From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэфарма́цыя ў Рэ́чы Паспалі́тай або́двух наро́даў — рэлігійны і грамадзкі рух, які пастуляваў зьмены ў Царкве. Існаваў ад 1520-х да сярэдзіны XVII стагодзьдзя, калі канчаткова перамагла контрарэфармацыя. Рэфармацыя ў РП характарызавалася дынамічным разьвіцьцём у XVI—XVII стагодзьдзях, а пасьля такі самы імклівы заняпад, ажно да поўнай маргіналізацыі і страты ўплыву на пачатку XVIII стагодзьдзя[1]. На думку некаторых дасьледнікаў, у адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў, дзе прыводзіла да ўзмацненьня манархічнай улады, толькі ў Рэчы Паспалітай Рэфармацыя адначасова паслабіла і каралеўскую, і царкоўную ўлады[2].
Рэфармацыя ў РП ад пачатку абмежавалася толькі верхнімі і сярэднімі клясамі грамадзтва, у асноўным у местах паўночнай і заходняй Польшчы, на Келеччыне, Любельшчыне і Жмудзі. Так і не аказала значнага ўплыву на вясковае насельніцтва; выняткам былі толькі мяшканцы заходняга памежжа. У РП амаль не было магунтых пратэктараў, якія б падтрымлівалі гэты рух; магнаты трактавалі зьмену вызнаньня як сваю прыватную справу і як частку «залатой шляхецкай вольнасьці». Толькі на Літве такія магнаты, як Мікалай Радзівіл Чорны і Ян Кішка падтрымалі Рэфармацыю. Становішчу Рыма-каталіцкай царквы сур’ёзнай пагрозы не было.
У Рэчы Паспалітай зьявіліся тры рэфармацыйныя плыні: першым прыйшло лютэранства, сьледам — кальвінізм, а астатнім — г. зв. арыянства, або рух польскіх братоў. Рэфармацыя дала значны ўнёсак у разьвіцьцё польскай мовы, культуры і літаратуры, спрычынілася да ажыўленьня навукі і асьветы праз разьвіцьцё адукацыі і выдавецкай справы. Яе дзеячамі сталі шмат выбітных пісьменьнікаў, тэолягаў і навукоўцаў.
У XVI стагодзьдзі Рэч Паспалітая не была маналітнай па этнічных і рэлігійных прызнаках, аднак рыма-каталіцкая царква мела тут агромністы ўплыў. РП была талерантнаю дзяржавай. Гэтая талеранцыя вынікала з шматрэлігійнасьці і шматкультурнасьці краіны, якую спрадвеку насялялі ў тым ліку жыды і праваслаўныя. Іншаю прычынай была слабая каралеўская ўлада і моцныя пазыцыі магнатэрыі ў сыстэме выбарнай манархіі. Нават каралі, акрамя моцна зьвязаных зь інтарэсамі каталіцтва, такіх як Ян Казімер (езуіт і кардынал), не маглі зьдзяйсьняць масавыя рэпрэсіі супраць іншаверцаў.
Першай на тэрыторыю Рэчы Паспалітай прыйшло лютэранства — прыкладна ў 20-я рокі XVI стагодзьдзя. Яго прыхільнікамі стала ў асноўным нямецкае насельніцтва местаў Каралеўскай Прусіі, Вялікай Польшчы і Сылезіі. Эдыкт Жыгімонта I 1523 року абвяшчаў, што кожны, хто б тыя творы лютэранскія ўводзіў, прадаваў, купляў, чытаў; альбо пастановы Лютэра прапаведваў, бараніў або ўхваляў, акрамя спальваньня ўласна гэтых кніг, ён таксама сьмерцю на вогнішчы і канфіскацыяй усяе ўласнасьці каб быў пакараны[3].
