Іспанія
краіна ў Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
краіна ў Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Іспа́нія (ісп.: España), Карале́ўства Іспа́нія (ісп.: Reino de España), сустракаецца таксама Гішпа́нія[1] — краіна ў Паўднёвай Еўропе. Знаходзіцца на Пірэнейскім паўвостраве. Іспанія разам з Балеарскімі і Канарскімі астравамі займае плошчу 504 750 км². і з'яўляецца другой па памерах краінай у Заходняй Еўропе пасля Францыі. Два прыбярэжныя гарады ў Паўночнай Афрыцы, Сеўта і Мелілья, таксама ўваходзяць у склад Іспаніі. Мацерыковая Іспанія мяжуе на захадзе з Партугаліяй, а на поўначы — з Францыяй і Андорай. На поўначы Іспанія абмываецца Біскайскім залівам, на крайнім паўночным захадзе і паўднёвым захадзе — Атлантычным акіянам, а на ўсходзе і паўднёвым усходзе — Міжземным морам.
| |||||
Дэвіз: «Plus Ultra (лац. «далей мяжы»)» | |||||
Гімн: «Marcha Real» | |||||
Заснавана | 1479 (асабістая унія Кастыліі і Арагона) | ||||
Афіцыйная мова | Іспанская | ||||
Сталіца | Мадрыд | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Мадрыд, Барселона, Валенсія, Севілья | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая манархія | ||||
Кароль Старшыня Урада | Філіп VI Педра Санчэс | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 52-я ў свеце 504.645 км² 1,04 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2013) • Перапіс (2016) • Шчыльнасць | 46.704.314 чал. (28-я) 46.524.943 чал. 92 чал./км² (106-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$1,414 млрд (14-ы) $30.741 (30-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$1,394 млрд (13-ы) $30.315 (28-ы) | ||||
ІРЧП (2013) | ▲0,885 (вельмі высокі) (23-ы) | ||||
Этнахаронім | Іспанцы | ||||
Валюта | Еўра (€, EUR) | ||||
Інтэрнэт-дамены | .es, .eu, .cat | ||||
Код ISO (Alpha-2) | ES | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ESP | ||||
Код МАК | ESP | ||||
Тэлефонны код | +34 | ||||
Часавыя паясы | +1, улетку +2 |
У адной з пячор у Гібралтарскай скалае ў 1848 годзе быў знойдзены чэрап, які — як высветлілася пазней — належаў неандэртальцу і ўзрост якога налічвае 60.000 год. У 1926 годзе там жа знайшлі яшчэ адзін чэрап — маленькай неандэртальскай дзяўчынкі, якой у час смерці было ўсяго чатыры гады. Прыклады пячорнага жывапісу чалавека разумнага (homo sapiens) знаходзяцца ў Альтамірскай пячоры недалёка ад Сантыльяна-дэль-Мар у Кантабрыі, дзе можна пабачыць больш за 150 насценных малюнкаў, створаныя ў перыяд з 16.000 па 14.000 гады да н.э. Іншыя сведкі пячорнага жывапісу, узрост якіх налічвае каля 20.000 год былі знойдзены ў пячоры Пілета (La Pileta) недалёка ад горада Ронда (Ronda) і ў адной з пячор каля гарадка Нерха (Nerja) у правінцыі Малага ў Андалусіі. У пячорах Экаін (Ekain) і Альчэры (Altxerri), якія знаходзяцца каля Сан Себасцьяна (San Sebastián) у паўднёва-заходняй частцы Іберыйскага паўвострава, археолагі знайшлі шматлікія гравюры і наскальныя малюнкі, на сённяшні час больш за 300 артэфактаў, у першую чаргу каменныя і касцяныя прылады, узрост найстарэйшых з якіх дасягае 16.500 і 15.500 год і якія адносяцца да мадленскай культуры. Самыя маладыя творы наскальнага жывапісу з пячоры Пілета (Cueva La Pileta) былі створаны ў 6 стагоддзі да нашай эры. З той жа эпохі паходзяць жывапіс пячоры Куэва-дэ-лос-Летрэрас (Cueva de los Letreros) недалёка ад Велес-Бланка (Vélez Blanco) (Альмерыя, Андалусія), а таксама залатыя вырабы і тканіна з магільных склепаў пячоры Куэва-дэ-лос-Мурсілагас (Cueva de los Murciélagos) (Гранада, Андалусія).
На паўднёва-заходнім узбярэжжы Іберыі ў бронзавым веку ўзнікае культура, з якой у канцы 2 тыс. да н.э. утвараецца цывілізацыя Тартэс, якая гандлявала металам з фінікійцамі. Пасля вычарпання рэсурсаў культура прыходзіць у заняпад.
