Мазыр
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Мазы́р — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 36,74 км². Насельніцтва на 2018 год — 111 733 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 133 км на паўднёвы захад ад Гомля. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомелем, Бабруйскам і Оўручам (Украіна), у раёне Мазыра праходзіць нафтаправод «Дружба». Найбольшы ў Беларусі порт «Пхоў», чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч, аэрапорт.
Мазыр лац. Mazyr | |||||
![]() | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1155 | ||||
Магдэбурскае права: | 28 студзеня 1577 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Мазырскі | ||||
Плошча: | 36,74 км² | ||||
Вышыня: | 170 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 111 733 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 3041,18 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2351 | ||||
Паштовыя індэксы: | 247760, 247770—247777, 247779, 247780, 247782—247787 | ||||
СААТА: | 3235501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°3′0″ пн. ш. 29°14′0″ у. д. | ||||
Мазыр на мапе Беларусі ![]() Мазыр | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://mozyrisp.gov.by |
Мазыр — магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Палесься, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. У прадмесьці Кімбараўцы захаваліся комплексы жаночага з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла й мужчынскага з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі цыстэрыянскіх кляштараў (барока, XVIII ст.). Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаліся царква Сьвятой Параскевы Пятніцы й Фарны касьцёл.
Назва

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, найбольш імаверна, што тапонім Мазыр мае этнанімічнае паходжаньне і ўтварыўся ад імя народнасьці мазур.
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь[2].
Гісторыя
Раньнія часы
Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узьнікла ў VIII ст. ува ўрочышчы Кімбараўцы, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[3]. У XI—XII стагодзьдзях умацаваны горад перанесьлі на Замкавую гару[4].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі й біскупы якога называліся тураўскімі й мазырскімі. У 1240—1241 гадох места пацярпела ад татарскіх набегаў.
Вялікае Княства Літоўскае
Зь сярэдзіны XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак.
У 1471 годзе Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводзтва. У XVI ст. места стала цэнтрам гродавага староства, з правядзеньнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў — сталіцай павету. Па Люблінскай уніі (1569 год) і пераходу Кіеўскага ваяводзтва да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводзтва.
У пачатку XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду й Рынку. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 гадох усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[5]. На 1552 год у месьце існавалі цэрквы Сьвятога Спаса, Сьвятога Мікалая, Прачыстай Багародзіцы[5], на 1571 год — 550 будынкаў, дзеялі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 год — 293 мяшчанскія двары[5].
28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбурскае права й герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзёх, на шыльдзе — чырвоная літара S»[6]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:
![]() |
Надаем тому месту нашему печать мескую, то есть Орел з Сэм в нем вырисованым… которую урад меский на судах и иншых справах и потребах меских печатовать и того гербу ужывать мают вечные часы | ![]() |
![]() |
![]() | |
Гістарычны герб Мазыру з прывілею XVII ст. (налева) і перароблены расейцамі (направа) |
У 1609 годзе Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 годзе коштам ахвяраваньняў завяршылася аднаўленьне ўмацаваньняў і места было «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 годзе староста Б. Стравінскі заснаваў у Мазыры касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі й спустошылі места[7].
У першай палове XVIII ст. у Мазыры збудавалі базылянскі манастыр, каля места — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 году пачаў дзеяць кляштар марыявітак. У 1723—1773 гадох пры Фарным касьцёле існавала місія езуітаў[8]. У 1726 годзе адкрылася езуіцкая школа (у 1773 годзе яе пераўтварылі ў сьвецкую вучэльню[8]). У 1750 годзе казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ува ўрочышчы Кімбараўцы.
На 1724 год у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Сьвідоўская, Нагорная, Гончая й іншыя вуліцы. У месьце было два замкі — Верхні (Стары), які месьціўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся меская ратуша, пякарня й стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле мескага пляну 1769 году — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы й Рынак; у месьце было 211 двароў, 6 цэркваў й касьцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мазыр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У 1796 годзе царскія ўлады даравалі месту новы расейскі герб. На 1825 год тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзеялі 2 кляштары, працавалі 22 крамы й 27 корчмаў. У 1834 годзе ў Мазыры адкрылася шляхецкая вучэльня, ператвораная ў 1859 годзе ў прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 год — 491 будынак, дзеялі 4 цэрквы, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня й з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месьцічы актыўна бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
На 1878 год у Мазыры дзеялі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бэрнардынскага касьцёла), касьцёл і сынагога. У 1879 годзе тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 годзе — запалкавую фабрыку «Маланка». Пракладаньне Палескіх чыгунак у 1880-х гадох паспрыяла далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю Мазыру. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у месьце было 628 двароў, дзеялі 4 царквы, 2 капліцы, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня, прагімназія, 1-клясная прыходзкая й прыватная жаночая 2-клясная вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 год — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясьніцтва. У верасьні 1913 году тут адбылася I сельскагаспадарчая й прамысловая выстава. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў месьце было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных установаў, земская лякарня, мэтэастанцыя, друкарня й 2 кнігарні.
Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Мазыршчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны»[a][9].
У лютым 1918 году Мазыр занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Мазыр, які знаходзіўся пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі УНР.
- Старая графіка Мазыру
- Касьцёл Сьвятога Міхала й кляштар бэрнардынаў, з мапы XVIII ст.
- Касьцёл і кляштар бэрнардынаў, абмерны рысунак пач. XIX ст.
- Касьцёл і кляштар бэрнардынаў, 1865 г.
- Касьцёл і кляштар бэрнардынаў, 1865 г.
- Касьцёл бэрнардынаў, абмеры 2-й пал. XIX ст.
- Кімбараўка. Н. Орда, 1870 г.
- Кімбараўка. Н. Орда, 1870 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[10]. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[11]. Тым часам Мазыр улучылі ў склад часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні, а ў кастрычніку зрабілі яе цэнтрам (па Рэчыцы). З 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[12].
1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай I зьезду КП(б) Беларусі Мазыр увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[13]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. У 1924 годзе Мазыр стаў цэнтрам раёну БССР (у 1926—1927 гадох места ў Слабадзкім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 гадох места было адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасьня 1938 году Мазыр атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1938—1954 гадох ён быў цэнтрам Палескай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1948 годзе аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музэй. У 1953 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 годзе — кабэльнага заводу. У 1958 годзе пачаўся рух на мосьце праз раку Прыпяць. У 1975 годзе адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У 1988 годзе пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
- Места на старых здымках
- Панарама з боку Прыпяці
- Вуліца Пятніцкая,
25.03.1918 г. - Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
- Вуліца Слуцкая
- Вуліца Замкавая
- Вуліца Сьвідоўская. Сядзіба Кяневічаў
- Кімбараўка. Касьцёл і кляштар цыстэрыянаў
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XVI стагодзьдзе: 1552 год — 1,5 тыс. чал.[5]; 1571 год — каля 2 тыс. чал.[14]; 1576 год — 2 тыс. чал.[5]
- XVIII стагодзьдзе: 1724 год — 1,5 тыс. чал.[8]; 1795 год — каля 2 тыс. чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — каля 3 тыс. чал.; 1850 год — каля 6,5 тыс. чал.; 1866 год — 5899 чал.[15]; 1878 год — 7834 чал. (3902 муж. і 3932 жан.), у тым ліку 5457 праваслаўных, 23 стараверы, 446 каталікоў, 10 эвангелістаў і 1898 юдэяў[16]; 1897 год — 8067 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1907 год — 9976 чал.[17]; 1908 год — 10 395 чал.[18]; каля 1910 году — 12 251 чал. (6338 муж. і 5883 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 4118, раскольнікаў 68, каталікоў 619, пратэстантаў 22, юдэяў 7276, іншых 148; паводле стану: шляхты 248, духоўнага стану 45, ганаровых грамадзянаў і купцоў 315, мяшчанаў 9886, вайскоўцаў 732, сялянаў 885, іншых 140[19]; 1927 год — 14,3 тыс. чал.; 1939 год — 17,5 тыс. чал.; 1970 год — 48,0 тыс. чал.; 1973 год — 58 тыс. чал.[20]; 1991 год — 103 тыс. чал.; 1997 год — 108 тыс. чал.[3]; 1998 год — 109,2 тыс. чал.[21]; 1999 год — 111,8 тыс. чал.[22]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 111,5 тыс. чал.; 2006 год — 111,6 тыс. чал.; 2008 год — 112,0 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 112,2 тыс. чал.[23]; 2009 год — 108 792 чал.[24] (перапіс).; 2016 год — 112 003 чал.[25]; 2017 год — 111 801 чал.[26]; 2018 год — 111 733 чал.[1]
Адукацыя
У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучэльні — геалёгіі, будаўнічая, мэдычная й музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных установаў.
Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя І. П. Шамякіна.
Культура

Дзеюць кінатэатар «Мір», Мазырскі драматычны тэатар імя Івана Мележа, Мазырская філярмонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ.
Жыхароў места абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсьць краязнаўчы музэй, музэй прыкладнай творчасьці, меская выстаўная заля.
