горад у Расеі From Wikipedia, the free encyclopedia
Смале́нск (рас. Смоленск) — места ў Расеі, на рацэ Дняпры. Адміністрацыйны цэнтар Смаленскай вобласьці і Смаленскага раёну. Плошча 166,35 км². Насельніцтва на 2017 год — 329 853 чалавекі. Знаходзіцца за 419 км на захад — паўднёвы захад ад Масквы, за 7 км ад аўтамабільнай магістралі М1 «Беларусь». Вузел чыгунак на Маскву, Бранск, Менск, Віцебск, Полацак. Аэрапорт і рачная прыстань.
Смаленск лац. Smalensk | |||||
Гістарычны цэнтар | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 863 | ||||
Магдэбурскае права: | 4 лістапада 1611 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Смаленская вобласьць | ||||
Кіраўнік: | Аляксандр Новікаў[d][1] | ||||
Плошча: | 166,35 км² | ||||
Вышыня: | 242 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2013) | |||||
колькасьць: | 330 970 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1989,6 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 4812 | ||||
Паштовы індэкс: | 214ХХХ | ||||
Нумарны знак: | 67 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°46′58″ пн. ш. 32°2′43″ у. д. | ||||
Смаленск | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.smoladmin.ru |
Смаленск — старажытны горад крывічоў[2] і сталіца адной зь першых дзяржаваў на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, першая сталіца Беларускай ССР (1—5 студзеня 1919 году[3]). Да нашага часу тут захаваліся цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы, Яна Багаслова на Варажках і Сьвірская Сьвятога Міхала Арханёла, помнікі архітэктуры XII ст. з рысамі Полацкай і Смаленскай школаў дойлідзтва[4], Прачысьценская саборная царква з элемэнтамі магілёўскага барока[5] і некалькі цэркваў XVII—XIX стагодзьдзяў, магутная фартэцыя з Каралеўскім бастыёнам і палац уніяцкага япіскапа, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў, а таксама касьцёл Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, збудаваны ў канцы XIX ст. паводле праекту беларускага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваная ратуша, драўляная саборная царква, выкананая ў беларускім стылі[6], мураваны Фарны касьцёл, калегіюм езуітаў, кляштары бэрнардынаў і дамініканаў.
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Смаленск. Паводле адной вэрсіі, назва места ўтварылася ад этноніму смаляне, згодна з другой — ад ракі Смольні (стараславянскае смоль — 'чарназём') паводле старажытнай мадэлі: уласная назва ракі + -ск[7]. Яшчэ адна папулярная вэрсія зьвязвае назву Смаленску з шляхам «з вараг у грэкі»: места знаходзілася на волаку, дзе мясцовыя рамесьнікі смалілі лодкі гандляроў.
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) ёсьць глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народу і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назьве аднаго з найстаражытнейшых гарадоў — Полацку, засьведчанай летапісамі пад 862 годам. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожны трэці беларускі горад зь ліку занесеных ў «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст. заканчваецца на -ск (-цк)[7].
Першы пісьмовы ўпамін пра Смаленск датуецца 863 годам. Горад ляжаў на важным гандлёвым шляху «З варагаў у грэкі». Паводле летапісу Нестара, у тыя часы ён быў сталіцай крывічоў, землі якіх займалі вярхоўі Дзьвіны, Дняпра і Волгі. У 882 годзе горад улучылі ў склад Кіеўскага княства.
У пачатку ХІ стагодзьдзя у Смаленску замацаваліся ўласныя князі. Сын полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Ўладзімера, вялікі князь Яраслаў, дзелячы свае землі паміж нашчадкамі, аддаў Смаленскае княства Вячаславу. На той час княства ахоплівала значныя землі, у тым ліку частку Віцебшчыны, Пскоўшчыны, Масковіі і г. д. Але дынастыя гэтая не была бесьперапыннай — і на смаленскім стальцы зьмянілася шмат князёў. У 1125 годзе смаленскі сталец атрымаў сын кіеўскага князя Мсьціслава — Расьціслаў, пачынальнік дынастыяў князёў смаленскіх, яраслаўскіх, вяземскіх і інш.
