Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Іўдаі́зм[2][3], або Юдаі́зм — найбольш ранняя агульнавядомая монатэістычная рэлігія[4] і найбольш старажытная з захаваных да цяперашняга часу[5], узнікла ў II тыс. да н.э. у Палесціне. У больш шырокім сэнсе ёсць рэлігійным, нацыянальным і этычным светапоглядам яўрэйскага народа, сярод якога ў асноўным і распаўсюджаны. Колькасць вернікаў складае каля 13,2 млн (паводле ацэнак), з іх каля 1/3 — у ЗША.
Іўдаізм | |
---|---|
іўр.: יַהֲדוּת | |
Дата заснавання / стварэння | каля V стагоддзе да н.э. |
Названа ад | Іудзейскае царства |
Заснавальнік | Аўрам[1] |
Месцазнаходжанне | |
Месца заснавання | Месапатамія[1] |
Асноватворны дакумент | Тора, Яўрэйская Біблія і Талмуд |
Вывучаецца ў | іўдаіка[d] і sociology of Jewry[d] |
Зона абслугоўвання | сусветны[d] |
Хто прадстаўляе | Jewish religious community[d] |
Stack Exchange site URL | judaism.stackexchange.com |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вернікі вераць у Яхве (адзінага Бога, Творцу і Уладара сусвету), неўміручасць душы, замагільнае жыццё, будучы прыход месіі, богаабранасць яўрэйскага народа (ідэя «запавету» — саюза, дамовы народа з Богам, у якім народ выступае як носьбіт чароўнага адкрыцця). Канон святых кніг уключае Тору («Пяцікніжжа Майсея»), кнігі прарокаў і г. зв. Пісанні. Розныя тлумачэнні і каментарыі канону сабраныя ў Талмудзе. У іўдаізме распаўсюджаныя містычныя вучэнні (кабала, хасідызм).
Тэрмін паходзіць ад назвы яўрэйскага племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўрэйскіх плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы ХІ ст. да н.э. стала пануючым. Іўдаізм адыграў галоўную ролю ў станаўленні старажытнай дзяржавы — Ізраільска-Іўдзейскага царства (X ст. да н.э.). Цэнтрам іўдаізму ў I тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд Другога Храма найбольш поўным выражэннем іўдаізму стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэлігійнае жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рымскага прыгнёту (І ст. да н.э. — І ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання Другога Храма рэлігійнае жыццё іўдзеяў засяродзілася вакол сінагог, рэлігійнымі кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі.
Да V ст. склалася другая па значэнні крыніца іўдаізму — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэлігійна-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. 3 пашырэннем хрысціянства (з IV ст. дзяржаўная рэлігія Рымскай імперыі) і ісламу (VII ст.), якія бяруць пачатак у іўдаізме, узнік іх канфлікт: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне іўдаізму; тыя, са свайго боку, ставіліся да іўдаізму як да нейкага гістарычнага рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У ХІХ ст. у сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу заходнееўрапейскіх краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці іўдаізму і інтэграцыяй у навакольнае культурнае асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у іўдаізме, адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны іўдаізм; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны іўдаізм; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) іўдаізм.
У рэлігіязнаўстве прынята адрозніваць у развіцці іўдаізму тры гістарычныя перыяды: храмавы (у перыяд існавання Іерусалімскага храма), талмудысцкі і рабіністычны (з VI стагоддзя па цяперашні час)[6]. Сучасны артадаксальны іўдаізм склаўся на аснове руху фарысеяў (прушым), які ўзнік у эпоху росквіту Макавеяў (2 стагоддзе да н.э.). У сучасным іўдаізме няма адзінага і агульнапрызнанага інстытута альбо асобы, якая мае аўтарытэт крыніцы права, настаўніцтва ці ўлады. Крыніцы права (Галах) сучаснага артадаксальнага іўдаізму — Танах (Пісьмовая Тора) і Талмуд (Вусная Тора). Галах рэгулюе, у прыватнасці, тыя сферы жыцця яўрэяў, якія ў іншых прававых сістэмах рэгулююцца крымінальным, грамадзянскім, сямейным, карпаратыўным і звычаёвым правам.
У істотным сэнсе, сімвалічнае значэнне ў іўдаізме маюць малітва Шма і захаванне шабата і кашрута, нашэнне галаўнога ўбору кіпы[7]. Адзін са знешніх знакаў іўдаізму з XIX стагоддзя — шасціканцовая Зорка Давіда[8]. Больш старажытным сімвалам іўдаізму з’яўляецца сямісвечнік менора, які, згодна з Бібліяй і традыцыяй, стаяў у Скініі і Іерусалімскім храме. Дзве размешчаныя побач прамавугольныя скрыжалі з закругленай верхняй гранню таксама з’яўляюцца сімвалам іўдаізму, часцяком сустракаючыся ў арнаменце і дэкарацыях сінагог. Часам на скрыжалях выгравіраваны дзесяць запаветаў, у поўнай альбо скарочанай форме, альбо 10 першых літар яўрэйскага алфавіта, якія служаць для сімвалічнай нумарацыі запаветаў.
Біблія таксама апісвае сцягі кожнага з дванаццаці каленаў. Паколькі традыцыйна лічыцца, што сучасныя яўрэі ў асноўным паходзяць з калена Іуды і Іўдзейскага царства, якое існавала на яго тэрыторыі, леў з’яўляецца сімвалам гэтага племені, а таксама адным з сімвалаў іўдаізму. Часам леў малюецца з царскім скіпетрам — знакам царскай улады, якой надзяліў гэта калена ў сваім прароцтве прабацька Якаў. Таксама сустракаюцца выявы двух ільвоў, па абодва бакі ад скрыжаляў, так што яны нібыта стаяць на варце запаветаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.