горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Жло́бін — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 76 220 чалавек[1]. Знаходзіцца за 93 км на паўночны захад ад Гомелю. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Менск, Магілёў, Гомель, Каленкавічы), аўтамабільныя дарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Шацілавічы. Рачная прыстань.
Жлобін лац. Žłobin | |||||
Памятны знак | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 15 ліпеня 1654 | ||||
Горад з: | 3 ліпеня 1925 | ||||
Былая назва: | Злобін | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Жлобінскі | ||||
Плошча: | 28 км² | ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 76 220 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 2722,14 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2334 | ||||
Паштовыя індэксы: | 246172, 247191, 247192, 247194—247200, 247205—247208, 247210, 247239[2] | ||||
СААТА: | 3218501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°54′0″ пн. ш. 30°2′0″ у. д. | ||||
± Жлобін | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.gisp.gov.by/ |
Жлобін — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3].
Паводле аднаго зь мясцовых паданьняў, тапонім Злобнае места (пазьней — Злобін, Жлобін) утварыўся з тае прычыны, што тут ад перасьледу ўладаў хаваўся беглы люд[4]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад асабістага імя Жлоба або Злоба[5].
Традыцыйнае напісаньне назвы места лацінскімі літарамі — Žłobin, афіцыйная трансьлітарацыя — Žlobin[6].
Вынікі археалягічных абсьледаваньняў паказваюць, што першыя паселішчы людзей на тэрыторыі сучаснага Жлобіна ўзьніклі ў часы першабытнага грамадзтва, задоўга да заснаваньня места. На ўзьбярэжжы Дняпра ў межах Жлобіна археолягі знайшлі рэшткі паселішча пэрыяду бронзавага веку (ІІ-е — пачатак І-га тысячагодзьдзя да н. э.), на тэрыторыі мескага парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» — сьляды паселішча пэрыяду жалезнага веку[7], якое існавала ў канцы І тысячагодзьдзя да н. э. — пачатку І тыс. н. э.[8]
У публікацыях сустракаецца меркаваньне пра тое, што першы пісьмовы ўпамін пра Жлобін пад назвай Хлепень датуецца 1492 годам, але гэта памылка[9]. Відаць, упершыню яна ўзьнікла ў 12 томе Энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона[10] — у выніку таго, што зь местам Рагачовам (паблізу Жлобіна) пераблыталі сяло, якое ў XV ст. знаходзілася на сумежжы з Маскоўскай дзяржавай — Рагачова(ru) (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласьці), а непадалёк ад яго ёсьць вёска Хлепень(ru) (Сычоўскі раён Смаленскай вобласьці). Менавіта да апошняй належыць упамін за 1492 год. Паводле высновы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакумэнтаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма[8].
Пад 1563 годам упамінаецца паселішча пад назвай Хлобін, у валоданьні полацкага шляхціца[11], якое, магчыма, знаходзілася ў Рагачоўскай воласьці[12]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісьце ад 15 ліпеня 1654 году паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позьніх зьвестак пра гэты замак не існуе[13]. Злобін упамінаецца як мястэчка і ў некаторых іншых дакумэнтах, зьвязаных з вайной у 1654—1655 гадах[8].
Паводле археалягічных зьвестак, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагодзьдзях на адлегласьці каля 100 м ад утоку ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным мескім паркам «Прыдняпроўскі». Замак умацоўвалі земляны вал і драўляныя сьцены-гародні зь вежамі і брамамі. Абарончыя ўмацаваньні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартовая школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2—3 м (стадыён спартовай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае месца неўмацаванай забудовы — сярэдневечнае селішча[14]. На ім разьмясьціўся парк «Прыдняпроўскі»[15]. Пры археалягічных абсьледаваньнях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагодзьдзяў. Такім чынам, вызначана, што гістарычная частка Жлобіна разьмяшчаецца ў асноўным паміж царквой Сьвятой Тройцы, ракой Дняпро, колішнім ручаём Чорначка (цяпер у калектары, каля ранейшага вусьця захавалася невялікая затока ад Дняпра) і старажытным гасьцінцам Рагачоў — Рэчыца[8].
У XV—XVI стагодзьдзях Злобін быў у валоданьні Хадкевічаў. З 1509 году паселішча знаходзіцца ў Рагачоўскай воласьці, у валоданьні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 году ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтку. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Злобін увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.
Злобін значыцца на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў (лацініцай Złobyn, Zlobyn)[8]. У 1790 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 кірмашы штогод у Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Існавалі прыстань і паромная пераправа, вялося будаваньне рачных суднаў. З 1792 году дзеяла Крыжаўзьвіжанская царква.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Жлобін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. У вайну паміж Францыяй і Расеяй францускія войскі 20 ліпеня 1812 году занялі паселішча, але неўзабаве адступілі. Паводле рэвізіі 1816 году ў Жлобіне было 189 двароў. У 1818 годзе Жлобін зноў стаў мястэчкам. Паводле зьвестак за 1824 год, тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[16].
На 1860 год у Жлобіне дзеяла царква, працавалі паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 годзе замест састарэлага ўзьвялі новы будынак царквы, працавалі расейская народная вучэльня (у 1864 годзе — 15, у 1889 годзе — 92 вучні) і хлебазапасны магазын. 16 лістапада 1873 году пачаўся рух на чыгунцы Асіповічы — Гомель, адкрылася чыгуначная станцыя Жлобін 2-й клясы. За 1 км на захад ад мястэчка збудавалі паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканьні для пасажыраў. Пазьней узьвялі 1-павярховы драўляны вакзал. З 1876 году ў Жлобіне працаваў дрожджавы завод, з 1868 году — крупарушка. Празь мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.
