Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Мазы́рскі нафтаперапрацо́ўчы заво́д» — адно з двух найбольшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, заснаванае ў студзені 1975 году.
«Мазырскі НПЗ» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 25 студзеня 1975 (49 гадоў таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Мазыр, Гомельская вобласьць |
Ключавыя фігуры | Віталь Паўлаў, Сяргей Тукач |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | бэнзін, дызэльнае паліва, мазута, бітум, звадкаваны нафтавы газ |
Абарачэньне | ▲5 805,017 млн рублёў[1] (2017 г.; $2 942,676 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲214,739 млн руб. (2017 г.; $108,855 млн) |
Чысты прыбытак | ▼185,82 млн руб. (2017 г.; $94,196 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 4641 (2016 г.)[2] |
Матчына кампанія | «Белнафтахім» |
Даччыныя кампаніі | УП «Палесьсе-Прамжылбуд», УП «Белфут» |
Аўдытар | ТАА «Грант Торнтан» (Менск) |
Вытворчасьцю заводу зьяўляецца паліва, бітумы, звадкаваныя газы. Завод месьціцца за 20 км на поўдзень ад самога гораду Мазыра — на поўдні Мазырскага раёну (за пасёлкам Міхалкі), куды работнікаў з гораду дастаўляе бясплатны Мазырскі трамвай. Уваходзіць у склад дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім». На 2018 год «Мазырскаму НПЗ» належалі 5 даччыных прадпрыемстваў: цалкам УП «Белфут» і УП «Палесьсе-Прамжылбуд» у Мазыры, УП «Палесьсе-Аграінвэст» у Петрыкаве (Гомельская вобласьць), 98,7% акцыяў мясаперапрацоўчага ЗАТ «Партнэр і К» на паўднёвым захадзе Мазырскага раёну (вёска Козенкі) і 65,47% акцыяў ААТ «Бі энд Бі Іншурэнс» у Менску[1].
На 2018 год ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» вырабляла:
ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» мае ў якасьці падразьдзяленьня трамвайнае кіраўніцтва (вул. Шашэйная, д. 30), якое з 1 жніўня 1988 году злучае Мазыр і завод сваім трамвайным маршрутам. Даўжыня маршруту складае каля 20 км, якія трамвай праходзіць за 40 хвілінаў. Штодня каля 50 трамваяў перавозяць блізу 5000 чалавек, большасьць якіх складаюць супрацоўнікі заводу, якія карыстаюцца гэтым транспартам задарма. Мазырскі політэхнічны каледж (вул. Катлаўца, д. 23) рыхтуе на патрэбы заводу адмыслоўцаў па спэцыяльнасьці «перапрацоўка нафты і газу», якія атрымліваюць прафэсію «апэратар тэналягічных установак». Навучаньне доўжыцца цягам амаль 4 гадоў і ўлучае праходжаньне практыкі на заводзе, куды ўладкоўваюцца ўсе выпускнікі. Харчаваньне на заводзе забясьпечваюць 7 страўняў на 575 месцаў, у якіх штодня сілкуюцца каля 2000 чалавек. Камітэт фізычнай культуры заводу ўтрымлівае дзіцячы спартова-тэхнічны клюб «Старт» і дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзэрву «Жамчыжына Палесься». Палац культуры «Мазырскага НПЗ» (бульвар Юнацтва, д. 1а) улучае тэатральна-канцэртную залю на 850 месцаў. За 2012 год Палац культуры прыняў звыш 96 000 наведнікаў. На яго сцэне працуюць мясцовыя гурты «Сваякі» і «Жывіца», а таксама балет-судыя «Алексіс», якія выступаюць на тэлебачаньні і фэстывалях, у тым ліку за мяжой. На паўднёвым усходзе Мазырскага раёну «Мазырскаму НПЗ» належыць здраўніца «Сосны» (вёска Стрэльск, Крынічны сельсавет) на 136 месцаў. Здраўніца мае мэдычны корпус і басэйн, спартовае поле са штучным пакрыцьцём і спартовую залю, 1- і 2-мясцовыя нумары люкс і паўлюкс, пляж з распранальнямі на рацэ Прыпяць. 70% адпачывальнікаў складаюць супрацоўнікі завода зь сем’ямі, каля 15% — заводзкія пэнсіянэры, рэшту — расейскія турысты[7].