У 1525 князь Януш III забараніў у Мазавецкім княстве вызнаньне і распаўсюд лютэранства пад пагрозай страты жыцьця і ўласнасьці. Гэты эдыкт разам зь іншымі мазавецкімі правамі пацьвердзіў Жыгімонт I Стары па інкарпарацыі Мазовіі ў Велікапольскую правінцыю Кароны Каралеўства Польскага ў 1529 року[4].
Вялікія і важныя эканамічныя цэнтры, такія як Гданьск, Торунь ці Эльблёнг, атрымалі ад караля Жыгімонта II Аўгуста пашырэньне нададзенай ім раней аўтаноміі таксама і на справы веравызнаньня. У пазьнейшыя гады ўсё большую папулярнасьць сярод польскай шляхты набываў кальвінізм, тым болей што прызнаваў за сьвецкімі патронамі вырашальны ўплыў на царкоўныя справы.
Да рэфармацыйнага руху далучылася максымум шостая частка грамадзтва; аднак то была шляхецкая эліта, якая атрымала замежную адукацыю і лідзіравала ў барацьбе выкананьне і забесьпячэньне правоў і ўласнасьці — руху, накіраванага як сярод сьвецкай, так і духоўнай магнатэрыі. Шляхецкая эліта дамагалася ад сьвятароў складваньня падаткаў на абарону дзяржавы, скасаваньня духоўнага суду над сьвецкімі асобамі, ліквідацыі дзесяціны. Посьпехі рэфармацыйных рухаў у Рэчы Паспалітай супалі з разьвіцьцём прывілеяў шляхты, да якіх сталі залічаць таксама права вызнаньня абранай веры. Канчаткова гэтае права было зацьверджана актам Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 року.
Высілкі, накіраваныя на прыцягненьне вернікаў, спрычыніліся да разьвіцьця польскай пісьмовасьці. Першым выдавецкім асяродкам быў Каралявец у Герцагстве Прусія. Тут у 1530 року быў выдадзены перакладзены на польскую мову катэхізіс Лютэра, праз два гады — ягоны вялікі катэхізіс, а ў 1561—1562 выкананы пераклад на польскую некаторых лістоў Лютэра. Толькі ў XVI стагодзьдзі выдадзеныя 16 розных катэхізісаў па-польску. Апрача катэхізісаў, надрукаваныя «Песьні духоўныя і пабожныя», перавыдадзеныя некалькі разоў з 1547 року. Выдадзены ў 1578 «Канцыянал» (лац. cantio — «сьпеў, песьня», зборнік рэлігійных сьпеваў) аўтарства Пятра Артоміюса вытрымаў да 1728 року 12 перавыданьняў. Іншым відам публікацыяў былі Пастылы ([зборы] камэнтар[оў] да Бібліі, Дабравесьця, тлумачэньне пэрыкопы), выдаваныя ад 1557 року. Найважнейшым дасягненьнем пратэстантаў было выданьне Берасьцейскай Бібліі ў 1563 року.
Пад апекай шляхецкіх і магнацкіх пратэктараў паўставалі пратэстанцкія школы, зборы і друкарні. У 1554 у Сломніках адбыўся першы сынод кальвінскай царквы. Тым ня меней, пратэстанцкае асяродзьдзе ня сталася зьяднаным, як гэта адбывалася ў дзяржавах Заходняй Эўропы. Сярод іншых пратэстанцкіх дэнамінацыяў у Польшчы зьявіліся анабаптысты — званыя тады мэнанітамі, а пасьля 1548 у Вялікай Польшчы пачалі зьяўляцца выгнаныя з айчыны чэскія браты.
На тле дагматычных і грамадзянскіх канфліктаў у 1562—1565 дайшло да раздраю сярод прыхільнікаў кальвінізму. Пад уплывам ідэалёгіі італійскіх антытрынітарыяў, галоўным чынам Фаўста Соцына, паўстала царква братоў польскіх (называных праціўнікамі арыянамі), якіх падтрымала значная частка інтэлектуальнай эліты пратэстантызму. Выключэньне польскіх антытрынітарыяў з Сандомерскай угоды, заключанай у 1570, ухваленай кальвіністамі і чэскімі братамі і перанятай іншымі дзяржавамі пратэстанцкай Эўропы, аслабіла пазыцыі польскай Рэфармацыі і разбурыла шанцы стварэньня нацыянальнае царквы. Пратэстанцтва сутыкнулася з амаль поўнай абыякавасьцю з боку вясковага насельніцтва, аднак займела адэптаў у такіх местах, як Кракаў або Познань.
