Remove ads
краіна ў Паўночнай Амерыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Злу́чаныя Шта́ты Аме́рыкі (англ.: United States of America) — федэратыўная рэспубліка ў Паўночнай Амерыцы, якая складаецца з 50 штатаў, адной федэральнай акругі і некалькіх астраўных тэрыторый. 48 штатаў і федэральная акруга Калумбія знаходзяцца ў цэнтральнай частцы Паўночнай Амерыкі паміж Канадай і Мексікай. Штат Аляска з’яўляецца самым паўночным з іх і размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы мацерыка, у той час як 50-ы штат, Гаваі, уяўляе сабой архіпелаг у сярэдзіне Ціхага акіяна. Дзяржава таксама мае пяць населеных і дзевяць незаселеных тэрыторый у Ціхім акіяне і Карыбскім басейне. Гістарычна склаўся падзел ЗША на тры галоўныя рэгіёны: Поўнач, Поўдзень і Захад. З агульнай плошчай у 9,83 млн км² у Злучаных Штатах пражываюць каля 316 млн чалавек, дзякуючы чаму краіна з’яўляецца чацвертай паводле велічыні агульнай плошчы і трэцяй паводле колькасці насельніцтва. ЗША з’яўляюцца аднымі з самых этнічна разнастайнымі і шматнацыянальнымі краінамі свету, у выніку буйнамаштабнай іміграцыі са шматлікіх краін свету. Геаграфія і клімат Злучаных Штатаў таксама надзвычай разнастайныя, гэта значыць яны з’яўляюцца домам для самых разнастайных відаў дзікіх жывёл.
Злучаныя Штаты з’яўляюцца развітай краінай і маюць самую вялікую ў свеце нацыянальную эканоміку, ВУП якой, паводле ацэнак, на 2013 год складаў $16,7 трлн, гэта значыць 23 % сусветнага намінальнага ВУП і 19 % парытэту пакупніцкай здольнасці. Эканоміка падсілкоўваецца багаццем прыродных рэсурсаў і самай высокай у свеце прадукцыйнасці працы. Паводле велічыні ВУП на душу насельніцтва ў 2010 годзе ЗША займалі шосты радок у свеце. У той час як эканоміка ЗША лічыцца постіндустрыяльнай, яна працягвае заставацца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў. ЗША мае самы высокі сярэдні і медыяльны паказчык прыбытку хатняй гаспадаркі сярод краін АЭСР, а таксама самы высокі сярэдні заробак, аднак займае чацвёрты радок паводле нераўнамернага размеркавання даходаў сярод краін АЭСР. Прыкладна 13 % насельніцтва жыве ў беднасці. На краіну прыпадае 39 % глабальных ваенных выдаткаў, яна з’яўляецца эканамічна і ваенна адной з наймацнейшых дзяржаў у свеце, вядомай палітычнай і шматбаковай культурнай сілай, а таксама адным з лідараў у галіне навуковых даследаванняў і тэхналагічных інавацый.
У англійскай мове найбольш ужываемай назвай краіны з’яўляецца Злучаныя Штаты (англ.: the United States), якая ў беларускай мове мае больш афіцыйнае адценне, і ўтворная ад яго абрэвіятура the U.S., якая таксама з’яўляецца стандартным азначэннем, напр. the U.S. history — «гісторыя ЗША». Таксама сустракаюцца больш размоўныя варыянты Амерыка (англ.: America) і Штаты (англ.: the States), але ў беларускай мове яны ўжываецца часцей за англійскую. Ад першага слова ў абедзвюх мовах утвараецца назва жыхароў краіны — амерыканцы (англ.: the Americans). На некаторых афіцыйных мерапрыемствах, у кантэксце гадоў утварэння федэрацыі і эпохі грамадзянскай вайны для апісання дзяржавы ўжываецца тэрмін Саюз (англ.: the Union)
Людзі на тэрыторыі ЗША ўпершыню з’явіліся, паводле ацэнак археолагаў, ад 12 да 40 тыс. гадоў назад. Як мяркуецца, яны трапілі сюды праз Аляску, якая ў той час злучалася з Азіяй.
Гісторыі англійскіх паселішчаў, з якіх пасля сфарміраваліся ЗША, пачалася з заснавання Джэймстаўна ў Віргініі (1607). У 1696, прыняцце чарговага закона аб мараплаўстве і ўсталяванне новага міністэрства гандлю Вялікабрытаніі заклалі асновы імперскай сістэмы. На працягу дзевяці дзесяцігоддзяў утварыліся 13 калоній, там развілася сістэма рабаўладання, укараніліся англійская культура, англійская мова і брытанскія палітычныя інстытуты.
