Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гусі́цкія во́йны, Чэскія войны або Гусіцкая рэвалюцыя — рэлігійныя войны між гусітамі і каталіцкімі Люксэмбургамі ў Чэскім каралеўстве ў пэрыяд ад 1419 да 1436. Распачатыя чэскімі гусітамі (галоўным чынам табарытамі і сіроткамі) супраць крыжовых паходаў, арганізаваных імпэратарам Жыгімонтам Люксэмбурскім пры падтрымцы папства.
Гусіцкія войны | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Эўрапейскія рэлігійныя войны і крыжовыя паходы | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Гусіты(1419—1423)
Радыкальныя гусіты
Вялікае Княства Літоўскае З падтрымкай: Польскае Каралеўства | Сьвятая Рымская імпэрыя
| ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
|
| ||||||||||
З пачатку 1400-х рокаў чэскі сьвятар і мысьляр Ян Гус прыняў рэфарматарскія ідэі Джона Ўікліфа і пачаў абвінавачваць Каталіцкую царкву і Папу ў грахах. У адказ Гусавы ідэі былі абвешчаныя герэтычнымі. У 1411 року Антыпапа Ян XXIII пачаў продаж індульгенцыяў у Чэхіі, каб сабраць сродкі на «крыжовы паход» супраць караля Нэапалю Ўладыслава, заступніка Папы Рыгора XII. Гус асудзіў індульгенцыі, чым выклікаў новыя абвінавачваньні ў ерасі, аднак займеў новых прыхільнікаў сярод чэхаў.
У 1414 року кароль рымлянаў Жыгімонт Вугорскі склікаў Канстанцкі сабор дзеля сканчэньня расколу ў каталіцтве ды вырашэньня іншых рознагалосьсяў. Гус быў таксама запрошаны на сабор з гарантыямі бясьпекі ад Жыгімонта, аднак быў там схоплены, катаваны і 6 ліпеня 1415 року спалены як герэтык. У адказ рыцары і шляхта Багеміі і Маравіі, якія падтрымлівалі рэформу царквы, адаслалі 2 верасьня 1415 року сабору ў Канстанцы protestatio Bohemorum, у якім асуджалі спаленьне Гуса самымі моцнымі фразамі. Гэта раззлавала Жыгімонта, і ён у адказ пагразіўся ўтапіць усіх ўікліфітаў ды гусітаў у Чэхіі.
У адказ па Багеміі пракацілася хваля забурэньняў, мноства ксяндзоў пазбавіліся сваіх парафіяў. Частка гусітаў на чале зь Мікулашам(cs) з Гусу(cs) пакінулі Прагу і абаснаваліся непадалёк ад будучага места Табару.
Тым ня меней, у Празе хваляваньні працягваліся. 30 ліпеня 1419 року гусіцкая працэсія на чале з сьвятаром Янам Жэліўскім уварвалася ў Навамескую ратушу і выкінула з вакна каралеўскіх прадстаўнікоў, бурмістра і некаторых радцаў.
16 жніўня 1419 року памёр чэскі кароль Вацлаў IV. Пераемнікам на стальцы стаў ягоны брат Жыгімонт Люксэмбурскі, аднак пасьлядоўнікі Яна Гуса лічылі яго вінаватым у сьмерці Яна Гуса ды не прызналі новага караля. У Празе і амаль па ўсёй Чэхіі выбухнулі паўстаньні. Мноства каталікоў, пераважна немцаў, былі выгнаныя з краіны. Вацлавава ўдава Сафія Баварская на правах рэгенткі сабрала войска з наймітаў і паспрабавала авалодаць Прагай. У выніку зацятых бітваў значная частка места была зруйнаваная ці пашкоджаная, а бакі 13 лістапада падпісалі замірэньне.
Шляхцічы, якія падтрымалі рэгентку, але прыхільныя да гусітаў, выказаліся весьці перамовы з Жыгімонтам, а месьцічы Прагі пагадзіліся вярнуць каралеўскім сілам замак Вышаград. Лідэр гусітаў Ян Жыжка не пагадзіўся з гэтым і сышоў з Прагі ў Пльзень, а стуль у паўднёвую Багемію. 25 сакавіка 1420 року ў першай палявой бітве гусіцкіх войнаў ягоныя сілы разьбілі каталікоў пад Судамержам.
