Remove ads
гістарычны эднаэтнонім жыхароў Русі From Wikipedia, the free encyclopedia
Русі́ны (таксама руськія, рускія, русакі[1]) — гістарычны эндаэтнонім жыхароў Русі, адна з назваў усходнеславянскага насельніцтва[1]. Утварыўся ад назвы Русі дзеля азначэньня адзінкавых яе выхадцаў (у старажытных крыніцах да XVI стагодзьдзя ў множным ліку не выкарыстоўваўся). Сустракаецца ў крыніцах ад самага пачатку існаваньня Русі, пазьней — у крыніцах, якія пішуць пра Галіцка-Валынскае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Маскоўскае ды іншыя землі, якія былі часткамі Русі ў шырокім сэнсе. У Маскоўскай дзяржаве палітонім русін з часам быў выціснуты з ужытку іншым палітонімам рускі, але і пазьней зрэдку ўжываўся раўнапраўна зь ім. Форма множнага ліку русіны ўзьнікла ў XVI ст. і служыла дзеля азначэньня ўсходнеславянскага: праваслаўнага і ўніяцкага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[2], Дунайскіх княстваў і Вугорскага каралеўства. На сёньняшні час этнонім захаваўся толькі ў некаторых групаў усходнеславянскага насельніцтва: на Лемкаўшчыне, а таксама ў Ваяводзіне і Паноніі.
Па Крэўскай уніі «русінамі» ў ВКЛ называліся пераважна праваслаўныя ў канфэсійным сэнсе; таксама праваслаўныя жыхары ВКЛ называліся «ліцьвіны рускае веры», «ліцьвіны грэчаскага закону людзі» і да т. п.[3][4] Як падкрэсьлівае беларускі гісторык Сяргей Абламейка, «беларусы не павінны баяцца тэрміну „рускі“ ў розных гістарычных прыкладаньнях, і, адначасна, не павінны забывацца на этнонім (і палітонім) „ліцьвіны“. Гэта дзьве складовыя часткі сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, важныя гістарычныя маркеры этнічнага разьвіцьця нашага народу»[5].
...а хто будзе ўжо русінам, той можа перахрышчвацца згодна з уласнай воляй або заставацца пры сваёй веры
Арыгінальны тэкст (пол.)
a który Russyn a bądze chczal po swyey woly szą krczysz ten sza nye chay krczy a który nіech że on bądyze w swoeey wyrze
|
||
…там [у Літве і Русі] у адной царкве ёсьць два япіскапы, адзін зь якіх, будучы Хрысьціянінам, існуе бедна і мізэрна, а іншы, Русін, ёсьць багаты і заможны. І там, дзе адзін сярод Ліцьвінаў [«літоўскай мовы» або нацыі] ахрышчаны паводле хрысьціянскага абраду, там, магчыма, добрая сотня будзе знарок ахрышчаных паводле русінскага абраду, і дагэтуль у Літве вялікая колькасьць сярод знатных [уплывовых князёў і паноў] ёсьць Русіны
Арыгінальны тэкст (лац.)
Item eciam manifestum est, circa tempus regis Polonie bene XXIII annis quod in partibus Litauwie et Russie modicum valde accrevit Cristi cultus, quia sunt in una ecclesia duo episcopi quorum unus christianus est qui pauper et miser existit, alter autem Rutenus qui dives et benehabens est, et ubi de Litauwica li[n]gva iuxta legem christianam unus baptizatur ibi fortassis bene centum secundum legem rutenicam intencione erunt baptizati et multi de solemnioribus in Litauwia adhuc sunt Ruteni.