Наступны перыяд каланіяльнай гісторыі (1696—1763) быў адзначаны малаважнымі зменамі ў сістэме імперскай адміністрацыі і пераўтварэннем практычна ўсіх бакоў жыцця калоній. У гэты час адбываўся няўхільны рост насельніцтва, развівалася дынамічная, арыентаваная на экспарт, эканоміка, умацоўваўся аўтарытэт асамблей — незалежных інстытутаў прадстаўнічай улады, рэлігійнае і культурнае жыццё калоній дзівіла сваёй разнастайнасцю. Усе сем дзесяцігоддзяў былі апалены пажарамі еўрапейскіх войн, якія дакочваліся і да амерыканскіх берагоў. Гэтыя войны спрыялі кансалідацыі калоній з метраполіяй у агульным змаганні супраць французаў і іспанцаў, што ўгрунтаваліся ў Амерыцы. У выніку гэтых войн іспанцаў выцеснілі з Фларыды, а французаў — з Канады, і ад 13 калоній была адведзена пагроза знешняй агрэсіі.
У 1763 брытанскі ўрад паспрабаваў замацаваць свой кантроль над амерыканскімі паселішчамі. Новае імперскае заканадаўства выклікала бурную рэакцыю ў калоніях. У выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання ў 1776 калоніі прынялі Дэкларацыю незалежнасці. Да 1783 мяцежныя калоніі заваявалі незалежнасць сілай зброі і ўтварылі вольную канфедэрацыю пад назвай Злучаныя Штаты Амерыкі. У 1789 суверэннымі грамадзянамі некалькіх штатаў была ўхвалена канстытуцыя, якая заклала асновы новай дзяржавы.
Паводле першага перапісу 1790, у краіне пражывалі каля 4 млн чалавек. За перыяд з 1790 па 1815 колькасць насельніцтва падвоілася, а да 1860 дасягнула 31,5 млн. На працягу першай паловы 19 ст. адбывалася міграцыя амерыканцаў на захад. Насельніцтва Паўночна-Заходняй тэрыторыі, дзе ўтварыліся штаты Агая, Індыяна, Ілінойс, Мічыган і Вісконсін, узрасло з 51 тыс. у 1800 да 6,9 млн у 1860. За той жа перыяд колькасць насельніцтва Новай Англіі ўзрасла з 1,2 млн чалавек да 3,1 млн. У 1790 у складзе насельніцтва пераважалі выхадцы з Брытанскіх астравоў, але былі таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей (немцы, валійцы, французы, швейцарцы, галандцы). Этнічны склад насельніцтва фактычна заставаўся нязменным да наплыву нямецкіх і ірландскіх імігрантаў у 1840-1850-х гадах. У 1790 афрыканцы, якія былі дастаўлены сюды ў якасці рабоў, складалі пятую частку ўсяго насельніцтва, аднак з-за заняпаду тытуняводства ўвоз рабоў скарачаўся. Падчас Вайны за незалежнасць у большасці штатаў увоз рабоў быў забаронены, і ў 1808 годзе Кангрэс ЗША заканадаўча замацаваў гэту забарону. Аднак падпольны гандаль рабамі квітнеў яшчэ доўгія гады. Падчас рэвалюцыі рабы ў большасці паўночных штатаў атрымалі волю, аднак ім рэдка даводзілася атрымаць усе грамадзянскія правы (Гл.далей Англа-амерыканская вайна 1812-1814).
Злучаныя Штаты Амерыкі — чацвёртая паводле плошчы краіна ў свеце пасля Расіі, Канады і Кітаю. Кантынентальная частка ЗША займае тэрыторыю ад Атлантычнага да Ціхага акіяна, ляжыць паміж Канадай і Мексікай і Мексіканскім залівам. Аляска — самы вялікі паводле плошчы штат. Ён аддзелены ад кантынентальнай часткі Канадай, узбярэжжа Аляскі выходзіць да Ціхага і Паўночнага Ледавітага акіянаў. Гаваі ўтвараюць архіпелаг у Ціхім акіяне на паўднёвы захад ад Паўночнай Амерыкі. Уладанне ЗША Пуэрта-Рыка — востраў у Карыбскім моры. Тэрыторыя краіны амаль цалкам знаходдзіцца ў Заходнім пашар’і Зямлі (выключэнне — толькі тэрыторыя вострава Гуам, які належыць ЗША, і заходняя частка Аляскі.
Асноўную частку тэрыторыі ЗША па асаблівасцях рэльефу дзеляць на восем правінцый: Апалачы, Берагавыя раўніны, Унутраныя ўзвышшы, Унутраныя раўніны (у т.л. Цэнтральныя раўніны), узвышша ля возера Верхняга, Скалістыя горы, Межгорныя плато і Ціхаакіянскія Берагавыя горы. Аляска і Гавайскія астравы таксама з’яўляюцца самастойнымі правінцыямі.
