Remove ads
апісанне гісторыі Беларусі са старажытных часоў From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя Беларусі — апісанне гісторыі Беларусі са старажытных часоў.
Васіль Тацішчаў лічыў, што ўпершыню паняцце «Белая Русь» сустракаецца ў Раскольніцкім і Растоўскім летапісах пад 1135 годам як назва Растова-Суздальскага княства.
Упершыню назва «Белая Русь» (лац. Alba Ruscia) сустракаецца ў Дублінскім рукапісе (сяр. XIII стагоддзя)[1]. Існуе шмат трактовак сімвалічнага значэння тэрміна, а геаграфічнае знаходжанне Белай Русі ў еўрапейскай картаграфі да XVI ст. змянялася і цягам часу пашыралася з тэрыторый Галіцка-Валынскага княства да тэрыторый практычна ўсёй Русі[2]. На большасці заходнееўрапейскіх карт тэрыторыя Беларусі называлася «Літвой»[крыніца?]. Продкі беларусаў пачалі ўжываць назвы «Белая Русь» і «белыя русіны» у другой палове XVI ст. пад уплывам польскамоўнай гісторыка-геаграфічнай літаратуры, а пад канец гэтага стагоддзя, меркавана пад уплывам ідэй Рэфармацыі і Сарматызму, Саламон Рысінскі ўпершыню ўжывае саманазву «беларус» (leucorussus)[3]. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай назва Белая Русь, дзякуючы расійскаму ўраду, пачала распаўсюджвацца на ўсю тэрыторыю пражывання беларускага этнаса, пакуль канчаткова не замацавалася ў сяр. XIX ст.
Засяленне тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалося каля 100—35 тыс. гадоў назад. Лічыцца, што першымі насельнікамі на тэрыторыі Беларусі былі неандэртальцы, якія апынуліся тут у час кароткіх пацяпленняў у перыяд так званага Рыскага абледзянення, ці яшчэ перад ім. На тэрыторыі Беларусі пакуль што не было знойдзена аніводнага шкілета гэтага перыяду, рэшткі дзейнасці былі знойдзены на стаянках Юравічы і Бердыж, якія датуюцца прыкладна 26—23 тыс. гадоў таму. Нарэшце, гэтыя даты дазваляюць у любым выпадку аднесці з’яўленне першага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі да верхняга палеаліта, якое магло жыць тут толькі пасля адступлення ці зыходу ледавіка. Колькасць насельніцтва ў верхнім палеаліце не перавышала некалькіх соцень[4]. Каля 16 тыс. гадоў таму адбылося новае моцнае пахаладанне, і гэтая мясціны былі зноў пакінутыя.
Апошні ледавік сышоў прыблізна 13-8 тыс. гадоў назад, пасля чаго на тэрыторыі Беларусі пачаўся мезаліт. Па меры таяння і адступлення ледавіка клімат рабіўся ўсё больш цёплым, тэрыторыя паступова пакрывалася лесам. Пераходзячы з месца на месца, чалавек паступова рухаўся на поўнач. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Пачалося інтэнсіўнае асваенне новых тэрыторый. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак трох асноўных археалагічных культур (грэнскай, свідэрскай і сожскай), а агульная колькасць насельніцтва складала каля 4,5 — 6 тыс. чалавек.
У эпоху неаліту (IV—III тыс. гадоў да н.э.) клімат стаў яшчэ цяплейшым. Як лічаць даследчыкі, менавіта з факту з’яўлення керамікі і пачынаецца новы каменны век на тэрыторыі Беларусі[5]. Прысвойваючая гаспадарка дасягнула свайго росквіту. На Беларусі да неаліту адносяцца плямёны нёманскай, днепра-данецкай, нарвенскай і верхнедняпроўскай культур. Даследаванні могілак днепра-данецкай культуры ва Украіне даказалі, што прадстаўнікі гэтай культуры належалі да паўночных еўрапеоідаў ці позніх краманьёнцаў. Асноўным заняткам неалітычных плямён было рыбалоўства, усе астатнія заняткі не былі так распаўсюджаныя.
Каля 2000 гадоў да н.э. пачаўся бронзавы век, спачатку на поўдні сучаснай Беларусі. Бронза выкарыстоўвалася не так часта як камень, таму што матэрыялаў для стварэння бронзавых прылад працы — медзі і волава — тут не было. Але ж медныя і бронзавыя рэчы знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, што сведчыць аб гандлёвых сувязях тагачаснага насельніцтва. Асноўныя культуры гэтага часу — сярэднедняпроўская, вісла-нёманская, тшцінецкая. Паступова Беларусь засялялі індаеўрапейцы, з прыходам якіх пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі (асноўным заняткам індаеўрапейцаў была жывёлагадоўля). З канца бронзавага веку большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі была заселена балтамі (гл. Культура штрыхаванай керамікі).
Жалезны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаўся ў VIII-VII ст. да н.э. У адрозненне ад медзі, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца радовішчы жалеза (у выглядзе так званых «балотных руд» або «лугавых руд»). Мясцовыя майстры пачалі вырабляць жалезныя прылады працы. З дапамогай жалезных сякер чалавек паступова засвоіў новы метад земляробства — падсечна-агнявы (лядны). Дрэвы зрубалі, спальвалі і попелам угнойвалі глебу. У яе высявалі зерне і баранавалі «сукаваткай», якую рабілі з верхавіны дрэва. Некалькі гадоў атрымлівалі добрае збожжа. Калі ўраджай рэзка зніжаўся, пераходзілі на новую дзялянку. Вырошчвалі проса, пшаніцу, бабы.
На тэрыторыю Беларусі першыя славяне прыйшлі з поўдня прыкладна ў VI—VII ст., калі ўзрост балцкіх старажытнасцяў тут дасягаў ужо двух тысячагоддзяў. Храналагічна гэта супала з пачаткам распаду агульнаславянскай мовы. Славяне былі больш развітымі чым балты, таму балты хутка славянізаваліся. Ужо да IX ст. большая частка Беларусі была славянізавана. Славянізацыя праходзіла ў асноўным мірным шляхам, але ёсць сляды і канфліктаў (на некаторых балцкіх гарадзішчах VII—VIII ст. зафіксаваны сляды пажараў). З X ст. актыўна пачалася славянізацыя Панямоння дрыгавічамі і крывічамі, але балцкае насельніцтва ў тым рэгіёне заствалася яшчэ некалькі стагоддзяў.