|
||
В. князь літоўскі Жыгімонт, жадаючы «месту сваяму Вільні быцьцё лепшае ўчыніці, даруе Віленскім месьцічам веры рымскае і рускім, што суць рускае веры, і ўсяму паспольству места Віленскага нямецкае права»
«І той князь Барыс заснаваў горад у імя сваё на рацэ Бярэзіне і назваў яго Барысаў. І як русін быў ён вельмі набожны і пабудаваў у Полацку царкву каменную сьвятое Сафіі»
«У брата ж вялікага князя Альгерда — у Кейстута, які валадарыў у Троках і ў зямлі Жамойцкай, было шасьцёра сыноў. Першаму сыну, Вітаўту, калі стаў ён русінам, далі імя Юры, а калі ахрысьціўся ў ляскую веру, тады далі яму імя Аляксандар»
«Але чарнец, званы Лаўрашам, а па-літоўску Рымонтам, а па-руску Васілём, шкадуючы бацьку свайго, вялікага князя Тройдзена, пакінуў чын манаскі»
"Ты, [кожны з] вялікіх, шчыльнанаселеных і незьлічоных хрысьціянскіх народаў — валынцаў, падгорцаў, падляшцаў, палешукоў, падольцаў, Нізоўцаў, украінцаў, Літвы, Белай Русі і Чорнай, ад бэскідзкіх Татраў да Балтыйскага мора, на ўсход сонца і на поўдзень, у Кароне і ў Вялікім Княстве Літоўскім, [ты, кожны зь ліку] шырока расьселеных хрысьціянскіх рускіх народаў, у шаснаццаці шматлюдных япіскапскіх дыяцэзіях, пры тым, што Мітрапаліт мае шэсьць япіскапаў [і] сёмага архіяпіскапа пад уладай сваёй юрысдыкцыі, у час прыватных нарадаў ты ня мусіў быў стаяць за сьпінамі япіскапаў, аб’яднаных пад уладай аднаго і таго ж Пастыра.
Арыгінальны тэкст (пол.)
Tak, mnogiego gęstego y niezliczonego ludu chrześciańskiego Wołyńcow, Podgorzan, Podlaszan, Polesian, Podolan, Nizowcow, Ukraińcow, Litwy, Białey Rusi y Czarney, od Tatrow Beskidskich do morza Bałtyskiego na Wschod słońca y południe w Koronie y w Wielkim Księstwie Litewskim szeroko rospościerających się chrześciańskich ruskich narodow w szestnastu ludnych episkopskich dyocezjach sześć episkopow siodmego archiepiskopa pod władzą jurisdictiej swojey maiącemu metropolitowi przy prywatnych consultacyach stać za ramionami biskupow pod tymże y iednym Pasterzem będących <…> nie był powinien.
|
||
—Smotrycki M. Werificacia niewinności powtore wydana <…>. — Wilno, 1621. 8—8v. |
Паводле гісторыка Паўла Урбана, у XV—XVI стагодзьдзях адбываўся працэс сьціраньня этнічнай мяжы паміж русінамі і ліцьвінамі[61]. У якасьці факту іх этнічнай інтэграцыі зазначаецца сьцьверджаньне Львом Сапегам у прадмове да Літоўскага Статуту рэдакцыі 1588 году, што «…ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем», і ў той жа час дэкляраваньне ў 1-м артыкуле 4-га разьдзелу гэтага ж Статуту: «А пісар земскі маець паруску, літарамі й словы рускімі, усі лісты, выпісы й позвы пісаці, а ня іншым языком і словы»[62]. Яшчэ адным сьведчаньнем атаясамліваньня рускай і літоўскай моваў, што стала адным з вынікаў азначанага працэсу, ёсьць грамата вялікага князя Аляксандра да біскупа віленскага Войцеха Табара ад 1503 году, дзе пан Іван Сапега, які працаваў у славянскім сакратарыяце Вялікага Княства Літоўскага і фактычна азначаўся ў дзьвюх папскіх булах ад 1501 году як «сакратар рускай мовы» («secretarius Ruthenicus», «in cancellaria Ruthenica secretarium et capitaneum»), характарызаваўся ўжо як «secretario nostro Litvano» («secretarius noster Litvanus»), што варта разумець як «сакратар літоўскай мовы»[63].
Яшчэ ў XVII ст. польска-прускі гісторык і этнограф Мацей Прэторыюс(pl) адзначаў тагачаснае атаясамліваньне Русі і Літвы, якое тлумачыў агульным паходжаньнем рускіх і літоўскіх княскіх дынастыяў — «з Прусаў»[64]. Ён жа сьцьвярджаў паходжаньне назвы літвы ад люцічаў[65], а таксама сьведчыў, што «літоўская мова ёсьць настолькі пашыранай у Русі, што літоўскую мову называюць рускай і рускую — літоўскай»[g][66], на што зьвяртае ўвагу Вацлаў Пануцэвіч[67].