Найвышэйшы пункт краіны — гара Дэналі (6193 м).
Амаль усе рэкі асноўнай тэрыторыі ЗША ўпадаюць у Атлантычны акіян і Ціхі акіян. Вялікая частка рачнога сцёку накіроўваецца ў Мексіканскі заліў (які з’яўляецца часткай Атлантычнага акіяна). Яго вадазборны басейн распасціраецца да Скалістых гор на захадзе, Апалачаў на ўсходзе і межы з Канадай на поўначы. Некаторыя рэкі, як напрыклад Рыа-Грандэ, цякуць непасрэдна ў Мексіканскі заліў. Большасць рэк належыць да гіганцкай сістэмы, сфарміраванай р. Місісіпі (даўжыня — 3757 км) і яе галоўным прытокам р. Місуры (даўжыня — 4127 км).
Мноства рэк, пераважна кароткіх, упадае ў Атлантычны акіян. Самыя доўгія з іх, працягласцю ў некалькі сотняў кіламетраў, пачынаюцца ў Апалачах. Сцёк з вобласці Вялікіх азёр накіраваны на паўночны ўсход па р. Святога Лаўрэнція, якая ўпадае ў Атлантычны акіян на тэрыторыі Канады.
На Захадзе ЗША сістэмы рэк Калумбія, Каларада і Сакрамента-Сан-Хоакін утвораць асноўныя вадазборныя басейны і ўпадаюць у Ціхі акіян. Аднак у арыдных і семіарыдных раёнах, аддаленых ад узбярэжжа акіяна, мноства пересыхаючых рэк і некалькі рэк з сталым сцёкам упадаюць у азёры ў замкнёных катлавінах.
Невялікая частка тэрыторыі ЗША, пераважна ў штатах Мінесота і Паўночная Дакота, прымеркаваная да вадазборнага басейна, сцёк з якога накіраваны да поўначы праз возера Вініпег, р. Нельсан і Гудзонаў заліў у Паўночны Ледавіты акіян.
У ЗША знаходзіцца мноства азёр. Самае вялікае з іх — возера Мічыган (57 440 км²), адзінае з пяці Вялікіх азёр, цалкам змешчанае ў межах ЗША. Другое па памерах Вялікае Салёнае возера ў штаце Юта (2850 км²).
ЗША адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю кліматычных умоў. На асноўнай тэрыторыі краіны вылучаюць дзве галоўныя кліматычныя вобласці — Усходнюю і Заходнюю. Мяжа паміж імі праходзіць прыкладна ўздоўж мерыдыяна 100° з.д.
Усходняя вобласць у цэлым характарызуецца вільготным кліматам з сярэдняй гадавой колькасцю ападкаў ад 500 мм уздоўж мерыдыяна 100° з.д. да больш 1500 мм на паўднёвым усходзе. Асноўная крыніца ападкаў — цёплае вільготнае паветра, якое паступае з боку Мексіканскага заліва, і — у значна меншай ступені — з боку Атлантычнага акіяна. Тэмпературы ў гэтай вобласці больш залежаць ад шыраты мясцовасці, чым ад вышыні паверхні, і даволі раўнамерна падвышаюцца з поўначы на поўдзень. У выніку лета на поўначы кароткае і цёплае, на поўдні працяглае і гарачае, а зіма на поўначы доўгая і халодная, на поўдні кароткая і вельмі цёплая.
Вялікая частка Усходняй вобласці падвержана частым зменам надвор’я, галоўным чынам таму, што струмені цёплага паветра з поўдня часта перарываюцца масамі халоднага паветра, якое пранікае з поўначы. Асабліва зменлівае надвор’е ў Новай Ангдіі, дзе ветраныя дажджлівыя перыяды хутка змяняюцца бясхмарнымі і сухімі.
У Заходняй вобласці горны рэльеф аказвае вялікі ўплыў на цыркуляцыю атмасферы. Калі вільготныя паветраныя масы, якія рухаюцца ад Ціхага акіяна на ўсход, падымаюцца над высокімі гарамі, там выпадаюць ападкі. Адпаведна наветраныя заходнія схілы гор значна лепш забяспечаныя вільгаццю, чым шырокія арыдныя тэрыторыі, размешчаныя з зацішнога боку ў дажджавым цені гор. Хоць у цэлым Заходняй вобласці ўласцівы арыдны клімат, сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад меней 120 мм у пустыні Санора да больш 2500 мм у некаторых мясцовасцях Берагавых хрыбтоў.