13 траўня 1880 году ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, 65 крамаў і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага пляну. На 1880 год тут было 164 двары, 6 крамаў, цукровы завод. На 1886 год існавалі чыгуначная станцыя, суднаходная прыстань (пераведзеная з Рагачова ў 1879 годзе), царква, каталіцкая капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, пачатковая вучэльня, 2 ветракі, 53 крамы. 16 траўня 1889 году ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.
У 1893 годзе побач з Жлобінам прайшла лінія Гомель — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі. Паступова мястэчка ператварылася ў значны транспартны вузел на перакрыжаваньні чыгункі і воднага шляху; разьвіваўся гандаль, расла колькасьць насельніцтва. У 1895—1913 гадах на чыгуначнай станцыі працавала дэпо з майстэрнямі (115 працоўных). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Жлобіне было 725 двароў, 2 царквы, 2 каталіцкія капліцы, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, гандлёвыя дамы, гатэль, карчма, 3 млыны; цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы; штогод праводзіўся кірмаш. У вёсцы Карпілаўка, якая пазьней увайшла ў склад Жлобіна быў 301 двор, капліца, юдэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазын, чыгуначная вучэльня, 8 крупарушак, 4 заезныя двары, 2 карчмы. Паблізу разьмяшчаўся скарбовы завод прэсаваньня сена, якое накіроўвалася ў вайсковыя акругі.
24 сьнежня 1902 году пачаўся рух цягнікоў на лініі Віцебск — Жлобін. 2 лістапада 1915 году адкрылася лінія Жлобін — Шапятоўка (праз Каленкавічы) чыгункі Пецярбург — Адэса. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 сьнежня 1905 году да 2 студзеня 1906 году адбываўся страйк чыгуначнікаў. З 1908 году дзеяла пазыкова-ашчадная каса. Існавала паштовае аддзяленьне. На 1909 год у Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласьці, налічвалася 486 гаспадарак, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 году местачкоўцы на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Эўфрасіньні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацак. У 1911 годзе адкрылася прыватная гімназія зь бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе на чыгуначнай станцыі Жлобін адбылося хваляваньне салдатаў, адбываліся сутыкненьні з паліцыяй. 13 студзеня 1918 году Жлобін занялі войскі 1-га польскага корпуса генэрала Ю. Доўбар-Мусьніцкага, у лютым 1918 году адбываліся ваенныя сутычкі з Чырвонай арміяй. 2 сакавіка 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жлобін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[17]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Жлобін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. 3 ліпеня 1925 году Жлобін атрымаў статус места. На 1933 год тут працавалі электрастанцыя чыгуначнага вузла, шпаларэзны завод «Любава», камбінаты — дрэваапрацоўчы імя М. Горкага, птушыны; варэньняварны завод, 2 крухмальныя заводы; палявы тэхнікум, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 25 чэрвеня 1944 году Жлобін знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
30 сьнежня 1978 году ў Жлобіне пабудавалі завод штучнага футра, у канцы 1984 году — Беларускі мэталюргічны завод.
Жлобін разьмяшчаецца на раўніне Гомельскае Палесьсе, на ўсходняй ускраіне ракі Дняпра. На захад ад места знаходзяцца мэліярацыйныя каналы. Клімат умерана кантынэнтальны.
Паводле нацыянальнага складу: беларусы — 79,8%; расейцы — 15,1%; украінцы — 2,8%; цыгане — 0,5%; іншыя — 1,8%
У 1995 годзе ў Жлобіне збудавалі мураваную царкву Сьвятой Тройцы, у 1996 годзе — рымска-каталіцкую капліцу Сьвятога Казімера.
У Жлобіне працуюць мэталюргічны тэхнікум, філія Гомельскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, ПТВ, вышэйшая вучэльня агратэхнікі, 10 сярэдніх, музычныя і спартовая школы, дом школьнікаў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 5 лякарняў на 940 ложкаў, 6 паліклінік на 1040 наведваньняў у дзень, 7 аптэк.
Дзеюць дом культуры з народным тэатрам і вакальным ансамблем, клюб чыгуначнікаў, палац культуры «Мэталюрг», кінатэатар, 5 бібліятэк.
У месьце знаходзіцца студыя кабэльнага тэлебачаньня, выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Тэхнічная кніга». Вядзецца мясцовае радыёвяшчаньне, выдаецца газэта «Новы дзень».
У Жлобіне 3 плавальныя басэйны, палац спорту, аэраклюб, сэкцыя спартовых матацыклаў, школа вэласпорту, лядовы палац, аквапарк. «Мэталюрг Жлобін» (хакейны клюб), «Жлобін (футбольны клюб)».
Сучасная забудова Жлобіна квартальная, шматпавярховая, цэнтар складаецца з двух самастойных комплексаў, галоўны — пляц Вызваліцеляў. Утварылася 7 новых мікрараёнаў, у тым ліку 4 пры БМЗ.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Дастаеўскага вуліца | Новая вуліца |
Карла Маркса вуліца | Царкоўная вуліца |
Першамайская вуліца | Малевіцкі тракт Цэнтральная вуліца |
Пятроўскага вуліца | Садовая вуліца |
Савецкая вуліца | Галоўная вуліца |
Сацыялістычная вуліца | Крывая вуліца |
Урыцкага вуліца | Паштовая вуліца (частка) Вакзальная вуліца |
Чапаева вуліца | Інтэнданцкая вуліца[24] |
Прадпрыемствы лёгкай, мэталюргічнай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Жлобіна |
---|
|
Дзее Жлобінскі гістарычна-краязнаўчы музэй (у былым касьцёле Сьвятога Казімера). Гатэлі: «Славянская», «Юбілейная»[25].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.