Remove ads
беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменьнік From Wikipedia, the free encyclopedia
Адо́льф Міхал Валяр’я́н Юлія́н Янушке́віч (9 чэрвеня 1803, Нясьвіж — 18 чэрвеня 1857, маёнтак Дзягільна Менскага павету Менскай губэрні, цяпер у Койданаўскім раёне Менскай вобласьці) — беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменьнік.
Адольф Міхал Валяр’ян Юліян Янушкевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 чэрвеня 1803 |
Памёр | 18 чэрвеня 1857 |
Пахаваны | |
Бацькі | Міхал Янушкевіч[d] Тэкля з Сакалоўскіх[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, этнограф, пісьменьнік |
Мова | польская мова |
Дэбют | 1821 |
Нарадзіўся ў Нясьвіскім замку ў небагатай шляхецкай сям’і Міхала Мэрло Янушкевіча і Тэклы з Сакалоўскіх, якія жылі пры двары Радзівілаў. Старэйшы брат паэта Яўстаха Янушкевіча.
Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясьвіжы. У 1823 року скончыў філялягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Быў сябрам Таварыства блакітных, блізкага да філярэтаў. У студэнцкія гады пісаў па-польску вершы ў сэнтымэнтальнай стылістыцы (дума «Мэлітон і Эвеліна», 1821).
У 1823—1826 рр. жыў у Камянцы-Падольскім і ў сямейным маёнтку Дзягільна, быў дэпутатам цывільнай палаты ў Галоўным судзе. У 1829 року пакінуў службу з-за хваробы і накіраваўся на лячэньне ў Карлсбад. Пабываў у Нямеччыне, Францыі, Італіі; сустракаўся з Адамам Міцкевічам, Антоні Адынцом, Юльюшам Славацкім, Ёганам Гётэ. Адам Міцкевіч выкарыстаў асобу А. Янушкевіча ў паэме «Дзяды» ў якасьці прататыпа героя Адольфа.
Вярнуўся на радзіму ў 1830 року, прымаў удзел у паўстаньні 1830—1831 рр. Увайшоў у створаны камітэт Легіёну Літвы, Вільні, Падольля і Ўкраіны[1], ахвяраваў на паўстаньне 1000 злотых, быў адным з кіраўнікоў паўстанцкага легіёну. У сакавіку 1831 р. прыняў удзел у баі каля Мацяёвіцаў, дзе быў паранены і трапіў у палон. Паводле выраку суду ад 4 сакавіка 1832 року быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Празь нейкі час прысуд заменены вечнай ссылкай у Сыбір з пазбаўленьнем шляхецтва і канфіскацыяй маёмасьці.
Адбываў зьняволеньне ў табольскім астрозе, пасьля ў вёсцы Жалякова пад Ішымам (цяпер у паўночным Казахстане). У 1835 пераехаў у Ішым, пасябраваў з Густавам Зялінскім і Аляксандрам Адоеўскім, які прысьвяціў яму свае вершы.
Пераклаў «Гісторыю заваяваньня Ангельшчыны нарманамі» Агюстэна Т’еры. Падарожнічаў па Сыбіры, Казахстане, Кыргыстане. Быў памілаваны і вярнуўся ў Беларусь у 1856 р.; пасяліўся ў родавым маёнтку Дзягільна. На наступны рок памёр ад сухотаў.
Дэбютаваў у 1821 ў часопісе «Dziennik Wileński» сэнтымэнтальнай паэмай «Мэлітон і Эвеліна».
У ссылцы шмат вандраваў па казаскіх стэпах, засвоіў казаскую мову, занатоўваў казаскі фальклёр. У часе экспэдыцыі ў 1846 склаў «Дзёньнік паездкі ў Сыбір», важную крыніцу па гісторыі Казахстану.
Яго падарожныя нататкі сабраў брат Яўстах, апублікаваў Ф. Уратноўскі пад назвай «Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кыргіскіх стэпаў» (Парыж. 1861. Кн. 1—2).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.