Уздоўж усходняга ўзбярэжжа Іспаніі ў III тысячагоддзі да н.э. з'явіліся іберскія плямёны; некаторыя гіпотэзы звязваюць іх прарадзіму з Паўночнай Афрыкай. Пазней ібераў асімілявалі Кельты; ад ібераў паходзіць старажытная назва паўвострава — Іберыйскі. Іспаніяй зямлю ібераў называлі фінікійцы. У сярэдзіне II тысячагоддзі да н.э. іберы пачалі рассяляцца ва ўмацаваных вёсках на тэрыторыі сучаснай Кастыліі. Іберы займаліся пераважна земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем, умелі вырабляць прылады працы з медзі і бронзы. Іберы выкарыстоўвалі палеаіспанскае пісьмо, створанае раней тартэсійцамі. Мова ібераў не была роднаснай тартэсійскай.
Маюцца рымскія сведчанні пра тое, што раней Іспанію насялялі лігуры, аднак у гістарычны перыяд пра іх існаванне нічога не вядома.
У познім бронзавым веку ў Іберыю пранікае культура палёў пахавальных урнаў (рэшткай якой у гістарычны перыяд, верагодна, былі лузітаны), а ў пачатку 1 тыс. да н.э. большую частку Іберыі каланізуюць кельцкія плямёны. Частка кельтаў, якая жыла па суседстве з іберамі, патрапіўшы пад іх уплыў, стварыла кельтыберскую культуру; кельты, якія жылі ў заходняй частцы, захоўвалі адносна кансерватыўны лад жыцця, былі бяспісьменнымі. Кельты Іберыі праславіліся, як воіны. Менавіта яны вынайшлі двухбаковавостры меч, які пасля стаў стандартным узбраеннем рымскай арміі і выкарыстаны супраць сваіх жа вынаходнікаў.
Падчас Другой Пунічнай вайны, Рымская рэспубліка захапіла карфагенскія гандлёвыя калоніі ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора прыкладна з 210 да 205 да н.э. Рымлянам спатрэбілася амаль два стагоддзі, каб завяршыць заваёву Пірэнейскага паўвостраву, хоць яны мелі кантроль над ім на працягу больш за шэсць стагоддзяў. Рымскае панаванне звычайна выказвалася праз рымскія законы, мову і сетку дарог[2].
Мясцовыя кельцкае і іберыйскае насельніцтва паступова раманізавалася з рознай хуткасцю ў розных частках Іспаніі. Мясцовыя кіраўнікі паходзілі з рымскіх патрыцый[3]. Рэгіён быў моцна інтэграваны ў рымскую эканоміку, праз яго гавані экспартавалі золата, воўну, аліву і віно. Сельскагаспадарчая вытворчасць павялічылася з увядзеннем ірыгацыйных праектаў. На тэрыторыі тагачаснай Іспаніі нарадзіліся такія выбітныя рымскія дзеячы, як імператары Адрыян, Траян, Феадосій I і філосаф Сенека. У I стагоддзі ў рэгіёне пачало пашырацца хрысціянства, якое атрымала папулярнасць у гарадах у II стагоддзі[3]. Пераважна ў рымскія часы былі закладзены асновы сучанай іспанскай мовы і рэлігійнай традыцыі[2]. У якасці спадчыны раманізацыі мясцовае насельніцтва пачало размаўляць на народнай форме латыны, якая пасля распаду Рымскай імперыі паступова паслужыла асновай для ўзнікнення мясцовых раманскіх моў — іспанскай, каталонскай, галісійскай, астурыйскай і г.д. Нягледзячы на гэта, на тэрыторыі Іберыйскага паўвостраву застаўся амаль незакранутым лацінскім уплывам народ баскаў, які мае не-індаеўрапейскае паходжанне і дагэтуль захоўвае ўласную не-індаеўрапейскую мову. Зрэшты, існуюць версіі, паводле якіх перашпачатковы рэгіён пражывання баскаў размяшчаўся на поўдні сучаснай Францыі.
Уварванне мусульманаў з Паўночнай Афрыкі адбылося ў 711, паўвостраў амаль цалкам быў імі заваяваны.
