Нью-Ёрк
горад у штаце Нью-Ёрк, ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у штаце Нью-Ёрк, ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia
Нью-Ёрк, таксама Новы Ёрк (англ.: New York City) — горад у штаце Нью-Ёрк Злучаных Штатаў Амерыкі, адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. Насельніцтва 8 335 897 чалавек (2022, ацэнка)[8], з прыгарадамі — 20,61 млн. Размешчаны на беразе Атлантычнага акіяна ў паўднёва-ўсходняй частцы штата Нью-Ёрк. Нью-Ёрк быў заснаваны ў пачатку XVII стагоддзя галандскімі каланістамі. Да 1664 года горад зваўся «Новы Амстэрдам».
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Горад адміністрацыйна складаецца з 5 бора, кожнае з якіх з’яўляецца асобнаю акругаю ў складзе штата: Бронкс (акруга Бронкс), Бруклін (акруга Кінгс), Квінс (акруга Квінс), Манхэтэн (акруга Нью-Ёрк) і Статэн-Айленд (акруга Рычманд). Асноўныя славутасці размешчаны ў Манхэтэне. Сярод іх: гістарычныя хмарачосы (Эмпайр-стэйт-білдынг, Крайслер-білдынг), Ракфелер-цэнтр, мастацкі музей Метраполітэн, Метраполітэн-Опера, Музей сучаснага мастацтва Саламона Гугенхайма (жывапіс), Амерыканскі прыродазнаўчагістрычны музей (шкілеты дыназаўраў і планетарый), легендарны атэль «Чэлсі», штаб-кватэра ААН, Гарлем.[9]
На тэрыторыі, якую сёння займае горад Нью-Ёрк[10], задоўга да з’яўлення тут еўрапейцаў, жылі такія індзейскія плямёны, як манахатоў і канарсі. Гэта пацвярджаюць знаходкі наканечнікаў стрэл і іншых артэфактаў у раёнах горада, не забудаваных будынкамі, як, напрыклад, Інвуд-Хіл-Парк і Рыверсайд-Парк. Еўрапейскія паселішчы пачаліся ў 1626 годзе з галандскага паселішча Новы Амстэрдам (Nieuw Amsterdam) на паўднёвым ускрайку Манхэтэна. У 1664 годзе англійскія караблі захапілі горад, не сустрэўшы супраціўлення, і ён быў пераназваны ў Нью-Ёрк, у гонар герцага Ёркскага[11][12]. У канцы другой англа-галандскай вайны ў 1667 годзе галандцы афіцыйна перадалі Нью-Ёрк англічанам і ўзамен атрымалі калонію Сурынам.
У пачатку Вайны за незалежнасць сучасная тэрыторыя горада была арэнай важных бітваў. У выніку Бруклінскай бітвы ў Брукліне пачаўся вялікі пажар, у якім вялікая частка горада згарэла, і ён да канца вайны трапіў у рукі Вялікабрытаніі, пакуль амерыканцы ізноў нe завалодалі ім у 1783 годзе. Гэты дзень, пад назвай «Дзень эвакуацыі» (англічан), доўга святкаваўся ў Нью-Ёрку.
На працягу XIX стагоддзя насельніцтва горада імкліва расло дзякуючы бурнаму прытоку вялікай колькасці імігрантаў[13]. У 1811 годзе быў распрацаваны доўгатэрміновы генеральны план развіцця горада, па якім сетка вуліц была пашырана, ахапіўшы ўвесь Манхэтэн. Да 1835 года Нью-Ёрк абагнаў Філадэльфію, стаўшы самым вялікім горадам Злучаных Штатаў.
У Грамадзянскую вайну трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Поўднем, а таксама рост яго імігранцкага насельніцтва, прывялі да расколу паміж прыхільнікамі Саюза і прыхільнікамі Канфедэрацыі, які дасягнуў найвышэйшай ступені ў «Прызыўных мяцяжах» , самых значных грамадзянскіх беспарадках у амерыканскай гісторыі.
Пасля вайны тэмп іміграцыі з Еўропы рэзка ўзрос, і Нью-Ёрк стаў першым прыпынкам для мільёнаў людзей, якія прыбывалі ў Злучаныя Штаты ў пошуках новага і лепшага жыцця.