На пераломе XVI і XVII стагодзьдзяў у іх, аднак, дайшло да паступовай ліквідацыі збораў; гэта суправаджалася нападамі на крамы, жытло і нават пагромы людзей, што вызнаюць іншыя рэлігіі. Рэлігійныя пагромы, якія зьдзяйсьняліся з ухвалы і з ініцыятывы каталіцкага духавенства, адбываліся пры амаль поўнай пасіўнасьці цывільных уладаў. Да такога пагрому дайшло 10 ліпеня 1591 у Вільні, дзе каталіцкі натоўп спаліў царкву, дом, прытулак і школу рэфармаваных эвангелістаў[5]. У той жа Вільні ў 1639 року дайшло да чарговых хваляваньняў на рэлігійным тле. Іхняй ахвярай зноўку сталі кальвіністы, якіх змусілі пакінуць места, а іхні збор на вуліцы Сьвятаміхалаўскай быў разбураны[6].
Рэлігійныя хваляваньні і перасьледы зьявіліся ў Польшчы між іншага з-за няўхвалы Соймам, у якім пачалі пераважаць каталікі, пастанаўленьняў Варшаўскай канфэдэрацыі. А яе найбольш заўзятым праціўнікам быў Жыгімонт III Ваза, які трапіў пад магутны ўплыў езуітаў на чале зь Пятром Скаргам. Толькі пасьля Швэдзкага патопу, калі Рэч Паспалітая ледзь здолела пазьбегнуць падзелу між некаталіцкімі суседзямі, Касьцёл здолеў юрыдычна і фактычна перакрэсьліць пастановы Варшаўскай канфэдэрацыі. У 1658 Сойм прысудзіў польскіх братоў да выгнаньня, і яны перасяліліся ў асноўным у Галяндыю, дзе знаходзіцца іхняя знакамітая Bibliotheca Fratrum Polonorum, а ў 1668 пад пагрозай сьмерці забараніў выхад з каталіцтва.
Паўсталыя пасьля 1517 року пратэстанцкія плыні (найперш лютэранства і кальвінізм) на польскай глебе займелі пасьлядоўнікаў найперш у местах Каралеўскай Прусіі. Тутэйшыя мяшчане нямецкага паходжаньня, шчыльна зьвязаныя стасункамі са сваімі заходнімі контрагентамі, хутка прынялі навуку Мартына Лютэра. У Гданьску ў 1525 выбухнула антыкаталіцкае забурэньне(pl) лютэранскага паспольства і плебсу, здушаны толькі з дапамогай вайсковай інтэрвэнцыі Жыгімонта I Старога. У 1525 спыніла існаваньне дзяржава Тэўтонскага ордэну, кіраўнік якога Альбрэхт Гагэнцолерн прыняў лютэранскае вызнаньне і зрабіўся сьвецкім леньнікам Польскай кароны.
Рэфармацыя, за выняткам грамадзкіх хваляваньняў у Рэчы Паспалітай, не спрычыніла паслабленьня дзяржавы. Наадварот, дзяржава Ягелонаў не баялася ўплываў пратэстанцтва і зычліва прымала іншаземных іншаверцаў. Паслабленьне Рэчы Паспалітай адбылося толькі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, калі Рэфармацыя перастала быць значным чыньнікам у жыцьці краіны. На думку польскага гісторыка Януша Тазьбіра, узмацненьне контрарэфармацыі і варожасьці да «ерасяў» у Рэчы Паспалітай было зьвязанае з узросьлай небясьпекай дзяржавы звонку[7].
