыя Данскога, аднак, каб усё прайшло паспяхова, яму патрэбен быў мір з Вітаўтам[3]. Пачаліся таемныя перамовы: Ягайла абяцаў аддаць стрыечнаму брату Валынь з Луцкам, дзе перапынілася дынастыя Любарта і яго сына Фёдара[6]. Таксама Ягайла абяцаў вярнуць Вітаўту яго вотчыну — Троцкае княства, як толькі адбярэ Полацк у Андрэя Альгердавіча[6]. Вітаўт пагадзіўся, перамір’е было складзена, а ўжо 6 лістапада іх аб’яднаныя войскі спалілі тэўтонскі замак Новы Марыенвердэр[4].
У 1385 годзе пачалася падрыхтоўка да шлюбу вялікага князя літоўскага Ягайлы са спадчынніцай польскага пасаду, прадстаўніцай Анжуйскай дынастыі Ядвігай[13]. Біскуп Пётр Выш пераканаў 14-гадовую каралеву (афіцыйна тытулаваную «кароль Польшчы» (Rex Poloniae)) у тым, што, уступіўшы ў гэты шлюб, яна паверне ў хрысціянства цэлы народ. Вельмі набожная каралева пагадзілася. 15 лютага 1386 года шлюб адбыўся, і Ягайла ўступіў на польскі пасад[14].
Пасля такога павароту падзей становішча Літвы змянілася. Цяпер Ягайла кіраваў абедзвюма дзяржавамі з Кракава і тытулаваўся каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Сваім намеснікам у Літве ён пакінуў Скіргайлу[15][16]. Многія былі гэтым незадаволеныя. У Літве сфарміравалася апазіцыя кракаўскаму кіраванню, якая выступала супраць гвалтоўнага акаталічвання і Крэўскай уніі[17].
На чале гэтай апазіцыі паўстаў Вітаўт, у той час гарадзенскі і падляшскі князь. Справа ў тым, што Ягайла затрымоўваў выкананне сваіх абавязкаў: абяцаныя Вітаўту Трокі працягвалі знаходзіцца ў руках Скіргайлы. Яго кіраванне выклікала незадаволенасць і ў народу, і ў літоўскай шляхты. Вітаўт жа, наадварот, станавіўся ўсё больш папулярным. Шляхта спадзявалася з яго дапамогай пазбавіцца ад улады Ягайлы і аднавіць незалежнасць дзяржавы[18].
У 1389 годзе, ведаючы пра хваляванні ў Вялікім Княстве, Ягайла паслаў у Вільню Клеменса Маскажэўскага, каб размясціць у літоўскай сталіцы польскі гарнізон і стабілізаваць становішча, што яшчэ больш павялічвала градус сітуацыі[19]. Ягайла паспрабаваў мірам уладзіць нарастаючы канфлікт паміж Вітаўтам і Скіргайлам. Вітаўт быў вымушаны падпісаць дагавор, паводле якога абавязаўся быць лаяльным да Скіргайлы і падтрымліваць яго, але яго становішча як князя Валыні пры гэтым не было дакументальна пацверджана[20]. Вітаўт пачаў абдумваць план наступлення, вырашыўшы скарыстацца рыхтаваўшымся вяселлем сваёй дачкі Соф’і з вялікім князем маскоўскім Васілём I. Вітаўт задумаў пад выглядам падрыхтовак да вяселля адправіць у Вільню абоз з сенам, мясам і іншымі рэчамі ў суправаджэнні вартаўнікоў, якія, скарыстаўшыся выпадкам, павінны будуць захапіць віленскі замак[21]. Аднак з-за здрады гэты план не ажыццявіўся (быў раскрыты нямецкім выведнікам)[22]. У выніку два адданыя саюзнікі Вітаўта, брат Таўцівіл Кейстутавіч і швагер Ян Гальшанскі, страцілі свае вотчыны — Наваградак і Гальшаны[20].