Фактам этнічнай інтэграцыі русінаў і ліцьвінаў таксама ёсьць прывілейная грамата новаабранага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы ад 1 лютага 1588 году, дзе ён пацьвярджаў усе правы і прывілеі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага: «Найпярвей, Статут праў В. К. Літоўскага, цяпер новапапраўлены цераз дэпутатаў, ад станаў Вялікага Княства на то абраных, а на том сойме каранацыі нашай для пацьвержаньня нам паданы, змацняем і да ўжываньня даем (якож аб том прывілей наш, водле права іх Рускага, пісьмом Рускім абывацелем вялікага княства Літоўскага выдаці расказалі есьма)»[62]. У прывілеі ад 28 студзеня таго ж году аб зацьверджаньні і ўвядзеньні ў дзеяньне новага Літоўскага Статуту адзначалася ўдзячнасьць гаспадара палякам і ліцьвінам за пашырэньне межаў Рэчы Паспалітай і трыманьне абароны, і даваўся загад надрукаваць Статут на «рускай» і польскай мовах: «Мы гаспадар знаючы быці павіннасьць нашу іж есма тым панствам, на каторых нас пан бог з ласкі і волі сваее сьвятое, за дабравольным абодвух народаў Кароны польскае і Вялікага княства Літоўскага, абраньнем пасадзіці рачыў, павінны права вольнасьці і свабоды іх ня толька цэла і непарушна дзяржаці. Але што бы наболей прымнажаці, справядлівасьць і абарону чыніці. Помнячы тэж і на тое, яка тыя абодва слаўныя народы, польскі і літоўскі <…> нас гаспадара, за пана сабе зьверхняга на карону польскую і на Вялікае княства Літоўскае ўзяці волелі, чаго мы, ўдзячны ад іх будучы і хоцячы ім заўжды праў, вольнасьцей, і свабод усялякіх прыкладам продкаў нашых прыбаўляці і прымнажаці <…> тот статут права Вялікага княства Літоўскага навапапраўлены сім прывілеем нашым сьцьвярджаем і ўсім станам Вялікага княства Літоўскага ку ўжываньню на ўсі патомныя часы выдаем <…> А іжбы тым рыхлей усім ку ведамасьці і ўжываньню прыйсьці мог. Прота тот статут навапапраўлены і прывілеямі земскімі пісьмом польскім і рускім друкаваці і ў паветы разаслаці вялелі есма»[68]. У гэтым жа рэчышчы тлумачыцца 9-ы артыкул трэцяга разьдзелу Літоўскага Статуту рэдакцыі 1566 году, які азначыў тытульнымі нацыямі Вялікага Княства Літоўскага ліцьвінаў і русінаў, у той час як жамойтаў аднёс да ліку «обчых, чужаземцаў і загранічнікаў»[69].
У том панстве Вялікам Княстве Літоўскам і ва ўсіх землях яму прыслухаючых дастойнасьцей духоўных і сьвецкіх гарадоў, двароў і грунтаў, староств у дзяржаньні і пажываньні і вечнасьцей жадных чужаземцам і загранічнікам ані суседам таго панства даваці ня маем; але то ўсё мы і патомкі нашы Вялікія Князі Літоўскія даваці будуць павінны толька Літве а Русі, родзічам старажытным і ўражонцам Вялікага Княства Літоўскага <…>. А хаця бы хто обчага народу за свае заслугі ў той Рэчы Паспалітай прышоў ку аселасьці з ласкі і даніны нашае, альбо каторым іншым правам; тагды таковыя толька аселасьці онае ўжываці маюць будучы абывацелем абецным Вялікага Княства і служачы службу земскую таму ж панству. Але на дастаенства і ўсякі ўрад духоўны і сьвецкі ня маець быці абіран, ані ад нас Гаспадара стаўлен, толька здаўна продкаў сваіх ураджэнец Вялікага Княства Літоўскага Ліцьвін і Русін. | ||
Яшчэ адным сьведчаньнем этнічнай інтэграцыі ліцьвінаў і русінаў ёсьць верш, напісаны ў 1621 годзе Янам Казімерам Пашкевічам на аркушы Літоўскага Статуту рэдакцыі 1529 году: «Польска квітнець лаціною, Літва квітнець рушчызною, / Бяз той у Польсцы не прабудзеш, / Бязь сей у Літве блазнам будзеш. / Той лаціна язык даець. / Та бяз Русі не ўтрываець / Ведз жа юж, Русь, іж твая хвала / Па ўсем сьвеце юж дайзрала / Весялі ж ся ты, русіне, / Твая слава нігды ня згіне»[70].