Тэмпературы ў Заходняй вобласці залежаць ад шыраты і вышыні мясцовасці, а ў прыбярэжных раёнах адчуваецца ўздзеянне акіяна. Самыя высокія часткі гор знаходзяцца ў зімовых умовах, тады як у самых паўднёвых пустынях вялікую частку года пераважае гарачае надвор’е. Скалістыя горы абараняюць іх ад уварвання халодных паветраных мас з поўначы.
Раёны ад усходняга ўзбярэжжа да Вялікіх азёр да 19 стагоддзя былі пакрыты лясамі, заходняе ўзбярэжжа ў раёне вільготных лясоў умеранага пояса было пакрыта лясамі, дрэвы якіх дасягалі 100 метраў у вышыню. У выніку гаспадарчай дзейнасці плошча лясоў скарацілася. На Гаваях расце 1 800 відаў кветкавых раслін, многія з іх — эндэмікі[5].
Схілы Кардыльер пакрыты густымі хваёвымі лясамі, Апалачы — шыракалістымі лясамі. Прэрый амаль не засталося. На поўначы Аляскі распаўсюджана тундравая расліннасць.
Дастатак вільгаці судзейнічае развіццю самай разнастайнай расліннасці ў Прыатлантычных рэгіёнах і Апалачах, асабліва — лясной расліннасці. Дрэвы не сустракаюцца толькі на голых скалах і ў нізінных балотах; у апошніх расце высокі чарот і мхі. Апалачская флора вылучаецца вялікім багаццем біялагічных відаў, у тым ліку драўнінных парод (амерыканскі каштан, платана, гікоры, магнолія, цюльпаннае дрэва).
Лясная вобласць Новай Англіі падобная сваімі драўніннымі пародамі на прычарнаморскія правінцыі Канады. На поўначы яе падпярэзвае вобласць хвояў з яе важнай прадстаўніцай — хвояй веймутавай. Вобласць лісцяных дрэваў цягнецца прыблізна да ракі Алегейні, якая служыць мяжой для двух раслінных абласцей (пенсільванскай і перадмісісіпскай), але гэта размежаванне нярэзкае (адныя і тыя ж пароды сустракаюцца як у паўночных, так і ў паўднёвых прыатлантычных абласцях, нягледзячы на рознасць клімату).
Прыбярэджныя пясчаныя і балоцістыя нізіны паўдднёвых прыатлантычных штатаў пакрыты хваёвымі лясамі. Побач з соснамі растуць вялізныя кіпарысы з прамымі стваламі, якія патоўшчаны ля «падмурку» (накшталт лукавіны). Галіны кіпарысаў абрастаюць сівой «іспанскай барадой».
Фаўну ЗША прадстаўляюць 400 відаў сысуноў, 750 відаў птушак, 500 відаў рэптылій і амфібій, а таксама больш 90000 відаў насякомых[6], з 1973 года прыняты закон, які абараняе віды, якім пагражае знікненне. На тэрыторыі ЗША дзейнічаюць 58 нацыянальных паркаў і некалькі соцен ахоўных тэрыторый.
Характэрная асаблівасць жывёльнага свету ЗША ў тым, што большасць жывёл падобныя на тых, што насяляюць Еўразію. Магчыма, прычына — у сухапутнай сувязі, якая раней існавала паміж кантынентамі. Акрамя падобных відаў ёсць і ўнікальныя. Фаўна і флора моцна залежаць ад кліматычнай зоны. Буйная віды тундры — аўцабык, мускусны бык, паўночны алень карыбу, дробная фаўна — палярная ласка, палярны воўк, а таксама грызуны — лемінгі, зайцы-белякі. Багаты жывёльны свет прыбярэжных раёнаў поўначы ЗША (грэнландскі кіт, бялуха, нарвал, цюлені, маржы).
У зоне тайгі сустракаюцца лось, алень, снежны баран, мядзведзь грызлі, барсук, янот, норка, воўк, расамаха. Найбуйнейшай жывёлінай тайгі быў лясны бізон, які цяпер захаваўся толькі ў запаведніках, — як і алені-вапіці, якія калісьці пасліся на волі вялізнымі статкамі. Шматлікія драпежнікі тайгі, большасць якіх — каштоўныя пушныя жывёлы (паўночны скунс, выдра, паўночнаамерыканская куніца). Сярод грузуноў найбольш тыповыя — канадскі бабёр, андатра. Раней іх цалкам вынішчылі ў многіх раёнах, але пасля абмежавання палавяння зноў распаўсюдзіліся. Цікавы эндэмік паркупайн (буйны грызун з сямейства дзікабразавых, які жыве пераважна на дрэвах)[7]. Дробныя грызуны тайгі — чырвоная вавёрка, амерыканскі заяц, бурундук, мышы.