Рэканкіста з поўначы паўвостраву працягвалася каля 700 гадоў і паклала асновы сучаснай іспанскай дзяржаўнасці. Каралеўствы Арагона і Кастыліі аб'ядналіся дынастычнай уніяй (1469). Іспанскія тэрыторыі аб'ядналіся ў канцы 1480-х гадоў з уніяй Каталіцкіх каралёў: караля Арагона і каралевы Кастыльскай. Нягледзячы на тое, што манархі працягнулі кіраваць кожны сваімі землямі, іх знешняя палітыка была агульнай. У 1492 годзе яны захапілі Гранаду і завяршылі Рэканкісту на Іберыйскім паўвостраве супраць маўраў. Уваходжанне Гранады ў Каралеўства Кастылія завяршыла аб'яднанне іспанскіх земляў, нягледзячы на тое, што Іспанія па-ранейшаму была падзелена на два каралеўствы. У тым жа самым годзе Хрыстафор Калумб здзейсніў першую іспанскую даследчую экспедыцыю на захад праз Атлантычны акіян, адкрыўшы для еўрапейцаў Новы Свет і стварыўшы там першыя заморскія калоніі Іспаніі. Пасля экспедыцый Калумба і паходаў канкістадораў (канец 15 — сяр. 16 ст.) Іспанія набыла велізарныя каланіяльныя ўладанні ў Новым Свеце. Таксама ў гэты час Іспанія валодала Нідэрландамі, часткамі Германіі і Італіі. З гэтага моманту Заходняе паўшар’е стала галоўнай мэтай іспанскіх даследаванняў і каланізацыі.
У XVI стагоддзі іспанцы стваралі паселішчы на астравах Карыбскага мора, а канкістадоры знішчылі такія дзяржаўныя ўтварэнні, як імперыі Ацтэкаў і Інкаў на мацерыку, адпаведна, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, скарыстаўшыся супярэчнасцямі паміж мясцовымі народамі і ўжыўшы больш высокія ваенныя тэхналогіі. Наступныя экспедыцыі пашырылі межы імперыі ад сучаснай Канады да паўднёвага ўскрайка Паўднёвай Амерыкі, уключаючы Фалклендскія або Мальвінскія астравы. У 1519 годзе пачалося Першае кругасветнае падарожжа, распачатае Фернанам Магеланам у 1519 годзе і завершанае Хуанам Себасцьянам Элькана ў 1522, якое ставіла сваёй мэтай дасягнуць таго, што не ўдалося Калумбу, а менавіта заходні шлях у Азію, і ў выніку ўключыла ў сферу ўплыву Іспаніі Далёкі Усход. Былі створаны калоніі на Гуаме, на Філіпінах і найбліжэйшых астравах. Падчас свайго Siglo de Oro у Іспанскую імперыю ўваходзілі Нідэрланды, Люксембург, Бельгія, значная частка Італіі, землі ў Германіі і Францыі, калоніі ў Афрыцы, Азіі і Акіяніі, а таксама вялікія тэрыторыі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. У XVII стагоддзі Іспанія кантралявала імперыю такога маштабу, а яе часткі былі так далёка аддалены адна ад адной, чаго не ўдавалася дамагчыся нікому раней.[4]
У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў прадпрымаліся экспедыцыі па пошуку Terra Australis, падчас якіх быў адкрыты шэраг архіпелагаў і астравоў у паўднёвай частцы Ціхага акіяна, у тым ліку астравы Піткэрн, Маркізскія астравы, Тувалу, Вануату, Саламонавы астравы і Новую Гвінею, якія былі абвешчаны ўласнасцю Іспанскай кароны, але не былі ёю паспяхова каланізаваны. Шматлікія з еўрапейскіх уладанняў Іспаніі былі страчаны пасля вайны за іспанскую спадчыну ў 1713 годзе, але Іспанія захавала свае заморскія тэрыторыі. У 1741 годзе важная перамога над Вялікабрытаніяй у Картахены (сучасная Калумбія) прадоўжыла іспанскую гегемонію ў Амерыцы да XIX стагоддзя. У канцы XVIII стагоддзі іспанскія экспедыцыі ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна дасягалі ўзбярэжжаў Канады і Аляскі, заснаваўшы паселішча на востраве Ванкувер і адкрыўшы некалькі архіпелагаў і ледавікоў.
Французская акупацыя Іспаніі войскамі Напалеона Банапарта ў 1808 годзе прывяла да таго, што калоніі Іспаніі былі адрэзаны ад метраполіі, а рух за незалежнасць, які пачаўся ў 1810—1825 гадах, прывёў да стварэння шэрагу новых незалежных іспана-амерыканскіх рэспублік у Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы. Рэшткі іспанскай чатырохсотгадовай імперыі, у тым ліку Куба, Пуэрта-Рыка і Іспанская Ост-Індыя, працягвалі заставацца пад іспанскім кантролем да канца XIX стагоддзі, калі большая частка гэтых тэрыторый была анексавана ЗША пасля іспана-амерыканскай вайны. Астатнія ціхаакіянскія астравы былі прададзены Германіі ў 1899 годзе.
Напачатку XX стагоддзя Іспанія працягвала кантраляваць толькі тэрыторыі ў Афрыцы, Іспанскую Гвінею, Іспанскую Сахару і Іспанскае Марока.