Мас-мэдыя
У кабэльнай сетцы Мазыру трансьлюецца мясцовы тэлеканал. Таксама места мае ўласныя друкаваныя выданьні — газэты «Жыцьцё Палесься» й «На свае вочы».
Спорт
Асноўныя спартовыя аб’екты: басэйн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзэрву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».
Забудова
Плян
Архітэктурна-плянавальную сыстэму Мазыру абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны й гістарычны цэнтар места — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, пэрпэндыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб места падымаюцца іншыя вуліцы.
Вуліцы й пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Сьвідоўка вуліца[27] | |
Гогаля вуліца | Кімбараўка вуліца | |
Горкага плошча | Жытомірская вуліца (усходняя частка) Міхайлаўская вуліца (заходняя частка) | |
Дзяржынскага вуліца | Спаская вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Міхалкаўскі тракт | Оўруцкі тракт |
Калініна вуліца | Калінік вуліца | Оўруцкая вуліца |
Камсамольская вуліца | Замкавая вуліца | |
Кіеўская вуліца | Кіеўская вуліца | Карла Лібнэхта вуліца |
Куйбышава вуліца | Пятніцкая вуліца | |
Леніна плошча | Езуіцкая вуліца | Аляксандраўская вуліца |
Ленінская вуліца | Сьвідоўская вуліца | Пакроўская вуліца |
Пралетарская вуліца | Папоўшчына вуліца | |
Пушкіна вуліца | Могілкавая вуліца | Мікалаеўская вуліца |
Савецкая вуліца | Слуцкая набярэжная (частка) Кіеўская набярэжная (частка) | |
Саета вуліца | Рымашоў Роў вуліца | |
Фрунзэ вуліца | Ксяндзоўка вуліца | |
Цэнтральная плошча | Рынак пляц | Свабоды плошча |
З урбананімічнай спадчыны Мазыру да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Кіеўская й Нагорная.
Прамысловасьць
Мазыр — цэнтар нафтаперапрацоўчай прамысловасьці. Працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня й мэталаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці (вытворчасьць кухоннай солі).
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Мазыру |
---|
|
Транспарт
У Мазыры, апроч аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кілямэтраў. Дзее адзін маршрут[28].
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Празь места праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, ягоныя традыцыі й побыт», «Мазыр даўні й сучасны», «Сьвятыні Мазыршчыны»[29]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музэй культуры.
- Гатэлі: гарадзкога савету «Дынама», «Элада», гатэльны комплекс «Прыпяць».
Славутасьці
- Бровар (1885)
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў, фрагмэнты)
- Замчышча (XV—XVIII стагодзьдзі)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла й кляштар бэрнардынаў (1760—1775, цяпер сабор Сьвятога Міхала Арханёла і манастыр Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі й кляштар цыстэрыянаў (1711)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла й кляштар цыстэрыянак (1743—1745)
- Могілкі юдэйскія
- Сядзіба Кяневічаў (пач. XIX ст., пазьней мужчынская гімназія)
Страчаная спадчына
- Замак (XVI стагодзьдзе)
- Касьцёл й кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Фарны, 1616)
- Сынагога
- Царква Сьвятога Спаса (XVI ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (XVI ст.)
- Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (XVIII ст.)
- Царква Сьвятой Тройцы (1888)
Галерэя
- Краявіды Мазыру
- Касьцёл Сьвятога Міхала і кляштар цыстэрыянак у Кімбараўцы
- Касьцёл Сьвятога Міхала, інтэр’ер
- Касьцёл і кляштар цыстэрыянаў у Кімбараўцы
- Колішняя сядзіба Кяневічаў
- Замкавая гара
- Стары бровар
- Старая камяніца
Месты-сябры
Пералік местаў-сяброў Мазыру |
---|
|
Асобы
- Сяргей Дубавец (нар. 1959) — журналіст і літаратар, першы галоўны рэдактар адноўленай газэты «Наша Ніва»
- Якаў Ліўшыц(ru) (1897—1937) — рэвалюцыянэр, савецкі палітычны й гаспадарчы дзяяч
- Ксенія Сітнік (нар. 1995) — сьпявачка, пераможца конкурсу песень Дзіцячае Эўрабачаньне-2005
- Міхаіл Фінберг (нар. 1947) — дырыгент, прафэсар, народны артыст Беларусі
- Аляксандар Шыманоўскі (1850—1918) — беларускі этнограф і фальклярыст
Заўвагі
- рас. «Мало известные нам племена, жившие по берегам Припяти и ее левых притоков составили в исторические времена большой народ, который теперь принято называть белорусами. Сами себе они дают другие названия: живующих в малолесных полевых местах называют палевиками или лицьвинами, а занимающих полесскую часть Беларуси — палешуками»
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.