From Wikipedia, the free encyclopedia
Этні́чная тэрыто́рыя белару́саў — тэрыторыя кампактавага расьсяленьня беларусаў як этнасу, зь якой мае повязі іхныя этнагенэз і этнічная гісторыя. Геаграфічнае асяродзьдзе, якое належыць этнічнай тэрыторыі, гэта ня толькі прастора пражываньня, але і жыцьцёвая аснова, якая абумоўлівае спэцыфіку матэрыяльнай (гаспадарчыя заняткі, тыпы пасяленьняў, асаблівасьці прасторавых кантактаў) і духоўнай культуры.
На пачатак ХХ стагодзьдзя, паводле навуковых дасьледаваньняў, якія ў асноўным пацьвярджаліся зьвесткамі афіцыйных перапісаў насельніцтва, беларусы складалі большасьць жыхароў гістарычных Смаленшчыны і Старадубшчыны (цяпер частка Смаленскай і Бранскай вобласьцяў Расеі), а таксама Віленшчыны і паўднёва-ўсходняй Троччыны (частка Віленскага павету Летувы), усходняга Падляшша (частка Падляскага ваяводзтва Польшчы) і паўднёва-ўсходніх Інфлянтаў (частка Дагдзкага, Дзьвінскага Зілупскага, Краслаўскага і Люцынскага краёў Латвіі). Згодна з Трэцяй Устаўной граматай на падставе колькаснай перавагі беларусаў гэтыя тэрыторыі ў 1918 годзе абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, у 1919 годзе большая іх частка ўвайшла ў склад утворанай у Смаленску Беларускай ССР. Аднак неўзабаве маскоўскія бальшавікі адабралі ў склад РСФСР ня толькі Смаленшчыну і Старадубшчыну, але таксама гістарычныя Амсьціслаўшчыну разам з Амсьціславам, Аршаншчыну з Воршай, Віцебшчыну зь Віцебскам, Панізоўе з Рэчыцай і Полаччыну з Полацкам (пазьней у 1924 і 1926 гадох частку гэтых тэрыторыяў вярнулі ў склад БССР, але Расея пакінула сабе месты і мястэчкі Вяліж, Жукава, Любавічы, Манастыршчыну, Мікулін, Невель, Пятровічы, Пячэрск, Рудню, Себеж, Шумячы, Усьвяты і Хаславічы), тым часам заходнюю палову Беларусі перадалі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, усе Інфлянты і частку Полаччыны з прадмесьцем Друі Прыдруйскам — у склад Латвіі. У верасьні 1939 году, па далучэньні да СССР Заходняй Беларусі, Сталін перадаў Летуве большую частку Віленшчыны зь Вільняй, а таксама паўднёва-ўсходнюю Троччыну з Трокамі і частку Браслаўшчыны, у кастрычніку 1940 году да іх дадаліся раней афіцыйна далучаныя да БССР часткі Гарадзеншчыны з Друскенікамі і Ашмяншчыны з Гадуцішкамі, Дзевянішкамі, Салечнікамі і Сьвянцянамі[1], таксама ў 1939 годзе да Ўкраінскай ССР далучылі частку Піншчыны з Высоцкам, Дольскам, Дубровіцай, Любяшовам, Нобелем і Пагостам Зарэчным, а ў склад Трэцяга Райху перадалі заходнюю Берасьцейшчыну і паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны. Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў 1945 годзе Масква перадала Польшчы ўсё Падляшша, заходнюю Гарадзеншчыну (Васількаў, Гарадок, Дуброву Гарадзенскую, Заблудаў, Карыцін, Крынкі, Кузьніцу, Ліпск, Саколку, Сідру, Супрасьлю, Сухаволю, Штабін, Янаў) і частку Ваўкавышчыны зь Ялоўкай.
Далучэньне этнічна беларускіх зямель да іншых дзяржаваў, а таксама немагчымасьць атрыманьня адукацыі на роднай мове (у 1930-я гады ўсякая беларуская дзейнасьць на Смаленшчыне трапіла пад забарону[2], у гэты ж час латвійскія ўлады канчаткова ліквідавалі беларускія адукацыйныя ўстановы на беларускай частцы Інфлянтаў[3], у 1945 годзе летувіскі ўрад у асобе міністра асьветы Жугжды не дазволіў адчыніць у Вільні ніводнай беларускай школы, адначасна ліквідаваўшы Віленскую беларускую гімназію і Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча[4]) прывялі практычна да поўнай асыміляцыі тамтэйшага беларускага насельніцтва.
Сучасная беларуская акадэмічная навука (Васіль Бандарчык, Міхаіл Піліпенка, Ігар Чаквін ды іншыя) лічыць, што працэс этнаўтварэньня беларусаў пачаўся ў XIII—XIV стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім[6], а пачаў выразна ажыцьцяўляцца ў XIV—XV стагодзьдзях[7]. У фармаваньні беларускага этнасу (у Папрыпяцьці, Верхнім Панямоньні, Верхнім Падзьвіньні і Верхнім Падняпроўі) яшчэ ў XIII—XIV стагодзьдзях узяла ўдзел значная частка ўсходніх славянаў («русь», «рускія»), часткова групы заходніх славянаў (галоўным парадкам, палякі — пераважна сяліліся на Палесьсі[8]) і неславянскія этнічныя групы, асабліва балтыйскія (літва, яцьвягі, прусы, жамойты), многія зь якіх былі вымушанымі перасяленцамі ў адзначаныя раёны[9]. Усходнеславянскае насельніцтва ў сваёй масе склала аснову беларусаў, а няўсходнеславянскія групы зьявіліся дадатковым кампанэнтам гэтай новай этнічнай супольнасьці[10].
Сучасная саманазва «беларусы» замацавалася за беларускім этнасам (на ўсёй яго этнічнай тэрыторыі) канчаткова толькі зь сярэдзіны 1860-х гадоў (а трывала сярод шырокіх колаў насельніцтва — з 1890-х гадоў), што выклікае цяжкасьці ў акрэсьленьні этнічнай тэрыторыі беларусаў у папярэдні час (гэтак жа як і дэмаграфічных паказьнікаў)[12][13][14][15][16][17][18]. Да таго поруч выкарыстоўваліся дзьве саманазвы ліцьвіны (літва, літоўцы) і русіны (рускія)[19].