Розныя аўтары называюць свае даты і прычыны паходжання дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з нарманскай тэорыяй, якая доўгі час панавала ў дарэвалюцыйнай гістарычнай навуцы, першыя дзяржавы ва Усходняй Еўропе былі ўтвораны замежнымі князямі-варагамі ў IX ст. Аднак гэта тэорыя аспрэчвалася многімі вучонымі. Першым антынарманістам быў Міхаіл Ламаносаў, які звяртаў увагу на тое, што запрошаныя ў Расію нямецкія вучоныя ў значнай ступені прыдумалі гэту тэорыю. У савецкі перыяд нарманскую тэорыю крытыкавалі С. У. Юшкоў, Б. Д. Грэкаў, Б. А. Рыбакоў і іншыя. Так, па меркаванні Б. А. Рыбакова, дзяржаўнасць у славян узнікла на мяжы старой і новай эры. Ён адзначаў, што археалагічныя крыніцы сведчаць аб значным эканамічным развіцці ўсходнеславянскага грамадства ўжо ў V—III ст да н.э., які ў гэты перыяд дайшоў «да ўзроўню дзяржаўнасці», аднак быў прыпынены сармацкім нашэсцем у II ст. да н.э.[6] Згодна старажытнаскандынаўскім сагам ужо ў V—VI стст. існаваў Полацк (Палціск) у якім кіравалі мясцовыя князі. Гэта пацвярджаецца і археалагічнымі данымі, згодна з якімі Полацкае гарадзішча існавала задоўга да першай летапіснай згадкі Полацка ў 862 годзе. Магчыма ў той час Полацк быў цэнтрам протадзяржаўнага ўтварэння-княжання крывічоў. Такое ж протадзяржаўнае ўтварэнне магло існаваць і ў Дрыгавічоў. Пра далетапісную гісторыя славян на Беларусі амаль нічога невядома. Першыя летапісныя згадкі пра насельніцтва Беларусі пачынаюца ў IX ст. У IX ст. пачынаюць утварацца першыя дзяржаўныя ўтварэнні — княствы, з адпаведнымі цэнтрамі — гарадамі. У крывічоў вылучыўся Полацк і Смаленск, у дрыгавічоў — Тураў. Згодна старажытнарускім летапісам старажытныя беларускія княствы (Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш.) да сяр. X ст. уваходзілі ў склад або былі ў залежнасці ад Кіеўскай Русі. Гэта пацвярджаецца ўдзелам славянскіх плямёнаў Беларусі ў ваенных паходах Кіеўскай Русі. Але пачынаючы з сяр. X ст., беларускія землі часткова становяцца незалежнымі — у Полацку валадарыць Рагвалод, а ў Тураве — магчыма, яго сваяк Тур).
Ёсць думка, што на Русі было дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[7][8][9], пры тым, што па мячы пазнейшыя Рагвалодавічы толькі галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі было дзве скандынаўска-славянскіх дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне Аповесці мінулых часоў пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі[10].
Аднак у 980 годзе наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч захапіў Полацк, забіў Рагвалода і далучыў Полацкае княства да Кіеўскай дзяржавы, лёс Тура не вядомы, але прыблізна з 988—990 гадоў у Тураве валадарыць ужо Святаполк, сын ужо кіеўскага князя Уладзіміра Святалавіча. Такім чынам, княствы на беларускіх землях страцілі незалежнасць.
Пасля таго, як у Полацку пачаў княжыць Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, унук Рагвалода, княства аднавіла сваю незалежнасць. Знаходзячыся на ажыўленым гандлёвым шляху, Полацкае княства скора ператварылася ў адно з вялікіх і моцных, а Полацк стаў буйным палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам, утварылася Полацкая епархія. Пачынаючы з Брачыслава Ізяславіча, сына Ізяслава, Полацкае княства пачало праводзіць актыўную знешнюю палітыку. Брачыслаў рабіў паходы ў Прыбалтыку. З Брачыслава пачынаюцца і канфлікты Полацкага княства з Кіеўскай Руссю. Пасля бітвы на Судоме, якая адбылася ў 1021 годзе паміж войскам Яраслава Уладзіміравіча і войскам Брачыслава Ізяславіча, была заключана мірная дамова, якая фактычна стала пацвярджэннем незалежнасці Полацка. Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула ў XI—XII стст. пры княжанні тут Усяслава Брачыславіча (1044—1101) і Барыса Усяславіча (1101—1128). Аднак у гэты час яно раздрабілася на ўдзелы — Менскі (кан. XI — пач. XII ст.), Віцебскі (пач. XII ст.), Друцкі, Лагожскі (Лагойск, другая пал. XII ст.).
Тураўскае княства — найбуйнейшае пасля Кіева, Ноўгарада і Полацка, займала вялікую тэрыторыю ў басейне ракі Прыпяць, знаходзілася ў залежнасці ад Кіева, звычайна вялікія князі кіеўскія давалі Тураў сваім трэцім сынам. 3 другой палавіны XII ст. Тураўскае княства набыло незалежнасць ад Кіеўскага княства і скора раздрабілася на ўдзелы, якія трапілі ў кола інтарэсаў галіцка-валынскіх князёў: Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае, Сцяпанскае княствы. У XIII ст. у залежнасці ад Турава-Пінскага княства былі такія княствы, як Капыльскае, Брагінскае, Клецкае, Нясвіжскае, Мазырскае, Рэчыцкае.
Каб вызваліцца з-пад улады Данілы Раманавіча Галіцкага, турава-пінскія князі ішлі на саюз нават з паганскай Літвой, якая хутка ўмацоўвалася ў Панямонні.