У 1898 годзе горад Нью-Ёрк набыў сённяшнія межы: перш ён складаўся з Манхэтэна і Бронкса, далучанага да горада з поўдня, ад акругі Уэстчэстэр (заходні Бронкс у 1874 годзе, астатняя тэрыторыя — у 1895 годзе). У 1898, паводле новага законапраекта, была створана новая муніцыпальная адзінка, першапачаткова названая Вялікі Нью-Ёрк. Новы горад быў падзелены на пяць раёнаў. Раёны Манхэтэн і Бронкс пашырылі свае межы і пакрывалі цяпер тэрыторыю першапачатковага горада і ўсю астатнюю частку Нью-Ёркскай акругі. Раён Бруклін складаўся з горада Брукліна і некалькіх муніцыпалітэтаў ва ўсходняй частцы акругі Кінгс. Раён Квінс быў заснаваны ў заходняй частцы акругі Квінс і пакрываў некалькі невялікіх мястэчак і пасёлкаў, уключаючы Лонг Айленд Сіці, Асторыю і Флашынг. Раён Стэйтэн-Айленд цалкам умясціў акругу Рычманд. Усе былыя гарадскія органы кіравання гэтых раёнаў былі скасаваны. Праз год тэрыторыя акругі Квінс, якая не ўвайшла ў межы раёна Квінс, стала акругай Насо (англ.: Nassau)[14]. У 1914 заканадаўчыя ўлады штата стварылі акругу Бронкс, а Нью-Ёркская акруга паменшылася да памераў аднаго Манхэтэна. Сёння пяць раёнаў Нью-Ёрка ў асноўным супадаюць межамі з адпаведнымі акругамі.
У першай палове XX стагоддзя горад стаў сусветным цэнтрам прамысловасці, гандлю і сувязі. У 1930-x гадах абрысы Нью-Ёрка ўзняліся ў вышыню з пабудоваю некалькіх найвышэйшых небаскробаў свету. Пасля Другой Сусветнай вайны Нью-Ёрк стаў бясспрэчным сусветным горадам-лідарам. Пабудова штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку сімвалізавала ўнікальнае палітычнае значэнне горада. Нью-Ёрк таксама замяніў Парыж у якасці цэнтру сусветнага мастацтва[15]. Адначасова з гэтым адбываліся працэсы пераезду часткі насельніцтва ў прыгарады, што прывяло да павольнага памяншэння колькасці насельніцтва. Пасля, змены ў прамысловасці і гандлю і рост злачыннасці ўцягнулі ў 1970-х гадах Нью-Ёрк у сацыяльны і эканамічны крызіс[16].
Тэракты 11 верасня 2001 года закранулі і Вашынгтон, але менавіта Нью-Ёрк пацярпеў больш за ўсё ад атак на Сусветны гандлёвы цэнтр і шчыльнага з’едлівага дыму, які працягваў валіць з яго развалін на працягу некалькіх месяцаў пасля падзення веж-двайнят у пажары. Нягледзячы на гэта, расчыстка эпіцэнтра выбуху была скончана хутчэй, чым планавалася. Новы Сусветны гандлёвы цэнтр 1, які быў пабудаваны на месцы былых веж-двайнят Сусветнага гандлёвага цэнтра, з’яўляецца самым высокім небаскробам у Заходнім паўшар’і[17] і чацвёртым самым высокім будынкам у свеце. Шпіль новага будынка дасягае сімвалічнай вышыні ў 1776 футаў (541,3 м), якая спасылаецца на год атрымання ЗША незалежнасці[18][19].
Рух пратэсту «Захапі Уол-стрыт», мерапрыемствы якога адбываліся ў парку Зукоці ў фінансавым раёне Ніжняга Манхэтэна, пачаўся 17 верасня 2011 года, атрымаўшы ўсеагульную ўвагу і пашырэнне руху супраць сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці ва ўсім свеце[20].
Горад Нью-Ёрк уключае востраў Манхэтэн, востраў Стэйтэн-Айленд, заходнюю частку вострава Лонг-Айленд, частку паўночнаамерыканскага мацерыка — Бронкс, і некалькі невялікіх астравоў у нью-ёркскай гавані. Нью-Ёрк знаходзіцца прыкладна на 40° паўночнай шыраты і 74° заходняй даўгаты. Найвышэйшым пунктам Нью-Ёрка з’яўляецца пагорак Тот-Хіл, вышынёй 125 метраў, які знаходзіцца на Стэйтэн-Айлендзе, які з’яўляецца самым узгорыстым, прасторным і найменей заселеным раёнам горада. У густанаселеным Манхэтэне, наадварот, зямля абмежаваная і дарагая, што тлумачыць такую вялікая колькасць высокіх будынкаў і небаскробаў. Згодна з Бюро Перапісу ЗША, горад мае плошчу 1214,4 км², з якіх 785,6 км² — суша і 428,8 км² (35,31 %) — вада.