Зь вясны месцам збору гусіцкіх сілаў стала заснаванае імі места Табар, названае ў гонар біблійскай гары Табор. Адсюль паходзіць і назва найбольш радыкальнай часткі гусітаў — табарытаў — якія, у адрозьненьне ад умераных утраквістаў, прызнавалі толькі два сакрамэнты — хрост ды эўхарыстыю — і адмаўлялі большасьць рытуалаў каталіцкага набажэнства. У Табары было створанае дэмакратычнае кіраваньне, абраныя чатыры гетманы (кіраўнікі), адным зь якіх быў Жыжка, уведзеная строгая вайсковая дысцыпліна.
Жыгімонта Люксэмбурскага ў ягоных памкненьнях на чэскі сталец падтрымаў Папа Мартын V, які 17 сакавіка 1420 року выдаў булу, якой склікаў крыжовы паход(cs) «на зьнішчэньне ўікліфітаў, гусітаў ды іншых герэтыкаў у Чэхіі». 30 чэрвеня Жыгімонт на чале вялізнага крыжацкага войска, сабранага з усяе Эўропы, прыбыў пад Прагу ды распачаў ейную аблогу.
У гэты час гусіты сфармулявалі фундамэнтальныя прынцыпы сваёй веры, вядомыя як «Чатыры праскія артыкулы». Сьцісла яны фармулюцца наступным чынам:
Жыгімонт адрынуў гэтыя нарожныя камяні гусіцкага багаслоўя і працягнуў аблогу. У ліпені 1420 року ягоныя сілы былі разьбітыя на Віткавай Гары, пасьля чаго Жыгімонт адступіў ад Прагі, аднак трымаў замкі Вышаград і Градчаны. Пражане пачалі аблогу Вышаграду, і ў канцы кастрычніка 1420 року ў гарнізоне пачаўся голад. Жыгімонт паспрабаваў прарваць аблогу, аднак 1 лістапада пад Панкрацам атрымаў адчувальную паразу. Пасьля гэтага Вышаград і Градчаны капітулявалі, і неўзабаве амаль уся Багемія перайшла пад уладу гусітаў.
Цалкам скарыстацца перамогай гусітам зашкодзілі ўнутраныя раздраі. У Празе на свой бок ніжэйшыя клясы месьцічаў перацягваў дэмагогіяй сьвятар Ян Жэліўскі; у Табары Жыжка разграміў рэлігійны камуністычны рух адамітаў.
Неўзабаве нямецкія князі пачалі другі крыжовы паход на гусітаў(cs). У жніўні 1421 року вялікае нямецкае войска абклала места Жацец. Пасьля няўдалай спробы атакі крыжакі адступілі, спужаўшыся чуткі пра набліжэньне гусіцкіх сілаў. Жыгімонт прыйшоў у Багемію толькі напрыканцы 1421 року. Ён заваяваў Кутну Гору, але быў напоўніцу разьбіты Янам Жыжкам пад Нямецкім Бродам 6 студзеня 1422.
У міжваенны час у лягеры гусітаў зноў пачаліся рознагалосьсі. 9 сакавіка 1422 року праскія ўлады арыштавалі і абезгаловілі Яна Жэліўскага.
Некалькі разоў гусітам аказвала дапамогу Польскае каралеўства. Ян Жыжка нават даслаў каралю Ўладыславу II Ягайлу прапанову прыняць чэскую карону, аднак той адмовіўся. Тады чэхі прапанавалі сталец ягонаму стрыечнаму брату Вітаўту, вялікаму князю літоўскаму. Вітаўт выказаў згоду пры ўмове, што гусіты ўзьяднаюцца з Каталіцкай царквой. У 1422 року Жыжка прыняў літоўскага князя Жыгімонта Карыбутавіча (Ягайлавага пляменьніка) як рэгента Чэхіі замест Вітаўта.
Улада Жыгімонта была прызнаная ўтраквістамі, пражанамі і ўмеранымі табарытамі, аднак ён ну вярнуў гусітаў ва ўлоньне Каталіцкае царквы. Ён нават спрабаваў падпарадкаваць табарытаў і арэбітаў гвалтоўным чынам. Пасьля падпісаньня Мельнскага міру з Жыгімонтам Люксэмбурскім Вітаўт і Ягайла адклікалі Карыбутавіча ў ВКЛ пад націскам рымскага імпэратара і Папы.