Так, яшчэ ў XIV—XVI стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім (а пазьней у Рэчы Паспалітай) побач з назвай «русіны» выкарыстоўвалася ў шэрагу рэгіёнаў расьсяленьня беларускага этнасу (галоўным парадкам — у заходніх і паўднёвых раёнах сучаснай Беларусі і ўсходніх раёнах сучаснай Летувы — нават у дачыненьні да славянізаванага балтыйскага насельніцтва тых земляў) і самавызначэньне «ліцьвіны»[23]. Адзначаецца, што назвай «русіны» ў XIV—XVI стагодзьдзях пераважна акрэсьлівалася насельніцтва ўсходніх і цэнтральных раёнаў сучаснай Беларусі (якія называліся «Русьсю»), што цесна зьвязвалася з праваслаўем[24]. Існавала складаная герархічная сыстэма саманазваў насельніцтва — палітонімы, тапонімы (рэгіянальныя і лякальныя назвы, у тым ліку — урбанонімы), канфэсіёнімы, этнонімы[25]. Часта цяжка вызначыць, у якіх выпадках вызначэньне «ліцьвіны» носьбітамі разумелася як этнонім, тапонім, канфэсіёнім (для абазначэньня каталіка) або палітонім, што нярэдка выклікала дадатковыя формы самавызначэньняў («ліцьвіны грэцкага закону», «ліцьвіны рускага роду», «рускія князі літоўскага роду», «ліцьвін рускі паводле паходжаньня», «Gente Lithuanus, natione Polonus» і да т. п.), якія зноў жа выступалі сумесьсю палітонімаў, этнонімаў, канфэсіёнімаў альбо тапонімаў[26][27]. Узьніклыя ў канцы XVI — XVII ст. тапонім Белая Русь і назва беларусцы не ахоплівалі ўсяго масіву беларускага народу і былі адпаведна тапонімам і лякальна-тэрытарыяльным этніконам, а таксама стасаваліся (прытым вельмі рэдка) толькі Полаччыны[28]. Гэтыя назвы (Белая Русь і беларусцы) пад уплывам Маскоўскай дзяржавы і праваслаўных актывістаў Рэчы Паспалітай пачалі шырэй выкарыстоўвацца (паралельна з тэрмінам «Русь» і «рускія»/«русіны») для вызначэньня падзьвінскіх і падняпроўскіх ваяводзтваў і паветаў у ВКЛ з 1630-х гадоў, аднак значна саступалі паводле частасьці выкарыстаньня тэрмінам Русь і русіны[14][28].
У XVII ст. назвы Літва і ліцьвіны трывала выкарыстоўваюцца ў якасьці тапоніму і этноніму пры азначэньні заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ і ягонага насельніцтва, што захавалася да часу падзелаў Рэчы Паспалітай і пазьней[14][30].
У той жа час сярод беларускіх этнолягаў існуюць розныя погляды на тое, ці быў агульны этнонім дзеля вызначэньня ўсяго этнічна беларускага насельніцтва ў часы ВКЛ. Так, Міхаіл Піліпенка лічыць, што тэрмін ліцьвіны быў як палітонімам, так і этнонімам для беларусаў, калі яны хацелі адрозьніць сябе ад іншых усходнеславянскіх народаў — расейцаў і ўкраінцаў. Дзеля адрозьненьня ад суседніх летувісаў, паводле сьцьверджаньня Піліпенкі, беларусы выкарыстоўвалі тэрмін русіны[31]. Ігар Чаквін лічыць, што назва ліцьвіны была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці беларускага насельніцтва ў часы ВКЛ і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень кансалідацыі беларускага этнасу, ахопліваючы ў гэтакім сэнсе ўсю ягоную этнічную тэрыторыю[32]. Паводле Чаквіна, этнанімічная форма ліцьвіны была дэтэрмінаваная як дзяржаўна-палітычным, так і этнагенэтычным фактарам[33]. Чаквін лічыць, што славянамоўныя (беларускамоўныя) ліцьвіны супрацьпастаўлялі сябе летувісам, якіх вызначалі назвамі «жамойты», «жамайты», «жмудзь», «самагіты» або «аўкштайты»[lower-alpha 6] ды іншымі[26]. Ён сьцьвярджае, што заходнія групы балтыйскага насельніцтва ВКЛ («жамойты») не выкарыстоўвалі назву «літоўцы» («ліцьвіны») нават у якасьці палітоніму[26], хоць вызначэньне «літоўцы» («ліцьвіны»), як сьцьвярджае Чаквін, таксама было характэрна для балтамоўнага насельніцтва Віленскага краю, якое бесьперапынна славянізавалася, што ўлучалася ў склад беларускай этнічнай тэрыторыі[32]. Зь меркаваньнем Ігара Чаквіна пагаджаецца гісторык Анатоль Астапенка[34].
Асобную пазыцыю займае зьвязаны з прарасейскім рэжымам Лукашэнкі гісторык-археоляг Ігар Марзалюк, які сьцьвярджае, што этнас без агульнай саманазвы — гэта нонсэнс. Ён аспрэчвае, што назвы Літва і ліцьвіны былі этнічнай саманазвай беларусаў у часы ВКЛ ці нават эндаэтнонімам славянскага насельніцтва Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Наваградчыны[35]. Марзалюк лічыць, што тэрміны «рускі» («русін», «русь») быў агульным эндаэтнонімам для ўсіх частак старабеларускага этнасу і паралельна зьвязваўся з праваслаўем насельніцтва (а потым і ўніяцтвам)[36]. Дасьледнік зьвязвае этнонімы Літва і ліцьвіны выняткова зь летувісамі і каталіцтвам, а для беларускага насельніцтва, на думку Марзалюка, яны былі толькі палітонімам (азначэньнем падданства); сьцьвярджае, што ў заходняй частцы ВКЛ рэлігійны падзел шмат у чым супадаў з падзелам этнічным, а наяўнасьць носьбітаў самавызначэньня «ліцьвіны») на ўсходніх і паўднёвых частках ВКЛ тлумачыць наяўнасьцю там каталіцкага летувіскага насельніцтва, тым адмаўляючы ўдзел балтыйскага насельніцтва (прыняўшага каталіцтва, а не праваслаўе) у этнагенэзе беларусаў[37][lower-alpha 7]. Ён таксама лічыць, што дазволы вялікіх князёў (напрыклад, Вітаўта) «русінам» паводле жаданьня хрысьціцца ў каталіцтва і палітыка рэлігійнай талерантнасьці ня могуць быць довадам наяўнасьці аднаго этнасу з двума эндаэтнонімамі[38]. Ігар Марзалюк сьцьвярджае, што пераход шляхты і сялянаў з праваслаўя ў каталіцтва азначаў і пераход у іншы этнас (з «рускіх» (беларусаў) — у літоўцаў-балтаў)[39]. Шырокае прыняцьце ў XVII ст. у ВКЛ шляхтай побач з самавызначэньнем «ліцьвіны» і самавызначэньня «палякі», на думку Марзалюка, азначала ўлучэньне ў склад польскага этнасу[40]. Паводле Марзалюка, у часы ВКЛ беларусы і ўкраінцы вызначаліся адным эндаэтнонімам — «рускія» («русіны», «русь») — адрозьніваліся ад «рускага народу» («рускіх») у Маскоўскай дзяржаве, называючы жыхароў Маскоўскай дзяржавы «маскоўцамі» («маскавітамі»). Дзеля разьмежаваньня беларусаў ад украінцаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай Марзалюк прапануе, што трэба рэанімаваць і выкарыстоўваць, як ён кажа, штучны, «кабінэтны» этнонім «старабеларускі этнас» і ўлічваць комплекс культуры[41]. Такім парадкам, з аднаго боку Ігар Марзалюк сьцьвярджае, што этнас без саманазвы — гэта нонсэнс[42], а зь іншага боку — уводзіць штучны і кабінэтны тэрмін «старабеларускі этнас» («старабеларусы»), які не сустракаецца ў пісьмовых крыніцах. З аднаго боку Ігар Марзалюк сьцьвярджае, што падзел паміж беларусамі і летувісамі праходзіў паводле веравызнаньня (праваслаўе — «руская вера»), а зь іншага боку — не прыводзіць прыкладаў, што каталіцтва да Люблінскай уніі (1569 год) называлася не «літоўская вера», а толькі «ляская вера» (г.зн. «польская вера»)[42]. З аднаго боку, Ігар Марзалюк лічыць мясцовую шляхту XVII—XIX стагодзьдзяў за этнічна польскую, а зь іншага — сам прыходзіць да высновы, што ля вытокаў беларусацэнтрычнай канцэпцыі гісторыі і стварэньня ідэалёгіі асобнасьці беларускай нацыі і ейнага шляху стаялі ў XIX ст. менавіта шляхціцы-каталікі (Восіп Турчыновіч і Ігнат Кулакоўскі), а не праваслаўныя сяляне ці сьвятары[43][lower-alpha 8].