Смаленскае княства — адно з найбуйнейшых княстваў Русі. Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў XI ст., але да пачатку XII ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я г. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам (1125—1159 гг.). Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічу, Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 г. у княстве арганізавана самастойная епархія.
У другой палове XII ст., удала выкарыстоўваючы ўнутраны разлад у суседніх княствах, Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую і Ноўгародскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. На захадзе ва ўладанні Смаленскага княства увайшлі Крычаў, Прапошаск і Мсціслаў (у 1180 г. вылучыўся ва ўдзельнае Мсціслаўскае княства), а з 1116 г. — і адабраныя ў князя менскага Глеба Усяславіча Копысь і Орша. Смаленскі князь Давыд Расціславіч даволі ўмела выкарыстоўваў упартую барацьбу Полацкага і Менскага княстваў, што дазволіла яму ўмяшацца ва ўнутраныя справы ўдзельных княстваў. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195 гг.) і Друцк. Толькі пасля страты Друцка і Віцебска, у выніку ваеннага канфлікта, смаленскія князі перасталі прэтэндаваць на ўсходнія тэрыторыі полацкіх удзельных княстваў.
Лёс тэрыторый заходняй часткі Беларусі быў не менш складаным і супярэчлівым. Буйнейшым княствам тут з’яўлялася Гарадзенскае, з якога пазней вылучыліся Новагародскае, Ваўкавыскае. У сяр. XIII ст. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
Першыя згадкі пра гарады Беларусі:
|
|
У пачатку XIII ст. было ўтворана Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), якое ўключыла значную частку этнічных беларускіх зямель.
3 сярэдзіны XIII ст. ў дзяржаўнай пабудове зямель, адпаведных тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Землі Полацкага княства (на той час у яго ўваходзілі буйныя ўдзелы) былі ўключаны ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У аснове гэтага паступовага працэсу было мноства прычын, аднак галоўныя падпарадкаваліся мэце стварэння палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюза паміж Полацкай і Літоўскай землямі супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў. Канчаткова Полацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі, паводле дагавора, у 1307. У 1320 туды ўвайшло Віцебскае княства.
Працэс фарміравання Вялікага Княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб’яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі старажытнарускія формы кіравання дзяржавай з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.
Пасля смерці вялікага князя Гедзіміна (1341) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедзіміна Альгерд (час княжання 1345—1377). Яго намаганнямі ўладанні Вялікага Княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Валынскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. Пасля перамогі войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Альгердам над войскамі Залатой Арды ў, 1363 былі поўнасцю далучаны землі паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі, у тым ліку і ўладанні Тураўскага княства. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 да княства былі далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска і Каломны.
У 1377 на княжацкі прастол узыходзіць сын Альгерда Ягайла. 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам, яго сынам Вітаўтам і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 ў Крэўскім замку быў заключаны саюз (унія), паводле якога Ягайла быў абвешчаны польскім каралём і атрымаў новае імя Уладзіслаў I. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл.далей Крэўская унія). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гродзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай уніі. 5 жніўня 1392 было заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, казна, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства.
З канца 14 ст. вярхі ВКЛ узялі курс на саюз з Польшчай. Да 1430, падчас княжання Вітаўта, княства дасягнула максімальна вядомай магутнасці і тэрытарыяльнага пашырэння [11], аднак, скора пачало страчваць тэрыторыі, найперш на карысць Польшчы (паўднёва-заходнія рускія землі), а з кан. 15 ст. на ўсходзе на карысць Масквы.
Пасля Крэўскай уніі ВКЛ і Польшча аб’ядналіся на аснове дынастычна-персанальнай уніі пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне ўній (у 1401, 1413, 1446, 1501) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыцці абедзвюх дзяржаў такіх фактараў, якія падштурхоўвалі іх да збліжэння. У XV—XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні з Масквой, тым больш ВКЛ схілялася да аб’яднання з Польшчай. Няўдачы ў Лівонскай вайне, захоп войскам Івана Грознага Прыбалтыкі i Полацка адсекла ўсходнюю i цэнтральную часткі Беларусі ад мора, што было цяжкім ударам па гандлі. Сілы дзяржавы былі на мяжы магчымага. Гэта вайна, як адзначалі пазней палітыкі, прыгнала ВКЛ да новай уніі з Польшчай.
У 1569 годзе Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб’ядналіся на федэратыўнай аснове ў новую дзяржаву — Рэч Паспалітую.
Новая дзяржава, створаная ў выніку падпісання Люблінскай уніі, была федэратыўным аб’яднаннем. У ім суіснавалі колішнія землі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Кардынальныя змены адбыліся пасля прыняцця Брэсцкай царкоўнай уніі (1596). Паводле яе каталіцкая і праваслаўная цэрквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай аб’ядноўваліся ва ўніяцкую (ад уніі Брэсцкага царкоўнага сабора). Новая царква была падпарадкавана Папу Рымскаму.
У XVII ст. адбылося інтэнсіўнае распаўсюджанне каталіцкай і ўніяцкай цэркваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія (асабліва ўніяцкая) у хуткім часе сталі дамінуючымі (пераважна для вясковага насельніцтва). Суіснаванне трох канфесій (каталіцтва, уніяцтва і праваслаўя) вызначалася не толькі канфрантацыяй або адкрытай варожасцю, але і пэўнымі рысамі спаборніцтва, імкненнем пашырыць уплыў кожнай з цэркваў на як мага большае кола жыхароў. На культурнае жыццё Беларусі ў XVII ст. значнае ўздзеянне аказала Контррэфармацыя, носьбітам якой стаў ордэн езуітаў. Дзейнасць ордэна была неадназначнай, але ў асноўным яна спрыяла бурнаму ўздыму ў той час асветніцтва, адукацыі, літаратуры, тэатра, музыкі, архітэктуры, выяўленчага мастацтва. Менавіта ў асяроддзі езуітаў разгарнулася творчасць выдатных майстроў, палемістаў, пісьменнікаў, прапаведнікаў. Рух Контррэфармацыі спрыяў уваходжанню і засваенню беларускім мастацтвам і архітэктурай стылю барока.