Паводле апошніх геалагічных даследаванняў амерыканскіх навукоўцаў, праведзеных у 2008 годзе, у 40 кіламетрах на поўнач ад горада перасякаюцца два геалагічныя разломы, што робіць імавернымі землетрасенні магнітудай да 7 балаў. Прычым месца перасячэння размяшчаецца побач з АЭС. Таму будуць распрацаваны дадатковыя меры абароны будынкаў і атамнай электрастанцыі.
Нью-Ёрк знаходзіцца на параўнальна нізкіх шыротах: так, Нью-Ёрк ляжыць прыкладна на адной шыраце са Стамбулам, Мадрыдам, Ташкентам, Баку і Пекінам. Па класіфікацыі клімату Кёпена, Нью-Ёрк знаходзіцца на мяжы паміж вільготным кантынентальным і вільготным субтрапічным кліматам. Ападкі размеркаваны параўнальна раўнамерна на працягу года. Сярэднегадавая колькасць гадзін сонечнага ззяння — 2680 гадзін. Нягледзячы на тое, што горад знаходзіцца на ўзбярэжжы акіяна, розніца ў тэмпературы паміж летам і зімой досыць вялікая, бо пераважны рух паветраных мас праходзіць з боку мацерыка. Уплыў акіяна другарадны, але ўсё ж некалькі змякчае ваганні тэмператур. Яшчэ адным фактарам з’яўляецца шчыльная гарадская забудова, якая робіць горад некалькі цяплейшым, чым наваколлі.
Зімою ў Нью-Ёрку тэмпература ў сярэднім вагаецца паміж −2 °C і +5 °C, з нярэдкімі адхіленнямі ад нормы. Амаль кожнай зімой выпадае снег, у сярэднім 60 см на год. Вясна мяккая, з тэмпературай ад 7 °C да 16 °C. Летам у Нью-Ёрку параўнальна горача, сярэдняя тэмпература вагаецца ад 19 °C да 28 °C, маюцца перыяды высокай вільготнасці паветра. Часта тэмпература перавышае 32 °C, а зрэдку дасягае 38 °C спякоты і вышэй. Восень у Нью-Ёрку прыемная, з тэмпературай ад 10 °C да 18 °C. Аднак нью-ёркскае надвор’е вельмі непрадказальнае і час ад часу здзіўляе нью-ёркцаў мяккай, амаль бясснежнай зімой або даволі адчувальнай прахалодай летам. Бывала, што яшчэ ў красавіку здаралася моцная мяцеліца, якая пакрывала Нью-Ёрк тоўстым пластом снегу. Часам тэмпература можа рэзка вагацца ад дня да дня. Вандроўцам рэкамендуецца сачыць за прагнозам надвор’я і мець некалькі відаў адзення позняй восенню і ранняй вясной.