Акцыянэрамі завода зьяўляюцца: Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь — 42,76%, ААТ НГК «Слаўнафта» (Масква, Расея) — 42,58%, ТАА «МНПЗ плюс» — 12,25%, фізычныя асобы — 2,41%[7].
30 студзеня 1975 году на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе пусьцілі сэкцыю 100 комплеску ЛК-6У № 1 і атрымалі першы аўтамабільны бэнзін. Першапачаткова глыбіня нафтапепрацоўкі складала 50%, у выніку чаго істотную частку вырабаў складала мазута, якая ішла на патрэбы энэргетыкі. За 1991—1994 гады Мазырскі НПЗ амаль 4-кратна скараціў нафтаперапрацоўку. У 1994 г. завод ператварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. 30 студзеня 2004 году ўвялі ў дзеяньне камбінаваную ўстаноўку каталітычнага крэкінгу, што павялічыла глыбіню нафтаперапрацоўкі і адбору сьветлых нафтапрадуктаў. Таксама гэта дазволіла выкарыстоўваць у якасьці сыравіны сумесь водаачышчанага вакуўмнага газойлю і мазуту нізкасярністай нафты. Выпуск аўтамабільнага бэнзіну вырас у 1,5 разу, звадкаванага газу — удвая. У 2006 годзе пабудавалі блёк вылучэньня бэнзольнага канцэнтрату і ўстаноўку экстрактыўнай дыстыляцыі бэнзолу. Гэта зьменшыла колькасьць бэнзолу ў высокаактанавых бэнзіне адпаведна эўрапейскаму стандарту EN 228 і дазволіла атрымаць нафтавы бэнзол для пастаўкі ў якасьці сыравіны на патрэбу нафтахімічнай прамысловасьці. Чысты прыбытак заводу ў 2006 годзе склаў 353 млрд беларускіх рублёў ($164,5 млн). 17 траўня 2007 году ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» выступіла сузаснавальнікам ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» разам з ААТ «Нафтан» (Наваполацак) і УП «Беларуснафта» (Гомель). «Беларуская нафтавая кампанія» адчыніла замежныя прадстаўніцтвы ў 5 краінах Эўропы — Ангельшчыне, Латвіі, Польшчы, Расеі і Ўкраіне. Праз гэтыя прадстаўніцтвы наладзілі экспарт у 20 краінаў сьвету, у тым ліку 14 краінаў Эўропы. Пагатоў «Беларуская нафтавая кампанія» стала прадаваць нафтапрадукты і на ўнутраным рынку Беларусі. У 2008 годзе запусьцілі комплексную ўстаноўку фторыставадароднага алькіляваньня. У выніку атрымалі алькілят, які служыць высокаактанавым дадаткам да бэнзіну[7].