У 1923 годзе ўсталявалася ваенная дыктатура генерала М. Прыма дэ Рыверы. Кароль ужо ў гэты перыяд не валодаў ніякай уладай у краіне. У студзені 1930 года, пасля страты падтрымкі ў арміі, не здолеўшы выправіць становішча спраў пасля вострага эканамічнага крызісу мінулага года, дыктатар пакідае краіну. 14 красавіка 1931 года ад свайго прастола адрокся апошні з Бурбонаў, Альфонс XIII — партыі, якая падтрымлівалі яго, пацярпелі разгромнае паражэнне на муніцыпальных выбарах. Урад сфарміравалі прыхільнікі змены дзяржаўнага ладу. Неўзабаве Н. Алькала Самора стаў першым прэм'ер-міністрам Рэспублікі Іспанія. Так пачаўся рэспубліканскі перыяд.
Радыкальная палітыка новага ўрада ў адносінах да землеўладальнікаў, царквы, арміі, празмерны лібералізм да па-сепаратысцку настроеных рэгіёнаў поўначы і ўсходу сустракалі гарачую падтрымку адной часткі насельніцтва і вострае пачуццё нянавісці ў іншай. Лакальныя паўстанні змянялі адно адно. Нягледзячы на ўсе радыкальныя меры, за два гады ўрад не дасягнуў ніякіх поспехаў у эканоміцы. На выбарах у лістападзе 1933 года ва ўрад вярнуліся кансерватары, рэформы былі спынены. Цяпер пагромы і мецяжы па ўсёй краіне сталі праводзіць ужо іх праціўнікі — лібералы і анархісты. На наступных выбарах у студзені 1936 года зноў, як у 1931 годзе, перамаглі радыкалы — «Народны фронт» з удзелам Камуністычнай партыі. Новы склад Кортэсаў (парламент Іспаніі) аднавіў ажыццяўленне радыкальнай палітыкі, спадзяючыся крайнімі мерамі пачаць вырашаць найбольш глыбокія праблемы ў эканоміцы краіны.
У ліпені таго ж года кансерватыўныя генералы на чале з Х. Санхурха ўзнялі добра падрыхтаваны мяцеж. Аднак у першыя ж дні паўстання, пасля смерці старога лідара ў авіяцыйнай катастрофе, новым главой змовы прыйшлося стаць нерашучаму раней Ф. Франка. Нацыяналісты звярнуліся па дапамогу да Германіі і Італіі, камуністы атрымалі дапамогу ад СССР і шматлікіх левых партый Еўропы і свету. Пачалася Іспанская Грамадзянская вайна. Рэспубліканцы ў сваёй зоне экспрапрыявалі зямлю, прадпрыемствы, банкі, арганізавалі праследаванні святароў і манахаў. На «нацыяналістычнай» тэрыторыі ўсе традыцыйныя інстытуты былі адноўлены, улада засяродзілася ў руках Франка. Фронт узброенага супрацьстаяння працягнуўся праз усю краіну. За тры гады павольнага пераможнага прасоўвання ў баях былі заваяваны ўсе правінцыі, якія падтрымлівалі рэспубліканцаў. З першых да апошніх тыдняў вайны ў аблозе знаходзілася сталіца — Мадрыд. У гэтыя гады Іспанія — галоўная дыпламатычная праблема ўсіх развітых краін свету.
У 1939 г. пасля перамогі ваенных дыктатура была распаўсюджана на ўсю краіну, палітычныя партыі былі забаронены, акрамя фашысцкай «фалангі», якая падтрымлівала Франка. Іспанія прытрымлівалася нейтралітэту падчас Другой сусветнай вайны, хоць і паслала на Усходні фронт добраахвотніцкую «Блакітную дывізію».
У 1947 годзе Іспанія была зноў абвешчана каралеўствам (аднак прастол заставаўся незанятым пры рэгенцтве «каўдылья» Франка)[5].
Іспанія пакінула Марока ў 1956 годзе і падала незалежнасць Экватарыяльнай Гвінеі ў 1968.
У лістападзе 1975 года, пасля смерці Франка, каралём быў абвешчаны Хуан Карлас I, пачаўся дэмантаж фашысцкага рэжыму і дэмакратычныя пераўтварэнні. У снежні 1978 г. набыла моц новая канстытуцыя.
Калі Іспанія пакідала Іспанскую Сахару ў 1976 годзе, гэта калонія адразу была анексавана Марока і Маўрытаніяй, а затым у 1980 годзе — цалкам Марока, хоць тэхнічна па рашэнні ААН гэта тэрыторыя застаецца пад кантролем іспанскай адміністрацыі. На сённяшні дзень у Іспаніі засталіся толькі Канарскія астравы і два анклавы на паўночнаафрыканскім узбярэжжы, Сеўта і Мелілья, якія адміністрацыйна з'яўляюцца часткамі Іспаніі.