У цэнтральнай зоне, дзе дамініруюць змешаныя лясы, жывёльны свет надобны на фаўну тайгі, аднак ёсць і свае мясцовыя віды — алень, апосум, чорны мядзведзь барыбал, воўк, ліса, норка, дзікая індзейка, вілахвосты лунь. У шыракалістых лясах сустракаюцца некалькі відаў калібры, на поўдні — місісіпкая алігатаравая чарапаха, а таксама місісіпскі алігатар. На раўніннай мясцовасці вядуцца бізоны, коні (мустангі), каёты, лугавыя сабачкі, розныя грызуны, мноства відаў паўзуноў (яшчаркі, змеі, скарпіёны). У гарах Кардыльерах жыве пума і мядзведзь грызлі.
Дзяржаўны лад ЗША — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт абіраецца на дзвюхступенных выбарах. Кандыдаты ад палітычных партый спачатку павінны перамагчы ў праймерыз (якія ў некаторых штатах маюць назву кокусы). У выбарах удзельнічае ўсё насельніцтва краіны ва ўзросце ад 18 гадоў незалежна ад палавой і расавай праналежнасці. Заканадаўчую ўладу ў краіне ажыццяўляе Палата прадстаўнікоў. Гістарычна склалася, што большасць месцаў у Палаце Прадстаўнікоў маюць члены дзвюх партый — Рэспубліканскай і Дэмакратычнай, што дало падставу лічыць амерыканскую палітычную сістэму дзвюхпартыйнай. Уладу ў штатах прадстаўляюць губернатары, якія абіраюцца мясцовым насельніцтвам. Прэзідэнт краіны абіраецца паводле традыцыйнай сістэмы, вядомай як калегія выбаршчыкаў.
Узброеныя сілы Злучаных Штатаў складаюцца з:
Колькасць на красавік 2007 года — 1 426 700 чалавек рэгулярнага войска, 1 458 500 чалавек у рэзерве. Бюджэт 2007 года — 553 млрд долараў.
Па становішчу на 2007 год у турмах ЗША заставалася 2 323 000 чалавек, гэта каля 1 % ад усяго насельніцтва краіны. З зняволеных 2.77 працэнта латынаамерыканцы, 6.66 працэнта афраамерыканцы. Для таго, каб пасадзіць у турмы, у 2007 годзе, спажывана 49 млрд долараў ЗША, да 2011 года выдаткі, як чакаецца, дасягнуць 74 млрд долараў.
Дзяржава складаецца з 50 штатаў, якія з’яўляюцца раўнапраўнымі суб’ектамі федэрацыі, і сталічнай федэральнай акругі Калумбія. Кожны штат мае сваю канстытуцыю, заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады.
Штаты падзяляюцца на графствы (у Луізіяне гістарычна склаўся тэрмін «парафія» (parish); у Алясцы ўжываюць тэрмін «бора» (borough), — драбнейшыя адміністрацыйныя адзінкі, звычайна не якія маюць істотных урадавых функцый. Найбольш вядомай функцыяй графстваў з’яўляецца кіраванне дзяржаўнымі школамі. Мясцовым жыццём населеных пунктаў кіруюць муніцыпалітэты.
|
|
|
|
|
Згодна са звесткамі Бюро перапісу насельніцтва ЗША насельніцтва краіны цяпер складае амаль 318,5 млн чалавек[8], уключаючы 11,2 млн нелегальных імігрантаў. Насельніцтва ЗША павялічылася амаль у чатыры разы за XX стагоддзе, ад прыкладна 76 мільёнаў у 1900 годзе да сённяшняга паказчыку[9]. Злучаная Штаты з’яўляюцца трэцяй самай населенай краінай у свеце, пасля Кітаю і Індыі, аднак ЗША з’яўляецца адзінай буйной прамыслова развітай краінай, у якой прагназуецца значнае павелічэнне колькасці насельніцтва[10]. Самым густанаселеным штатам з’яўляецца Каліфорнія з насельніцтвам у 36 893 799 чалавек. Паводле Бюро перапісу, самы хуткі рост насельніцтва з 1990 па 2000 год назіраўся ў штатах Невада (66,3 %), Арызона (40 %) і Каларада (30,6 %).
