From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі, НАНБ) — вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Беларусі, ажыцьцяўляе арганізацыю, правядзеньне і каардынацыю фундамэнтальных і прыкладных навуковых дасьледаваньняў і распрацовак па розных кірунках натуральных, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі | |
Абрэвіятура | НАНБ |
---|---|
Папярэднік | Інстытут беларускай культуры |
Дата ўтварэньня | 13 кастрычніка 1928 (96 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | урадавая ўстанова |
Мэта | навуковае забесьпячэньне разьвіцьця дзяржавы[1] |
Штаб-кватэра | Менск, Першамайскі раён, прасп. Незалежнасьці, д. 66 |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Гомель, Горадня, Віцебск |
Сяброўства | 88 акадэмікаў, 128 сябраў-карэспандэнтаў, 4 ганаровыя і 16 замежных сябраў (2018 г.)[2] |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Старшыня | Уладзімер Гусакоў |
1-ы намесьнік | Сяргей Чыжык |
Намесьнікі | Пётар Казакевіч і Аляксандар Сукала |
Галоўны навуковы сакратар | Аляксандар Кільчэўскі |
Асноўныя асобы | Пётар Віцязь (кіраўнік Апарату)[3] |
Кіроўны орган | Прэзыдыюм |
Матчына кампанія | Прэзыдэнт Беларусі |
Зьвязаныя кампаніі | «Аптрон», Маладэчанскі завод парашковай мэталюргіі, Талачынскі кансэрвавы завод |
Бюджэт | 158,539 млн рублёў[4] (2018 г.; $79,269 млн) |
Колькасьць супрацоўнікаў | каля 16 000 (2018 г.)[5] |
Сайт | nasb.gov.by |
Колішняя назва | Беларуская акадэмія навук (да 1936 г.), Акадэмія навук БССР (да 1991 г.), Акадэмія навук Беларусі (да 15 траўня 1997 г.) |
Паводле 1-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, ёсьць некамэрцыйнай арганізацыяй[1]. На 2018 год налічвала каля 16 000 супрацоўнікаў зь сярэднім узростам каля 47 гадоў. Сярод іх было каля 5350 дасьледнікаў (33%), 1619 кандыдатаў навук і 399 дактароў навук, зь іх 491 дацэнт і 220 прафэсараў[5].
Паводле Статуту акадэмія мае права на:
Паводле 2-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, на Акадэмію ўскладаліся наступныя задачы:
Акадэмія мае 7 аддзяленьняў: 1) фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі; 2) фізыка-тэхнічных навук; 3) хіміі ды навук аб Зямлі; 4) біялягічных навук; 5) мэдыцынскіх навук; 6) гуманітарных навук і мастацтваў; 7) аграрных навук.
На 2018 год Апарат Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўлучаў:
Паводле 2-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, «Акадэмія навук аб’ядноўвае ў сваім складзе правадзейных сябраў (акадэмікаў), сябраў-карэспандэнтаў Акадэміі навук, іншых сябраў Агульнага сходу Акадэміі навук, ганаровых і замежных сябраў Акадэміі навук». Згодна з 5-м артыкулам Закону, «Акадэмія навук мае права прысвойваць наступныя навуковыя званьні: правадзейны сябра (акадэмік) Акадэміі навук; сябар-карэспандэнт Акадэміі навук. Прысваеньне акадэмічных навуковых званьняў ажыцьцяўляецца па выніках выбараў, якія праводзяцца ў адпаведнасьці са Статутам Акадэміі навук. Правадзейным сябрам (акадэмікам) і сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук, а таксама пэнсіянэрам, якія маюць згаданыя званьні, усталёўваюцца штомесячныя даплаты за акадэмічныя навуковыя званьні, парадак прызначэньня і памер якіх вызначаюцца заканадаўствам»[1].