Клімат Нью-Ёрка | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 22,2 | 23,9 | 30,0 | 35,6 | 37,2 | 38,3 | 41,1 | 40,0 | 38,9 | 34,4 | 28,9 | 23,9 | 41,1 |
Сярэдні максімум, °C | 3,5 | 5,3 | 9,8 | 16,2 | 21,6 | 26,3 | 28,9 | 28,1 | 24,0 | 17,7 | 12,1 | 6,1 | 16,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 0,3 | 1,8 | 5,8 | 11,7 | 16,9 | 21,9 | 24,7 | 24,0 | 20,0 | 13,8 | 8,7 | 3,1 | 12,7 |
Сярэдні мінімум, °C | −2,8 | −1,7 | 1,8 | 7,1 | 12,2 | 17,6 | 20,4 | 19,9 | 16,0 | 10,0 | 5,3 | 0,0 | 8,8 |
Абсалютны мінімум, °C | −21,1 | −26,1 | −15 | −11,1 | 0,0 | 6,7 | 11,1 | 10,0 | 3,9 | −2,2 | −11,1 | −25 | −26,1 |
Норма ападкаў, мм | 104,9 | 80 | 111 | 108,7 | 119,1 | 97,5 | 117,3 | 107,2 | 107,4 | 97,8 | 110,7 | 100,3 | 1 262,1 |
Крыніца: NOAA Надвор'е і клімат |
Нью-Ёрк з’яўляецца цэнтрам міжнароднага бізнесу і гандлю ў свеце, а таксама шматлікіх галін прамысловасці ў Злучаных Штатах. Ён з’яўляецца фінансавым цэнтрам краіны: у ім находзяцца такія біржы, як Нью-Ёркская фондавая біржа, NASDAQ, American Stock Exchange, New York Mercantile Exchange і New York Board of Trade. Нью-Ёркская фінансавая галіна засяроджана на Уол-стрыт у ніжнім Манхэтэне. Горад з’яўляецца буйным цэнтрам банкаўскай справы і фінансаў, сусветнага гандлю, транспарту, турызму, рынку нерухомасці, новых сродкаў масавай інфармацыі, а таксама традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, юрыдычных паслуг, бухгалтарскага ўліку, страхавання, моды і мастацтва ў Злучаных Штатах. Нью-Ёркская фондавая біржа на Уол-стрыт — найбуйнейшая ў свеце біржай па агульнай рыначнай капіталізацыі публічных кампаній[21].
Нерухомасць з’яўляецца асноўнай рухаючай сілай у эканоміцы горада. Агульны кошт усёй маёмасці Нью-Ёрка быў ацэнены ў 914,8 мільярдаў долараў ЗША на 2015 год[22]. Кампанія Time Warner Center мае найвялікшую колькасць уласнасці ў горадзе[22]. Станам на 2013 год сусветныя рэкламныя агенцтвы Omnicom Group і Interpublic Group, якія базіруюцца ў Манхэтэне, разам мелі гадавы прыбытак каля $ 21 млрд, што адлюстроўвае ролю Нью-Ёрка ў якасці вядучага сусветнага цэнтра рэкламнай індустрыі.
Нью-Ёрк быў першапачатковым цэнтрам амерыканскай кінематаграфіі, пакуль яна не перамясцілася ў Галівуд, але і цяпер у Нью-Ёрку працягваюць вырабляць некаторыя фільмы і тэлеперадачы. Нью-Ёрк таксама сталіца моды ЗША, тут находзяцца штаб-кватэры шматлікіх мадэльераў. У Нью-Ёрку находзіцца мноства выдавецтваў, і тут часта ўпершыню друкуюцца новыя кнігі. Іншыя важныя сектары ўключаюць медыцынскія даследаванні і тэхналогіі, некамерцыйныя ўстановы і ўніверсітэты.
Да грамадскага транспарту Нью-Ёрка адносяцца метрапалітэн, аўтобусы, таксі, гарадскі цягнік Статэн-Айленда, канатная дарога на востраве Рузвельта, цягнік-аэраэкспрэс і паром на Статэн-Айленд. Амаль усе з гэтых сістэм, а таксама прыгарадныя цягнікі і аўтобусы эксплуатуюцца адной кампаніяй (MTA) і маюць адзіную сістэму аплаты праезду па магнітных квітках. У адрозненне ад іншых буйных гарадоў ЗША, грамадскі транспарт — самы папулярны спосаб перамяшчэння. Так, у 2005 годзе 54,6 % жыхароў Нью-Ёрка дабіраліся да працы, выкарыстоўваючы грамадскі транспарт[23]. Прыкладна кожны трэці карыстальнік грамадскага транспарту ў ЗША і дзве трэці карыстальнікаў чыгункі жыве ў Нью-Ёрку і яго прыгарадах. Гэта моцна адрознівае яго ад астатняй часткі краіны, дзе каля 90 % жыхароў прыгарадаў выкарыстоўваюць уласныя аўтамабілі для перамяшчэння да рабочага месца. Нью-Ёрк — адзіны горад у Злучаных Штатах, дзе больш чым у палове хатніх гаспадарак няма аўтамабіля, пры гэтым у Манхэтэне аналагічны паказчык перавышае 75 %, а ў цэлым па краіне працэнт падобных хатніх гаспадарак складае ўсяго 8 %. Згодна з Бюро перапісу ЗША, жыхары Нью-Ёрка ў сярэднім трацяць 38,4 хвіліны ў дзень для таго, каб дабрацца да сваёй працы.