Ігар Марзалюк лічыць, што продкі большасьці беларусаў-каталікоў заходняй часткі сучаснай Беларусі і Віленшчыны мелі летувіскае паходжаньне, вызначаючы сябе «ліцьвіны» і ня мовячы на беларускай мове, і лічыць неправамоцным улучаць тыя абшары ў склад этнічнай тэрыторыі беларусаў у XIV—XVII стагодзьдзях[45][42]. Ён сьцьвярджае, згаджаючыся з польскім гісторыкам Рышардам Радзікам, што працэс пераходу каталіцкага балтыйскага насельніцтва («літоўцаў»/«ліцьвінаў») на беларускую мову на захадзе сучаснай Беларусі і Віленшчыне адбываўся ў XVIII—XIX стагодзьдзях і скончыўся толькі ў ХХ ст.[46] Марзалюк у гэтым спасылаецца і на беларускага этноляга Міхаіла Грынблата[47], але Грынблат зьвяртаў увагу на пачатак працэсу славянізацыі балтыйскага насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі (а пазьней і Віленшчыны) яшчэ ў VI—IX стагодзьдзях, а пазьней — інтэнсіўнага працэса беларусізацыі балтыйскага насельніцтва ў XIV—XVI стагодзьдзях, хоць і адзначаў пэўную пашыранасьць двухмоўя насельніцтва (беларуская і летувіская мовы) у асобных раёнах адзначанага рэгіёну яшчэ да першай паловы XIX ст., што захавалася часткова і ў сярэдзіне XX ст.[48], ці нават з XIX ст. трохмоўя (дадаткова і польская мова)[49]. Апроч таго, у Вільні яшчэ ў канцы XIV ст. існавала 12 праваслаўных цэркваў у параўнаньні з 6 касьцёламі[50], а ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеных пісцамі кіеўскага мітрапаліта Кіпрыяна (XIV ст.), упамінаюцца Коўна, Вількамір і Трокі, бо там існавалі буйныя праваслаўныя супольнасьці[51][52].
Ігар Чаквін зьвяртае ўвагу на тое, што славянізаванасьць Верхняга Панямоньня (тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі) у XIV—XVI стагодзьдзях пацьвярджаецца лінгвістычным матэрыялам (вельмі старажытным пластам славянскай тапанімікі і анамастыкі ўвогуле) і антрапалягічнымі характарыстыкамі старажытнага (X—XVI стагодзьдзі) насельніцтва гэтай тэрыторыі[53]. І дадае, што наяўнасьць у Верхнім Панямоньні вялікай колькасьці ўніяцкіх прыходаў сьведчыць пра наяўнасьць ранейшых праваслаўных (Літоўская мітраполія Канстантынопальскага патрыярхату) прыходаў, а не каталіцкіх парафіяў[53]. Ігар Чаквін адзначае, што хоць Віленшчына тапанімічна называлася «Літва», старажытная частка Вільні (Крывы горад) мае повязі з аднайменным этнонімам «крывічы», якія (паводле вэрсіі Ўладзімера Галубовіча) і былі заснавальнікамі паселішча, і што на Віленшчыне ў XIV—XVI стагодзьдзях значная частка насельніцтва вызначала сябе як «русь» («рускія», «русіны»)[52][54][lower-alpha 9].
Тэзіс Марзалюка, што існаваў адзіны эндаэтнонім беларускага этнасу — «рускі» («русін», «русь»), выклікаў нязгоду ў беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча, які адзначыў, што беларусы былі розных хрысьціянскіх веравызнаньняў, таму гэта не дазваляла мець адзіны эндаэтнонім і не было спрыяльным для этнічнай кансалідацыі[56]. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважыў, што пры абгрунтаваньні сваіх пазыцыяў Ігар Марзалюк часта карыстаецца літаратурнымі і публіцыстычнымі крыніцамі, вырываючы цытаты з агульнага кантэксту ўсяго дакумэнту, і прыпісвае польскаму гісторыку Юліюшу Бардаху тэзіс пра этнічную польскасьць «ліцьвінскай шляхты» ў другой палове XIX ст., чаго напраўду Бардах не выказваў[57].
Па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй афіцыйная расейская ўлада захавала геаграфічную тэрміналёгію Вялікага Княства Літоўскага (Жамойць — Літва — Русь (Беларусь)), назваўшы «беларускімі» толькі землі Падняпроўя і Падзьвіньня, якія ўвайшлі ў склад Беларускага генэрал-губэрнатарства. Астатняя беларуская этнічная тэрыторыя (у тым ліку Менская губэрня) да пачатку 1870-х гадоў тапанімічна называлася «Літвой», «літоўскімі губэрнямі», у тым ліку ў афіцыйных дакумэнтах Расейскай імпэрыі. Да пачатку 1860-х гадоў у афіцыйным расейскім справаводзтве Жамойць часам называлася «Самагіція» ці «самагіцкія паветы» (рас. «самогитские поветы») — Шавельскі, Цельшаўскі, Расенскі і Упіцкі паветы, якія ўваходзілі ў склад Віленскай губэрні[lower-alpha 10]. Існавала каталіцкая «Самагіцкая» (Жамойцкая) дыяцэзія, перайменаваная 11 кастрычніка 1840 году ў Цельшаўскую (з цэнтрам у Цельшах), а ў 1848 годзе старая назва «Самагіцкая» была зноў дазволена расейскімі ўладамі да выкарыстаньня побач з новай[lower-alpha 11]. 18 сьнежня 1842 году з складу Віленскай губэрні былі вылучаныя паветы зь пераважна балтамоўным сялянскім насельніцтвам губэрні, зь якіх была створаная Ковенская губэрня, якая атрымала неафіцыйную назву «Самагіція» («Жамойць», «Жмудзь»)[59][60].
Па гвалтонай ліквідацыі ў Расейскай імпэрыі ўніяцтва (1839 год) як жаданьне паказаць ня толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфэсійна «расейскі» характар гэтых «літоўскіх губэрняў» (Віленскай, Гарадзенскай, Менскай і Ковенскай) ва ўрадавай тэрміналёгіі ў дачыненьні да губэрняў Віленскага ваеннага генэрал-губэрнатарства пачаў першапачаткова ўжывацца тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губэрні»), што, аднак, не змагло канчаткова ліквідаваць неафіцыйнае (а часам і афіцыйнае) ужываньне тэрмінаў «Літва» і «літоўскія губэрні» ў дачыненьні да Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губэрняў.
З 1850-х гадоў у Расейскай імпэрыі пачынаецца інтэнсіўна назапашвацца і аналізавацца фальклёрна-этнаграфічны матэрыял (моўныя, канфэсійныя, антрапалягічныя характарыстыкі насельніцтва, асаблівасьці духоўнай і матэрыяльнай культуры) па літоўска-беларускіх губэрнях. З ідэалягічных матываў (заходнерусісцкіх поглядах на беларусаў) расейская ўлада імкнулася пашырыць тэрмін «Беларусь» на тыя тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, якія калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, хоць ужо былі каталіцкімі і тапанімічна называліся «літоўскімі губэрнямі» (Менская, Гарадзенская і Віленская губэрні). Русіфікацыя і працэс прымусовага далучэньня ўніяцкага і каталіцкага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) адбываўся з выкарыстаньнем канфэсійнага (агульнасьць веравызнаньня) і лінгвістычнага (агульнасьць мовы) падыходаў (ці абодвух гэтых падыходаў) у вызначэньні «рускасьці» насельніцтва[61].