Паводле 10-га артыкула Закону, «Сябрамі Акадэміі навук зьяўляюцца правадзейныя сябры (акадэмікі), сябры-карэспандэнты, ганаровыя і замежныя сябры Акадэміі навук. Правадзейнымі сябрамі (акадэмікамі) могуць быць выбраныя вядомыя навукоўцы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разьвіцьцё навукі і ўзбагацілі яе працамі першараднай навуковай значнасьці». Сябрамі-карэспандэнтамі — «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі значны ўклад у разьвіцьцё навукі і ўзбагацілі яе працамі буйной навуковай значнасьці». Ганаровымі сябрамі Акадэміі навук — «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, культуры, адукацыі і дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, якія ўнесьлі значны асабісты ўклад у разьвіцьцё навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць утварэньню і рэалізацыі міжнародных навукова-тэхнічных праектаў. Замежнымі сябрамі Акадэміі навук выбіраюцца замежныя навукоўцы, якія ўнесьлі буйны ўклад у разьвіцьцё сусьветнай навукі. Правадзейныя сябры (акадэмікі) і Сябры-карэспандэнты маюць права на наданьне ім Акадэміяй навук умоваў, патрэбных для правядзеньня навуковых працаў, якія імі асабіста ажыцьцяўляюцца або арганізуюцца і ўхваленыя адпаведным аддзяленьнем Акадэміі навук». Пагатоў «Колькасьць правадзейных сябраў (акадэмікаў) і сябраў-карэспандэнтаў Акадэміі навук усталёўваецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь»[1].
Згодна з Указам прэзыдэнта ад 3 лютага 2003 г. № 56 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі магла ўлучаць да 100 акадэмікаў і 145 сябраў-карэспандэнтаў. На 2018 год Акадэмія навук налічвала 88 акадэмікаў, 128 сябраў-карэспандэнтаў (54%), 4 ганаровыя і 16 замежных сябраў[2]. Ганаровымі сябрамі былі: народны мастак Беларусі Віктар Грамыка (2000), кандыдат філялягічных навук Васіль Зуёнак (2000), касманаўт Пётар Клімук (2017) і Ю.М. Хамід. Замежнымі сябрамі былі:
На 2018 год Нацыянальная акадэмія навук улучала 115 установаў:
Гэтыя ўстановы замацоўваліся за Аддзяленьнямі Акадэміі:
У 2012 годзе навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдалі найменьняў 536 кніг і брашураў, зь іх 178 манаграфіяў агульным накладам звыш 51 000 асобнікаў (287 асобнікаў у сярэднім на манаграфію). Таксама навукоўцы апублікавалі звыш 10 100 навуковых артыкулаў і тэзісаў дакладаў. За 2012 год акадэмічнае выдавецтва «Беларуская навука» выдала каля 250 найменьняў кніг і нумароў часопісаў. На 2015 год Акадэмія навук выдавала звыш 50 навуковых часопісаў, бюлетэняў і (25) зборнікаў. Галоўнымі выданьнямі Акадэміі былі часопісы «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і «Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», якія выдаваліся ў 7 сэрыях: аграрных, біялягічных, гуманітарных, мэдычных, фізыка-матэматычных, фізыка-тэхнічных і хімічных навук. Астатнімі 24 часопісамі былі: «Аграрная эканоміка», «Асоба. Культура. Грамадзтва», «Весьнік Фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў», «Вылічальныя мэтады ў дастасоўнай матэматыцы», «Глебазнаўства і аграхімія», «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні», «Земляробства і ахова расьлінаў», «Інжынэрна-фізычны часопіс», «Інфарматыка», «Літасфэра», «Мэліярацыя», «Матэрыялы. Тэхналёгіі. Інструмэнты», «Мэханіка машынаў, мэханізмаў і матэрыялаў», «Навіны мэдыка-біялягічных навук», «Навука і інавацыі», «Нелінейныя зьявы ў складаных сыстэмах», «Неразбуральны кантроль і дыягностыка», «Працы Інстытута матэматыкі», «Прыродныя рэсурсы», «Харчовая прамысловасьць: навука і тэхналёгіі», «Церце і знос», «Часопіс дастасоўнай спэктраскапіі», «Экалёгія і жывёльны сьвет» і «Эпізааталёгія, імунабіялёгія, фармакалёгія, санітарыя». Сярод 25 зборнікаў навуковых працаў па-беларуску выходзілі 7: «Беларуская дыялекталёгія. Матэрыялы і дасьледаваньні», «Беларуская лінгвістыка», «Беларускі фальклёр. Матэрыялы і дасьледаваньні», «Гістарычна-археалягічны зборнік», «Матэрыялы па археалёгіі Беларусі», «Мэтрыкіяна» і «Пытаньні мастацтвазнаўства, этналёгіі і фалькларыстыкі»[17].