XVII ст. на землях Беларусі было часам няспынных ваенных дзеянняў. Асабліва значнымі былі войны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай у 1609—1634 і 1654—1667 за землі на паўночным усходзе і поўдні Беларусі, за тэрыторыі Украіны. Толькі перамір’е, заключанае ў Андрусаве (1667), спыніла гэта супрацьстаянне. Але ўжо ў канцы XVII ст. узрасла напружанасць паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Гэта вылілася ў Паўночную вайну 1700—1721. Рэч Паспалітая выступала ў саюзе з Расіяй, але ваенныя дзеянні адбываліся галоўным чынам на тэрыторыі Беларусі. Складаныя знешнія абставіны, няспынныя аблогі гарадоў, пажары рабілі невыносным становішча насельніцтва Беларусі, якое выступала са зброяй супраць улад ці ратавалася ўцёкамі за межы дзяржавы.
Беларусь, знясіленая Паўночнай вайной, з бязлюднымі і разбуранымі гарадамі, спаленымі вёскамі ўяўляла жахлівае відовішча. Невыпадкова, на працягу XVIII ст. тут адбыліся моцныя сялянскія выступленні. Разам з анархічнай палітыкай магнатаў, вольнасцю шляхты гэта стварала ўмовы для правядзення буржуазна-дэмакратычных рэформ. У 1764 г. на каралеўскі прастол уступіў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (Аўгуст IV). Яго спробы па ўдасканаленні сістэмы кіравання дзяржавай не мелі поспеху. Шляхта па-ранейшаму не жадала бачыць той бездані, перад якой апынулася краіна. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца ўтварэнне так званай Барскай канфедэрацыі. Штуршком для яе сталі пастанова сейма 1768 аб свабодзе веравызнання, раўнапраўя рэлігій у Рэчы Паспалітай, забарона смяротнай кары прыгонных, якая выклікала аб’яднанне рэакцыйных магнатаў і шляхты, узброенае паўстанне. Рускі стаўленік Аўгуст IV звярнуўся за дапамогай да Расіі, што і было зроблена. Мяцеж быў падаўлены, але гэта наблізіла крах краіны. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, затым — яшчэ два (у 1793 і 1795). У выніку Рэч Паспалітая перастала існаваць як дзяржава. Землі Беларусі далучыліся да Расійскай імперыі.
Па выніках падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1772 была створана Беларуская губерня, на базе якой у 1802 было створана Беларускае генерал-губернатарства з Віцебскай і Магілёўскай губерній, якое праіснавала да 1856. У тым жа 1802 з Літоўскай і Мінскай губерній было створана Літоўскае генерал-губернатарства, якое праіснавала да 1812. Насельніцтва Беларусі на пачатак XIX ст. складала прыкладна 3,3 млн чалавек.
Уключэнне Беларусі ў моцны расійскі рынак спрыяла ажыўленню вытворчасці, развіццю прамысловасці і гандлю, сельскай гаспадаркі. Разам з тым у XIX ст. пачаўся перыяд гвалтоўнай русіфікацыі, ушчамлення ў правах насельніцтва каталіцкага і ўніяцкага веравызнання.
Урады ЗША і краін Антанты афіцына прызналі неабходнасць ліквідацыі маладой савецкай дзяржавы. На канферэнцыі краін Антанты, якая адбылася 30 лістапада 1917 года ў Парыжы, французскі маршал Фердынанд Фош прапанаваў праграму ўзброеннага звяржэння савецкай улады. У гэтых мэтах было вырашана аказаць дапамогу ўнутраным антысавецкім сілам, а затым пачаць ваенную інтэрвенцыю пад прыкрыццём неабходнасці аднаўлення антыгерманскага фронту на Усходзе. ЗША і краіны Антанты пагадзіліся пачаць перамовы з Германскай імперыяй аб прыцягненні яе да барацьбы супраць савецкай Расіі. Яны пагадзіліся зрабіць Германіі ўступку на Захадзе, каб даць ёй свабоду дзеяння на Усходзе.
Урадавыя колы Германскай імперыі з задавальненным успрынялі такі крок ЗША і краін Антанты. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі германскія правячыя колы вызначылі новыя палітычныя і вайсковыя мэты. Адначасова з анексіянісцкай палітыкай яны ставілі задачу ліквідацыі савецкай улады і прадухілення ўплыву рэвалюцыі на Германскую імперыю. Разглядаючы перамогу савецкай улады як небяспеку для Германскай імперыі, генерал Э. фон Людэндорф лічыў неабходным неадкладна «знішчыць савецкую Расію»[12]. Лідар кансерватыўнай фракцыі ў рэйхстагу К. фон Вестарп заявіў, што палітыка Германіі павінна зыходзіць выключна з жыццёвых інтарэсаў імперыі і яна абавязана замацаваць за ёю «ўсё, што заваяваў меч»[13].
Германская імперыя пагадзілася быь галоўнай ударнай сілай антысавецкай інтэрвенцыі. Фельдмаршал П. фон Гіндэнбург заклікаў «дзейнічаць хутка і неадкладна. Барацьба на захадзе працягнецца доўга. Мы павінны выслабіць усе сілы. Таму мы павінны разбіць русскіх…»[14]. Дэлегацыя Германскай імперыі на перамовах у Брэст-Літоўску ўсё больш узмацняла свае патрабаванні. 5 студзеня 1918 года яна запатрабавала аддзяліць ад савецкай Расіі тэрыторыі ў больш чым 150 тыс. км².
16 лютага 1918 года Германія паведаміла савецкай Расіі аб сканчэнні тэрміну перамір’я і пачатку «стану вайны». Германія мела намер вырашыць дзве асноўныя залачы: ліквідаваць савецкую ўладу, рэстаўрыраваць у той ці іншай форме ранейшыя парадкі Расійскай імперыі, далучыць да Германіі тэрыторыі Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. 18 лютага яна аднавіла ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. Цэнтральная групіроўка, касцяком якой была 10-я армія і XLI корпус, рухалася ў напрамку Мінск—Смаленск, а XXI корпус — на Гомель. Разам з нямяцкімі войскамі выступілі ўцалелыя часці польскага корпуса Ю. Доўбар-Мусніцкага, якія рушылі з Бабруйска ў бок Мінска. 18 лютага У. Ленін накіраваў нямецкаму боку радыёграму, у якой пагаджаўся падпісаць мір на іх умовах.
