нацыянальная мова беларусаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́ская мо́ва (гістарычныя назвы — літоўская, руская) — нацыянальная мова беларусаў, якая ў XXI стагодзьдзі стала адною з загрожаных[3][4][5][6] сярод моваў ўсходняе[lower-alpha 1] групы славянскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў праз абмаскальваньне Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі.
Беларуская мова лац. Biełaruskaja mova | |
Ужываецца ў | Беларусі, Польшчы й 14 іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Усходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | Беларусь: 5,058 млн (2009)[1] |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Славянскія |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Беларусі |
Дапаможная мова ў | 5 гмінах Падляскага ваяводзтва Польшчы, Чэхіі[2] |
Рэгулюецца | Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь |
Статус: | уразьлівая |
Пісьмо | беларускі альфабэт, беларуская лацінка, беларускі арабскі альфабэт |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | be |
ISO 639-2(Б) | bel |
ISO 639-2(Т) | bel |
ISO 639-3 | bel |
SIL | BEL |
Выкарыстоўваецца ў Беларусі, сумежных дзяржавах і беларускай дыяспары. Дзяржаўная мова Беларусі. У 2001 годзе налічвала прынамсі 6,7 млн носьбітаў[8]. На 2011 год уваходзіла ў 100 найбольш ужывальных з амаль 400 высокаразьвітых пісьмовых літаратурных моваў сьвету[9][10]. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году, большасьць жыхароў краіны (5058,4 тыс. чалавек; 53,2%) вызначыла беларускую мову як родную. Пры гэтым была моваю зносінаў толькі 23% насельніцтва (2227,2 тыс. чалавек)[1]. Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў за 10 гадоў праз расеізацыю болей чым на 20 адсоткавых пунктаў (з 73% да 53%) зьнізілася доля жыхароў, чыя родная мова была беларускаю, на 14 адсоткавых пунктаў (з 37% да 23%) стала менш беларускамоўных[11]. Праз такія перамены ў 2009 годзе Арґанізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі й культуры залічыла беларускую мову да ліку загрожаных[4][5].
Беларуская мова — адна з настаражытнейшых нацыянальных дзяржаўных моваў у Эўропе. Яна была асноўнаю пісьмоваю моваю Вялікага Княства Літоўскага ад самага яго стварэньня ў XIII стагодзьдзі[12] й мела ад пачатку толькі кірылічную азбуку (Статут ВКЛ 1588 году). У часы Рэфармацыі з пашырэньнем асьветы ў эўрапейскім стылі пачалі сустракацца беларускія тэксты, выкананыя лацінскаю графікаю[13]. Вынікам гістарычнага разьвіцьця беларускае мовы стала наяўнасьць двух альфабэтаў: побач з больш пашыранай і афіцыйна прынятаю кірыліцаю таксама ўжываецца традыцыйны беларускі лацінскі альфабэт[14]. У 1990—2000-х гадох фактычна аформілася існаваньне двух правапісаў (шырэй — моўных нормаў): клясычнага беларускага (тарашкевіцы) і наркамаўкі.
Да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, якое ўжо ў ХІІІ стагодзьдзі аб’яднала практычна ўвесь арэал прышлага беларускага этнасу, кожнае ўсходнеславянскае племя адзначалася наяўнасьцю ўласных дыялектаў. З гэтага ж стагодзьдзя на аснове гаворак, што паходзілі ад дыялектаў дрыгавічоў, паўднёва-ўсходніх крывічоў, а таксама часткова радзімічаў і севяранаў пачынае складвацца беларуская мова[15]. Працэс працягваўся цягам XIII—XV стагодзьдзяў у якасьці мовы дзяржаўнага справаводзтва Вялікага Княства Літоўскага[16], якою заставалася да 1696 году.
