Язэп Драздовіч

беларускі маляр, графік, скульптар From Wikipedia, the free encyclopedia

Язэп Драздовіч

Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (13 кастрычніка 1888, засьценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці — 15 верасьня 1954, мястэчка Падсьвільле) — беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя. Псэўданімы: Язэп Нарцызаў, Язэп Народнік, Язэп Забыты.

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...
Закрыць

Біяграфія

Дзяцінства й маладосьць

Thumb
Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана зьмяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага маляваньня і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, плянаваў выехаць па заробкі за мяжу.

Творчае станаўленьне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае сэрыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай», кнігу Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» у 1914 годзе..

У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска. Пасьля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фэльчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусьветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасьля сямімесячнага адпачынку з адведваньнем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.

Пасьля рэвалюцыі

Thumb
Язэп Драздовіч на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, 1921 год

У 1917 годзе, пасьля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісьце да Антона Грыневіча Драздовіч выказаў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар.

У 1919 годзе, пасьля стварэньня БССР, Драздовіч прыехаў у Менск. У гэты час ён стаў настаўнікам маляваньня ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва і Беларускім дзяржаўным тэатры[2], арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка». У Менску Драздовіч стварыў сэрыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў гораду — Замчышча, Верхняга Гораду, Татарскага прадмесьця. Дасьледаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры.

1920-я гады

Thumb
Віленская беларуская гімназія. Мастацкая майстроўня. Зь левага боку сядзіць Язэп Драздовіч. 1927 год

Пасьля падпісаньня ў 1921 годзе Рыскай дамовы, паводле каторай Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асьветніцкую дзейнасьць. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была зачыненая польскай адміністрацыяй.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасьцю. Бярэцца за напісаньне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадзкасьцю аповесьць Драздовіча «Вялікая шышка».

Thumb
Аўтабіяграфія. На досьледах старажытных гарадзішчаў. 1930-47

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў зь Віленскім беларускім музэем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўненьня экспазыцыі музэю ён займаўся раскопамі гарадзішчаў, зьбіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялянаў. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспэдыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, зьявіліся ёмістыя альбомы графікі, якія зьяўляюцца непаўторнай зьявай у беларускім мастацтве.

У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляваньне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашкавіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 году Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч, Мікола Васілеўскі, Раман Семашкевіч.[3]

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 году — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).

На пачатку 1930-х Драздовіч непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спэктаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы каапэратыўнага выдавецтва «Сяўба».

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленьне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорыяў, у прыватнасьці, аб паходжаньні плянэт Сонечнай сыстэмы і вярчэньні Зямлі. Выданьне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма сэрыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

Дзісенскі пэрыяд

Thumb
Аўтапартрэт, 1943 год

У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстантына. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасьць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва зь Беларускім музэем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам зь Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.

Пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за нястачы настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляваньне і гісторыю. Пэдагагічная дзейнасьць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым ня менш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасьць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Пасьля заканчэньня вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялянаў. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалёгіі і культуры ставіліся да творчасьці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны росьпіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч ніколі ня быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезьлі ў Падсьвільскі шпіталь, дзе празь некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка.

Творчасьць

Thumb
«Вечны вандроўнік», помнік Язэпу Драздовічу

Аўтар жывапісных і графічных работаў на гістарычныя тэмы: «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брамка будучыні» і іншых. У 1910—1920 гадах стварыў графічныя сэрыі «Старажытная будоўля на Беларусі», асобныя лісты «Менск. Высокае Места», «Месца ўпадзеньня Нямігі ў Сьвіслач», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, асобныя лісты: «Пажар гарадзішча», «Пажар у замку» і іншыя, жывапісныя эцюды. Напісаў жывапісныя палотны з жыцьця старажытнай Полаччыны, а таксама карціны, прысьвечаныя Францішку Скарыну. Працаваў як скульптар: бюст Францішка Скарыны; барэльефы: партрэт маці паэта Міхася Машары, фальклярыста Антона Грыневіча, журналіста, айца А. Пачопкі. Запісваў фальклёр, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексыку. Дасьледаваў у Менску рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры. Супрацоўнічаў з Іванам і Антонам Луцкевічамі, заснавальнікамі Беларускага музэю ў Вільні, у які дасылаў матэрыялы, знойдзеныя ў час раскопак у Наваградку.

Ушанаваньне памяці

Thumb
Язэп Драздовіч. Марка Белпошты (1994)

У гады савецкай улады творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленьнямі аб мастацтве. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасьць дзякуючы пісьменьніку Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Драздовіча.

У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў менскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Воршы, Маладэчне, Наваградку, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Ліплянах.[4] На магіле ў вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну пастаўленая стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка, помнік Язэпу Драздовічу скульптара Ігара Голубева ўпрыгожвае Траецкае прадмесьце Менску.

Язэп Драздовіч працаваў у Глыбокім у гімназіі настаўнікам маляваньня. Бюст Язэпу Драздовічу пастаўлены на алеі славутых землякоў на гістарычным Рынку. Памятную шыльду, якую вырабіў Аляксандар Тухто, усталявалі на доме № 111 па вуліцы Генрыка Сянкевіча (сучасная вуліца Максіма Горкага).[5]

Творы Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музэі Летувы, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музэі, у Музэі старажытнай беларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музэі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных мухэях Беларусі і ў прыватных калекцыях. У Германавічах, на малой радзіме мастака, дзякуючы намаганьням мясцовых жыхароў існуе грамадзкі «Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча», у якім экспануецца вялікая колькасьць твораў мастака.