Германская інтэрвенцыя ўяўляла сур’ёзную пагрозу не толькі новаму ладу, але і існаванню самой дзяржавы. 21 лютага 1918 года, у дзень, калі быў захоплены Мінск, У. Ленін ад імя СНК РСФСР звярнуўся да працоўных з заклікам: «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы», у якім раскрывалася ўся глыбіня пагрозы, што навісла над Рэспублікай Саветаў, фармуляваўся канкрэтны план барацьбы з агрэсарам.
На цэнтральным напрамку супраць германскай арміі выступілі Віцебскі, Аршанскі і Магілёўскі рэвалюцыйныя атрады, 2-я рэвалюцыйная армія пал камандаваннем Р. Берзіна. Рэвалюцыйныя часці і атрады, якія фарміраваліся, займалі пазіцыі каля Полацка, Барысава, Бабруйска, Жлобіна, Калінкавіч. У тыле нямецкіх войскаў пачалі дзейнічаць першыя рэвалюцыйныя партызанскія атрады. Не сустрэўшы сур’ёзнага супраціву, нямецкая армія за тыдзень, выкарыстоўваючы жалезныя дарогі, прасунулася на больш чым 240 км. Да пачатку сакавіка 1918 года наступленне нямецкай арміі на тэрыторыі Беларусі было затрымана рэвалюцыйнымі войскамі на лініі Орша — Магілёў — Гомель. У сваім дзённіку генерал Хофман 22 лютага пісаў: «Гэта самая смешная вайна, якую я калі-небудзь ведаў. Мы змяшчам жменьку пяхоты з кулямётамі і адным пісталетам у цягнік і адпраўляем іх на наступную станцыю; яны бяруць яе, бяруць у палон бальшавікоў, збіраюць яшчэ групу войскаў і гэтак далей»[15]. У такіх умовах урад Савецкай Расіі вымушана пайшоў на заключэнне мірнага дагавору з Германіяй. 3 сакавіка 1918 г. савецкая дэлегацыя падпісала Брэсцкі мір. Для аховы заходніх граніц Вышэйшы ваенны савет стварыў загараджальны ўчастак «завесы» у які ўвайшлі Віцебскі, Аршанскі, Смаленскі атрады, Раслаўльская і Бранская групы рэвалюцыйных атрадаў[16].
Згодна з умовамі дагавора, пад германскай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі. Згодна з умовамі Брэсцкага міру, неакупіраванымі засталіся толькі 6 паветаў: Клімавіцкі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Віцебскі, Гарадоцкі і частка Горацкага, Магілёўскага, Аршанскага, Быхаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Лепельскага і Сенненскага паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Пазней Гомельскі, Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы па загаду нямецкіх акупацыйных улад далучылі да гетманскай Украіны.
У афіцыйных зваротах і загадах германскія ўлады неаднаразова нагадвалі аб сваёй «вызваленчай місіі». Акупацыйныя ўлады адмянілі дэкрэты савецкай улады. Загадам міністра земляробства Германскай імперыі ад 8 чэрвеня 1918 года аднаўлялася памешчыцкая ўласнасць. Памешчыкам вярталіся землі, якія належалі ім раней, а таксама інвентар, маёнткі, лясныя ўгоддзі. Каб вярнуць свае былыя маёнткі і маёмасць, памешчыкі нярэдка прыбягалі да кантрыбуцый. У раёне Полацка за вырубку памешчыцкага лесу сялян абавязалі плаціць па 6 руб. за кубічны сажань. У в. Юравічы Рэчыцкага павета былы ўпраўляючы памешчыцкім маёнткам Краснаполле пачаў спаганяць з сялян кантрыбуцыю за сена, якое яны сабралі летам 1917 г. Сялянам вёсак Юравічы і Краснаполле трэба было заплаціць агульную суму 68 тыс. руб.[17]
Былі зачынены многія прадпрыемствы прамысловасці, а абсталяванне і сыравіну вывезлі ў Германію. Толькі ў Мінску імі былі закрыты лесапільны, скураны, дрожджавы заводы, тытунёвыя фабрыкі, розныя майстэрні.
На гэтай глебе паміж акупацыйнымі ўладамі і органамі мясцовага самакіравання часта ўзнікалі непаразуменні. Эсэры і меншавікі, якія стаялі на чале мясцовага самакіравання, патрабавалі ад акупацыйных улад захавання «дэмакратыі» і «свабоды». У адказ, доўга не разважаючы, акупацыйныя ўлады іх проста замянілі на былых членаў Саюза зямельных уласнікаў і іншых ранейшых прадстаўнікоў улады. 3 мэтай мець пэўную апору германская акупацыйныя адміністрацыя садзейнічала аднаўленню кадэцкай партыі, Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арганізацый. Пэўная іх частка, заахвочаная акупацыйнымі ўладамі, дамагалася чысткі мясцовага самакіравання. Эсэраўская газета «Дело труда» 9 сакавіка 1918 г. пісала, што цэнзавыя элементы, карыстаючыся падтрымкай акупацыйнай адміністрацыі, рыхтуюцца «зрабіць напад на самае каштоўнае заваяванне рускай рэвалюцыі — дэмакратычнае самакіраванне».
У сакавіку 1918 года германскія акупацыйныя ўлады правялі чыстку міліцыі. 3 яе радоў у першую чаргу выганяліся тыя, хто падазраваўся ў сувязях з бальшавікамі. У многіх гарадах міліцыю зусім ліквідавалі або замянілі земскай вартай і ўраднікамі. У чэрвені 1918 года разагнаную Мінскую гарадскую думу замянілі магістратам, у склад якога ўключылі ў асноўным лаяльных да нямецкіх улад прадстаўнікоў буржуазіі і памешчыкаў. У сельскай мясцовасці земскія ўправы замяняліся валаснымі старшынямі і паліцыяй.