Важкай спадчынаю Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай стала зьяўленьне шматлікай польскамоўнай літаратуры, у асноўным рэлігійнай, што спрыяла разьвіцьцю і ўзбагачэньню літаратурнай мовы. У той час былі створаныя такія помнікі літаратуры, як пераклад Берасьцейскай Бібліі (адзін зь першых у сьвеце перакладаў на нацыянальную мову), разьвівалася палітычная і палемічная літаратура (Марцін Чаховіц, Андрэй Фрыч Маджэўскі, Сымон Будны й інш.). Пратэстантамі было шмат піянэраў польскай літаратуры, у тым ліку «бацька польскай літаратуры» Мікалай Рэй.
Рэфармацыя ажывіла выдавецкую дзейнасьць — у XVI стагодзьдзі дзейнічалі 20 іншаверных друкарняў — і спрычынілася да разьвіцьця адукацыі, галоўным чынам сярэдняй: паўсталі лютэранскія гімназіі ў Торуні і Гданьску і кальвінская ў Пінчаве, а таксама акадэміі — чэскіх братоў у Лешне і польскіх братоў у Ракаве. Гэтыя навучальныя ўстановы былі знакамітымі за свой высокі ўзровень навучаньня.
Яшчэ адным дасягненьнем Рэфармацыі было ажыўленьне і ўзбагачэньне контрарэфармацыйнай каталіцкай пісьменнасьці, якое было вымушанае канкураваць з пратэстанцкай літаратурай. Толькі па поўнай перамозе контрарэфармацыі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя пачалося відавочнае зьніжэньне ўзроўню літаратуры і культуры, якое трывала аж да эпохі Асьветніцтва[7].
Асобнай зьяваю была дзейнасьць г.зв. арыянаў, ці польскіх братоў, творы якіх, галоўным чынам філязофскай і грамадзянскай тэматыкі (Геранім Маскажоўскі, Фаўст Соцын, Андрэй Вішаваты, Пётар Стаінскі й іншыя), што пастулявалі рацыяналізм і рэлігійную талеранцыю, аказалі вялікі ўплыў на іншыя эўрапейскія дзяржавы (між іншага на філязофію Джона Лока) і нават на Злучаныя Штаты Амэрыкі (арыянскі Ракаўскі катэхізіс натхніў Канстытуцыю ЗША ў пытаньнях нэўтральнасьці сьветапогляду дзяржавы і аддзяленьня дзяржавы ад царквы).
У 1590 року была выдадзеная «Шляхціца польскага супраць езуітаў прамова», напісаная праўдападобна прафэсарамі Кракаўскай акадэміі і арыянамі. Каталікі частка друкавалі кнігі ў друкарнях іншых вызнаньняў. У Ракаве надрукаваныя творы Кляновіца і Б. Папроцкага, а ў Лешне «Satyry» Апалінскага і паэта Самуэля Твардоўскага. У Лешне за часамі Яна Амаса Каменскага вучылася шмат каталіцкай моладзі, а ў езуіцкіх калегіях адпаведна навучалася праваслаўная і пратэстанцкая моладзь.
На каталіцкім баку можна вызначыць ня толькі пісьменьнікаў, што процістаялі Варшаўскай канфэдэрацыі, але й такіх, якія яе абаранялі нароўні з пратэстантамі. Да такіх належаў каталіцкі пісьменьнік Мікалай Касабудзкі, які ва ўступе да Psalmi 68 explanatio (1575) мовіў, што адрозьненьні вераваньняў ня можна ліквідаваць «агнём і мечам», а толькі праз «навучаньне людзей і руплівую душпастырскую працу». На падобных думках стаяў шляхецкі пісьменьнік Геранім Балінскі, хоць ён выключаў з гэтага правіла арыянаў. У вялікай колькасьці выпадкаў манахі (францішкане ў Вільні — 1614) і нават біскупы (Пётар Тыліцкі — 1516) бралі пад абарону пакрыўджаных пратэстантаў. А пратэстанты, па меры таго як нарастала пагроза з боку каталікоў, высоўвалі ўсё шырэйшыя пастуляты рэлігійнай талеранцыі.