Найбуйнейшыя гарады ЗША | ||||
---|---|---|---|---|
№ | Горад | Штат | Насельніцтва | Нью-Ёрк Лос-Анджэлес Чыкага Х’юстан |
1 | Нью-Ёрк | Нью-Ёрк | 8,537,673 | |
2 | Лос-Анджэлес | Каліфорнія | 3,976,322 | |
3 | Чыкага | Ілінойс | 2,704,958 | |
4 | Х’юстан | Тэхас | 2,303,482 | |
5 | Фінікс | Арызона | 1,615,017 | |
6 | Філадэльфія | Пенсільванія | 1,567,872 | |
7 | Сан-Антоніа | Тэхас | 1,492,510 | |
8 | Сан-Дыега | Каліфорнія | 1,406,630 | |
9 | Далас | Тэхас | 1,317,929 | |
10 | Сан-Хасэ | Каліфорнія | 1,025,350 | |
11 | Остын | Тэхас | 947,890 | |
12 | Джэксанвіл | Фларыда | 880,619 | |
13 | Сан-Францыска | Каліфорнія | 870,887 | |
14 | Калумбус | Агая | 860,090 | |
15 | Індыянапаліс | Індыяна | 855,164 | |
16 | Форт-Уэрт | Тэхас | 854,113 | |
17 | Шарлат | Паўночная Караліна | 842,051 | |
18 | Сіэтл | Вашынгтон | 704,352 | |
19 | Дэнвер | Каларада | 693,060 | |
20 | Эль-Паса | Тэхас | 683,080 |
Злучаныя Штаты маюць вельмі разнастайнае насельніцтва, гэта значыць налічваецца 31 этнічная група паводле паходжання, у якія ўваходзяць больш за мільён жыхароў[11]. Нямецкія амерыканцы з’яўляюцца самай вялікай этнічнай групай, у іх шэрагах налічваецца больш за 50 мільёнаў чалавек. Другой паводле велічыні з’яўляюцца ірландскія амерыканцы (каля 35 млн), наступныя — амерыканцы мексіканскага паходжання (каля 31 млн) і англійскія амерыканцы (каля 27 млн). Іншыя буйныя групы еўрапейскага паходжання ўключаюць у сябе італьянцаў, шведаў, фінаў і палякаў, пры гэтым усе з пералічаных этнасаў, як правіла, гістарычна сканцэнтраваныя ў тым ці іншым рэгіёне. Прыбыццё прадстаўнікоў этнасаў еўрапейскага паходжання мае даўнюю гісторыю, сыходзячы часцяком у XIX або нават XVIII стст., некаторыя з іх святаў укараніліся ў агульнаамерыканскай культуры (напрыклад, дзень святога Патрыка). Прыкладна адна дзясятая ад насельніцтва ЗША вядзе паходжанне ад пурытанаў — першых еўрапейскіх насельнікаў сучаснай тэрыторыі ЗША. З канца XIX ст. з эканамічных прычын узнікае беларуская дыяспара, якая папаўняецца ў сярэдзіне наступнага стагоддзя дзякуючы эміграцыі антысавецкай інтэлігенцыі; дзякуючы ёй была разгорнутая параўнальна актыўная культурная дзейнасць, у прыватнасці, беларусы былі прызнаны ў рамках Акту аб паняволеных народах. Першай асобай беларускага паходжання, якая адзначылася вядомай дзейнасцю ў ЗША, з’яўляецца Тадэвуш Касцюшка, які пэўны час удзельнічаў у незалежніцкім руху ЗША.
Белыя амерыканцы з’яўляюцца самай вялікай расавай групай. Афраамерыканцы ёсць найбуйнейшай у краіне расавай меншасцю і трэцяй паводле велічыні групай паводле паходжання[11]. Амерыканцы азіяцкага паходжання з’яўляюцца другой паводле велічыні расавай меншасцю краіны. Трыма найбуйнейшымі азіяцкімі амерыканскімі этнічнымі групамі з’яўляюцца амерыканцы кітайскага паходжання, філіпінскія амерыканцы і амерыканцы індыйскага паходжання[11].
Амерыканцы індзейскага паходжання дагэтуль з’яўляюцца прыкметнай часткай насельніцтва ва ўсходніх штатах, па ўсёй краіне яны маюць рэзервацыі — своеасаблівую форму мясцовай аўтаноміі. У Алясцы пражываюць эскімосы і алеуты — апошнія адзначаюцца значнай дзеллю ахрышчаных у маскоўскае праваслаўе, атрыманае праз дзейнасць расійскіх даамерыканскіх каланізатараў.
У 2012 фінансавым годзе больш за адзін мільён імігрантаў атрымалі правы на законнае пражыванне ў краіне, пры гэтым большасць з іх атрымалі правы згодна з праграмай уз’яднання сем’яў.