Вітаўт вымушаны быў ізноў звярнуцца за дапамогай да Ордэна, паслаўшы для перамоў палоннага рыцара Маркварда фон Зальцбаха. 19 студзеня 1390 года ўпотай ад Скіргайлы і Ягайлы быў заключаны Лікскі дагавор , які пацвердзіў асноўныя пункты заключанага яшчэ падчас папярэдняй вайны Кёнігсбергскага дагавора і прадугледжваў дапамогу Тэўтонскага Ордэна ў барацьбе Вітаўта з Ягайлам[20]. У абмен Вітаўт абяцаў перадаць Ордэну Жамойць аж да Нявежы. Аднак раз ужо падманутыя Вітаўтам крыжакі гэтым разам запатрабавалі заложнікаў[23]. Імі сталі шматлікія набліжаныя і сваякі Вітаўта: яго браты Жыгімонт і Таўцівіл, жонка Ганна, дачка Соф’я, сястра Рымгайла, швагер Ян Гальшанскі і некаторыя іншыя прадстаўнікі літоўскай шляхты, якія сімпатызавалі Вітаўту[15].
Лікскі дагавор быў падмацаваны дагаворам у Кёнігсбергу, падпісаным у 1390 годзе паміж Ордэнам і дэлегацыяй ад Жамойці ў складзе 30-ці або 31-го прадстаўніка мясцовай шляхты, якія гарантавалі сваю лаяльнасць Вітаўту як «жамойцкаму каралю»[20]. Акрамя войскаў Ордэна, пад стан Вітаўта сцяклося нямала наймітаў з еўрапейскіх краін: Францыі, Англіі, Свяшчэннай Рымскай імперыі, сярод военачальнікаў быў у тым ліку і будучы кароль Англіі Генрых IV[24]. Англійскія крыжакі пакінулі дэталёвыя запісы пра свае дзеянні ў Прусіі і Літве, якія леглі ў аснову некаторых са знакамітых Кентэрберыйскіх апавяданняў Джэфры Чосера[25]. Ягайла таксама ўзмацняў свае войскі. Ён захапіў Камянец і яшчэ некалькі замкаў у Падляшшы, размясціўшы ў іх польскія гарнізоны[26], і пасля шасцімесячнай аблогі, у красавіку 1390 года, узяў Гародню[27].
Кааліцыя Вітаўта зрабіла шэраг паходаў у літоўскія граніцы, найбуйнейшым з якіх стаў паход у канцы лета 1390 года. Падчас аблогі Георгенбурга сканаў вялікі магістр Конрад Цёльнер фон Ротэнштайн, з-за чаго 11 верасня пасля пяцімесячнай аблогі войскі адступілі ад горада[27]. Неўзабаве пасля гэтага войскі падышлі да Вільні[28] і 11 верасня прыступілі да пяцітыднёвай аблогі горада[18]. Абарону віленскіх замкаў узначальваў Скіргайла, які быў камандуючым аб’яднаным польска-літоўскім войскам[29]. Рыцары знішчылі амаль увесь горад па-за межамі крапасной сцяны[24] і здолелі разбурыць Крывы замак, які ніколі пасля не быў адбудаваны[30]. Падчас аблогі загінулі Таўцівіл Кейстутавіч і Карыгайла, брат Ягайлы[15]. Між тым, крыжакі сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем: заканчваўся порах, непрыемныя неспадзеўкі выдавала надвор’е, завяршаліся тэрміны службы еўрапейскіх наймітаў, акрамя таго, браты-рыцары мелі патрэбу ў новым вялікім магістры[31]. У выніку аблога была знята, і войскі вярнуліся ў Прусію. Аднак барацьба паміж Вітаўтам і Ягайлам на гэтым не скончылася, наадварот, стаў відавочным нарастаючы ўплыў сапернікаў Ягайлы і ўсё меншая яго падтрымка з боку мясцовай шляхты[18].
Другі этап супрацьстаяння пачаўся пасля вяселля адзінай дачкі Вітаўта Соф’і з вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам, якое адбылося 21 студзеня 1391 года. Гэты шлюб умацаваў пазіцыі Вітаўта на Русі, у прыватнасці, у Маскве, і дазваляў гаварыць аб Васілю як аб патэнцыяльным саюзніку Вітаўта ў барацьбе супраць Ягайлы[19]. Акрамя таго, прыкладна ў гэты ж час Ягайлаў брат князь Ноўгарада Вялікага Лугвен быў вымушаны пакінуць Ноўгарад пад ціскам маскоўскага князя[32]. Тым часам тэўтонскія рыцары не прадпрымалі ніякіх рашучых дзеянняў у сувязі з зацяжной працэдурай абрання генеральным капітулам Конрада фон Валенрода ў якасці новага вялікага магістра Ордэна[31]. Аднак сам магістр не меў намеру сядзець без справы: у маі 1391 года ён узяў пад заклад у 6632 гульдэны стратэгічна важную крэпасць Златарыя (каля Торуні) ў Апольскага князя Уладзіслава Апольчыка[33][34]. Гэта выклікала вострую рэакцыю Ягайлы, які быў сапернікам Апольчыка і даўно імкнуўся захапіць яго княства. Польскі кароль уварваўся ў Добжынскую зямлю, але пацярпеў паражэнне[20].