У некаторых месцах ствараліся ўстановы па германскаму ўзору — крайсландтагі (акруговыя саветы). У іх склад падбіраліся пераважна прадстаўнікі буржуазных партый, былыя манархісты, заможныя сяляне[18]. Яны ж занялі вядучыя пазіцыі ў створанай судовай сістэме. У склад павятовага суда ўваходзілі толькі прадстаўнікі буржуазіі і памешчыкаў. Германскі начальнік павета з’яўляўся вышэйшай судовай інстанцыяй у гэтай адміністрацыйнай адзінцы, яму належала права зацвярджаць рашэнні валасных і павятовых судоў. У такіх органах самакіравання нямецкая адміністрацыя бачыла трывалую апору створанага ёю рэжыму.
У мэтах падаўлення ў народзе ўсялякага рэвалюцыйнага настрою і імкнення да супраціўлення акупацыйныя ўлады прыбягалі да рэпрэсій. Найбольш жорсткія праследаванні цярпелі бальшавікі і дэпутаты мясцовых Саветаў. Так, у занятым мястэчку Мір Мінскай губерні нямецкая шлада перш за ўсё разагнала Савет, закрыла клуб, знішчыла бібліятэку. Усіх, хто выходзіў на вуліцы, арыштоўвалі. Начальнік Дзісенскага павета Вірцэль у загадзе ад 18 кастрычніка 1918 г. пісаў: «Гора таму сялу або асобнай гаспадарцы, з якога трапіў бы хто насустрач бальшавіцкім арганізацыям і аказаў бы ім садзейнічанне чымсьці… Такія сёлы і гаспадаркі будуць змятацца з зямлі і месцы кары будуць перапоўнены іх трупамі». На тых, хто спачуваў бальшавікам, накладваліся цялесная кара і штраф: за слова «бальшавік» — 25 розгаў, за слова «таварыш» — штраф 25 руб. Вясной 1918 года на заводах і фабрыках пракацілася хваля забастовак. У многіх месцах забастоўкі перараслі ва ўзброенную барацьбу. Так, 15 ліпеня 1918 года забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў, аб’яўленая ў знак салідарнасці з усеагульнай забастоўкай чыгуначнікаў Украіны, перарасла ва ўзброеную сутычку[19]. Па тэрыторыі Навагрудскага, Баранавіцкага, Слуцкага, Быхаўскага, Рэчыцкага, Бабруйскага паветаў пракацілася хваля сялянскіх выступленняў.
Імперская палітыка кайзераўскай Германіі, што праводзілася на акупіраваных тэрыторыях, фарміравалася ў Берліне. У адзін з майскіх дзён 1918 г. у адбылася сакрэтная нарада прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў, міністэрства фінансаў, Імперскага банка і вярхоўнага галоўнакамандуючага з удзелам кіраўнікоў «Дрэздэн банк», «Дойчэ банк», канцэрнаў Сіменса, Крупа і «Феніксшталь». На нарадзе было разгледжана пытанне аб распрацоўцы шырокага плана забеспячэння Германскай імперыі свайго пануючага становішча на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Нарада прызнала неабходным у першую чаргу забяспечыць германскі ўплыў на буйных транспартных прадпрыемствах (чыгуначныя дарогі, асабліва буйныя веткі на ўсходнім напрамку і рачныя шляхі).
На момант Лютаўскай рэвалюцыі тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена лініяй расійска-германскага фронту на ўсходнюю (да 75 % сучаснай тэрыторыі) і заходнюю часткі. На ўсходняй частцы тэрыторыі пасля Лютаўскай рэвалюцыі і адрачэння Мікалая II дзейнасць старога дзяржаўнага апарату была паралізавана, як і паўсюдна ў Расійскай імперыі. Пачалася палітызацыя, стыхійная дэмакратызацыя і анархізацыя жыцця.
Незалежніцкія настроі ў беларускім руху 1917 — пачатку 1918 гг. былі ў значнай ступені выкліканы палітыкай Часовага ўрада Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статусу аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народа. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з’езду і пасля таго, як 3-і Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918 г.) ухваліў гэты разгон.
25 сакавіка 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку (БНР).
Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць. Пасля ліквідацыі войскамі Чырвонай Арміі БНР у снежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні беларускай савецкай рэспублікі. 30-31 снежня 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б) (гл. I з’езд КП(б)Б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У склад гэтага ўтварэння ўвайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, заходнія паветы Смаленскай, беларускія паветы Віленскай, Ковенскай і Чарнігаўскай губерняў. Сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня З. Жылуновіч), маніфестам якога 1 студзеня 1919 Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада і ўрад БНР аб’яўлены па-за законам. Такім чынам, партыйная канферэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу і парламента Беларусі.
Існаванню беларускай дзяржаўнасці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай дзяржавы, як у Маскве, так і на месцах.
На Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ў Мінску 2-3 лютага 1919, была прынята Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, з’езд пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія перайшлі ў склад РСФСР. Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў, што прыбыў на з’езд, патрабаваў аб’яднання Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў». Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў і гэта патрабаванне.
27 лютага 1919 на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай і Віцебскай губерняў. Фактычна ССРБ — БССР перастала існаваць.
Услед за наступленнем Польшчы ў 1919 і польска-савецкай вайной у 1920 Беларусь была ізноў падзеленая паводле Рыжскага мірнага дагавора (18.3.1921). Каля 100 тыс. км² тэрыторыі Беларусі адышло да Польшчы, на астатняй тэрыторыі (107 тыс. км²), дзе пражывала каля 5 млн беларусаў, была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР), якая ў 1922 увайшла ў СССР.
Рэспубліка Сярэдняя Літва — дзяржаўна-палітычнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920—1922 гадах. Рэспубліка з’яўлялася апошняй спробай аднавіць Літву ў гістарычным і канфедэратыўным сэнсе (таксама планавалася стварэнне Літвы Верхняй і Літвы Ніжняй). Стварэнне дзяржавы стала магчымым пасля «Бунту Жалігоўскага» (польск.: bunt Żeligowskiego) дзякуючы Першай Літоўска-Беларускай дывізіі польскай арміі пад кіраўніцтвам ураджэнца Ашмяншчыны Люцыяна Жалігоўскага.