Пра этнічную інтэграцыю ліцьвінаў і русінаў (на думку аўтара, з прычыны агульнага германскага паходжаньня кіроўных дынастыяў[71]) пісаў яшчэ ў 1835 годзе прафэсар-паліглёт Восіп Сянкоўскі, выхадзец зь віленскай шляхты і навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту, якога часопіс Міністэрства абароны Летувы Karys(en) (у першым артыкуле першага нумару 2020 году) назваў заснавальнікам «ліцьвінізму»[72].
Як зазначаецца ў другім томе выданьня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Гісторыя філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі Беларусі», «слушным здаецца меркаваньне Генадзя Сагановіча: „У ВКЛ, думаю, можна было адначасна быць і „літвінам“, і „русінам“ — гэта не выклікала канфлікту ў свядомасьці таго часу, і толькі ў індустрыяльным грамадзтве адначасная прыналежнасьць да некалькіх нацыяў стала немагчымай“»[73].
Упершыню тэрмін зьявіўся ва ўмове Русі зь Бізантыяй 911 году, потым у Праўдзе Яраслава (пачатак XI ст.), Падрабязнай Рускай Праўдзе (пачатак XII ст.), Лаўрэнцьеўскім летапісе, на беларускіх землях — ва ўмове Смаленску з Рыгай 1229 году[1]. Разам з тым, першая вядомая дзяржава на этнічнай тэрыторыі беларусаў — Полацкае княства — у летапісах XII стагодзьдзя не лічылася Русьсю[74]. Напрыклад, Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую. У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII стагодзьдзя выступалі пад старой племянной назвай — крывічы[75].
У 1383 годзе ўпершыню упамінаецца юрыдыка праваслаўных (уніяцкіх) мітрапалітаў (Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія) у Вільні, якая атрымала назву Рускі Горад[76]. Тым часам сярод параўнальна шматлікіх дакумэнтаў уласна Полацку, складзеных у першай палове XV ст., зусім не ўжываецца азначэньне «рускі»: жыхары места ідэнтыфікуюць сябе проста як «палачане» альбо ўжываецца вызначэньне «нашы»[77]. Гісторык Вітаўт Чаропка зьвяртае ўвагу на тое, што ва ўмове вялікага князя Казімера з Ноўгарадам (1440 год) асобна называюцца палачанін, віцьбіч, смалянін і русін, што сьведчыць пра тое, што жыхары адпаведных земляў хоць і лічыліся «рускімі» паводле праваслаўнай веры, але не належалі да этнічных рускіх[78]. У Віцебску, аднесенага ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх да літоўскіх гарадоў (як і большасьць беларускіх гарадоў[79]), гістарычна ўтварылася прадмесьце Русь (Рускі пасад), дзе сяліліся купцы з Кіева[80]. Мясцовасьць Руская Слабада (таксама як і ў Віцебску — у Задзьвіньні, па-за асноўным местам) існавала і ў суседнім Вяліжы. А ў Берасьці, паводле дакумэнту 1485 году, існавалі Нямецкая і Руская вуліцы[81]. Як адзначаюць дасьледнікі, у XVI—XVII стагодзьдзях этнонім «русь» перайшоў у разрад канфэсіёнімаў[h], а як этнонім ужываўся толькі датычна жыхароў Кіеўскай Русі[52], тым часам найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці беларускага народу была назва ліцьвіны, якая адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнай кансалідацыі[83][84].
Па анэксіі Вялікага Княства Літоўскага палітыка татальнай русіфікацыі, якую праводзілі ўлады Расейскай імпэрыі, спрыяла паступоваму зьнікненьню з ужытку назвы «ліцьвіны» ў гістарычным сэнсе[85][86] і яе адначаснаму замацаваньню за суседнім балтыйскім народам (летувісамі)[87]. Тым часам на ўсе землі ліцьвінаў пашырылася назва «Белая Русь», «Беларусь», якая раней ужывалася датычна ўсходняй часткі ВКЛ, дзе праваслаўных жыхароў называлі «русінамі»[88].