У ХІІІ стагодзьдзі у складзе Смаленскага княства знаходзіліся такія месты сучаснай Беларусі, як Амсьціслаў, Ворша, Копысь, Крычаў і Прапойск[8]. Смаленск меў трывалыя зьвязкі з Рыгай, пра што сьведчаць гандлёвыя дамовы зь ёй і «нямецкім берагам». У 1230 годзе места трапіла пад уплыў Полацкага княства. У Лаўрэнцеўскім летапісе захаваўся запіс пра выправу на Смаленск уладзімерскага князя Ўладзімера Ўсеваладавіча, датаваны 1239 годам: Тогож̑ лѣт̑ Ӕрославъ иде Смолиньску на Литву и Литву побѣди.
У канцы ХІІІ стагодзьдзя пачаліся цесныя дачыненьні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Смаленшчынай. У час паходаў на Маскву (1368 і 1370 гады) вялікі князь Альгерд знаходзіў вайсковую падтрымку ад смаленскага князя Сьвятаслава. Сына апошняга Юрыя Сьвятаславіча Вялікае Княства Літоўскае падтрымала ў 1386 годзе ў час змаганьня за смаленскі сталец.
У 1395 годзе ў Смаленску пачалі кіраваць намесьнікі вялікага князя Вітаўта, але ў 1401 годзе места выйшла з-пад апекі Вялікага Княства Літоўскага. 24 чэрвеня 1404 году Смаленск вярнуўся ў склад ВКЛ. Паводле некаторых зьвестак, вялікі князь Вітаўт надаў месту прывілей на Магдэбурскае права (калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то Смаленск уваходзіць у першую пяцёрку беларускіх майдэборскіх местаў[9]).
У канцы ХІІІ — ХV стагодзьдзях Смаленск стаў буйным цэнтрам беларускага летапісаньня (Летапісы смаленскія, Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс, магчыма, Радзівілаўскі летапіс)[10].
15 ліпеня 1410 году смаленскія харугвы бралі ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1449 годзе вялікі князь Казімер склаў дамову з маскоўскім князем Васілём Цёмным, згодна зь якой Маскоўская дзяржава адмаўлялася на вечныя часы ад Смаленску і Смаленскай зямлі. У 1508 годзе места стала сталіцай Смаленскага ваяводзтва.
У пачатку ХVІ стагодзьдзя, нягледзячы на дамову, маскоўскі гаспадар Васіль III, бацька Івана IV Тырана, тройчы браў места ў аблогу. Двойчы Смаленск адбівалі войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Юрая Паца і Мікалая Салагуба, аднак у час трэцяй аблогі па моцным бамбардаваньні, з падбухторваньня Міхаіла Глінскага, смаленцы паўсталі — і 1 жніўня 1514 году маскоўскія войскі ўвайшлі ў места. На просьбу месьцічаў, Масква захавала за імі ранейшыя прывілеі. У 1596—1602 гадох маскоўскія ўлады збудавалі вакол Смаленску магутную фартэцыю. На 1600 год у месьце было больш за 8 тысячаў будынкаў.
16 верасьня 1610 году войскі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы атачылі Смаленскую фартэцыю, у якой засела маскоўская залога пад камандаю ваяводы Міхаіла Шэіна. Новазбудаваная магутная фартэцыя дазволіла маскоўскім войскам вытрымаць 20 месяцах аблогі, толькі 3 чэрвеня 1611 году места вызвалілі і вярнулі да Вялікага Княства Літоўскага. Масква безвынікова спрабавала адбіць яго ў 1613—1615 гадох. 4 лістапада 1611 году Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права. У гэты час Смаленск меў 2 двухтыднёвыя кірмашы, штонядзельныя таргі, склад тавараў, вагі мескія, лазьню, гасьціны двор з даходамі ад іх на карысьць усяго места, дазвол на стварэньне рамесных цэхаў і г. д., а таксама герб «у чырвоным полі постаць арханёла Міхала». У 1620—1654 гадох у Смаленску дзеяў езуіцкі калегіюм (у 1646 годзе — 700 вучняў)[11]. У 1625 годзе ўтварылася Смаленская архіяпархія (Сьвяты Пасад), якая ахоплівала Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводзтвы.