У сваім этнаграфічным дасьледаваньні «Этнаграфічны погляд на Віленскую губэрню» (1853 год)[lower-alpha 12] Адам Кіркор адзначыў, што Віленскую губэрню засяляюць два галоўныя «плямёны» — «славянскае» і «літоўскае», і таму пастанавіў паказаць мяжу паміж імі ў губэрні[63]. За аснову разьмежаваньня Адам Кіркор узяў рэкамэндацыі Тэадора Нарбута, што этнаграфічную мяжу паміж «славянскім» і «літоўскім» насельніцтвам у Віленскай губэрні трэба правесьці на падставе ў першую чаргу славянскай і балтыйскай тапанімікі — старажытных назваў мясьцін, паселішчаў, рэк, азёраў, улічваючы і зьвесткі старажытных хронік[64]. У выніку такога падыходу Кіркор аднёс Вільню і ейныя ваколіцы да тэрыторыі расьсяленьня «літоўскага» племені: мяжу паміж «літоўскім» і «славянскім» племем у Віленскай губэрні Кіркор правёў лініяй Друскенікі — Радунь — Ашмяны — Сьвір — Паставы — Друя[65]. Іншая карціна атрымалася, калі Кіркор адзначаў пашырэньне моваў сярод сялянаў у Віленскай губэрні: ён зазначыў, што летувіская мова дамінуе толькі ў Троцкім павеце, а ў Віленскім, Лідзкім, Сьвянцянскім і Ашмянскім паветах выкарыстоўваецца толькі часткамі і саступае беларускай мове[66]. Кіркор таксама дадаў, што «літоўцы» галоўным парадкам — каталікі[66], а беларускамоўнае насельніцтва — праваслаўныя (былыя ўніяты — «русіны»)[67]. Кіркор таксама тэндэнцыйна і адвольна падзяліў славянскае насельніцтва Віленскай губэрні на тры групы: 1) славяне-крывічы, 2) славяне-беларусы, 2) славяне-чарнарусы[68].
У 1861 годзе ў Санкт-Пецярбургу быў выдадзены расейскі статыстычна-этнаграфічны зборнік «Матэрыялы па геаграфіі і статыстыкі Расеі, сабраныя афіцэрамі Генэральнага штаба. Віленская губэрня» пад рэдакцыяй капітана А. Коравы, які карыстаўся ў тым ліку працай Кіркора[69]. Корава таксама ўзяў рэкамэндацыі Тэадора Нарбута, што этнаграфічную мяжу паміж славянскім і летувіскім насельніцтвам у Віленскай губэрні трэба правесьці на падставе ў першую чаргу славянскай і балтыйскай тапанімікі — старажытных назваў мясьцін, паселішчаў, рэк, азёраў, а таму проста паўтарыў погляды Кіркора і правёў лініяй Друскенікі — Радунь — Ашмяны — Сьвір — Паставы — Друя[70], намаляваўшы адпаведную мапу і адлюстраваўшы ўсьлед за Кіркорам тры групы: славяне-крывічы, славяне-беларусы, славяне-чарнарусы[71]. Аднак і Корава адзначыў, што напраўду сяляне ваколіц Вільні і Трокаў размаўляюць на беларускай мове, хоць спавядаюць каталіцтва[72]. Пазьнейшыя дасьледнікі пра гэта адзначалі, што ў 1850-я гады ў расейскай этнаграфіі мяжа паміж летувісамі («літоўцамі») і нелетувіскім насельніцтвам у Віленскай губэрні была праведзеная на падставе канфэсійнай прыкметы: каталіцкае насельніцтва было аўтаматычна аднесенае да летувісаў, а праваслаўнае насельніцтва было аднесена да славянаў, таму Віленскі край і не ўлучылі ў склад этнічнай тэрыторыі беларусаў, хоць у Віленскім краі (у тым ліку — у ваколіцах Вільні) пераважала беларуская мова[62].
У ходзе і па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскім урадам у прапагандысцкіх мэтах (дзеля абгрунтаваньня валоданьня краем) былі выдадзеныя тэндэнцыйныя этнаграфічныя атлясы Аляксандра Рыціха («Атлас населения Западно-Русского края по исповеданиям», Санкт-Пецярбург, 1863 і 1864 гады) і Радрыга Эркерта («Взгляд на историю и этнографию западных губерний России», Санкт-Пецярбург, 1864 год), якія паказвалі этнічную структуру насельніцтва «заходніх губэрняў» («заходне-рускага краю») Расейскай імпэрыі, дзе для довадаў расейскасьці земляў праваслаўныя жыхары (галоўным парадкам — мясцовыя славянамоўныя сяляне) у «Заходнім краі» лічыліся за «рускіх», а дваране-каталікі — «палякамі». Пры этнічнай дыфэрэнцыяцыі насельніцтва Родрыг Эркерт і Аляксандар Рыціх выходзілі толькі з канфэсійнай прыналежнасьці, прытым колькасьць праваслаўных (з палітычных матываў) была наўмысна павялічаная[73]. Гэта тлумачыцца тым, што да 1880-х гадоў у Расейскай імпэрыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнаньне: да «рускіх» (куды ўлучаліся і беларусы як галіна «адзінароскага» народу) адносілі ўсіх, хто быў праваслаўным[74].
Так, паводле этнаграфічнага атлясу Родрыга Эркерта (1863, 1864), этнічная тэрыторыя беларусаў акрэсьлівалася ў межах Магілёўскай, Віцебскай (безь ліфляндзкіх паветаў — Дынабурскага, Рэжыцкага і Люцынскага), часткі Віленскай (лініяй Ашмяны — на поўнач ад Ліды) і Гарадзенскай губэрняў[75]. Эркерт падзяліў этнічную тэрыторыю беларусаў на тры часткі: усходнюю (да Бярэзіны), заходнюю і паўднёва-заходнюю, ці Падляшша, а беларускае насельніцтва склала, паводле яго меркаваньня, адпаведна тры групы: 1) «сапраўдныя беларусы» (на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, усходняй частцы Менскай губэрні, а таксама заходняй частцы Смаленскай губэрні)[lower-alpha 13]; 2) «чарнарусы» (на тэрыторыі заходняй часткі Менскай губэрні і паўночнай частцы Гарадзенскай губэрні). Хоць Эркерт заўважае, што само насельніцтва «чарнарусамі» сябе не вызначае (гэтак жа як і не вызначае сябе «беларусамі»), а кажа, што мясцовыя дваране-«палякі» сябе называюць «літоўцамі» і гэтак жа «літоўцамі» называюць мясцовых славянамоўных сялянаў[76]; 3) «падляшане» (заходняя частка Гарадзенскай губэрні — найбольш апалячаная частка беларусаў)[77]. Паўднёвая частка Гарадзенскай і Менскай губэрняў, з прычыны падобнасьці гаворак сялянскага насельніцтва да ўкраінскай мовы, была, на думку Эркерта, населеная «русінамі», якія былі складовай часткай «маларусаў» (украінцаў)[78]. З аднаго боку Эркерт мяжу паміж «літоўцамі»-балтамі і беларусамі-славянамі правёў паводле канфэсійнай прыкметы, дадаткова наўмысна павялічыўшы колькасьць праваслаўнага насельніцтва ў Гарадзенскай губэрні і не ўлучыўшы ўвесь каталіцкі Віленскі край (землі на поўнач ад Ліды) і Вільню ў арэал беларускага народа, а зь іншага боку — правёў мяжу паміж беларусамі і маларусамі (ўкраінцамі) паводле моўнай прыкметы, не ўлучыўшы Заходняе Палесьсе ў арэал беларускага народа. Эркерт выдаў дзьве вэрсіі (па-расейску і па-француску) свайго этнаграфічнага атлясу «заходне-рускіх губэрняў і суседніх абласьцёў» (у францускім выданьні — «губэрняў, населеных цалкам ці часткова палякамі»)[lower-alpha 14].