Базіруючыся ў гістарычнай сталіцы Вялікага Кнства Літоўскага, Вільні (сёння Вільнюс), дзяржава на працягу 18 месяцаў была буфернай зонай паміж Польшчай, ад якой залежала ды Летувай, якая сцвярджала свае правы на гэтую тэрыторыю.[20]
Пасля некаторых затрымак звязаных з пратэстам Лігі Нацый якая планавала ўвод міжнародных войск, 8 студзеня 1922 адбыліся выбары ў Сойм і тэрыторыя рэспублікі была анесавана Польшчай. Люцыян Жалігоўскі пазней у сваіх мемуарах выдадзеных у Лондане ў 1943 годзе асудзіў палітыку анексіі, палітыку закрыцця беларускіх школ ды адмаўлення ад канфедэратыўных планаў маршалка Пілсудскага польскім «саюзнікам».[21]
9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генэрал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыньнікаў на літоўскай зямлі. Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы літвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцьці зьвязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое. Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Таксама генерал захапляўся ідэямі панславізму:
Але не толькі геаграфічна Літва была сэрцам славянства. Была ім маральна. Яна, адна з усіх славянскіх народаў, магла лёгка пагаварыць з усімі. Як з Польшчай, так з Расіяй, так з Украінай. Ўклад псіхічны літоўскіх народаў быў як бы створаны каб прымірыць усіх. У яго ніколі не было варожасці, ні нацыянальнай, ні рэлігійнай, ні культурнай. Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Некалькімі ж дзесяцігоддзямі раней у пратаколе допыту 19-гадовага рэвалюцыянера 10 сакавіка 1887 года пазначана, што Пілсудскі казаў:[22]
Завуць мяне Осіп Осіпавіч Пілсудскі; ад роду маю 19 гадоў; паходжанне і народнасць дваранін, беларус… Пратакол допыту Юзэфа Пілсудскага ад 10 сакавіка 1887 г. |
Заходняя Беларусь адышла да Другой Рэчы Паспалітай паводле Рыжскага мірнага дагавора паміж Другой Рэччу Паспалітай з аднаго боку і Расіяй і Украінай з другога. Сучасныя Брэсцкая, Гродзенская, часткі Мінскай і Віцебскай абласцей знаходзіліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай да 17 верасня 1939 года.
У канцы 1920-х праводзіўся курс саветызацыі Беларусі, індустрыялізацыя і калектывізацыя ў 1930-я адарвалі ад зямлі сотні тысяч беларусаў, якія перасяліліся ў гарады Беларусі і на ўсход СССР.
Другая сусветная вайна (1939—1945) пачалася для Беларусі 1 верасня 1939, калі нямецкія войскі атакавалі Другую Рэч Паспалітую (гл. Польская абарончая вайна 1939), у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь. Беларусы з першага дня вайны прынялі ўдзел у змаганні — у радах арміі Другой Рэчы Паспалітай.
17 верасня 1939 ва ўсходнюю частку Польшчы былі ўведзены войскі СССР. Згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа Заходняя Беларусь была ўключана ў склад СССР і далучана да БССР. Гл. таксама: Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
22 чэрвеня 1941 пачалася вайна паміж Германіяй і СССР. Нямецкія войскі менш чым праз тыдзень баёў дайшлі да Мінска і ўзялі яго. Гл. таксама: Абарончая аперацыя на Беларусі, 1941.
У выніку вайны і акупацыі Беларусь панесла вялікія страты, амаль усё гарады былі зруйнаваны, прамысловыя прадпрыемствы разбураныя, загінула 2,225 млн жыхароў краіны.
Пасля заканчэння вайны на тэрыторыі Беларусі яшчэ некалькі гадоў дзейнічалі асобныя антысавецкія ўзброеныя групы, якія праводзілі дыверсіі і тэрарыстычныя акты[23] Некаторыя з гэтых груп мелі сувязі з заходнімі спецслужбамі. Супраць антысавецкіх фарміраванняў атрады НКУС праводзілі баявыя аперацыі (гл. Беларуская вызваленчая армія).
У 1950 г. колькасць беларусаў у гарадах Беларусі перавысіла ўдзельную вагу іншых этнічных груп (рускіх, палякаў і яўрэяў). Хрушчоўская «адліга» была для Беларусі супярэчлівым перыядам — з аднаго боку, тысячы палітвязняў, у т. л. і вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры, вярталіся з лагераў, але адначасова ўзмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыццё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазней, у 1959 г., была абвешчаная М. Хрушчовым падчас яго візіту ў Мінск праграмнай лініяй КПСС. Але грамадская атмасфера пасля XX з’езду КПСС спрыяла фарміраванню меркавання, што адкрытымі і публічнымі зваротамі можна дасягнуць пэўных змен[24]. Да 1970-х рэспубліка ператварылася ў развіты эканамічны раён СССР. Па меры ўрбанізацыі і росту прамысловасці ўзмацніўся працэс асіміляцыі беларусаў. Дзяржаўная палітыка асветы і адукацыі спрыяла гэтаму працэсу, т.к. тыражы рускамоўных выданняў узрасталі, а ў пераважнай большасці школ руская мова стаў асноўнай мовай навучання.
15 снежня 1986 г. група творчай інтэлігенцыі Беларусі (28 чал., у т.л. В. Быкаў, Н. Гілевіч, Р. Барадулін) накіравала на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачова пісьмо з прапановамі па паляпшэнні становішча нацыянальнай мовы ў рэспубліцы. У чэрвені 1987 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (134 чал.) накіравалі Гарбачову новы ліст пра сітуацыю з беларускай мовай і культурай. Пытанні нацыянальнага адраджэння набывалі палітычнае значэнне ў дзейнасці Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ), Таварыства беларускай мовы іншых арганізацый і аб’яднанняў.
