Remove ads
архіў дакумэнтаў справаводзтва часоў ВКЛ From Wikipedia, the free encyclopedia
Мэ́трыка Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага, Літоўская мэтрыка (лац. Acta/Metrica Magni Dusatus Lithuaniae, польск. Metryka Litewska; ад лац. matricula — «канцылярская кніга») — збор матэрыялаў (сшыткаў, кніг) канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага пэрыяду першай паловы XV — канца XVIII стагодзьдзяў. Гэта найбольш інфармацыйная комплексная крыніца з гісторыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і міжнароднай палітыкі ня толькі Беларусі, але й Летувы, Расеі, Украіны й Эстоніі.
У склад Мэтрыкі ўваходзілі копіі дакумэнтаў, выдаваных ад імя вялікага князя, Рады, соймаў і неабмежаваных паводле часу захоўваньня[1]. Акрамя таго, у Літоўскую мэтрыку ўвайшлі таксама й некаторыя іншыя матэрыялы, у прыватнасьці справаводчыя дакумэнты мясцовых установаў, намесьніцкіх канцылярыяў, судовых установаў, арыгінальныя граматы, пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, сьпісы з маскоўскіх дыпляматычных дакумэнтаў[1]. Мова дакумэнтаў да пачатку XVIII ст. у асноўным беларуская, пазьней пераважна польская, сустракаецца таксама лаціна[2].
Сыстэма справаводзтва Вялікага Княства Літоўскага з канца XIV стагодзьдзя ў асноўным брала прыклад з польскай Кароннай канцылярыі. У абедзьвюх канцылярыях стала рэгулярнай практыка вядзеньня кнігаў, куды заносіліся афіцыйныя копіі большасьці дакумэнтаў, выдадзеных галоўнаю канцылярыяй і падканцылярыяй (пад кіраўніцтва канцлера і падканцлера адпаведна). Адсюль бяруць пачатак паралельныя комплексы кнігаў, вядомыя як Літоўская мэтрыка і Каронная мэтрыка адпаведна.
Паняцьце «мэтрыка» выкарыстоўвалася ў ВКЛ як тэхнічны тэрмін для пазначэньня актавых кнігаў ці рэсурсаў, куды запісваліся копіі запісаў дакумэнтаў публічнага і прыватнаправавога характару XV—XVIII стагодзьдзяў, што выйшлі зь вялікакняскай канцылярыі й юрыдычна афармлялі палітычныя ды сацыяльна-эканамічныя стасункі між дзяржаваю і грамадзтвам, між рознымі слаямі апошняга. З канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў зьявілася разгорнутая назва «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага». Вызначэньне «Літоўская мэтрыка» сустракалася ў мясцовых канцылярскіх кнігах, зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя сыстэматычна ўжывалася ў варшаўскім архіўным справаводзтве, замацавалася ў пецярбурскіх і маскоўскіх архівах, а таксама ў беларускай, летувіскай, польскай і расейскай гістарыяграфіі XIX—XX стагодзьдзяў. З навуковага пункту гледжаньня найбольш слушная назва «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага».
Мэтрыка стала асновай сьпярша вялікакняскага, а пасьля й галоўнага дзяржаўнага архіву Вялікага Княства. Дакумэнтамі мэтрыкі карысталіся ўсе дзяржаўныя органы, вярхоўная ўлада, прывілеяваныя саслоўі, мяшчане, магістраты, царква й іншыя суб’екты права. На патрэбу з дакумэнтаў мэтрыкі выдавалі юрыдычна зацьверджаныя копіі[1].
У часе Вялікай смуты ў Расеі(ru) ў склад Літоўскай мэтрыкі трапілі дакумэнты Царскага архіву, вывезеныя з Расеі польска-літоўскімі войскамі[3].
Спачатку падзелу на сэрыі, падобна да ўсталяванага ў Кароннай мэтрыцы парадку, у Літоўскай не было, хоць пэўныя адрозьненьні ў складзе кнігаў фіксаваліся. Калі Каронны і Літоўскі архівы трапілі ў Санкт-Пецярбург, Літоўская мэтрыка была падзеленая паводле прынцыпу Кароннае, аднак пры гэтым было дапушчана мноства недакладнасьцяў.
Цяпер захаваныя кнігі Літоўскай мэтрыкі зьберагаюцца пераважна ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве, значная частка таксама знаходзіцца ў Галоўным архіве даўніх актаў(pl) у Варшаве, невялікіія зборы дакумэнтаў — у архівах і бібліятэках Вільні, Кіеву і Санкт-Пецярбургу.
Акадэмік Уладзімер Пічэта называў Літоўскую мэтрыку выдатным помнікам афіцыйнай беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, што падтрымліваецца сучаснай беларускай навукай[2]. Дасьледнік Станіславас Лазутка(lt) называў моваю Мэтрыкаў старабеларускую. Іван Лапо апэраваў тэрмінам «літоўска-руская мова», а Міхаіл Ціхаміраў — «руская мова». Ганна Харашкевіч(ru) прапанавала тэрмін «сярэднявечная заходнеруская мова» ці «старабеларускаўкраінская мова». Прафэсар Зігмас Зінкявічус прапанаваў ужываць назву «славянская канцылярская мова ВКЛ». Доктарка Патрысія Кенэдзі Грымстэд(en) лічыць, што дзяржаўнай юрыдычнай і асноўнай канцылярскай мовай на ўсёй тэрыторыі ВКЛ цягам XV—XVI стагодзьдзяў была «руская» мова, якая існавала паралельна з моваю Маскоўскага княства як «своеасаблівы лінгвістычны папярэднік беларускай і ўкраінскай моваў».
Мэтрыка зьяўляецца адной з самых аўтарытэтных і паважаных крыніц па гісторыі ВКЛ. Некаторыя з дакумэнтаў мэтрыкі й іхнія часткі пачалі публікавацца з канца XVIII стагодзьдзя. Вялікія зборнікі матэрыялаў пачалі выходзіць у сьвет з 1830-х гадоў («Зборнік князя Абаленскага», ці «Кніга мэтрыкі амбасадара…», у 3-х тамах, зьмяшчае падрабязны рэестар кніг мэтрыкі па Анастасевічы(ru) (1817)). Іншымі вядомымі выдаўцамі матэрыялаў мэтрыкі былі Леантовіч, Прагаска, Бяршадзкі й іншыя.
Іншыя вядомыя публікацыі пэрыяду:
У 1980-х — 1990-х роках пачалася новая хваля публікацыяў матэрыялаў Мэтрыкі, цяпер міжнароднымі, беларуска-летувіска-польска-расейскімі намаганьнямі.
Мэтрыка служыла асновай для твораў вядомых дасьледчыкаў гісторыі ВКЛ, напрыклад, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Максімейкі, Лапо, Пічэты, Маліноўскага, Лаўмянскага й іншых.
Навуковыя дасьледаваньні самой мэтрыкі пачаліся з працы Пташыцкага(pl) (1887). Іншыя вядомыя дасьледчыкі мэтрыкі: Беражкоў, Грымстэд, Сулкоўска-Курасёва.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.