Метрапалітэн Нью-Ёрка ўключае ў сябе 468 станцый на 34 маршрутах, мае агульную даўжыню ў 1355 км і з’яўляецца самым працяглым у свеце па агульнай даўжыні маршрутаў (самы доўгі па лініях — шанхайскі). Метро ахоплівае 4 з 5-ці гарадскіх раёнаў (Манхэтэн, Бруклін, Квінс і Бронкс). Яно традыцыйна называецца «subway» (падземка), аднак 40 % шляхоў і трэць станцый знаходзяцца на паверхні і размешчаны на ўзроўні зямлі альбо на эстакадзе.
Першая лінія метрапалітэна ў Нью-Ёрку была адкрыта ў 1868 годзе прыватнай кампаніяй BRT. Да 1932 года метрапалітэн знаходзіўся ва прыватнай уласнасці і належаў дзвюм кампаніям: BRT і IRT. Затым да іх дадалася муніцыпальная кампанія, якая ў 1940 годзе скупіла абедзве прыватныя і аб’яднала гарадскі метрапалітэн у адзіны гаспадарчы комплекс. У цяперашні час кіруючая метрапалітэнам кампанія МТА таксама кіруе і сеткай гарадскіх аўтобусных маршрутаў.
За выключэннем некаторых маршрутаў, метрапалітэн працуе 24 гадзіны ў дзень, перавозячы каля чатырох мільёнаў чалавек за суткі. У цяперашні час пачалася распрацоўка праекта па пераводзе нью-ёркскага метрапалітэна на аўтаматычнае кіраванне. Кошт праезду станам на май 2011 года наступны: аднаразовая паездка — $ 2,25 (аднаразовы білет для паездкі на метро дае права на працягу 2-х гадзін працягнуць паездку на аўтобусе гарадской аўтобуснай сеткі, якая таксама кіруецца МТА); за праязны квіток на 7 сутак трэба аддаць $ 29, на 14 сутак — $ 52, на 30 сутак — $ 104. Пры гэтым шматдзённы праязны білет дае права на неаднаразовы без абмежаванняў праезд у метрапалітэне і ў аўтобусах горада на працягу тэрміну яго дзеяння. Адлік пачатку тэрміну дзеяння праязнога (гэта значыць фіксацыя першых сутак выкарыстання квітка) робіцца з моманту першага праходу праз турнікет метрапалітэна альбо аўтобуса незалежна ад часу праходу і заканчваецца ў 24 гадзін апошніх сутак дзеяння.
Нью-Ёрк мае развітую сетку аўтобусных маршрутаў, якая штодня перавозіць звыш 2 мільёнаў пасажыраў. Аўтобусная сетка Нью-Ёрка ўключае больш за 200 мясцовых, якія курсіруюць выключна па сваім раёне, і 30 скарасных міжраённых маршрутаў, на якіх працуе звыш 5900 аўтобусаў. Кожны мясцовы маршрут мае нумар і літарны прэфікс, які пазначае раён, які ён абслугоўвае (B — Бруклін, Bx — Бронкс, M — Манхэтэн, Q — Квінс, S — Статэн-Айленд), а скарасныя маршруты пазначаныя прэфіксам X.
Кошт праезду станам на студзень 2010 года — $ 2,25, які можна аплаціць манетамі пры ўваходзе ў пярэднія дзверы аўтобуса ў аўтамаце, размешчаным перад вадзіцелем. Пры гэтым у вадзіцеля можна папрасіць «трансфер». Гэты дакумент дазваляе на працягу дзвюх гадзін зрабіць перасадку і без аплаты працягнуць рух на іншым аўтобусе (у спадарожным альбо перасякаючым кірунку, але не ў зваротным), альбо на метро. Таксама для праезду можна скарыстацца квітком, выдадзеным у метрапалітэне, пасля выкарыстання гэтага квітка для паездкі на цягніку метро.
Не звязаная з метро і прыгараднымі цягнікамі, лінія гарадскога цягніка на Статэн-Айлендзе мае цягнікі, аналагічныя метрапалітэнаўскім, і дзейнічае пад кіраваннем той жа кампаніі MTA. Разглядаюцца праекты па пераўтварэнню дзеючых і закінутых чыгуначных ліній вострава ў дзве лініі лёгкага метрапалітэна.
Спіс гарадоў-пабрацімаў Нью-Ёрка[24]:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.