На 2018 год Нацыянальная акадэмія навук прысуджала наступныя ўзнагароды:
30 студзеня 1922 году ў Менску на базе Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР быў заснаваны Інстытут беларускай культуры на чале са Сьцяпанам Некрашэвічам. 13 кастрычніка 1928 году Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР зацьвердзіў Пастанову аб пераўтварэньні Інстытуту беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук (БАН). У сьнежні 1928 году 1-м кіраўніком БАН стаў акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. 1 студзеня 1929 году БАН урачыста адкрылі[21]. На дзень адкрыцьця Акадэмія налічвала 128 супрацоўнікаў, зь іх 87 навуковых[22]. У 1932 годзе ў Акадэміі было 14 інстытутаў. Колькасьць супрацоўнікаў складала каля 400 чалавек. У канцы 1929 — 1930-х гадах па надуманых абвінавачаньнях пад савецкія рэпрэсіі ў Беларусі патрапіла звыш 140 супрацоўнікаў БАН, у тым ліку акадэмікі: Гаўрыла Гарэцкі, Павал Горын-Каляда, Аляксандар Дубах, Мікалай Дурнаво, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Уладзімер Пічэта, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч і Мікола Шчакаціхін. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі 6 чалавек. Гэта адмоўна адбілася на разьвіцьці навукі ў Беларускай ССР. Найбольш пацярпелі гуманітарныя навукі, дзе поруч са зьнішчэньнем грамадазнаўцаў адрынулі распрацаваную імі мэтадалёгію навукі. У 1930—1950-я гады яе месца занялі гнуткія прынцыпы палітычнай практыкі. У 1936 годзе назву БАН зьмянілі на Акадэмія навук БССР. У 1941 годзе засталося 12 навукова-дасьледчых установаў, зь іх 9 інстытутаў. На 1 студзеня 1941 году АН БССР налічвала каля 750 супрацоўнікаў. Улетку 1941 году частку навукоўцаў вывезьлі ў Расейскую СФСР. На 1 студзеня 1945 году 8 інстытутаў узнавілі дзейнасьць. Агульная колькасьць супрацоўнікаў Акадэміі склала 360 чалавек[22]. Матэрыяльныя страты ад Нямецка-савецкай вайны перавысілі 300 млн савецкіх рублёў. Да 1950 году аднавілі даваенныя навуковыя ўстановы[21].
У 1951 годзе Акадэмія навук БССР налічвала 29 навукова-дасьледчых установаў, зь іх 16 інстытутаў. Агульная колькасьць супрацоўнікаў дасягнула 1234 чалавек, у тым ліку працавалі 33 акадэмікі, 27 сябраў-карэспандэнтаў, 55 прафэсароў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук[22]. Навукова-тэхнічны пераварот 1960—1980-х гадоў абумовіў стварэньне новых фізыка-матэматычных і тэхнічных установаў Акадэміі навук БССР. У 1972 годзе Яўген Канавалаў адкрыў ультрагукавы капілярны эфэкт[21]. Улетку 1973 году супрацоўнікі КДБ дапыталі каля 100 навукоўцаў Акадэміі па падазрэньні ва ўдзеле ў беларускім патрыятычным падпольлі. У выніку цягам 1974—1975 гадоў пад палітычныя звальненьні з АН БССР патрапіла некалькі сябраў «Акадэмічнага асяродка» беларускіх патрыётаў. Сярод іх былі: мовазнавец Алесь Каўрус, геоляг Віктар Лапуць, мастацтвазнаўцы Сьцяпан Місько і Зянон Пазьняк, літаратуразнаўца Мікола Прашковіч, рэдактар энцыкляпэдыі Валянцін Рабкевіч і гісторык Міхась Чарняўскі[23].