Атляс Аляксандра Рыціха спачатку быў зроблены ў 1863 годзе для службовага (вайсковага) выкарыстаньня, а потым у 1864 годзе перапрацаваны дзеля прапагандысцкіх мэтаў. Найбольш выразныя адрозьненьні былі ў ліку мясцовых каталікоў. Калі ў вэрсіі 1863 году ў ліку 2 633 456 каталікоў Паўночна-Заходняга краю пазначалася 175 997 «беларусаў» і «чарнарусаў» і 853 706 «літоўцаў», то публікацыя ў 1864 году, ні на адзінку не зьмяняючы агульную колькасьць гэтай канфэсійнай групы (2 633 456), прыводзіць сярод каталікоў 444 173 «беларуса» і «чарнаруса» і 585 530 «літоўцаў». Іншымі словамі, Рыціх у новай вэрсіі атлясу пералічыў разам 268 176 чалавек з адной групы ў іншую: «беларусаў» і «чарнарусаў» стала больш роўна на столькі ж, на колькі стала менш «літоўцаў», што было відавочнай маніпуляцыяй і палітызацыяй этнаканфэсійнай статыстыкі[81].
Па здушэньні паўстаньня 1863—1864 гадоў расейская ўлада і афіцыйная навука ўсё часьцей сталі менаваць карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) шляхцічаў у краі «палякамі», а тэрмін «літоўцы» («літвіны») ужываць у дачыненьні да балтамоўнага насельніцтва Ковенскай і Віленскай губэрняў[82][83][84].
Толькі з 1880-х гадоў у Расейскай імпэрыі этнавызначальнай прыкметай пачала лічыцца адна ўжываная насельніцтвам мова, хоць лінгвістычны матэрыял датычна моўнай сытуацыі ў дзяржаве пачаў інтэнсіўна назапашвацца яшчэ з 1840—1850-х гадоў. Яшчэ ў выдадзенай у 1863 годзе Аляксандрам Шырынскім-Шыхматавым(ru) на сродкі Віленскай навучальнай акругі кнізе «Рассказы на белорусском наречии» аўтар першага тэксту «Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая их була доля до уніи?», напісанага на заходнепалескай гаворцы, адзначаў: «Народ той уперш зваўся крывічамі або крывіцкімі славянамі… а то яшчэ былі крывічы полацкія — вось гэтыя крывічы былі нашымі продкамі <...> Цяперашняя Віцебская, Магілёўская губэрні, маленькі кавалачак Пскоўскай і Смаленскай, значная часьць Менскай губэрні зь Пінскам, Мазыром і Туравам, кавалак Віленскай да рэчкі Дзітвы і добры кавалак Гарадзенскай зь местамі Ваўкавыскам і Берасьцем былі тымі месцамі, дзе жыў беларускі народ <…> Такі-то досыць значны кавалак зямлі займалі нашы дзяды — крывічы полацкія. Мова ў іx была руская, падобная да цяперашняй нашай мужыцкай; мелі яны сваіх князёў, і, як усе славяне ў тую пару, і яны — дзяды нашы, жылі ў паганстве, не знаючы Бога ісьціннага. Князі полацкія-беларускія былі вельмі адважныя, ваявалі з суседнімі сваімі брацьцямі славянамі»[85].
У 1875 годзе Аляксандар Рыціх на падставе назьбіраных у 1850—1860-х гадох зьвестак склаў мапу «Этнаграфічная карта Эўрапейскай Расеі» (1875 год), дзе ў аснову быў узяты моўны крытэр. Мапа так акрэсьлівала тэрыторыю расьсяленьня беларусаў: на захад і поўдзень ад Сувалак (на захад ад Беластоку), і далей па рэках Нараве, Ясельдзе, Прыпяці да яе ўтоку ў Дняпро, на поўнач і ўсход — на поўнач ад Вільні, далей на Сьвянцяны, Люцын, Вялікія Лукі, на захад ад Вязьмы і Мгліну, потым Дняпром да ўтокі Прыпяці[86]. Выразнай адметнасьцю мапы было ўлучэньне каталіцкага Віленскага краю (большая частка Віленскай губэрні) на падставе моўнага крытэру ў склад этнічнай тэрыторыі беларусаў.
У 1869 годзе была ліквідаваная каталіцкая Менская дыяцэзія (1798—1869), а сяляне-каталікі пачалі прымусова ў 1870-я гады пераводзіцца ў праваслаўе Ўрадавага выгоду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), хоць складалі ў тыя часы невялікую частку насельніцтва Менскай губэрні ў параўнаньні зь сялянамі-праваслаўнымі (у асноўнай масе былымі ўніятамі, ляяльнасьць і шчырасьць да Маскоўскай царквы якіх доўга ставілася пад сумнеў расейскім урадам[87][88]). 22 сьнежня 1870 году і сама Менская губэрня расейскімі ўладамі была вылучаная з складу самога Віленскага генэрал-губэрнатарства. Таму з пачатку 1870-х гадоў да «Беларусі» (рас. Белоруссии) тапанімічна пачалі адносіць і Менскую губэрню[89][90][91][92][lower-alpha 15].
З 1890-х гадоў назва «Беларусія» («Беларусь») пачала стала пашырацца (коламі афіцыйнай навукі Расейскай імпэрыі, дзеячамі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, у тым ліку пад яўным уплывам «заходнерусізму»[93]) і на Гарадзенскую (апроч паўднёвых яе паветаў)[lower-alpha 16] і большую частку Віленскай губэрні (з выняткам «паўночна-заходняга яе кутка» — Троцкага павету)[14][15][16][lower-alpha 17]. Гэтаму ў першую чаргу спрыялі лінгвістычныя (і менш — этнаграфічныя) дасьледаваньні (Іван Насовіч, Павал Шэйн, Юльян Крачкоўскі, Мікалай Нікіфароўскі, Яўхім Карскі ды іншыя), якія праводзіліся навуковымі ўстановамі Расейскай імпэрыі і прыватнымі дасьледнікамі ў папярэдні час[17].