У 1985 годзе Іспанія ўступіла ў Еўрапейскі Саюз (ЕС). Краіна Баскаў і Каталонія па канстытуцыі ў 1978 годзе атрымалі значную аўтаномію, але ў іх дагэтуль існуюць і сепаратысцкія рухі (асаблівай непрымірымасцю адрозніваецца баскская тэрарыстычная арганізацыя ЭТА).
Нацыянальнае свята — 12 кастрычніка (Дзень іспанскай нацыі, дата адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам).
У сакавіку 2004 года ў Мадрыдзе ў ваколіцах чыгуначнага вакзала Аточа прагрымелі 13 выбухаў, у выніку якіх быў забіты 191 і было паранена 2050 чалавек. Гэты тэракт быў арганізаваны падпольнай ісламісцкай арганізацыяй, якая прытрымлівалася ідэалогіі «Аль-Каіды». Выбухі адбыліся за тры дні да парламенцкіх выбараў і сталі адказам тэрарыстаў на ўдзел іспанскіх ваенных у ваеннай аперацыі ў Іраку. Большасць іспанцаў усклала віну за тэракты на ўрад прэм'ер-міністра Хасэ Марыі Аснара, які паслаў іспанскія войскі ў падтрымку ЗША і Вялікабрытаніі. Урад Аснара прыняў гэта рашэнне ў аднабаковым парадку, не ўзгадніўшы яго з парламентам (Картэсамі) і насуперак масавым пратэстам грамадзянскай супольнасці, якая выступала на шматтысячных дэманстрацыях супраць удзелу іспанскай арміі ў вайне. Да таго ж масавыя апытанні насельніцтва, якія праводзіліся дзяржаўным агенцтвам, паказвалі на тое, што каля 80 % насельніцтва краіны было супраць уступлення Іспаніі ў вайну. Узначаленая Аснарам Народная Партыя прайграла выбары 14 сакавіка 2004 года.
У пачатку 2004 года новы сацыялістычны ўрад Хасэ Луіса Радрыгеса Сапатэра здзейсніў круты паварот у знешняй палітыцы Іспаніі: ад падтрымкі курсу ЗША да салідарнасці з большасцю краін Еўрасаюза. Пасля перамогі на выбарах 14 сакавіка 2004 года сацыялістычны ўрад вывеў іспанскія войскі з Ірака, выканаўшы такім чынам важны пункт выбарчай праграмы Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСПП). На наступных парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў 2008 годзе, перамогу зноў атрымала ІСПП. Новыя парламенцкія выбары ў Іспаніі адбыліся 20 лістапада 2011 года.
У 2005 годзе ў Іспаніі былі легалізаваны аднаполыя шлюбы.[6][7] Такім чынам, Іспанія стала трэцяй дзяржавай у свеце, пасля Галандыі і Бельгіі, якія прызналі юрыдычнае раўнапраўе шлюбных саюзаў незалежна ад пола сужэнцаў. У наш час аднаполыя шлюбы прызнаны ў многіх краінах, а таксама ў некаторых штатах ЗША.
Адной з праблем сучаснай Іспаніі з'яўляецца праблема іміграцыі. Галоўным чынам у Іспанію прыязджаюць жыхары краін Магрыба і Лацінскай Амерыкі. Напачатку новага стагоддзя ў краінах ЕС па прыблізных падліках знаходзілася 2,5 мільёна лацінаамерыканцаў, 800 тысяч з якіх знаходзіліся ў Іспаніі. Аднак пасля тэрактаў 2004 года значна змянілася стаўленне іспанцаў да імігрантаў.
Канстытуцыя Іспаніі прынята 29 снежня 1978 г. Яна вызначала форму кіравання як парламенцкую манархію і абвяшчала Іспанію «сацыяльнай, прававой і дэмакратычнай дзяржавай, вышэйшымі каштоўнасцямі якога з'яўляюцца воля, справядлівасць, роўнасць і палітычны плюралізм». Кароль лічыцца «старшынёй Іспанскай дзяржавы, знакам яго адзінства і сталасці», ён таксама з'яўляецца галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі. Кароль ажыццяўляе толькі «функцыі, якія яму прадстаўлены Канстытуцыяй і законам». Яго палітычная ініцыятыва складаецца ў вылучэнні кандыдатуры Старшыні ўрада. Фактычна кароль санкцыянуе рашэнні, якія прымаюцца іншымі органамі, у прыватнасці ўрадам і картэсамі.
