Remove ads
беларуска-польскі паэт беларускага паходжаньня From Wikipedia, the free encyclopedia
Ада́м Бэрна́рд Міцке́віч (польск. Adam Bernard Mickiewicz; 24 сьнежня 1798, фальварак Завосьсе Наваградзкага павету Літоўскай губэрні, сёньня — Баранавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці, у некаторых крыніцах Наваградак[a], Расейская імпэрыя — 26 лістапада 1855, Канстантынопаль, Асманская імпэрыя (сёньня — Стамбул, Турэччына)[7][8] — беларуска-польскі паэт беларускага паходжаньня[9][10], палітычны публіцыст і дзяяч нацыянальна-вызвольнага польскага руху, быў сябрам Таварыства філяматаў. Некаторымі зь беларускіх літаратараў Міцкевіч вызнаецца як адзін з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры[11] і беларускім польскамоўным паэтам[12]. Вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі — паэмы «Дзяды» і паэтычная эпапэя «Пан Тадэвуш», прызнаныя апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына». Нацыянальны паэт Беларусі, Польшчы, Летувы.
Адам Міцкевіч лац. Adam Mickievič | |
па-польску: Adam Bernard Mickiewicz | |
Адам Міцкевіч, дагэратып 1842 году | |
Герб «Порай» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Adam Bernard Mickiewicz |
Нарадзіўся | 24 сьнежня 1798[1][2][3][…] Завосьсе або Наваградак, Наваградзкі павет, Літоўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 26 лістапада 1855[2][3][4][…] (56 гадоў) Канстантынопаль, Асманская імпэрыя |
Пахаваны | |
Род | Міцкевічы |
Бацькі | Мікалай Міцкевіч Барбара з Маеўскіх |
Жонка | Цэліна Шыманоўская |
Дзеці | Марыя, Гэлена, Уладзіслаў, Юзэф, Аляксандар, Ян |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, палітычны публіцыст |
Гады творчасьці | 1818 — 1855 |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | верш, баляда, паэма |
Мова | польская мова[5] |
Значныя творы | Пан Тадэвуш Дзяды Ода да маладосьці Рамантычнасьць Крымскія санэты Reduta Ordona |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасьць Адам Міцкевіч правёў у высылцы ў цэнтральнай Расеі пяць гадоў, пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцьця ў выгнаньні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, потым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафэсарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапэнам. Памёр у Канстантынопалі, куды ён прыехаў дапамагаць ў арганізацыі польскіх войскаў дзеля барацьбы з Расейскай імпэрыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазьней былі перавезеныя ў Вавэльскі касьцёл у Кракаве.
Бацька пісьменьніка Мікалай выводзіў сваё паходжаньне са шляхецкага роду Рымвідаў-Міцкевічаў гербу «Порай», заснавальнікам якога нібыта быў літоўскі баярын Рымвід[13]. Сам Міцкевіч пісаў аб баярыне Рымвідзе ў сваёй «Гражыне». Аднак дваранства Рымвідаў-Міцкевічаў не было прызнана й зацьверджана ў Расейскай імпэрыі, бо Міцкевічы не прадставілі слушных доказаў[14][15]. Паводле некаторых дасьледчыкаў, бацька паэта паходзіў з заможнага беларускага сялянства[16]. Акрамя таго Мікалай Міцкевіч браў удзел у паўстаньні 1794 году. Маці паэта, Барбара, якая мела сястру-блізьніцу Марыяну, нарадзілася ў 1768 годзе[17], паходзіла з роду Маеўскіх гербу «Стары конь», у Наваградзкім ваяводзтве вядомым зь сярэдзіны XVII ст. Яе бацькамі былі Матэвуш Маеўскі, які пад канец жыцьця быў эканомам у маёнтку Чомбраў, які належаў Вузлоўскім, і Кацярына-Ганна з Арэшкаў, дачка наваградзкага ротмістра Юзэфа Арэшкі. Першым вядомым продкам Адама Міцкевіча па кудзелі з роду Маеўскіх лічыцца Казімер Маеўскі, які ў 1650 годзе валодаў фальваркам Бердаўка. Памылковая гіпотэза паходжаньня Барбары Маеўскай ад пасьлядоўнікаў Якуба Франка папулярызуецца публіцыстамі габрэйскага паходжаньня[18]. Прозьвішча роду Міцкевічаў паходзіла ад беларускага імя Міцька, скарочанага ад Зьміцер; уласна сам Адам Міцкевіч прасіў называць сваё прозьвішча і падпісваўся, як Міцькевіч (па-польску: Mićkiewicz)[19][20].
Адам Міцкевіч нарадзіўся ў сядзібе свайго дзядзькі ў Завосьсі каля Наваградку, у той час Расейская імпэрыя (цяпер Беларусь). Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе гэты рэгіён быў часткай земляў ВКЛ і род Міцкевічаў паходзіў зь літоўскай (беларускай) засьцянковай шляхты[21]. Беларускі фальклёр у шэрагу з гістарычнымі літоўскімі паданьнямі пазьней акажа вялікі ўплыў на творчасьць Міцкевіча[21]. Бацька Адама, Мікалай Міцкевіч, быў наваградзкім судовым адвакатам, маці, Барбара з Маеўскіх — дачка аканома зь недалёкага Чамброва. Ахрышчаны Адам быў ў Навагрудзкім фарным касьцёле Перамяненьня Пана 12 лютага 1799 года. Дакладнае месца нараджэньня Адама Міцкевіча дагэтуль застаецца спрэчным момант біяграфіі паэта сярод гісторыкаў[22]. На гэты конт існуюць некалькі вэрсыяў: найперш гэта дакумэнтальны запіс у мэтрычнай кнізе Наваградзкага касцёлу аб хрышчэньні Адама Бярнарда Міцкевіча 12 лютага 1799 г., паводле гэтага запісу мейсца нараджэньня паэта зьвязваюць з Наваградкам. Другая вэрсыя паходзіць ад старэйшага брата Адама, Францішка. Згодна з гэтай вэрсыяй, Міцкевіч зьявіўся на сьвет у калядную ноч у прыдарожнай карчме Выгада, дзе вымушана спынілася яго маці, вяртаючыся з Завосься ў Наваградак, што нібы стала прадказаньнем лёсу паэта, як вандроўніка і пілігрыма. Ад малодшага брата Адама, Аляксандра[b], паходзіць трэці варыянт: паэт нарадзіўся на хутары Завосьсе й паводле рэкамэндацыі шляхцянкі Маладэцкай пупавіна яму была адрэзана на кнізе, што, адпаведна, павінна было забясьпечыць немаўляці славу кніжніка й вялікі розум[c][24].
Маленства Адам правёў у сядзібе з Завосьсі, пасьля чаго ў 1806—1807 гадах бацька Адама Міцкевіча пабудаваў дом у Наваградку. У доме Міцкевічаў на першым паверсе разьмяшчаліся гасьцінная саля, пакой бацькі, у якім знаходзілася хатняя бібліятэка, пакой для старэйшых дзяцей, пакой для малодшых дзяцей, а таксама спальня бацькоў і сталовая. На паддашку разьмяшчаўся пакой для прыслугі. На гэты час у сямі было пяцёра дзяцей: Францішак (1796 г.н.), Адам (1798 г.н.), Аляксандар (1801 г.н.), Ежы (1804 г.н.), Антоній (1805 г.н.). Яшчэ ў маленстве маці навучыла Адама чытаць і пісаць. Дапамагаў у гэтым стары Керсноўскі, які пазьней ўспамінаў: «Навука пайшла вельмі хутка, бо ён (Адам) здольнасьць меў незвычайную, яму не патрабавалася паўтарэньняў». Восеньню 1806 г. Міцкевічы ўзялі першага гувернёра для сваіх старэшых сыноў, які вучыў іх граматыцы, даў асновы арытмэтыкі й каліграфіі. У дзяцінстве з Адамам Міцкевічам здарыўся выпадак: немаўлём ён выпаў з акна бацькоўскага дому на вулічны брук, і яго, непрытомнага, маці ў роспачы аднесла ў касьцёл і там на каленях вымольвала вяртаньне да жыцьця свайго дзіцяці. У 1807—1815 гадох Міцкевіч наведваў дамініканскую павятовую школу ў Наваградку. Вучыўся Адам добра. Настаўнікі адзначалі яго выключную стараннасьць і добрыя паводзіны. Можна сказаць, што ўсе прадметы даваліся яму лёгка, за выключэньнем чыстапісаньня. Пісьмо, як ён пісаў пазьней сябрам, выклікала агіду, бо літары нагадвалі павукоў. Маці неаднаразова зьвяртала ўвагу Адама на яго почырк, казала:
«Пішаш, як курыца грабецца. Калі б ты быў вялікім панам, то сакратар махаў бы за цябе пяром, а паколькі ты ўбогі шляхціч, павінен умець даць сам сабе рады»[25]. | ||
У 5-6-х класах Адам пачаў чытаць у арыгінале творы рымскіх клясыкаў, захапіўся польскай клясычнай літаратурай, гістарычнымі творамі, рабіў пераклады з лацінскай мовы на польскую, спрабаваў пісаць п’есы. На год-два раней пачаў складаць вершы. Праўда, вершаваныя практыкаваньні былі часткай школьнай праграмы. Настаўнік рыторыкі даваў вучням заданьні скласьці невялікія эпіграфы й байкі. Аднак гэтыя сачыненьні Адама нічым не вылучаліся сярод падобных твораў аднаклясьнікаў. Пэўнае прызнаньне атрымала яго паэма «Ода аб пажары», напісаная ў 1810 г. пад уражаньнем гарадзкога пажару. Паказаўшы твор дырэктару Навагрудзкай дамініканскай школы, хлопчык апынуўся ў карцары за хлусьню, бо дарослыя проста не маглі паверыць, што такі майстэрскі тэкст можа належаць падлетку. Той пажар зьнішчыў у Навагрудку 18 жылых будынкаў і чуць не закрануў дом Міцкевічаў. У пажары ледзь не загінуў і бацька Адама, які знаходзіўся ў званіцы касьцёлу Сьвятога Антонія, ахопленай агнём, ратаваў архіў і дакумэнты. Выбрацца з палаючага будынка дапамог яму старэйшы сын Францішак. Таксама Адам браў удзел у дзейнасьці тэатру базыльянаў. У студзені 1812 году тэатрам базыльянаў была пастаўлена трагедыя «Барбара Радзівіл (паэма)(pl)» аўтарства Алаіза Фэлінскага(pl), у якой Адам адыграў ролю Барбары Радзівіл [26]. У 1812 годзе адбыліся дзьве важныя падзеі ў жыцьці маладога Адама: 16 траўня памёр ягоны бацька, а крыху пазьней, з пачаткам вайны 1812 году, праз Наваградак прайшлі войскі Напалеона. Па сьмерці бацькі ў 1812 годзе сям’я Міцкевічаў была вымушана пераехаць жыць у флігель на пляцы. Бацькаў сябар, судзьдзя Растоцкі дапамагаў маці гадаваць дзяцей. Ён браў іх на лета да сябе ў сядзібу Рута, што непадалёк ад Наваградку[27].
Важную ролю ў выхаваньні Адама Міцкевіча адыгралі Гансеўская й стары Блажэй, якія прыслужвалі Міцкевічам у Завосьсі. Гансеўская сьпялавала зь іншымі дзяўчынамі беларускія й польскія народныя песьні, якія й у будучым заставаліся крыніцай натхненьня Міцкевіча[28]. Іншай крыніцай натхненьня Адама й яго братоў быў Блажэй, які ўвечары расказваў усялякія прыгоды, мясцовыя легенды, байкі[29]. 4 красавіка 1843 году Адам Міцкевіч з катэдры Парыскага ўнівэрсытэту расказваў:
У ніводнага народу няма фантастычных расказаў настолькі багатых, настолькі дзіўных і можа нідзе не ўбачыш слухачоў настолькі ўважлівых, як тыя, што атачаюць убогага селяніна, што расказвае байку ў сваёй хаце... Баечнік амаль заўсёды сам выступае ў падзеях байкі й адыгрывае частку сваёй драмы. Часам ён дае зразумець, што самае важнае, што адбылося, то гэта ён зрабіў, што ён удзельнічаў у некаторых нягодах і ўчынках сваіх герояў; часам вельмі простым спосабам ён раптам парушае ўвагу саміх слухачоў. Шматлікія з прысустных ведаюць тую байку, дзе галоўны герой ідзе шукаць цудоўную птушку, чымсьці падобную на фэнікса. Птушка тая, пралятаючы над краем славянскім, губляе пяро, адно толькі, якое герой байкі і знаходзіць. Пяро тое мела такі бляск, што, калі герой занёс яго да хаты, асьвяціла хату цалкам. У гэты момант баечнік звычайна раптам запальвае жменю драўняных габлюшак, і гэтае полымя глыбока шакуе гледачоў. У іншай байцы, калі гаворка ідзе пра крыштальны замак зачараваных княжон, сярод якіх рыцар ня можа пазнаць тую, якую шукаў, бо ўсе яны былі падобныя адна на адну, як зоркі, — селянін адчыняе дзьверы й паказвае слухачам зімовае неба, што зіхаціць зоркамі сярод празрыстых аблокаў, чыя фантастычная форма прадстаўляе гэты крыштальны замак лепш за любыя тэатральныя дэкарацыі[30].
Арыгінальны тэкст (пол.)
U żadnego ludu niemasz powieści fantastycznych tak bogatych, tak dziwnych i może nigdy nie zobaczy się słuchaczów tak uważnych, jak ci, co otaczają ubogiego chłopka, prawiącego bajkę w swej chacie... Bajarz prawie zawsze sam występuje w zdarzeniach opowiadanych i odgrywa część swojego dramatu. Czasem daje do zrozumienia, że co się stało najważniejszego, to on zrobił, że uczestniczył w niektórych trudach i czynach swych bohaterów; czasem bardzo prostym sposobem porusza nagle uwagę swych słuchaczów. Wielu z obecnych zna tę bajkę, gdzie bohater idzie szukać cudownego ptaka, coś w rodzaju feniksa. Ptak ten, przelatując nad krajem słowiańskim, gubi pióro, jedno tylko, które bohater bajki znachodzi. Pióro to miało taki blask, że kiedy je bohater wniósł do izby, oświeciło ją całą. W tem miejscu opowiadający zwykle zapala znienacka garść wiórów, a płomień ten wstrząsa do głębi słuchaczami. W innej bajce, kiedy przychodzi mowa o zamku kryształowym zaczarowanych księżniczek, między któremi rycerz nie może poznać tej, co szukał, bo wszystkie były podobne do siebie, jak gwiazdy — chłop naówczas otwiera drzwi i słuchaczom swoim pokazuje zimowe niebo, iskrzące się gwiazdami wśród przejrzystych obłoków, których fantastyczny kształt przedstawia ów zamek kryształowy lepiej, niż jakiekolwiek dekoracje teatralnie.
|
||
У 1815 годзе Міцкевіч выехаў у Вільню навучацца ў Віленскім унівэрсытэце — галоўнай навучальнай установе былога Вялікага Княства Літоўскага, дзе пазьней вывучаў гуманістычныя навукі. Складанае матэрыяльнае становішча пасьля сьмерці бацькі схіліла яго да навучаньня ва ўнівэрсытэцкай настаўніцкай сэмінарыі, што пасьля гарантавала працу ў расейскіх школах. Навучаньне скончыў у 1819 годзе з тытулам магістра[31].