У 1632—1634 гадох у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Смаленск вытрымаў вялікую маскоўскую аблогу[10]. Маскоўскія войскі на чале зь Міхаілам Шэінам спрабавалі ўзяць места, але зьяўленьне войска пад камандаю караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы зьмяніла ход кампаніі — і 1 лютага маскоўцы капітулявалі. У 1638 годзе ўтварылася Смаленская каталіцкая дыяцэзія. У 1641 годзе ў межах сучаснага места (мясцовасьць Шэінаўка) на загад Уладзіслава Вазы паставілі першы ў Смаленску помнік — абэліск на Кургане Славы ў гонар перамогі над войскам Міхаіла Шэіна[12].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Смаленску і ваколіцаў ліцьвінамі: «а из Смоленска были два литвины Мачионский да Островский» (1648 год)[13], «старец Манасия сказал: родом литвин[lower-alpha 1], Смоленского уезду, государевы волости Ельни» (1674 год)[16], таксама пра смаленскіх баяраў Барадзіных — «…что было в поместье за литвином за Ондреем Бородиным» (Мажайская пісцовая кніга, 1626—1627 гады), тым часам сын Андрэя Ждан Барадзін значыўся сярод літвы дваровай у Мядыні (1550-я гады)[17]. У матрыкуле Інгальштацкага ўнівэрсытэту пад 1577 годам значыцца Eustachius Tissknowicz palatinides Smolienscensis Lituanus[18].
З пачаткам чарговай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 28 чэрвеня 1654 году Смаленск ататачылі маскоўскія войскі. Нягледзячы на кепскі стан фартэцыі, у мурах якой утварыліся вялікія шчыліны, абаронцы места вытрымалі двухмесячную аблогу і толькі 29 верасьня, ня маючы спадзеву на дапамогу зь Вільні, мусілі капітуляваць.
Згодна з Андрусаўскім замірэньнем 1667 году Смаленск апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён стаў цэнтрам губэрні (у 1719—1726 гадох — цэнтар Смаленскай правінцыя Рыскай губэрні, у 1776—1796 гадох — цэнтар Смаленскага намесьніцтва). У 1734 годзе маскоўская гаспадыня Ганна Іванаўна выдала таемны загад «Аб шлюбах маларосаў(uk)», дзе азначыла смаленскае насельніцтва «замежнымі жыхарамі» (рас. «…с Смоляны и с поляки и з другими зарубежными жителями»). У 1764 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II дала наступнае заданьне датычна Смаленшчыны і іншых захопленых Расейскай імпэрыяй земляў[lower-alpha 2]:
|
У час вайны 1812 году каля Смаленску адбылася бітва паміж францускімі і расейскімі войскамі, а 18 жніўня места занялі войскі Напалеона, якія кантралявалі яго да 17 лістапада. У 1824 годзе ўтварылася генэрал-губэрнатарства Віцебскае, Магілеўскае і Смаленскае з цэнтрам у Віцебску, якое існавала да 1855 году.
На 1860 год, паводле афіцыйнага перапісу, 68% жыхароў Смаленскай губэрні складалі беларусы[2]. Паводле афіцыйных зьвестак за 1866 год, беларусы складалі 46,69% насельніцтва губэрні, «сумесь беларусаў і расейцаў» — 10,55%[19]. Прытым беспасярэдне ў Смаленскім павеце беларусы складалі 90,49%[19]. Аднак праз узмацненьне палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі беларусаў у час перапісу 1897 году расейскія ўлады налічылі ў Смаленскім павеце толькі крыху больш за 1% насельніцтва з роднай беларускай мовай (у самім месьце — толькі 323 беларускамоўныя жыхары)[20].