Сучасная беларуская мова была перабудаваная на аснове народных гаворак старое беларускае мовы, якія захоўваліся ў межах этнічнага пражываньня беларусаў XIX стагодзьдзя. У канцы XVIII стагодзьдзя, у часы падзелаў Рэчы Паспалітае, зьяўляецца вызначаная мяжа паміж старою беларускаю мовай і яе сучасным варыянтам. Да канца XVIII стагодзьдзя старая беларуская мова была па-ранейшаму пашыраная сярод дробнае шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ян Чачот у 1840-х гадох адзначаў, што ягоныя дзяды аддавалі перавагу выкарыстаньню старое беларускае мовы. Паводле зьвестак Аляксандра Пыпіна, беларуская мова шырока ўжывалася ў некаторых рэгіёнах сярод дробнае шляхты й у XIX стагодзьдзі. Народная форма мовы была пашыраная сярод мяшчанаў і сялянаў. Выкладаньне беларускаю моваю праводзілася ў асноўным у школах базылянаў.
Разьвіцьцё беларускае мовы ў XIX стагодзьдзі праходзіла пад моцным уплывам палітычных канфліктаў на тэрыторыі былога ВКЛ, паміж расейскай імпэрскай уладай, якая спрабавала ўмацаваць сваё панаваньне над далучанымі тэрыторыямі, і палянізаванаю шляхтай, якая спрабавала вярнуць стан папярэдне падзелаў. Адным з важных праяваў гэтага канфлікту было змаганьне за ідэалягічны кантроль над сыстэмай адукацыі. Польская й расейская мовы былі ўведзеныя ў якасьці моваў выкладаньняў, але агульны стан адукацыі насельніцтва заставаўся на нізкім роўні да самога развалу Расейскае імпэрыі. Сумарна, у першыя два дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя назіраўся беспрэцэдэнтны росквіт польскае мовы й культуры ў землях былога ВКЛ, у гэтую эпоху жылі й працавалі такія вядомыя «беларусы паводле паходжаньня, але палякі на свой выбар», як Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля. У гэтую эпоху скончылася палянізацыя дробнае шляхты, далейшае скарачэньне галіны ўжываньня сучаснае беларускае мовы, а таксама фальклярызацыі беларускае культуры.
Зь сярэдзіны 1830-х гадоў пачалі зьяўляцца этнаграфічныя працы, якія датычаліся беларускае мовы, збудзіўся такім парадкам інтарэс да вывучэньня мовы. Зьявілася найноўшая беларуская літаратурная традыцыя, якая абапіралася на народную мову. Сярод прадстаўнікоў беларускіх літаратараў таго часу былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі й іншыя. У 1846 годзе этнограф Шпілеўскі падрыхтаваў беларускую граматыку, якая выкарыстоўвала кірылічнае пісьмо, на аснове народных дыялектаў Менскае вобласьці. Тым ня менш, расейская Акадэмія навук адмовілася друкаваць ягоны твор, на той падставе, што ён ня быў падрыхтаваны ў дастатковай навуковай форме. На 1863 год у межах Расейскае імпэрыі беларуская была асноўнаю моваю зносінаў насельніцтва ўсіх 6 губэрняў Паўночна-Заходняга краю (Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Ковенская, Магілёўская й Менская) і Смаленскае губэрні[17].
Ва ўжытак моваў, якія мяжуюць з арэалам беларускае мовы, гістарычна траплялі сынтактычныя, лексычныя, марфалягічныя або фразэалягічныя канструкцыі, першапачаткова ўласьцівыя беларускай мове, у апошнія часы з пашырэньнем у Беларусі часьцяком ґвалтоўнае русіфікацыі і, адпаведна, пашырэньнем выкарыстаньня ў краіне расейскае мовы гэтыя элемэнты засвойваюцца таксама варыянтам расейскае мовы Беларусі. Усе гэтыя моўныя элемэнты абагульняюцца пад тэрмінам беларусізмы.
У 1-й палове 1990-х гадоў усе кодэксы Беларусі выдавалі па-беларуску[18]. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 году, агулам з 8,159 мільёнаў беларусаў у межах Рэспублікі Беларусь назвалі сваёй роднаю моваю беларускую 85,6% (каля 7 мільёнаў чалавек), і 41,3% — мовай, якой яны карыстаюцца дома. Апрача таго, сваёй роднаю моваю прызналі беларускую 67,1% з 395,7 тысячаў палякаў, якія пражываюць у Беларусі, 57,6% зь іх размаўляюць дома па-беларуску, паводле зьвестак перапісу. Да 2012 году ўсе законы Беларусі й дапаўненьні да іх перакладалі й абнародавалі ў ґазэце «Зьвязда» як афіцыйным друкаваным органе Нацыянальнага сходу Беларусі[18].