Падчас навучаньня першапачаткова жыў у свайго стрыечага брата Юзэфа Міцкевіча(pl), уласна дэкана настаўніцкай сэмінарыі пры Віленскім ўнівэрсытэце, а таксама знакамітага выкладніка фізыкі. Відаць, дзякуючы яго заступніцтву ў 1815 годзе Адам быў прыняты на матэматычна-фізычны факультэт. Адаму зайздросьцілі аднакурсьнікі, бо студэнты матэматычна-фізычны факультэту атрымлівалі бясплатны інтэрнат і 15 рублёў кішэнных грошай у месяц, але жыў Адам не ў інтэрнаце, а ў маленькай кватэры ксяндза Юзэфа (кватэра знаходзілася ў доме прафэсараў унівэрсытэту). Ксёндз Юзэф Міцкевіч быў на той момант ужо цяжка хворы й некаторыя падазравалі, што Адам чакае яго сьмерці, каб завалодаць сьціплым багацьцем стрыечнага брата. Таму, каб спыніць падазрэньні, Адам неўзабаве пераехаў да свайго сябра Яна Чачота. Пасьля некалькіх месяцаў навучаньня на факультэце матэматыкі й фізыкі Адам Міцкевіч перайшоў на факультэт літаратуры й вольных мастацтваў, што цікавала яго больш.
Падчас навучаньня ў Віленскім унівэрсытэце ў кастрычніку 1817 году разам з Тамашам Занам і суполкай сяброў стварыў Таварыства філяматаў, якое было арганізаванае паводле масонскага ўзору і пасьля пераўтварылася ў змоўніцкую нацыянальна-патрыятычную арганізацыю. У гэты час Міцкевіч таксама напісаў праграмныя вершы («Ода да маладосьці», 1820 і іншыя). Саюз філяматаў і створаныя крыху пазьней «Таварыства філярэтаў» і «Прамяністыя» служылі асьветніцка-патрыятычнай працы тагачаснай віленскай моладзі. Гэтыя арганізацыі ў 1822 годзе налічвалі больш за 200 сябраў. Неўзабаве актыўная дзейнасьць арганізацыяў прыцягнула ўвагу ўладаў, што пазьней стане адным з чыньнікаў высылкі Міцкевіча ў Расею. Адзначаецца, што Міцкевіч размаўляў па-польску, па-француску, па-італьянску, па-нямецку, па-ангельску, па-лацінску ды па-грэцку[32]. У сваіх успамінах, Максіміліян Маркс, які ў выгнаньні камунікаваў з былымі студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту, узгадываў:
Трэба заўважыць, што ягоннае першае каханьне да дзяўчыны Марыі Верашчакі, што так доўга яго натхняла, узьнікла і умацавалася сьпяваньнем зь ёю беларускіх песень.[33] | ||
У 1819 годзе па заканчэньні ўнівэрсытэту пачаў працаваць настаўнікам у Коўне, дзе жыў да 1823 году. Падчас знаходжаньня ў Коўне напісаў дысэртацыю, за якую ў 1822 годзе атрымаў тытул магістра філязофіі. У той самы час быў ініцыяваны да ступені чалядніка ў масонстве[34].
У пэрыяд настаўніцтва ў Коўне Міцкевіч закахаўся ў Марылю Верашчаку з Туганавічаў Наваградзкага павету, зь якой пазнаёміўся ў 1818 годзе падчас летніх вакацыяў, калі гасьцяваў у маёнтку Верашчакаў непадалёку ад Наваградку. Нягледзячы на іх узаемныя пачуцьці і прыяцельскія стасункі Міцкевіча зь сям’ёй Марылі, ейныя бацькі вымагалі выкананьня раней зробленых заручынаў з графам Путкамэрам. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы Адам Міцкевіч прысьвяціў свайму першаму каханьню. Сьляды гэтага нерэалізаванага каханьня можна знайсьці ў вядомых вершах Міцкевіча «Да М…» і «Да сяброў», балядах «Сьвіцязь», «Сьвіцязянка» ды «Рыбка».
У час працы на радзіме Адам Міцкевіч падаў хадайніцтва пра дадатковы адпачынак і паездку за мяжу. Адпачынак яму далі, але замежную вандроўку не дазволілі. Калі ён у кастрычніку 1823 году паехаў у Вільню, яго арыштавала сьледчая камісія пад кіраўніцтвам Мікалая Навасільцава, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух «польскай моладзі ў Літве». Адам Міцкевіч быў заключаны ў турму, якая разьмяшчалася ў памяшканьні былога базыльянскага кляштару Святой Тройцы, дзе правёў некалькі месяцаў. Падчас сьледзтва філярэты зрабілі ўсё магчымае, каб адвесьці ад Міцкевіча абвінавачаньні, але ён усе ж быў прыгавораны да высылкі ў глыб Расеі. У красавіку 1824 году Міцкевіч быў выпушчаны з турмы на парукі. У кастрычніку 1824 быў высланы ў выгнаньне з Літвы. Праз некалькі гадзін пасьля атрыманьня ўказу 22 кастрычніка 1824 г. аб высланьні ён напісаў верш у альбом, які належаў Саламеі Славацкай(pl), маці Юльюшам Славацкім[d][35].
8 лістапада 1824 году Міцкевіч прыбыў у Пецярбург за прызначэньнем. У чаканьні прысуду Міцкевіч сышоўся з дэкабрыстамі (К. Рылеевым ды А. Бястужавым) і атрымаў нават даручэньне зблізіць расейскіх рэвалюцыянэраў з патрыётамі Польшчы і Літвы. Ён актыўна ўдзельнічаў у так званых «расейска-польскіх перамовах» паміж дэкабрысцкім «Паўднёвым» і «Польскім патрыятычным» таварыствамі. Вырашэньне з прызначэньнем месца высылкі зацягнулася, і Міцкевіч паехаў у Крым, дзе напісаў паэтычны цыкль «Крымскія санэты» і шэраг вершаў.
Увесь пэрыяд патрыятычнай віленска-ковенскай маладосьці і высылкі ў глыб Расеі адбіўся пазьней у напісаных падчас побыту ў Дрэздэне, трэцяй часткі «Дзядоў». Канцавы Ўступ З-яй часткі «Дзядоў», «Да сяброў маскалёў» мелі асабісты характар[e]. Міцкевіч зьвярнуўся ў іх беспасрэдна да вядомых у Расеі дэкабрыстаў і верагодна Аляксандра Пушкіна.
У Расеі Міцкевіч жыў у Санкт-Пецярбурзе. З лютага па сакавік 1825 году жыў у Адэсе[37]. Пасьля Адэсы, да лістапада 1825 году Адам Міцкевіч жыў у Крыме, дзе напісаў знакамітыя «Крымскія санэты(pl)»[38]. Са сьнежня 1825 году месцам жыхарства паэта стала Масква, з лістапада 1827 году зноў жыў Пецярбурзе. У Расеі зблізіўся з удзельнікамі дэкабрыскага руху (К. Ф. Рылееў, А. А. Бястужаў), са значнымі расейскімі пісьменьнікамі і паэтамі (А. С. Пушкін, А. А. Дэльвіг, І. В. Кірэеўскі(ru), браты Ксэнафонт(ru) і Мікалай Палявыя(ru), Д. У. Венявіцінаў(ru), Я. А. Баратынскі), з бібліёграфам і знакамітым аўтарам эпіграм С. А. Сабалеўскім(ru), таксама сябраваў з паэтам А. М. Янушкевічам. Асабліва блізкія сяброўскія адносіны звязалі Міцкевіча з паэтам і журналістам князем Пятром Андрэевічам Вяземскім, які стаў першым перакладчыкам на расейскую мову «Крымскіх санэтаў(pl)»[39]. Нарэшце маскоўскі ваенны генэрал-губэрнатар залічыў Міцкевіча ў сваю канцылярыю. У Маскве паэт даведаўся пра паўстаньне на Сэнацкай плёшчы і жорсткую расправу над дэкабрыстамі. Але расейцы сваёй падтрымкай не далі яму аплакваць лёс сяброў-паўстанцаў у адзіноце. У Маске Адам Міцкевіч пазнаёміўся й часта сустракаўся з пісьменьнікам Генрыкам Жавускім. Вясной 1826 году рэдактар «Маскоўскага тэлеграфа(ru)» Мікалай Палявой увёў Міцкевіча ў маскоўскае літаратурнае асяродзьдзе і ён стаў частым госьцем славутага салёну княгіні-паэтэсы Зінаіды Валконскай(ru), зблізіўся там з Баратынскім, Венявіцінавам, Вяземскім, Пагодзінам, пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкінам. Адносіны Міцкевіча з Пушкіным характарызаваліся глыбокай узаемапавагай і прызнаньне паэтычнага таленту. Валодаючы рэдкім дарам імправізацыі, Міцкевіч захапляў сваім майстэрствам Пушкіна. Падчас адной зь імправізацый на францускай мове (расейскую мову Адам Міцкевіч вывучыць праз год жыцьця ў Расеі й будзе размаўляць на ёй без акцэнту) Пушкін сарваўся зь месца, ускудлаціў валасы і выгукнуў:
Які геній! Які сьвятарны агонь! Што я ў параўнаньні зь ім! | ||
Пераклады твораў Міцкевіча на расейскую мову зьявіліся ў «Московском телеграфе» і мелі вялікі посьпех у расейскай публікі. Міцкевіч меў намер пачаць выданьне часопіса або газэты на польскай мове, але ўлады адмовілі яму. Таксама ў гэты час паэт пазнаёміўся з Марыяй Шыманоўскай і яе дачкой Цэлінай, але ня ведаў, што маленькая Цэліна пазьней стане ягонай жонкай. У гэты час пісьменьнік перажыў яшчэ адну драму. У салёне Валконскай ён пазнаёміўся з Каралінай Яніш (пазьней вядомая паэтка і перакладніца Паўлава) і вырашыў ажаніцца зь ёй, але яе бацькі адмовілі яму.
Сур’ёзнай працай гэтага часу была паэма «Конрад Валенрод», якую ён пачаў пісаць у Маскве, а скончыў у Пецярбургу. Яго баляды «Ваявода» і «Будрыс і яго сыны» («Тры Будрысы») Аляксандар Пушкін пераклаў на расейскую мову.
У траўні 1829 пакінуў Расею перад тым, як быў падпісаны загад імпэратара аб забароне выезду. Пасьля сасланьня і дазволу зьехаць за мяжу Міцкевіч падарожнічаў па Эўропе. Спачатку ў 1829 годзе на ангельскім параходзе «Георг IV» ён накіраваўся ў Нямеччыну, наведаў Любэк, Гамбург ды Бэрлін, у якім эмігранты з Рэчы Паспалітай зладзілі яму ўрачыстую сустрэчу. Міцкевіч наведаў некалькі лекцыяў Гегеля ва ўнівэрсытэце. У Празе пазнаёміўся з Вацлавам Ганкам. Пачаў вучыць чэскую мову, таксама зацікавіўся постацю Яна Жыжкі, аб якім хацеў напісаў паэму. У Карлсбадэне (Карлавых Варах) выпадкова сустрэў Антонія Эдварда Адынца, які суправаджаў паэта ў ягоных далейшых падарожжах, у тым ліку ў Швайцарыю ды Італію. Разам яны наведалі Гётэ. Таксама Міцкевіч змог пабачыць Шлегеля. Перайсьці з Швайцарыі ў Італію сябры вырашылі пехатой. Пабывалі ў Вэнэцыі, Фэрары, Балёньні ды Флярэнцыі. Асабліва вялікае ўражаньне на Міцкевіча зрабіў Рым, пра што ён пісаў у лістах да Францішка Малеўскага. Спыніўшыся ў Рыме, Міцкевіч вывучаў працы старажытых гісторыкаў, а таксама паэт шмат перапісваўся з сваімі землякамі, якіх лёс раскідаў па ўсім сьвеце. Але Міцкевіч ня змог уседзець на месцы і вярнуўся ў жніўні 1830 году ў Швайцарыю, дзе сустрэўся з паэтам Зыгмунтам Красінскім(pl)[40]. У 1831 годзе прыехаў у Вялікапольшчу з намерам перайсьці мяжу і вярнуцца да ахопленага паўстаньнем Царства Польскага, але ў рэшце рэшт паэт застаўся ў Дрэздэне да 1832 году, дзе сустрэў багата землякоў, якія эмігравалі. Такім чынам, пачынаючы з сакавіка 1832 г. Міцкевіч некалькі месяцаў знаходзіўся ў Дрэздэне, менавіта ў Саксоніі, дзе напісаў трэцюю частку сваёй паэмы «Дзяды».
У 1832 годзе з Дрэздэну паэт накіраваўся ў Парыж, куды прыехаў 31 ліпеня й дзе пачаў супрацоўнічаць з эміграцыйнымі дзеячамі, пісаў артыкулы і публіцыстычныя лісты. Тут ён сустракае старога сябра Ігната Дамейка[41]. Разам з Іяхімам Лялевелем адзін з лідараў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З 2 сьнежня 1832 г. — намесьнік старшыні Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, у якім 24 верасня 1832 г. выбраны кіраўніком гістарычна-літаратурнай сэкцыі[42]. Рэдагаваў часопіс «Pielgrzym Polski(pl)».
У 1839—1840 быў прафэсарам лацінскай літаратуры ў швайцарскай Лязане, а пакінуўшы Лязану, ён стаў ганаровым прафэсарам Лязанскай акадэміі. У 1840 годзе ўзначаліў катэдру славянскіх моваў у «Калеж дэ Франс» (Collège de France), дзе праводзіў так званыя парыскія лекцыі На лекцыі Міцкевіча хадзіла вялікая колькасьць дзеячоў і мысьляроў, у тым ліку і француская літаратарка Жорж Санд[f]. У 1841—1844 гадох быў прэзыдэнтам Гістарычнага факультэту Літаратурнага таварыства ў Парыжы[44]. З боку грамадзкай пазыцыі і актыўнасьці ў польскіх патрыятычных асяродках Адама Міцкевіча лічылі за галоўнага прадстаўніка так званай Вялікай Эміграцыі.