Лінгвістычныя дасьледаваньні паказвалі падобнасьць гаворак мовы сялянскага насельніцтва ў многіх частках пяці губэрняў Паўночна-Заходняга краю (Гарадзенскай, Віленскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай), а таксама ў сумежных — Смаленскай і Чарнігаўскай, пашыраючы ўсходнюю этнічную тэрыторыю беларусаў да Ржэву і Бранску. Канчаткова замацавала назву «Беларусь» за тэрыторыяй упершыню ў гісторыі апісаных і нанесеных на мапу гаворак мовы, якая цьвёрда атрымала назву «беларускай мовы»[lower-alpha 18], публікацыя фундамэнтальнага шматтомнага дасьледаваньня Яўхіма Карскага «Беларусы» (асабліва тамы «Ўводзіны да вывучэньня мовы і народнай славеснасьці» (1903 год) і «Мова беларускага племені» (1908 год)). Праўда, пазьней Карскі выказваўся, што акрэсьліў тэрыторыю не беларускага этнасу, а беларускай мовы[94]. Падобнасьць гаворак мовы сялянскага насельніцтва ў паўночна-ўсходніх частках лінгвістычнай карты Яўхіма Карскага (як і іншых лінгвістаў) у многім тлумачылася тым, што раней на гэтых абшарах жыло племя крывічоў, якое ахоплівала арэалы вакол гарадоў Полацак, Віцебск, Пскоў, Смаленск, Вялікія Лукі і Цьвер, аднак толькі частка генэтычных і моўных нашчадкаў крывічоў узяла ўдзел у этнагенэзе беларусаў. Характэрна, што ў гэтых і іншых дасьледаваньнях «беларусы» разглядаліся (як таго патрабавала афіцыйная расейская імпэрская ідэалёгія заходнерусізму і цэнзура) як частка «адзінага рускага народу», аднак выяўленыя рысы мовы і культуры (нават сялянскага насельніцтва) сьведчылі пра выразную своеасаблівасьць «Паўночна-Заходняга краю» ад іншых частак Расейскай імпэрыі[96].
Асаблівасьцю было і тое, што этнаграфічны арэал беларусаў (паводле лінгвістычных прыкмет) не супадаў з афіцыйнай тапаніміяй Расейскай імпэрыі. Віленскае генэрал-губэрнатарства (зь Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губэрняў) неафіцыйна і часта афіцыйна тапанімічна называлася як «літоўскія губэрні» (ці «Літва»), што захавалася ў дачыненьні да гэтых трох губэрняў нават па скасаваньні ў 1912 годзе Віленскага генэрал-губэрнатарства. Напрыклад, у афіцыйным школьным падручніку геаграфіі, надрукаваным у 1914 годзе ў Расейскай імпэрыі, Віленская, Ковенская і Гарадзенская губэрні ўсё яшчэ паводле інэрцыі лучна называюцца «літоўскія губэрні», хоць адзначаецца, што ў іх пражывае ў сваёй большасьці беларускае, польскае і габрэйскае насельніцтва. А да «беларускіх губэрняў» у падручніку былі аднесеныя Менская, Магілёўская і Смаленская губэрні, хоць дадаецца, што беларусы жывуць і ў Віцебскай губэрні[97]. Гэтае несупадзеньне этнаграфічнага і тапанімічнага арэалу ставіла пэўную перашкоду, не спрыяла «ўніфікацыі ўяўленьняў» і гамагенізацыі беларускага насельніцтва.
Маскоўская дыялекталягічная камісія пры складаньні падобных этнічных мапаў (1915 год) таксама, не зьвяртаючы ўвагу на ўласнае атаясамленьне насельніцтва (асабліва сялянскага), абапіралася на моўны крытэр (фанэтычныя асаблівасьці мовы), але ўжо аднесла Заходняе Палесьсе да зоны пераходных ад беларускіх да ўкраінскіх гаворак і нават пашырыла (у параўнаньні з мапай Яўхіма Карскага) арэал беларускай мовы ў Чарнігаўскай і Калускай губэрнях[98].
Канфэсійны і моўны крытэры (прынцыпы), пакладзеныя ў складаньне афіцыйнай расейскай этнічнай статыстыкі, мапаў і ідэалёгіі, ігнаравалі і ня ўлічвалі наяўнасьць унутраных повязаў сярод насельніцтва. Адзначаныя падыходы (канфэсійны і/або моўны крытэры) адмаўлялі этнасу ў праве быць негамагенным у этнанімічных, моўных, культурных і нават канфэсійных дачыненьнях, не прымалі варыятыўнасьці.
У ходзе Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі (1897)(ru) не праводзілася апытаньня насельніцтва пра этнічную прыналежнасьць асобы (або як казалі ў тыя часы па-расейску — «народности»), а толькі пра родную (ужываную) мову і веравызнаньне. Дакладнасьць вынікаў перапісу аспрэчваецца, але іншай усеахопнай статыстычнай інфармацыі няма. Так, перапіс паказаў, што паводле моўнай прыкметы беларусы ў Магілёўскай губэрні складалі 82,4%; у Менскай — 76%; у Віленскай — 56%; у Віцебскай — 52,9%; у Гарадзенскай — 44%[99]. Абсалютную большасьць беларускамоўнае насельніцтва мела ва ўсіх паветах Магілёўскай і Менскай губэрні.
У Віленскай губэрні жыхары, якія назвалі беларускую мову роднай, пераважалі ў чатырох паветах — Вялейскім (86,4%), Дзісенскім (80,7%), Ашмянскім (79,6%) і Лідзкім (72,4%)[99]. Беларускамоўнае насельніцтва паводле ўласнага самавызначэньня складала 47,5% Сьвянцянскага павету і 26% Віленскага павету (у тым ліку абсалютна пераважала ў шырокім коле вёсак вакол Вільні)[99]. У Вільні 40% насельніцтва роднай мовай назвала габрэйскую (ідыш); 30,1% — польскую; 20,9% — расейскую; 4,3% — беларускую; 2,1% — летувіскую; 1,4% — нямецкую; 0,5% — татарскую; 0,3% — украінскую; 0,4% — іншыя мовы[100].
У Віцебскай губэрні беларускамоўнае насельніцтва было сканцэнтравана ў паўднёвай і цэнтральнай яе частках: у Дрысенскім павеце — 86,2%; у Вяліскім — 85,7%; у Невельскім — 84%; у Гарадоцкім — 83,6%; у Лепельскім — 82%; у Полацкім — 73,1%; у Віцебскім — 51,1%; у Себескім — 47,1%; у Люцынскім — 20,5%; у Дзьвінскім — 13,8%; у Рэжыцкім — 5,4%[99].
У Гарадзенскай губэрні беларускамоўнае насельніцтва пераважала ў Сакольскім (83,8%), Ваўкавыскім (82,4%), Слонімскім (80,7%), Пружанскім (75,5%) і Гарадзенскім (65,8%) паветах, а ў Бельскім павеце складала 39,1%, у Беластоцкім — 26,1%[99].
У Чарнігаўскай губэрні беларускамоўнае насельніцтва (паводле ўласнага самавызначэньня) згодна зь зьвесткамі перапісу 1897 году складала 151,5 тыс. чалавек (6,6% насельніцтва ўсёй губэрні), зь іх 84,7% прыпадала на Сураскі павет Чарнігаўскай губэрні, а 15,3% — на Мглінскі павет: у Сураскім павеце вага беларускамоўнага насельніцтва складала 68,7%, а ў Мглінскім — 14,1%.
У Ковенскай губэрні беларускамоўнае насельніцтва кампактава пражывала ў Новааляксандраўскім павеце — 16,8%, а ў Курляндзкай губэрні — у Ілуцкім павеце (12,3%). У Смаленскай губэрні беларусаў паводле мовы выявілася 100,7 тыс. чалавек, альбо 6,6% насельніцтва ўсёй Смаленскай губэрні. У Смаленскай губэрні беларуская мова была роднай для 90% насельніцтва Красьнінскага павету, а ў астатніх паветах Смаленшчыны доля беларускамоўнага насельніцтва (паводле ўласнага самавызначэньня) была вельмі малой, што тлумачаць маскалізацыяй сялянскага насельніцтва ў пачатковых школах[99].
