Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гістарычная палітыка Беларусі — афіцыйная інтэрпрэтацыя гістарычных падзей, зацверджаная ў Рэспубліцы Беларусь.
У перабудоўныя гады пачаліся актыўныя спрэчкі вакол беларускай гісторыі, вынікам якіх стала пабудова ў першай палове 1990-х наратыву на этнічнай аснове. Шмат у чым на гэта паўплывала партыя БНФ. У яе праграмных дакументах заяўлялася аб наяўнасці шматвяковай гісторыі краіны. У фарміраванні нацыі, на думку прыхільнікаў партыі, значную ролю адыгралі Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Беларуская Народная Рэспубліка[1].
Калі ў Беларускай ССР сцвярджалася, што паўнавартаснае існаванне беларуская нацыя атрымала толькі пры савецкай уладзе, то пасля распаду СССР дадзеная канцэпцыя была радыкальна перагледжана. Спачатку ў гістарычнай навуцы, а затым і ў сістэме адукацыі ўзялі верх погляды, характэрныя для прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Карані сучаснай Беларусі пачалі шукаць у часах Сярэднявечча, што дасягалася за кошт «удрэўнення» нацыянальнай гісторыі. Вытокі беларускай дзяржаўнасці пачалі ўзводзіць да часоў Полацкага княства ІХ—XIII стагоддзяў. У якасці «залатога веку» прапанаваны перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Прадпрымаліся спробы аднесці да беларускіх сярэднявечных дзяржаў і Смаленскае княства[2].
Адным з ключавых крокаў у гістарычнай палітыцы стала ўвядзенне ў 1993 годзе асобнага курсу па гісторыі краіны. Важнае значэнне набыла дыскусія аб індэнтычнасці беларусаў. У гэты перыяд зацвярджаецца ідэя філосафа І. У. Канчэўскага пра Беларусь, як пра «мост» паміж Усходам і Захадам. Самабытнасць народа бачылася ў тым, што ён не далучыўся ні да аднаго з гэтых палюсоў, адхіліў крайнасці і сінтэзаваў дасягненні абодвух культур[3].
Паралельна пачынаецца супрацьстаянне паміж прадстаўнікамі праеўрапейскай/нацыянальнай і прасавецкай/прарасійскай арыентацый. Канфлікт адбіўся на гістарычнай свядомасці насельніцтва. Першыя грунтаваліся на нацыянальна-дэмакратычных пачатках, выступалі за пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Іх погляды ўтрымлівалі часам антырасійскія элементы. Як адзначыў нямецкі гісторык Райнер Лінднер, асаблівая ўвага надавалася бітве пад Оршай 1514 года. Другія бачылі Беларусь як неад’емную частку СССР, Расія, «рускага свету». Адрозненні з расійскай інтэрпрэтацыяй гісторыі выклікалі ў іх непрыязнасць. Апанентаў абвінавачвалі ў паланафіліі, а беларускую мову лічылі дыялектам рускай[4].
Пазней, у процівагу абодвум фракцыям, аформіўся новы лагер. Яго прадстаўнікі імкнуліся прымірыць старыя савецкія і новыя нацыянальныя падыходы, ураўняць у правах рускую і беларускую мовы[5].
У другой палове 1990-х гадоў, у сувязі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, гістарычная палітыка зведала змены. Пасля рэферэндуму 1995 года краіна ўступіла на шлях фарміравання грамадзянскай (палітычнай), а не этнічнай мадэлі нацыі. Этнічны кампанент (беларуская мова), як і ў гісторыі Беларусі савецкага перыяду, стаў адыгрываць другарадную ролю. Намеціўся прыкметны паварот і ў афіцыйнай гістарычнай палітыцы. Улады сталі больш актыўна выказвацца на гістарычныя тэмы, імкнуліся распаўсюджваць уласныя падыходы да ацэнкі падзей мінулага. Аўтаномія прафесійнай гістарычнай супольнасці стала прыкметна скарачацца. У дзяржаўных установах навукі і адукацыі назіралася скарачэнне ўплыву пазіцый гісторыкаў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку[5].
У гэты перыяд часткова вярнуліся да старых савецкіх установак. Апынуліся запатрабаваныя і ўяўленні аб Беларускай ССР як пра «першую беларускую дзяржаву»[6].
Найбольш адчувальнай тэмай у гістарычных дыскусіях заставалася Вялікая Айчынная вайна. Варта адзначыць, што радыкальныя спробы шэрагу гісторыкаў і публіцыстаў зацвердзіць новыя падыходы да асвятлення падзей таго перыяду не атрымалі падтрымкі ні ва ўладзе, ні ў шырокіх слаёў грамадства. Кіраўніцтва дзяржавы лічыла, што Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца адным з базавых сімвалаў калектыўнай памяці беларусаў і крыніцай яго палітычнай легітымнасці, выкарыстоўваючы гэтую акалічнасць для ўмацавання шырокай падтрымкі сваіх пазіцый з боку насельніцтва[5].