У 1975 годзе Афанасі Ахрэм адкрыў рухомасьць падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэньнях. У 1978 годзе Мікалай Барысевіч адкрыў стабілізаваньне-лябілізаваньне электронна-ўзбуджаных шмататамных малекулаў. У 1980 годзе Фёдар Фёдараў адкрыў бакавы зрух промня пры адбіцьці сьвятла[21]. У галіне мэдыцыны навуковыя адкрыцьці зрабілі Веньямін Вацякоў (1986) і Ўладзімер Улашчык (1991). У галіне біяхіміі — В.А. Лапіна (1991)[22]. На 1 студзеня 1991 году ў Акадэміі працавалі 17 093 чалавек, зь іх: 5967 (35%) навуковых работнікаў, 2557 (15%) кандыдатаў навук, 375 дактароў навук, 96 сябраў-карэспандэнтаў і 55 акадэмікаў. Перабудова 2-й паловы 1980-х і гаспадарчы крызіс пачатку 1990-х гадоў прывялі да зьмяншэньня абсягу дасьледаваньняў. У 1991 годзе АН БССР зьмяніла назву на Акадэмія навук Беларусі. На 1 студзеня 1995 году ў Акадэміі навук Беларусі было 11 218 супрацоўнікаў, зь іх: 4747 (42%) навуковых рабонікаў, 2139 (19%) кандыдатаў навук, 444 дактары навук, 99 сябраў-карэспандэнтаў і 65 акадэмікаў. Кіраваньне ажыцьцяўляў Прэзыдыюм. Налічвалася 6 аддзяленьняў, што задзіночвалі навукова-дасьледчыя ўстановы паводле галінаў навукі: 1) фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі — 7 інстытутаў, аддзел аптычных праблемаў інфарматыкі і Вылічальны цэнтар; 2) фізыка-тэхнічных праблемаў машынабудаваньня і энэргетыкі — 10 інстытутаў, інжынэрны цэнтар «Плязматэг», навукова-тэхнічны цэнтар (НТЦ) «Нетрадыцыйная энэргетыка і энэргезьберажэньне», навуковы цэнтар праблемаў мэханікі машынаў і аддзел праблемаў рэсурсазьберажэньня; 3) хімічных і геалягічных навук — 5 інстытутаў, НТЦ «Экасьвет» і хіміка-тэхналягічны цэнтар; 4) біялягічных навук — 7 інстытутаў і Цэнтральны батанічны сад (Менск); 5) гуманітарных навук — 7 інстытутаў і аддзел навуковай інфармацыі; 6) праблемаў мэдыцыны — 2 інстытуты[21].
На 1996 год досьледна-канструктарская база Акадэміі навук Беларусі ўлучала: Цэнтральнае канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленьне з досьледнымі вытворчасьцямі, 12 спэцыялізаваных канструктарскіх бюро з вытворчасьцямі пры інстытутах. У складзе Акадэміі працавалі выдавецка-палігіфічнае вытворчае аб’яднаньне «Беларуская навука», Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Цэнтральны навуковы архіў і Музэй старажытнабеларускай культуры. Акадэмія выпускала штогоднік «Даклады Акадэміі навук Беларусі», 5 сэрыяў часопісу «Весьці Акадэміі навук Беларусі», часопіс «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні», «Інжынэрна-фізычны часопіс», «Часопіс дастасоўнай спрэктраскапіі», часопіс «Церце і знос» і газэту «Навіны Акадэміі навук Беларусі»[21].
15 траўня 1997 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 281 «Аб Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі», паводле якой зьмяніў назву Акадэміі. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7, паводле якога ўлучыў у склад НАН Беларусі: Беларускі рэспубліканскі фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў і 2 Беларускія дзяржаўныя навукова-вытворчыя канцэрны — 1) міжгаліновага машына- і прыборабудаваньня, 2) парашковай мэталюргіі[22]. Таксама паводле Дэкрэту № 7, у 2002 годзе Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь была ўключаная ў склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, утварыўшы аддзяленьне аграрных навук[16]. У 2003—2007 гадах зь Інстытуту гісторыі НАН Беларусі паводле палітычнага матыву звольнілі гісторыкаў, якія дасьледавалі сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і ўтварылі Аб’яднаньне незалежных гісторыкаў. У прыватнасьці пад звальненьні патрапілі: Ніна Стужынская, Тацяна Процька, Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Сяргей Тарасаў і Яўген Анішчанка[24].
У 2010 годзе каштарыс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі склаў 312 млрд рублёў[25] ($104 млн[26]). На кастрычнік 2012 году ў Акадэміі навук Беларусі працавала больш за 16 тысячаў дасьледнікаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага пэрсаналу. Сярод іх больш за 2500 дактароў і кандыдатаў навук[27]. На жнівень 2013 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела ў падпарадкаваньні звыш 120 вытворчых, грамадзкіх і навуковых установаў. З агульнага ліку звыш 18 000 супрацоўнікаў траціну (6000) складалі дасьледнікі[28].
Будынак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Менску — помнік архітэктуры міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Ёсіфа Лянгбарда.