У Парыжы пасябраваў з фатографам Міхалам Швайцэрам, а ў 1841 годзе зьвязаўся з прадстаўніком плыні польскага мэсіянізму — Андрэем Тавянскім(pl) і зрабіўся яго галоўным прапагандыстам і кіраўніком створанага Тавянскім « Кола Божай Справы(pl)». У 1844 годзе францускія ўлады абвінавацілі Міцкевіча ў прапагандзе тавянізму з нагоды: палітычнага ўхілу яго лекцыі (усхваленьня Напалеона), у сваіх лекцыях агучваў погляды яўна антыкаталіцкія (4-я лекцыя) — крытыкаваў Каталіцкую Царкву за адыход ад хрысьціянскіх прынцыпаў. Мэсіянскі элемэнт супярэчыў каталіцкаму вучэньню, і некаторыя з твораў Міцкевіча былі ўнесены ў сьпіс забароненых касьцёлам кнігаў(en), хоць і Міцкевіч, і Тавянскі рэгулярна наведвалі каталіцкую імшу й заахвочвалі да гэтага сваіх пасьлядоўнікаў [45]. У 1846 г. Міцкевіч разарваў адносіны з Тавянскім пасьля ўздыму рэвалюцыйных настрояў у Эўропе, які выявіўся ў такіх падзеях, як Кракаўскае паўстаньне(pl) ў лютым 1846 г. Міцкевіч крытыкаваў пасыўнасьць Тавянскага й вярнуўся да традыцыйнага каталіцкага касьцёлу[46]. У 1847 г. Міцкевіч пасябраваў з амэрыканскай журналісткай, крытыкам і абаронцай правоў жанчын Маргарэт Фулер(en)[47]. У сакавіку 1848 г. ён быў у складзе польскай дэлегацыі, якую прыняў на аўдыенцыі Папа Пій ІX, якога Міцкевіч прасіў падтрымаць паняволеныя народы й Францускую рэвалюцыю 1848 г.(fr). Неўзабаве, падчас «Вясны народаў» (1848) у Італіі ў красавіку 1848 г., ён арганізаваў вайсковы атрад — Легіён Міцкевіча(en) — для падтрымкі паўстанцаў, спадзеючыся вызваліць польскія й іншыя славянскія землі[48]. Атрад так і ня стаў дастаткова вялікім, каб быць чымсьці большым, чым сымбаль. У сьнежні 1848 г. Адаму Міцкевічу таксама прапаноўвалі пасаду ў Ягелонскім унівэрсытэце у Кракаве, які знаходзіўся пад уладай Аўстрыі, але прапанова была неўзабаве адклікана пад ціскам аўстрыйскіх уладаў. Зімой 1848-49 гг., польскі кампазытар Фрыдэрык Шапэн[g] у апошнія месяцы свайго жыцьця наведаў свайго хворага суайчыньніка й супакойваў нэрвы паэта сваёй фартэпіяннай музыкай[49]. Сам Шапэн наступным чынам успамінаў гэтыя падзеі:
Зноў бачуся зь Міцкевічам, ён днямі быў у мяне, ведаю, навошта ён прыязджае, і зараз сяду граць. Нядаўна я доўга граў яму, баяўся на яго глядзець, і чую, што ён плача. Адыходзячы, ён сьціснуў мяне за галаву (...) і вымавіў першыя словы таго вечара: Дай Бог табе здароўя! Вы мяне расчулілі... Ён ня скончыў, бо сьлёзы зноў затрымаліся ў горле.[50] | ||
Восеньню 1848 году Міцкевіч вярнуўся ў Парыж, дзе супольна з Ксавэрыям Браніцкім(pl) стаў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам «Трыбуны народаў(pl)» (Tribune des Peuples). Артыкулы Міцкевіча падтрымлівалі ідэі дэмакратыю й сацыялізм, а таксама многія ідэалы Францускай рэвалюцыі і напалеонаўскай эпохі(fr), хоць ён і не меў ілюзыяў адносна ідэалізму банапартаў. Ён падтрымліваў аднаўленьне Францускай імпэрыі(fr) ў 1851 годзе. У выніку інтэрвэнцыі расейскай амбасады ў Парыжы, часопіс быў зачынены за агучваньне радыкальных грамадзкіх поглядаў. Аднаўленьне Другой Францускай Імпэрыі распаліла надзею Міцкевіча на новы канфлікт з Расейскай Імпэрыяй і новую цікавасьць Эўропы да польскай справы. Яго апошні твор магчыма напісаны лацінскай одай у гонар Напалеона ІІІ Банапарта. У 1851 годзе быў адданы пад нагляд паліцыі. У 1852 г. быў адпраўлены ў адстаўку разам з Жулем Мішле і Эдгарам Кінэ(ru). З 1852 году працаваў у Бібліятэцы Арсэналу(fr). Там яго наведаў іншы паэт, Цыпрыян Каміль Норвід, які напісаў пра гэтую сустрэчу ў сваёй працы « Czarne kwiaty. Białe kwiaty(pl)»; там жа памерла жонка Міцкевіча Цэліна.
Адам Міцкевіч з надзеяй сустрэў пачатак Крымскай вайны(fr), якая магла прывесьці да аднаўленьня Рэчы Паспалітай. У жніўні 1854 годзе падчас побыту ў Аляндах Міцкевіч стварае свой апошні твор, лацінамоўную оду Ad Napolіonem ІІІ Caesarem Augustum Ode іn Bomersundum captum, якая ушаноўвала Напалеона ІІІ і сьвяткавала брытанска-францускую перамогу над Расеяй у бітве пры Бамарсундзе(ru). Па вяртаньні ў Парыж, эміграцкае кола з зямель былой Рэчы Паспалітай, згуртаванае вакол з гатэлю Лямбэрт(fr), пераканала яго зноў заняцца палітычнай дзейнасьцю. Яшчэ ў кастрычніку 1863 году, неўзабаве пасля пачатку Крымскай вайны, францускі ўрад даручыў яму дыпляматычную місыю. Ён пакінуў Парыж 11 верасьня 1855 году й 22 верасьня таго ж году прыбыў у Канстантынопаль, у Асманскую імперыю. Там, супрацоўнічаючы з Міхалам Чайкоўскім(uk) (Садык-паша), ён пачаў арганізоўваць польскія сілы для барацьбы пад асманскім камандаваньнем супраць Расейскай імпэрыі. Са сваім сябрам Арманам Леві(fr) ён таксама заняўся арганізацыяй габрэйскага легіёну.
У верасьні 1855 году, падчас Крымскай вайны, выехаў у Канстантынопаль, каб ствараць польскія аддзелы Легіёну польскага, а таксама складзены з габрэяў так званы «габрэйскі легіён» дзеля змаганьня з Расейскай імпэыряй. Пасяліўся ў кватэры ўдавы турэцкага капітана. Падчас адной з паездак у вайсковы лягер ён захварэў, пасьля чаго вярнуўся ў сваю кватэру на вуліцы Енішэхір у Пера(en) (цяпер Бэйоглу) раёне Канстанцінопаля і раптоўна памёр 26 лістапада 1855 года. Прычынай раптоўнай сьмерці магла быць эпідэмія халеры (верагодна ад самой хваробы, хоць апошнім часам сустракаюцца вэрсіі, што паэт мог быць атручаны мыш’яком[51] або ў выніку інсульту). Пісьменьнік Тадэвуш Бой-Жэленскі(pl) і іншыя меркавалі, што палітычныя ворагі маглі атруціць Міцкевіча, доказаў гэтаму няма, і ён, верагодна, заразіўся халерай, якая забрала ў той час іншыя жыцьці. Перад смерцю сказаў свайму сябру Служальскаму, калі той спытаўся, ці не хоча ён што-небудзь перадаць дзецям: «Няхай любяць адно аднаго», — і праз некалькі хвілін дадаў ледзь чутным шэптам: «Заўсёды!». Многія біёграфы мяркуюць, што сьмерць Міцкевіча зьявілася вынікам палітычных інтрыгаў.
Спрэчкі выклікала ня толькі незразумелая прычына сьмерці. Прычынай сварак вакол труны паэта стала месца яго спачыну — часовае, бо меркавалася, што ў будучым ягонае цела перавязуць і яно будзе спачываць на Радзіме. Была прапанавана пахаваць паэта альбо ў стамбульскім касьцёле(en), альбо на могілках ў новаствораным польскім паселішчы, пазьней названым Адамполем(pl). Князь Адам Чартарыйскі, аднак, вырашыў пахаваць паэта ў Францыі. Забальзамаванае цела паклалі ў тры труны: цынкавую й дзьве драўляныя. Пасьля месяцу падрыхтоўкі францускі цеплаход Эўфрат зь целам 30 ці 31 сьнежня 1855 году выправіўся ў Францыю, 7 студзеня карабель прыбыў у Марсэль[52]. Цела паэта было перавезенае ў Парыж і 21 студзеня 1856 году пахаванае на могілках дэ Шампо ў Манмарсі(fr), а 4 ліпеня 1890 году могілка паэта была перанесена ў Вавэльскі катэдральны Сабор Сьвятых Станіслава і Вацлава, што стала нагодай да палітычнае маніфэстацыі[53]. Паэт быў перапахаваны ў ганаровай Крыпце паэтаў-вешчуноў на Вавэлі(pl).
Першым вядомым каханьнем Адама Міцкевіча стала таямнічая Анеля, зь якую ён сустрэў вясной 1817 году. У захаваным лісьце да Яна Чачота Міцкевіч пісаў: «У новым лісьце не пішы нічога з іроніяй і ня лай маёй Анелі. Ах! Калі б я ведаў, ніколі б гэтага не пісаў. Добра, аднак, што ты ня бачыў яе, і зычу табе, каб ты ня надта цікавіўся, ці прыгожая. Хочаш убачыць яе? Нічога табе ня дасьць, што заспакоіш сваю цікавасьць, а спакой можаш страціць. Ня думай, што калі ў цябе спакайнейшы тэмпэрамэнт і больш разважлівасьці, то ты вольны ад каханьня. Раней ці пазьней даведаесься, што яно ёсьць»[54] Стасункі паміж імі доўжыліся некалькі месяцаў, Анеля жадала шлюбу, але Адам відавочна гэтага не хацеў. У захаваным фрагмэнце лісту да Яна Чачота яскрава відаць, наколькі рэалістычна паэт ацэньваў сытуацыю, пішучы, між іншым:
Яна ўмела прыгожымі фарбамі маляваць наша будучае шчасьце. Я задрыжаў, калі ўспомніў, што мне трэба будзе прачнуцца ад гэтых салодкіх сноў. [...] Я прасіў яе альбо забыцца пра мяне, альбо заставацца пастаяннай і не прымушаць мяне сваёй упартасьцю лічыць усё нявызначаным. [...] Я пачаў плакаць, цалаваць ёй рукі, запэўніваць яе, што мне гэта каштавала даражэй, чым ёй, што я гатовы ахвяраваць усім, але я не стаў бы ахвяраваць яе лёсам і шчасьцем па неасьцярожнасьці. [...] Яна таксама сказала, што пойдзе за мной, кінуўшы ўсё, калі гэта будзе неабходна ці калі я гэтага захачу. Урэшце яна пераканалася, што я гаварыў разважна; яна абяцала цярпліва перанесьці расстаньне, што ніколі не сумнявалася ў маёй сталасьці, а толькі баялася расстаньня. [...] Мы абое доўга плакалі, я пайшоў а восьмай вечара ў жудасным стане. | ||
Летам 1820 году[55] Адам Міцкевіч прыехаў разам з Тамашам Занам у Туганавічы, дзе й распачалося распачалося наўзаем закаханьне ў Марылю Верашчаку (стрыечная сястра Ігната Дамейкі, траюрадная сястра Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касьцюшкі). Але каханьне было няспраўджанае і няшчаснае. На той момант Марыля Верашчака была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамэрам гербу Бражаціцы, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе й засталася жыць у маёнтку ў Больцініках. У жніўні 1821 году з нагоды імянінаў каханай Міцкевіча паўстала баляда «Сьвіцязянка». Марылі быў адрасаваны верш «Да М***», узгаданы ў «Балядах і рамансах» і ў IV частцы «Дзядоў»[56].
У 1821 годзе ў Коўне расчараваны пасьля шлюбу Марылі з графам Путкамэрам Адам Міцкевіч закахаўся ў сваю суседку Караліну Кавальскую, якая была замужам за павятовым лекарам і мела дзяцей у шлюбе. Караліна Кавальская хоць і была старэйшая за Адама, але лічылася мясцовай прыгажуняй і на заляцаньні Адама адказала ўзаемнасьцю. Адам і Караліна пачалі сустракацца, пакуль муж муж Караліны быў у сталых ад’ездах праз працу. Аднак новае каханьне паэта было нядоўгім. На Вялікдзень высьветліліся адносіны паміж паэтам і замужняй жанчынай, а ў горадзе неўзабаве выбухнуў скандал[57]. Міцкевіч вырашыў перачакаць усю сытуацыю ў Туганавічах, дзе зноў сустрэў сваю былую каханую Марылю. Іх адносіны ўспыхнулі знову й доўжыліся менш за два гады й былі напоўнены шматлікімі драматычнымі падзеямі. Як піша ў сваёй кнізе «Жанчыны ў жыцьці Міцкевіча» гісторык Славамір Копер, у верасьні 1822 г. Марыля была ў роспачы, не вытрымаўшы больш разлукі з каханым, спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам, прыняўшы сьмяротную дозу ляўдануму (наліўкі з опіюму)[58]. Менш чым праз два месяцы Міцкевіч разам са сваім сябрам Тэадорам Лазінскім (у якасьці сэкунданта) прыехаў у Больценікі й выклікаў Путкамэра на дуэль, жадаючы пазбавіцца ад суперніка. На шчасьце, графу ўдалося супакоіць імпульсыўнага паэта, што прадухіліла непатрэбнае кровапраліцьце. Закаханыя таксама хацелі разам зьбегчы за мяжу. Верагодна, аўтарам пляну быў паэт Ян Чачот, блізкі сябар Адама і Марылі. Ідэя была простая: спачатку Міцкевіч павінен быў атрымаць пашпарт і пакінуць краіну, а неўзабаве да яго далучылася бы й каханая. Аднак гэтая ідэя так і не была рэалізавана[59].
У Адэсе[60] ці ў Маскве паэт сустрэў новае каханьне. Пасябраваўшы з Генрыкам Ржэвускім, ён пазнаёміўся зь яго сястрой Каралінай Ржэвускай(ru) (у замужніцтве — Сабанская)[h], якая была на чатыры гады старэйшая за паэта, славутая сваёй прыгажосьцю й адукаванасьцю. Адносіны Караліны Сабанскай з Адамам Міцкевічам вылучаліся асаблівай жарсьцю, менавіта гэта каханьне дала штуршок паэту для большасьці эратычных вершаў, напісаных вясной і ў сярэдзіне 1825 г., такіх як: Да D. D., Сон, Размова, Няпэўнасць, Гадзіна, Элегія, Два словы, Сватаньне, а таксама да XXII цыкля эратычных санэтаў, які паэт апублікаваў у Маскве праз год. Стасункі паэта з Каралінай былі тым дзіўныя, што сасланы з Радзімы паэт меў каханьне зь перакананай прыхільніцай Расейскай імпэрыі Каралінай, якая ўжо пазьней будзе працаваць на тайную выведку. Лісты Міцкевіча да Караліны Ржэвускай падпісаны да D.D., якія расшыфроўваюцца як да Доны Джаваны (па-польску: do Donny Dżiowanny), бо менавіта так называла сябе Караліна Ржэвуская.
У 1828 г. у Маскве паэт у салёне Валконскай пазнаёміўся з Каралінай Яніш(ru). Караліна была закахана ў Міцкевіча. Лісты лета 1828 году паказваюць перш за ўсё нерашучасьць Міцкевіча: ён разумеў, што Караліна кахае яго, але знаходзіў усе магчымыя прычыны (часта супярэчлівыя), каб супрацьстаяць гэтаму пачуцьцю. Ён добра ўсьведамляў цяжкасьці стварэньня сям’і, бачыў і дасканала аналізаваў прычыны сваіх ваганьняў. Тон перапіскі адлюстраваны ў лісьце зь сярэдзіны ліпеня: Калі б яна сапраўды была дастаткова багатая, каб утрымліваць сябе ў якасьці жонкі (бо, як вы ведаеце, я ледзь магу сябе ўтрымліваць), і калі б яна адважылася пайсьці за мной, Я б узяў яе, хаця ў ёй ёсьць рысы характару, якія мне не падабаюцца. Паэт у пэўны момант быў гатовы ажаніцца з Каралінай Яніш, але бацькі Караліны не давалі на той шлюб згоды.