Пасьля ад’езду Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхіі зноў пачалася грамадзянская вайна, у якой табарыты разьбілі сілы ўтраквістаў Чэнека з Вартэнбэргу пад Горжыцам, пасьля чаго было падпісанае замірэньне.
Тым часам Папа склікаў новы крыжовы паход(pl), які скончыўся поўным правалам. Палякі і літвіны, нягледзячы на намаганьні сваіх валадароў, не жадалі ваяваць супраць братоў-славянаў; нямецкія княствы ня здолелі спыніць міжусобіцы; а кароль Даніі, які прыбыў з войскам у Нямеччыну, неўзабаве вярнуўся назад.
Тады гусіты пайшлі ў рэйд па Маравіі, дзе значная частка насельніцтва іх падтрымлівала. Аднак праз раздраі гусіцкія войскі неўзабаве вярнуліся ў Багемію. Градэц Кралавэ, які знаходзіўся ў руках утраквістаў, падтрымаў дактрыну табарытаў і паклікаў Жыжку на дапамогу. Пасьля некалькіх здабытых Жыжкам у 1423—1424 роках перамогаў 13 верасьня 1424 між плынямі была падпісаная мірная дамова.
У 1424 року ў Чэхію насуперак Вітаўту зь Ягайлам вярнуўся Жыгімонт Карыбутавіч з 1500-ным войскам. Па сьмерці Жыжкі ў кастрычніку 1424 гусіцкія войскі ўзначаліў Пракоп Вялікі.
У 1426 на Чэхію зноў напалі. У чэрвені 1426 року гусіцкія войскі пад даводзтвам Пракопа Вялікага і Жыгімонта Карыбутавіча нанесьлі інтэрвэнтам буйную паразу пад Усьці-над-Лабэм.
Тым ня меней, антыгусіцкая кааліцыя спадзявалася, што сьмерць Жыжкі аслабіла сілы гусітаў. У 1427 року Папа Марцін V абвясьціў на іх новы крыжовы паход(pl) і паставіў легатам ангельскага кардынала Генры Бафорта. Гусіты разьбілі аб’яднаныя сілы крыжакоў пад Тахавам і нават учынілі рэйды на тэрыторыю Нямеччыны, але не занялі якой-кольвек тэрыторыі.
У 1427 року Жыгімонта Карыбутавіча арыштавалі па падазрэньні ў спробе падбухторваньня да здачы войскаў Жыгімонту Вугорскаму. У 1428 року ён быў вызвалены і ўдзельнічаў у паходзе гусітаў на Сылезію, але неўзабаве зьехаў у ВКЛ, бо Папа пагражаў крыжовым паходам супраць Польшчы.
Амаль няспынныя перамогі гусітаў падарвалі веру каталіцкіх дзяржаваў у магчымасьць адолець іх сілавым шляхам. Да таго ж нямецкія князі асьцерагаліся, што дэмакратычныя ідэі гусіцкага руху могуць пранікнуць у іхнія ўладаньні. Міру жадалі і шматлікія гусіты, асабліва ўмераныя ўтраквісты. Плянавалася распачаць мірныя перамовы на сусьветным Базэльскім саборы(de), які быў скліканы на 3 сакавіка 1431 року. Папскі Сталец неахвотна пагадзіўся дапусьціць на яго «герэтыкаў», аднак гнеўна адрынуў прапанову запрасіць на яго таксама прадстаўнікоў Праваслаўнай царквы і ўсіх хрысьціянскіх дэнамінацыяў.
Перад пачаткам Базэльскага сабору Каталіцкая царква зрабіла яшчэ адну спробу падпарадкаваць гусітаў, абвясьціўшы пяты крыжовы паход(pl).
1 жніўня 1431 вялікае крыжацкае войска пад даводзтвам брандэнбурскага курфюрста Фрыдрыха I і папскага легата кардынала Чэзарыні перайшло чэскую граніцу. 8 жніўня крыжакі пачалі аблогу Дамажліцаў. 14 жніўня прыйшла гусіцкая адсеча Пракопа Вялікага, узмоцненая 6000 польскіх гусітаў, якія нанесьлі крыжакаў сакрушальную паразу.