Цалкам паводле перапісу 1897 году ў адзначаных губэрнях пражывала 5711 тыс. чалавек, што пазначылі беларускую мову як родную, зь якіх 94,7% (5408 тыс. чалавек) кампактава пражывалі ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрнях[99]. Цалкам жа ў гэтых пяці губэрнях насельніцтва, якое пазначыла беларускую мову як родную, складала 63,5% усіх жыхароў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрняў[101]. Большая частка (68,8%) гэтай статыстычнай групы пражывалі ў вёсцы і належалі (91,3%) да сялянскага стану, які пераважна займаўся земляробствам; а ў местах пяці губэрняў жыхары, якія азначылі беларускую мову як родную, у 1897 годзе складалі 14,5%[101].
Перапіс паказаў, што мова (фанэтычныя асаблівасьці роднай гаворкі) для насельніцтва не заўсёды была крытэрам прыналежнасьці да той ці іншай этнічнай супольнасьці, што асабліва добра відаць на прыкладзе Смаленскай губэрні, якая раней лінгвістамі залічвалася ў сваёй большасьці да абшару беларускай мовы і беларусаў. У Заходнім Палесьсі, якое традыцыйна раней лінгвістамі залічвалася да абшару ўкраінскай (маларускай) мовы, у Пінскім павеце ў 1897 годзе 74,3% жыхароў назвалі сваёй роднай мовай беларускую, а ўкраінскай — толькі 0,6% (1423 чалавекі); у Пружанскім — адпаведна 75,5% і 6,7%[102][98]. У 1897 годзе ўкраінскую (маларускую) мову роднай указалі роднай 64,3% насельніцтва Берасьцейскага павету, а Кобрынскага павету — 79,6%. Аднак ужо ў 1910 годзе, паводле зьвестак губэрнскага статыстычнага камітэту, у Кобрынскім павеце ўдзельная вага беларусаў складала 84,8% і паступова павялічылася да 85,7% у 1913 годзе; а ў Пружанскім — да 87,1% у 1913 годзе[102][98] Толькі Берасьцейскі павет перад Першай сусьветнай вайной быў заселены на 65,9% нібы ўкраінцамі, але і тут да 1918 году асноўная маса насельніцтва ўжо стала звацца беларусамі[102][98]. Гэта тлумачыцца працэсам пашырэньня этноніму «беларусы», «беларусізацыяй» сьвядомасьці: мясцовыя органы кіраваньня, прыходзкія сьвятары, зьвесткі якіх і былі крыніцай этнічнай статыстыкі, разумелі, што вакол іх жывуць блізкія людзі — не ўкраінцы, а беларусы[98].
У 1827 годзе расейскі этнограф Пётар Кёпен выдаў працу «О происхождении, языке и литературе литовских народов», у якой упершыню ў расейскай навуцы паспрабаваў вызначыць межы расьсяленьня «літоўскіх народаў» (пад імі разумеліся балтамоўныя народы — летувісы і латышы) і мяжу, якая аддзяляе балтамоўнае і славянамоўнае насельніцтва імпэрыі. Зьвесткі, сабраныя Кёпенам у 1827 годзе датычна славянамоўнага насельніцтва імпэрыі, не былі надрукаваныя і знаходзіліся ў рукапісе ў Расейскай акадэміі навук[103]. Працай Кёпена скарыстаўся вядомы чэскі славіст Павал Шафарык, які ў сваім дасьледаваньні «Славянскі народапіс» (Прага, 1842)[lower-alpha 19] на падставе мовы акрэсьліў тэрыторыю расьсяленьня «беларусаў» і падаў лічбы пра агульную іхную колькасьць (2 726 000 чалавек — 2 376 000 праваслаўных і 350 000 каталікоў). «Беларускую мову» Шафарык назваў гаворкай «агульнарускай мовы», а абшарам яе пашырэньня пазначыў цалкам Магілёўскую і Менскую губэрні, большую частку Віцебскай і Гарадзенскай губэрняў і Беластоцкай вобласьці, а таксама меншую частку Віленскай губэрні. Шафарык у «беларускай мове» вылучаў уласна «беларускую гаворку» («белорусское подречие») у Магілёўскай і Віцебскай губэрнях і «літоўска-рускую» («литовско-русское подречие») — у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губэрнях[104]. Брак зьвестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладныя межы пашырэньня беларускай мовы і беларускага этнасу на ўсходзе, поўдні і паўночным захадзе, таму яна была праведзеная ў многім па былых межах ВКЛ (напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г.)[105]. У самой жа Расейскай імпэрыі першая этнаграфічная мапа была складзеная Пятром Кёпенам толькі ў 1851 годзе, але Кёпен адлюстраваў там толькі рассяленьне ўсіх неславянскіх народаў эўрапейскай часткі Расеі, таму вызначыць паводле яе межы беларусаў было немагчыма[103].
Па ліквідацыі ў 1917 годзе Расейскай імпэрыі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі і працэсу большай дэмакратызацыі грамадзтва праявіліся нацыянальна-культурныя і палітычныя сілы, якія паставілі за мэту палітычнае самавызначэньне беларусаў — у форме складовай часткі або аўтаноміі ў новай, дэмакратычнай Расейскай рэспубліцы; фэдэрацыі з народамі былой Рэчы Паспалітай; ці самастойнай дзяржавы, якая б ахоплівала толькі этнічную тэрыторыю беларусаў. Гэта актуалізавала пытаньне як пра навуковую канкрэтызацыю межаў этнічнай тэрыторыі беларусаў, так і змаганьне (у тым ліку — ідэалягічнае) з боку розных палітычных і нацыянальна-культурных сіл (беларусаў, летувісаў, украінцаў, палякаў і расейцаў) за тыя або іншыя тэрыторыі былых шасьці літоўска-беларускіх губэрняў («Паўночна-Заходняга краю») Расейскай імпэрыі.
На мапах суцэльнай этнічнай тэрыторыі беларусаў, складзеных у 1918 і 1919 гадох адпаведна Мітрафанам Доўнар-Запольскім і Яўсеем Канчаром на падставе комплексу крытэраў (але пры дамінаваньні лінгвістычнага падыходу), ужо ўсё Заходняе Палесьсе (Берасьцейшчына і Піншчына) было ўлучанае ў абшар расьсяленьня беларусаў.
Апроч таго, Мітрафан Доўнар-Запольскі аднёс да этнічнай тэрыторыі беларусаў ня толькі Заходняе Палесьсе, але ўсе землі, дзе паводле дасьледваньняў Карскага дамінавала беларуская мова, і трошкі пашырыў арэал рассяленьня беларусаў за лік сумежных зямель (невялікіх частак Ломжынскай, Чарнігаўскай і Арлоўскай губэрняў). Арэал расьсяленьня беларусаў, акрэсьлены Доўнар-Запольскім, займаў тэрыторыю 258 тыс. км² з 15 млн насельніцтва, у тым ліку саміх беларусаў каля 12 млн.[106]
Яўсей Канчар яшчэ больш, чым Доўнар-Запольскі, пашырыў межы этнічнай тэрыторыі беларусаў, улучыўшы ў арэал расьсяленьня беларусаў таксама цалкам Жыздрынскі і Масальскі паветы Калускай губэрні, цалкам усю Смаленскую губэрню, цалкам Ржэўскі і Асташкаўскі паветы Цьвярской губэрні, цалкам Бранскі, Трубчэўскі і Сеўскі паветы Арлоўскай губэрні, паўднёвую палову Сувалкаўскай губэрні, увесь Новааляксандраўскі павет Ковенскай губэрні, а таксама цалкам тэрыторыю ўсіх трох «інфлянцкіх паветаў» Віцебскай губэрні — Рэжыцкага, Дынабурскага і Люцынскага[107].