У 1830 г. падчас падарожжа Міцкевіча па Італіі ў Рыме й Нэапале паэт меў кароткае каханьне з Генрыетай Эвай Анквіч(pl). Цікаву, што Эву захапляла ў тым ліку знаёмасьць Міцкевіча з музыкай, але працягу стасункаў паэта зь Генрыетай паклаў канец бацька Генрыеты Станіслаў Анквіч, які палічыў Адама Міцкевіча непадыходзячай партыяй для яго дачкі[61].
19 красавіка 1831 г. Міцкевіч выехаў з Рыма ў Жэневу й Парыж, а потым па фальшывым пашпарце ў Нямеччыну праз Дрэздэн і Лейпцыг і прыбыў каля 13 жніўня ў Познань[i], які ў той час быў часткай Прускага каралеўства. Магчыма, што падчас гэтых вандровак ён перавозіў паведамленьне ад італьянскіх карбанарыяў да францускага падпольля й перадаваў дакумэнты альбо грошы для польскіх паўстанцаў ад польскай суполкі ў Парыжы, але дакладных зьвестак пра яго дзейнасьць у той час мала. У рэшце, ён так і не перайшоў на тэрыторыю Польскага каралеўства ці так званай Кангрэсуўкі, дзе ў асноўным адбывалася паўстаньне; ён застаўся ў нямецкай частцы Польшчы(pl) (гістарычна вядомай палякам як ’’Вялікая Польшча’’, ці Велікапольшчы), дзе быў добра прыняты прадстаўнікамі мясцовай польскай шляхты. У гэтых падзеях ён сустрэў чарговае каханьне ў асобе Канстанцыі Лубенскай(pl), падчас побыту ў яе радавым маёнтку ў Сьмелаў(pl). У іх імкліва завязалася каханьне — Лубенская была гатовая пакінуць мужа й дзяцей дзеля паэта й эміграваць[62]. Пасьля Калядаў 1831 г. яна адвезла ў сваёй карэце Міцкевіча ў Дрэздэн. Калі паэт пераехаў у Парыж, яна адкрыла на яго імя рахунак, на які ўносіла значныя сумы. Узаемнае захапленьне з часам перарасло ў сяброўства, якое пазьней падтрымлівалася ліставаньнем, якое працягвалася 20 гадоў, асабліва багатым было ў 1845—1855 гг. У яго ўвайшлі 29 лістоў. Прынята лічыць, што менавіта Канстанцыя стала прататыпам Талімэны ў Пане Тадэвушы. Водгукам на падзеі паўстаньня стала баляда «Начлег» (па-польску: Nocleg), прысьвечаная, па меркаваньню дасьледнікаў асобе Вінцэнта Матушэвіча, бязьлітаснага паўстанца з наваколіцаў Трокаў[63].
22 ліпеня 1834 г. у Парыжы паэт ажаніўся з Цэлінай Шыманоўскай, зь якой пазнаёміўся яшчэ ў Маскве. У шлюбе яна нарадзіла яму 6 дзяцей: дачок Марыю і Гэлену, а таксама сыноў Уладзіслава, Юзэфа (1850—1938), Аляксандра і Яна. Ідэя пабрацца нарэшце шлюбам узьнікла ў паэта яшчэ ў 1832 годзе па вяртаньні ў Парыж. Пасьля прыезду Цэліны ў Парыж ён напісаў Адынцу: «Я ажанюся з Цэлінай. Яе імгенны прыезд быў вынікам некалькіх маіх словаў, данесеных да Варшавы, сказаных жартам. Не паверыш, як я быў зьдзіўлены, калі пачуў, што яна на шляху й кіруецца проста да мяне. Хацеў яе зь нічым адправіць, але Цэліна зьбіла мяне з панталыку, заявіўшы, што сабярэ свае рэчы й вернецца, нічога да мяне не маючы на сэрцы. Шкада было наракаць яе на такі клопат. Зрэшты падабаецца мне. І шмат можна было бы яшчэ напісаць, як у тых часах, калі быў смутны і цяжар жыцьця вельмі мяне душыў. Пабачым ці будзе лепей, ці яшчэ цяжэй». Пазьней Адам Міцкевіч расказваў Яўстаху Янушкевічу: Калі я думаў аб жаніцьбе з Цэлінай, я зрабіў перад ёй самы шчыры ў маім жыцьці прызнаньне й заклікаў яе быць такой адкрытай. Цэліна, як жонка Міцкевіча, павінна была клапаціцца пра польскую кухню, таму што ён не любіў францускую кухню[j], яна павінна была граць яму на фартэпіяна, калі ён гэтага хацеў, яна павінна была быць жонкай, якую б не турбавала беднасьць. Аднак, відаць, у іх адносінах было мала сяброўства, не кажучы ўжо пра каханьне… Міцкевіч імкнуўся цалкам падпарадкаваць Цэліну й зрабіць зь яе пакорлівую жонку, падобную да Зосі з «Пана Тадэвуша»[65]. У далейшым Цэліна пакутавала на псыхічныя хваробы, памёрла 5 сакавіка 1855 году.
Першы верш «Гарадзкая зіма(pl)» апублікаваны ў 1818 годзе ў віленскай газэце Tygodnіk Wіleńskі(pl). Гэты пэрыяд раньняй творчасьці Міцкевіча, які доўжыцца ад яго дэбюту да 1824 году, называецца «віленска-ковенскім пэрыядам». У той час ён знаходзіўся пад уплывам Вальтэра, якога пераклаў на польскую мову; малады паэт прапаведаваў пазнавальны скептыцызм і волю да рацыянальнага(pl) пазнаньня. З гэтага вынікае, што асоба й сьветапогляд маладога Міцкевіча, як і маладога Юльюша Славацкага, вырасьлі ў захапленьні клясычнай літаратурай[66]. Больш за тое, пераважная большасьць твораў Міцкевіча 1818—1821 гг., па сутнасьці, былі паэтычным маніфэстам пастаянна пераасэнсаванага Таварыства філяматаў.
У 1820 г. Міцкевіч напісаў верш «Ода да маладосьці — твор, які яшчэ належаў да паэтыкі постклясыцызму, але ўжо адрываўся ад ідэалаў асьветніцтва (упершыню апублікаваны ў анталёгія тагачасных паэтаў „Палігімнія“ (па-польску: Polyhymnia), выдадзенай ў Львове ў 1827 г.). „Ода“ заклікала да актыўнага змаганьня, выказвала веру ў сілу рэвалюцыйнага пераўтварэньня рэчаіснасьці, у сілу маладосьці й калектыўнасьці. Дзякуючы гэтаму ў ХІХ стагодзьдзі яе часта сьпявалі падчас народных паўстаньняў. Яна была перакладзена амаль на ўсе эўрапэйскія мовы, што выклікала ў свой час шмат спрэчак, напрыклад, у Францыі[67]. Падобным чынам ідэалы „айчыны, навукі, цноты“, „мужнасьці, працы й згоды“ абвяшчала напісаная годам раней клясычная ода „Гэй, заблішчаць вочы радасьцю“. У канцы 1820 г. выйшаў яшчэ адзін са знакамітых вершаў раньняга Міцкевіча: „Песьня філярэтаў(pl)“, зьмест якога з рэвалюцыйным пасланьнем адносіўся да ўсіх філярэцкіх гурткоў (філёлягі, гісторыкі, хімікі, матэматыкі). Пачаткам твору было перайманьне нямецкай студэнцкай песьні:
— Adam Mickiewicz, Pieśń Filaretów |
Ва ўсіх трох песьнях (Ода да маладосьці, Гэй, заблішчаць вочы радасьцю, Песьня філярэтаў) асаблівы акцэнт надаецца ідэалу супольнасьці, асабліва ў духоўным сэнсе, і бурнай грамадзкай актыўнасьці. Клясычная гармонія асаблівым чынам спалучаецца тут з жыцьцёвым дынамізмам, які сьведчыць аб прыналежнасьці твораў да часоў, прамежкавых паміж дзьвюма эпохамі: клясыцызму й рамантызму.
Віленска-ковенскі пэрыяд таксама адметны выхадам дзьвюх кнігаў „Вершаваных твораў“ Адама Міцкевіча. Выдадзены Юзэфам Завадзкім першы вершаваны зборнік „Паэзія“ (па-польску: «Poezje», т. 1, Вільня, 1822) уключаў „Баляды й рамансы(pl)“ і прадмову „Аб рамантычнай паэзіі“ (па-польску: «O poezjі romantycznej»), стаў маніфэстам рамантычнага кірунку ў польскай літаратуры. У другі том „Паэзіі“ (1823) увайшлі рамантычная ліраэпічная паэма „Гражына“ і часткі 2 і 4 драматычнай паэмы „Дзяды“. У Расеі выйшла кніга „Санэты“ (1826), якая ўключыла цыкль „Крымскіх санэтаў(pl)“ з вобразам героя-пілігрыма, які сумуе пра пакінутую радзіму, і новымі для польскай паэзіі ўсходнімі матывамі. Сярод твораў гэтых зборнікаў сусьветна вядомыя „Люблю я!“, „Рамантычнасьць“, „Сьвіцязь“, „Рыбка“, сюжэты якіх падказаны беларускімі народнымі паданьнямі й песьнямі. Шмат спрэчак у тым часе выклікала баляда Рамантычнасьць, што адкрывала цыкль Балядаў і рамансаў[k]. Рамантычнасьць характарызавалася асабліва сьмелым сьцявярджэньнем перавагі народу над цывілізацыйным прагрэсам, стварэньне новага тыпу маральнай мадэлі (маладая вясковая дзяўчына, якая выяўляе крайнюю эмацыянальную нэўраўнаважанасьць[68]) і даволі аднабаковая крытыка тагачасных навуковых аўтарытэтаў, у тым ліку, прафэсара самаго паэта, Яна Сьнядэцкага(pl). Гэта быў сьвядомы й прамы ўнёсак Міцкевіча ў палеміку паміж Казімерам Брадзінскім(pl), папярэднікам рамантызму ў польскай літаратуры, і ўласна Янам Сьнядэцкім[69]. Ідэя сюжэту Рамантычнасьці пазьней атрымаў разьвіцьцё ў форме эпізоду з жыцьця Густава ў IV частцы Дзядоў.
Баляды й рамансы, акрамя балядаў (сур’ёзных і іранічных), утрымлівалі таксама прытчы сэнтымэнтальныя. Творы зборніка вызначаліся тыпова рамантычным паваротам да фалькізму(pl) і няроднасьці, моцна падкрэслены маральны пасыл і перакананьне аб трансцэндэнтальных(pl), мэтафізычныя сувязі паміж дабром і злом — злачынствам і пакараньнем. У раньняга Міцкевіча пастаянна прысутнічае сентымэнтальнае, народнае ўяўленьне пра маральнасьць, што найбольш выразна паказвае вядзьмарскі абрад (па-польску: gusła) ў другой частцы Дзядоў. Што датычыцца Дзядоў, то на фармаваньне ідэі й канцэпцыі твору паўплывала ў тым ліку рамантычная атмасфэра пошуку вытокаў нацыянальнай самасьвядомасьці ў паганскіх, дахрысьціянскіх плястах культуры; відавочна Міцкевіч натхняўся пошукамі Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага[70]. Дзяды Міцкевіча, як і іншыя творы паэта, прасякнуты народнымі ўяўленьнямі й паданьнямі аб прывідах ці вампірах [71]. У XVI парыскай лекцыі паэт зазначыў:
Зь гісторыі й міталёгіі ведаем, што культ духаў зьяўляецца важнай часткай славянскай рэлігіі: па сёньняшні дзень заклікаюцца там духі памёрлых, а з усіх сьвятаў славянскіх найвялікшым, найболей урачыстым было сьвята Дзядоў.[72].
Арыгінальны тэкст (пол.)
Z historii i mitologii wiemy, że kult duchów stanowił ważną część religii słowiańskiej: po dziś dzień przyzywa się tam duchy zmarłych, a ze wszystkich świąt słowiańskich największym, najbardziej uroczystym było święto Dziadów.
|
||
У пэрыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, зь якой пазнаёміўся ў 1818 г. у час летніх вакацый, калі гасьцяваў у маёнтку Туганавічы непадалёк ад Навагрудка. У той час Марыля была сасватана за графа Путкамэра, за якога выйшла замуж у 1821 г. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы паэт прысьвяціў Марылі. Са зьяўленьнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы плян, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцьця. „Баляды й рамансы“ сьведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму, асноўныя прынцыпы народнасьці й нацыянальнай самабытнасьці якога Адам Міцкевіч сфармуляваў у літаратурным маніфесьце „Пра паэзію рамантычную“. Творы знаменавалі перавагу пачуцьцёвага сьветаўспрыманьня над рацыяналістычна-асьветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў балядзе „Рамантычнасьць“, (1821), грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклёрным матэрыяле. Паэма „Гражына“ прысьвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыятычным пафасам, а ў аснове сюжэта паэмы „Дзяды“ — старажытнабеларускі паганкі абрад памінаньня продкаў.
Ужо ў раньняй „філямацкай“ творчасьці Адама Міцкевіча знайшлі адлюстраваньне яго грамадзка-палітычныя погляды на гісторыю й лёс роднага края, ролю нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў гістарычным працэсе. У паэме „Мешка, князь Наваградка“ (1817) створаны рамантычны вобраз жанчыны-патрыёткі й ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганьне дзеля вызваленьня айчыны. Гэта стала асноўнай тэмай усёй яго творчасьці. У вершах „Ужо з пагодных нябёсаў…“, „Бульба(pl)“ выказваў пачуцьцё замілаванасьці й любові да роднага края, заклікаў маладых людзей да ахвярнасьці й адвагі ў імя свайго патрыятычнага абавязку. Вершы ковенскага пэрыяду (1819—23) „Песьня Адама“, „Песьня філярэтаў(pl)“, „Ода да маладосьці“ сталі агульнапрызнанымі сымбалемі філямацкага руху, у якіх нацыянальна-вызваленчы пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Хоць сам Адам Міцкевіч не цаніў творы часоў свайго юнацтва[73]. Далейшыя вершы з пэрыяду віленска-ковенскага з 1822—1824 гадоў былі ў большай ступені свабодным перайманьнем твораў Лёрда Байрана, Жана Поля й Жана дэ Ляфантэна. Аднак сярод іх знайшоўся яшчэ адзін шырока абмяркоўваемы верш паэта — Да Іяхіма Лялевеля(pl), напісаным у 1822 г., прысвечаным вядомаму палітычнаму дзеячу, Іяхімe Лялевелю. Міцкевіч стараўся цьвяроза ацэніць спадчыну францускай рэвалюцыі й ролю рэвалюцыі ўвогуле, як грамадзскага факту, што мела ўплыў на далейшае разьвіцьцё. Іншай спробай крытыкі дэспатызму(pl) была іраікамічная паэма(pl) Бульба(pl) — твор, якая абвяшчала апафэоз навукі, прагрэсу, розуму і працы. У паэме была досыць красамоўная Апастрофа да Адама Храптовіча, прадстаўніка літоўскай арыстакратыі, „земляроба“.
