беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, пэдагог From Wikipedia, the free encyclopedia
Міко́ла Шчакаці́хін (Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін; 13 кастрычніка 1896—1940) — беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, пэдагог. «Бацька» беларускага мастацтвазнаўства.
Мікола Шчакаціхін | |
Дата нараджэньня | 13 кастрычніка 1896 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1 красавіка 1940 (43 гады) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | сухоты |
Месца вучобы | |
Занятак | мастацтвазнавец, гісторык, настаўнік, тэарэтык мастацтва |
Навуковая сфэра | мастацтвазнаўства |
Месца працы | |
Вядомы як | Аўтар канцэпцыі разьвіцьця беларускага мастацтвазнаўства |
Навуковая ступень | доктар мастацтвазнаўства[d] |
Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Зь дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазьней вывучыў яшчэ некалькі (паводле розных зьвестак, ведаў 12 моваў).
У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце. Працаваў у Расеі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе пераводзіцца ў Харкаў, дзе парацуе адначасова навуковым супрацоўнікам музэю, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і чальцом рэпэртуарнай камісіі пры навукова-тэарытычным аддзяленьні Наркамасьветы Ўкраіны. Зьяўляўся чальцом праўленьня Ўсеўкраінскага Саюзу пісьменьнікаў.
У 1921 годзе пераяжджае ў Менск. З 1922 году працуе асыстэнтам катэдры гісторыі мастацтва БДУ, распрацоўвае і выкладае курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званьне дацэнта. Адначасова з 1925 году працуе ў Інбелкульце ў якасьці навуковага сакратара Сэкцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактара выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварае Камісію гісторыі мастацтва, у якой зьбірае менскіх і пэрэфэрыйных, пераважна, віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў.
18 ліпеня 1930 году арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 годзе сасланы на 5 гадоў у Башкірыю. У Белябеі яму давялося працаваць статыстам, плянавіком у райспажыўсаюзе, затым у яго атрымалася ўладкавацца на выкладчыцкую працу. Абсалютна пазбаўлены матэрыялу для навуковай працы, ён працягваў навуковыя досьледы далёка, не пакідаў надзеі вярнуцца да навуковай працы ў Беларусі.
У лісьце да Ўладзімера Пічэты ён з адчаем піша: «Я ня мару цяпер ні аб чым больш, не імкнуся ў буйныя цэнтры; мяне задаволіла б самая маленькая, самая сьціплая навуковая работа дзе заўгодна ў правінцыі, — хоць самым малодшым супрацоўнікам; гатоў хоць зноў пачынаць навуковую кар’еру з асыстэнта, як 17 гадоў назад — абы толькі зноў мець магчымасьць цалкам аддацца любімай навуковай прцы. Я яшчэ не стары — мне толькі сорак два гады».
У 1937 годзе сталінскія ўлады прысуджаюць яму яшчэ адзін тэрмін. У 1940 годзе Мікола Шчакаціхін памірае ў Белябеі ад сухотаў, якія ён набыў пасьля чарговага «прафілактычнага» арышту да чарговага камуністычнага сьвята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Сфэра навуковых інтарэсаў Шчакаціхіна была надзвычай шырокай. Найперш ён займаўся вывучэньнем беларускай архітэктуры ХІ—ХІХ стагодзьдзяў: сакральнай і абарончай. Шмат высілкаў ахвяраваў дасьледваньню беларускай гатычнай архітэктуры, у тым ліку мураваных замкаў ВКЛ далюблінскага часу. Пачаў распрацоўку пытаньня абарончай храмавай архітэктуры ў ВКЛ. Акрамя архітэктуры дасьледваў выяўленчае мастацтва, ў тым ліку жывапіс полацкіх храмаў XVII—XVIII стагодзьдзяў, старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Ф. Скарыны. Засваеньне нацыянальных мастацкіх традыцый Шчакаціхін бачыць перадумовай пасьпяховага разьвіцьця сучаснай яму творчасьці, на падставе практыкі асобных творцаў арыентуе моладзь на стварэньне нацыянальнай мастацкай школы.
Акрамя прыкладных праблемаў займаўся распрацоўкай канцэпцыі беларускага мастацтва, асноўных яго кірункаў і пэрыядызацыю. Увёў ва ўжытак паняткі «беларускае адраджэньне», «беларуская готыка», «беларускае барока». Уздымае пытаньне пра неабходнасьць стварэньня ў Беларусі вышэйшай мастацкай школы (акадэміі), рупіцца аб згуртаваньні творчых сілаў ва Ўсебеларускую мастацкую асацыяцыю. Дзейсна ўдзельнічаў у арганізацыі і афармленьні музэйных збораў у Беларусі. У 1926 годзе выступае як адзін з арганізатараў 1-й Усебеларускай мастацкай выставы: складае каталёгі, робіць крытычныя агляды паказаных твораў.
Сваю асноўную задачу, так бы мовіць звышзадачу, дасьледчык бачыў у стварэньні цэласнай гісторыі разьвіцьця мастацкай думкі, мастацкіх формаў у Беларусі. У 1928 годзе выйшаў першы том ягонай кнігі «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва», дзе ён паспрабаваў абагульніць свае напрацоўкі беларускім мастацтве. За першым томам мусілі выйсьці наступныя чатыры. Гэтаму, аднак, перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі.
У 1930-я гады да працы былі падрыхтаваны рукапісы «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI—XVII ст.», якія захоўваюцца цяпер у Эрмітажы. Іншыя працы ў рукапісным варыянце ня выяўлены.
У 1968 годзе Арсень Ліс напісаў і выдаў біяграфічную кнігу «Мікола Шчакаціхін», якая стала першым крокам па вяртаньні памяці аб выдатнейшым беларускім навукоўцы. У 1993 годзе 1-ы том «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» з ініцыятывы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны быў перавыдадзены.
1925
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.