Канстытуцыя надзяляе заканадаўчай уладай двухпалатны парламент, Генеральныя картэсы. Вялікая частка паўнамоцтваў прыналежыць ніжняй палаце, Кангрэсу дэпутатаў (350 членаў). Прынятыя ім законапраекты павінны ўяўляцца на разгляд верхняй палаты — Сената (256 членаў), але Кангрэс большасцю галасоў можа пераадолець вета Сената. Дэпутаты парламента і сенатары абіраюцца тэрмінам на 4 гады — па мажарытарнай сістэме, а Кангрэс — па прапарцыйнай сістэме. Выбарчым правам валодаюць усе грамадзяне краіны, якія дасягнулі 18 гадоў. Картэсы вырашаюць пытанні заканадаўства. бюджэту, успадкоўвання пасады, рэгенцтва і апякунства, кантролю. Кантроль картэсаў над урадам уключае вотум даверу (аднак дэпутаты павінны загадзя азначыць кандыдатуру наступнага прэм'ер-міністра), рэзалюцыі вымовы (падобныя на вотум недаверу), камісіі па расследаванні, права на любую інфармацыю. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм'ер-міністрам, яму падпарадкаваны ўвесь дзяржаўны апарат, уключаючы органы бяспекі. Урад вызначае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі краіны, валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, аб'яўляе пра ўводзіны надзвычайнага становішча. Прэм'ер-міністр высоўваецца галавой дзяржавы — каралём і зацвярджаецца большасцю дэпутатаў парламента. Звычайна прэм'ер-міністр з'яўляецца лідарам партыі, якая выклікае прыхільнасць большасцю месцаў у Кангрэсе дэпутатаў. Каб сфармаваць урад, гэта партыя можа ўступаць у кааліцыю з іншымі партыямі.
50 правінцый, якія ўваходзяць у 17 аўтаномных абласцей. Таксама ў складзе Іспаніі знаходзяцца 2 так званыя аўтаномныя гарады (ciudades autónomas) у Афрыцы — Сеўта, Мелілья і суверэнныя тэрыторыі Іспаніі.
|
Найбуйнешыя гарады Іспаніі:
У Іспаніі адлегласць з поўначы на поўдзень не перавышае 870 км, з усходу на захад — 1000 км, а працягласць берагавой лініі — 2100 км (у тым ліку каля 1130 км прыходзіцца на Міжземнае мора і 970 км — на Атлантычны акіян і Біскайскі заліў). Ад мяжы з Францыяй на захад Кантабрыйскія горы цягнуцца ўздоўж берага мора; тут маецца некалькі досыць вялікіх бухт, у якіх знаходзяцца парты. Адгор’і падыходзяць да мора, утвараючы парэзанае глыбокімі залівамі ўзбярэжжа з стромымі скаламі і шматлікімі астравамі. На паўднёвым захадзе, ад мяжы з Партугаліяй да Гібралтарскага праліва, узбярэжжа нізіннае і месцамі багністае. На ўсход ад Гібралтара да Міжземнага мора блізка падыходзяць перадгор’і, прыбярэжныя раўніны адсутнічаюць. Яшчэ далей, на паўначны ўсход фрагментарна развітыя прыбярэжныя раўніны, падзеленыя адгор’ямі гор.
Іспанія ўяўляе сабой масіўнае паднятае пласкагор’е Месета, складзенае пераважна старажытнымі крышталічнымі пародамі ў спалучэнні з альпійскімі гарамі, якія сфармаваліся ў палеагене і неагене. Сярод парод, што складаюць Месету, вылучаюцца дакембрыйскія крышталічныя сланцы і гнейсы з шматлікімі гранітнымі інтрузіямі. Месета займае каля 2/3 тэрыторыі Іспаніі і абрамленая высокімі гарамі. Акрамя таго, у яе цэнтральных раёнах узвышаюцца буйныя горставыя хрыбты Цэнтральнай Кардыльеры. Гэтыя горы падзяляюць плато Старая і Новая Кастылія, дрэніраваныя адпаведна рэкамі Дуэра і Таха. Плато складзеныя тоўшчамі асадкавых парод і алювіяльнымі адкладамі і адрозніваюцца выключна плоскім і манатонным рэльефам. Толькі месцамі сустракаюцца сталовыя астанцы даўгаватай формы — фрагменты старажытных рачных тэрас.
На поўдзень ад Новай Кастыліі ўзвышаюцца Таледскія горы. Паўднёвей знаходзяцца плато Эстрэмадуры і Ла-Манчы, якія ўваходзяць у склад Месеты. Самы паўднёвы бок Месеты Сьера-Марэна прыпадняты. Сьера-Марэна стромка абрываецца да шырокай Андалускай нізіны, дрэніраванай р. Гвадалквівір, якая ўпадае ў Кадыскі заліў.
На паўднёвым усходзе Іспаніі распасціраюцца складчатыя горы Кардыльера-Пенібетыка з найвышэйшай вяршыняй краіны — гарой Муласен (3482 м), увянчанай снежнікамі і ледавікамі, якія займаюць самае паўднёвае становішча ў Заходняй Еўропе.