У пэрыяд расейскай высылкі напісаў „Санэты“ (1826) і паэму „Конрад Валенрод“ (1828). „Санэты“, што складаюцца з адэскага й крымскага цыкляў, напоўнены глыбінёй душэўных перажываньняў, настальгічных патрыятычных пачуцьцяў і лічацца шэдэўрам сусьветнай літаратуры. У іх паэтычнае майстэрства Адама Міцкевіча дасягнула надзвычайнай віртуознасьці. У сюжэце паэмы „Конрад Валенрод“ выкарыстаны матывы гістарычнага змаганьня старажытных ліцьвінаў супраць крыжакоў.
У эмігранцкі пэрыяд дзейнасьці ў Дрэздэне Адам Міцкевіч пад уплывам паўстаньня 1830—31 і яго паражэньня напісаў лепшыя свае вершы „Сьмерць палкоўніка“, „Рэдут Ардона(pl)“, а таксама 3-ю частку драматычнай паэмы „Дзяды“ (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасьць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганьне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя „Кнігі польскага народа й польскага пілігрымства(pl)“ (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленьне народа, што стане сымбалем і прадвесьнікам свабоды ўсіх эўрапэйскіх народаў. Лірычная спадчына Адама Міцкевіча завяршаецца невялікім цыклям «лязанскай» лірыкі(pl) („Над вадою вялікай і чыстай“, „Паліліся мае сьлёзы“ і інш.), дзе ў філязафічна-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку й выгнаньніцтва.
У Парыжы ў 1834 годзе быў завершаны й надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапэя — паэма „Пан Тадэвуш“ (1834). У ёй маляўніча й яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцьця й побыту мясцовай шляхты, дадзены шырокая панарама народнага жыцьця на Беларусі пачатку ХІХ стагодзьдзя, яркія пэйзажы Навагрудчыны й Налібоцкай пушчы. Эпапэя складаецца з 12 кнігаў. Пасьля сьмерці аўтара было надрукавана яго пакутлівае пасьляслоўе да паэмы[74]. „Пан Тадэвуш“ стаў самым папулярным творам польскай літаратуры наступных пакаленьняў. Шэраг фрагмэнтаў твора надоўга ўвайшлі ў польскую гутарковую й літаратурную мову, а асобныя яго часткі вядомы як асобныя паэтычныя „творы“ (Інвакацыя, Канцэрт Войскага, Эпілёг і інш.). Вядомы мастак і ілюстратар эпохі рамантызму Міхал Эльвіра Андрыёлі быў аўтарам асабліва папулярных ілюстрацыяў да Пана Тадэвуша й Конрада Валенрода.
Выхаваўчае й пазнавальнае значэньне мелі яго лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур. Шматлікія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сымбалямі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, „Ода да маладосьці“ была ўспрынята як маніфэст паўстаньня 1830—1831. Пасьля напісаньня ў віленска-ковенскі пэрыяд паэмаў „Гражына“ і „Дзяды“ постаць Міцкевіча выйшла на першы плян у польскамоўнай літаратуры.
4 красавіка 1843 г. у Калеж дэ Франс, у рамах г.зв. парыскіх лекцыяў Адам Міцкевіч прачытаў „Лекцыю XVІ“, якую называюць апошняй тэорыяй рамантычнай паэмы(pl) у эўрапэйскай літаратуры[75]. Лекцыя тычылася канкрэтна аналізу „Нябоскай камэдыі(pl)“ Зыгмунта Красінскага(pl), дзе Міцкевіч зрабіў ня проста літаратуразнаўчыя высновы, але падаў гістарычнафілязофскую(pl) аналітыку. Лекцыя абапіралася на г.зв. канцэпцыю „Славянскай паэмы“, Міцкевіч усьлед за Пэрсі Біш Шэлі, Сэм’юэлям Тэйларам Колрыджам, Ёганам Готфрыдам Гэрдэрам, Готгальдам Эфраімам Лесінгам(de), Якабам Міхаэлям Рэйнгальдам Ленцам(de) і Ёганам Генрыхам Мэркам(de) заяўлялі, што аднаўленьне сучаснага тэатру павінна адбывацца шляхам падкрэсьліваньня яго нацыянальных элемэнтаў.
Адама Міцкевіча прынята лічыць за заканадаўцу польскага рамантызму, але падрабязны аналіз яго творчасьці й мастацкіх мэтадаў (падобна як у Гётэ, Юго ці Байрана) аднак паказвае прамежкавы стан паэта паміж асьветніцкім класыцызмам і рамантызмам. Вядомая дасьледніца літаратуры Аліна Віткоўская(pl) заўважыла, што, нягледзячы на распаўсюджанае меркаваньне, падпітае спрэчкамі Рамантычнасьці, Міцкевіч ня толькі не адмаўляў спадчыну Асьветніцтва, але нават адбіраў зь яе найкаштоўнейшыя дасягненьні, напрыклад, вытанчанасьць формы ці вальтэраўскі рацыяналізм[76]. Адам Чарняўскі(pl) зьвярнуў увагу на мімэтычнасьць(pl) твораў паэта[77]. Вернасьць Міцкевіча рэалізму (у адрозьненьне ад рамантычнай любові да надзвычайнага й фантастычнага) вынікала з пачуцьця нацыянальнага абавязку, як адзначае Марыян Урсэль(pl), параўноўваючы творчасьць аўтара „Дзядоў“ з раньняй творчасьцю Славацкага[78]. Да падобных высноваў прышло й тагачаснае эўрапэйскае літаратуразнаўства: Блізкія да прыроды пачуцьці каханьня ці жаху захоўваюць нявызначаны сьлед; паэт, гаворачы мовай простага народа, таксама пакідае палі, азёры й лясы іх тонкай мовай: не ператварае іх у багоў і багінь, не апісвае інфантыльным і дробным перайманьнем, гаворыць пра тое, што бачыць, калі гармонія альбо кантраст накіроўвае яго на зьнешнія аб’екты; і пачуцьцё, якое мімаходзь узьнікае зь яго словаў, — гэта паэзія, тое адлюстраваньне, якое чалавечае вока кідае на прыроду[79].
Многія дасьледнікі творчасьці Міцкевіча зьвярталі ўвагу на тое, што бліскучы паэтычны талент аўтара „Рамантычнасьці“ значна згас у другі парыскі пэрыяд. Гэта было зьвязана з удзелам Міцкевіча ў палітычнай і грамадзкай дзейнасьці, і асабліва зь яго адносінамі з Анджэем Тавянскім. Вера самога Міцкевіча ў сваю асабістую адказнасьць за польскі лёс, жаданьне служыць „польскай справе“ праз арганізацыю Польскага легіёна, польскіх войскаў падчас Крымскай вайны ў спалучэньні зь містычнай рэлігійнай сектай Тавянскага — не дазволілі яму засяродзіцца на чыстай літаратурнай творчасьці. Яго адносіны з Тавянскім ня толькі аддалялі яго й стваралі непрыхільнасьць сярод іншых асьветнікаў (напрыклад, Славацкага), але таксама былі непасрэднай прычынай страты працы ў Калеж дэ Франс і, як вынік, уплыву на эўрапэйскія мастакоў і мысьляроў. Юльян Кшыжаноўскі(pl) нават сьцьвярджае, што „калі была напісаная сапліцаўская паэма й яе пакутлівы эпілёг, геніяльны паэт назаўсёды скончыўся ў Міцкевічу“[80].
Антоні Смушкевіч(pl) у адной зь першых польскіх манаграфіяў па навуковай фантастыцы паказвае ўскосны ўплыў неапублікаванай „Гісторыі будучыні(pl)“ Міцкевіча на стварэньне гэтага жанру[81]. Гісторыя будучыні так і не была апублікаваная, а рукапіс страчаны. Аднак шмат зьвестак пра яго даюць шматлікія цыдулкі й лісты паэта да сяброў. Антоні Эдвард Адынец у лісьце да Юльяна Корсака назваў „Гісторыю будучыні“ Дон Кіхотам свайго часу[82].
Літаратуразнаўцы лічаць, што ненадрукаваны твор Міцкевіча мог зрабіць рэвалюцыю ў сусьветнай літаратуры[83][84]. Твор Міцкевіча ў навуковых, тэхнічных і сацыяльных разважаньнях апярэджваў бачаньне Жуля Вэрна, Гэрбэрта Ўэлза й Ежы Жулаўскага(pl). Пры напісаньні „Гісторыі будучыні“ (некаторыя фрагмэнты былі напісаны на францускай мове) Міцкевіч натхняўся творчасьцю Тадэвуша Булгарына й Уладзімера Адоеўскага(be).
Адам Міцкевіч пачаў перакладаць у раньнім узросьце. Ужо ў 1817 г. ён пераклаў на польскую мову ці хутчэй „спалянізаваў“[l] два раманы Вальтэра, „Выхаваньне князя“ (па-польску: Éducation d’un prince) і „Гертруда, альбо выхаваньне аднаго чалавека“ (па-польску: Gertrude, ou Éducation d’une fille), якім ён даў назвы Мешка, князь Наваградзкі й Пані Анеля(pl), а таксама паэму таго ж аўтара Дзяўчына з Арлеану(pl). Гэтыя пераклады былі фактычна перафразамі францускіх твораў са зрушэньнем акцэнту на больш гэрмэтычныя(pl), нацыянальныя тэмы.
1819—1829 гады ў творчасьці Міцкевіча зьяўлялія больш-менш блізкія да арыгіналу парафразы, якія аўтар падпісваў, як вершы свайго аўтарства, пазначаючы толькі крыніцу натхненьня. Так паўсталі: Да Прыска (па-польску: Do Pryska) з Гарацыюса, Амалія (па-польску: Amalia), Рукавічка (па-польску: Rękawiczka) і Сьвятло й цяпло (па-польску: Światło i ciepło) Фрыдрыха Шылера, байка Сабака й воўк (па-польску: Pies i wilk) i Заяц і жаба (па-польску: Zając i żaba) з Жана дэ Ляфантэна, Новы год (па-польску: Nowy rok) з Жана Поля, Разьвітаньне Чайльда Гаральда (па-польску: Pożegnanie Childe Harolda), Цемнасьць (па-польску: Ciemność), Сон (па-польску: Sen) і Эўтаназыя (па-польску: Eutanazja) з Джорджа Байрана, фрагмэнт паэмы Падарожны (па-польску: Podróżny), Знайшлі той край… (па-польску: Znaszli ten kraj...) і Пёснь Лёты над гробам Вэртэра (па-польску: Pieśń Lotty nad grobem Wertera) Ёгана Гётэ, The Meeting of the Waters (па-ангельску: Насустрач вадзе) Томаса Мура, розныя інтэрпрэтацыі санэтаў Франчэска Пэтраркі, арабскую песьні Almotenabby на падставе перакладу Жазэфа Луі Лягранжа(en), Навука (па-польску: Nauka) і Што гэта? (па-польску: Co to jest?) Ёгана Вільгэльма Людвіга Глейма(de), Алімпія I (па-польску: Olimpia I) з Піндара. Важна месца тут займае таксама Ugolino, пераклад фрагмэнту Боскай камэдыі Дантэ Аліг’еры, зроблены каля 1827 году. Характар перакладу баляды Шылеру мае таксама Песьня Дзяўчыны ў Дзядах.
Падчас расейскай высылкі Адам міцкевіч цікавіўся эўрапэйскімі гістарычнымі паэмамі(pl), вынікам чаго былі два фрагмэнты перакладаў Дона Карляса Фрыдрыха Шылера й Рамэо й Джульеты(en) Ўільяма Шэксьпіра. Пераклад першага зь іх датуецца 1821—1823 гадамі. Аднак першае выданьне было апублікавана значна пазьней, у 1834—1835 гадах у Вільні па ініцыятыве Юзэфа Крачкоўскага(pl), праўдападобна без згоды аўтара. Дата наступнага перакладу Рамэо і Джульеты не да канца вядома. Вільгельм Брухальскі(pl) ўказвае 1827 год. Сам фрагмэнт быў апублікаваны дзякуючы Антонію Адынцу ў 1830 годзе на старонка шторочніка Melitele. У далейшым быў перадрукаваны ў VIII томе Паэзіі ў 1836, а потым у IV томе Лістоў у 1844 годзе.
У 1830—1840 гадах Міцкевічаў надрукаваў Do H***, перайманьне з Гётэ, Арымана і арымаза з Авэсты(en), чарговыя байкі Жана дэ Ляфантэна — Селянін і зьмяя (па-польску: Chłop i żmija) i Каза, козачка й воўк (па-польску: Koza, kózka i wilk), Exegi Munimentum Aere Perennius з Гарацыюса. У 1840 паўстаў пераклад Міцкевіча пачатковых выразаў Сафіёўкі(pl) Станіслава Трэмбэцкага(pl) на лацінскай мове. Апошнім і самым важным перакладам Міцкевіча быў пераклад Гяўра(en) Байрана на польскую мове, апублікаваны разам з перакладам Карсара таксама Байрана, выкананым Антоніям Адынцом, у Парыжы ў 1834. Па палітычных матывах дата выданьня была перанесена на перадпаўстанцкі 1829 г. Пераклад Міцкевіча Гяўра, таксама як і фрагмэнт Боскай камэдыі, прызнаны ў Польшчы афіцыйнай вэрсыяй перакладу. Нават у пераклад Міцкевіча з замежных моваў сустракаюцца беларусізмы, як, напрыклад, у Гяўры слова znaczno (выраз: znaczno, że dusza nie całkiem sczerniała) выкарыстоўваецца ў значэньні widać się[19].
Акрамя чыста літаратурнай спадчыны й запавету Адама Міцкевіча, адной з найважнейшых і выключна трывалых спадчынаў паэта было стварэньне ім асноў філязафічна-гістарычнай плыні, вядомай як польскі мэсіянізм. Нягледзячы на тое, што творцамі гістарычнафілязоўскага накірунку стваральнікам мэсіянскай плыні, і польскага мэсіянства ў прыватнасьці, лічыцца Юзэф Вронскі(pl), менавіта Міцкевіч папулярызаваў гэты погляд і аб’яднаў яго з элемэнтамі нацыянальнай гісторыі й рэлігійнай містыкі. Менавіта фармулёўка Міцкевічам прынцыпаў мэсіянізму ў „Кнігах польскага народа“ дазволіла чытачам Нямеччыны, Італіі, Ірляндыі, Украіны й Вугоршчыны выразна ўспрыняць і прачытаць рэвалюцыйныя лёзунгі волі й вызваленьня. Гэтая праграма, больш чым любая літаратурная плынь у строгім разуменьні, дала аснову ня толькі для візыі пакутніцкай-адкупленчай Польшчы, якая павінна была стаць сьвітанкам волі народаў, але таксама дала аснову для кансалідацыі й важнасьці постаці нацыянальнага вешчуна. Гледзячы такім чынам, прарок не зьяўляецца звычайным паэтам ці пісьменьнікам — гэта сапраўдны прарок мэсіянскай рэлігіі. Гэта выявілася ў многіх выразах польскага мэсіянства, якія ўжываў сам Міцкевіч, напрыклад, „Польшча — Хрыстус Народаў“ і г. д.