15 кастрычніка 1431 року Базэльскі сабор выдаў фармальнае запрашэньне да гусітаў на ўдзел у перамовах. 4 студзеня 1433 року на сабор прыбыло гусіцкае пасольства з удзелам Пракопа Вялікага, Яна Рокіцаны, біскупа Мікулаша з Пэлгржымава(cs), «ангельскага гусіта» Пітэра Пэйна(cs) ды іншых.
Утраквісты паразумеліся з каталікамі і ў 1434 року пачалі адкрыты канфлікт з табарытамі. 30 траўня першыя разьбілі табарытаў пад Ліпанамі, прычым Пракоп Вялікі і Пракоп Малы палеглі ў бітве. Польскія гусіты былі канчаткова разьбітыя Ўладыславам III Варнэньчыкам у 1439 пад Гротнікамі.
Новаўвядзеньнямі ў вайсковай навуцы стала масавае выкарыстаньне гакаўніц і тактыкі ўмацаванага вазамі лягеру(pl).
Рыхтуючыся да бітвы, гусіты расстаўлялі вакол свайго лягеру вазы ў форме квадрата ці кола, счапляючы іх між сабой ланцугамі, кутамі ўсутыч адзін да аднаго, крыж-накрыж, каб пры неабходнасьці запрэгчы ў іх коней. Вакол гэтай агароджы выкопвалі роў. Пры кожным возе ставіўся аддзел з 16—22 жаўнераў: 4—8 арбалетчыкаў, 2 рушнікаў, 6—8 жаўнераў зь пікамі ці цапамі (адрозная гусіцкая зброя), 2 са шчытамі і 2 вазьніцаў.
Спачатку гусіцкае войска чакала за вазамі, абстрэльваючы ворага артылерыйскім вагнём, каб нанесьці як мага болей шкоды. Калі вораг пераходзіў у наступ, абаронцы лягеру пачыналі страляць у іх з рушніцаў і арбалетаў, цаляючы пераважна ў коней. Гэта пазбаўляла рыцараў перавагі, а многія зь іх гінулі пад капытамі.
Пасьля гэтага гусіты пераходзілі ў контратаку. Пяхота і кавалерыя вырывалася з-за вазоў, атачаючы ворага з флянгаў. Змушаны адбівацца ад флянгавых атакаў і абстрэлаў з-за вазоў, вораг апынаўся між двух вагнёў. Ён кідаўся ў адступленьне, пакідаючы на полі бітвы цяжкаўзброеных рыцараў, якія не маглі ўцячы самастойна. Гусіцкія войскі наносілі такім чынам ворагу значныя паразы, не беручы палонных.
Між крыжовымі паходамі гусіты самі чынілі наезды на суседнія дзяржавы, называючы гэтыя выправы «прыгожымі рэйдамі» (чэск. Spanilé jízdy). Войскі Пракопа Вялікага ўваходзілі ў Баварыю, Майсэн і Лужыцу, Брандэнбург, на Славаччыну і Сылезію. Асноўнай задачай было застрашэньне тых дзяржаваў, якія падтрымалі крыжовыя паходы супраць гусітаў, аднак звычайна гэта не спыняла супернікаў ад далейшых крыжовых паходаў.
Не зважаючы на Велюнскі эдыкт, польскія дабраахвотнікі ваявалі на баку гусітаў. А пасьля падпісаньня пагадненьня з Польскай Каронай у 1433 року супольнае 7-тысячнае гусіцкае войска рушыла на землі Крыжацкага ордэну (гл. Польска-тэўтонская вайна 1431—1435 гадоў), прайшоўшы праз Новую Марку аж да ўзьбярэжжа Балтыйскага мора.
У 1436 року канчатковыя ўмовы мірнага пагадненьня (г. зв. Праскія кампактаты) ухваліў Базэльскі сабор (кароль прызнаваў аўтаномію чэскай Царквы, прынятая камунія пад дзьвюмя постацямі). У 1436 року Жыгімонт стал каралём Чэхіі. Гусіцкія войны паслабілі пазыцыі Каталіцкае царквы і нямецкіх фэўдалаў у Чэхіі, падрыхтавалі глебу для ідэяў Рэфармацыі ў Эўропе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.