Рок | Падзея |
---|---|
20-я XVI ст. | Лютэранства знаходзіць прыхільнікаў збольшага сярод мяшчанства ў местах Каралеўскай Прусіі і на велікапольскім памежжы. |
1520 | Жыгімонт I Стары выдае торуньскі эдыкт — першую зь нямногіх забаронаў прыняцьця «рэлігійных новаўвядзеньняў». |
1525—1526 | У Гданьску лютэранства стала афіцыйнай рэлігіяй, аднак неўзабаве места было спацыфікаванае каралём Жыгімонтам Старым, які ўвёў забарону выхаду з каталіцтва пад пагрозай сьмерці. |
к. 1540 | Кальвінізм трапіў на землі РП. |
1550 | Першае ў Польшчы кальвінскае набажэнства (у Пінчаве). |
1516—1550 | У велікапольскія месты (у асноўным у Лешну) прыбываюць чэскія браты, ратуючыся ад перасьледу. |
1554 | Першы пратэстанцкі сынод у Сломніках пад Кракавам. |
1555 | Сынод у Казьмінку ўхваліў кароткачасовую унію між польскімі кальвіністамі і чэскімі братамі. |
1556 | У Польшчу вяртаецца Ян Ласкі і засноўвае эвангельска-рэфармацкую царкву. |
1560 | Пратэстанцкі Сынод у Ксёнжу асуджае антытрынітарызм. |
1562 | З кальвінізму вылучаецца рух польскіх братоў (г.зв. арыянаў). |
1563 | Выданьне кальвінісцкай Берасьцейскай Бібліі. |
1570—1572 | Выданьне арыянскай Нясьвіскай Бібліі. |
1570 | Сандомерская ўгода — польскія лютэране, кальвіністы і чэскія браты заключылі пагадненьне з мэтаю абароны ад контрарэфармацыі. |
1573 | Варшаўская канфэдэрацыя дае іншаверцам гарантыі рэлігійнае талеранцыі. Гэты прывілей пацьверджаны Генрыкавымі артыкуламі. |
1595 | Раскол між польскімі лютэранамі і кальвіністамі. |
XVII ст. | Жыгімонт III Ваза перастае выконваць пастановы Варшаўскай канфэдэрацыі і ўзмацняе контрарэфармацыю. Пад канец стагодзьдзя ў Рэчы Паспалітай зьнікаюць апошнія таемныя грамады польскіх братоў. Пратэстанцтва губляе які-кольвек уплыў на грамадзкае жыцьцё. |
1632 | Выданьне лютэранскай Гданьскай Бібліі. |
1638 | Сойм вырашае закрыць усе арыянскія ўстановы ў Ракаве, у тым ліку Ракаўскай акадэміі. |
1654 | 6 красавіка кароль Ян Казімер падпісвае дэкрэт, які прадпісвае выгнаньне з Рэчы Паспалітай усіх замежнікаў-іншаверцаў. |
1656 | Пратэстанцкае Лешна спаленае ў адплату за спрыяньне інтэрвэнтам падчас Патопу. Пратэстанты масава пакідаюць Рэч Паспалітую. Кальвінізм зьнікае ва ўсходніх рэгіёнах краіны. |
1658 | Сойм асуджае польскіх братоў на выгнаньне з РП. |
1668 | Сойм уводзіць забарону выхаду з каталіцтва пад пагрозаю сьмерці. |
1678 | Кальвіністы і лютэране заключаюць у Лешне пагадненьне, званае Amica complanatio. |
1717 | Нямы сойм афіцыйна забараняе абіраць пратэстантаў пасламі на Сойм. |
1718 | Выключэньне кальвінскага пасла Андрэя Кромны Пятроўскага з Сойму. |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.