From Wikipedia, the free encyclopedia
Сталіца — галоўны горад дзяржавы, адміністрацыйна-палітычны цэнтр краіны, у якім, як правіла, размяшчаюцца вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, вышэйшыя судовыя, кантрольныя і іншыя ўстановы. У асобных выпадках некаторыя з гэтых структур могуць размяшчацца ў іншых гарадах дзяржавы. Сталіца звычайна з’яўляецца і эканамічным, навуковым, культурным цэнтрам краіны, але ў некаторых краінах склалася поліцэнтрычная сістэма кіравання рознымі сферамі жыцця народа: так у ЗША палітычны цэнтр — Вашынгтон, эканамічны — Нью-Ёрк, адукацыйны — Бостан і г.д.
Сталіца можа выдзяляцца ў самастойную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку (Вена, Аўстрыя; Берлін, ФРГ; Масква, Расія; Пекін, КНР, а таксама Мінск, Беларусь), часам з асобым рэжымам кіравання (так, амерыканская сталіца Вашынгтон утварае федэральную акругу, якая не ўваходзіць ні ў адзін штат).
Некаторыя дзяржавы на пачатку сваёй гісторыі не мелі сталіц. Напрыклад у Венгрыі, Эстэргам, традыцыйнае месца каранацыі венгерскіх валадароў пачынаючы з Іштвана I, быў толькі адной з многіх каралеўскіх рэзідэнцый, а Буда была абвешчана сталіцай у 14 ст. У Іспаніі працяглы час таксама сталіцы не было, Бургас быў толькі месцам каранацыі кастыльска-ліёнскіх каралёў, двор вандраваў па краіне, часцей за ўсё спыняючыся ў Вальядалідзе, Мадрыд быў абвешчаны сталіцай у 1561 годзе. Сталіцы знаходзіліся там дзе быў валадар дзяржавы і вандравалі па і краіне разам з ім і яго дваром. Прыкладна так, верагодна, было на пачатковым этапе існавання ВКЛ да таго часу пакуль Гедзімін не абвясціў сталіцай Вільню.
Акрамя сталіц, якія набылі свой статус у працэсе гістарычнага развіцця, існуюць гарады, спецыяльна пабудаваныя для выканання сталічных функцый (Канбера, Аўстралія; Бразілія, Бразілія; Ісламабад, Пакістан; Астана, Казахстан і інш.). У некаторых краінах пры існаванні афіцыйнай сталіцы фактычна ёй з’яўляецца іншы горад (у Балівіі Ла-Пас замест Сукрэ; у Нідэрландах Гаага замест Амстэрдама; у Расіі, у сувязі з пераводам Канстытуцыйнага Суда ў Санкт-Пецярбург, апошні будзе выконваць частку сталічных функцый). У некаторых краінах (Ватыкан, Науру) афіцыйна вызначанай сталіцы няма.
Распаўсюджанай практыкай з’яўляецца перанос сталіцы, выкліканы часцей за ўсё перанаселенасцю і гіпертрафіраваным дамінаваннем сталічнага горада над астатняй краінай, альбо яго нявыгадным геаграфічным размяшчэннем, альбо з прычыны наяўнасці прамой ваеннай пагрозы сталіцы, альбо для паскарэння развіцця тэрыторый, дзе ствараецца новая сталіца, альбо для вызвалення ад старых традыцый грамадскага жыцця і дзяржаўнага кіравання.
За апошняе дзесяцігоддзе былі перанесены сталіцы Казахстана (з Алматы ў Астану, 1997), М’янмы (з Янгона (Рангуна) ў Найп’іда, 2005), Малайзіі (з Куала-Лумпура ў Путраджаю, 2005), Палау (з Корар у Мелекеок, 2006). Да канца 2007 павінна пачацца будаўніцтва новай сталіцы Паўднёвай Карэі ў 160 км ад Сеула ў правінцыі Чхунчхон-Пукто, што дазволіць аднесці месцазнаходжанне паўднёвакарэйскага кіраўніцтва ад патэнцыйна небяспечнай лініі міжкарэйскага размежавання па 38-й паралелі. Пераезд урадавых устаноў Паўднёвай Карэі прызначаны на 2012.
Перанос сталіцы можа быць часовым, з-за акупацыі ці пагрозы акупацыі існуючай сталіцы (так, Каўнас быў сталіцай Літвы падчас польскай акупацыі Вільнюса ў міжваенны перыяд; Куйбышаў часткова выконваў функцыі адміністрацыйнай і дыпламатычнай сталіцы СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны) альбо пры немагчымасці знаходжання сталіцы ў пэўным месцы па іншых прычынах (Назрань заставалася адміністрацыйным цэнтрам Інгушэціі на час будаўніцтва горада Магас, абвешчанага сталіцай пры ўтварэнні рэспублікі; Тайвань лічыць Тайбэй часовай усекітайскай сталіцай замест Пекіна).
Самай маленькай сталіцай свету лічыцца горад Адамстаўн.
Згодна арт. 20 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сталіцай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца горад Мінск. Статус Мінска вызначаецца законам «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12 ліпеня 2000 № 410-З.
Гістарычна першымі сталіцамі на нашых землях былі цэнтры старажытных княстваў — Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Клецк, Навагрудак і інш. Этымалагічна тэрмін «сталіца» паходзіць ад абазначэння месца, дзе знаходзіўся «сталец» або «стол» («прастол») князя.
У пазнейшыя часы, сталіцамі на тэрыторыі Беларусі былі цэнтры тых дзяржаў і міждзяржаўных утварэнняў, у якія гэтая тэрыторыя ўваходзіла — Вільня, Варшава, Масква. Асобныя сталічныя функцыі (месца правядзення Соймаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай і інш.) выконвалі Брэст, Гродна, Навагрудак, Мінск.
Са жніўня 1915 па люты 1918 года ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі Расіі — фактычна — «ваенная сталіца» імперыі.
Пасля рэвалюцыі, з прыходам Савецкай улады на частцы беларускіх зямель утвараецца БССР з цэнтрам у Смаленску. З 8 студзеня 1919 года сталіца БССР перанесена ў Мінск. Незадоўга да гэтага, з сакавіка да снежня 1918 года ў Мінску знаходзілася кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, частка якога, знаходзячыся пазней у эміграцыі, прызнала на Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года Мінск адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі.
У 1938—1939 гадах распрацоўваўся праект пераносу сталіцы Беларусі ў Магілёў на падставе таго, што Мінск знаходзіўся толькі ў 30 км ад дзяржаўнай мяжы, аднак у верасні 1939 года пасля ўз’яднання заходнебеларускіх зямель з усходнебеларускімі неабходнасць у пераносе сталіцы адпала.
З распадам СССР Мінск становіцца сталіцай незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь. З 1993 года ў Мінску размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД, горад становіцца свайго роду «сталіцай» постсавецкай прасторы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.