Новы вялікі магістр ізноў сабраў еўрапейскіх наймітаў з Францыі, Англіі і Шатландыі, войскі апошняй вялі знакаміты рыцар маршал Францыі Жан II ле Менгр[27] і Уільям Дуглас, незаконнанароджаны сын графа Арчыбальда «Лютага»[35]. Увосень 1391 года крыжакі арганізавалі новы паход на Вільню[15]. У Коўне войскі зладзілі багаты баль[35], апісаны Адамам Міцкевічам у выдадзенай у 1828 годзе паэме «Конрад Валенрод». Яны разбурылі бліжэйшыя гарады Вількамір і Майшаголу, пры гэтым замак у апошнім горадзе быў спалены і больш ніколі не адноўлены. У лістападзе Вітаўт атакаваў Мерач і Гродна, тым самым перакрыўшы Ягайлу доступ да Вільні[35].
У маі 1392 года Конрад фон Валенрод распачаў перамовы з імператарам Свяшчэннай Рымскай Імперыі Жыгімонтам аб куплі Ноймарка за 500 тысяч гульдэнаў[36], а таксама пагадзіўся заплаціць Уладзіславу Апольчыку 50 тысяч гульдэнаў за куплю Добжынскай зямлі[36], якая з 1377 года многа разоў аспрэчвалася рознымі прадстаўнікамі дынастыі Пястаў[37]. У 1392 годзе Апольчык прапанаваў план па падзеле Польшчы паміж Тэўтонскім Ордэнам, Свяшчэннай Рымскай Імперыяй, Сілезіяй і Венгрыяй, але гэты план быў адхілены[38].
І для Ягайлы, і для Вітаўта вайна ішла не занадта ўдала, у той час як землі Вялікага Княства Літоўскага руйнаваліся ўсё больш і больш[16]. Польская шляхта ўсё больш расчароўвалася ў вайне[19]: Крэўская унія павінна была ўзмацніць іх уплыў у Галіцыі, Малдавіі і Валахіі, але прывяла да новых праблем на поўначы[36]. Ягайла спрабаваў нешта распачаць, жадаў замяніць Скіргайлу сваім малодшым братам Вігандам, князем Кернаўскім, аднак той памёр пры нявысветленых акалічнасцях 28 чэрвеня 1392 года[36]. Магчыма, ён быў атручаны, пры гэтым арганізатарамі забойства маглі быць і Скіргайла, і Вітаўт[36]. Ягайла замяніў Клеменса Маскажэўскага на Яна Алясніцкага на пасадзе камандзіра польскага гарнізона ў Вільні[36], а пасля вырашыў пачаць мірныя перамовы з Вітаўтам[15].
Яшчэ вясною 1392 года Ягайла паслаў да Вітаўта свайго прадстаўніка біскупа плоцкага Генрыха Мазавецкага для абмеркавання ўмоў міру. Ягайла прапанаваў саступіць Вітаўту тытул вялікага князя літоўскага, калі той прызнае яго вярхоўным сюзерэнам Літвы[15]. Вітаўт прыняў прапанову Ягайлы не адразу, мабыць, з-за таго, што шматлікія яго сваякі і набліжаныя знаходзіліся ў Ордэне ў якасці заложнікаў[36]. Пасля таго як дамоўленасць употай была дасягнута, Вітаўт запрасіў тэўтонскіх рыцараў на свята ў сваю рэзідэнцыю — замак Рытэрсвердэр, які знаходзіўся на востраве на Нёмане[15]. Большасць нічога не падазраваўшых гасцей Вітаўта былі ўзяты ў палон, пасля чаго літоўскі князь спаліў гэты замак, а таксама Метэнбург, Нойгартэн (каля Гародні) і іншыя драўляныя замкі, збудаваныя рыцарамі падчас паходу на Вільню[32][36]. Падчас гэтай кампаніі ў палон да Ордэна патрапіў брат Вітаўта Жыгімонт, які знаходзіўся пры двары вялікага магістра аж да падпісання Салінскага дагавора ў 1398 годзе[39].