Умоўным часам пачатку гісторыі сучаснае беларускае літаратурнае мовы лічыцца пачатак XIX стагодзьдзя.
Гісторыя разьвіцьця беларускае мовы ўмоўна падзяляецца на наступныя пэрыяды:
Глядзіце падрабязьней: Узьнікненьне старабеларускай мовы
Глядзіце падрабязьней: Гісторыя старабеларускай мовы
Глядзіце падрабязьней: Гісторыя сучаснай беларускай мовы
На тэрыторыі Беларусі вызначаюць два дыялекты — паўночна-ўсходні й паўднёва-заходні, якія разьдзяляюцца паласою пераходных сярэднебеларускіх гаворак, што палеглі ў аснову літаратурнае мовы пачатку ХХ ст. і большасьці твораў беларускае літаратуры пэрыяду новае гісторыі.
Сярод беларускіх дыялектаў як у межах, так і па-за яе межамі адзначаюцца падляскія дыялекты й тудаўлянскія гаворкі. Адзначаецца існаваньне асаблівага крэалізаванага маўленьня — трасянкі.
У аснове літаратурнае беларускае мовы (ці сучаснае літаратурнае беларускае мовы) ляжаць сярэднебеларускія гаворкі жывое гутарковае беларускае мовы, у якіх сумяшчаюцца асобныя рысы, уласьцівыя для суседніх гаворак паўночна-ўсходняга й паўднёва-заходняга дыялектаў.
Беларуская літаратурная мова прайшла ў сваім разьвіцьці два асноўныя этапы:
З 26 студзеня 1990 году да 14 траўня 1995 году (5 год, 3 месяцы й 19 дзён) беларуская мова была адзінаю дзяржаўнаю моваю Беларусі паводле яе Канстытуцыі[21][22]. Да 23 ліпеня 1998 году (8 год, 5 месяцаў і 28 дзён) заставалася адзінаю дзяржаўнаю паводле Закону аб мовах[23]. Наркамаўка рэгулюецца Законам ад 23 ліпеня 2008 году «Аб Правілах беларускае артаграфіі й пунктуацыі»[24].
У 5 гмінах Падляскага ваяводзтва Польшчы беларуская мова ёсьць дапаможнаю паводле прынятае ў краіне Эўрапейскае хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў: у сельскай гміне Гайнаўка й горадзе, гміне Орля, гміне Чыжы й гміне Нараўка. Дапаможнаю моваю ў Польшчы ёсьць мова меншасьці, якая часткова афіцыйна дапушчаная да ўжываньня побач з афіцыйнаю моваю. Жыхары гміны маюць права зьвяртацца ў органы гміны на дапаможнай мове й пры яўна выказаным жаданьні атрымліваць на ёй жа адказ. Мова можа выкарыстоўвацца ў якасьці дапаможнае толькі ў гмінах, дзе ня менш як 20% жыхароў вызначаюць яе як мову сваёй нацыянальнае меншасьці, і калі гміна занесеная ў Афіцыйны рэестар гмінаў міністрам справаў веравызнаньня й нацыянальных і этнічных меншасьцяў, які ёсьць адказным за яго вядзеньне, на падставе заявы рады гміны[25]. Гмінаў, дзе больш за 20% насельніцтва стасуе сябе да беларусаў, у Польшчы цяпер налічваецца 12[26], але на 2012 год толькі 5 зь іх былі занесеныя ў рэестар гмінаў, дзе выкарыстоўваецца дапаможная мова.
