Паводле археалягічных раскопак (праводзіліся з 1945 року), у час якіх выяўленыя рэшткі жытла, розныя вырабы, што сьведчаць пра разьмяшчэньне на гэтым месцы ў XII—XIII стагодзьдзяў прымескага паселішча[3]. Назва мясцовасьці ўзьнікла ў зьвязку з пасяленьнем тут у пачатку XVI ст. узятых у палон крымскіхтатараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разьбітыя пад Клецкам у 1506 року (існуе меркаваньне, што масавае пасяленьне палонных татараў у Менску ўзьнікла значна раней, яшчэ за часамі вялікага князя Вітаўта[4]). Да XVI ст. гэтая частка места называлася Пятніцкім канцом[3].
У пачатку XX ст. Татарская Слабада ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку места. Прадмесьце было тыповай менскай ускраінай, забудаванай пераважна драўлянымі дамамі. Праз раён праходзілі Ўваскрасенская (цяпер Вызваленьня), Вялікая Татарская (Дзімітрава), Глухая (частка вул. Мельнікайтэ каля праспэкта Пераможцаў), Татарска-Людамонцкая (пазьней Малататарская, цяпер на яе месцы праспэкт Пераможцаў ад Палаца спорту да праспэкта Машэрава), Заслаўская, Падзамкавая на балоце, Навазамкавая, Замячэтная, Новататарская, Новасяргееўская, Навакрасная вуліцы, Людамонцкі і Глухоўскі завулкі[5]. Тэрыторыю балоцістай нізіны паміж слабадой і Сьвіслаччу займалі агароды, зь якіх садавіна і гародніна паступала на мескія рынкі. Гэтая мясцовасьць называлася Татарскімі агародамі[6].
У 1901 року менскія татары збудавалі мураваны мячэт (не захаваўся, зруйнаваны ў 1962 року). У 1959 року на тэрыторыі прадмесьця збудавалі спартовы комплекс таварыства «Працоўныя рэзэрвы». У 1965 року адкрыўся Палац спорту. У 1969 року на месцы зруйнаванага мячэту збудавалі гасьцініцу «Юбілейную».
У наш час назва прадмесьця ніяк не адзнаецца на мапе Менску. З 1997 року ў месьце існуе Татарская вуліца (колішняя Вялейская), а з 2009 року — Татарскі сквэр, якія геаграфічна знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Міхалянкі[7].
Вялікая Татарская. Гарбарны завод Е. Гольдбэрга, заснаваны ў 1906 року. Быў паравы кацёл. Знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Дзімітрава.
Навакрасная. Кафляны завод І. Авярбуха. Уступіў у дзеяньне ў 1897 року. Праз рок абсталяваны паравым катлом і паравой машынай. У 1905 року Авярбух разам з Айзэнштатам і Полякам стварылі аб’яднаньне манапалістычнага тыпу, якое рэгулявала аб’ём вытворчасьці іх прадпрыемстваў і ўзровень коштаў на вырабы ў Менску. Гэта дазволіла прадпрымальнікам пратрымацца ў часы дэпрэсіі. Праўда, з надыходам эканамічнага ўздыму аб’яднаньне перастала існаваць. У 1913 року на заводзе вырабляліся высокаякасныя кафляныя, маёлікавыя і тэракотавыя печы і коміны, вазы для кветак, ганчарныя рэчы, пячная аздоба, дрэнажныя трубы. У 1909 року прадукцыя Авярбуха атрымала залаты медаль на Сусьветнай выставе ў Рыме. Прадпрыемства разьмяшчалася ў раёне сучаснай вуліцы Максіма Танка. Захаванасьць яго застаецца нявызначанай.
Татарскі завулак, 7, дом Сініцынай. Мескі санітарны камітэт, арганізаваны ў 1891 року для нагляду за агульным санітарным станам места і барацьбы з інфэкцыйннмі хваробамі. Але на практыцы роля яго звузілася да нагляду за прастытуцыяй. У 1898 року пры камітэце, у тым жа будынку, адкрылася лякарня для прастытутак на 27 ложкаў. Грашовыя сродкі паступалі ад гаспадынь дамоў цярпімасьці, часткова ад мескіх уладаў. Месцаў хранічна не хапала, на адным ложку нярэдка разьмяшчаліся дзьве кабеты, таму хворых часам мусілі выпісваць нават тады, калі тэрмін лекаваньня далёка ня скончыўся. Камітэцкая пабудова месьцілася ў раёне сучаснага гатэлю «Юбілейны» (праспэкт Пераможцаў, 19).
Татарскае прадмесце, 5-ая паліцэйская частка, сядзіба Эрдмана. Эрдман — эканом маёнтка зямяніна П. Ваньковіча. У час рэвалюцыі 1905 року жонка эканома дапамагала рэвалюцыянэрам: давала часовы прытулак, хавала зброю і забароненую літаратуру. Сядзібу зьнішчылі ў ходзе забудовы праспэкта Пераможцаў. Знаходзілася паміж цяперашнімі Палацам спорту і паркам Перамогі.
Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы , Менск стары і новы
Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века (недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.