З гістарычных прычын мовай большасці насельніцтва, а таксама мовай міжнацыянальнай камунікацыі краіны стала англійская мова. Англійская мова з’яўляецца роднай для абсалютнай большасці неанглійскага еўрапейскага насельніцтва ЗША (за выключэннем мігрантаў цяперашняга часу), гэтая ж мова дэ-факта мае статус дзяржаўнай (аднак заканадаўча паняцце аб дзяржаўнай мове адсутнічае).
Першая папраўка ў канстытуцыі ЗША[12], прынятая 15 снежна 1791 года, абвяшчае аддзяленне царквы ад дзяржавы, якое «Бацькі-заснавальнікі» ЗША разумелі як забарону на ўсталяванне дзяржаўнай рэлігіі (якая мела месца, напрыклад, у Велікабрытаніі). Паводле даследвання 2002 года, ЗША — адзіная развітая краіна, дзе большасць насельніцтва адказала, што рэлігія мае «вельмі важнае значэнне» у іх жыцці[13].
Амерыканскі ўрад не вядзе афіцыйнай статыстыкі па рэлігіі. Паводле дадзеных «Сусветнай кнігі фактаў ЦРУ» на 2007 год, 51,3 % насельніцтва ЗША лічаць сябе пратэстантамі. 25 % з іх — баптысты, якія належаць да найбуйнейшых рэлігійных арганізацый «Паўднёвая баптысцкая кавенцыя» (каля 15,9 млн чалавек) і «Амерыканская баптысцкая царква» (англ.: American Baptist Churches USA).
Эканоміка ЗША — буйнейшая нацыянальная эканоміка свету. ВУП ЗША ў 2008 склаў 14,3 трлн долараў. Даход на душу насельніцтва — 46,8 тыс. дол. з’яўляецца адным з самых высокіх у свеце (краіна ўваходзіць у першую дзесятку).
Разам з тым для ЗША ўласцівыя высокая знешняя запазычанасць (13,6 трлн долл. у 2008), вялікія карпаратыўныя запазычанасці і запазычанасці па іпатэцы, нізкі ўзровень ашчаджэнняў, падзенне цэнаў на нерухомасць (праблема інвесціравання), вялікі плацёжны дэфіцыт. Узровень беспрацоўя — 9,5 % (май 2009).
Асноўныя сектары: сельская гаспадарка (0,9 %), прамысловасць (20,6 %), сфера паслуг (78,5 %).
Асноўныя галіны прамысловасці: нафтаперапрацоўка, металургія, машынабудаванне, аэракасмічная, хімічная, электронная, харчовая, ваенная прамысловасць.
Пачатковая адукацыя ў ЗША пераважна дзяржаўная, кантралюецца і фінансуецца на трох узроўнях: федэральным, штату, мясцовым, і рэгулююцца Дэпартаментам адукацыі ЗША шляхам увядзення абмежаванняў на федэральныя гранты. Існуе разгалінаваная сістэма дзяржаўных школ. У большасці штатаў, дзеці абавязаны наведваць школу ва ўзросце ад шасці або сямі гадоў, пакуль ім не споўніцца 18 гадоў. Такім чынам існуе сістэма з 12 класаў, якая дае базавую сярэдную адукацыю. У некаторых штатах час навучання ў школе меншы[15]. Каля 12 % дзяцей навучаюцца ў парафіяльных або рэлігійных прыватных школых. Крыху больш за 2 % дзяцей праходзяць хатняе навучанне. ЗША выдатковаўюць на адукацыю аднаго чалавека больш чым любая іншая краіна ў свеце, гэта значыць на 2010 год на кожнага школьніка была выдаткавана больш за 11 тысяч долараў[16]. Каля 80 % амерыканскіх студэнтаў наведваюць дзяржаўныя ўніверсітэты[17]. У Злучаных Штатаў існуе вялікая колькасць прыватных і дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў. У адпаведнасці з міжнародных рэйтынгамі, 13 або 15 амерыканскіх каледжаў і ўніверсітэтаў уваходзіць у топ-20 навучальных устаноў свету[18].
Узровень адукацыі ў ЗША складае 97 %, аднак паводле перапісу 2003 толькі 84,5 % амерыканцаў ад 25 гадоў і старэй мелі сярэднюю адукацыю. З гістарычных прычын адукацыя не ўпамінаецца ў Канстытуцыі, з-за чаго рэгулюецца ў асноўным на ўзроўні штату. Адсутнічаюць уніфікаваныя федэральныя стандарты для навучальных устаноў. У горадзе Мантэсума (акруга Сан-Мігель, штат Нью-Мексіка) дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасці — Заходнеамерыканскі.