У 1918 годзе прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху абвясьцілі пра стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, дзяржаўнымі граніцамі якой абвяшчаліся межы расьсяленьня беларусаў паводле Мітрафана Доўнар-Запольскага.
Іншы погляд на арэал расьсяленьня беларусаў у пачатку XX ст. мелі краёўцы-кансэрватары (на чале з Эдвардам Вайніловічам), якія ў 1917—1921 гадох імкнуліся рэалізаваць свае ідэі палітычнай суб’ектнасьці беларуска-літоўскіх земляў (ці толькі Беларусі) — выняткова ў рамках шасьці паўночна-заходніх губэрняў былой Расейскай імпэрыі — Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гарадзенскай, Віленскай і Ковенскай. Сам арэал расьсяленьня беларусаў акрэсьлівалі прыблізна ў рамках пяці губэрняў — Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гарадзенскай і Віленскай[108]. Краёўцы-кансэрватары не згаджаліся з пазыцыямі беларускіх нацыял-дэмакратаў (апошнія прэзэнтавалі ў 1919 годзе ў Парыжы і іншых сталіцах Эўропы этнічную мапу расьсяленьня беларусаў, падрыхтаваную Мітрафанам Доўнар-Запольскім), што ў склад беларускай дзяржавы павінны ўваходзіць часткі былых Смаленскай, Пскоўскай, Калускай і Чарнігаўскай губэрняў, бо на гэтых тэрыторыях, на думку краёўцаў, беларусы былі ў відавочнай меншасьці[109]. Краёўцы-кансэрватары лічылі тэрытарыяльныя жаданьні беларускіх нацыял-дэмакратаў датычна ўсходняй мяжы Беларусі занадта перабольшанымі і сьцьвярджалі, што рэальная этнічная мяжа паміж Беларусьсю і Расеяй — гэта мяжа паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Расейскай імпэрыяй напярэдані першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, г.зн. тагачасныя вонкавыя межы Віцебскай і Магілёўскай губэрняў — без Смаленшчыны і Браншчыны[110]. Лідэр краёўцаў-кансэрватараў Эдвард Вайніловіч лічыў, што мяжа паміж беларускім і расейскім сялянствам ляжыць у сьветапоглядзе насельніцтва — усходняя мяжа расьсяленьня беларусаў скончваецца там, дзе «скончваецца індывідуальная ўласнасьць, а пачынаецца ўласнасьць грамадзкая»[111]. Мелася на ўвазе тое, што яшчэ ў ходзе здушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскі ўрад 1 сакавіка 1863 году скарэктаваў умовы сялянскай рэформы (1861) у Беларусі, выдаўшы ўказ аб абавязковым пераводзе сялянаў Віленскай, Ковенскай, Гарадзенскай і Менскай губэрняў на выкуп, г.зн. у катэгорыю зямельных уласьнікаў, з памяншэньнем выкупной сумы на 20%, а да канца 1863 годы гэты захад быў пашыраны на Віцебскую, Магілёўскую губэрні, чым ў існасьці скасоўвалася сялянская грамада ў Беларусі — і сяляне станавіліся паўнапраўнымі прыватнымі ўласьнікамі зямлі[112]. У той жа час сяляне цэнтральных расейскіх губэрняў (у тым ліку і Смаленскай губэрні) па скасаваньні прыгону (1861) аж да 1880-х гадоў знаходзіліся ў статусе «часоваабавязаных», у сваёй большасьці аж да сталыпінскай аграрнай рэформы і пазьней мелі зямлю ў калектыўнай (грамадзкай) уласнасьці, а таму пэрыядычна пераразьмяркоўвалі сваю зямлю паміж сябрамі грамады, стрымлівалі выхад селяніна з грамады і атрыманьне ім належнай долі зямлі ў індывідуальную ўласнасьць, што ня столькі спрыяла разьвіцьцю капіталістычных дачыненьняў, колькі кансэрвавала архаічныя эканамічныя структуры[113]. У выпадку, калі б летувіскі нацыянальны рух адмовіўся стварыць тэрытарыяльна адзіную беларуска-літоўскую дзяржаву, лідэр краёўцаў-кансэрватараў Эдвард Вайніловіч лічыў правільным Вільню і Віленскі край пакінуць у складзе беларускай, а не летувіскай дзяржавы, бо, на думку Вайніловіча, летувісаў у Вільні няма, а ў Віленскім краі дамінавалі беларусы[114][111].
У 1919 годзе практычна ўся абвешчаная тэрыторыя БНР увайшла ў склад утворанай у Смаленску Беларускай ССР, аднак неўзабаве маскоўскія бальшавікі адабралі ў склад РСФСР ня толькі гістарычныя Смаленшчыну і Старадубшчыну, але таксама Амсьціслаўшчыну разам з Амсьціславам, Аршаншчыну з Воршай, Віцебшчыну зь Віцебскам, Панізоўе з Рэчыцай і Полаччыну з Полацкам (пазьней у 1924 і 1926 гадох частку гэтых тэрыторыяў вярнулі ў склад БССР), тым часам заходнюю частку Беларусі перадалі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, усе Інфлянты і невялікую частку Полаччыны — у склад Латвіі. У верасьні 1939 году, па далучэньні да СССР заходняй часткі Беларусі, Сталін перадаў Летуве большую частку Віленшчыны зь Вільняй, а таксама паўднёва-ўсходнюю Троччыну з Трокамі і частку Браслаўшчыны, у кастрычніку 1940 году да іх дадаліся раней афіцыйна далучаныя да БССР частка Гарадзеншчыны з Друскенікамі і Ашмяншчыны з Гадуцішкамі, Дзевянішкамі, Салечнікамі і Сьвянцянамі, таксама ў 1939 годзе да Ўкраінскай ССР далучылі частку Піншчыны, а ў склад Трэцяга Райху перадалі заходнюю Берасьцейшчыну і паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны.
Пэўныя ўдакладненьні да межаў этнічнай тэрыторыі Беларусі зрабіў Ян Станкевіч, які ў 1941 годзе дасьледаваў мову ваколіцаў Белай на гістарычнай Берасьцейшчыне. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай крайняя паўднёва-заходняя частка Вялікага Княства Літоўскага апынулася адарванай ад беларускіх губэрняў Расейскай імпэрыі, у адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, населеных пераважна палякамі і ўкраінцамі. На падставе колькаснага аналізу характэрных рысаў і асаблівасьцяў Ян Станкевіч вызначыў мову мясцовых жыхароў як беларускую, прытым дасьледнік адзначыў, што за 10—15 на поўдзень ад Белай у ёй пачынаюць пераважаць украінскія рысы, але і там ёсьць шмат беларускіх асаблівасьцяў[115]. Прыкладна такую мяжу на Берасьцейшчыне (праўда, з спасылкай на Мітрафана Доўнар-Запольскага) прыводзіць у сваёй кнізе «Геральдыка беларускіх местаў» (1998 год) Анатоль Цітоў.
У 1943 годзе супрацоўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту США склалі мапу дзеля меркаванага паваеннага ўладкаваньня Ўсходняй Эўропы, на якой межы расьсяленьня беларусаў прыкладна адпавядалі тым межам, што вызначыў Яўхім Карскі. Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў 1945 годзе ўлады СССР перадалі Польшчы ўсё Падляшша, заходнюю Гарадзеншчыну і невялікую частку Ваўкавышчыны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.