У 1868 годзе праз Смаленск прайшла Рыска-Арлоўская чыгунка, у 1870 годзе — Маскоўска-Берасьцейская, у 1899 годзе — Разанска-Ўральская. У канцы XIX ст. у месьце было 10 пляцаў, 139 вуліцаў і 3261 будынак (зь іх 633 мураваныя), дзеялі 32 царквы, 3 манастыры, касьцёл, лютэранская кірха і 2 сынагогі, працавалі 33 навучальныя ўстановы, у тым ліку мужчынская і жаночая гімназіі, 5 друкарняў, 1 хромалітаграфія, 40 лекараў, 6 аптэк, 8 лякарняў з 484 ложкамі, 2 прыватныя лячэбніцы і земская губэрнская лякарня, выдавалася 3 газэты.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смаленск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску абвясьцілі ўтварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, праз тыдзень сталіцу савецкай Беларусі перанесьлі ў Менск[3]. 16 студзеня, нягледзячы на перавагу этнічна беларускага насельніцтва (75—80%[3]), Масква адабрала Смаленск разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што пад Смаленскам і ў Акуліцкай пушчы дзеяць беларускія партызанскія аддзелы, якія змагаюцца за незалежнасьць Беларусі[21].
У 1920 годзе ў Смаленску выдавалася газэта «Савецкая Беларусь». У 1922—1923 і 1925—1927 гадох дзеяла Беларуская сэкцыя пры Смаленскім губэрнскім аддзеле народнай асьветы, якая працавала разам зь Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску (існавала ў 1924—1929 гадох пры Смаленскім унівэрсытэце). Апроч таго, працавалі беларускія школы, хаты-чытальні і чырвоная куткі. Аднак у 1930-я гады ўся беларуская дзейнасьць на Смаленшчыне трапіла пад забарону, пачаліся сталінскія рэпрэсіі і чысткі[3]. У 1918—1939 гадох у Смаленску знаходзіўся акруговы вайсковы камісарыят Беларускай вайсковай акругі[4]. У месьце ў розны час жылі і працавалі беларускія пісьменьнікі Максім Гарэцкі, Янка Купала, навукоўцы Ўладзімер Дабравольскі, Аляксандар Ляўданскі і іншыя.
У 1937 годзе Смаленск стаў цэнтрам вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 25 верасьня 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1985 годзе Смаленск атрымаў званьне «Горад-герой».
У 1990 годзе смаленскія дэпутаты прыхільна паставіліся да магчымасьці правядзеньня рэфэрэндуму аб далучэньні Смаленску да Беларусі[22]. А ў сярэдзіне 1990-х гадоў смаленская эліта выступіла з прапановай зрабіць у месьце сталіцу г. зв. «Саюзу Расеі і Беларусі» на той падставе, што менавіта тут утварылася Беларуская ССР[22].
10 красавіка 2010 году пры заходзе на пасадку ў смаленскі вайсковы аэрапорт «Паўночны» адбылася адна з найбуйнейшых у гісторыі авіяцыі катастрофа, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі, першыя асобы Польскай дзяржавы, вядомыя грамадзкія і рэлігійныя дзеячы.
Смаленск разьмяшчаецца ў вярхоўі Дняпра, на Смаленскім ўзвышшы. Рака перасякае места з усходу на захад і падзяляе яго на дзьве часткі: паўночную (Задняпроўе) і паўднёвую (цэнтар). У межах Смаленску і ў ягоных ваколіцаў Дняпро прымае некалькі невялікіх прытокаў, у далінах якіх раскінуліся вуліцы места.
Высокія адхоны між яраў і рэчак, а таксама ўзгоркі і мысы ўтвораць гэтак званыя горы. Перапад вышыняў дасягае 90 мэтраў. Лічыцца, што Смаленск стаіць на сямі ўзгорках.
Хвалісты рэльеф, вялікая колькасьць рэчак, рачулак і яраў, багатая расьліннасьць надаюць Смаленску прыгожы, маляўнічы краявід.