Ва Ўкраіне беларуская мова ёсьць моваю нацыянальнае меншасьці. Яна згадвалася Законе «Аб захадах дзяржаўнае моўнае палітыкі» (2012 год), згодна зь якім пералічаныя ў законе мовы траплялі пад дзеяньне Эўрапейскае хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў, прынятай Украінай[27]. Аднак 28 лютага 2018 году Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў прарасейскі закон Ківалава-Калесьнічэнкі неканстытуцыйным і скасаваў яго[28][29][30], а 25 красавіка 2019 году Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Закон Украіны «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскае мовы як дзяржаўнае», дзе беларуская мова ўжо беспасярэдне не згадваецца.
З 2013 году дапаможны статус беларускай мове нададзены таксама ў Чэхіі, што дазваляе выкарыстоўваць мову ў адукацыі й пры кантактах з уладамі[2].
2 лютага 2017 году набыў моц Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, паводле 69-га артыкула якога беларуская мова стасуецца «да нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў». Згодна з 8-м артыкулам гэтага Кодэксу, 1-м з 30 напрамкаў дзяржаўнае палітыкі ў галіне культуры ёсьць «захаваньне, разьвiцьцё, распаўсюд і папулярызацыя беларускае нацыянальнае культуры й мовы»[31]. Кодэкс аб культуры стаў першым з 25 кодэксаў Беларусі, які абнародавалі толькі на беларускай мове[32]. Зь 2017—2018 навучальнага году Міністэрства адукацыі Беларусі павялічыла лік гадзінаў на вывучэньне беларускае мовы ў 2-й клясе школ незалежна ад мовы навучаньня да ліку гадзінаў на вывучэньне расейскае мовай. У наступным годзе аднолькавы лік гадзінаў увялі ў 3-й клясе, а праз год — у 4-й клясе. Таксама зь 2017—2018 навучальнага году Міністэрства адукацыі прыняло рашэньне аб даданьні беларускае мовы ўва ўсе інструкцыйна-мэтадычныя пісьмы навучальных прадметаў без ранейшага абмежаваньня пісьмамі для настаўніцтва пачатковае школы й беларускае мовы й літаратуры[18].
23 кастрычніка 2017 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 797 «Аб унясеньні зьмяненьня й дапаўненьняў у Палажэньне аб парадку функцыянаваньня інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арґанізацыяў», што набыла моц 1 студзеня 2019 году й увяла абавязковасьць разьмяшчэньня зьвестак на беларускай мове[33]. Паводле Пастановы, у Палажэньне ўводзіўся пункт 7-2, дзе згадвалася: «Прымяненьне расейскае і беларускае мовы ёсьць абавязковым пры разьмяшчэньні на інтэрнэт-сайтах інфармацыі, пазначанай у падпунктах 7.1-7.4, 7.6 пункту 7 гэтага Палажэньня»[34]. У адпаведных падпунктах згадвалася разьмяшчэньне зьвестак: «7.1. аб дзяржаўным органе й арґанізацыі», «7.2. аб працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў», «7.3. аб ажыцьцяўленьні адміністрацыйных працэдураў у дачыненьні юрыдычных асобаў і грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў», «7.4. аб таварах (работах, паслугах), якія вырабляюцца (выконваюцца, аказваюцца) арґанізацыяй», «7.6. аб формах зваротнай сувязі»[35].
На 27 красавіка 2021 году 17 з 25 кодэксаў Беларусі былі даступныя па-беларуску анлайн[36]. На 17 чэрвеня 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла 9 перакладаў кодэксаў Беларусі: Кодэкс аб шлюбе й сям’і, Выбарчы, Грамадзянскі, Жыльлёвы, Працоўны, Водны, Кодэкс аб зямлі, Кодэкс аб нетрах і Кодэкс аб судовым ладзе й статусе судзьдзяў. На той час у Экспэртную раду ўваходзілі прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных ВНУ, а таксама 7 дзяржаўных органаў Беларусі: Адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальнае акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства й праўных дасьледаваньняў і Нацыянальнага цэнтру праўнае інфармацыі[37].
