Раманаўская Слабада
From Wikipedia, the free encyclopedia
Раманаўская Слабада, Раманаўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў заходняй частцы места, на паўднёвы ўсход ад юдэйскіх могілак, на рацэ Нямізе.

На паўночны захад ад Раманаўскай Слабады пачынаецца Пляшчанка, на поўнач — Татарская Слабада, на паўночны ўсход — Ракаўскае прадмесьце, на паўднёвы ўсход — цэнтральнае Новае Места[1][2].
Гісторыя

У пачатку XX ст. Раманаўская Слабада ўваходзіла ў першую, чацьвертую і пятую паліцэйскую частку места. Праз прамесьце праходзілі Каралеўскі шлях (пазьней Раманаўска-Койданаўская, Новамаскоўская, цяпер Мясьнікова), Затурэмны завулак (ішоў паралельна Мясьнікова), што пралягаў уздоўж муроў менскага турэмнага замка. Бліжэй да Юбілейнага пляцу знаходзіліся ў Раманаве вуліцы Загародняя (цяпер Караля), Новараманаўская (Раманаўская Слабада), Сухая. Каля юдэйскіх могілак прытуліліся вуліцы Жыдоўская (Калектарная) і Майсееўская (Перакопская)[3].
У 1993 року менскія ўлады надалі вуліцы Рэспубліканскай (колішняй Новараманаўскай) назву Раманаўская Слабада[4].
Старыя адрасы

- Загародняя, 18, дом Пухальскага. Кватэра В. Зелязея, супрацоўніка бібліятэкі імя Пушкіна. У 1906 року тут адбыўся ІІ зьезд БСГ, які прыняў аграрную праграму ліквідацыі зямянскага землеўладаньня. Цяпер на гэтым месцы вышынны будынак з аптэкай (Караля, 6)[5].
- Рог Каралеўскага шляху і Жыдоўскай, 18/1, дом Ліхтэрмана. Тэатральная заля «Парыж», дзе выступалі гастралёры. У іх ліку быў тэатар Ігната Буйніцкага (чэрвень 1911 року). У часы Лютаўскай рэвалюцыі служыла месцам сходаў і мітынгаў працоўных, арганізаваных РСДРП і Бундам. У 1916 року тут адкрыўся «Інтымны тэатар», а ў 1926 року — Дзяржаўны жыдоўскі тэатар БССР. Будынак зруйнавалі ў Другую Сусьветную вайну, стаяў на рагу сучасных вуліцаў Нямігі і Калектарнай, побач з уцалелым двухпавярховым будынкам зь цёмна-чырвонай цэглы.
- Каралеўскі шлях, 20. Школа рамесьніцкіх вучняў. Пачала працаваць 19 сьнежня 1896 року. Мела тры аддзяленьні: сьлясарна-кавальскае, цясьлярска-такарнае і ліцейнае. У 1902 року пры ёй зьявілася чыгуналіцейная майстэрня. Школьны будынак стаяў ля скрыжаваньня цяперашніх вуліцаў Мясьнікова і Нямігі.
- Каралеўскі шлях, 59, дом Трэгера. Кансьпіратыўная кватэра РСДРП падчас Першай Сусьветнай вайны. Будынак знаходзіўся на месцы левага крыла дома № 39 на Нямізе.
- Новараманаўская, 7, дом таварыства дапамогі бедным жыдам. Гасьцініца «Новая Рыга» М. Кругера (9 нумароў). Будынак месьціўся ў раёне цяперашняга сквэру з помнікам Адаму Міцкевічу на вуліцы Гарадзкі Вал.
- Новараманаўская, 13, дом Катон Басі. Прыватная жаночая камэрцыйная вучэльня І. Самойлы, адкрытая ўвосень 1905 року. Месьцілася на рагу сёньняшніх Гарадзкога Вала і Нямігі, у пачатку сквэру.
- Няміская, 40. Шпалерная фабрыка К. Кантаровіча (колішняя Я. Хаюціна). Новы гаспадар у 1901 року збудаваў для прадпрыемства трохпавярховую камяніцу. У 1904 року тут усталявалі паравы кацёл. У 1912 року пачалі дзейнічаць паравая машына магутнасьцю 120 конскіх сілаў і дынама-машына. Зь сьнежня 1914 року тут адкрыўся сухарны аддзел. У 1924 року шпалерня, зьмяніўшы свой профіль, пачала выпускаць абутак. Цяпер гэта менскае вытворчае аб’яднаньне «Прамень» (Няміга, 30). Захаванасьць колішняга будынка застаецца нявызначанай.
Галерэя
- Старыя здымкі
- Жаночая жыдоўская вучэльня, 1911 р.
- На гістарычным Каралеўскім шляху, 1914 р.
- Зь фільму «Лясная быль», 1926 р.
- Скрыжаваньне Раманаўскай Слабады і Нямігі, 1941 р.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.