Іберыйскія горы аддзяляюць Месету ад Арагонскага плато, дрэніраванага р. Эбра, і маюць у плане дугападобную форму. Месцамі яны перавышаюць 2100 м. Месцамі рэчышча Эбра знаходзіцца на дне глыбокіх, амаль непраходных каньёнаў.
Невысокія Каталонскія горы цягнуцца на працягу 400 км амаль раўналежна берагу Міжземнага мора і фактычна адасабляюць ад яго Арагонскае плато. Участкі прыбярэжных раўнін ля мяжы з Францыяй, адрозніваюцца высокай урадлівасцю.
З поўначы Арагонскае плато аблямоўваюць Пірэнеі. Яны цягнуцца амаль на 400 км ад Міжземнага мора да Біскайскага заліва і ўтвараюць магутны непераадольны бар’ер паміж Пірэнейскім п-вам і астатняй часткай Еўропы. Гэтыя складкаватыя горы, якія сфармаваліся ў трацічны перыяд, месцамі перавышаюць 3000 м; найвышэйшая вяршыня — пік Анета (3404 м). Заходнім працягам Пірэнеяў з’яўляюцца Кантабрыйскія горы, таксама субшыротнага прасцірання. Гэтыя горы пабітыя разломамі і моцна раздзеленыя пад уплывам рачной эрозіі.
Іспанія з’яўляецца адной з самых цёплых дзяржаў у Заходняй Еўропе. Сярэдняя колькасць сонечных дзён — 260—280. Сярэдняя гадавая тэмпература на ўзбярэжжы Міжземнага мора складае 20 градусаў цяпла. Зімой тэмпература апускаецца ніжэй за нуль звычайна толькі ў цэнтральных і паўночных раёнах краіны. Улетку тэмпература падымаецца да 40 градусаў і вышэй (ад цэнтральнай часткі да паўднёвага ўзбярэжжа). На паўночным узбярэжжы тэмпература не такая высокая — каля 25 градусаў цяпла.
Для Іспаніі характэрныя вельмі глыбокія ўнутраныя кліматычныя адрозненні, і яна толькі ўмоўна можа быць цалкам аднесена да міжземнаморскай кліматычнай вобласці. Гэтыя адрозненні праяўляюцца як у тэмпературы, так і ў гадавых сумах і рэжыме ападкаў. На крайнім паўночным захадзе клімат мяккі і вільготны са слабымі ваганнямі тэмпературы на працягу года і вялікай колькасцю ападкаў. Пастаянныя вятры з боку Атлантыкі прыносяць шмат вільгаці, галоўным чынам зімой, калі пануе туман і воблачнае надвор’е з дажджамі, амаль без маразоў і снегу. Сярэдняя тэмпература самога халоднага месяца такая ж, як і на паўночным захадзе Францыі. Лета спякотнае і вільготнае, сярэдняя тэмпература рэдка вышэй 17 градусаў цяпла. Гадавая колькасць ападкаў перавышае 1000 мм, а месцамі дасягае 2000 мм. Цалкам іншыя ўмовы ва ўнутраных частках краіны — на плато Старой і Новай Кастыліі і Арагонской раўніне. У гэтых раёнах адбіваецца ўплыў плоскогорно-катлавіны рэльефу, значнай вышыні і мясцовага кантынентальнага паветра. Для іх характэрна адносна малая колькасць ападкаў (не больш за 500 мм у год) і рэзкія ваганні тэмпературы па сезонах. У Старой Кастыліі і на Арагонской раўніне бываюць даволі халодныя зімы з маразамі і моцнымі, рэзкімі вятрамі; лета спякотнае і даволі сухое, хоць максімум ападкаў прыходзіцца на гэты сезон года. У Новай Кастыліі клімат крыху мякчэй, з больш цёплай зімой, але таксама з малой колькасцю ападкаў. Земляробства ва ўсіх гэтых раёнах мае патрэбу ў штучным арашэнні.