Як адзначае амэрыканская дасьледніца Эва Томпсан:
Адам Міцкевіч і Лаяш Кошут былі прадстаўнікамі Цэнтральнай Эўропы, якія выступалі супраць імпэрыяў як паталёгіяў нацыяналізму. Яны абаранялі нацыянальныя дзяржавы ў той час, калі панавалі імпэрыі, а каляніялізм быў у сваім росквіце й здавалася, што нацыянальнае самасьцьвярджэньне малых і сярэдніх нацыяў у Эўропе ніколі не адбудзецца. Гэтыя мысьляры засталіся незаўважанымі й таму апынуліся выключанымі зь інтэлектуальнай гісторыі Эўропы, хаця, калі б да іх прыслухаліся, можна было папярэдзіць шмат бедаў[86]. | ||
Адам Міцкевіч разам зь Юльюшам Славацкім і Зыгмунтам Красінскім лічыцца адным з зачынальнікаў польскага рамантызму[87][88], адзін з найвыбітнейшых стваральнікаў рамантычнае паэмы ў Польшчы[89], яго постаць параўноўвалася як на радзіме, так і ў Эўропе з такімі літаратурнымі волатамі, як Аляксандар Пушкін[90], Джордж Байран і Ёган Гётэ[91][92], што робіць Міцкевіча адным з найяскравейшых паэтаў эўрапейскага літаратурнага маштабу[93]. Атрымаў характарыстыку як „паэт пераўтварэньняў“[94] і „славянскі вешчун“[95]
Творчасьць Міцкевіча аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё беларускай літаратуры. Высока ацэньваючы фальклёр Беларусі, Адам Міцкевіч пісаў пра цяжкі лес беларусаў: „У іх казках і песьнях ёсьць ўсё… Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце“.
Пад уплывам паэта літаратурную дзейнасьць пачыналі Я. Баршчэўскі, Аляксандар Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя. Дабратворны ўплыў яго адчулі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (які пераклаў „Пан Тадэвуш“ на беларускую[96]), А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі. У Міцкевіча вучыўся творчаму асваеньню вобразаў і матываў беларускага фальклёру Францішак Багушэвіч. Тыпалягічныя сувязі з рамантызмам Міцкевіча выявіліся ў паэмах „Сон на кургане“, „Курган“ і некаторых вершах Янкі Купалы. Тыпалягічна блізкія да „Пана Тадэвуша“ паэма Якуба Коласа „Новая зямля“. У 1920-я гады рамантычным патасам Міцкевіча цікавіліся маладнякоўцы Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Максім Лужанін, Юрка Гаўрук, Паўлюк Трус і іншыя. Міцкевічаўскія традыцыі народнасьці, рэалізму і рамантызму разьвівалі Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, В. Таўлай, П. Пестрак, Ю. Гаўрук, М. Лужанін, П. Панчанка, Язэп Семяжон і іншыя.
Мова Міцкевіча — гэта ў значнай ступені адлюстраваньне тагачаснай мовы шляхты ў Літве, да якой належаў сам паэт[97] і якая з гледзішча граматычнай сыстэмы і лексычных рэсурсаў мае ў сабе шмат беларускіх элемэнтаў, што паходзяць зь мясцовых народных гаворак[98]. Правінцыяналізмы паэт уводзіў мэтанакіравана, клапоцячыся падкрэсьліць сваю лякальную адметнасьць[97]. Доктар філялягічных навук і прафэсар БДУ Мікалай Хаўстовіч заўважае, што мову сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, але зрэдку — „ліцьвінскай“[99]. Гэтае сьцьверджаньне абгрунтоўвае і ўспамін дачкі Міцкевіча, Марыі Міцкевіч, пра клопат свайго бацькі аб захаваньні свайго правінцыяльнага вымаўленьня і перадачы яго дзецям:
…няраз слухаючы нас падчас размовы, ён уздыхаў, што ў нас бясколерны, чужаземскі акцэнт: ён бы хацеў чуць з нашых вуснаў тую сьпеўную літоўскую мову, якая была яму мілейшая за ўсё.
Арыгінальны тэкст (пол.)
...Nieraz słysząc nas mówiących, wzdychał, że mamy akcent bezbarwny, cudzoziemski: on byłby chciał słyszeć w naszych ustach tę mowę śpiewną litewską, która nade wszystko była mu miła.
|
||
—Maria Gorecka, Wspomnienia o Adamie Mickiewiczu opowiedziane najmłodszemu bratu.[100] |
Шматлікія навукоўцы, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што цяжка казаць пра мову паэта як аб мастацкім сродку, пакуль ня будуць дастаткова вывучаныя аб’ём і характар яго правінцыяналізмаў[97]. Прафэсар Познанскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы „Колькі назіраньняў за мовай Міцкевіча“ зарэгістраваў шматлікія моўныя факты ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы нормаў агульнапольскае мовы[101].
Сучасьнік Адама Міцкевіча ўраджэнец Віцебску Максымільян Маркс у сваіх успамінах падкрэсьлівае, што з сваёй каханай Марыляй Верашчакай Міцкевіч размаўляў па-беларуску, а першыя вершы Міцкевіча, не напісаныя, а агучаныя ўслых, былі па-беларуску[102]. Тым часам гісторык, літаратуразнавец і выдавец Адам Кіркор (1818—1886) зазначаў, што „Адам Міцкевіч паводле выхаваньня, паводле першых працаў сваіх належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцьця, ва ўсіх яго творах зьліваецца зь Беларусьсю“[103].
У 1936 годзе беларускі літаратуразнаўца Станіслаў Станкевіч у сваёй працы „Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej“ грунтоўна падсумаваў асаблівыя зьявы ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі, сынтаксісу і асаблівасьці граматычных катэгорыяў роду і ліку мовы Адама Міцкевіча ў яго вершаваных творах і філямацкай карэспандэнцыі паэта. Творы цытуюцца паводле львоўскага выданьня „Твораў“ паэта.
Апісаньне асаблівасьці | Прыклады з твораў | Заўвагі | Абгрунтаваньне |
---|---|---|---|
Чаргаваньне агульнапольскага „е“ зь беларускім „а“ пад уплывам „аканьня“ ў дзеяслове „rdzewieć“ | „Zawiasy rdzawieją w sieni“ („Курганок Марылі“); „Potem w niej czucie rdzawieje“ („Дзяды“, Ч. 4. С. 118), „Ze od mych westchnień pordzawiała krata“ („Конрад Валенрод“, С. 167). | Форма „rdzawieje“ сустракаецца таксама ў Я. Ходзькі[104] | Чаргаваньне зьявілася ў Міцкевіча пад уплывам беларускае мовы, у якой гэты дзеяслоў стала выкарыстоўваецца з „а“, напр: „Як ён заржавее, то міне ўжэ ні будзе на сьвеці“[105] (Federowski M. Т. II. С. 57). |
Асобныя памяншальныя назоўнікі маюць у Міцкевіча суфікс -ek замест агульнапольскага -ik, як у назоўніку „duszeczko“ | „Czyscowe duszeczki!“ („Дзяды“, Ч. 2. С. 78); „Czego potrzebujesz, duszeczko“ („Дзяды“, Ч. 2. С. 82, 94); „duszeczko!“ („Дзяды“, Ч. 2. С. 83) | Гэтае слова ў агульнабеларускай мове ўжываецца ў форме „душачка“, але на Наваградчыне, які і ў асобных іншых мясцовасьцях, дзе з-за няпоўнага яканьня „е“ пасьля націскнога складу не пераходзіць у „а“, гучыць яно — „душэчка“[106]. | |
Пераход у спалучэньні „śl“ на „szl“ пад уплывам беларускае мовы | „Kiedy szlesz bilet bogatym“ („Віншаваньні“, С. 61); „poszlij“ („Віншаваньні“, С. 61); „W koley szlą pełne smaków porcelany“ („Гарадзкая зіма“, С. 15); „Poszlemy szukać wszédzie“ („Лілеі“, С. 138); „Poszlą najezdnicy podli“ („Імправізацыя“, С. 138); „szlij mnie do niego powtórnie“ („Гражына“, С. 13); „Wezwanie przyszle mu szpieg nieznajomy“ („Да маці-полькі“, С. 377); „Bo Herold już szle katów“ („Меркаваньні ды заўвагі“, С. 452); | Прафэсар Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы „Колькі назіраньняў над моваю Міцкевіча“[107] заўважыў, што ў мове палякаў на Русі спалучэньні „śl“ і „śń“ пад рускім (г. зн. беларускім) уплывам пераходзяць у „szl“ і „szń“. Гэтая фанэтычная зьява шырока выступае ў мове Міцкевіча, Чачота і іншых філяматаў. | „Ці шліся, ці ня шліся“[108] (Klich E. С 53); „тода прышлёце да мене“[108] (там жа); „як калені засвербяць, нехто ніскі паклон прышле“[109] (Federowski M. T. I. С. 209); „я на цібе нашлю казамі“[110] (Federowski M. T. II. С. 12) |
Пераход у спалучэньні „śń“ на „szń“ пад уплывам беларускае мовы | „Zauszniczki wyrznięte sztucznie z pestek wiszni“ („Пан Тадэвуш“, Кн. XI. С. 631); | Гэтая фанэтычная зьява сустракаецца толькі адзін раз | „І я в саду вішня, чом не чэрэшня… А я тую вішню ісьцяці мышлю“ (Романов Е. Материалы. Т. II, С. 165) |
Зьмякчэньне „z“, „s“ перад мяккімі зычнымі пад уплывам беларускае мовы | „źwiędła“ („Гяўр“ С. 26 у львоўскім выданьні); „wźmiankę“ („Гяўр“ С. 118); „nieźmiernie“ („Гяўр“ С. 272); „źmieniła“ („Гяўр“ С. 1262); „źmieniona“ („Гяўр“ С. 1265); „źwiąże“ („Гяўр“ С. 431); „naźwij“ („Гяўр“ С. 110); „źleje“ („Гяўр“ С. 262); „źlała“ („Гяўр“ С. 46); „źlawszy“ („Гяўр“ С. 643); „wźlatuje“ („Гяўр“ С. 389); „źbity“ („Гяўр“ С. 554) ды іншыя. Прыклады з „Пана Тадэвуша“: „nieźmiernie“ („Пан Тадэвуш“ Кн. II. С. 562); „nieźmiernie“ („Пан Тадэвуш“ Кн. III. С. 259); „pośpieszał“ („Пан Тадэвуш“ Кн. III. С. 136 і Кн. IV. С. 384); „śpieszył“ („Пан Тадэвуш“ Кн. IV. С. 99 і Кн. VI. С. 91); „śpieszyć“ („Пан Тадэвуш“ Кн. VIII. С. 309, 322); „źwisłe“ („Пан Тадэвуш“ Кн. III. С. 160); „spełźnie“ („Пан Тадэвуш“ Кн. III. С. 330); „Pełźnie“ („Пан Тадэвуш“ Кн. III. С. 637 і Кн. VIII. С. 615); | Гэтая фанэтычная асаблівасьць у Міцкевіча адносна рэдкая. На гэта мусіла паўплываць непасьлядоўнасьць артаграфіі паэта і асаблівае тое, што творы Міцкевіча друкаваліся пераважна безь яго ўдзелу[111]. Прыведзеныя прыклады зьяўляюцца знойдзенымі прафэсарам Станіславам Дабжыцкім ў першым выданьні „Гяўра“ і „Пана Тадэвуша“. | Асыміляцыйнае памякчэньне „z“, „s“ зьяўляецца агульным для беларускае мовы. Пасьля Рэформы беларускага правапісу 1933 году графічнае пазначэньне мяккасьці захавалася толькі ў клясычным правапісу. |
Напісаньне „ę“ і „ą“ замест -eń і -oń пад уплывам характэрнай рысы вымаўленьня „n“ замест „ń“ перад наступным цьвёрдым зычным у палякаў на Літве і Беларусі | „łancuchem“ („Да Лелявеля“ С. 104 асобнага выданьня 1822 г.); „skonczył“ („Да М…“ С. 32, рукапіс); „koncem“ („Падарожныя“ С. 8, рукапіс); „słonce“ („Ранак і вечар“ С. 1, рукапіс); „słonca“ („Ugolino“ С. 78, рукапіс); „panskiey“ („Дзяды“ Ч. 1, С. 91, рукапіс); „On się przeklęctwa nie boi“ („Дзяды“, Ч. 2, С. 583); „twoje usłyszą przeklęstwa“ („Гяўр“ С. 741); „chlubi się z przeklęstwa“ („Дзяды“ Ч. 3, „Да прыяцеляў-маскалёў“, С. 20); „sama w niebezpieczęstwie“ („Ястраб“ аўтограф у „Альбоме“ Машынскага); „więcze“ замест „wieńczy“ („На грэцкі мір“ С. 40, рукапіс); „malęki“ („Падарожныя“ С. 165, рукапіс) — усе прыклады зь львоўскага выданьня „Твораў“ Міцкевіча. тое ж у „Пане Тадэвушы“: „pojedynczą“ (Кн. II, С. 827); „przeklęctwa“ (Кн. VIII, С. 524). Адносна шмат падобных прыкладаў знаходзім у аўтографах „Пана Тадэвуша“, пададзеных у варыянтах тэксту ў IV томе сомавага выданьня „Dzieł wszystkich“: „konca“ (A1: Кн. X, С 80; Кн. XI, С. 8); „koncu“ (A1: Кн. XII, С. 184); „konczył“ (A1: Кн. XII, С. 222); „słonca“ (A1: Кн. X, С. 81); „słonce“ (A1: Кн. XI, С. 183); „panski“ (A1: Кн. XII, С. 184). | Гэтая фанэтычная зьява даволі рэдкая ў друкаваных творах Міцкевіча, адносна часта выступае ў ягоных рукапісах. | Гэтая фанэтычная асаблівасьць узьнікла пад уплывам беларускае мовы, у якой „н“ перад наступным цьвёрдым зычным заўсёды цьвёрдае[111]. Напр.: „ужэ слонцо зайшло“[112] (Federowski M. Т. III. С. 124); „селі ў адном канцы стала“[113] (Federowski M. Т. I. С. 99); „прывязаў калсыку да ланцуга“[114] (Federowski M. Т. I. С. 134); „панскіе радзіцы далі ему па хустачцы“[115] (Federowski M. Т. I. С. 225); „прывела над „конскі“ тулуб“[116] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
Спрашчэньне зычных насуперак нормам агульнапольскае мовы | „chaos we łbie, yak w garku“ („Ямбы“ С. 36); „tęgo dżgali z garka“ („Ямбы“ С. 52); „widok garków“ („Пан Тадэвуш“ Кн. VIII, С. 706); „Mając u kolan pełne miodu dwa półgrace“ („Пан Тадэвуш“ Кн. XI С. 297); „półgarcówką prepił do Klucznika“ („Пан Тадэвуш“ Кн. XI С. 337) | Фанэтычная зьява спрашчэньня зычных характэрная, у адрозьненьне ад агульнапольскае мовы, толькі беларускай мове[117] | |
Спрашчэньне зычных у часта ўжываным прыметніку „czyscowy“ замест „czyśćowy“ і ва ўскосных склонах назоўніка „czyściec“ („w czyscu“ замест „w czyśćcu“) | „Boś ty czyscowej zbawił mię katuszy“ („Люблю я“ С. 59); „W czyscowe rzucił potoki“ („Люблю я“ С. 98); „Dręcz się w czyscowej zagubie“ („Люблю я“ С. 110); „Proszę za dusze w czyscu bolejące“ („Люблю я“ С. 139). Прыклады зь „Люблю я“ паводле львоўскага выданьня, бо ў выд. Піганя словы пададзеныя ўжо ў правільнай форме. | Гэтая фанэтычная зьява зьяўляецца правінцыяналізмам, утвораным пад уплывам беларускае мовы, у якой як прыметнік „чысцовы“, так і назоўнік „чысьцец“ (але „чысца“, „у чысцу“) — правільныя формы[117]. | „У чысцу агонь гарыць“[118] (Federowski M. Т. I. С. 222); „Да чысца і да атхлані“[116] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
У 1839—1840 гг. Міцкевіч быў прафэсарам Лязанскага ўнівэрсытэту, дзе выкладаў; з 1840 узначальваў катэдру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы, стаў першым прафэсарам славянскай славеснасьці ў гэтай установе. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклёру, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасьці[119]:
Мова поўдня Расеі — маларуская, на якой гаворыць амаль дзесяць мільёнаў чалавек, бясспрэчна самая музычная, самая паэтычная і звонкая, але яна ніколі не была настолькі разьвітай, каб стаць мовай літаратурнай. На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінкай, таксама размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і выдатна распрацавана.