У 18-м і пачатку 19 стагоддзя амерыканская літаратура была сфарміравана пад уплывам англійскай і еўрапейскай літаратуры[19]. Найбольш вядомыя постаці першай паловы XIX стагоддзя — Джэймс Фенімар Купер, Вашынгтан Ірвінг. Такія пісьменнікі, як Нітаніэль Гордан, Эдгар По, Генры Лонгфела, Марк Твэн, Генры Дэвід Тора, Герман Мэлвіл, паэт Уолт Уітмен былі найбольш значнымі літаратарамі сярэдіны і другой паловы XIX стагоддзя[20]. Эмілі Дзікінсан, практычна невядомая пры жыцці, цяпер лічыцца найважнейшай амерыканскай паэткай.
Раманы, якія адлюстроўваюць фундаментальныя аспекты нацыянальнага вопыту і характару — такія, як «Мобі Дзік» Германа Мэлвіла (1951), «Прыгоды Гекльберы Фіна» Марка Твэна (1885), «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцжэральда (1925) і «Забіць перасмешніка» Харпер Лі (1960) — маюць права быць аднесеныя да «вялікага амерыканскага рамана».
11 грамадзян ЗША атрымалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры, у тым ліку Тоні Морысан ў 1993 годзе. Уільям Фолкнер, Эрнест Хэмінгуэй і Джон Стэйнбек часта лічацца найбольш уплывовымі пісьменнікамі XX стагоддзя. Пісьменнікі біт-пакалення (Джэк Керуак, Чарлз Букоўскі, Алэн Гінзберг і іншыя) адкрылі новыя літаратурныя стылі, пазней новы прарыў здзеснілі постмадэрністы (Пол Остэр, Томас Пінчон, Джон Барт і іншыя).
Трансцэндэнталістамі на чале з Г. Тора і Ральфам Улда Эмерсанам быў створаны першы буйны амерыканскі філасоўскі рух. Пасля грамадзянскай вайны Чарлз Сандэрс Пірс, а пазней Уільям Сандэрс і Джон Дзьюі былі лідарамі ў развіцці прагматызму.
У XX стагоддзі працы У. О. Куайна і Рычарда Рорці, а пазней Ноама Хомскага, паставіла аналітычную філасофію на першы план амерыканскай філасоўскай навуковай супольнасці. Працы Джона Ролса і Роберта Нозіка прывялі да адраджэння паэтычнай філасофіі[21].
Асабісты ўнёсак у выяўленчае мастацтва ЗША зрабілі:
Рытмічныя і лірычныя кірункі афра-амерыканскай музыкі, пад вялікім уплывам амерыканскай музыкі ў цэлым, адрознікаюцца ад еўрапейскіх традыцый. Элементы ідыём, такіх як блюз, і тое, што і цяпер вядома, як старадаўняя музыка, былі запазычаны і ператвораны ў папулярныя жанры, якія маюць сусветную аўдыторыю.
Амерыканскі кінематограф і мультыплікацыя не толькі сусветна вядомыя, але і паўплывалім на развіццё кінамастацтва ва ўсім свеце.
Рынак для прафесійнага спорту ў Злучаных Штатах складае прыкладна 69 млрд долараў, прыкладна на 50 % больш за ўсе краіны Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі, разам узятых[23]. Бейсбол стала разглядацца як нацыянальны від спорту, пачынаючы з канца XIX стагоддзя, не зважаючы на тое, што самым папулярным відам спорту ў ЗША з’яўляецца амерыканскі футбол[24]. Баскетбол і хакей з’яўляюцца наступнымі дзвюма вядучымі прафесійнымі каманднымі відамі спорту ў краіне. Каледжаўскі амерыканскі футбол і баскетбол прыцягваюць шырокую аўдыторыю[25].
Злучаныя Штаты прызналі незалежнасць Беларусі 25 снежня 1991 года. Пасля таго, як дзве краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны, у Мінску 31 студзеня 1992 года было афіцыйна адкрыта пасольства ЗША. Першы пасол ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 25 жніўня 1992 года і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў у студзені 1994 года. Наступнымі пасламі ЗША ў Беларусі былі Кенет Ялавіц, Дэніел Спекхард, Майкл Козак і Джордж Крол. 21 ліпеня 2006 года Прэзідэнт Джордж Буш рэкамендаваў на пасаду пасла ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт. Яна прыбыла ў Мінск 18 верасня 2006 года і працавала да 2008 года, калі беларускі ўрад у аднабаковым парадку ўвёў абмежаванні на колькасць амерыканскіх дыпламатаў і вымусіў Злучаныя Штаты адазваць з Беларусі пасла.
Дзве краіны абмяняліся афіцыйнымі візітамі на вышэйшым узроўні: Станіслаў Шушкевіч, тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, сустрэўся ў Вашынгтоне з Прэзідэнтам Клінтанам у ліпені 1993 года, а Прэзідэнт ЗША наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.