У 1935 годзе Лянгбарду даручаюць дапрацаваць распрацаваны Лаўровым праект Акадэміі навук. Дагэтуль ўжо былі пачатыя працы па будаўніцтве двух асобных будынкаў галоўнага корпусу. Апошнія Лянгбард злучыў агульным вэстыбюлем і вонкавай падвоенай калянадаю. Будаўніцтва было скончанае ў 1939 годзе. У будынку зьмясьціўся Прэзыдыюм і архіў Акадэміі навук, інстытуты эканомікі, гісторыі, літаратуры і мовы.
У часе нямецкай акупацыі ў гмаху была разьмешчаная буйная вайсковая частка вэрмахту. З навуковага абсталяваньня і бібліятэкі нічога не было эвакуяванае і было зьнішчанае.
Зь вяртаньнем у Менск савецкай улады пачалося аднаўленьне збудаваньня, якое скончылася ў 1949 годзе.
Беларускі палітык і мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк крытыкуе Нацыянальную акадэмію навук Беларусі за стварэньне бюракратычнай вэртыкалі, падпарадкаванай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, ліквідацыю шэрагу навукова-дасьледчых інстытутаў (у прыватнасьці навукова-дасьледчага Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы), асяродкаў, дасьледніцкіх тэмаў і кірункаў, скасаваньне акадэмічнай аўтаноміі, выбарнасьці, самастойнасьці інстытутаў[30]. Беларускі мовазнаўца Юрась Пацюпа крытыкуе моўныя прадукты НАНБ (асабліва тэрміналягічныя слоўнікі) за наўмыснае зьнішчэньне беларускай мовы шляхам яе зьбядненьня і набліжэньня да расейскай мовы[31], тым часам мовазнаўца Зьміцер Саўка ў якасьці пацьверджаньня ня надта якаснай працы ўстановы прыводзіць той факт, што ў слоўніках, якія выдавала НАНБ, фіксуюцца чатыры варыянты напісаньня назвы места Яганэсбургу[32]. Беларускі гісторык Аляксандар Краўцэвіч паказвае на тое, што выдадзеныя НАНБ гістарычныя энцыкляпэдыі ў значнай ступені — прафанацыя навукі. У іх можна сустрэць шматлікія спрэчныя сьцьвярджэньні, недакладнасьці і памылкі[33].
Таксама мовазнаўцы крытыкуюць Нацыянальную акадэмію навук Беларусі за звод правілаў беларускай мовы, зацьверджаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 году. У 1999 годзе Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі разаслаў на катэдры беларускай мовы ў ВНУ Беларусі праект правапісу Аляксандра Падлужнага. 19 лістапада 1999 году дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ Алесь Каўрус запярэчыў зацьвярджэньню праекту Падлужнага ў артыкуле «Які ён, «новы правапіс?», які выйшаў у газэце «Літаратура і мастацтва»[34]. У сакавіку 2000 году прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Павал Сьцяцко ацаніў разьдзел «Правапіс марфэм» наступнай высновай: «Тут нямала штучнага, што замацоўвае разнамоўную трасянку»[35]. 22 сьнежня 2001 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў праект Падлужнага з улікам заўвагаў і прапановаў мовазнаўцаў ВНУ Беларусі. Увесну 2004 году зьявіўся 3-і і апошні праект Падлужнага, які ў 2005 годзе падтрымаў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. У 2006 годзе працоўная група Мінадукацыі на чале з дарадцам міністра Віктарам Іўчанкавым выкрасьліла з праекту раскрытыкаваны Сьцяцком разьдзел «Асабовыя ўласныя імёны і прозьвішчы». 28 жніўня 2006 году кіраўнік Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Лукашанец у адказ на пытаньне «Ці змогуць выходзіць газэты, часопісы ці кнігі на клясычным правапісе?» заявіў: «Калі б гэта залежала ад мяне, то я б забараніў ужываньне такога правапісу»[36]. 23 ліпеня 2008 году А. Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» № 420-З, які набыў моц 1 верасьня 2010 году. Паводле 2-га артыкула Закона, «Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай артаграфіі і пунктуацыі, зацьверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сфэрах і выпадках выкарыстаньня пісьмовай беларускай мовы»[37]. У выніку 4 сьнежня 2008 году газэта «Наша ніва», якая дагэтуль выходзіла клясычным правапісам, вымушана перайшла на наркамаўку, каб працягваць выдавацца ў Беларусі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.