У кнізе нямецкага навукоўца Ёгана Георгі(ru) «Описание всех в Российском государстве обитающих народов», выдадзенай у 1799 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбург, зазначалася, што «літоўцы — старажытнае племя русаў… гэты народ у пляне сваіх звычаяў, павер’яў, ладу жыцьця, адзеньня і нораваў мае падабенства часткова з палякамі і маларосамі, а часткова зь вядомымі плямёнамі старажытных русаў, што жывуць у Расеі»[i][89]. Як зазначае гісторык Мікола Хаўстовіч, «шматлікія навукоўцы нашага краю (перадусім, гісторыкі), а таксама навукоўцы з Польшчы ня раз падкрэсьлівалі рускае паходжаньне ліцьвінаў (ці больш правільна — рускія карані ліцьвінаў)»[90].
Яшчэ ў 1785 годзе ўніяцкі мітрапаліт Ясон Смагаржэўскі вызначыў сябе як «рускі ліцьвін родам»[91]. У 1825 годзе расейскі навуковец Пётар Кёпэн(be) прапаноўваў называць беларускую мову літоўска-рускай[92], а ў 1827 годзе ён азначаў нашчадкаў крывічоў як «літоўска-рускіх» (рас. Литовско-Русских)[93], «ліцьвіна-русаў» (рас. Литвино-Руссов) і «беларусцаў» (рас. Белорусцев)[94]. Літоўска-рускую мову таксама згадвалі ў 1828 годзе Міхайла Качаноўскі(uk)[95], у 1829 годзе — Павел Строеў(ru)[96], у 1842 годзе — Фёдар Шымкевіч[97], у 1852 годзе — Фёдар Галатузаў[98], у 1878 годзе — Іван Каратаеў(be)[99], у 1890 годзе — Пампей Бацюшкаў(uk)[100]. У 1842 годзе славуты паэт Адам Міцкевіч, які нарадзіўся і вырас на Наваградчыне і ў самім Наваградку, зазначаў у сваёй лекцыі ў Парыжы: «На беларускай мове, якую называюць рускай або літоўска-рускай, гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і выдатна распрацавана. У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёй для сваёй дыпляматычнай перапіскі»[j][102]. Назву «руска-літоўская мова» (рас. «Русско-Литовский язык») у 1854 годзе ўжыў гісторык і бібліёграф Міхаіл Палудзенскі(ru)[103]. У 1836 годзе расейскі гісторык Міхаіл Пагодзін(ru) пісаў пра Ўкраіну: «Прыйшлі жа туды яшчэ пазьней літоўцы або беларусцы, з Гедзімінам, і ўвялі ў пісьмовы ўжытак сваю мову»[k][104]. У 1839 годзе ўкраінскі і расейскі лінгвіст, гісторык і этнограф Міхайла Максімовіч(uk) зазначаў, што беларускую мову дакладней называць літоўска-рускай[105]. У 1841 годзе расейскі пісьменьнік і аўтар шматлікіх падручнікаў расейскай мовы Іван Пенінскі ў прадмове да трэцяга выданьня «Славянскай хрэстаматыі», у якое ён дадаў вытрымкі зь Літоўскай мэтрыкі, зазначаў[106]: «Бракавала таксама ранейшым выданьнях Хрэстаматыі артыкулаў, якія пазнаёмілі б выхаванца з мовамі Беларускай і Літоўскай, слушна названымі мовай Заходне-Рускай; і ў гэтых адносінах кніга папоўненая цяпер здавальняльна» (рас. «Недоставало также в прежних изданиях Хрестоматии статей, которые познакомили бы воспитанника с языками Белорусским и Литовским, страведливо названными языком Западно-Русским; и в этом отношении книга пополнена теперь удовлетворительно»)[l]. Выдадзеная у 1843 годзе 2-я частка «Геаграфіі Расейскай імпэрыі» Івана Паўлоўскага(ru) паведамляла, што «ў Беларусі агулам жывуць літоўцы і рускія; у местах пераважна палякі і жыды»[m][107]. У выдадзенай у 1845 годзе пры Маскоўскім унівэрсытэце працы гісторыка Дзяніса Зубрыцкага(uk) адзначалася, што Казімер Ягайлавіч быў «трэці кароль, родам ліцьвін-русін», які заняў польскі сталец[108]. У 1849 годзе расейскі этнограф Іван Сахараў(ru) ужыў датычна беларусаў назву літоўца-русы (рас. литовцо-руссы)[n][109], датычна беларускай мовы — назву «літоўска-руская гаворка»[o], а таксама апублікаваў царкоўнаславянска-беларускі слоўнік Лаўрэнція Зізанія пад назвай «Літоўска-рускі слоўнік» (рас. «Литовско-русский словарь»)[111]. Напісаную каля 1857 году і выдадзеную ў 1867 годзе кнігу пра гісторыю Тураўскай япархіі народжаны на Піншчыне архімандрыт Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Анатолі (Станкевіч)(uk)[112] пачынаў наступнымі словамі[113]: «Якім бедным ня быў бы выгляд цяперашняга Турава, але ўсё-ткі памяць пра Тураў, як калыску праваслаўя ў Літве, сьвятая для ўсякага руса-ліцьвіна» (рас. «Как ни беден вид теперешнего Турова, но все-таки память о Турове, как колыбели православия в Литве, священна для всякого руссо-литвина»)[p]. Літаратар Вінцэсь Каратынскі ў назьве свайго вершу на беларускай мове, напісанага дзеля прывітаньня маскоўскага гаспадара ў 1858 годзе і зьмешчанага ў Віленскі альбом, адзначыў, што той верш «ад літоўска-русінскай мужыцкай грамады»[115]. Мовазнаўца Яўхім Карскі ў сваім дакладзе пра старабеларускую мову, зробленым у 1893 годзе, прывёў некалькі назваў беларускай мовы, сярод якіх былі руская, наша простая руская, літоўская і літоўска-руская[116].
У 1864 годзе нямецкі этнограф і палкоўнік арміі Расейскай імпэрыі Радэрык фон Эркерт, які не прызнаваў беларусаў асобнай народнасьцю і па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў на заказ расейскіх уладаў дасьледаваў этнічную тэрыторыя беларусаў[117], пакінуў наступнае афіцыйнае патрабаваньне да вызначэньня праваслаўных ліцьвінаў[118]:
Усе славянскія жыхары праваслаўнай веры мусяць лічыцца рускімі [расейцамі].
Арыгінальны тэкст (рас.)
Все славянские обитатели православного исповедания должны считаться русскими.
|
||
—Эркерт Р. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России. — СПб., 1864. С. 6. |
Адзначаючы бытаваньне сярод беларусаў азначэньня ўласнай мовы як літоўскай (а ўласнай краіны — як Літвы), этнограф і фальклярыст Мікалай Янчук, паводле вынікаў свайго падарожжа Менскай губэрняй у 1886 годзе, засьведчыў вынятковую канфэсійнасьць азначэньня «рускі» ў тыя часы: «У народзе існуе толькі падзел на рускіх і палякаў, але ня варта думаць, што адрознасьць сапраўды засноўваецца на нацыянальнасьці: гэта — падзел паводле веры»[q][119]. Вынятковую канфэсійнасьць азначэньня «рускі» таксама засьведчыў этнограф і фальклярыст Павал Шэйн пра беларусаў Віцебскай губэрні: «Называюць сябе беларусы наськімі, тутэйшамі, рускімі жа або беларусамі — ніколі. Раскольнікаў (расколаў) называюць маскалями, паноў і дробную шляхту — палякамі; на пытаньні жа: якой яны веры? адказваюць: рускай, а каталікі — панскай веры, але розьніцы паміж рускай і панскай верай, здаецца, ніякага не прызнаюць, а з аднолькавым пачуцьцем ходзяць як у царкву, так і ў касьцёл»[r][120].
На беларускіх землях назва «русіны» зрэдку ўжывалася да пачатку XX стагодзьдзя[1]. Таксама тэрмін «русіны» выкарыстоўваўся ў замежных працах дзеля азначэньня этнічных групаў насельніцтва Заходняй Украіны (Букавіна, Галіччына, Закарпацьце). У час перапісу 1921 году ў Польскай Рэспубліцы русінамі назвалі сябе некаторыя жыхары Палескага (156 142 чал.; у склад гэтага ваяводзтва ўвайшлі этнічна ўкраінскія Камень-Кашырскі і Сарненскі паветы) і Наваградзкага (250 чал.) ваяводзтваў, Віленскай зямлі (56 чал.), Браслаўскага, Дунілавіцкага, Дзісенскага й Вялейскага паветаў[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.