From Wikipedia, the free encyclopedia
Сярге́й Мікала́евіч Вышале́скі (1 лістапада [ст. ст. 20 кастрычніка] 1874, Обаль, цяпер у Віцебскай вобласьці, Беларусь — 14 студзеня 1958, Масква, СССР) — савецкі эпізаатоляг, акадэмік АН БССР (1928), заслужаны дзяяч навукі РСФСР (1940).
Сяргей Мікалаевіч Вышалескі | |||||||
Дата нараджэньня | 20 кастрычніка (1 лістапада) 1874 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Обаль, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя | ||||||
Дата сьмерці | 14 студзеня 1958 (83 гады) | ||||||
Месца сьмерці | Масква, СССР | ||||||
Месца пахаваньня | |||||||
Месца вучобы | Варшаўскі вэтэрынарны інстытут | ||||||
Занятак | навуковец | ||||||
Навуковая сфэра | Эпізааталёгія | ||||||
Навуковая ступень | доктар вэтэрынарных навук[d] | ||||||
Узнагароды |
| ||||||
Нарадзіўся ў мястэчку Обаль Віцебскай губэрні, скончыў Бранскую гімназію, Віцебскую духоўную сэмінарыю. Паступіў у Варшаўскі ветэрынарны інстытут, адкуль за ўдзел у студэнцкіх рэвалюцыйных выступленьнях быў выключаны з апошняга курсу і высланы ў Бранск[1]. Толькі ў самым канцы навучальнага 1899 году ён атрымаў дазвол здаваць экзамэны экстэрнам. Скончыўшы інстытут, працаваў вэтэрынарным урачом Чэрыкаўскага, Лепельскага, Невельскага паветаў, прымаў удзел у ліквідацыі чумы буйное рагатае жывёлы ў Азэрбайджане.
У 1903—1906 гадах Вышалескі працаваў павятовым вэтэрынарным урачом у Невелі, у 1906—1914 гг. у Пецярбурскай вэтэрынарнай бактэрыялягічнай лябараторыі пры МУС. У 1906—1910 гг. удзельнічаў у ліквідацыі ўспышак сыбірскай язвы ў шматлікіх губэрнях Расейскай імпэрыі. У 1910—1913 гг. прайшоў стажаваньне ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень доктара вэтэрынарнай мэдыцыны.
З 1914 па 1917 гг. працаваў у вёсцы Вусьць-Цыльма Архангельскай губэрні, дзе займаўся вывучэньнем хвароб паўночных аленяў. У 1919—1921 гг. — у вэтэрынарных лябараторыях у Кіеве і Стаўрапалі, затым дацэнтам у сельгасінстытуце. З 1922 па 1928 гг. у інстытуце экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (ВІЭВ) у Маскве Вышалескі вывучаў сухоты, сап і іншыя асабліва небясьпечныя інфэкцыі, а ў 1924 годзе стаў прафэсарам эпізааталёгіі Маскоўскага вэтэрынарнага інстытуту. У 1926 годзе знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Нямеччыне і Даніі. У 1927 годзе Вышалескі быў прызначаны дырэктарам ВІЭВ, а ў 1928—1930 гг. быў дырэктарам вэтэрынарна-бактэрыялягічнага інстытуту ў Віцебску і загадчыкам катэдры ў вэтэрынарным інстытуце.
Быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук БССР. У 1931—1933 гг. працаваў у Алма-Атынскім, пасьля ў Маскоўскім навукова-дасьледчым вэтэрынарным інстытуце (1933—1934), з 1934 году загадваў катэдрай эпізааталёгіі Маскоўскага завэтэрынарнага інстытуту і Ваенна-вэтэрынарнай акадэміі Чырвонай Арміі (з 1948 году — Маскоўская вэтэрынарная акадэмія).
С. М. Вышалескі распрацаваў мэтодыку прыгатаваньня сыбіраязвавых вакцынаў на агары, абгрунтаваў і ўкараніў мэтад камбінацыйных прывівак супраць сыбірскай язвы і прапанаваў мэтодыку вакцынаваньня супраць яе паўночных аленяў, высьветліў этыялёгію чумы аленяў, што зрабіла магчымай барацьбу зь ёй, распрацаваў мэтады дыягностыкі і барацьбы з такімі хваробамі, як сухоты, чума і павальнае запаленьне лёгкіх буйное рагатае жывёлы, чума і рожа сьвіняў, колібактэрыёз і парагаручка цялятаў. Разам з Бучневым адкрыў узбуджальніка інфэкцыйнага энцэфаламіяліту коней. Ягоныя працы па вывучэньні сапу коней сталі грунтам для зладжаньня ў СССР мерапрыемстваў па ягонай ліквідацыі. Вышалескі прапанаваў алергічны мэтад дыягностыкі бруцалёзу буйное рагатае жывёлы і комплекс вэтэрынарна-санітарных мерапрыемстваў супраць яго.
Ён апублікаваў блізу 100 навуковых працаў, у тым ліку 2 манаграфіі. Упершыню ў СССР падрыхтаваў падручнік і дапаможнік па эпізааталёгіі.
Сталінская прэмія (1941) за падручнік «Прыватная эпізааталёгія»[2]. Ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сьцягу, «Знак Пашаны», мэдалі.
У 1940 годзе уганараваны званьня Заслужаны дзяяч навукі СССР, у 1956 г. абраны ганаровым чальцом Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна (УАСГНІЛ).
Імем С. М. Вышалескага названая адна з вуліцаў Менску ў мікрараёне Чырвоны Бор, а таксама ў мястэчку Обаль Шумілінскага раёну.
Ягонае імя носіць таксама Рэспубліканскае навукова-дасьледчае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут экспэрымэнтальнае вэтэрынарыі імя С. М. Вышалескага» НАН Беларусі.
У 1974 г. УАСГНІЛ заснавала залаты мэдаль імя С. М. Вышалескага за выдатныя работы ў галіне агульнай і частковай эпізааталёгіі[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.