Навукова-практычная канфэрэнцыя «Язэп Драздовіч. Асоба. Творчасьць» адбылася ў Віцебску 20 — 22 траўня 1993 году.[6] Навукова-краязнаўчая канфэрэнцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча» была праведзеная ў красавіку 2013 году ў Маладэчне.[7][8][9]

29 лістапада 2019 году ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску адкрыўся новы разьдзел пастаяннай экспазыцыі — «Сусьвет Язэпа Драздовіча» і віртуальны архіў-музэй Язэпа Драздовіча[10][11].

Выставы

  • 1925 — Менск. «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава». №№ 242—244. «Алегарычная кампазыцыя з цыклю Рэвалюцыя» — Алей. (Уласнасьць Б. І. Эпімах-Шыпілы).[12]
  • 1927 — Вільня. Вучнёўская выстаўка малюнкаў у Беларускай гімназіі.
25 чэрвеня ў залі Беларускае Гімназіі ў Вільні адчынена беларуская вучнёўская выстаўка малюнкаў. Скончыцца выстаўка 5-га ліпеня. На выстаўцы ёсьць абразы вучнеў Віленскай і Радашкоўскай Беларускай Гімназіі ды апрача таго мастака Язэпа Драздовіча, каторы быў ініцыятарам і арганізатарам выстаўкі. Гэткія вучні далі свае малюнкі: А. Быхавец, М. Васілеўскі, С. Жураўлёў, Я. Казлоўскі, Л. Маргайлік, М. Сеўба, С. Сьлізьняк, В. Сідарэвіч, Я. Хвораст і М. Якімец. З паміж абразоў Драздовічавых асаблівую ўвагу на сябе зварочуюць рысункі пяром[13].
  • 1928 — Менск, красавік—травень. Першая Ўсебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і замалёвак. 100 замалёвак «Начыньне і прылады».[14]
  • 1932 — Вільня. травень. Выстава Таварыства Незалежных Артыстаў. «Вароты ідэалаў», алей.[15]
  • 1979 — Менск. Палац Мастацтваў.
  • 1993 ― Віцебск, травень ― ліпень. «Летуценьні Язэпа Драздовіча».[6]
  • 1993 — Менск. Язэп Драздовіч 1888―1954. «Шлях да сваёй зоркі…»[16]
  • 1998 — Менск. Да 110-годзьдзя з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча. Палац Мастацтваў і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.[17]
  • 1999 — Заслаўе. «Зямля й космас Язэпа Драздовіча».[18]
  • 2008 — Менск. Да 120-годзьдзя з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча.[19]
  • 2009 ― Віцебск, лістапад. «Язэп Драздовіч: Прыйдзе час…»[20]
  • 2010 ― Лепель, 20 лютага ― 20 сакавіка 2010 году. Выстава «Язэп Драздовіч ― легенда зямлі беларускай» у Лепельскім краязнаўчым музэі.
  • 2018 — Менск. 1 чэрвеня ― 30 лістапада. Выстава «Сусьвет Язэпа Драздовіча» у Нацыянальным мастацкім музэі з калекцый шасьці беларускіх музэяў і прысьвечана 130-годзьдзю з дня нараджэньня мастака. Жывапіс, скульптура, маляванкі, графіка. Гэтая выстава таксама была прысьвечана аднаму зь першых дасьледчыкаў творчасьці Язэпа Драздовіча — Арсенію Лісу (1934—2018), які ў 1984 годзе напісаў кнігу пра мастака «Вечны вандроўнік».[21][22]

Фільмаграфія

Бібліяграфія

Творы

  • Язэп Драздовіч. «Марсіянскія хронікі Язэпа Драздовіча» = Жыцьцё на Марсе. (Урыўкі з рукапіснай кнігі) // Новы час: «Літаратурная Беларусь» № 9 (121) : газэта. — Менск: «Час навінаў», 23 верасьня 2016. — № 36 (501). — С. 12, 13.
  • Фальклорныя скарбы Язэпа Драздовіча. / Падрыхтаваў да друку Вячаслаў Мартысюк. Прадмова Арсеня Ліса // Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаваньні. : Зборнік навуковых прац. — Мінск: «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2016. — В. 3. — С. 285—353.
  • Язэп Драздовіч. Касмічная адысея Язэпа Драздовіча: малавядомыя тэксты. (Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча). Падрыхтоўка публікацыі і прадмова Ліі Кісялёвай // Дзеяслоў : часопіс. — 2018, 26 лістапада. — № 95. — С. 179—193.
  • Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы. Зьмест: 1. Беларуска-руская тэрміналогія па анатоміі і фізіялогіі цела чалавека; 2. Тэмытычныя словазборы: падрыхтоўчы матэрыял для беларускага слоўніка; 3. Батанічны слоўнік вёскі Рымкі Я. Драздовіча / У. Павалковіча (?); 4. Беларускі слоўнік; 5. Краёвы слоўнік Піншчыны; 6. Пінскія словазборы; 7. Пінскія падрыхтовачныя матэрыялы; 8. Краёвы слоўнік Дзісеншчыны; 9. Этнаграфічныя малюнкі; 10. Гукаперайманні і выклічнікі; 11. Устойлівыя адзінкі Дзісеншчыны; 12. Беларускія народныя песні; 13. Лісты, запісы / Ірына Галуза. — Менск: Беларуская навука, 2022. — 677 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-08-2860-6

Крытыка, рэцэнзіі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.