У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпляматычнай перапіскі. Мова велікаросаў … вылучаецца багацьцем і чысьцінёй, але ў ёй няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасьці і музычнасьці маларускай.[120] |
||
Варта таксама заўважыць цэлы кантэкст лекцыі Міцкевіча. У сваёй лекцыі Адам Міцкевіч уяўляў перад студэнтамі гісторыю фармаваньня расейскай літаратурнай мовы, спрэчку паміж Міхаілам Ламаносавым і Васілям Традзьякоўскім. Для абазначэньня моваў Міцкевіч выкарыстоўвае дэфініцыю „гаворка“ (па-польску: „narzecze“), што было відавочна абгрунтавана спробай Міцкевіча даць выразную розьніцу паміж мовай і літаратурнай мовай. З усіх моваў былой Русі Міцкевіч менавіту беларускую вылучае, як самую распрацаваную, разьвітую. Поўная цытата Міцкевіча гучыць так:
Мова славянская у межах дзяржавы Пятра В. Уключала тры гаворкі: маскоўска-расейскія ці паўночныя, мала-расейскія ці паўднёвыя, і бела-рускія, заходнія. На кожнай з тых гаворак размаўляла амаль 10 мільёнаў чалавек. Паўднёвая, найгучнейшая і найбольш музыкальная, не была аднак дасткова адпавядаючай, каб служыць пісьмовасьці; заходняя, найбагацейшая, найчысьцейшая, якая калісьці была мовай двару і канцэлярыі вялікіх князёў Літвы, ужо была выдатна распрацава; паўночная, за выняткам маўленьня, сапсаванага некаторымі правінцыямі фінска-маскоўскімі, таксама мела вялікае багацьце элемэнтаў першабытных, але бракавала ёй узьнёслай прастаты гаворкі літоўска-рускай і гармоніі, якой адзначаецца маўленьне паўднёвае.
Усе гэтыя тры дыялекты зьмешваліся ў Пецярбурзе з гістарычнай стара-славянскай, царкоўнай мовай. На той момант яшчэ не было ведама якую мову абраць у якасьці ўрадавай. Ламаносаў, вялікарасеец з-над Белага мора, даў першанства сваёй роднай гаворцы, і ў ёй, яшчэ ў Нямеччыне, склаў некалькі строфаў оды. Той верш, напісаны акурат у той час, калі Канарскі працаваў над паляпшэньнем польскага вымаўленьня, быў для Пецярбурга нечываннай навінай, цудоўнай зьявай, абудзіў паўсюдны ўздым. Традзьякоўскі, антаганіст Ламаносава, хацеў стрымаць прагрэс дыялекту вяліка-расейскага, замест гэтага ўсталяваць новую літаратуру на аснове стара-славянскай мовы, насычанай паўднёвай гаворкай. Пісаў у той час такой мовай свае трагедыі, цікавыя сёньня з такога гледжаньня, што зьяўляюцца праўдзівым вобразам таго, якое натхненьне маглі прынесьці мясцовыя крыніцы, і дакуль бы прыйшла расейская пісьмовасьць такім шляхам. Арыгінальны тэкст (пол.)
Język słowiański w granicach państwa Piotra W. zawierał trzy narzecza: moskiewsko-rosyjskie czyli północne, mało-ruskie czyli południowe, i biało-ruskie, zachodnie. Każdym z tych dialektów mówiło niemal 10 milionów ludności. Południowy, najdźwięczniejszy i najbardziej muzykalny, nie był jednak tyle uprawny żeby mógł służyć piśmiennictwu; zachodni, najbogatszy, najczystszy, będący niegdyś językiem dworu i kancelaryi wielkich książąt Litwy, miał już ukształcenie znakomite; północny, odciąwszy od niego mowę zepsutą kilku prowincyi fińsko-moskiewskich, posiadał także wielkie bogactwo żywiołów pierwotnych, ale brakowało mu wzniosłej prostoty narzecza litewsko-ruskiego i harmonii jaka odznacza mowę południową.
Wszystkie te trzy dyalekta mieszały się w Petersburgu, z zabytkiem jeszcze staro-słowianskim, cerkiewnym. Nie wiedziano który z nich wybrać na język urzędowy. Łomonosow, Wielkorosyjanin z nad morza Białego, dal pierwszeństwo swemu narzeczu rodzimemu, i w niem, jeszcze bawiąc w Niemczech, ułożył kilka zwrotek ody. Wiersz ten napisany wtenczas kiedy Konarski pracował nad poprawą wymowy polskiej, był dla Petersburga niesłychaną nowością, cudownem zjawiskiem, obudził uniesienie powszechne. Trediakowski, antagonista Łomonosowa, chciał stłumić postęp dyalektu wielko-rosyjskiego, a wtrącić literaturę nową w staro-słowianizm podsycony narzeczem południowem. Pisał tedy takim językiem swoje tragiedye, ciekawe dziś z tego względu, że są wiernym obrazem, jakich natchnień mogło dostarczyć żródło miejscowe, i dokądby zaszło piśmiennictwo rosyjskie tym torem.[121] |
||
Таксама захавалася цытата Адама Міцкевіча з лісту да Аляксандра Ходзькі:
«З усіх славянскіх народаў русіны, г. зн. сяляне Пінскай і частак Менскай і Горадзенскай губэрняў, захавалі найболей славяншчыны. У іхных казках і песьнях ёсьць усё. Пісаных помнікаў мала, толькі Статут Літоўскі пісаны моваю, найбольш гарманічнаю і найменш скажонаю з усіх славянскіх дыялектаў. Усё іхнае жыцьцё ў духу. На зямлі яны прайшлі ўсю гісторыю ў жахлівай галечы ды ўціску». | ||
Усяго, як падлічыў беларускі дасьледнік біяграфіі й творчасьці Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, назву Беларусь Міцкевіч ужыў у сваіх лістах восем разоў, але пад Беларусьсю разумеў выключна ўсходнюю частку сучаснай Беларусі, а заходнюю частку называў Літвой[122]. Адам Міцкевіч разам зь сябрамі захапляўся беларускай народнай культурай, мовай, традыцыямі[123], хоць відавочна не акрэсьліваў іх, як беларускія. Як потым узгадваў Ігнат Дамейка пра Адама Міцкевіча й Яна Чачота:
двое нашых студэнтаў школы наваградзкай ад наймалодшых гадоў добра зналі наш народ, палюбілі яго песьні, пераймаліся яго духам і паэзіяй; [...]. Назіралі за кірмашамі, гандлем і адпустам, бывалі на сялянскіх вясельлях, дажынках і пахаваньнях[19]. | ||
Відавочна Адам Міцкевіч ведаў і карыстаўся гутарковай беларускай мовай, шматлікія беларусізмы, фанэтычныя й стылістычныя асаблівасьці беларускай мовы сустракаліся ў яго творах і нават перакладах на працягу ўсёй творчасьці[124]. Перакладнік „Дзядоў“ на беларускую мову паэт Серж Мінскевіч адзначыў, што мова паэмы „перасыпана беларускімі лексічнымі й сынтаксычнымі адзінкамі“[125]. Найбольшы ўплыў беларускай мовы можна назіраць у „Пане Тадэвушу“, створаным пасьля амаль дзесяці гадоў у эміграцыі. Як вядома, ён да канца жыцьця ня толькі захоўваў гутарковую мову, пазначаную рэгіяналізмамі, але й — як і належыць „старому ліцьвіну“, культывуючы свой рэгіянальны партыкулярызм — ганарыўся спэцыфічнымі правінцыйнымі рысамі сваёй гаворкі, з пункту гледжаньня нацыянальнай літаратурнай мовы[19].
У 1820-ых гг. праз недасканалую польскую мову Адама Міцкевіча, варшаўскія крытыкі й рэцэнзенты называлі паэта „смаргонскім“ рамантыкам і нават абвінавачвалі яго ў барбарызацыі польскай мовы[126]. Адзін зь іх, Францішак Мараўскі(pl), вінаваціў Міцкевіча ў злоўжываньні правінцыялізмамі (рутэнізмамі й русізмамі) і праводзіў аналёгію з гіпатэтычным вялікапольскім балядыстам, які ўключыў у сваю паэзію рэгіяналізмы зь нямецкай мовы, „якія ў гэтай краіне селянін з ландвэру прыносіць у вёску“[126]. Азіраючыся назад, абвінавачваньні Мараўскага аказаліся беспадстаўнымі — Міцкевіч стаў клясыкам польскай мовы — сёньня яны могуць толькі нагадваць пра яго надзвычайнае наватарства й даказваць, якую магутную культураўтваральную ролю адыгрываюць узаемныя ўплывы й абмен паміж культурамі[126].
Не было ці не захавалася творчай спадчыны Адама Міцкевіча на беларускай мове. Тым ня менш, беларускі верш „Беларуская фантазыя“[127], які традыцыйна прыпісваўся аўтарству Яна Чачота выклікае спрэчкі сярод дасьледнікаў. Адам Мальдзіс дапушчае, што яго аўтарам мог быць уласна Адам Міцкевіч[128].
Адам Міцкевіч не пісаў вершаў на летувіскай мове. Аднак можна меркаваць, што Міцкевіч меў пэўнае разуменьне летувіскай мовы, хоць у польскай гістарыяграфіі ёсць меркаваньне, што знаёмасьць Міцкевіча з летувіскай мовай была досыць абмежаванай. [129][130][131]
У паэме «Гражына» Міцкевіч працытаваў адзін сказ зь летувіскамоўнай паэмы Крысьціёнаса Данэлайціса «Metai(en)» [132][133]. Акрамя таго, з-за таго, што Міцкевіч займаў пасаду выкладчыка летувіскага фальклёру й міталёгіі ў Калеж дэ Франс, можна зрабіць выснову, што ён павінен быў дастаткова добра ведаць мову, каб чытаць пра яе лекцыі[134]. Вядома, што Адам Міцкевіч часта сьпяваў летувіскія народныя песьні з жамойтам зь Людвікам Карэцкім[m] [136]. Напрыклад, у пачатку 1850-х гадоў, знаходзячыся ў Парыжы, Міцкевіч і Карэцкі гулялі ў шахматы, падчас гульні Карэцкі пачаў сьпяваць летувіскую народную песьню, на што Міцкевіч яго перапыніў, сказаўшы, што сьпявае яе няправільна, і таму запісаў на аркушы паперы, як правільна яе сьпяваць. На аркушы паперы, які захаваў і прадставіў грамадзкай увазе сын Адама Міцкевіча Ўладзіслаў, ёсьць фрагмэнты трох розных летувіскіх народных песьняў — дайнаў (Ejk Tatuszeli i bytiu darża, Atjo żałnieros par łauka, Ej warneli, jod warneli isz)[137][138], якія зьяўляюцца адзінымі вядомымі на сёньняшні дзень летувіскімі творамі Адама Міцкевіча)[139]. Вядома, што гэтыя народныя песьні сьпявалі ў Дарбенах(lt)[140].
Адлюстраваньнем зацікаўленасьці Міцкевічам летувіскай мовай, стала XV лекцыя 24 сакавіка 1843 году у Парыскім унівэрсытэце, дзе Міцкевіч у лекцыі казаў наступнае:
Сёньня літоўская мова лічыцца адной з найстаражытнейшых эўрапэйскіх моваў. Боп, Кляпрот і Болен даволі добра даказалі гэта. Барон Экштайн лічыць яе найстарэйшай пасьля санскрыту й найменш зьмененай. У літоўскіх паданьнях захавалася першабытная думка, душа цэлай традыцыі. Але паколькі на літоўскай мове пісьмовых помнікаў няшмат, вучоныя для тлумачэньня й інтэрпрэтацыі гэтых паданьняў зьвяртаюцца да славянскай мовы. Такім чынам дзейнічаюць Гануш і Данкоўскі (пераклад — Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч[141]).
Арыгінальны тэкст (пол.)
Język litewski uznany jest dzisiaj za jeden z najdawniejszych pomiędzy istniejącymi na lądzie Europy.
Bopp, Klaproth i Bohlen udowodnili to dostatecznie. Baron Eckstein uważa po za najstarszy i najmniej zmieniany. W podaniach litewskich zachowuje się myśl pierwotna, dusza całej tradycji. Ale ponieważ językowi litewskiemu zbywa na pomnikach piśmiennych, uczeni dla objaśnienia i wykładu tych podań udają do mowy słowiańskiej. Tym sposobem postępuje sobie Hanusch i niekiedy Dankowski.[142]
|
||
Аляксандар Ельскі ў 1885 годзе ў артыкуле «Адам Міцкевіч на Беларусі» адным зь першых адзначыў выключную ролю Беларусі для творчасьці Міцкевіча:
Павінна гэта сапраўды быць глеба ўрадлівая, калі нараджае такія шчодрыя плёны! […] Бо старажытны ж і народ гэты, што насяляе разьлеглыя абшары: ад вытокаў Дняпра да Буга й Нарава, ад Віліі да Прыпяці — гняздо старажытнай славяншчыны, краіна герояў, гусьляроў, патрыярхальных адносін і ахвяр у імя ўзьнёслых ідэалаў! […] Гэта ж з роднай глебы прарос геній Міцкевіча, і зь яе таксама браў ён сюжэты да многіх сваіх твораў, аб чым сьведчаць такія творы, як «Сьвіцязь», «Сьвіцязянка», «Дзяды», «Дудар», «Люблю», «Лілеі», «Уцёкі», «Гражына», «Пан Тадэвуш» і іншыя, а мноства мясьцін і назваў, якія ўспамінае вястун, як Цыпрын і Грачыхі, Ятра, Нёман, Налібокі, Наваградак, Мядзьведка, Плужыны, Рута, Сапліцава, Сьвіцязь, Туганавічы, Зьдзецел й г.д. паказваюць, дзе ахвотней за ўсё блукала думка песьняра, якімі вобразамі любіла яна песьціцца[143]. | ||
Язэп Лёсік крытычна адгукаўся аб ягонай творчасьці: «Міцкевіч і Сыракомля былі беларусы й ведалі, што яны беларусы, але калі яны гаварылі й пісалі па-польску, то ўся праца іх пайшла на багацьце й пыху польскага народу. „Хто любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць, — сказаў Хрыстус, — той кажа няпраўду“. Хто любіць свой край, а культуру яго не прымае, той лжэц — скажам мы ад сябе».[144] Пазьней беларускімі літаратарамі Адам Міцкевіч вызнаецца за аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[145], беларускага польскамоўнага паэта[146].