На 2009 г. завод меў магутнасьць перапрацоўкі нафты ў 12 млн тонаў штогод, зь якіх загружанымі былі каля 11 млн тонаў. За год вырабляў каля 2,5 млн т аўтабэнзіна і 2,4 млн т дызэльнага паліва[8]. У 2010 годзе дадалі ўстаноўку водаабязьсеркаваньня бэнзіну каталітычнага крэкінгу, што зьменшыла ўтрыманьне серкі ў высокаактанавым бэнзіне адпаведна эўрапейскаму стандарту EN 228:2008. Таксама адпаведна гэтаму стандарту сталі сэрыйна вырабляць бэнзін для аўтамабіляў экалягічнай клясы 5. Гэта стала магчымым дзякуючы даданьню ў рэцэптуру мэтыл-трэт-бутылавага этэру, які ёсьць высокаактанавым тленазьмяшчальным дадаткам. У траўні і чэрвені 2010 году «Мазырскі НПЗ» прыняў пробныя пастаўкі 80 000 тонаў нафты з Вэнэсуэлы праз чарнаморскі порт у Адэсе (Украіна). На пачатку 2011 году запусьцілі новую ўстаноўку вытворчасьці вадароду. У студзені 2012 году ўвялі ў дзеяньне ўстаноўку водаачысткі дызэльнага паліва, што дазволіла вырабляць яго паводле эўрапейскага стандарту EN 590. У сьнежні 2012 году пабудавалі ўстаноўку ізамэрызацыі пэнтан-гэксанавай фракцыі, прызначанай для атрыманьня ізамэрызату, які ёсьць экалягічна чыстым высокаактанавым складнікам бэнзіну. Гэта дазволіла атрымаць бэнзін экалягічнай клясы 5 АІ-92-К5-Эўра паводле СТБ 1656—2011 і адпаведна стандарту EN 228, а таксама спыніць выпуск нерэнтабэльнага нізкаактанавага бэнзіну «Нармаль-80» і сыравіннага бэнзіну для піролізу. У выніку вытворчасьць высокаактанавага бэнзіну перавысіла 200 000 тонаў за год. За 2010—2012 гады «Мазырскі НПЗ» увёў у дзеяньне 7 новых прамысловых установак агульнай вартасьцю $685 млн[7].
У 2012 годзе ААТ «Мазырскі НПЗ» паставіла да 65% вырабаў за мяжу. Звыш паловы вырабаў накіравалі ў краіны Заходняй (Нідэрлянды і Ангельшчына) і Паўночнай Эўропы (Швэцыя і Данія). Траціна экспарту прыпала на Ўкраіну, куды пераважна паставілі дызэльнае паліва і бэнзін. У межах міжурадавага пагадненьня ў Расею прадалі істотную частку бэнзінаў АІ-92 і АІ-95. У Італію праз чарнаморскія парты паставілі топачную мазуту. У 2012 годзе перапрацавалі 11,91 млн тонаў нафты, што было найбольшым паказьнікам за 10 гадоў. Рэнтабэльнасьць склала каля 10%. У 2013 годзе 80% бэнзіну адпавядала стандарту «Эўра-4», рэшта — «Эўра-5». Глыбіня нафтаперапрацоўкі складала каля 70%. За 2010—2013 гады для зьмяншэньня выкідаў «Мазырскі НПЗ» увёў у дзеяньне 2 новыя блёкі абаротнага водазабесьпячэньня, устаноўку ўтылізаваньня серкавадародазьмяшчальнага газу, станцыю ўльтрафіялетавага абеззаражваньня сьцёкавай вады, блёк утылізаваньня вуглевадароднага факельнага газу, нафтапасткі і флятатары на ачышчальных збудаваньнях, абсталяваньне абязводжваньня асадкаў сьцёкавай вады, комплекс перапрацоўкі нафташламу і ўстаноўку тактавага наліву бэнзіну для зьмяншэньня стратаў нафтапрадуктаў і выкідаў у паветра. На 2013 год прадпрыемства налічвала 4720 супрацоўнікаў, зь іх рабочыя склалі 69%, спэцыялісты — 17%, кіраўнікі — 10%, служачыя — 4%. Моладзь складала 25% супрацоўнікаў. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складаў 39 гадоў[7]. У 2013 годзе «Мазырскі НПЗ» атрымаў 2-ю найбольшую выручку сярод прадпрыемстваў Беларусі ў памеры 28,014 трлн рублёў[9] (2,945 млрд $)[10].
У кастрычніку 2022 году прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны сьпіс Украіны[11].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.