Кліматычныя зьвесткі для Смаленску | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 9,3 | 9,0 | 17,5 | 26,0 | 30,2 | 31,2 | 33,3 | 33,0 | 29,5 | 24,8 | 13,9 | 8,9 | 33,3 |
Сярэдні максымум t, °C | −4,6 | −3,5 | 1,5 | 10,4 | 17,6 | 21,0 | 22,1 | 21,1 | 15,1 | 8,4 | 1,0 | −2,8 | 9,0 |
Сярэдняя t, °C | −9 | −6,5 | −1,9 | 5,7 | 12,2 | 15,9 | 17,1 | 15,8 | 10,5 | 4,8 | −1,2 | −5,1 | 5,0 |
Сярэдні мінімум t, °C | −10,3 | −9,8 | −5,3 | 1,6 | 7,1 | 11,1 | 12,4 | 11,9 | 6,4 | 1,6 | −3,5 | −7,7 | 1,3 |
Абсалютны мінімум t, °C | −37,9 | −36,8 | −28,1 | −19,8 | −5,4 | −0,7 | 4,4 | 0,3 | −4,4 | −12,8 | −24,8 | −35,2 | −37,9 |
Норма ападкаў, мм | 44 | 38 | 40 | 41 | 56 | 88 | 100 | 69 | 77 | 58 | 56 | 54 | 721 |
Крыніца: pogoda.ru.net |
Клімат у Смаленску мерны кантынэнтальны з значным уплывам атлянтычнага морскога паветра. Лета параўнальна цёплае, зіма — мерна халодная. Значныя ваганьні сярэдняй тэмпэратуры ў сэзоны: ад −9 °C у студзені да +17,1 °C у ліпені.
На працягу году 178 дзён пераважае пахмурнае надвор’е, 103 дні з туманамі, 28 дзён з навальніцамі. Найбольш вільготным зьяўляецца летні пэрыяд. Сярэдняя велічыня адноснай вільготнасьці паветра — 81 %.
Пераважная ў месьце ружа вятроў — заходняя, паўднёвая і паўднёва-заходняя.
У Смаленску працуюць 6 дзяржаўных унівэрсытэтаў і 3 прыватныя.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 8 паліклінік, 4 муніцыпальныя стаматалягічныя паліклінікі, 5 лякарняў, анкалягічны дыспансэр, станцыя хуткай мэдычнай дапамогі.
Дзеюць драматычны і лялечны тэатры, філярмонія.
Гістарычны цэнтар Смаленску знаходзіцца на левым беразе Дняпра — гэта фартэцыя і Прачысьценская саборная царква. Па вайне 1812 году места разьвівалася паводле пляну 1818 году, які спалучаў прастакутны плян цэнтру з сыстэмай радыяльных вуліцаў старажытнай часткі места.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Барклая дэ Толі вуліца | Аўрамаўская вуліца | Чырвонагвардзейская вуліца (1924—1965 гг.) Жукава вуліца (1965—1997 гг.)[29] |
Валадарскага вуліца | Пастарская вуліца[30] | |
Войкава вуліца | Вялікая Ўваскрасенская вуліца | |
Вялікая Савецкая вуліца | Малахоўская вуліца (частка) Траецкая шаша (частка) | Вялікая Благавешчанская вуліца (частка, 2-я палова XIX ст.[31]) |
Вялікая Чырвонафлёцкая вуліца | Вялікая Сьвірская вуліца (частка) Багаслоўская вуліца (частка) | |
Калхозная плошча | Рынак пляц | Базарная плошча |
Камуністычная вуліца | Вялікая Шляхецкая вуліца (частка) Кадэцкая вуліца (частка) | рас. Большая Дворянская улица |
Карла Маркса вуліца | Каралеўская вуліца[32] | |
Кастрычніцкая рэвалюцыі вуліца | Ільлінская вуліца | |
Лавачкіна вуліца | Шкляная гара вуліца[33] | |
Леніна вуліца | Блонная вуліца (частка) Малая Адзігітраўская вуліца (частка) | Кірхавая вуліца (1869—1899 гг.) Пушкінская вуліца (1899—1924 гг.) |
Мэталістаў вуліца | Ніжнемітрапольская вуліца | |
Нікалаева вуліца | Вялікая Красьнянская вуліца | |
Ніжнелермантаўская вуліца | Ніжнемохавая вуліца | |
Парыскай камуны вуліца | Рэзьніцкая вуліца Родніцкая вуліца[34] | |
Піянэрская вуліца | Кавальская вуліца[35] | |
Пушкіна вуліца | Малая Багаслоўская вуліца | |