Нетры Іспаніі маюць шмат карысных выкапняў. Асабліва значныя запасы металічных руд. Па паўночна-заходняй ускраіне Месеты, у межах Галійскага масіва, у каледонскіх і пратэразойскіх гранітных інтрузіях маюцца алавяныя, вальфрамавыя і ўранавыя руды. Па паўднёвай ускраіне Месеты працягнулася паласа свінцова-цынкава-сярэбраных радовішчаў. Там жа знаходзіцца буйное радовішча ртуці, якое мае сусветнае значэнне — Альмадэн. Жалезныя руды маюцца на поўначы і поўдні Іспаніі. Яны прымеркаваны да структур мезазойскага і альпійскага магматычных цыклаў. Гэта вядомыя радовішчы раёна Більбаа на паўночным схіле Біскайскіх гор і ў Альмерыі на паўднёвым схіле Бецкіх Кардыльер. На поўначы ў адкладах карбона знаходзіцца найбуйнейшы ў краіне каменнавугальны басейн. Акрамя таго, невялікія радовішчы каменнага вугалю ёсць на паўднёвым схіле гор і ў некаторых іншых раёнах. У кайназойскіх адкладах міжгорных і ўнутрыгорных дэпрэсій залягаюць тоўшчы соляў і бурага вугалю. Значныя запасы калійных соляў размяшчаюцца ў межах раўніны Эбра. Варта, аднак, адзначыць, што большасць радовішчаў карысных выкапняў на тэрыторыі краіны маюць вельмі сціплыя памеры і даволі моцна вычарпаныя, як і многія радовішчы іншых еўрапейскіх рэгіёнаў, што робіць Іспанію залежнай ад імпарту карысных выкапняў, у асноўным, з Паўночнай Афрыкі.
Сярод галін машынабудавання вылучаюцца суднабудаванне (старыя цэнтры размешчаны на поўначы краіны: Більбаа, Хіхон, Сантандэр; новыя — на паўночным захадзе: Эль-Фероль, Віга, на ўсходзе: Картахена, Валенсія, Барселона, і на поўдні: Севілья, Кадыс) аўтамабілебудаванне (вытворчасць аўтамабіляў, у тым ліку «Сеат» канцэрна «Фольксваген» 2,2 мільёна ў 1996 годзе; цэнтры: Барселона, Мадрыд, Вальядалід, Віторыя, Памплона, Віга) і электратэхнічная прамысловасць. Развіта таксама вытворчасць абсталявання для хімічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці і вытворчасці будматэрыялаў.
Іспанская дарожная сетка галоўным чынам цэнтралізаваная з 6 шашэйнымі дарогамі, якія злучаюць Мадрыд з Краінай Баскаў, Каталоніяй, Валенсіяй, Андалусіяй, Эстрэмадурай і Галісіяй. Акрамя таго, хуткасныя шашы праходзяць уздоўж атлантычнага і міжземнаморскага ўзбярэжжаў. Працягласць аўтамабільных дарог складае 328 тысяч км. Аўтамабільны парк — больш за 19 млн машын. Па аўтадарогах ажыццяўляецца 90 % пасажырскіх і 79 % грузаперавозак. Іспанія мае намер мець мільён электрамабіляў да 2014 года, як частка плана ўрада па эканоміі энергіі і паляпшэнню экалогіі.
З галін лёгкай прамысловасці найбольшае значэнне маюць тэкстыльная і гарбарна-абутковая прамысловасць (на долю Іспаніі прыпадае 4 працэнты сусветнага экспарту абутку).
У харчовай прамысловасці вылучаюцца вінаробства (па вытворчасці вінаградных вінаў Іспанія ў Еўропе саступае толькі Францыі і Італіі), вытворчасць алею (1,7 мільёнаў тон у 1996 годзе; Іспанія — сусветны лідар па вытворчасці аліўкавага алею (каля 0,5 мільёнаў тон у год), пладова-агароднінных і рыбных кансерваў.
Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (дае звыш 1/2 кошту прадукцыі). Вырошчваюць пшаніцу (каля 20 % пасяўных плошчаў), ячмень, кукурузу (у цэнтральных і паўднёвых абласцях краіны), рыс (на абрашаных землях Міжземнаморскага ўзбярэжжа; яго ўраджайнасць у Іспаніі — адна з самых высокіх у свеце), бульбу і цукровы бурак, бабовыя, памідоры, цыбулю, перац, баклажаны і іншую агародніну (агародніна займае 60 % пасяўных плошчаў), алівы — (вядучае месца па гадоўлі аліў у свеце[8]) — (Андалусія, Кастылія-ла-Манча, Эстрэмадура), цытрусавыя і тытунь. Вінаградарства — на Міжземнаморскім узбярэжжы і ў абласцях Кастылія-ла-Манча, Эстрэмадура. На самым поўдні краіны вырошчваюць міндаль (вядучае месца па экспарце ў Заходняй Еўропе), фінікі і цукровы трыснёг (у Еўропе растуць толькі ў Іспаніі), інжыр, гранаты, бавоўнік.
Іспанія ўваходзіць у першую дзясятку краін свету па ўлове рыбы і морапрадуктаў (1,1 мільёнаў тон у 1996 годзе) і іх перапрацоўцы, з'яўляецца буйным экспарцёрам свежай рыбы і рыбных кансерваў.
Асноўная частка промыслу вядзецца ля берагоў Кантабрыі, Краіны Баскаў і Галісіі. Больш за ўсё вылоўліваюць сардзін, хека, макрэлі, анчоўсаў і трэскі. Штогод 20-25 % усяго ўлову перапрацоўваюць на кансервы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.