Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кале́нкавічы (прыкладна з 1930-х гадоў[a] — Калі́нкавічы) — места ў Беларусі, на рацэ Каўні (Каленкаўцы). Адміністрацыйны цэнтар Каленкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 17 км². Насельніцтва на 2018 год — 40 282 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 122 км на паўднёвы захад ад Гомля. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Берасьце, Оўруч. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомлем, Парычамі, Жыткавічамі, Славечнам.
Каленкавічы лац. Kalenkavičy | |||||
Агульны выгляд | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам | ||||
Горад з: | 1925 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Каленкавіцкі | ||||
Вышыня: | 172 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 40 282 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2345 | ||||
Паштовыя індэксы: | 247691 (247692, 247693, 247694, 247695) | ||||
СААТА: | 3223501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°8′0″ пн. ш. 29°20′0″ у. д. | ||||
± Каленкавічы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://kalinkovichi.gomel-region.by/ |
Каленкавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.
Тапонім Каленкавічы мае патранімічнае паходжаньне, пра што сьведчыць фінальная частка -ічы. Паводле найбольш пашыранага меркаваньня, у аснове назвы места ляжыць імя Каленік[2] або вытворнае ад яго — Каленка[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім утварыўся ад прозьвішча Калянковіч[4].
Традыцыйная гістарычная назва места — Каленкавічы[5][6][7][8][9]. Цяперашняя афіцыйная назва — Калінкавічы. Гэтая форма зьявілася на мапах толькі ў 1930-я гады, відаць, з прычыны пошуку суб’ектыўна больш мілагучнай формы[4] (магчыма, савецкаму чыноўніку ў назьве пачулася асацыяцыя з каленькамі, тым часам у расейскіх праваслаўных сьвятцах грэцкае імя Каленік значыцца ў форме Калиник[2]). Пры гэтым аналягічную назву — Каленкавічы — захавала вёска на захадзе Беларусі, якая ў гэты час не ўваходзіла ў склад СССР. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Каленкавічы фіксуецца як варыянтная форма. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.
Выяўленыя археолягамі гарадзішчы бронзавага і раньняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Русі сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці.
Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісаньні Мазырскага замку 1552 года. Прычым Каленікавічы[b] ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з прычыны малалюднасьці названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі[c] Мазырскай воласьці[11]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласьць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы[12]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пасьля падпісаньня акту Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводзтва ВКЛ. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 году вёска згаданая ў справе размежаваньня ўгодзьдзяў Мазырскага[d] староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасьць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, судзьдзі земскаму мазырскаму[14]. 18 траўня 1657 году кароль Ян Казімір, па сьмерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманьне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладыслаў Схмелінг (Schmelling)[15].
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[16]. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[e][17]. 16 траўня 1774 году складзены акт разьмежаваньня вёсак Гулевічы і Каленкавічы. На 1778 год у паселішчы было 25 будынкаў, тут знаходзіўся цэнтар парохіі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Каленкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дудзіцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. Расейскія ўлады падаравалі маёнтак зямяніну Шахоўскаму, а ў 1805 годзе ён перайшоў у дзяржаўны скарб. У 1795 годзе існавалі мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і вёска Новыя Каленкавічы, якія стаялі на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага скарбавага маёнтку была ўтворана воласьць[f] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 габрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»[18]. У 1856 годзе тут узьвялі будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся мэтрычныя кнігі з 1827 году). У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Каленкавічах народную вучэльню. На 1866 год тут было 100 двароў. У 1876 годзе зямянін Галалобаў меў у вёсцы 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. 15 лютага 1888 году пачала працаваць чыгуначная станцыя на лініі Лунінец — Гомель. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку Каленкавічах было 196 двароў, дзеялі 2 малітоўныя дамы, працавалі паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 майстэрні апрацоўкі скураў, завод колавай мазі, 27 крамаў, 3 карчмы, 3 заезныя двары; у сяле Каленкавічах — 73 двары, царква, царкоўна-прыходзкая школа, хлебазапасны магазын. У 1908 годзе існавалі аднайменныя мястэчка (196 двароў), сяло (63 двары) і фальварак (2 двары). З 1909 году дзеяла гандлёва-прамысловае таварыства. У 1916 годзе з уводам у эксплюатацыю чыгункі Жлобін — Оўруч Каленкавічы сталі буйным транспартным вузлом.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў пачатку 1918 году Каленкавічы заняла войска Ю. Доўбар-Мусьніцкага, а 24 лютага таго ж году — войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Каленкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 17 сьнежня 1918 году мястэчка занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Каленкавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[19], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 6 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі, з 10 да 17 лістапада 1920 году — аддзелы С. Булак-Балаховіча. 17 ліпеня 1924 году Каленкавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Гомельскай вобласьці. 3 ліпеня 1925 году паселішча атрымала статус места. У гэты час тут дзеяла рамеснае таварыства, працавалі паравы млын зь лесапільняй (з 1916 году), конная крупарушка (з 1917 году), бачарня, кузьня, электрастанцыя (з 1932 году), цагельня (з 1930 году), ткацкая (з 1927 году), шавецкая і кравецкая (з 1929 году) майстэрні, тэлефонная станцыя (з 1929 году). Дзеялі лякарня, бібліятэка, 3 сярэднія школы (адкрыліся ў 1932, 1934 і 1936 гадох). У Другую сусьветную вайну з 12 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
7 сакавіка 1963 году Каленкавічы атрымалі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1966 годзе да места далучылі вёску Карчагу. 4 лістапада 1993 году пачала дзеяць царква ў імя Казанскай іконы Маці Божай. 9 чэрвеня 2001 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла імя Найсьвяцейшай Тройцы[20].
У Каленкавічах працуюць Палескі аграрны каледж імя У.Ф.Міцкевіча, ДПТВ, гімназія, 8 сярэдніх, музычная і спартовыя школы, школа мастацтваў.
Дзеюць дом культуры, бібліятэкі, краязнаўчы музэй.
У месьце выдаецца раённая газэта «Калінкавіцкія навіны».
Забудова асноўных вуліцаў — 2-, 5- і 9-павярховыя дамы. Утварылася 3 мікрараёны.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былая назва |
Савецкая вуліца | Паштовая вуліца (частка, да 1923), Бабруйскі тракт (частка, да 1967) | |
вуліца Калініна | Баранаўская вуліца (да 1923) | |
вуліца Луначарскага | Гімназічная вуліца (да 1923) | |
Чырвонаармейская вуліца | Царкоўная вуліца (да 1923) | |
пляц Леніна | Базарны пляц (да 1960) | Цантральны пляц (да 1970) |
Кастрычніцкая вуліца | Вакзальная вуліца (да 1939) | Кагановіча вуліца (да 1957) |
вуліца Азёрына | Паркавая вуліца (да 1945) | |
Піянерская вуліца | Бальнічная вуліца (да 1960) | |
вуліца Якуба Коласа | ? | 2-ая Пушкіна вуліца (да 1960) |
Адэская вуліца | ? | Сталінградская вуліца (да 1961) |
вуліца Гагарына | Бунтарская вуліца (да 1964) | |
вуліца 50 год Кастрычніка | Жыткавіцкі тракт (да 1967) | |
Валгаградская вуліца | Сялянская вуліца (да 1967) | |
вуліца Міру | Гомельскі тракт | |
вуліца Сомава | Ліпнеўская вуліца (да 1973) |
Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Каленкавічаў |
---|
|
Дзее Каленкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Дружба»[29].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.