З савецкіх часоў афіцыйна ўжываецца толькі кірылічны беларускі альфабэт. Таксама гістарычна склаўся традыцыйны лацінскі альфабэт, які выкарыстоўваецца часткаю носьбітаў беларускае мовы. Апроч таго, у мінулым татары Вялікага Княства Літоўскага пісалі беларускаю моваю арабскім пісьмом — арабіцаю.
Сучасная беларуская артаграфія будуецца на двух галоўных прынцыпах: фанэтычным і марфалягічным.
У 1990—2000-х гадох фактычна аформілася існаваньне двух правапісаў (шырэй — моўных нормаў): клясычнага беларускага (тарашкевіцы) і наркамаўкі.
Глядзіце таксама: Рэформа беларускага правапісу 1933 году, беларуская фанэтыка
Яшчэ пісар вялікі літоўскі Ўдальрык Радзівіл (1712—1770) выступіў з заклікам да рэформы літоўскае граматыкі (пад якою разумеў старабеларускую) на фанэтычнай аснове, чым засьведчыў называньне беларускае мовы «літоўскаю» ў тагачасным Вялікім Княстве Літоўскім[38]. Паводле вынікаў этнаграфічных дасьледаваньняў у Менскай губэрні, праведзеных у 1886 годзе, сярод беларусаў шырока бытавала азначэньне ўласнае мовы як літоўскае[39]. Паводле зьвестак на 1858 год, на захадзе этнічнае тэрыторыі беларусаў (Гарадзенская губэрня) мясцовыя жыхары таксама называлі беларускую мову літоўскай[40]. Апроч таго, у XV—XIX стагодзьдзях беларускую мову называлі літоўскаю расейцы, украінцы, палякі ды іншыя народы[41].
У 1918 годзе прафэсар славянскіх моваў і літаратураў Бэрлінскага ўнівэрсытэту Аляксандар Брукнэр апублікаваў артыкул «Зь беларускае нівы» (польск. «Z niwy białoruskiej»), дзе падкрэсьліваў, што гістарычная літоўская — гэта беларуская мова, якая была афіцыйнаю моваю Вялікага Княства Літоўскага, што гістарычныя ліцьвіны — гэта беларусы, а гістарычная літоўшчына — гэта беларушчына: «…па-літоўску г. зн. па-беларуску пісаныя ўсе літоўскія акты, хронікі, статуты… …ліцьвін, г. зн. беларус… …літоўшчына, г. зн. беларушчына…»[lower-alpha 2][42]. У працах беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча, які меў ґрунтоўную філялягічную падрыхтоўку й выдаваў у Чыкаґа навуковы часопіс «Litva», літоўская мова — гэта беларуская мова, як і ліцьвін — беларус, а Літва — Беларусь[43]. Гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч, які таксама ўжываў у дачыненьні да беларускае мовы назву літоўская[44], адначасна выкарыстоўваў назву крывіцкая мова[45], а пазьней папулізаваў назву вялікалітоўская мова[46].
У першай палове XIX ст. Адам Міцкевіч называў беларускую мову «рускай або літоўска-рускай», а Ян Чачот выкарыстоўваў назву «славяна-крывіцкая мова»[47]. Назва «крывіцкая мова» актыўна папулізавалася ў навуковым асяродзьдзі ў першай палове XIX ст., што, відаць, мела на мэце замяніць сярод шырокіх масаў насельніцтва ранейшае «ненавуковае» азначэньне мовы беларусаў як літоўскае[48][lower-alpha 3]. Урэшце, калі Іван Насовіч склаў першы ў XIX ст. слоўнік беларускае мовы, з усяго відаць, пад назваю «Слоўнік крывіцкае мовы», то ў 1870 годзе Расейская акадэмія навук бяз згоды аўтара выправіла яго назву на «Слоўнік беларускае гаворкі» (рас. «Словарь белорусского наречия»)[52].
Паводле стандарту ISO 639 беларуская мова мае коды be і bel. Таксама два найбольш пашыраныя правапісы беларускае мовы маюць асобныя моўныя тэгі IETF: be-tarask для клясычнага правапісу й be-1959acad для наркамаўкі паводле кадыфікацыі 1959 году[53].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.