Пятрова вуліца (з 1982 г.) | Дарагабуская вуліца | |
Раеўскага вуліца | Выганная вуліца | |
Рэўваенсавета вуліца | Спаская вуліца | |
Собалева вуліца | Вялікая праезная дарога Армянская вуліца | |
Сьмірнова плошча | Малахоўскі пляц | |
Твардоўскага вуліца | Запольная вуліца | |
Тухачэўскага вуліца | Мікольская вуліца | Дзекабрыстаў вуліца |
Урыцкага вуліца (з 1919 г.) | Касьцельная вуліца | |
Ціміразева вуліца | Пакроўская вуліца | |
Фрунзэ вуліца | Парэцкая вуліца | |
Фурманава вуліца | Юр’еўская вуліца | рас. Георгиевская улица |
Школьная вуліца | Верхнемітрапольская вуліца | |
Энгельса вуліца | Вялікая Мікольская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Смаленску гістарычныя назвы захавалі вуліцы Акопная, Аптэчная, Верхнесянная, Верхні Волак, Клоўская, Нагорная і Саборная Гара. Сярод адметных беларускіх урбанонімаў вылучаліся вуліцы Блонная (ад беларускага слова «блонь» — абалона), Верхнешкляная, Шкляная і Шкляны завулак (ад бел. «шкло»), Кавальская (ад бел. «каваль»), Каралеўская (назва з часоў Вялікага Княства Літоўскага), Касьцельная, Рэзьніцкая (ад бел. «рэзьнік») і іншыя. Гістарычны Верхні Рынак, на якім стаяла ратуша[36], у наш час ня мае афіцыйнай назвы.
У Смаленску існавалі гістарычныя мясцовасьці: Блоньне, Варажкі, Верхні Волак, Гародня, Задняпроўе, Клоўка, Княскі Горад, Падол, Рачэўскі лог, Саборны Двор, Садкі, Сьмядынь, Торжышча і Чурылаўка; Лысая, Пакроўская, Пячорская, Саборная, Сьвірская, Уваскрасенская і Шкляная горы; Духаўская, Рачэўская і Сьвірская слабоды; Амсьціслаўкае, Красьнянскае, Мікольскае, Рачэўскае і Рослаўскае прадмесьці.
У 1897 годзе гісторык і краязнаўца Сямён Пісараў(ru) паведамляў, што старажытная частка (цэнтар) Смаленску — Княская мясцовасьць — гістарычна называлася «па-літоўску проста „места“»[lower-alpha 3][37].
Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы Смаленску:
Смаленск — буйны чыгуначны вузел, знаходзіцца на Маскоўскай чыгунцы. За 7 км ад места праходзіць аўтамабільная магістраль M1 «Беларусь».
У месьце ёсьць разьвітая сыстэма грамадзкага транспарту, якая ўлучае трамвай, тралейбус, аўтобус, у сэзон Дняпром ходзяць рачныя трамвайчыкі.
У Смаленску працуюць два аэрапорты: Паўднёвы — грамадзянскі і Паўночны — вайсковы.
Дзеюць Смаленскі гістарычны і архітэктурна-мастацкі музэй-запаведнік, музэй скульптуры імя С. Канёнкава, мастацкая галерэя (калекцыя абразоў XIV—XVI стагодзьдзі, расейскае і заходне-эўрапейскае мастацтва), музэй смаленскага лёну.
У месьце ёсьць помнік вайскаводу беларускага паходжаньня Васілю Маргелаву, памятныя шыльды ўтварэньню БССР (на абласной філярмоніі) і Янку Купалу.
У Смаленскім дзяржаўным музэі-запаведніку захоўваецца калекцыя твораў мастацтва Вялікага Княства Літоўскага (афіцыйна завецца «польскай калекцыяй» і налічвае каля 50 твораў), вывезеная зь Беларусі ў часы Першай сусьветнай вайны. Найбольш вядомыя экспанаты — партрэты канцлера Яна Фрыдэрыка Сапегі, мальтыйскага кавалера Міхала Казімера Паца, гетмана вялікага Казімера Яна Сапегі, а таксама 4 слуцкія паясы майстэрні Лявона Маджарскага[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.