Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кле́цак — места ў Беларусі, на рацэ Лані. Адміністрацыйны цэнтар Клецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 483 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 140 км на паўднёвы захад ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Асіпавічы — Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Нясьвіжам, Баранавічамі, Слуцкам.
Клецак лац. Klecak | |||||
Віды Клецку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1127 | ||||
Магдэбурскае права: | 27 жніўня 1652 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Клецкі | ||||
Вышыня: | 181 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 11 483 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1793 | ||||
Паштовы індэкс: | 222640 | ||||
СААТА: | 6225501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°3′49″ пн. ш. 26°38′14″ у. д. | ||||
± Клецак | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.) |
Клецак — магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца княства і радзівілаўскай ардынацыі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Фарны касьцёл (рэнэсанс, XVI ст.) і Вялікая Сынагога (барока, XVIII ст.), зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Клецак[2][3] утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — 'бярозавы парасьнік'[4]. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Клѣчѣск[a], Клеческ.
У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Клецак[5], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Клецак» як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Клецк (рас. Клецк).
Паводле археалягічных зьвестак, неўмацаванае паселішча дрыгавічоў існавала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІ ст. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Клецак датуецца 1127 годам у зьвязку з выправай кіеўскіх князёў на Полацкае княства, у якім брала ўдзел дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска». У гэты час горад быў сталіцай удзельнага княства[6].
У 1258 годзе войскі хана Бурундая захапілі і спустошылі Клецак у час іхнай выправы на Наваградзкую зямлю.
У ХIV ст. Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[7]. Пад 1398 годам упамінаецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Клецак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў места свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 годзе — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разьбілі прыхільнікаў Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 году вялікі князь Казімер перадаў места і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.
У 1503 годзе Клецак спалілі крымскія татары. 5 жніўня 1506 году каля места адбылася бітва, у выніку якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Міхалам Глінскім разьбілі татараў. Вялікі князь Аляксандар выдаў Клецку прывілей на адзін кірмаш у год. У 1522—1556 гадох места знаходзілася ў валоданьня вялікай княгіні Боны Сфорца.
У 1550 годзе Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Траецкі (Фарны) касьцёл[8]. На 1552 год у месьце было 137 двароў, дзеялі 4 царквы, манастыр і касьцёл. У 1553 годзе тут пачаў дзеяць адзін зь першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 гадох служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў месту прывілей на 2 штогадовыя кірмашы. У 1586 годзе ўтварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. На 1626 год у месьце было 448 двароў, пад 1641 годам упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.
27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Клецку Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі княская карона, пад якой паляўнічы рог»[9]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецак. Насельніцтва места скарацілася ўдвая[10]. У 1683 годзе маршалак вялікі Станіслаў Казімер Радзівіл заснаваў тут дамініканскі кляштар. У гэты час у месьце было 217 двароў, дзеялі драўляныя цэрквы Ўшэсьця і Ўваскрасеньня, працавалі 3 рамесныя цэхі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе швэдзкі аддзел разьбіў пад Клецкам расейскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў месту прывілей на 2 кірмашы штогод. На 1713 год тут было 152 двары.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Случарэцкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое стала вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 годзе ў Клецку збудавалі харальную сынагогу. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) — ґвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). 3 траўня 1917 году местачкоўцы ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[11].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Клецак занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Клецак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[12]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Клецак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясьвіскім павеце. У 1924—1931 гадох у месьце працавала беларуская гімназія.
У 1939 годзе Клецак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 — да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 кастрычніка 1941 году нацысты расстралялі каля 4 тысячаў жыдоў. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Фарны касьцёл, помнік архітэктуры рэнэсансу.
29 лістапада 1999 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Клецку[13]. 11 лістапада 2008 году з ініцыятывы мясцовага сьвятара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII ст., колішні касьцёл дамініканаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што ёсьць грубым парушэньнем дзейнага заканадаўства[14]. Нягледзячы на звароты грамадзкасьці ў пракуратуру[15], неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 сьнежня 2008 году ў Клецку адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы.
У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы і селькагаспадарчы прафэсійны ліцэй.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Цаперская вуліца | |
Гагарына вуліца | Віленская вуліца Замкавая вуліца Слонімская вуліца | Жыдоўская вуліца |
Кітчанкі вуліца | Слабадзкая вуліца | |
Леніна вуліца | Нясьвіская вуліца Заранская вуліца (перапіс 1874 г.[22]) | |
Маякоўскага плошча | Рынак пляц | |
Мечнікава вуліца | Закасьцельная вуліца | |
Першамайская вуліца | Пінская вуліца Краснастаўская вуліца Радзівілімонтаўская вуліца | Бабаеўская вуліца |
Талстога вуліца | Татарская вуліца[23] |
З усёй урбананімічнай спадчыны Клецку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Панкратаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Сялянская вуліца, Радзівілімонтаўскі і Сіняўскі тракты[24].
Прадпрыемствы харчовай (малочная, масласыраробная, кансэрвавая, камбікормавая), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Клецку |
---|
|
Дзее Клецкі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Клецак».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.