На гістарычную палітыку шмат у чым паўплывала збліжэнне ў адносінах з Расіяй. Пачынаючы з 1997 года сталі выходзіць падручнікі і навучальныя дапаможнікі новага пакалення, аўтары якіх імкнуліся пазбягаць «радыкалізацыі гістарычнага мінулага». Асабліва старанна ўдакладняліся пазіцыі пры падрыхтоўцы публікацый па гісторыі Расіі[7].
У пачатку 2000-х у беларуска-расійскіх адносінах адбыліся спрэчкі. Новая інфармацыйная павестка ў абедзвюх краінах пераканала значную частку беларускага грамадства, якая адносілася да ліку цвёрдых прыхільнікаў афіцыйнага курсу, у наяўнасці ў беларускай нацыі ўласнага, адрознага ад Расія шляху развіцця[8]. У 2014—2015 гады на гістарычны і культурны дыскурс паўплывала вайна на Данбасе. Украінскія падзеі прынеслі з сабой новыя выклікі для беларускіх элітаў, прымусіўшы іх звярнуцца да механізмаў самазахавання. Усё больш выразна праглядаўся тактычны саюз паміж кіруючымі коламі і нацыяналістычнай апазіцыяй[9].
У сувязі з гэтым адзначаўся павольны, але прыкметны зрух улады ў бок нацыянальнай версіі беларускай гісторыі, які прадыктаваны рэальнымі задачамі ўмацавання незалежнасці краіны. Урад разумеў, што паспяховае развіццё немагчыма без «гераічнага мінулага»[8], вярнуўшыся да «ўдрэўнення» гісторыі і культуры, пошуку новых аб’ектаў нацыянальнай памяці і аб’ядноўваючых сімвалаў[6].
Спрэчкі з Масквой не раз змушалі Лукашэнку прагматычна ставіцца да абавязанняў расійска-беларускага саюза. З 2008 года назіраўся дрэйф у бок «мяккага нацыяналізму». А ў 2012 годзе, на фоне святкавання 1150-годдзя расійскай дзяржаўнасці, улады Беларусі вырашылі шырока адзначыць 1150-годдзе Полацка[10]. Праявамі рэальных зрухаў у гістарычнай палітыцы сталі: аднаўленне палацава-паркавых ансамбляў у Нясвіжы і Міры, гарадскіх ратуш у Мінску (2003) і Магілёве (2008), усталяванне ў цэнтры беларускай сталіцы скульптуры войта (2014), прысвечанай атрыманню Мінскам Магдэбургскага права, помнік Альгерду ў Віцебску. Дадзеныя крокі сведчылі аб прызнанні важнасці многіх гістарычных падзей да ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Асаблівая ўвага да прыродна-архітэктурных аб’ектаў сярэднявечнай Беларусі была адлюстравана ў дзяржаўнай праграме «Замкі Беларусі». Яна праводзілася ў 2012—2018 гадах і прадугледжвала вылучэнне дзяржаўных сродкаў на аднаўленне цэлага шэрагу гістарычных аб’ектаў у краіне[11].
У 2018 годзе Інстытут гісторыі НАНБ распрацаваў «Канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці» — праграмны дакумент, зацверджаны на нацыянальным узроўні. У адпаведнасці з ёй, Кіеўская Русь, Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя — гістарычныя формы дзяржаўнасці на беларускіх землях. У іх рамках паступова фармавалася «дзяржаўнасць беларускага народа, якая знайшла ўвасабленне ў нацыянальных формах: Беларуская Народная Рэспубліка, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь». Пераломным момантам у палітычным жыцці краіны названая Першая сусветная вайна, якая рэзка абвастрыла нацыянальнае пытанне[12].
У лютым 2022 года створаны Савет па гістарычнай палітыцы, які стаў адказным за трактоўку мінулага краіны. У гэты ж час у дзяржаве прайшоў рэферэндум па прыняцці новай Канстытуцыі. У новай рэдакцыі згаданая і гістарычная памяць. Па Канстытуцыі дзяржава абавязана ўдзельнічаць у працэсе функцыянавання гістарычнай памяці (Артыкул 15). Як і раней, найважнейшае месца заняла Вялікая Айчынная вайна. Вакол яе выбудавана патрыятычнае выхаванне, менавіта да яе часцяком апелююць улады[13].
Станам на пачатак 2020-х наратыў перамогі ў Другой сусветнай стаў ключавым кампанентам дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. Гісторыкамі значная ўвага надавалася комплекснаму даследаванню савецкага партызанскага і падпольнага руху ў гады вайны на беларускіх землях. У змястоўным аспекце дыскурс перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне згуляў ролю вялікага наратыву, які сакралізуе гераізм, ахвярнасць і маральнае адзінства ў барацьбе са знешнім ворагам[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.