4 ліпеня 1392 года адбылася сустрэча Ягайлы і Вітаўта ў маёнтку Востраў каля Ліды[40]. Там і пачаліся афіцыйныя перагаворы, вынікам якіх стала пагадненне, якое фармальна і завяршыла вайну. Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім, яму была вернута яго вотчына — Троцкае княства. Скіргайла атрымаў у валоданне Кіеўскае княства, дзе і сканаў праз 5 гадоў[16]. Вітаўт фармальна прызнаў Ягайлу, які цяпер насіў тытул вярхоўны князь літоўскі, сваім сюзерэнам. Таксама Вітаўт паабяцаў, што пасля яго смерці зямлі Вялікага Княства стануць уласнасцю караля Польшчы.
Востраўскае пагадненне было ратыфікавана ў шэрагу дагавораў, заключаных паміж Польшчай і Літвой, а таксама ў шэрагу дакументаў, падпісаных жонкай Вітаўта Ганнай і жонкай Ягайлы Ядвігай. Пагадненне спрыяла ўмацаванню цэнтралізаванай улады ў літоўскай дзяржаве[18].
Фармальна залежны, на практыцы Вітаўт дзейнічаў самастойна. Больш таго, шмат у чым Ягайла сам залежаў ад Вітаўта[41]. З самага пачатку гаспадарання Вітаўт стаў праводзіць палітыку, накіраваную на пашырэнне сферы ўплыву, узняцце міжнароднага прэстыжу дзяржавы і ўмацаванне цэнтральнай улады ў княстве[42]. У 1398 годзе на з’ездзе вялікалітоўскай артыстакратыі — князёў і баяр, Вітаўт абмешчаны самастойным уладаром дзяржавы. Аднак паражэнне ў бітве на Ворскле ад татар хана Цімура Кутлуга ў 1399 годзе, дзе Вітаўт ледзь не патануў і страціў амаль усё войска, аслабіла яго пазіцыі[16]. Акрамя таго, пачаліся паўстанні ў Смаленскім княстве, а таксама Наўгародскай і Пскоўскай Рэспубліках[43]. У гэтых умовах Вітаўт быў вымушаны пацвердзіць вярхоўную ўладу Ягайлы, пайшоўшы на заключэнне Віленска-Радамскай уніі[44].
Тым не менш, Вітаўт працягнуў палітыку па ўмацаванні дзяржавы. Ён замяняў князёў на месцах сваімі намеснікамі, дабіўся поспехаў на ўсходзе: межы Вялікага Княства Літоўскага дайшлі да вярхоўяў Акі і да Мажайска, ён адабраў у татар Паўднёвую Падолію, заключыў саюзы з цвярскім, разанскім і пронскім князямі. Зяць Вітаўта Васіль I Дзмітрыевіч паводле завяшчання, складзенага ў 1423 годзе, пакінуў яго рэгентам пры непаўналетнім вялікім князю маскоўскім Васілю II[45].
Умацаванню аўтарытэту Вітаўта спрыяла перамога ў Грунвальдскай бітве і вяртанне Жамойці па ўмовах Торуньскага міру 1411 года. Палітыка Вітаўта была ацэнена паводле заслуг еўрапейскімі кіраўнікамі на з’ездзе ў Луцку ў студзені 1429 года[46]. Імператар Жыгімонт Люксембургскі прапанаваў Вітаўту прыняць каралеўскую карону, на што ён адказаў згодай. Перагаворы ішлі таемна, бо палякі былі катэгарычна супраць узмацнення Вітаўта. Нават Ягайла быў згодзен на каранаванне, заявіўшы, што пасля смерці Вітаўта карона пяройдзе да аднаго з яго сыноў, бо ў Вітаўта не было спадчыннікаў мужчынскага полу[46]. Незадоўга да каранавання, 27 кастрычніка 1430 года Вітаўт нечакана сканаў у Троках[46]. Смерць Вітаўта магла адбыцца па натуральных прычынах, старому князю было ўжо 80 гадоў[47].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.