Польскі паэт-рамантык Цыпрыян Каміль Норвід, якога называюць чацьвёртым вялікім паэтам польскага рамантызму, так апісаў вобраз Міцкевіча:
— Cyprian Kamil Norwid, W pracowni Guyskiego |
Іншы польскі паэт-рамантык Тэафіль Ленартовіч захапляўся Міцкевічам:
Адам ахапіў усю духоўную шкалу жаданьняў, надаў кожнаму прадмету выраз, колер і форму; ён сканцэнтраваў сутнасьць славянскіх народаў зь іх дзіцячай воляй і сур’ёзнасьцю пажылых людзей, зь іх практыцызмам і верай у звышнатуральныя сілы; у дух гэтага чалавека, як у вялізнай бронзавай майстэрні, адліваліся ўсе самыя разнастайныя гесты [!] і, па сканчэньню, ішлі ў скарбніцу нацыянальнай літаратуры. | ||
Пісьменьнік Юзэф Ігнацы Крашэўскі казаў аб выключнай ролі Адама Міцкевіча:
Усё ёсьць творчасьцю Міцкевіча, які першы вырваўся зь цесных рамак насустрач сьвятлу й жыцьцю, стаў сваёй паэзіяй на вышыню Гётэ і Байрана й цягнуўся да іх духам. Праз пралом, які ён зрабіў, прайшлі ўсе, хто меў сілы для маршу.[147] | ||
Летувіскі паэт і публіцыст Томас Вэнцлава адзначыў важную ролю роднага краю Літвы ў матыве творчасьці паэта:
Каштоўнай крыніцай натхненьня для маладога паэта была Літва й яе таямнічыя краявіды — краіна, якая сваім міталягічным мінулым была роўная кельцкаму ці нямецкаму сьвету й была вартая таго, каб нарадзіць свайго Шэксьпіра. | ||
Францускі пісьменьнік Віктор Юго адзначаў:
«Казаць аб Міцкевічу — гэта значыць казаць аб прыгажосьці, аб справядлівасьці, аб ісьціне; гэта значыць казаць аб праве — ён быў яго прыхільнікам, аб абавязку — ён быў яго героем, аб волі — ён быў яе апосталам, аб вызваленьні — ён быў яго папярэднікам.» | ||
Публіцыст Станіслаў Мацкевіч(pl) наступным чынам пісаў аб Міцкевічы:
Мой настаўнік польскай мовы ў Віленскай гімназіі праф. Станіслаў Цывінскі (…), вучыў мяне, што «не жыцьцё Міцкевіча ёсьць камэнтар да яго твораў, але творы Міцкевіча ёсьць камэнтар да яго жыцьця». (…) Па сутнасьці, палітычная публіцыстыка Міцкевіча, яго спробы гістарычнага сінтэзу ў «Кнігах паломніцтва»… паказваюць толькі банкруцтва рамантычных мэтадаў у вырашэньні палітычных пытаньняў і гістарычных сынтэзаў, і яго актыўная палітычная дзейнасьць была б гратэскам, калі б ён ня быў вешчуном і калі б усё не было так трагічна. Аднак як паэт ён сапраўды тытан і, хто ведае, ці гэта ня першы паэт славяншчыны. У лірычным пляне Цютчаў пераўзыходзіць яго, але Пушкін саступае яму па таленту. | ||
Украінскі паэт Іван Франко ў сваім крытычным артыкуле пра творчасьць Міцкевіча, апублікаваным у венскай штодзённай газеце «Dіe Zeіt», назваў яго, у прыватнасьці, «паэтам здрады», на што, паводле журналіста кракаўскага тыднёвіка «Nowoścі Іllustrowane», ён атрымаў рэзкі й рашучы адказ з польскага боку[148].
Па словах сучасьніка Міцкевіча, тагачаснага расейскага літаратурнага крытыка, Ксэнафонта Палявога(ru),Аляксандар Пушкін ставіўся да Міцкевіча з найвялікшай павагай. Расейскі паэт, які звычайна сам панаваў у коле літаратараў, у прысутнасьці Міцкевіча быў вельмі сьціплы, і нават зьвяртаўся да Міцкевіча, жадаючы пачуць яго адабрэньня, бо лічыў Адама Міцкевіча больш адукаваным і навукоўцам. У 1828 годзе расейскі паэт Васіль Жукоўскі пасьля выхаду паэмы Міцкевіча «Конрад Валенрод» неяк сказаў Пушкіну: «Ведаеш, брат, але ж ён заткне цябе за пояс», на што Пушкін адказаў: «Ты ня так кажаш, ён ужо заткнуў мяне»[149]. Увосень 1826 году на адным зь вечароў у знакамітым салоне Зінаіды Валконскай(ru) Пушкін захапляўся імправізацыямі Міцкевіча й, па сьведчаньні сучасьніка, падчас адной зь іх ускочыў зь месца й, ероша валасы, амаль бегаючы па зале, усклікаў: «Што за геній! Што за сьвяты агонь! Што я ў параўнаньні зь ім?»[150]. Таксама Аляксандар Пушкін прысьвяціў Адаму Міцкевічу цэлы шэраг сваіх твораў: «У прахалодзе салодкай фантанаў» (1828), «Ён паміж намі жыў» (1834), радкі ў вершах «Санэт» (1830) і ў «Падарожжы Анегіна» (1818−1830). Пасьля ад’езду Міцкевіча з Расеі ў траўні 1829 году Пушкін напісаў:
|
Мікалай Гогаль прасіў у лісьце Аляксандру Данілеўскаму(ru) купіць яму асобнік паэмы «Пана Тадэвуша». Расейская публіцыстыка другой палове XIX стагодьдзя ацэньвала асобу Адамі Міцкевіча вельмі нэгатыўна:
«У перайманьні Шылеру й Бюргеру ён у сваіх творах нярэдка зьвяртаўся да легендарнага мінулага Літвы, зрэшты фальсыфікуючы гэтае мінулае. Літоўскія й беларускія народныя паданьні не падыходзілі для твораў Міцкевіча, які аддаўся польскай ідэі. У гэтых паданьнях шмат, вядома, нязручнага й непахвальнага для палякаў, а польскіх легенд ён ня ведаў, і таму яму давялося ўласныя выдумкі выдаваць за народныя легенды. Апяваючы сваю любоў да Марылы й адлюстроўваючы сябе й яе ў выдуманых ім самім нібыта легендарных асобах, Міцкевіч уплятае ў свае творы палітычныя тэндэнцыі й дае волю сваёй нянавісьці да Расеі».[151] | ||
У Наваградку насыпаны Курган Бесьсьмяротнасьці Адама Міцкевіча і створаны Дом-музэй Адама Міцкевіча. У Менску ў Касьцёле Сьвятога Сымона й Сьвятой Алены ў 1998 годзе была адроджана бібліятэка Міцкевіча, заснаваная ў 1908 годзе[152]. Помнікі й бюсты Міцкевічу ўстаноўлены ў шмат якіх гарадах Польшчы, Беларусі, Літвы й іншых краінаў. У 2015—2019 гадах імя Адама Міцкевіча па памылцы насіла вуліца ў Рэчыцы, першапачатковая названая ў гонар савецкага разьведчыка Яўгена Міцкевіча [153]. Ёсьць помнік Адаму Міцкевічу ў Парыжы. Імя паэта носяць астэроід галоўнага пояса астэроідаў 5889 Міцкевіч і кратар(pl) на Меркурыі. На ІX конкурсе імя Ежы Гедройца (вынікі падведзены ў Менску 31 сакавіка 2009 года) фільм Алега Лукашэвіча «Эпоха Адама Міцкевіча» ганараваны Дыплёмам з адзнакай. У доме ў Стамбуле, дзе жыў і памёр паэт, у 1955 годзе адкрыты музэй.
Помнікі Адаму Міцкевічу ўсталяваныя ў шматлікіх эўрапейскіх гарадох, такіх як: Кракаў, Варшава, Вільня, Берасьце, Львоў, Познань, Перамышль, Гданьск, Жэшаў, Вялічка і іншых.
У 2003 годзе па ініцыятыве польскай дыяспары недалёка ад скрыжаваньня вуліцаў Няміга і Раманаўская Слабада помнік Адаму Міцкевічу быў усталяваны ў Менску[154].
Імем Адама Міцкевіча названы вуліца ў Берасьці, вуліцы ў местах Ашмяны (і завулак), Баранавічы, Ваўкавыск, Горадня, Докшыцы, Кобрынь (завулак), Ліда, Лунінец, Маладэчна, Наваградак, Карэлічы, Нясьвіж, Пружаны, Слонім, Смаргонь (і завулак), Стоўпцы, у мястэчках Вярэнаў, Зьдзецел[155].
Аўтар беларускага біяграфічнага фільму пра Адама Міцкевіча Алег Лукашэвіч атрымаў дыплём з адзнакай на IX конкурсе імя Ежы Гедройца за стужку «Эпоха Адама Міцкевіча». У чатырох сэрыях падрабязна дасьледуецца біяграфія вялікага паэта, паказваюцца рэдкія дакумэнты і мясьціны з жыцьця Міцкевіча[156].
Сярод перакладнікаў на беларускую мову — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Аляксандар Ельскі, Янка Купала, Якуб Колас, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятро Бітэль, Язэп Семяжон, Максім Лужанін, Юрка Гаўрук, Ніна Тарас, Хведар Жычка, Сяргей Дзяргай, Мікола Аўрамчык, Янка Сіпакоў, Канстанцін Цітоў(d), Антон Бялевіч, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін, Серж Мінскевіч, Кастусь Цьвірка, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Анатоль Брусевіч, Марыя Мартысевіч. Існуюць тры поўныя пераклады «Пана Тадэвуша» на беларускую мову[158].
Першы пераклад Міцкевіча на летувіскую мову ў 1832 годзе зрабіў летувіскі ксёндз, лістападаўскі паўстанец Купрыян Юзэф Незабітоўскі(en), які пераклаў фрагмэнты брашуры Księgi narodu polskiego i pielgrzymstwa polskiego[159]. Пазьней, першым творы Міцкевіча перакладаў Петрас Армінас-Трупінэліс(lt), ён жа напісаў і першую біяграфія Адама Міцкевіча на летувіскай мове, у якой абгрунтоўваў важнай постаці паэта для летувіскага народу[160]. У далейшым Міцкевіча на летувіскую мову перакладалі Эдвард Даўкша(lt), Вінцас Кудзірка, Майроніс, Матэюс Густайціс(lt) («Крымскія санэты» і «Дзяды»), Кляопас Юргеліёніс(lt) (вершы), Людас Гіра(lt), Канстантынас Шакяніс(lt) (у 1924 пераклаў «Пана Тадэвуша»), Вінцас Мікалайціс-Пуцінас(lt), Юсьцінас Марцінкявічус і іншыя паэты.
Перакладамі на ўкраінскую мову займаліся Панцеляймон Куліш(uk), Пётар Гулак-Арцямоўскі(uk),Вольга Косач, Максім Рыльскі, Ляўко Баравікоўскі(uk), Апанас Шпігоцкі(uk), Іван Франко, Леся Ўкраінка, Мікола Бажан(uk), Андрэй Малышка(uk) і Іван Драч(uk).
Актыўна перакладаўся Міцкевіч і на іншыя славянскія мовы. На чэскай мове Міцкевіч публікаваўся ў перакладах Яраслава Вэрхліцкага, Элішкі Краснагорскай(cs). На харвацкую мову Міцкевіча перакладаў Таміслаў Марэціч(hr). Адам Міцкевіч таксама загучаў на сэрбахарвацкай, баўгарскай, славацкай, славенскай мовах. А на кашубскую Міцкевіча перакладаў Станіслаў Янкэ(pl).
На ангельскую мову Міцкевіча ўпершыню перакладаў Мойд Ашурст Бігз(en). На францускую мову Міцкевіча ўпершыню перакладаў польска-францускі перакладнік Крыстын Пётар Астроўскі(pl). На італьянскую мову Міцкевіча перакладаў Арыга Баіта(it). На швэдзкую мову Міцкевіча перакладаў Альфрэд Енсэн(sv).
Міцкевіча перакладалі таксама ізраільскія пісьменьнікі, шмат зь якіх ведалі польскую мову. На ідыш Міцкевіча перакладаў Давід Кэнігсбэрг(pl), на іўрыт — Ёсіф Ліхтэнбаўм(he).
На эспэранта Міцкевіча перакладалі Антоні Грабоўскі і Ізраіль Лейзяровіч(ru). Перакладам на японскую мову Міцкевіча займаўся Асаторы Като(pl). На вугорскую мову Міцкевіча перакладала паэтка й перакладніца Эва Сэбёк(hu). На румынскую мову Міцкевіча перакладаў Мірон Раду Парашывэску(ro). На грузінскую мову Міцкевіча перакладаў Віталіс Угрэхэлідзэ-Вугорскі(pl). На казаскую мову Міцкевіча перакладаў Абай Кунанбайулы(kk).
На расейскую мову творы Міцкевіча перакладалі паэты й перакладнікі розных маштабаў здольнасьцяў. А. С. Пушкін пераклаў баляду «Тры Будрысы[n]» (у перакладзе «Будрыс і яго сыны», 1833; апублікаваны ў «Бібліятэцы для чытаньня(ru)» ў 1834) — надзвычай дакладны пераклад, які лічыцца непераўзыдзеным шэдэўрам перакладніцкага мастацтва[161], а таксама баляду «Ваявода» і ўступ да «Конрада Валенрода». Першы пераклад часткі драматычнай паэмы «Дзяды» належыць В. А. фон Роткірху(ru). Сярод перакладнікаў Міцкевіча — І. Казлоў(ru), які ў 1827 па празаічнаму падрадкоўніку П. Вяземскага поўнасьцю пераклаў «Крымскія санэты», М. Берг(ru), які перакладаў вершы й эпічную паэму «Пан Тадэвуш», У. Бенядзіктаў(ru) («Гражына», «Конрад Валенрод», лірыка), Р. Данілеўскі, С. Дураў(ru), А. Майкаў (у прыватнасьці, «Крымскія санэты»), Л. Мей, П. Вейнберг(ru), А. Калтонаўскі(ru) (у канцы 1890-х — пачатку 1900-х), пазьней — К. Бальмонт, В. Брусаў, Ігар Севяранін, акмеіст М. Зянкевіч(ru), Е. Палонская(ru), М. Асееў («Песьня філярэтаў»), В. Румер(ru) («Плывец», «Да Яхіма Лелявеля(pl)» і іншыя вершы), С. Кірсанаў(ru) (у прыватнасьці, «Прысьвячэньне ў альбом», шырока вядомае па альбому Д. Тухманава(ru) «Па хвалі маёй памяці(ru)», «Сьмерць палкоўніка», «Рэдута Ардона»), М. Сьвятлоў («Звон і званочкі», «Упартая жонка» і іншыя вершы), М. Жываў(ru), Л. Мартынаў(ru) («Дзяды», вершы), Д. Самойлаў(ru) (асобныя вершы), А. Таркоўскі («Гражына», вершы «Шанфары», «Альматэнабі»), А. Геляскул(ru), А. Эпель(ru) і многія іншыя паэты й перакладнікі. Санэты Міцкевіча акрамя М. Лермантава, А. М. Майкава, І. Буніна, У. Хадасевіча і іншых паэтаў перакладаў В. Левік(ru).
Крыніцы тэкстаў
Дасьледаваньні жыцьця і творчасьціКнігі
|
Артыкулы
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.