На выбарах 1990 камуністычнай партыі атрымала большасць месцаў у Вярхоўным Савеце. Аднак удзел іншых сіл раскалоў парламент на тры блокі: камуністычна-наменклатурны; антыкамуністычны; умераных па поглядах інтэлігентаў і радавых членаў кампартыі. На агульнасаюзным рэферэндуме ў сакавіку 1991 каля 83 % жыхароў Беларусі прагаласавалі за захаванне СССР. Становішча змянілася ў выніку спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве ў жніўні 1991. Кіраўніцтва рэспублікі і ЦК Камуністычнай партыі Беларусі не выступілі з асуджэннем перавароту, але пасля яго падаўлення вымушаныя былі рэагаваць на перамены і пачатак распаду Савецкага Саюза. лідар камуністычна-наменклатурнга блока ў ВС БССР Мікалай Дземянцей быў вымушаны пайсці ў адстаўку з пасады старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета, яго месца заняў лідар умераных Станіславаў Шушкевіч.
27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла сваю незалежнасць: Вярхоўны Савет БССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня Дэкларацыі быў нададзены канстытуцыйны статус.
Прымаецца закон «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР» і пастанова аб спыненні дзейнасці КПБ.
На пасаду старшыні Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь узышоў Станіслаў Шушкевіч. 19 верасня 1991 года краіна атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны новыя дзяржаўныя сімвалы — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.
10 ліпеня 1994 года першым прэзідэнтам краіны быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой пасаду Прэзідэнта па выніках выбараў у 2001, 2006, 2010 і ў 2015 годзе.
24 лістапада 1996 года па ініцыятыве прэзідэнта і Вярхоўнага Савета прайшоў рэферэндум. Яго вынікам стала прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт выступае кіраўніком дзяржавы і гарантам Канстытуцыі. Яму нададзена права заканадаўчай ініцыятывы. Згодна новай рэдакцыі Канстытуцыі створаны двухпалатны парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў — і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў.
19—20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся першы Усебеларускі народны сход, які зацвердзіў «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады». Галоўная мэта, якая вызначаецца ў гэтым дакуменце, — пераадоленне крызісных з’яў у эканоміцы.
На падставе змен Канстытуцыі краіны Вярхоўны Савет быў рэарганізаваны, з яго дэпутатаў была створана Палата прадстаўнікоў першага склікання. Частка дэпутатаў адмовілася працаваць у Палаце.
2 красавіка 1997 года быў створаны Саюз Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету. Працэс будаўніцтва саюзнай дзяржавы ідзе вельмі марудна, што звязана з эканамічнымі і палітычнымі супярэчнасцямі паміж краінамі.
У 1999 годзе адбыліся знікненні апазіцыйных палітыкаў, расследаванні якіх так і не былі завершаны.
У кастрычніку 2000 года адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія байкатаваліся апазіцыйнымі партыямі. У верасні 2001 года адбыліся другія прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх А. Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Беларусі на другі тэрмін.
17 кастрычніка 2004 года адбыліся чарговыя парламенцкія выбары, на якіх былі абраныя 107 з 110 дэпутатаў. З кандыдатаў апазіцыйнай кааліцыі «Пяць плюс» не быў абраны ні адзін дэпутат.
У кастрычніку 2004 года на рэферэндуме было знята абмежаванне ў два тэрміны на знаходжанне на пасадзе прэзідэнта.
28 верасня 2008 года адбыліся чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, на якіх зноў апазіцыйныя кандыдаты не ўвайшлі ў склад парламента. Заходнія краіны прызналі выбары не адпаведнымі дэмакратычным стандартам, але заўважылі станоўчыя зрухі. У 2008—2009 гадах Беларусь удзельнічала ў праграме Усходняе партнёрства разам з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. Была адменены забарона на ўезд у краіны ЕС шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у выніку чаго Лукашэнка наведаў Італію і Ватыкан, а Сямашка і Мартынаў удзельнічалі ў саміце Усходняга партнёрства.
19 снежня 2010 года адбыліся чацвёртыя прэзідэнцкія выбары. Аляксандр Лукашэнка быў абраны на чацвёрты тэрмін. Пасля выбараў апазіцыйнымі кандыдатамі быў арганізаваны на Кастрычніцкай плошчы мітынг, які перайшоў, на думку суда, у масавыя беспарадкі.
11 красавіка 2011 года Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым у Мінску быў здзейснены тэракт, у выніку якога загінула 15 чалавек. 16 сакавіка 2012 года да іх была прыменена вышэйшая мера пакарання — смяротнае пакаранне. Працэс па гэтай справе выклікаў шырокі грамадскі рэзананс.
У 2011 годзе ў Беларусі выліўся фінансавы крызіс, рэзка ўзраслі кошты, абвешчаная дэвальвацыя беларускага рубля. Краіну ахапілі акцыі пратэсту, якія былі падушаныя ўладамі.
1 студзеня 2012 года на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Казахстана створана Адзіная эканамічная прастора.
1 студзеня 2015 года Расія, Беларусь, Казахстан і Арменія аб’ядналіся ў ЕАЭС.
1 ліпеня 2016 года прайшла дэнамінацыя беларускага рубля.
У 2017 годзе праходзілі акцыі пратэсту супраць Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
У 2020 годзе адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх быў афіцыйна абвешчаны Аляксандр Лукашэнка; пасля выбараў пачаліся самыя масавыя пратэсты ў гісторыі незалежнай Беларусі. Падчас акцый пратэсту загінулі некалькі чалавек.
23 мая 2021 года адбыўся Інцыдэнт з рэйсам Ryanair 4978. Калі самалёт знаходзіўся над Беларуссю, ён быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у суправаджэнні ваеннага знішчальніка. Тут быў затрыманы беларускі апазіцыйны актывіст, былы рэдактар тэлеграм-канала «NEXTA» Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега.
24 лютага 2022 года Расія афіцыйна пачала ўварванне ва Украіну. Беларусь падала для расійскага войска сваю тэрыторыю, што было пацверджана ўладамі краіны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.